РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Журавінавы цьвет
1
2
3
3
Калосьсі пілі сонца кожны дзень...
Васіль, спусьціўшы галаву, сядзеў,
Раіну слухаў.
                                       – ...Кажаш, за цябе
Каб выйшла, разам палягчэла б жыць?..
Што ж, памагала б летам я табе
Хоць на зіму на квас мо’ зарабіць,
Пакуль бы ў сьвет ня выгнала бяда...
А што б дзіцяці свайму есьці даў?
Я думала, Васіль, вясной ня раз,
Аж зазьвінелі шпоры ў галаве...
Ды посьле зразумела: не для нас
Жыцьцём сапсуты гэты чалавек...
 
Аб тым ня думай, што калісь было.
Усё вішнёвым сьнегам занясло,
Застаўся ў памяці балючы шрам.
Ды і табе ня веру я цяпер:
Гаворыш аб каханьні, але сам
Па дальніх тропах блудзіш, нібы зьвер,
Шукаючы старое лагаўё, –
Марнуеш толькі ты жыцьцё сваё.
Лепш разыдземся...
                   А прыйдзі тады,
Калі пачуеш, ціха штось цьвіце,
Як рэха песьні, ў сэрцы маладым,
Як журавінавы імшарны цьвет...
 
I паплылі дні, быццам журавы
Над сьвежымі пакосамі травы,
У звоне камарыных песьняў, кос...
Начамі ціха месяц разьліець
Імглы сівой і парнай малако
На хвошч балотны, асаку, круглец,
Абмые і раку, і берагі,
Алешнік, адзінокія стагі...
Таму так сьвежы раніцы у нас,
Як маладосьць, як серабро крыніц.
Часамі ў полі думаеш ня раз,
Каб як прайсьці і іх не замуціць...
 
Стары на працу доўга не хадзіў,
Сядзеў і днём і вечарам адзін;
Рука балела, лекі прыкладаў.
Была і жывакосьць – гаючая трава,
Альховы сьвежы ліст і лебяда, –
Усё, што раіў блізкі канавал.
Ды і асаднік нешта прыхварэў.
На’т не відаць было і на дварэ,
Каб ён хадзіў. Шапталі ўсе наўкол,
Што дзесь наскочыў п’яны «камандзір»
На вілы гнаявыя ці на кол,
Цяпер у хаце латае мундзір.
 
Ды чутак розных будзе і было!
Падцятае бясхлебіцай сяло
Зімой, як пазаносіць вокны сьнег,
Пакрыўшы трохі плечы рызманом,
Гаворыць аб падатках, аб вайне
(Ўжо далятаў з-за Пірэнеяў гром),
Што за бясцэн ідуць касіць і жаць,
Пра рунь няўмёрзлую, пра ураджай;
Вясной – аб вечным голадзе зямлі...
Затое так сквапліва з-пад рукі
З палос на поле панскае ўдалі
Глядзяць заўсёды прагна мужыкі.
 
Зжаўцела лета ў залатых снапах.
Ужо ільны абілі у таках.
Плыў над палямі ветру перапеў,
А потым змоўк прастор сівых балот,
I крык гусей тужліва адзьвінеў,
I ціха восень зьвісла зь пераплот
Пад скрып апошніх спозьненых вазоў.
Чарнеў бульбянішчаў сівы падзол.
Сланечнікаў па градах жоўты цьвет
Сьніў сумна лета спозьненыя сны.
Начамі, непагодай у траве
Храплі з асеньнім ветрам качаны.
 
Яшчэ дзе-недзе на вяршынях дрэў
Пагодай ліст бярозавы гарэў.
Кудлаты мох курганы серабрыў,
Ды чуліся бяз рэха галасы
Дзяўчат. Зьбіралі пацеркі зары
Па журавіньніках. На валасы,
На твар шоўк павуціньня ападаў
Халодны, як імшарная вада.
Спакоем жоўтым дыхаў лістапад.
На даль задума ціхая лягла.
Застаўшыся ад грамады дзяўчат,
Раіна празь ягоднікі ішла.
 
Заслухалася шолахам асін...
Ня чула на’т, як падышоў Васіль
I на плячо лягла яго рука.
Здаецца, зашумеў мацьней чарот...
– Ня раз цябе, Раіна, я шукаў
На плёсах журавінавых балот...
Блудзіў са стрэльбай раніцай ў імгле,
Часамі на стары ўзьбіваўся сьлед
Ды зноў сярод ягоднікаў губляў.
I калі чуў у небе птушак жаль,
Баяўся я, каб вырай не забраў
Цябе, як птушку вольную, удаль... –
 
Зняла памалу хустку з галавы,
Падала кошык, поўны журавін.
Насыпаў жменю.
                                            Залаты загар
Асеньнім лістам ападаў у змрок.
– Хіба ня гэткі тваіх вуснаў жар,
Як гэтых ягадаў імшарных сок... –
Шарэла.
                        Вецер дыхаў у цішы
Густым і п’яным шолахам крушын,
А потым на вяршынях завірыў,
Узьняўшы ліст апаленых дуброў...
I зазьвінелі зоры-камары
Над зыбунамі ніцых лазьнякоў.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.