РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Каліноўскі
1. Паўночны вецер
2. У абозе
3. Пра Сьвітку першы раз чую
4. Сьнег на шыбеніцах і на твары
5. Дзецюкі
6. У карчме
7. Пад звон шыб
8. Канец песьні
4
СЬНЕГ НА ШЫБЕНІЦАХ І НА ТВАРЫ
Першы мешчанін
 
Трэба лепш захінацца ў кажух.
Настаўляй, Клім Іваныч, каўнер!
Гэткі вецер! Табе я кажу:
Паміраць не хацеў бы цяпер
I за гарнец гарэлкі ніхто
Не пайшоў бы нат ямы капаць.
Бачыш:
            сьнег, быццам белы патоп,
Пачаў вуліцы хваляй змываць,
I нясе, і плыве, і вірыць,
I чорт ведае рвецца куды;
Быццам полымем неба гарыць,
Студзень люта узьняў сьнежны дым...
 
Другі мешчанін
 
Прашу мне дараваць, гаспадзін,
Ці ня можна ў вас аганьку?
Вы на пляц ідзяце так, адзін?..
Клім Іваныч, а гэта мой кум.
 
Каліноўскі
 
Вельмі рад... Я Вітаўт Вітажэнц.
Думаў, сёньня вучыць не пайду.
Ды, прызнацца, хацеў паглядзець,
Як на сьмерць гэта людзі ідуць.
 
Першы мешчанін
 
Павучыцельна, што і казаць.
Ўчора – бачылі – гналі ў Сібір,
Або як ўскалыхнулі ксяндза?
Апісаць бы мог толькі Шэксьпір!
Мы вось так – Клім Іваныч і я –
Ходзім разам заўсёды на пляц...
 
Каліноўскі
 
А мне школьная праца мая
Не дае нават часу паспаць.
Каго ж сёньня вядуць на парад?
 
Першы мешчанін
 
Чуў, здаецца, студэнт зь іх адзін,
Пецярбургскі... так... нейкі Ігнат...
З Каліноўскім атрады вадзіў
Вось ідуць... Барабанная «дроб»
Зараз сыпне, мяцелячы сьнег...
Клім Іваныч, плячмі – праз народ!
Не відаць за галовамі мне.
Выбачайце! – ступіў на нагу?..
Вось жанчынам ня варта глядзець.
Сьлёзы... што ж гэта я не магу
Бачыць, дзе наш стаіць Вітажэнц?..
 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
 
Каліноўскі
 
Вядуць... Нядаўна гутарыў зь імі...
Апошнюю ноч сядзелі ў смалярні да дня, –
Раіліся, каб вясной зноў штыкамі стальнымі
Над краем штандары паўстаньня узьняць...
 
З натоўпу
 
– Пастараніцеся!
– Дайце глянуць!.. Маладыя,
А, нябось, пасівела, глядзі, галава...
– Эх, пацягнуў іх чорт нейкі за шыю –
Захацелі з царом ваяваць!..
– Цішэй там, – чытаюць!..
 
Каліноўскі
(Шукае вачыма знаёмых.)
 
Бачу, брат, слаўна ідзеш!
Не зламалі цябе у засьценках сьцюдзёных,
Не зальюць каты кроўю народнай мяцеж!
Ды ідзеш не на сьмерць ты, здаецца!
Даўна, помню, калісь ты так бодра хадзіў,
Пецярбург... вечары... а за пазухай Герцэн,
Ў сэрцы «Колокола» калыхаўся прызыў.
Пра Ўладзімірку песьню любіў ты
I Някрасава сумны напеў...
Прашумела жыцьцё прыдарожнай ракітай,
Рана дзень твой зарой адзьвінеў...
 
З натоўпу
 
Вось паднялі!
 
М е ш ч а н і н
 
А мы вас шукалі...
Бачыце, вецер калыша, тварам глядзяць на раку.
А можа, з такой вышыні відаць ім зарэчныя далі.
Выбачайце, я зноў бы у вас папрасіў аганьку.
Бачыце, сьвет ужо новы, іншыя людзі.
Што такім шыбеніца, катарга, сьмерць?
Вось ці на добрае толькі народ яны будзяць, –
Як ваша думка, гаспадзін Вітажэнц?..
А мяцель іх калыша... атуліла, бы ў саван сьцюдзёны...
Вы ідзяце?
А я пастаю, недалёка мне.
Ці ня плачаце вы?
Мо хто родны загінуў, знаёмы?
 
Каліноўскі
 
Што вы?..
Гэта толькі на твары растаяў сьнег...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.