РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Каліноўскі
1. Паўночны вецер
2. У абозе
3. Пра Сьвітку першы раз чую
4. Сьнег на шыбеніцах і на твары
5. Дзецюкі
6. У карчме
7. Пад звон шыб
8. Канец песьні
5
ДЗЕЦЮКІ
Каб расталкаваць людзям, у чым  
праўда, я пішу пісьмо...
Яська Гаспадар, «Мужыцкая праўда»
 
Паўстанец
 
Лепей ляж; адпачынь.
Ўжо высока выплыла Сітца.
Чуеш, з стрэх ночы капае сінь
I адліга б’е ў аканіцы.
 
Каліноўскі
 
Сон мяне ўжо даўно ня хмарыць.
Толькі сплюшчу вочы гарачыя, –
Паплывуць вобразы, як вандроўныя хмары:
Бачыш тое, што хацеў бы ня бачыць –
Адных шыбеніц гай.
А загледзішся ў сьнежна-ўзьмяцелены дым, –
Бачыш, катаржнікаў за Уралам сьляды
Замятае пурга...
Ня хутка мяне зморыць сон
I пяро пакіне рука.
Народ яшчэ дрэмле, маўчыць, быццам звон
Без стальнога свайго языка.
Трэба закінуць пабоцні,
Ударыць гулкую медзь.
Ты ня ведаеш, як трывожна і моцна
Патрапіць звон гэты гудзець...
Можа, кончу да дня напісаць.
Трэба шчырае слова народу,
Ды такое, якое б заўсёды
Пад сярмягай магло б запалаць.
 
Паўстанец
 
Чуў я, грамату цар прыслаў,
Паны сілу разводзяць па хатах.
Ўсюды сельская стража пільнуе дарогі сяла.
Як народ ты разбудзіш, дыктатар?
Чуеш – сёньня адліга,
Вясна.
Вецер ў Нёмане зоры купае.
Толькі днямі, начамі ад нас
Вырай ў сінюю даль адлятае.
Малахоўскі дзе твой?
Шмат каго страх за межы суседнія гоніць
Горш, як сівер асеньняй парой
Залацістае лісьце клёнаў.
 
Каліноўскі
 
Хай бягуць баязьліўцы ад слоты,
Гром пачуўшы і шолах траў.
Усе, хто гэтых барознаў потам
Не паіў і не засяваў.
Вецер іх разьмяце і раскіне,
Быццам лісьце сухое з гальля,
Па дарогах чужых і краінах,
I забудзе іх хутка зямля.
Можа, зьлягуць засевы і дымам
Вораг пусьціць стрэхі сёл.
Але што ж – каранямі ўрасьлі мы
Ў гэту гліну, пясок і падзол.
А мінуць навальніцы і цені
Хмараў шэрых, і ўбачым да дня,
Як на пасеках нашых з карэньня
Зашуміць, зацьвіце маладняк.
Не заплюшчваюцца мае вочы,
Сам ты мо адпачыў бы лепш.
Трэба заклік да раніцы кончыць, –
Ты па сёлах яго разьнясеш.
Апранешся ў торбы, лахмоцьце,
Можа, возьмеш цымбалы і кій.
Хутка золак зазьзяе на плоце,
Хутка...
Трэба пісаць...
«Дзецюкі!..»

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.