РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Каліноўскі
1. Паўночны вецер
2. У абозе
3. Пра Сьвітку першы раз чую
4. Сьнег на шыбеніцах і на твары
5. Дзецюкі
6. У карчме
7. Пад звон шыб
8. Канец песьні
6
У КАРЧМЕ
Яркім палаюць агнём смаляныя карчы.
Мокрае сохне адзеньне: анучы, сярмягі.
Дрэмле стары карчмар за сталом карчмы.
Згорбіўся стол ад гадоў ці мо пахіліўся ад брагі.
Кураць, на лавах парабкі з канюхамі сядзяць.
Нехта гаворыць пра дзіўныя землі, пра неба.
Звонка на зьмену ў куратніку пеўні крычаць,
Глушачы сьнежны за вокнамі шчэбет.
 
Падарожны
 
Ходас! Ты гарнец яшчэ мо паставіш адзін,
Трохі закускі? Хутчэй варушыся!
I ты, падарожны, зайграеш нам потым, хадзі!
Здаецца, цябе ужо бачыў, – знаёмыя рысы?
Кажаш – блудзіў па кірмашах. Лепей было б,
Каб граў ты «Лявоніху» тую, што скачуць у бітвах,
Або вяселле.
А то ў цябе хіба столькі і слоў,
Колькі зьмясцілася ў торбе тваёй ці ў малітвах.
 
Д з е д
 
Прайшоў я ўдоўж, папярок Беларусь і Літву.
Людзей бачыць усякіх прыйшлося.
Адны любяць пад песьню схіліць галаву,
Зажурыцца, як неба увосень,
А другія, – дужэй, маладзей, –
Ім дай песьню, каб сыпала цьветам,
Сьмехам вуснаў дзявочых – каб ад сонца было весялей,
Але я заспяваю вам гэту:
«Калісь Кастусём яго звалі ў Мастаўлянах,
У Гарадзеншчыне клікалі Сьвіткай сяляне,
З-пад сіняга Буга па горны Уральскі стром
Цар ахрысьціў яго – Бунтаўшчыком.
Галавы яго царскія слугі шукаюць,
Па дарогах хітрыя петлі стаўляюць,
Праклінае кат Мураўёў
I папы медным гулам званоў...»
 
За акном сьнежныя ўсхліпы сіліцца вецер узьняць.
Яснай усьмешкай дзяцінства пад пальцамі дыхаюць струны,
Часам ўздымаючы накіп зь песьні крыштальнага дна,
Лашчацца яркімі хвалямі шумна.
Недзе дарожныя вербы сівыя шумяць...
Гурбяцца звонка загоны...
Нат чуваць, як на струнах хвалюецца сьнежная гладзь.
Як трывожна ў мяцелі званы, праклінаючы, звоняць.
«А ён полем шырокім на коніку едзе.
Празь лясы прабіраецца шэрым мядзьведзем;
Праз азёры і рэкі плыве шчупаком,
А над хмарамі кружыць арлом.
Ходзіць ён па шырокай зямлі і склікае,
Малайцоў і дружыну сабе выбірае;
Усе асілкі – сасонкі ў бары –
Сілы ў кожнага столкі у тры.
Ходзіць ён па дарогах, загонах,
Сілу царскую крышыць і гоніць,
А як царскіх зьмяце наймітоў, –
Дабярэцца да панскіх двароў».
 
I здаецца, што у прыдарожнай карчме
Вецер сьвежы смалісты павеяў;
Пругкіх струн перабор, песьня ў дыме – ў сасновай імгле;
Звоніць крыльлямі ў шыбы завея.
Агонь крыецца – белы кажан – ў залатыя карчы,
Раз, другі бліснуў, ціха залопаў.
Цемень павуціньнем з выгнутых бэлек карчмы
Зьвісла нізка на плечы, на струны, на шопат.
«Прыйдуць дні, аб якіх вякі варажылі,
Пра якія у казках адно гаварылі:
Дзе задумаў, – свабодна пайшоў,
Ні равоў, ні гранічных капцоў.
Ці з сахой па бязьмежнай старонцы,
Ці зь сяўнёй, даганяючы яснае сонца,
Не абойдзеш і песьняй ўсяго –
Колькі шчасьця,
                          багацця таго.
Кожны лірнік блізкіх і далёкіх суседзяў
Зможа песьняй пачэснай адведаць, –
I народзяцца песьні шмат раз
Весялейшыя ў іх і у нас.
Ходзіць Сьвітка і ходзіць па краю,
Дзецюкоў і дружыну склікае
За сталы, на вясельле хутчэй.
Гэй, зьлятайцеся, сокалы, гэй...»
 
Падарожны
 
Слухай, Ходас,
Нехта стукае ў дзьверы. Ідзі адчыні...
 
Першы гандляр
 
Сьнегам дарогі плывуць. Змарыліся коні.
Час і так неспакойны, а тут уночы
Яшчэ сівер у вочы сьнег гоніць.
 
Другі гандляр
 
За дзесятым слупом верставым
Ўсе вазы растраслі нам казакі учора.
Кажуць, арыштавалі караля Літвы,
Пыталіся, ці не вязём з сабой порах.
 
Падарожны
 
А куды гэта ты выбіраешся, дзед?
Думаў ту і начаваць ці ў дарогу так пільна?
 
Д з е д
 
Ужо гадоў маіх даўна асыпаўся цьвет,
Дык хацеў бы убачыць канец сваёй песьні і Вільню.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.