РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Цётка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Успаміны з паездкі ў Фінляндыю
У дарозе
На станцыі Ганілля
У Кюмеляйна
Будні дзень у фінаў
Што ядуць фіны
Нядзеля
Фінскі народ
ФІНСКІ НАРОД
        Фінляндыя гэтаксама ляжала паміж двума дужымі суседнімі гасударствамі, як і наша Беларусь.
        Адзін сусед супольны быў і нам і фінам – гэта Расея. Другім суседам у нас была Польшча, а ў Фінляндыі – Швецыя. Фінаў, як і нас, то адзін сільны сусед браў у свае жалезныя рукі, то другі. І абодва суседы паводле свае сілы і змогі стараліся быць дабрадзе ямі-апекунамі. Швецыя раней стала панам у Фінляндыі, фінская шляхта паволі паперамяняла свае прозвішчы на манер шведскіх і ашведзілася. Мовы свае зраклася, пачала гаварыць па-шведску.
        Чыноўнікам туды і дарогу лёс клаў каб у сільнейшага шукаць на град, чыноў і высокіх пенсій. Духавенства таксама стала на старане сільнейшых. Адзін народ толькі, учапіўшыся сваімі ніўкамі да цвёрдых скал, астаўся верным прадзедавай мове і прадзедавым звычаям. Ён, зліўшыся ў вялікую аднастайную народную масу, зажыў асобным сваім жыццём.
        Фін, гледзячы ў дны сваіх чыстых азёраў, на светлае блакітнае неба, наяве сніў аб долі лепшай: у казкі, песні ўплятаў сваю мінуўшчыну, слаўных дзядоў сваіх рыцараў, песціў несмяртэльнымі ўспамінамі ў сваіх сэрцах.
        Гадоў сорак таму назад уся інтэлігенцыя смяялася, як над нечым дзяціным, нязграбным і вельмі неразумным, над старадаўняй фінскай мовай. Але сыны фінскага народа, дабіўшыся да святынь высшай школы, дастаўшы высшую навуку, сказалі: не! Мы не дзеля таго дабіваліся аб сухім хлебе і вадзе, каб потым вам, паны, яе прадаваць за срэбнікі Юды! Мы – сыны мужыцкага народа, мы – унукі дзедаў – рыцараў-хлебаробаў каторыя адкладалі саху набок, пакідалі дзетак галодных, хапалі за меч і баранілі перад шведамі незалежнасць свае роднае старонкі: аб іх сведчаць нашы цвёрдыя скалы, аб іх пяюць нашыя народныя песні. Мы праўнукі іх, мы з народу і застанёмся з народам!
        I пайшлі да сваіх айцоў, матак, сёстраў, братоў з жывым свядомым словам: мы фіны – сумаляйны (значыцца: жыцелі балотаў, азёраў), мы любім свае балоты і возеры, скалы і горы, мы да іх падобны, наша мова да іх падобна. Мы – як усё цэлае – прадстаўляем характэрны цікавы куток і народ між іншымі краямі і народамі.
        I фіны ўзяліся свядома да працы. Не адзін з торбай на плечах пайшоў па краю збіраць песні народныя, казкі, легенды. Як толькі гэты матэрыял быў сабраны і аддрукаваны, шляхта ажно здзівілася вялікаму багаццю душы народнай.
        Бяздоннай крыніцай паэзія біла з песень, з казак, з легенд, жалезная сіла і любоў да роднага краю з народных твораў вызірала. Тады зразумелі, што гэта не забава, што з гэтай сілай трэба лічыцца. Вось дзе пан і гаспадар краю: хлебароб, што сэрцам прыпаў да каменнай глебы і працай любоўнай просіць ад яе хлеба.
        Фінляндскі народ цяпер займае шчытнае месца паміж культурнымі народамі. Фінляндскі універсітэт штогод з сваіх сцен выпушчае маладую армію сыноў хлебаробаў, каторыя ідуць у народ і працуюць з забыццём шчасця свайго я. Народа шчасце – іх шчасце. Фінляндскі народ першы ў Еўропе прызнаў роўныя правы кабетам. Кабета-матка – свядомая фінляндка-патрыётка – яшчэ ў калысцы пачне навучаць свае дзеткі любіць родны край, родны народ, любіць і паважаць справядлівасць роднага народа. I ніякая сіла перарабіць цяпер фінскі народ на іншы капыл – ужо не здолее, бо свядомасць народа, культурнасць яго стаяць вышэй усякай сілы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.