РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Пралог
Раздзел I
Раздзел II
Раздзел III
Раздзел IV
Раздзел V
Раздзел VI
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Раздзел XII
Раздзел XIII
Раздзел XIV
Раздзел XV
Раздзел XVI
Раздзел XVII
Раздзел XVIII
Раздзел XIX
Раздзел XX
Раздзел XXI
Раздзел XXII
Раздзел XXIII
Раздзел XXIV
Раздзел XXV
Раздзел XXVI
Раздзел XXVII
Раздзел XXVIII
Раздзел XXIX
Раздзел XXX
Раздзел XXXI
Раздзел XXXII
Раздзел XXXIII
11. 1
РАЗДЗЕЛ IX
        
РАЗДЗЕЛ IX

        
        На пачатку ліпеня сябры раз'ехаліся па хатах. Андрэй пажыў тыдні тры дома, а потым скарыстаўся запрашэннем дзядзькі, па-паходнаму хутка сабраўся і раніцою наступнага дня ўжо выходзіў з цягніка на перон невялічкай станпыі.
        Гарадок гэты быў той самы Сухадол, ля якога ў памятную вераб'іную ноч адбылася "паромная трагедыя". Большасць Грынкевічаў з гэтай прычыны не любіла Сухадол, але дзядзька прыжыўся тут, пусціў карэнні і не хацеў нават думаць аб іншых мясцінах.
        Жыў ён у вялізным напаўпустым доме, што пабудаваў яшчэ дзед, жыў разам з жонкай і маці, амаль глухой бабуляй, што любіла Андрэя як роднага, хоць і даводзілася маці Андрэя мачыхай.
        Толькі вялізны сад аддзяляў дом ад Дняпра, вельмі шырокага ў гэтым месцы і вельмі пустога.
        Дно Дняпра хавала шмат цікавага: дзядзька, напрыклад, паліў печ мораным дубам, паспяхова выцягваў дубовыя падводныя палі з моста, які калісь навёў Напалеон.
        Андрэй любіў Сухадол, такі ціхі і павольны, любіў дзедаўскія тры клёны і таполю, што абапіраліся на дах, любіў вулкі, зарослыя рамонкамі - адвечны выпас усіх гусянят, любіў клады над дняпроўскім адхонам.
        Клады ў спёку мрэялі верхавінамі дрэў, у непагоду шумелі векавымі хвоямі. Яны былі агульныя, праваслаўна-каталіцкія.
        Ужо ідучы са станцыі, ён пачуў у кветніку лянівую размову нейкіх двух дзядзькоў.
        - Чаго гэта ты плот свой не падпіраеш? Глядзі, самне ён твае яблыні.
        - Не, - адказаў лянівы бас, - ён на бок суседа хіліцца, хай сусед і падпірае. Даўно, чорт на яго, пастаўлены плот. Пры нэпе, відаць, каб яго...
        I Андрэй засмяяўся. Увесь Сухадол быў такі, прыдатны хутчэй да таго, каб дажываць, чым жыць.
        Хлопец быў сустрэты ахамі і вохамі, атрымаў вялікі пакой (два акны ў сад, два - на вуліцу), расклаў на стале рукапісы, - і пайшлі дні ў чаргаванні працы і адпачынку, вершаў і рыбнай лоўлі.
        Дзядзька быў адмысловы рыбак, а садаводам быў такім добрым, што выводзіў у Сухадоле вінаград.
        Але Андрэй любіў дзядзьку не толькі за гэта. У дзядзькі быў рэдкі гумар, такі сонечна-вясёлы, такі смачна-з'едлівы, што каля яго людзі смяяліся да знямогі з раніцы да вечара. Дзіўна, як ён мог яго зберагчы на працягу свайго страшнага жьшдя.
        А жыццё ў яго было сапраўды страшнае. Яшчэ дагэтуль часам яго пачынаў біць цік. Аб паходжанні яго дзядзька расказваў неахвотна:
        - Другі дзень стаю ў гестапа тварам да сцяны. Сабакі ў спіну хакаюць. А сволачы гэтыя кожныя трыццаць хвілін страляюць у сцяну ля галавы. I кожны такі стрэл можа быць апошнім. Ну, аднак злаўчыўся, уцёк ад іх. Дагэтуль сам сабе не веру...
        Для рыбалак падабралася добрая кампанія: дзядзька, настаўнік Мікалай Якаўлевіч і яшчэ Пятро, звяга, які заўжды смешна лаяўся з астатнімі.
        Імя па бацьку ў Пятра было Трыфанавіч, але дзядзька, карыстаючыся ім як асновай, зрабіў з яго нешта такое непрыстойнае, што пры бабах хоць і не кажы.
        На рыбалку дзядзька ездзіў у востраканечным саламяным брылі, Мікалай Якаўлевіч - у матроскай бесказырцы, парыжэлай ад часу, Пятро з непрыстойным імем па бацьку - у фуражцы.
        Рыззё на ўсіх было страшэннае: інтэлігентная кампанія нагадвала хаўрус бандытаў.
        I ўсё ж падчас гэтых вясёлых эскапад (а ездзілі на рыбу далёка, кіламетраў на пяцьдзесят па рацэ) Андрэй адчуваў часам нейкі сум, нейкую невыразную незадаволенасць жыццём.
        А між тым ён ніколі яшчэ не пісаў так многа і добра, ніколі так поўна не адпачываў.
        У канцы ліпеня прыехаў зусім нечакана Іван Століч, бацька Алёнкі. У яго было толькі некалькі вольных дзён. Два з іх вырашылі "забіць" на рыбалцы. Дзядзька падрыхтаваў маторны човен. Выехаць пастанавілі на золку.
        Напярэдадні Андрэй і Століч доўга сядзелі ў начным садзе, дыхалі халаднаватым росным паветрам з нясцерпна салодкім водарам адцвітаючай маціёлы, якая невыразна бялела ў цемры.
        Конікі стракаталі ўтрапёна. Зрэдку цішу ўспорваў крык драча. За ракою палала вогнішча: касцы на зарэчных паплавах гатавалі вячэру,
        I так добра дыхаў у цемры начны сад, што рабілася шкада чагосьці незваротнага, шкада болю, які прайшоў.
        - Добра, сынок, - сказаў раптам Іван.
        Андрэй не мог без пакутлівага шкадавання глядзець на гэтага чалавека. Ён ведаў: той нічога не забыў. Сведчылі аб гэтым зусім сівыя валасы.
        - Я думаю часам, - казаў Століч, - як гэта цяжка заставацца аднаму, без тых, каго любіш... Чаму не загінуў я - невядома... Цяжка аднаму.
        - Я гэта ведаю, добра ведаю, дзядзька. Я вельмі кахаў яе, - глуха сказаў Андрэй.
        - У вас зараз былі б ужо дзеці... Прайшло восем год. Хлопчык быў бы падобны на яе, дзяўчынка - на цябе.
        Гэта яны ўпершыню загаварылі пра нябожчыцу. I гэта было непатрэбна. Непатрэбна было ўсё гэта.
        - Дзядзька, - сказаў Андрэй, - не трэба. Вы бачыце, я столькі год захоўваю памяць пра яе, зберагаю кожны яе рух. Але я пачаў забываць яе голас. Гэта - як кашмар... Але я помню, я ніколі не забуду. Толькі не трэба дакранацца да старых ран.
        - Бадай, твая праўда, - сказаў Століч.
        Ён маўчаў яшчэ хвілін пяць, потым устаў.
        - Я пайду.
        I, сівы, сагнуты гадамі і цяжарам даўняга гора, пашыбаваў у дом.
        Андрэй глядзеў яму ў спіну. Нясцерпна шкада было гэтага чалавека...
        ...Раніцой дзядзька ледзь не за нагу сцягнуў Андрэя з ложка. Шырокі твар дзядзькі расплываўся ад усмешкі, у цёмных вачанятах скакалі чэрці.
        - Уставай, барэмбус. Жонка сказала, каб пайшлі панюхалі. А куды пайшлі і чаго панюхалі - не сказала. Дарогай скажа.
        Выявілася, што панюхаць запрашалі маласольныя агуркі. Пахнулі яны, сапраўды, адмыслова: кропам, вішнёвым лісцем і сонечным днём.
        Андрэй выліў на сябе цэбар вады ля студні, спехам паснедаў і пачаў грузіць на каляску сець, сцяблы, якар, кошык з правізіяй. Дзядзька, прынцыповы лайдак, глядзеў на мітусню Андрэя і Століча і забаўляў іх:
        - У школе вучні пісалі твор на тэму: "Славутасці Сухадола". Адна напісала: "Бывае кіно, часам прыязджаюць артысты, а па суботах у сінагозе бываюць танцы".
        - Брэшаш ты ўсё, - азваўся Століч.
        - Чаго брашу? Сапраўды, сінагогу зачынілі. Зрабілі клуб... А тут яшчэ няшчасце. На сеансе адчыняюцца дзверы, і нехта крычыць у цемру: "Не, вы паглядзіце толькі, што робіцца на беленькім свеце! Шайкевіч, чаго вы тут седзіцё, калі ў вас удома пажар?" Ну, той толькі "уф-уф", за сэрца схапіўся - і канцы.
        I хоць Андрэй ведаў, што ўсё гэта брахня, - яму стала трошкі весялей.
        Яны выйшлі на высокі гліністы адхон над ракой тады, калі сонца паказала над зарэчнымі паплавамі чырвоную патыліцу. Жамчужна-блакітная рака ледзь шалахцела млявымі хвалямі, якія на пяску здаваліся зусім ружовымі. Пах сена адчуваўся нават тут, за ракой, густы, добры, як сама прыдняпроўская зямля.
        Ніжэй па плыні чарада кароў пераплывала Дняпро, на пашу. Пастух плыў за імі, стоячы ў чаўне.
        Нарэшце - толькі арліны зрок дзядзькі мог пабачыць гэта - дзядзька паказаў рукою на плынь, дзе рухаліся дзве кропкі. Гэта веславалі Мікалай і Пятро. Пад'ехалі яны толькі праз паўгадзіны.
        Да кармы вялізнай маторкі прывязалі абодва чаўны, нацягалі са стагоў сена і намасцілі яго на дно маторкі. Дзядзька зноў успомніў нешта.
        - А то яшчэ вось што было. Дзед Казыра намасціў вось так сена ў човен са стога, які ў лагчыне стаяў. Вяслуе сабе, і раптам, кажа, здарылася нешта незразумелае: заварушылася раптам там, дзе трыццаць год нічога не варушылася... Вужака... А порткі ў яго падраныя былі. Дык ён бег адтуль аж да рынку, пакуль каля рынку не агойтаўся, што портак няма. Згубіў. Пайшоў падбіраць. Дык што вы думаеце, адну калашыну падабраў, а другую - не.
        Пятро пачаў адпіхвацца ад берага. Але перад гэтым амаль з пяшчотай агледзеў зношанае вясло і сказаў салодкім голасам:
        - Во, брат, у мяне вясельца якое. Тандэт.
        Скора ўсе яны ўжо ляжалі на сене, на дне чаўна, а Андрэй стырнаваў, седзячы на карме. Вусы пены расплываліся за кармою, табакаў матор, плылі вакол нізкія берагія. затокі, зарослыя гускай.
        Тэніску ён скінуў. Спіну прыемна прыпякала сонца, грудзі абвяваў ветрык, кідаючы зрэдку на скуру кроплі вады.
        Такая была цішыня. I, аднак, нейкае тамленне не пакідала душы. Пайшоў справа высокі адхон. Злева ўсё яшчэ цягнуўся нізкі бераг.
        Коршак ганяў над вадою кулічкоў-пясчанікаў. Заўважыўшы коршака, тыя ляцелі стайкаю на другі бераг, чыркаючы па вадзе. А калі ён пералятаў за імі, - зноў ляцелі на ранейшае месца.
        Дзядзька раптам прыўзняў галаву.
        - Глядзі, Андрэй, - ціха сказаў ён.
        На правым ад іх беразе ўзвышаўся самотны пагорак, зарослы чорнай альхой. Можна было яшчэ разабраць, дзе быў спуск да вады. Больш не было нічога.
        - Месца, дзе быў паром, - сказаў дзядзька і зняў брыль.
        Моўчкі, з суровымі тварамі, праплывалі яны міма месца даўняй трагедыі.
        - Вось табе, ваша сіяцельства, - буркнуў дзядзька. - Ты даўно ўжо косці парыш, імя тваё забылі. А праўнук забітых жыве. А мы жывём. Нас так проста з зямлі не скалупнеш, кашы вы яшчэ мала елі.
        Андрэй ведаў некаторую схільнасць дзядзькі да меладраматызму і таму маўчаў. А Століч, дык той глядзеў на дзядзьку нават з павагай.
        - Гораў... Гораў... Горава, - думаў Андрэй.
        I раптам з неверагоднай яснасцю зразумеў, адкуль было тамленне.
        Не хапала яе. Не хапала гукаў яе голасу, не хапала растрапаных пасмачаў, шэрых рахманых вачэй, пяшчотнай выразнасці рухаў.
        Не хапала да болю. Хоць крычы.
        "Што са мной?" - падумаў ён.
        I раптоўна падмываючая хваля радасці ахапіла яго.
        "Здаецца... здаецца, гэта прыйшло... Нарэшце гэта прыйшло... Няўжо?!"
        Дзядзька паглядзеў на Андрэя дзіўнымі вачыма, так змяніўся той.
        Ну вядома ж, гэта было так. Вядома, не хапала яе. Ён проста быў упэўнены, што не можа болей пакахаць, таму і не думаў пра яе... А зараз як быццам амыліся вочы. I свет такі шырокі. I вецер дыхае новым жыццём. Ну не, жыццё яшчэ не скончана. Жыццё яшчэ можна пачаць спачатку, вось тут, на гэтай вялікай рацэ, у гэтую хвіліну.
        Ён падбавіў матору абаротаў. Цяпер човен ляцеў, як вялізная белая чайка, і, плаўна разгортваючыся, плылі міма яго рачныя берагі.
        Дзядзька глядзеў на постаць Андрэя вачыма, поўнымі радасці за яго і болю за сябе.
        - Архангел. А я вось і не заўважыў, як стаў старым хрэнам.
        Дзень быў на схіле, калі яны пад'ехалі да вёскі Кручы, што ўтульна ўстаткавалася на стромых адхонах Дняпра.
        Добрай спёкай дыхалі цёмна-кучаравыя сады. На самай высокай кручы, над могілкамі, стаяла магутная сасна. Верхавіну яе разбіла перуном. I там прымасціўся бусел. Стаяў зараз на гняздзе і размаўляў сам з сабой на незразумелай, пэўна, афрыканскай, мове.
        I цямнеў пад гэтай кручай вялізны стары памешчыцкі парк.
        - Кручы, - сказаў дзядзька, - тут Ахонька жыве. Вось яшчэ з ім было. Паехаў ён красці лес. Падбіў на гэта двух шафёраў. Адзін з іх кажа: "Ты глядзі, калі лес крадзены, - я не паеду". Ахонька пакрыўдзіўся. "Што ты, - кажа, - вось квітанцыя". I паказвае квітанцыю, якой два гады. Ну, прыехалі. "Вось гэту, - кажа, - палясоўшчык дазволіў. Гэту. Гэту..." Ну, пляжаць. Аж бачаць, шыбуе палясоўшчык. Давай запісваць нумары машын. Ахоня тады руку ў кішэнь і на яго. Той бегчы. Ахоня за ім. Той бегчы. Ахоня за ім. Загнаў аж за Тошчыцу. Той ужо і бегчы не можа. Спыніўся. Ахоня руку з кішэні - раз. Той аж вочы закрыў. Потым адкрывае, а Ахоня яму рыўцом да носа. "На, - кажа, - дзвесце рублёў". Той толькі сплюнуў. "Цьфу, - кажа, - свіння". Аднак грошы ўзяў.
        Андрэй слухаў яго, бессэнсоўна ўсміхаючыся сваім думкам. На зямлі было добра. I зусім яшчэ нічога не было страчана. I ўсё было для Ірыны. I Дняпро, які яна, вядома, палюбіць, і Кручы, дзе ён можа пабудаваць ёй дом, і бусел, які не абміне іхняй хаты сынам і дачкой.
        Свет быццам увесь споўніўся музыкай. Звінелі нават кучаравыя аблокі, плывучы на ўсход, да яе. I нават засуш, якая ў тое лета катавала палі, здалася не такой ужо жахлівай.
        Вядома, дождж прыйдзе. Ён не можа не прыйсці, як не можа не прыйсці каханне ў змучанае смагай сэрца.
        Андрэй ведаў: дождж прыйдзе.
        Цяпер яму здаваўся нясцерпным той месяц, які ён правядзе без яе. Сум зваліўся так нечакана, што ён не паспеў падрыхтавацца. На шчасце, прыступ быў кароткі, а потым зноў вярнулася радасць.
        ...За Кручамі яны спыніліся. Наторгалі гусцёрак. Дзядзька да іх злавіў яшчэ два акуні і зараз свяшчэннадзейнічаў над юшкай. Расклаў цяпельца з сухіх лазовых галін, каб юшка прыпахвала дымком, паклаў рыбу, некалькі бульбін, чатыры цыбуліны з не да канца абдзёртай жоўтай лушпайкай (каб юшка была прыемнага бурштынавага колеру), паклаў перцу, а потым асцярожна ўліў у юшку дзве лыжкі гарэлкі.
        Астатнія тым часам адплылі рыбаліць. Андрэй застаўся ля дзядзькі адзін.
        - Юшка, брат, будзе першы гатунак. Нават Трыфанавіч (ён сказаў іначай) будзе задаволены.
        Андрэй маўчаў. Гэта не было галоўным. Галоўным было тое, што на свеце жыла яна.
        "А Алёна? - варухнулася думка. - Што ж Алёна, - адказаў другі голас, - была б жывая, кахаў бы яе. А зараз нічога не зробіш..."
        Але ўсё ж яму стала сорамна. Асабліва чамусьці перад Іванам Столічам. Быццам ён, Андрэй, здрадзіў нечаму вялікаму, што яны кляліся любіць, знайшоў святло, у той час, як у бацькі няма, і яшчэ і не можа быць суцяшэння.
        Юшку з'елі з насалодай... Пасля гэтага дзядзька застаўся ля маторкі, а астатнія паплылі па плыні. Дзядзька павінен быў дагнаць іх пасля. Андрэю не было чаго рабіць, і ён сказаў дзядзьку, што пойдзе да Кручаў пехтурою і там пачакае ўсіх.
        Ісці трэба было праз лес. Андрэй натрапіў на глухую лясную рачулку.
        Чорная, з зялёнымі адценнямі, як пяро качкі, яна змяілася паміж карчоў, варушыла павесмамі водарасцяў, быццам хтось у вадзе павольна часаў зялёны лён. Чырвоныя мухаморы гдядзеліся ў чорны лак вады.
        Андрэй перайшоў раку па аксамітным бервяне і лёг у пульхны зялёны мох. Ён не баяўся змей, ён цяпер наогул нічога не баяўся. Калі ў сэрцы небасхіл, - чалавек не можа памерці. Яго нельга забіць. Смерці няма. Яе выдумалі. Яе зусім не будзе.
        Радасць ахапіла ўсю істоту Андрэя. Радасць з той прычыны, што ён малады, здаровы, што вакол яго родная зямля, што зрынутыя дрэвы ляжаць поруч з ім, жывым, што ён кахае.
        Дрэвы варушылі галінамі над яго галавой.
        ...I потым, калі ён стаяў на кручы, пад буслянкай, шум дрэў зноў падпяваў ягоным думкам.
        Ён стаяў на адхоне, і магілы кладоў былі ззаду, а наперадзе была далячынь, адкуль ляцеў вецер толькі для таго, каб устрапаць яму чуб.
        Бусляняты спрабавалі лётаць. Яны нязграбна плавалі ў вячэрнім аранжавым ззянні, дыбалі нагамі ў паветры, плылі над ракой, над светам, які цяпер зноў належаў яму.
        Андрэй не бачыў, што Іван Століч, сышоўшы на бераг, ускараскаўся на строму і стаіць непадалёку, разумнымі вачыма разглядаючы пададзеную наперад, імпэтную постаць хлопца. Ён страпянуўся толькі тады, калі рука Івана апусцілася яму на плячо.
        - Што з табою, сынок?
        I з той вышэйшай праніклівасцю, якою адрозніваюцца людзі, што многа пакутавалі, спытаў:
        - Зразумеў, што кахаеш кагось?
        - Здаецца, так, бацька, - проста адказау Андрэй.
        Століч павесіў попельна-сівую галаву.
        - Прабачце, - сказаў Андрэй.
        - Чаго ўжо там... Ты добры хлопец, Андрэй. Ты і так памятаў вельмі доўга. Усё мае канец. Прорвы і тыя заплываюць. Прыйшоў і твой час.
        - Бацька, - сказаў Андрэй, - я не вінаваты.
        - Ніхто не вінаваты. Ні я, ні мая бедная дзяўчынка, ні тая, твая... А ты вінаваты менш за ўсіх... Добрая хоць жанчьша?
        - Вельмі.
        - Добра. Толькі вось аб чым я прашу цябе. Не забывай мяне. Наведвай... з ёю. Ты знаеш, усё маё жыццё - гэта была Алёна. I ты застаўся для мяне часткай яе. Апошняй часткай.
        - Я не забуду... дзядзька Іван. Гэтага не забываюць.
        - Ну добра... "Ныня адпушчаешы"... Бывай шчаслівы, сын.
        I ён пайшоў унiз да чаўна. Пайшоў ненатуральна прамы, вiдавочна iмкнучыся не хiлiцца пад цяжарам забыцця, таго, якое парушыла апошнюю сувязь яго Алёны з зямлёй.
        Грынкевiч успомнiў мiнулае. Ён прымусiў сябе ўспомнiць яго. Але ўспамiн не мучыў.
        - Мір табе, Алёнка, - ціха сказаў ён, - даруй мне.
        Прыцемкі заснавалі зямлю. Чырвоны шчыт месяца выплыў за ракой. I ў паўзмроку ўсё яшчэ чуліся ўсхлёпы крылаў, пошчак буславых дзюб і віск.
        Пад вялізным месяцам чынілася справа жыцця: буслы рыхтаваліся ў вечна новы палёт.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.