РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Пралог
Раздзел I
Раздзел II
Раздзел III
Раздзел IV
Раздзел V
Раздзел VI
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Раздзел XII
Раздзел XIII
Раздзел XIV
Раздзел XV
Раздзел XVI
Раздзел XVII
Раздзел XVIII
Раздзел XIX
Раздзел XX
Раздзел XXI
Раздзел XXII
Раздзел XXIII
Раздзел XXIV
Раздзел XXV
Раздзел XXVI
Раздзел XXVII
Раздзел XXVIII
Раздзел XXIX
Раздзел XXX
Раздзел XXXI
Раздзел XXXII
Раздзел XXXIII
11. 1
РАЗДЗЕЛ XXXII
        
РАЗДЗЕЛ XXXII

        
        Калі ён пабачыў Ірыну ўпершыню пасля аперацыі - у яго ўпала сэрца. Не ў тым справа, што аблічча было знясіленым і нейкім перапалоханым.
        Справа была ў тым, што на гэтым твары быццам адразу адбіліся пражытыя гады. Яна заўсёды была падобная на поўнае жыццём дзяўчо. Зараз гэтага жыцця не было. Яно ледзь тлела недзе ўглыбіні, не маючы змогі ажывіць блакітны твар. Яна ўвесь час была ў поўнай прытомнасці. Але што гэта была за прытомнасць?! Прытомнасць позіркаў, прытомнасць дрыжачых вей. Ёй было балюча сказаць слова, цяжка дыхаць. Самае найбольшае, што яна магла, гэта сказаць:
        - Папраў падушку.
        Усе пяць дзён, што ёй было так цяжка, ён сядзеў каля яе і супакойваў. Не спаў.
        - Вар'яты, - казаў Глінскі, - чортавы вар'яты.
        А Яша, дарэмна ўдаючы цынізм, усміхаўся:
        - Прапаў казак.
        Андрэю было ўсё адно. Ён ніяк не мог забыць, што ў першыя хвіліны сустрэчы гэты адчужаны ад жыцця твар паспрабаваў усміхнуцца яму. Ён ведаў: у адной гэтай няўдалай усмешцы было выкупленне ўсіх яе і яго грахоў.
        А потым ёй стала лягчэй. Яна відавочна ачуньвала. Нават колер скуры пачаў набываць румянец: не так, як да аперацыі. Пачала есці. Пачала ўсміхацца яму і ўсім іншым па-сапраўднаму,
        Як дзіцёнак, радавалася кожнай праяве жыцця за акном, кветкам, якія прыносіў ён, гучнаму, бы ў пустую бутэльку, буркатанню голуба.
        Аднойчы Андрэй бачыў з-за завескі, як яна тонкімі пальцамі спрабавала злавіць на сцяне сонечны зайчык, які выпадкова трапіў у чашку з вадой і не мог вырвацца, кідаючыся то на сцяну, то на коўдру.
        На трэці дзень пасля таго, як ёй стала лягчэй, яна ўпершыню папрасіла пацалаваць яе.
        - Я так рада жыццю, - сказала яна. - Раскажы мне штось.
        - Што?
        - Раскажы, як ты закахаўся ў мяне.
        - Спачатку была рука, - сказаў Андрэй. - Рука на экране. I яшчэ голас. А самае галоўнае - думка. Думка ў цемры... Гэта я пачуў перш за ўсё і адчуў сабою... А потым я пабачыў і цябе самую. Ты была ў шэрай, званочкам, пушыстай спадніцы і цёмна-шэрай нейлонавай кофтачцы...
        - Так, - сказала яна, - а ты быў у нагавіцах нейкага цёмна-васільковага колеру і ў шэрым пінжаку. А гальштук у цябе быў таксама сіні. Я падумала яшчэ: "Вось які блакітны хлопец з'явіўся".
        - I ты памятала ўсё гэта?
        - Дурань, - сказала яна.
        Андрэй пацалаваў яе рукі, што нерухома ляжалі паўзверх коўдры.
        - Ты ляжы, - папрасіў ён, - маўчы. Я сам буду казаць.
        -Ну.
        - А потым была Нерль. Там я зразумеў, што ты неяк адрознiваеш мяне сярод iншых, шмат чаго ведаеш пра мяне. I там я неяк адтаў ад таго холаду, якi жыў ува мне, ад усяго гэтага свiнства, што зрабiла са мною жыццё... Ты ж ведаеш, я тады ляжаў у руiнах... I раптам пяро голуба на месцы, дзе калiсь забiвалi, i тая белая свечачка ў лугах. Такая празрыстая, стройная, адбiтая ў вадзе. Як ты... I ты была поруч, ты адкрыла мне ўсё гэта, i выратавала, i прывяла да святла.
        Ён бязважка гладзіў яе нерухомыя рукі.
        - Табе не балюча?
        - Не. Мне прыемна.
        - Але тады я яшчэ не ведаў, што гэта каханне. Я зразумеў гэта на сваёй рацэ, на месцы парома, і вышэй, за вёскаю Кручы... Яна была такая цёмна-кучаравая, вёска. Там буслы плавалі над ракою і паветра было вячэрне-празрыстым і месячным. Там я зразумеў, што ўся ты, са сваёй сілай і слабасцю, раптам стала патрэбна мне. На радасць і гора. I мне нельга жыць без цябе. Свет без цябе пусты, а дрэвам няма чаго спяваць аб радасці. Бо ты адзіная, каго мне трэба было сустрэць на зямлі, а другіх няма...
        Маўчанне было ў пакоі. Яна ляжала, гледзячы на яго мяккімі шэрымі вачыма.
        - Якое яно добрае, жыццё, - сказала яна. - Ах, толькі б жыць. Мне нават страшна з табою. Вышэй жа, здаецца, ужо няма куды... Што ж нам рабіць, міленькі? Што рабіць са скарбам, які трапіў да нас у рукі?
        - Слухай мяне, - сказаў ён. - Ты не палохайся скарбу і шчасця. У нас наперадзе вялікае жыццё, і мы не стомімся адзін ад аднаго за гэты час. Мы будзем вельмі многа працаваць. Пісаць дзівосныя кнігі... Калі хочаш, мы напішам першую сапраўдную гісторыю беларускага мастацтва. Гэта цяжка. Нам давядзецца аб'ездзіць разам усю Беларусь, адшукваць тое, што забыта, вывучаць, біць у набат, калі штосьці занядбалі або бураць. Гэта будзе сумленная гісторыя. Яна не будзе забываць ні добрага, ні дрэннага... Ты прыкладзеш да гэтай кнігу веды, а я так выкладу яе, каб яна чыталася запоем, як легенда... З гэтых вандраванняў можа вырасці і другая кніга, пра Беларусь як яна ёсць, пра ўсё добрае і дрэннае на гэтай зямлі. Там будуць дарогі, людзі, запісы казак, песняў і сапраўдных апавяданняў аб жыцці, шмат фатаграфій усіх прыгожых і непрыгожых куткоў радзімы...
        - Гэта добра.
        - I ва ўсім гэтым будзе твая добрая іронія і маё жорсткае захапленне. А яшчэ мы будзем пісаць кожны свае кнігі... А вакол будзе зямля, глухія пушчы, светлыя рэкі, азёры, поўныя неба... Мы будзем засынаць і прачынацца разам, восем тысяч разоў прачынацца разам.. А можа, і больш. I адчуваць адзін аднаго, і зоры, і вячэрнія песні, і след за галавою выдры, што пераплывае раку, і камяніцы разбураных палацаў, і ўсплёск бабра ў месячным сяйве... Мы будзем шмат працаваць і шмат ездзіць. Па ўсёй зямлі, па ўсіх акіянах...
        - Акіяны потым, - сказала яна. - Раскажы спачатку пра твае азёры, пра тваю зямлю.
        - Яна непрыгожая з акна цягніка, - сказаў Андрэй. - Таму што немцы, баючыся партызан, высеклі лес паабапал дарог... Для таго каб даведацца, якая яна, трэба заглыбіцца ў яе. I там можна пабачыць адны з самых лепшых куткоў зямлі. Там азёры на захадзе сонца стаяць чырвонымі, а ў іх спакойнай вадзе б'е рыба. Там лясы, у якіх трубяць ласі... Амаль ніхто не ведае, што ёсць там не толькі раўніны, а і высокія ўзгоркі, парослыя лесам. З узгоркаў бягуць празрыстыя ручаіны, у якіх жыве рыба-стронг... Прысмеркам вада ў Дняпры робіцца малочна-жамчужнай. I неба тады такое ж, як вада. Бледны месяц вісіць у гэтым небе. Калі ў такі час плывеш па рацэ ў крылатым чаўне - неба над табою і пад табой. Як казачны карабель у паветры, плыве човен... Яна мірная і пяшчотная, як дзяўчына, як ты, мая зямля... Але ёсць на ёй і змрочныя куткі. Замшэлыя лясы, сівыя імшары, па якіх уначы, пад самотнай зоркай скача прывіднае дзікае паляванне... У навальніцу бары гудзяць так страшна, як душа майго мірнага народа, калі яго пакрыўдзяць... Але гэта праходзіць з першым праменем сонца або месяца, і зноў уначы кусціцца сонная бузіна над курганамі продкаў...
        Ён змоўк, пабачыўшы, што яна ляжыць, закрыўшы вочы, а веі яе вільготныя.
        - Вельмі буду цябе кахаць, - не адкрываючы вачэй, сказала яна.
        ...Гэта адбылося на чацвёрты дзень пасля размовы аб азёрах і курганах. Ірына відавочна ішла на папраўку. Яна ўжо спрабавала напаўляжаць на падушках, гледзячы ў парк, у якім пасяліўся раскошны і сонечны чэрвень, жартавала з Яшам, з асалодаю абуджэння да жыцця нюхала і гладзіла пальцамі кветкі, прынесеныя Андрэем.
        I вось надвячоркам таго дня Андрэй, вяртаючыся з кветкавага магазіна, зразумеў па мітусяніне ў калідоры, што адбылося нешта дрэннае. Ля дзвярэй палаты стаяў небывала сур'ёзны Яша.
        - Чакай, Андрэй, - сказаў ён. - Пакуль што туды нельга.
        - Што такое? - спытаў збялелы Андрэй.
        - Упаў пульс, - сказаў Яша.
        Сашанька высунулася з дзвярэй, устрывожаная, у збітым набакір белым каўпачку.
        - Як? - спытаў Яша.
        - Пульс часты, малога напаўнення, - сказала яна і знікла ў палаце.
        Ардынатар пакруціў галавой.
        - Яша, гэта дрэнна? - спытаў Андрэй.
        - Зараз змерым ціск. Калі ўпаў - гэта вельмі дрэнна, Андруша.
        - Пусці, - сказаў Андрэй.
        - Чакай, - сказаў Яша. - Там зараз ідзе змаганне. Не перашкаджай.
        Не заўважаючы Андрэя, у палату амаль прабег Глінскі з асістэнтамі.
        - Што ж рабіць, Яша? Што рабіць?
        - Чакай. Чакай і трымайся.
        Ён стаў чакаць. Гэта цягнудася вельмі доўга, вельмі-вельмі доўга. На дварэ пачало цямнець, а тыя, у белым, усё яшчэ былі ў палаце.
        Потым адтуль выйшаў Глінскі, відавочна пастарэлы, з бліскучымі вачыма.
        - Яна просіць цябе, Андрэй.
        Андрэй кінуўся паўз яго.
        - Як? - спытаў у Глінскага Яша.
        Той толькі махнуў рукою, заходзячы за Андрэем у палату.
        ...Першае, што пабачыў Грынкевіч, было яе аблічча, нейкае незваротна змененае, аблічча жыхара ўжо не гэтага свету.
        Вакол яе завіхаліся, але яна не звяртала на гэта ўвагі. Вочы яе глядзелі толькі на Андрэя, быццам у палаце не было нікога, акрамя яго.
        I Андрэй адразу, з незвычайнай яснасцю зразумеў: гэта ўсё. Зразумеў, але не паверыў сэрцам.
        - Хадзі сюды, - ясным высокім голасам сказала яна.
        Ён падышоў, сеў. Яна паклала на яго руку сваю далоньку.
        - Я хачу сказаць табе нешта. Не забывай Ганну. Чуеш? Не забывай. Мне цяжка казаць табе гэта, але яшчэ цяжэй пакінуць цябе аднаго.
        - Я не кахаю яе.
        - Ведаю. Але мне цяжка пакінуць цябе аднаго. Дай мне слова... Яна будзе добрай да цябе... Дай слова...
        - Не магу, - сказаў Андрэй. - Ты выправішся, ты будзеш са мной.
        Яна адразу неяк звянула, і нават цень ласкавай усмешкі з'явіўся ў шэрых глыбокіх вачах.
        - Так, - сказала яна. - Вядома. Я рада, што ты не даў слова.
        Ад гэтага ценю ўсмешкі ў сэрцы Грынкевіча зноў аджыла слабая надзея. Яна ўсміхалася да яго, яна магла і павінна была жыць.
        За вокнамі невыразна цямнелі дрэвы. З-за іх далятаў прыглушаны шум вячэрняга горада. Там, у дрэвах, быў, напэўна, ветрык, але такі слабы, што яго можна было заўважыць толькі па рэдкіх, слабеючых уздыхах у лістоце.
        У палаце цьмяна гарэла святло, адзін чалавек схіляўся над другім, а вакол стаялі маўклівыя, небывала сур'ёзныя ўрачы.
        Але яны зараз не існавалі ні для яе, ні для яго.
        - Андрэйка, - сказала яна, - як ты пакутуеш... Ох, як я цябе буду кахаць.
        Андрэй сеў ля яе. Было вельмі-вельмі ціха. I тады Ірына абвяла позіркам людзей у белым і сказала:
        - Пакіньце нас адных.
        "Мы зрабілі ўсё, што магчыма", - казалі вочы Глінскага, але ўголас ён сказаў другое:
        - Нельга. Я павінен застацца.
        - Пакіньце нас адных, - паўтарыла яна.
        Глінскі абвёў вачыма калег. Потым ягоны позірк спыніўся на твары Ірыны, на безудзельна-адчайным твары мужчыны.
        - Пакіньце, - ціха сказаў ён.
        Яны выйшлі. Гусцеў змрок за акном, і ўздыхі ўсё яшчэ ляцелі з начной лістоты. Усё радзей і радзей.
        - Пацалуй мяне, - сказала яна.
        I ён бязважка, каб не зрабіць ёй балюча, але палка прыпаў да яе вуснаў сваімі дрыжачымі вуснамі, быццам імкнуўся пераліць у яе ганебны збытак уласных сіл.
        - Праспявай мне нешта ціхае, - сказала яна, прыціскаючыся да яго.
        - Добра.
        - Толькi пачакай. Яшчэ два словы.
        Ён гладзіў яе валасы.
        - Дай мне слова, Андруша, - трывожна сказала яна. - Дай слова.
        Ён ведаў, аб чым гэта, і згодна хітнуў галавою. Толькі каб супакоіць яе.
        - Ну вось, - уздыхнула яна. - Мне спакойна. Спявай.
        Андрэй заспяваў ціха. Заспяваў тую калыханку, што, як усе калыханкі Беларусі, падобная на трапяткі пяшчотны ўздых. Яна слухала, гледзячы на яго, а зітханні ўсё даляталі з лістоты. Радзей, радзей.
        Яны былi такiмi слабымi, гэтыя зiтханнi.
        А голас вёў і вёў перарывістую песню:
        Вавёрка ў закутку
        Пражу прадзе,
        Кола залатое
        Сонна гудзе...
        Сціхні, мой ветрык,
        Вавёрка спіць,
        Аб арэхах срэбных
        Вавёрка сніць...
        Спіць яна...
        Спіць...
        Вочы закрывае,
        Зашыўшыся ў дом,
        Цёплым хвастом,
        Рудым хвастом...
        Рудым...
        Зiтханнi даляталi з лiстоты.
        Радзей. Усё радзей. Знiклi.
        Закрываючы вочы, яна сказала:
        - А я і не думала, што вашы калыханкі такія... Я засну, любы.
        - Спі, - сказаў ён,
        Прыціскаючы яго руку да сваіх грудзей, яна апусціла веі.
        Яна спала, i яго рукi былi ў яе руках...
        ...Потым пачалася агонія.
        . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
        Ён сядзеў, трымаючы ў руках яе рукі, якія пачалі астываць. Нерухомы над нерухомай. Безудзельны над безудзельнай. Ён верыў, што пакуль яе рукі ў яго руках - у іх не можа знікнуць цеплыня.
        I ён ні ўва што больш не верыў.
        Пальцы халаднелі. Пальцы былі ўжо зусім халодныя. I тады ён вызваліўся і склаў на грудзях гэтыя бедныя рукі, а сам стаў чакаць. Пакуль ён мог спадзявацца на дзіва, ён не павінен быў кінуць, здрадзіць, аддаць у рукі цемры.
        Ён чакаў, пакуль не перастаў спадзявацца, а потым з цяжкасцю разарваў свае апошнія абдоймы і назаўсёды, цяпер ужо назаўсёды, адарваўся ад яе. Сеў і стаў глядзець.
        Здаецца, спала. У куточках вуснаў цень загадкавай усмешкі, а бровы злёгку, быццам здзіўлена, узняты.
        Куды ты заглядаеш, мая апошняя, у якую таямніцу, невядомую мне? Чаму здзіўлены твае бровы?
        I што зараз рабіць мне?
        Зямная персць, зямная юдоль - будзьце вы благаславёны, будзьце вы пракляты.
        I што зараз рабіць мне, калі ты не пускаеш мяне ў сваю таямніцу?
        Хто адкажа? Хто адпомсціць? Хто суцешыць?
        Цень усмешкі і здзіўленыя бровы. Куды ты заглядаеш? Куды?
        Потым ён устаў і выйшаў. Яна не адказвала.
        Бы ў тумане, пабачыў, твары Яшы, Сашанькі, твар Яніса, Ганны, спіну Глінскага, які стаяў ля акна.
        - За што ж гэта, Андрэй? - глуха спытаў Якаў.
        Хіба ён ведаў за што? Ён не ведаў. Не ведаў нават, чаму прыўзняты бровы.
        - Адкасніцеся ад яго, - сказаў Яніс. - Нашто яму вашы словы?
        I ён моцна абняў Андрэя за плечы.
        Туман знік у вачах Грынкевіча ад гэтай грубай сяброўскай ласкі. Ён ведаў, Янісу таксама цяжка. Ён ведаў, што і Яніс плача, як ён, без слёз. Адным сэрцам.
        - Правядзі мяне да выхаду, - глуха сказаў ён.
        Яны спыніліся ў скверы, які спаў усімі галінамі, усімі птушынымі гнёздамі на іх.
        Рукі Яніса ляжалі на плячах Андрэя.
        - Мацуйся, мой родны.
        Андрэй выцягнуў з кішэні і паклаў на далонь Яніса бумажнік.
        - Вось, - сказаў ён. - Зрабі ўсё, каб адправіць яе ў Сухадол. Яна хацела быць там. Апошняе жаданне. Прабач, я проста не магу сам хадзіць паўсюль... Я толькі павязу.
        - Я разумею цябе, - сказаў Яніс. - А як ты?
        - З часам і я... - сказаў Андрэй. - Я абавязкова пайду туды, калі наблізіцца канец... Мы ляжам поруч. У маёй зямлі. Каб наводдаль бачыць буслянку, а пад гарою Дняпро.
        Ён уздыхнуў.
        - Паромная гісторыя скончылася... Канец.
        - Куды ты пойдзеш?
        - Я вярнуся. Раніцай. Да... раніцы, сябар.
        - Да раніцы... сабрыс.
        Андрэй павярнуўся і пайшоў у глыб скверыка. Яніс стаяў і глядзеў, як цень яго друга паглынае змрок.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.