РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
 
Евангелле ад Іуды
Слова двух сведкаў
Раздзел І. Падзенне агнявога змія
Слова двух сведкаў
Раздзел II. Голад, і пошасць, і мор
Раздзел ІІІ. Суд
Раздзел ІV. «Ліцадзеі, скамарошкі, блазны несамавітыя...»
Раздзел VI
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Раздзел XII
Раздзел XIII
Раздзел XIV
Раздзел XV
Раздзел XVI
Раздзел XVII
Раздзел XVIII
Раздзел XIX
Раздзел XX
Раздзел XXI
Раздзел XXII
Раздзел XXIII
Раздзел XXIV
Раздзел XXV
Раздзел XXVI
Раздзел XXVII
Раздзел XXVIII
Раздзел XXIX
Раздзел XXX
Раздзел XXXI
Раздзел XXXII
Раздзел XXXIII
Раздзел XXXIV
Раздзел XXXV
Раздзел XXXVI
Раздзел XXXVII
Раздзел XXXVIII
Раздзел XXXIX
Раздзел XL
Раздзел XLI
Раздзел XLII
Раздзел XLIII
Раздзел XLIV
Раздзел XLV
Раздзел XLVI
Раздзел XLVII
Раздзел XLVIII
Раздзел XLIX
Раздзел L
Раздзел LI
Раздзел LII
Раздзел LIII
Раздзел LIV
Раздзел LV
Раздзел LVI
Раздзел LVII
Раздзел LVIII
Раздзел LIX
Раздзел LX
Раздзел LXI
Раздзел LXII і апошні
РАЗДЗЕЛ ІІІ
СУД
І суд быў верны,як пятля,  
І хуткі, бы з цемры нажы,  
І чым даўжэйшы твой кашэль -  
Тым долей табе пражыць.
Кіплінг
Людзі так да іх прывыклі,  
што перасталі заўважаць іхнія злачынствы...  
...Таму мы не палюем за буйнымі разбойнікамі,  
але затое вашаму брату спуску не даём.
Рабле
 
        Стары, Вітаўтаў яшчэ, гродзенскі замак быў страшны. Пабудаваны менш чым паўтара века назад, ён, нягледзячы на гэта, заняпаў і не толькі стаў рабіцца лядаштым, але сям-там пачаў і руйнавацца. Сваіх майстроў у вялікага князя не было, а беларускія ці былі пабітыя пры ўзяцці горада, ці разбегліся. А хто застаўся, той будаваў, прама скажам, дрэнна: ведаў, што на ягоны век хопіць, а там хай бы і трава не расла. Дзеля каго было будаваць? Ён, князь, вядома, герой, дык лёгка ж быць героем на трупах пакораных. Спачатку гінулі ў войнах з ім, потым гінулі ў войнах за яго. Ды яшчэ каб бярог старыя звычаі ды веру, а то з лаціннікамі спеўся. То гары яно ясным гарам!
        Такая ў той час абыякавасць напала на людзей! Дый майстэрства падупала, як заўсёды пры вечнай вайне. І вось з паўтарасажнёвых муроў выпадалі і каціліся ў Нёман камяніскі, трушчыліся пад цяжарам валунных слаёў слаі цэглы (муры былі, як слоены пірог: слой каменных брылаў - слой цэглы), вежы (чатыры квадратныя і адна круглая, па імю Зафея) былі запушчаныя, выраслі на іх малыя бярозкі, лебяда і іншая дрэнь. Сачылі, відаць, больш за замкавым палацам, чым за мурамі.
        І ўсё ж цытадэль была страшная. Стральчатыя гатычныя вокны палаца, грыфельныя муры, вострыя дахі са свінцовай чарапіцы, зялёная і смярдзючая вада бяздонных равоў, вузкія, як шчыліны, байніцы верхняга і ніжняга бою. Ля Саляной вежы - камяністы, касталомны зрыў да ракі. А ля яе - узгорак, вышэйшая кропка Замчышча, гародненская Галгофа. Там зараз кружляла груганнё: зноў, відаць, кагосьці выкінулі на пажыву.
        Людзі на Старым рынку, прыціснутым ледзь не да самых равоў, не звярталі на птушак ніякай увагі, дарма што крумкачы лямантавалі не толькі над Зітхальным Гарбом, а і над вежамі. Звыклі. Чаго ні даводзілася бачыць за апошні час. Трэба было жыць. Хаця трохі падаражэй прадаць сваё, ледзь не апошняе, хаця трохі падзешавей купіць збожжа... Мала народу варушылася ў той дзень на чатырохкутнай плошчы.
        Крамы данцыгскіх ды крулявецкіх купцоў былі шырока адчынены, але што ў іх рабіць простаму чалавеку? Збожжа там не прадаюць, збожжа там купляюць. Купляюць і футру, але якія футры ўлетку. Купляюць, вядома, і лён, і пяньку, ды толькі мераю іхняй куплі не мужыцкая жменя, а цэлы панскі абоз.
        Варшаўскія, торуньскія, крымскія купцы. Часам прамільгне, бы з цёмнага дрэва рэзаны, веніцэец, гарбаносы нарвег, ці нават валох, або нават зябкі маўр. Ведаюць: тут спакойна, тут, у горадзе гарадоў, ніхто іх не зачэпіць. Бо ўсё тут, што датычыць гандлю, у руках купца і для купца. Купец не дасць магнату пакрыўдзіць і абабраць, рада не дасць царкве накласці на ўсё нясытую лапу.
        І не ведаюць яны, што, нягледзячы на самаўпраўленне, усёй гэтай раскошы прыходзіць канец, прыйшоў ужо канец. І нічога не зробіць рада ні з замкам, ні з царквою, ні з магнатамі, ні з іхнімі шляхецкімі атрадамі, слугамі і прыгоннымі.
        Толькі і засталося радзе, што ўладарыць над рамеснікамі, падмайстрамі ды плебеямі. І над табою ўсялякі суд ёсць, а ты, бурмістр, вы, радцы ды лаўнікі, толькі і можаце, што спрэчкі аб маёмасці разбіраць радзецкім судом ды забойствы і іншае такое - судом лаўнічым.
        І дрэмле за акном ратушы мардаты лаўнік, чакае, калі нейкага злодзея спаймаюць ды прывядуць. А побач, у вялізным заезным доме гасцінным, думаюць багемскія, нямецкія і іншыя купцы, як бы Гародню на чарговым кірмашы абабраць.
        Ідзе варта ў чашуйчатых латах. Падалей ад яе, падалей ад багатых крам. Вось на гэтым баку плошчы лепей. Тут хочаш бэркаўцам купляй, хочаш - жменяй. Над дзвярыма рыбных радоў рыба-кіт глытае Іёну. Над хлебнымі радамі волат-хлебаед жарэ каравай велічынёй з царкву - таксама пуката выразаны, пафарбаваны. А над дзвярыма піўнога рада анёлак пускае струмень. А што, сапраўды, як іначай паказаць, што такое піва і што яно робіць з людзьмі.
        Хлебнік і рыбнік, гаспадары дзвюх вялікіх суседскіх крам і шматлікіх пры іх складаў, сядзелі ля дзвярэй у цяньку, на каменных лавах, ды лянотна гаманілі аб сім-тым. Балела з пахмелля галава: учора добра памаліліся богу Борцю, якому па вёсках і дагэтуль ставяць у ахвяру ля свепетаў[1] бярозавік і разведзены вадою мёд, імя якога пры айцах духоўных вымавіць - злітуйся і ўратуй нас, Пан Езус.
        Худы рыбнік скроб пальцамі ў рудых валасах. Хлебнік, увесь нібыта са сваіх хлябоў складзены-збіты, каламутна глядзеў на свет, віцаю крэсліў на зямлі нешта незразумелае.
        - Чаго гэта ты чухаешся? Блохі адолелі, ці што?
        Рыбнік нібыта абурыўся. Адказаў старым, як свет, жартам:
        - Гу-у. Блохі... Што я табе, сабака, ці што? Во-ошы... Проста, братка, галава баліць. Увесь я сяння... як гарэлачная пляшка.
        - Ну вось. Сяння, як пляшка, а ўчора ўпоперак канавы ляжаў, як грэбля... І вада цераз цябе верхам цурчала, як у дрэннага млынара.
        - Ладно, до! Што за звычай прыпамінаць з учарашняга ўсё самае непрыемнае.
        - Не буду. Як там у цябе хаця гандаль, рыбны кардынал?
        - Ну-ну, не нюхаў доказнай інквізіцыі?
        - Хай жыве царква святая. То як?
        - Аман. Дзярмова. Запасаў няма.
        - У абодвух у нас тых запасаў няма. Ні ў каго няма.
        - Ану, дай слухаць. Нешта там юроды загарлалі, ды мешчанота наша туды пабегла.
        Там, дзе адзін з бакоў плошчы ледзь не абрываўся ў роў, непадалёку ад замкавага моста, сапраўды ўзахапы і наперабой (аж напіналіся на лбах і шыях жылы) лямантавалі два чалавекі - юрод, падобны на цюк анучніка, калматы, худы, як віца, і здаравенны звераваты чалавечына ў шкурах і ў скураным поясе на палову жывата, з голымі рукамі і нагамі. Грыва валасоў, шалёныя вочы, сківіцы, што маглі б раструшчыць і камень. Расстрыга ад Спасаіконапрэабражэння, а цяперашні гарадскі прарок Іллюк. Уздымаў лапы, падобныя на звязкі тоўстых карэнняў:
        - І прыйдзе за мною - праява мне была - нехта, як за Янам Ксціцелем... Езекііля[2] ведаеце?
        - Не! Не!
        - То яму, як і мне, сказана было: па грахах вашых і памаўзліваму юрадзейству тужыць па вас нябесны Ерусалім. Воды вашы горкія, бо гарэлка, што выпілі вы, - тут расстрыга заплюшчыў вочы і правёў далонню па пузе, - па-айшла-а па жылах зямных. І сказаў мне з Езекііля: "Еш ячменныя праснакі і пячы іх на чалавечым кале".
        Бабы вакол плакалі. Мяшчане і рамеснікі змрочна глядзелі ў адверстую пашчу. А тут яшчэ паддаваў жару юрод, крычаў аб зямлі, якая згарэла, аб коршаках, якія судзяць мышэй, аб небе, што вось-вось саўецца ў світак.
        Тужліва было слухаць яго - хоч ты плач. І адначасова трохі і памысна. Бо ўсё ж абяцаў і ён нейкае прасвятленне.
        - Але прыйдзе, прыйдзе муж нейкі і вызваліць вас! Блізка! Блізка! Блізка!
        Рыбнік сплюнуў пахмельную сліну.
        - Што гэта там дурань пра суд крычаў?
        - Судзяць сёння сіх-тых у замку царкоўным судом.
        - Што, можа, тых, што псоту пускалі? Ад каго голад?
        - Голад - ад Бога.
        З самага заканчэння пабудовы Старога Замка суд часцей за ўсё засядаў у вялікай суднай зале. У малой зале замкавы суд збіраўся толькі на асабліва патаемныя працэсы. Аддавалі вялікую залу і царкоўнаму суду, калі гэты апошні не баяўся вынесці смецця са сваёй хаты. Тайныя ж допыты ён праводзіў звычайна ў сутарэннях дамініканскай капліцы, калі судзілі католікі. А калі судзілі праваслаўныя, то ў падземнай турме ля трохкупальнай Ганны або ў адным з мітрапалічных дамоў - камяніц тых, што ля Каложы[3].
        Сёння дастаслаўны сінедрыён поседам сядзеў у вялікай суднай. Адпачыўшы пасля палявання, добра такі выпіўшы напярэдадні (а Лотр яшчэ і разгавеўшыся), айцы непасрэдна прыступілі да важлівай справы, дзеля якой жылі ў гэтай зямной юдолі і насілі мантыі і расы рознага колеру, у залежнасці ад таго, як каму пашанцавала.
        Зала была, уласна, верхняй паловай усходняга нефа[4]. Замкавы палац быў пабудаваны ў выглядзе базілікі, як царква, і меў шэсць нефаў, з якіх сярэдні быў толькі трохі вышэйшы за астатнія. Да яго прылягала па два бакавых нефы з кожнага боку і адзін папярочны, трансэпт. Сярэдні неф быў ва ўсю вышыню будынка і служыў залай для тронных прыёмаў. У трансэпце былі пакоі вялікага князя, а потым караля і іхніх двароў, цяпер даволі запушчаныя. Бакавыя і папярочны нефы былі пасля паходу Вітаўта на Пскоў[5] падзелены на два паверхі. У ніжнім паверсе заходняга нефа жыла варта, у другім - прывілеяваныя воіны. Другі заходні неф служыў жыллём для замкавых жыхароў, і там былі скарбніца і падземны ход за Гараднічанку. У першым, усходнім нефе, на абодвух паверхах, былі жытло для шаноўных гасцей і вялізная дварцовая капліца. І, урэшце, у першым паверсе крайняга ўсходняга нефа былі цямніцы для радавітых і склады зброі.
        На другім паверсе большую частку памяшкання займала вялікая судная зала (малая была ў трансэпце, пад бокам у караля), а меншую, аддзеленую ад яе пры Вітаўце ж мурам у тры цагліны, - катоўня. З катоўні скрыты ход у сцяне вёў праз усе паверхі пад зямлю, дзе былі сутарэнні для вязняў, а яшчэ глыбей каменныя мяхі, у якіх губляўся назаўсёды след чалавечы і адкуль за стагоддзе з лішнім не выйшаў, здаецца, ніхто, нават на могілкі. Аб іхніх жыхарах проста забывалі і, калі спушчаны ўніз гарлач з вадою праз тры дні поўны вяртаўся назад - закрывалі дзірку ў столі мяшка каменем, бы запячатвалі збан з віном, а праз паўгода, калі пераставала смярдзець, спускалі туды ж на вяроўцы новага вязня. З-за таго, што судная зала была ў верхняй частцы нефа, вострыя гатычныя скляпенні з пукатымі рэбрамі нярвюраў[6] віселі ледзь не над самай галавою, папярочна-паласатыя, у чырвоную і белую палосы. Вузкія, як шчыліны, верхнія часткі вокан былі ля самай падлогі, і таму святло падала на твары членаў суда ненатуральна, асвятляючы толькі ніжнюю частку падбароддзя, там, дзе яно пераходзіць у шыю, лапік пад ніжняй губой, ноздры і верхнюю частку верхніх павек з бровамі. Насы кідалі шырокую паласу ценю на лоб, непрасвяцімая цемра ляжала ў вачніцах, і твары суддзяў здаваліся таму злавеснымі, незвычайнымі, такімі, якіх не бывае ў людзей.
        Суддзі сядзелі на ўзвышэнні, ля самага ўваходу ў катоўню, за сталом, што быў завалены скруткамі паперы, фаліянтамі спраў, пер'ямі. Акрамя Басяцкага, Камара і Лотра, сёння, як на ўсіх працэсах, што былі царкоўнымі па юрысдыкцыі, але датычыліся ўсяго горада, сядзелі ў суднай зале войт горада Цыкмун Жаба, шырокі брухам, грудзьмі і ўсім іншым магнат, апрануты ў залататканую чугу і з пячаткаю неверагоднай тупасці і такога ж неверагоднага самаўзвышэння на твары; бурмістр горада Юстын, якога ўжо трэці год выбіралі на гадавы тэрмін: мяшчане - таму, што быў адносна справядлівы, купцы - таму, што быў багаты, а царква хаця і не выбірала, але не пярэчыла, бо толькі яны адны ведалі, колькі ўсяго рознага ўдалося ім і магнацтву выдраць ад Юстына, рады і горада за гэтыя тры гады.
        Сядзеў, акрамя іх, схізмат (дармо, што Гародня тады была пераважна праваслаўнай), правялебны Рыгор Гародзенскі, а ў міры Гіляр Балвановіч, а для непачцівых і цяпер проста Грынь. Рыхлы, сонны, з маленькімі мядзведжымі вочкамі. Адны толькі гараджане ведалі, што, калі даводзіцца разбараняць у бойках гарадскія канцы, гэтая млявасць правялебнага можа цалкам нечакана, як у кракадзіла, перайсці ў бліскавічныя хуткасць і спрыт.
        Акрамя іх, было яшчэ некалькі духоўных за судзейскім сталом, а ў другім канцы залы вяшчальнікі, якія за пачаткам суда выйдуць за муры і абвесцяць аб усім гораду, і дзесяткі тры цікаўных са шляхты і іхніх кабет.
        Ды яшчэ ля сцен стаяла варта, а сярод іх вызначаліся двое: паўсотнік Пархвер, сапраўдны гігант у сажань і шэсць дзюймаў ростам і адпаведны ў плячах і грудзях, і сотнік Карніла, змрочнага выгляду, нізкалобы і каржакаваты, як корч, воін.
        На Пархвера на вулках глядзеў натоўп. У Кракаве па ім вар'яцелі прыдворныя разбэшчаныя жонкі, таму што быў ён не проста хваравіты гігант, якога і вецер пераломіць, а сапраўдны, прапарцыянальна складзены волат, першы на кані, першы на мячах, першы за сталом, з рукамі, таўшчынёю, як сярэдні чалавек у поясе, вагою трохі цяжкаваты. І прытым не бык. Твар спакойны, вочы вялікія і сінія, нават з задумлівасцю, валасы залатыя. Чорт яго ведае, як яго такога ўмудрыліся выпусціць на свет?!
        Карніла здаваўся перад ім проста малым, хаця быў сярэдняга росту. Чырвоны, трохі больш грузны, чым трэба, падстрыжаны пад гаршчок, падобны ў сваіх латах на самавар - нічога асаблівага. Млелі па ім пры двары, дзе ён таксама бываў у войтавай свіце, куды меней. І ўсё ж, хаця жанчыны і тут рабілі палітыку ў большай ступені, чым гэтага хацелі і чым аб гэтым думалі мужчыны, Карніла ішоў да вайсковай верхнасці хутчэй за ўсіх. І ўсе ведалі: менавіта яму дадуць тысячніка, калі з выпадку вайны трохі павялічыцца гародзенскае войска. Таму што Карніла вызначаўся дзіўнай, амаль нечалавечай спраўнасцю, вернасцю і дысцыплінай, а ў Пархвера, хаця і разумнейшы быў, здараліся прыпадкі ярасці, гневу і баявой лютасці, такой, калі чалавек ужо не зважае ні на што: ні на ворага, ні на сваіх начальнікаў.
        Калі яшчэ дадаць, што з прыадчыненых дзвярэй катоўні вырывалася і скакала па скляпеннях і нярвюрах зарыва, што адтуль часам выглядаў кат, - перад намі будзе поўная карціна таго, што адбывалася ў суднай зале тым летнім днём.
        Цыпрыян Лотр сядзеў сёння як старэйшы на месцы старшыні суда. Няўхвальна паглядаў, як фіскал[7] Ян Камар дрэмле, нахмурыўшы грозныя бровы. Што за дрэнны звычай спаць на ўсіх прэніях?! "Бярэ" занадта чалавек. І спіць мала ўначы. Але ж вось не дрэмле Басяцкі за сваім асобным, адвакацкім столікам. Шамаціць сувоямі паперы і пергаментнымі аркушамі, з-пад аксаміцістага чорнага капюшона глядзяць жывыя вочы.
        Гэты не дрэмле, хаця таксама не спіць начамі, хай сабе зусім з другой прычыны, чым Камар. Па-першае, тайныя справы (доўга ім яшчэ быць тайнымі, хай не спадзяецца, і добра, калі год праз восемдзесят можна будзе ўзняць забрала і адкрыта назваць дамініканскую капліцу езуіцкай, якой яна, фактычна, вось-вось будзе, або, ні на каго не зважаючы, узвесці вялізны новы касцёл[8]); па-другое, думы аб тым, як, акрамя невялічкай сваёй дамініканскай школкі, прыбраць у рукі, хай сабе і непрыкметна, парафіяльную ды царкоўную школы. Па-трэцяе, іншыя начныя справы. Гэта ён тут толькі адвакат, а вось што ён па начах у сутарэннях дамініканскай капліцы?!
        Кардынал устаў:
        - Імем маці нашае, рымскае царквы, вінавацяцца сёння ў страшных злачынствах супраць Бога і чалавецтва гэныя брыдкія адроддзі пекла, зграя сатаны... Прынясіце схопленых.
        Карніла прынёс з бакавой нішы і паставіў на стол клетку з мышамі. Сярод цікаўных завішчала нейкая пані. Пачаўся Божы суд.
        - Хай палохаюцца падсудныя суда Божага. - Кардынал нават сам адчуваў, як сыходзіць высакародствам ягонае аблічча. - Я, нунцый яго свяцейшаства папы...
        Ён гаварыў і гаварыў, з асалодаю адчуваючы, як лёгка плыве мова, як тонка, зусім не па-кухоннаму гучыць залатая лаціна, як грацыёзна рухаюцца пальцы па краях скруткаў.
        - ...іспісаўшы правіны іхнія, перадаю стырно суда фіскалу. Прачытайце абвінавачванне, фіскал.
        - Га? - толькі тут прачнуўшыся, спытаў Камар.
        - Вазьміце на сябе шчыт веры, брат мой, каб адбіць усе распаленыя стрэлы крывадушніка.
        Біскуп устаў, міргаючы не толькі вачыма, але і цяжкімі бровамі, пашукаў пачатак прамовы сярод аркушаў, не знайшоў. І раптам ірвануўся адразу на крык, нібы з берага ў кіпецень.
        - Шалберы, махляры, ерэтыкі ў сатанінскім юрадзействе і зладзействе сваім, аб'елі яны нашу квітнеючую краіну, - біскупавы пальцы, бы ў латы, закутыя ў золата, хрызапразы, смарагды і бірузу, торкалі ў клетку. - Гноем павінныя гадавацца - хлеба яны ўсхацелі.
        Грубы рэзкі твар наліваўся бурай крывёю, пенныя заедзі накіпалі ў кутках вялізнага жорсткага рота.
        - Радзіму нашу мілую, слаўны горад Гародню, горад гарадоў, асірацілі яны. Жэрлі, бы не ў сябе, і апаганьвалі жыта наша, і выводзілі ў ім гэтакіх жа дзяцей граху, як самі. Імем царквы ваяўнічай, імем Бога і апостальскага намесніка яго на зямлі, імем вялікай дзяржавы нашае і прасветлага кроля Жыкгімонта - я вінавачу!
        Голас ягоны загрымеў пад нізкімі скляпеннямі, як голас звона ў званічнай клетцы.
        - Я вінавачу гэтае адроддзе ў беганіне ўначы пад падлогаю, у палоханні жонак і... палюбоўніц...
        Лотр зразумеў, што Камар трохі заманіўся. Ужыў з разгону пасля слова "жонак" злучнік "і", не ведаў, што б такое назваць яшчэ, і, па сваім вопыце ведаючы, што "каханка" ўсё ж менш ганебна, чым "дзеці", ляпнуў "каханку". І гэта ў той час, калі дзяцей мае кожны жыхар горада, а трымаць палюбоўніц - рэч недазволеная.
        - ...пражэрлівасці, смуродзе злашкодным, раскраданні чужога збожжа і іншым. Я патрабую каразна[9]!
        Не, "палюбоўніц", здаецца, ніхто не заўважыў. Наадварот. Камар так узбухторыў народ, такі ён зараз выключна велічны, што цікаўныя адказваюць крыкамі, а пані істэрычным віскам:
        - Пражэры! Драпежнікі! Шкоднікі!
        Другі вяшчальнік выходзіць, каб пракрычаць народу, чаго патрабаваў фіскал.
        Лотр успамінае ўсе такія працэсы. Што зробіш, Богу падпарадкоўваюцца і жывёлы, хаця іхняя душа танюткая, зусім празрыстая і не мае перад сабою вечнасці і бяссмерця. Судзілі год сто назад у Рыме чорнага ката алхіміка... як бо ж яго... ну, усё адно. Павесілі. Судзілі разам з гаспадаром, лекарам Карнеліусам з Майнца, ягонага барана, у якога ўсяліўся дэман. Судзілі год пяцьдзесят таму ў Францыі Сулара і ягоную свінню. Яго спалілі, яе закапалі ў зямлю. Дэману, ворагу рода чалавечага, нельга патураць, нават калі ён знаходзіць сабе прыстанак у бесславеснай істоце. Судзілі ўжо і мышэй, у Швейцарыі. І казлоў судзілі і палілі. Гэтых часцей за ўсё, за схожасць з чортам.
        І, аднак, Лотр усміхаецца. Ён не ведае, аб чым думалі іншыя суддзі, ці верылі ў правіну Суларавай свінні і лекаравага барана, але ён, Лотр, не ўпэўнены, што зубамі мышэй дзейнічаў на гэты раз д'ябал. Ён ведае, што гэты суд нешта накшталт пластыра, які адцягвае гной, або п'явак, якія смокчуць лішнюю кроў, каб яна не кінулася ў галаву. Можна праявіць і міласэрнасць, якой славута Хрыстова царква.
        І пад удар молата Лотр устае. Сціхае шалёны крык.
        - Нашто ж так жорстка? - Твар ягоны свеціцца. - Бедныя, літасць царкоўная і на іх. Ці прызнаяце вы правіну сваю, малодшыя, падманутыя браты нашы?
        Карніла нахіліўся да клеткі. Але гэтага нават не трэба было рабіць. У раптоўнай мёртвай, зацікаўленай цішыні ясна аддалося жаласнае папіскванне мышэй.
        - Гм... Яны прызнаюць сябе віноўнымі, - сіпла сказаў Карніла.
        - А вы ім хвасты не прыціскалі? - з тым жа светлым абліччам спытаў Лотр.
        - Крый Божа... Гэта ж не чалавек... Я... іх, скажам шчыра, баюся.
        - Царква міласэрная. Дык вось, брат мой Фларыян, скажы ў абарону аблудных гэтых.
        Прыкрыўшы вочы рукою, Лотр сеў. І адразу ўстаў айцец Фларыян. Усмешка на хвіліну прамільгнула па вуснах, шэрыя вочы змежыліся, бы ў яшчаркі на сонцы.
        - Яны прызналіся ў раскраданні хлеба. Чаму вучылі мяне ў такіх выпадках у Саламанскім універсітэце? Вучылі таму, што галоўнае ў суднай справе - прызнанне абвінавачанага ці абвінавачанай. Нават калі іншых доказаў няма - яно сведчыць аб жаданні жывой істоты быць чыстым перад Богам і царквою. Тут мы, на шчасце, маем досыць доказаў. - Хітрая, разумная, чымсьці нават прыемная ўсмешка зноў прабегла па вуснах патаемнага езуіта. - Маем мы і прызнанне. Значыцца, пераконваць у неабходнасці прызнання нікога не даводзіцца, і кніга праўды, якую запаветалі нам найчысцейшыя дбайнікі веры Шпрэнгер і Інстыторыс[10], сёння застанецца закрытай.
        - Разгарніце яе! Разгарніце! - залямантавала нейкая жанчына на лавах.
        - Я ведаю яе на памяць, - сказаў дамініканец. - І я не задумваўся б ужыць яе, каб для гэтага былі прычыны. Пакаранне мы знойдзем і без "Молата ведзьмаў". Помніце, яны прызналіся... Зрэшты, паколькі справа аб хлебе датычыцца перш за ўсё не сыноў царквы, якія дбаюць больш аб хлебе духоўным, а міран - я хачу спытаць, што думае аб гэтым славуты сваім найвенкшым багаццем, розумам і сілай, ды яшчэ і адукацыяй, магнат, ілюстрысіме Цыкмун Жаба.
        Жаба перабіраў тоўстымі пальцамі вясёлкавы шалевы пояс, які ляжаў у яго не на жываце, а пад грудзьмі. Тлустыя касіцы чорных валасоў падалі на вочы. Адкашляўся. Твар стаў такі, што хаця б і Карлу Вялікаму па паважнасці, толькі што дурны, як свіная левая шынка.
        - Свядомасць - важная справа. То бок прытомнасць... Тфу... прызнанне. Прызнанне - гэта... уга!.. Памятаю, выпівалі мы... Прызналіся яны тады... Зноў жа, і хто кажа, што ведае, гаворыць праўду, а словы лжэсведкі - падман. Мужыкі мае сведчылі: аб'елі іх мышы, а...
        Жаба тужыўся, нараджаючы ісціну.
        - ...гэта... vox populi vox... гэта... Як бо гэта ў калегіюме казалі... ну, arbiter elegantiarum...[11] Памятаю, закусвалі мы...
        - Скажыце пра мышэй і збожжа.
        - Збожжа трэплюць: водзяць па ім малатарныя колы з канямі іхнімі. І гэта адбываецца ад Пана Бога. Вялікая прамудрасць ягоная.
        - Дзякуй.
        Басяцкі ўбачыў, што Лотру - хоць праз зямлю праваліся. Добра яму, а што б рабіў ён, каб даводзілася жыць побач з такім?
        Войт не проста ідыёт, а ідыёт дзейны, ды яшчэ і п'яны і ўпэўнены ў сваіх велічы і розуме. Крыўдуе, калі хоць па самаму дробнаму пытанню не спытаюць ягонай думкі. А ён - войт, значыць, ад караля. Ён гаспадар горада. Ён багаты, як халера, і моцны, як чума. "У яго войска, і паглядзеў бы я, як ты, кардынал, пасварыўся б з "мячом горада".
        Але ён добра валодаў сабою. І таму расчулена паківаў галавой і сказаў з класічным аратарскім жэстам:
        - Я заклікаю ў гэты раз быць міласэрнымі: не ведаюць бо, што вытвараюць. Улічыце, гэтыя шэранькія стварэнні могуць прыносіць і карысць. Яны паядаюць лічынкі, і насякомых, і чарвякоў.
        Аблічча ягонае было аблічча самай уседаравальнай літасці.
        - Яны елі, так, але ж і яны павінны падтрымліваць тленнае цела, калі ўжо Бог наш уклаў у яго душу.
        Лотр хітаў галавою, быццам яго ўмашчалі нардам[12].
        - І, нарэшце, галоўны мой козыр... э-э-э... довад: мышам невядомыя Запаветы Майсея, што забараняюць прысвойваць чужую ўласнасць. Я скончыў.
        - Суд ідзе на думу і нараду, - сказаў Лотр.
        ...У дзень вялікага суда над мышамі вольны мужык прыгараднай вёскі Занямонне Зянон з'явіўся ў Гародню, каб купіць хаця трэць бязмена збожжа. У Занямонні, як і паўсюль, было дужа цяжка, і, напрыклад, сам Зянон з жонкаю ўжо чатыры дні не елі ні хлеба, ні кашы. Згарэла нават лебяда. Удавалася, што праўда, лавіць рыбу. Ды што рыба? Рыбаю тою кішаць рэкі. Удавалася нават, з вялікай асцярогай, лавіць сілом зайцоў, і быў аднойчы выпадак - лань. Мяса і рыба былі - гэта праўда. Але дарослыя ўжо цэлы год дасыта не елі хлеба, часам месяцамі не бачылі яго. Мяса, заўсёды толькі мяса дзікіх жывёл, ды яшчэ і забароненых верай (як заяц) або магнатам (як лань). Сёння спаймаў аж трох, а потым за тыдзень нічога. А солі, каб зберагчы, таксама не было.
        Дзецям бацькі ўсё ж давалі патроху хлеба, і то малыя пакутавалі жыватом. А самім даводзілася дрэнна.
        Ад заўсёднага мяса без солі аж вараціла, і ўвесь час думалася, а што будзе зімою, калі Нёман укрыецца лёдам, калі звяры адкачуюць у нечапаныя пушчы, а сляды будуць заставацца на снезе, а значыць, у кожны момант цябе могуць спаймаць панскія паюкі. Што будзе тады?
        Зянон гнаў ад сябе гэтыя думкі. Усё адно нічога не зробіш. Ён прайшоў зарэчную частку з дамамі багатай замкавай шляхты і замкавых рамеснікаў, прайшоў драўляны мост і стаў падымацца па ўзвозе. Увесь час яго абганялі вазы з ільняным насеннем, соладам, хмелем, бочкамі піва, вапнай, футрамі ў звязках, жалезнымі паробкамі і, галоўнае, хлебам. І мужык не мог не думаць, чаму гэта так, што вось у яго няма і бязмена хлеба, як амаль ва ўсіх, а вазы цягнуцца, цягнуцца, і ўсіх іх хутка паглыне нясытая зяпа Старога рынку, а потым замежныя землі. Нешта тут усё было не тое.
        Вялікі горад, тысячы людзей, моцныя муры, крамы, замак, з дзесятак цэркваў ды яшчэ манастыры, ды капліцы, ды унь званіца курыі - глянеш - шапка валіцца, ды унь будуюць вялізны касцёл бернардынаў з кляштарам. А унь узвышаецца Святая Ганна. А там, далёка ўлева, зіхаціць, як вясёлка, Каложа, у імя Барыса і Глеба.
        На ўсё хапае. А ў мужыкоў няма хлеба. Ды і ў мяшчан не лепей. Колькі іх?! Унь вуліца Кавальская, Мечная, Піўная, Калёсная, вуліца Стрыхалёў[13], вуліца Адвеса[14], Утэрфінавая[15], вуліца Абадранага Бабра, Страменная, Багамазная, Разьбярны кут, ды яшчэ і яшчэ, дваццаць сем вялізных вуліц, не лічачы завулкаў, тупікоў ды асобных выселкаў, слабодак і хат.
        І ўсе гэтыя магершчыкі, кацельшчыкі, маляры, саладоўнікі, сталяры сядзяць і не маюць да чаго прыкласці рукі, і тымі ж вачыма, што і ён, Зянон, праводзяць кожны хлебны воз.
        Ад нязвыклага гарадскога шуму ў мужыка дурэла галава. Спакойнымі, глыбока пасаджанымі шэрымі вачыма ён глядзеў, як круцяцца колы берагавых млыноў (Нёманава плынь адводзілася на іх плятнямі), як паўзуць па блоках у верхнія паверхі складаў цюкі з таварам, чуў, як гарлаюць гандляры, як вухае васкабойка, як звіняць малаточкамі па сталі чаканшчыкі ў мечных майстэрнях.
        Пахла шкурамі, гноем, невядомымі, нетутэйшымі пахамі, гарэлкай, мёдам, сенам, салёнай рыбай, дзёгцем, хмелем, рыбаю свежай, каноплямі, іншым, незнаёмым Зянону.
        Трапляліся насустрач воіны ў медзі і сталі, магнаты ў золаце, парчы і галандскім сукне, гаспадыні ў шаўках - і Зянон збочваў сваімі скуранымі поршнямі ў пыл. Не таму, што баяўся (ён быў вольны), а проста, каб не запэцкаць гэтага дарагога хараства. Гэта ж падумаць толькі, на якія каштоўныя рэчы ўзбіліся людзі!
        На Старым рынку ён падышоў да крамы хлебніка.
        - Выручы.
        Хлебнік, нібы складзены са сваіх уласных хлябоў, агледзеў здаравеннага, трохі нехлямяжнага мужыка ў вышыванай кашулі і з сякеркай-кляўцом[16] за поясам (вольны!), белавалосага, хударлявага.
        - Чаго табе?
        - Хлеба.
        Хлебнік зірнуў на рудога суседа. Замест адказу спытаў:
        - Дзяцей у цябе многа?
        - Хопіць.
        - Ну вось, каб у мяне так зернеек было... А чаго ты да каго з паноў не пойдзеш ды купу[17] не возьмеш?
        Рука Зянонава паказала на клявец:
        - Гэта ўсё адно што вось адразу г э т а аддаць... Гэта ўсё адно што вось зараз яго табе аддаць ды пайсці.
        - Гэтую цацку?
        - Гэта т а б е яно - цацка.
        - Бач, горды... Няма ў мяне хлеба.
        Зянон уздыхнуў, зразумеўшы, што пазычыць не выйдзе. Была ў яго ў хаце шкура срэбнай лісіцы, яшчэ зімовая, ды ўсё бярог, і вось толькі ўчора, жадаючы прадаць даражэй, заквасіў апошнюю жменю мукі ды намазаў шкуру з мяздранага боку. Не выпадала аддаваць апошнюю манету, мала што можа здарыцца за два тыдні, пакуль не прадасць лісіцу (мог прыехаць, напрыклад, поп, і тады не абярэшся лаянкі, а можа, і горшага), ды што зробіш.
        Ён выцягнуў манету з-за шчакі, лінуў на яе вадою з цэбра, што стаяў на зрубе.
        - Чаго мыеш?
        - Я-то здаровы. А бываюць розныя, пракажоныя хаця б. Хоць усё гэта і ад Бога, а ў рукі браць брыдка.
        - Ну, гэта як каму, - усміхнуўся хлебнік.
        - То дасі?
        Хлебнік пачухаў галаву:
        - Дынарый кесара. Любы ты мой чалавек. Чалавек ты ўжо дужа харошы. Горды. Ну, можа, наскрабу. - І манета знікла, нібы яе й не было.
        Зянон стаяў і чакаў. Праехаў паўз яго воз з сенам да брамы бернардынаў. Побач ішоў здаровы дурыла-манах. Калматы сялянскі конік пацягнуўся быў да воза - манах ударыў яго па храпе. Конік звыкла - нібы заўсёды так было паложана - апусціў галаву са слёзнымі вачыма.
        І тут Зянон убачыў, як напярэймы возу ідзе знаёмы каваль, Кірык Вястун, боўдзіла, можа, толькі на галаву ніжэйшы за славутага Пархвера. Твар адмыў, а рукі - чорт ты іх нават за тыдзень адмыеш. Смяецца, зубы прадае. Жоўты ў пшанічны колас, як агонь у ягонай кузні. Вочы ястрабіныя. Скураны фартух цераз плячо, у адной руцэ молат. А з ім ідзе яшчэ адзін здаравіла (ох, і здаровы ж гародзенскія мяшчане, дый паўсюль па Белай Русі не горшыя!), толькі што худзейшы ды валасы занадта доўгія. Гэты - у бялюткай, як снег, світцы і ў данельга заляпаных гразёю поршнях. Цераз плячо - казіныя мяхі вялізнай дуды.
        Дудар глянуў на сцэну з конікам, пайшоў да воза і скубануў адтуль вялікі ахапак сена. Манах сунуўся быў да яго, але тут павольна падышоў Вястун.
        - Чаго табе, чаго? - спытаў нявінным голасам.
        Дудар ужо кінуў сена коніку.
        - Еш, Божая худоба, - і трапануў яго па грыўцы, што звісла на вочы. Жывёла прагна пацягнулася да сена.
        - Сена шкадуеш, куражэр? - спытаў Кірык. - От так табе чэрці ў пекле халоднай вады пашкадуюць.
        - Сам у пекле будзеш, дысыдэнт[18], - сказаў бернардынец.
        - За што? За тое, што не так жагнаюся? Патрэбна гэта Пану Богу, як тваё мінулагодняе дзярмо.
        - Блюзнер! - круцячы вачыма, як баран перад пратэсамі, прахрыпеў мніх.
        - Скубі яшчэ ахапак! - скамандаваў Кірык.
        Валыншчык марудзіў, бо манах пацягнуўся да корда. І тады каваль узяў яго за руку з кордам, хвіліну павагаўся, адольваючы немалое супраціўленне, і павёў руку з кордам да мніхава лба:
        - А вось я цябе навучу, як схізматы хрысцяцца. Хаця раз ды саграшы.
        Каб не параніцца, бернардынец расціснуў кулак. Корд змейкаю бліснуў у пыле. Дудар падумаў, узняў яго, з сілаю шпурнуў у студню. Там гулькнула. Ён паправіў дуду і пайшоў да воза.
        - Вось так, - Вястун з сілаю прыпячатаў мніхаў кулак да ягонага лба. - І вось так, - мніх сагнуўся ад штуршка ў жывот. - А цяпер правы плячук... Куды ты, куды? Не левы, а правы. А вось цяпер - левы.
        І з сілаю адкінуў мніха ад сябе.
        - Блюзнерства гэта, Кірык, - няўхвальна сказаў дудар. - Гарэзаванне.
        - Кінь, - плюнуў каваль. - Унь Кляонік каталік. Што я, прымушаў яго па-нашаму жагнацца? Ды я яго кулаком абмахаў, а не пяццю пальцамі. Кінь, дудар, сам хвігаю жагнаешся.
        Конік удзячна хітаў галавою. І тут сёй-той на плошчы, і Зянон, і нават сам каваль свіснулі. З абскубенага воза тырчалі жаночыя ногі, падціскаліся. Мніх з бліскавічнай хуткасцю ссунуў на іх сена, пабег побач з коньмі, падганяючы іх.
        Брамнік з грукатам адчыніў перад возам браму. Усміхнуўся з разуменнем справы.
        Воз знік. Ляснулі палавіны брамы.
        - Бачыў? - з рогатам спытаў Кірык. - Вось табе і скубанулі.
        - Вачам не веру, - палез у патыліцу дудар.
        Сябры з рогатам рушылі вуліцай, стараючыся заняць як мага больш месца.
        "Трэба будзе з кавалём пагаварыць", - падумаў Зянон.
        Хлебнік ужо выйшаў з невялічкім хатульком. Гледзячы ў спіны сябрам, шапянуў:
        - Ерэтыкі. Цяпер вядома, адкуль такія лісткі падмётныя, вабныя з'яўляюцца, ад якіх такіх братэрстваў.
        Зянон убачыў клуначак.
        - Ты што? Пабойся Бога, хлебнік.
        - Уздаражэла збожжа, - пазяхнуў той. - Ну і... потым... табе ўсё адно праз тыдзень прыходзіць, то астачу, столькі ж, тады возьмеш. Каб не навальваўся адразу, каб далей хапіла. Я цябе шкадую.
        - А збожжа тым часам яшчэ ўздаражае?
        - Шкадуй пасля гэтага людзей, - сказаў рыбнік.
        - Слухай, ты, - засіпеў хлебнік. - Мала ў мяне хлеба. Зусім амаль няма. І мог бы я табе і праз тыдзень нічога не даць, і ўвогуле не даць. Ціхон Вус твой сябар?
        - Ну, мой.
        - Не ведаеш закону? Між сяброў кругавая парука. Вус мне двойчы па столькі вінен. Ідзі... І калі хочаш, каб увесь горад цябе па языках трапаў, каб усе ў цябе пальцамі торкалі і казалі: "Вось, кіпаць[19], мужык прагны, сябра, чулі, як шкадуе, як выручыць не згадзіўся?..", калі хочаш прытчай і наруганнем агульным быць - тады прыходзь праз тыдзень за другой паловай.
        Зянон стаяў бледны. Ён ведаў: яго толькі што бессаромна падманулі. І што цяпер даваць дзецям? Але ён ведаў і тое, што ні праз тыдзень і ніколі не прыйдзе па астатняе збожжа. Звычай ёсць звычай. Ніхто не дапаможа, усе будуць паказваць пальцамі на чалавека, які не заплаціў доўг за бліжэйшага друга, не дапамог яму.
        Акруціў, навалач-хлебнік.
        Заграбаючы поршнямі пыл, Зянон рушыў ад крам. Што ж цяпер рабіць? Што будуць есці дзеці?
        Рука ягоная трымала клунак, зусім не адчуваючы яго, нібы ватнымі пальцамі. Усё больш разгіналіся яны - ён не заўважаў, глядзеў невідушчымі вачыма перад сабой.
        Хатулёк выслізнуў у пыл і, не завязаны, а проста сабраны, расхінуўся. Жыта пасыпалася ў пыл. Ён хацеў сагнуцца і падабраць хаця тое, што ляжала купкаю, але ў гэты момант са стрэх, з дахаў, са званіц касцёла бернардынцаў, адусюль, са свістам разразаючы паветра, падаючы проста грудзьмі, рынулі на яго соценныя чароды галубоў.
        Ежы ім апошнія месяцы не хапала. Ашалелыя ад голаду, забыўшыся на ўсялякае самазахаванне, яны біліся перад Зянонам у пыле, дзяўблі зямлю і адзін аднаго, суцэльным комам варушыліся перад ім.
        - Вестуны Божага міру, - разумеючы, што ўсё прапала, сказаў мужык. Не даваць жа выспятка, не таптаць было святую птушку. Зянон махнуў рукою.
        - Разява, - зарагатаў ля крамы рыбнік. - Рукі ў...
        Зянон не пачуў. Ён доўга ішоў бязмэтна, а потым падумаў, што ўжо ўсё адно, што трэба, ад няма чаго рабіць, хаця б знайсці Вестуна, пагаварыць трохі, адцягнуць нясцерпнае вяртанне дахаты.
        І ён пайшоў у той бок, дзе зніклі дудар і Вястун. Не дайшоў. Насустрач яму ішлі яшчэ знаёмыя. Адзін, шырокі ў касці, да сіняга чорны і добра такі сівы, падстаркаваты гараджанін цягнуў, нібы звязку аеру, ахапак адкутых мечных палосаў. Другі, малады і вельмі падобны на падстаркаватага, такі самы сухі тварам, гожы, праманосы, з добра выразаным усмешлівым ротам, валок інструмент. Гэта былі мечнік Гіаў Турай і ягоны сын, Марка.
        - Здароў, Зянон, - сказаў Марка.
        - Дзень добры, - сказаў Гіаў.
        - Здароў.
        - Чаго гэты ты, нібы каня няўдала ўкраў? - спытаў Марка.
        Зянон неахвотна расказаў усё. Гіаў свіснуў і раптам сказаў сыну:
        - Ану, пайшлі з ім. Кідай справу.
        - Чакай, Кляоніка возьмем. Дый цяжар там пакінем.
        - Ну, давай.
        Яны пакрочылі да невялікай майстэрні ў суседнім Разьбярным куце.
        - Вы, хлопцы, Ціхону Вусу толькі нічога не кажыце. Сорам! Задражняць. Скажуць: "Кіпаць".
        - Ты, дзядзька, маўчы, - сказаў Марка.
        Перад домікам разьбяра пылу не было. Усю вулку тут засцілаў тоўсты слой стружак і габлюшак, і старых, пацямнелых, і пахучых, новых. Пад навесам, што апаясваў будыначак, стаялі загадзя зробленыя падмайстрамі балванкі, недаробленыя багі. І вялікія, і сярэднія, і зусім малыя. Над нізкімі дзвярыма - складзень з двума адкінутымі, як аканіцы, палавінамі (каб прыкрыць у дождж ці завіруху). У складні, на немалую спакусу ўсім - Маці Божая, як дзве кроплі вады падобная на славутую зеляніўшчыцу з Рыбнага рынку Фаўстыну, нават не каталічку. Фаўстына, склаўшы ручкі і схіліўшы ўсмешлівую, чарцячую галоўку, з цікаўнасцю, бы з яра на голых купальшчыкаў, глядзела на людзей.
        - Кляонік, дружа! - гукнуў Марка.
        Адчынілася слюдзяное акенца. Выглянула, як на майстра, то і зусім саплівая (год пад трыццаць), галава. Смяецца. А чаго не смяяцца, як дагэтуль халасты, як усе цябе любяць, нават прыгажуня непараўнальная, Фаўстына.
        Кляонік, вітаючы, узняў руку з разцом. Валасы, як залацістая хмара. Цёмна-блакітныя вочы і велікаваты рот смяюцца. І Марка засмяяўся яму ў адказ. Сябры! Усмешкі аднолькавыя. Вельмі прыемныя, трохі лісіныя, але бяспечныя.
        - Выходзь, Кляонік, справы.
        - Чакай, вось толькі задніцу святой Інэсе дараблю, - сказаў разьбяр.
        - Як задніцу? - спытаў Гіаў.
        Замест адказу Кляонік паказаў у акно драўляную, у палову сажня, статуэтку жанчыны, якая ўкленчыла перад кімсьці. У жанчыны былі доўгія, да зямлі, валасы. Невядома, як гэта ўдалося разьбяру, але каштанавае дрэва гэтых валасоў было лёгкае нават на выгляд і, здавалася, празрыстае. А паколькі жанчына трохі схілілася, прыціскаючы гэтыя хвалі да грудзей, валасы ўпалі наперад, прыагаліўшы частку спіны. Дзіўнай прыгажосці была гэтая спіна, схопленая мастаком ў лёгкім, амаль непрыкметным, але поўным грацыі выгіне.
        І нічога тут не было кепскага, але разьбяр нібы саромеўся трохі і гаварыў грубавата.
        - А так. Яна ж валасамі галізну прыкрыла ў паганскай турме. Дзіва здарылася.
        - Дык, пэўна, і... спіну? - сказаў прыгаломшана Гіаў.
        - А мне што? Усё адно яна ў нішы стаяць будзе. Хто заўважыць? А мне практыкавацца трэба. Усе святыя ў рызах, бы язык у звоне, а тут рэдкі выпадак.
        Некалькімі амаль нябачнымі, пяшчотнымі рухамі ён падправіў статую, кінуў ёй на галаву фартух - прыкрыйся! - і выйшаў да гасцей, падпёршы трэсачкаю дзверы.
        Вестуна, Дудара і Зянонавага сябра Ціхона Вуса знайшлі ля Ціхонавай майстэрні ў залатым радзе.
        Ціхон, і сапраўды такі вусаты, што каштанавыя хвалі вусоў віселі да сярэдзіны грудзей, выслухаўшы, скрывіўся.
        - Дурань ты, дружа, - сказаў ён Зянону. - Я за той хлеб яму адрабіў. Пярсцёнак залаты з хрызапразам зрабіў ягонай... гм... яшчэ ў мінулым лістападзе. Яна ў лістападзе нарадзілася, то хрызапраз ёй - шчаслівы камень. Няўжо такая праца паловы бязмена збожжа не вартая? Я думаў - мы разлічыліся. І потым, калі галубы вінаватыя - ён павінен табе аддаць. Пляц, на якім ягоная крама стаіць, належыць Цыкмуну Жабе. І ён за яго ані шэлега Жабе не плоціць, а за гэта абавязаны галубоў з Бернардынскай і Янавай галубятняў гадаваць. То ён, відаць, ад нясытасці не гадуе. Вочы ў яго шырэйшыя за пуза і прагныя, як ястрабава валлё. Святых птушак да разбою прывучыў. Што ж рабіць?
        Кірык схаваў у кішэнь косці, якімі ад няма чаго рабіць мужыкі гулялі ўтрох, і ўстаў.
        - Ану, хадзем.
        - Куды яшчэ? - спытаў Зянон. - Вечна ты, Марка, раззвоніш.
        - Хадзем, хадзем, - падтрымалі каваля сябры.
        Ціхон таксама ўстаў. У яго былі дзіўныя рукі, брудна-залатыя аж вышэй кісцяў - так за дзесяць год уеўся ў іх бязважкі залацісты пылок, адзінае багацце майстра. Жылаватыя вялізныя рукі.
        І гэтыя залатыя рукі раптам сціснуліся ў кулакі.
        ...У суднай зале чыталі прысуд. Чытаў ларнік[20] суда, нават па выгляду дурны, як левы бот. Вырачваў вочы, рабіў жэсты пагрозы, жэсты міратворня, жэсты ўрачыстыя. А словаў зразумець было амаль нельга - быццам гарачую кашу варочаў у роце чалавек.
        - Ясней там, - усміхнуўся Лотр.
        - "...з гэтага сыходзячы, - ларнік адкашляўся, як Пярун, - высокі наш суд загадвае сатанінскаму гэтаму адроддзю..." Слухай!
        Ад пярунападобнага голасу мышы ў клетцы сталі на заднія лапкі. Ларнік павучальна і ўжо ад сябе сказаў ім:
        - Сказана бо, здаецца, у "Кнізе Выйсця": "Шма, Ізраіль!" Гэта, значыцца, "слухай, Ізраіль", во як.
        - У вас што, усе тут такія абдараваныя? - спытаў Лотр.
        - Многа, - сказаў дамініканец.
        Ларнік чытаў са скрутка далей:
        - "Загадвае высокі наш суд асудзіць тых на баніцыю[21], выгнаць тых мышэй за межы слаўнага княства і за межы слаўнага каралеўства, да ерэтыкоў, - няхай ведаюць. А паколькі яно высокае, наша правасуддзе, - выдаць ім ахоўную грамату ад катоў і варон". Вось яна.
        Карніла ўзяў у ларніка скрутак, пайшоў у кут, пачаў запіхваць яго ў мышыную нару. І раптам скрутак, нібы сам сабою, паехаў у падмосце, а яшчэ цераз хвіліну адтуль даляцеў радасны, сатанінскі віск.
        - То ж бо, - сказаў сотнік. - З моцным не судзіся.
        Волат Пархвер прыслухаўся:
        - Яны, па-мойму, яго ядуць. У мяне слых тонкі.
        - Іхняя справа, - буркнуў Сотнік.
        У падмосці пачалася радасная валтузня.
        - Бачыце? - сказаў змрочны Камар. - І яны прыйшлі. І гэтым цікава.
        Кардынал устаў.
        - Думаю, не павінны мы забываць аб літасці, аб чалавечнасці, а ў гэтым выпадку - аб анімалізме. Трэба даць два тыдні спакою маткам з малымі мышатамі... Нельга ж гэта, каб у дваццаць чатыры гадзіны.
        - Розум добра, а дурасць - гэта дрэнна, - як заўсёды, ні з пушчы ні з поля сказаў Жаба.
        - І месяц тэрміну для цяжарных мышэй, - сказаў Басяцкі.
        Ларнік слухаў, што яму кажуць і шэпчуць, крэмзаў нешта пяром. Потым устаў і агаласіў:
        - У адваротным жа выпадку - анафема!
        Сябры стаялі ля хлебнікавых дзвярэй. Хлебнік шныпарыў вачыма па суседзях-крамніках, але тыя, відавочна, не хацелі звязвацца са здаравеннымі, як буйвалы, рамеснікамі.
        - То што, - спытаў Вус, - пярсцёнка майго не лічыш?
        - Чаму? - схаваў вочы хлебнік. - Ну, памыліўся. Ну, памылка. Насыплю яму яшчэ вузлік.
        - І той насып, - змрочна сказаў "грак" Турай.
        - Гэта чаму? - узвіўся хлебнік.
        - А таму, - сказаў, смеючыся, Марка. - Чыя справа галубоў гадаваць? Ціснешся, скупірака? З-пад сябе з'еў бы?!
        - Ты ўжо змоўч, шчанюк, - засычэў быў на яго хлебнік.
        - А я вось табе дам "вузлік", - заступіўся за сябра Кляонік.
        - Ты чаго лезеш?! Ты?! Каталік! Брат па веры!
        - Брат я табе на нашых могілках буду: ты ля капліцы, я - з краёчку, дарма што я багоў рабіў, а ты іх рабаваў.
        - Блюзнер! - кіпеў хлебнік.
        - Змоўч, кажу, - усміхаўся Кляонік. - А то я з цябе лішняе дрэва здыму або зусім зраблю з цябе Яна Непамуцкага[22].
        - А вось табе і торба дзеля гэтага. - Кірык кінуў да ног хлебніка мех.
        - Гэта яшчэ нашто? - пачырванеў той.
        - Ён даў табе дзесятую частку талера. Гэта больш паловы вось гэтага меха.
        Зянону было хоць праз зямлю праваліся. Сам не здолеў, лабідуда, то вось сябры за яго распінаюцца.
        - Не, - ледзь выдушыў хлебнік.
        - Значыцца, не дасі жыта?
        - Раджу, ці што?
        - Та-ак, - падазрона спакойна сказаў Кірык. - Духі святыя ўсё падзяўблі, мышы падсудныя.
        І ён раптоўна ўзяў хлебніка за грудзі.
        - П'янюга, мачыморда, рабаўнік, ты ў мяне зараз Нёманаву ваду будзеш піць да страшнага суда.
        - Дзядзька... Дзядуля... Татуля... Швагер.
        - Ідзі, - кінуў яго ў дзверы Вястун.
        Хлебнік пабег у склад.
        - Дзі-ур-лі-бе-бе-бе-бя-бя-бя, - непераймальна, да самых нізкіх гукаў спускаючыся, прабляяла яму наўздагон дуда. Нібы вялізны дурны баран аддаваў Пану Богу садухі.
        ...Трохі пазней сябры спусціліся ніжэй Каложскай царквы, да Нёмана. Шырокі, імкліва-прыгожы, празрысты, ён ляцеў, як страла. Праменні сонца гулялі на плыні, на купалах Каложы, на свінцовых, пазалочаных рамах у яе вокнах, на аліўкава-зялёных, карычневых, вясёлкавых крыжах з майалікі, на дахах і крыжах Барысаглебскага манастыра. На недалёкай драўлянай званіцы "Алене", пабудаванай коштам жонкі былога вялікага князя, блішчалі ахвяраваныя ёю званы. Шмат. Дзесяткі два.
        Некалькі маладых мніхаў-жывапісцаў з манастырскай школы сядзелі на сонейку, корпаліся з фарбамі ў драўляных лыжачках, у паловах яечных шкарлупак, у кубачках, памерам з напарстак. Малявалі нешта на дошках, цюкалі чаканчыкамі па золаце і срэбры.
        - Таксама радыя цеплыні, - сказаў распешчана дудар. - Божаму сонейку.
        - А яны што, не людзі? - усміхнуўся Кляонік.
        - Дык вы ж адны адных не лічыце за людзей, - буркнуў Турай.
        Каваль пакасіўся на яго.
        - Яны - людзі, - сказаў разьбяр. - І страшэнна здольныя людзі. У мяне з імі больш братэрства, чым хаця б з тым... капланам Басяцкім. Непамысна мне, калі гляджу я ў ягоныя вочы. Ён нешта такое патаемнае, страшнае.
        - Кінь, - сказаў Марка. - Што ён, ад веры можа нас адвесці? Мы вас не чапаем, а вы нас не чапаеце.
        - Мы не чапаем. Яны могуць зачапіць.
        - Яны? - усміхнуўся Марка. - Слабыя? Колькі іх на Гародню?
        - А "Ганну" яны, слабыя, ужо адабралі ў вас. І пісар Богуш, са згоды караля, на іхнюю карысць былым Спасаіконапрэабражэннем паступіўся.
        - То ён жа табе лепей...
        - Мне ён не лепей. Мне будзе кепска, калі святую нашу раўнавагу яны парушаць. Калі ты за рэбры павіснеш, а я, каталік, за кампанію з табой. Як сябар. Чуў, вяшчальнікі сёння што крычалі? Мышэй судзяць. Нібыта проба. А доказная інквізіцыя гуляць пайшла. Малады Бекеш быў у Італіі, у Рыме. Жах там робіцца.
        - І нашыя не лепей, - сказаў Турай.
        - Правільна. Але "нашыя" далёка, - сказаў Вястун. - А гэтыя бліжэй і бліжэй. То што там казаў Бекеш?
        - А тое. Страшныя ідуць часы. Царкву маю нібы ахапіў злы дух. Манахі і папы гуляшчыя і прагныя. Тысячамі паляць людзей. Цёмнае ідзе, хлопцы.
        - Гэ-э, - сказаў Зянон. - Дарэмна ў набат б'еш. Тут у нас свой закон. Нікога асабліва за веру не чапаюць. Ну, паступіўся Богуш "Спасам". А чаму забываеш, што ён праваслаўны, што ён гэтаму вось манастыру Чышчаўляны падарыў, што нават вялікая княгіня яму, манастыру, званіцу пабудавала і сад пажалавала. Што суседняе з намі Панямунне яму кароль падарыў.
        - Былы кароль, - сказаў Вястун. - Былая каралева. Цяпер у нас каралева рымлянка. З тых месцаў, дзе людцаў тысячамі паляць.
        - Так, - сказаў Кляонік. - Дачка медзіяланскага[23] князя.
        - Дый Богуш ужо не той, - казаў далей каваль. - Хістаецца панства, хлопцы. Войт у нас хто? Іншыя паны? Праўду кажа Кляонік. Як бы нам сапраўды на коле не верашчаць. Асабліва калі яны, як з мышамі, спяюцца... нашыя ды іхнія. А мы ж таксама для іх... мышы... Страшныя ідуць часы.
        Яны адышлі далей, каб не перашкаджаць мастакам, і разваліліся на траўцы. Зянон, сядаючы на свой мех са збожжам, думаў.
        - Дурні яны, ці што? - урэшце спытаў ён. - Мышэй судзяць?
        - Не яны дурні, - сказаў Дудар. - Гэта мы дурныя, як дарога. Хіба маленькія могуць столькі з'есці? А Камар іх судзіць.
        - А Камар хіба вялікі? - спытаў Кляонік.
        - А з добрую такі свінню будзе, - сказаў Вястун.
        Маўчалі. Ласкавае - ля ракі - сонца гладзіла твары.
        - Хто ўсё ж гэты Басяцкі? - спытаў змрочна Гіаў. - Нейкі ён не такі, як усе дамінікане. Алейны нейкі, халера на яго. Па начах да яго людзі ходзяць. Сам ён, здаецца, усё і пра ўсіх ведае.
        Кляонік раптам крэкнуў:
        - Добра, хлопцы. Усе тут свае - можна трохі і адкрыць. Чулі, з усіх амбонаў крычаць, што ерась галаву ўзняла? Тут табе ерась гусіцкая, тут табе - лютарская... Наконт гусітаў нічога не скажу, хаця "чашнікі"[24] і дзярмо. Забітых не судзяць. А астатнія такія самыя свінні, толькі што царква больш танная... Рым з імі, вядома, б'ецца не на жыццё, а на смерць. І мячом... і... атрутай. Крыжакі. І вось, Бекеш казаў, ходзяць паўсюль страшныя чуткі. Нібы ёсць пад зямлёй, у вялікай схове... больш магутнае за папу...
        - Ну, што замоўк? - спытаў Вус.
        - Братэрства патаемнае, - скончыў разьбяр. - Тыя самыя крыжакі, што... атрутай ваююць. Нібыта ніхто добра нічога не ведае, але ёсць.
        - А я б такіх молатам вось гэтым, - сказаў Вястун. - Каб галава ў жывот юкнула і праз пуп глядзела.
        - І вось, калі праўду кажуць, могуць яны забрацца не толькі сюды, а і ў пекла. А калі сюды забраліся - неадменна Басяцкі з іх. Ты зірні ў вочы. Плоскія. Зялёныя... Змей. Так і чакаеш, што адкрые рот, а адтуль замест языка - травінка-джала.
        - Можа быць, - сказаў Марка. - Усё можа быць.
        - Ды нашто ім сюды? - спытаў Турай. - Тут у нас ціха.
        Вус развёў залатымі рукамі.
        - Маўчы ўжо... ціха, - сказаў ён.
        - Няма ў нас цішыні, хлопцы, - сказаў Кляонік. - Бязвер'е ў нас з'явілася. Гэта больш страшна для іх, чым цюрынгійскія бунтаўшчыкі. Тыя, хаця ў Бога вераць.
        - А ты верыш? - з'едліва спытаў Турай.
        - Мая справа. Як твая вера - твая, а ягоная - яго... Ну, магу сказаць: веру ў Бога-духа, агульнага для ўсіх. Твары розныя, а Ён адзін. І няма чаго за розныя лічыны Божыя спрачацца і рэзаць адзін аднаго.
        - Ты ж каталік? - спытаў Турай.
        - Для мяне самая зручная вера. Я разьбяр. Ніхто іншы разьблёных багоў не прызнае. І таму я каталік... пакуль рэжуць жывых людзей з дрэва... і да таго часу, калі стануць... як дрэва... рэзаць жывых людзей.
        Яму было цяжка і страшна выказваць гэтыя свае новыя думкі. Турай кінуўся на калені.
        - Ерэтык ты, а не каталік!
        - Ану, сядай. - Каваль паклаў руку на галаву мечніку і з сілаю пасадзіў. - Таксама яшчэ... айцец царквы. І я лічу: адзін Бог ва ўсіх. Як ты... для мяне - Турай, дзядзька Турай... для Маркі ты - бацька... а для жонкі тваёй і сяброў - Гіаў. Змоўч. Сабораў нам тут не разводзь. Дай слухаць.
        - Ды чаго ён?!
        - Змоўч, кажу, - сказаў каваль. - Цікава. Судзіць чалавек тое, чаго дагэтуль ніхто не асмельваўся судзіць. Кажы далей, што там наконт бязверных?
        - Ды што, - сказаў разьбяр. - З'явіліся пісаныя кніжачкі. Шмат. "Княства Белай Русі і Літвы, суджанае праўдай вечнай"[25].
        - Там што? - прагна глядзеў у ягоныя вочы Вястун.
        - Няма багоў, - сказаў Кляонік, - і не трэба тамлення і марэння духа па іх. Няма і не трэба аніякай улады Адамава сына над гэткім жа сынам Адамавым. Няма і не трэба лепшых і горшых у дзяржаве, царкве і касцёле, і ў багацці.
        - Як гэта няма? - спытаў Вус.
        - Не павінна быць... Не павінна быць розніцы ў законе, розніцы між каралём і народам, між тым, хто царуе, і тым, хто арэ, між плебеем і шляхціцам, а павінна быць усё для ўсіх, агульнае і роўна, і воля павінна быць і на зямлі і на небе, а веруй, як хто хоча.
        Лягло маўчанне. Потым Турай уздыхнуў.
        - Праўда. Толькі наконт Бога - ілжа.
        - Ну, гэта табе сам Бог, калі памрэш, скажа, - усміхнуўся каваль. - Сказана: веруй, як хочаш. Сапраўды, "суджанае вечнай праўдай".
        - Праўда... - сказаў Кляонік. - І вось таму і страшна мне. Нешта такое (толькі з верай Божай) Гус казаў і Пракоп - як на іх кінуліся?! Крывёй залілі. А цяпер праўда зноў усплыла. У нас. Цёплая. А на цёплае вужакі і змеі паўзуць. То няўжо, думаеце, на нас яны не кінуцца?! І з мячом многія адкрыта кінуцца, і тыя, падземныя, з атрутай. Таму я і кажу: цёмнае ідзе, кроў ідзе, меч ідзе, атрута ідзе.
        - Кінь, - сказаў легкаважны Марка. - Не папусціць Бог.
        - Які? Твой? Мой? Іхні?
        - Адзіны ёсць Бог. Праўду кажаш, - сказаў Вястун.
        - Які?
        - Наш. Мужыцкі.
        - Дужа ён вам з хлебам дапамог, - сказаў Зянон. - А ёсць жа хлеб. Ува ўсіх гэтых ёсць. А Богу нібыта і няма да нас нічога. Як вы мне памаглі, то памог тады і ён.
        - А мы і яму... паможам, - засмяяўся Кірык.
        - Чым? - злосна сказаў Дудар. - Чым ты іх трахнеш? Адным гэтым сваім молатам? Сапраўды, разбалбаталіся аб тым, што калі яшчэ будзе. Лепей падумайце, як вы зіму пражывяце.
        - Вось голад і закрычыць, - сказаў Вястун.
        - Гэ! Хай сабе крычыць, - сказаў Турай. - Галавы ў яго няма. Іконы ў яго няма. А нашы людцы звыкнулі скопам толькі за цудатворнай.
        - Пане Божа, - уздыхнуў Зянон. - Ну хаця б дрэнненькі які, абы наш, мужыцкі Хрыстос з'явіўся.
        - Чакай, - сказаў Кляонік. - Яшчэ столькі чакай.
        - То, можа, без яго? - іранічна спытаў Вястун.
        Людзі сядзелі моўчкі. Грубаватыя твары трохі маршчыніліся ад не вельмі звыклых думак. Нікому не хацелася першаму кінуць слова.
        Сказаў яго Зянон. Яму дагэтуль было нязручна. Сябры абаранілі яго, і горш за ўсё было тое, што яны могуць палічыць яго баязліўцам. І таму, хаця меха, на якім ён сядзеў, магло хапіць надоўга, няхай сабе і на зацірку, Зянон крэкнуў:
        - Чаму ж, без яго дык без яго.
        Вястун са здзіўленнем глядзеў у шэрыя, глыбока пасаджаныя Зянонавы вочы. Не чакаў ён ад яго гэтага спрыту. Бач ты, раніцай за сябе заступіцца не мог, а тут... Ну, не трэба ж і яму, Кірыку, быць горшым за такога ціхоню.
        Ён устаў і, крутануўшы, кінуў свой молат угору па схіле. Молат апісаў вялізную дугу і ўпаў у траву і нізкі цярноўнік. І раптам адтуль са звонам падскочыла ў паветра і рассыпалася на пырскі шкляная суляя. А за ёю, успуджаныя, ускінуліся манах і жанчына.
        Кінуліся ўцякаць.
        Некаторы час сябры ашаломлена маўчалі. Потым пакаціўся рогат.
        - Бач, як іх, - сказаў Вястун. - Ану, хадзем. Ты, Турай, з сынам, на Рыбны рынак, а я з Зянонам на Стары. Ціхон - на левы бераг. А ты, Кляонік, гані на слобады... Паспрабуем, ліха на яго, узняць канцы ды трахнуць гэтых, што дужа хлебныя, ды заадно і замкавыя склады.
        Яны развіталіся ля моста. Кірык і Зянон рушылі ўгору, зноў на рынак, але прыйшлі туды ў неспакойны час. Варта якраз заспела абаіх прарокаў за недазволенымі казанямі.
        І вось юрод кідаў у воінаў прыгаршчамі каровінага гною, а зверападобны Іллюк біў па руках, што адусюль цягнуліся да яго, і зверагласна крычаў:
        - Не чапай! Я Ілія! Не чапай, кажу! З мяне ўжо галавы не здымуць! За мной Хрыстос ідзе!
        Расстрыга страшна круціў вачыма.
        - На беззаконні! Язык мой - звонам у роце!
        - А вось мы табе зубы выб'ем, - сказаў яму Пархвер. - Тады языку твайму ў роце куды вальней боўтацца будзе.
        Натоўп закрычаў:
        - Не руш! Не руш, кажу, прарока! - наліваючыся крывёю, рыкаў знаёмы гаршчэчнік Хларэнт.
        І тады Вястун з ходу ўварваўся ў "гульню".
        - А вось мы вашыя свірны памацаем!
        - А чаго?! - узвыў натоўп. - Чаго, сапраўды?! Даввай!
        Варта, разумеючы, што справы дрэнь, ашчацінілася была дзідамі. І тады Хларэнт папляваў у далоні і, паддаўшы плячом, перакуліў на іхнія галовы воз сваіх жа гаршкоў. Да тых, што засталіся цэлыя, пацягнуліся адразу сотні рук, пачалі кідаць ва ўзброеных.
        - Бі іх, - крычаў Хларэнт. - Усё адно варыць няма чаго.
        Гаршкі звонка разбіваліся аб шаломы. Варта павольна адступала ад замка.
        - Людзі! У доўбні! - крычалі адусюль. - Мы іх зараз!
        Гігаталі і ўставалі дыбам коні. А над усім полем пабоішча юрод уздзяваў угору складзеныя "знакам" пальцы і крычаў:
        - Ідзе! Ужо ідзе Хрыстос!
        
        
        _______________
        1: Свепет - борць, або пчаліны бортны рой.
        2: Езекііль - біблейскі прарок.
        3: "Трохкупальная Ганна" і "Каложа" - цэрквы ў Гародні.
        4: Неф (або карабель) - выцягнутая ў даўжыню, прамакутная частка будынка.
        5: 1405 г.
        6: Нярвюра - выпуклае рабро звода, ягоны каркас.
        7: Абвінаваўца.
        8: Новы езуіцкі касцёл сапраўды быў скончаны толькі каля сярэдзіны ХVІІ ст.
        9: Пакарання смерцю.
        10: "Молат ведзьмаў" - ізуверская сярэдневяковая кніга аб ведаўстве і сродках, якімі можна вырваць у ведзьмаў прызнанне.
        11: Бессэнсоўны набор лацінскіх слоў: "Голас народа - голас... арбітра элегантнасці" (прыгожае).
        12: Усходняе духмянае рэчыва.
        13: Вапеннікаў.
        14: Грунтвагі.
        15: Суконная.
        16: Клявец - востраканечны малаток для насякання жорнаў.
        17: Пазыка.
        18: Хрысціянін, не каталік.
        19: Кіпаць - зняважлівае, даўнейшае прозвішча мужыкоў: кулак, скупая цёмная дзеравеншчына.
        20: Архіварыус, натарыус, часам - сакратар.
        21: Выгнанне.
        22: Адрэжу галаву.
        23: Міланскага. Бона Сфорца.
        24: Правае, здрадніцкае крыло гусітаў.
        25: Трохі пазней тая самая падмётная ерэтычная кніга з некаторымі выпраўленнямі была ў Гародні надрукаваная.


Крыніца: http://knihi.com/Uladzimir_Karatkievic/Chrystos_pryziamliusia_u_Harodni.html
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.