РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У снягах драмае вясна
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX. Эпілог
V
        
V

        
        Вось каштаны раскрылі свае салатнага колеру кулачкі, і выявілася, што ў кожнага лістка па сем пальцаў, і зноў, як дваццаць год таму, хвалюе гэта старое як свет адкрыццё. Голас Алёнкі: "Глядзіце, маладыя дрэўцы распусціліся хутчэй, ніж старыя. Чаму?"
        - Не ведаю.
        - А я ведаю. Яны проста больш даверлівыя, не думаюць, не ведаюць, што можа быць ранішні прымаразак. Лезе з зямлі трава і так расце пад цёплым дажджом, што прарывае стрэлкамі, у імкненні да святла, мінулагодняе шэрае лісце.
        
        А ўжо ж, дзеўкi, вясна прыйшла!
        Вясна! Вясна прыйшла!
        Адамкнi зямлiцу,
        Выпусці травіцу.
        
        Берасневіч спаў не спаў, а марыў, седзячы на паркавай лаве. Зямля аж дымілася пад сонцам: толькі што пасля дажджу прыгрэла сонца. Маленькія трыпутнікі лавілі язычкамі апошнія кроплі; рака яшчэ пузырылася на поўдні, куды адышла вялізная сіняя хмара, а былінкі лезлі з-пад зямлі, працягваючы ўслед дажджу маленькія зялёныя дзюбкі.
        - Дай піць! Дай піць!
        Ён чакаў Алёнку, якая была павінна прайсці тут па дарозе ў кансерваторыю. Лёгкі цёплы туман, кроплі збягаюць з галін, у вільготным бэзе б'юцца вераб'і.
        Паскудная птушка гэты верабей. Б'ецца, крычыць, лезе, сварыцца. Напэўна, калі б на зямлі стаў мароз у сто градусаў і ўсё жывое замерзла - усё адно, ледзь прыйшла вясна - верабей вылез бы аднекуль з-пад страхі і зацягнуў пераможнае "жыў! жыў!". Як быццам увесь сусвет існуе толькі дзеля яго.
        Ідуць людзі. Столькі людзей у гэтым горадзе, а яна адна, і яна не йдзе. Ён чакае, і вось з-за павароткі алеі выходзіць постаць, якую ён адрозніў бы сярод тысяч іншых. Ветрык развявае плашч і сукню. Вось яна абмінае лужыну. Ён падняўся насустрач, ён маўчыць, але яна заўважыла, і - шчасце маё! - якой радасцю (а можа, толькі здалося) запалалі любыя махнатыя вочы.
        - Гэта вы? Я так рада.
        Ён ідзе поруч, а Алёнка сваім срэбным галаском шчабеча легкаважна і весела, як тыя птушкі ў мокрых бэзавых лісцях. Ён хоча дапамагчы ёй несці ноты, яна не дае, пальцы іхнія сутыкаюцца... І яны ідуць далей такія сур'ёзныя, быццам Аўстралія раптам правалілася ў акіян. Гэта вельмі сур'ёзная справа, калі сутыкнуліся ўпершыню пальцы.
        - Дрэвы якія... зялёныя, - нарэшце выціскае з глоткі Берасневіч.
        - У Бялыніцкага-Бірулі ёсць такія, на яго карцінах. Люблю я яго, хаця не адразу звыкаеш да яго бляклай фарбы. Адыдзеш, а пасля, праз некалькі дзён, зноў цягне ў музей, карціна здаецца больш прыгожай, ніж на самай справе. І зноў, калі пабачыш, нейкае расчараванне... І зноў цягне. I, нарэшце, застаецца тое ж самае ўражанне, і гэта ўжо назаўсёды.
        Берасневіч засмуціўся. Заўсёды, калі іншыя размаўлялі пра мастацтва, яму здавалася, што чалавека дурнейшага за яго няма на свеце. I, аднак, было ў яго тое, чаго не бывае часам і ў крытыкаў-мастацтвазнаўцаў: стыхійнае разуменне прыгожага, неабходнага і лішняга ў карціне.
        - Я не ведаю Бялыніцкага. У мяне, наогул, дзіўныя густы. З беларусаў я люблю Кавальскага, з рускіх - Левітана - асабліва "Над вечным спакоем". Гротгера люблю з палякаў. А чаму люблю - не ведаю.
        - Я таксама iх люблю. У нас аднолькавыя густы.
        Берасневіч раптам раззлаваўся.
        - Чорт. Як усё ж такі мала таленту дадзена людзям. Вось я вершы пішу, дрэнныя вершы. А як бы я жадаў быць мастаком. І ведаеце чаму? Няма славутага на ўвесь свет беларускага мастацтва. Калі б я ўмеў маляваць, я б толькі гэта і рабіў. Не ведаю як, але намаляваў бы, напрыклад, дождж. На дарозе прыбіла пыл; таполі срэбныя, і дожджык срэбны. Парканы пацямнелі... Каб кожнаму, хто паглядзеў, так і здалося, што вось-вось гівал засвішча мядовым голасам.
        - На гэта быў вялікім мастаком Чэка, іспанец.
        - Не ведаю, як ён там маляваў Iспанiю. А я б сваё, роднае. Каб слёзы на вочы наварочвалiся. I яшчэ намаляваў бы паляну, а на ёй папараць. I ўсю гэту папараць сонца святлом залiло, стаiць яна светла-зялёная. А ў папарацi на конях б'юцца Ян Прыгожы i Балотны Уладар. За спiною ва Уладара - дрыгва, за спiною Яна - родныя лясы. I Ян - гэта народ. А папараць сонечная ўся вышэй аднаго ўзроўню, i здаецца, што конi плаваюць у паветры. Эх, што казаць!
        Але вось і кансерваторыя. Алёнка затрымлівае руку Берасневіча ў сваёй і кажа:
        - Уладзік, праз тры дні мае імяніны. Прыходзьце, калі ласка, вельмі вам буду ўдзячная. Прыходзьце ў сем.
        - А хто яшчэ будзе?
        - Мілорд, дзе ваша грэчнасць, як казалі галантныя продкі? Хто пра гэта пытаецца? Там буду я - хіба гэтага не досыць?.. Ну добра, досыць жартаў. Будзе з агульных знаёмых Жэнька. Для весялосці можна Янку запрасіць... Ну і Маркіча яшчэ.
        Напэўна, у Берасневіча нешта прамільгнула ў вачах, бо Алёнка жартам сказала:
        - А што? Ён жа начальства.
        Развітвацца заўсёды гора. Берасневіч такім тонам сказаў "бывайце", што Алёнка трохі здзівілася.
        А ён разоў дзесяць абараціўся, ідучы плошчаю ад кансерваторыі.
        А пасля раптам пабег алеяю. Іначай саўладаць з радасцю было немагчыма. Яна спявала ў сэрцы, і грудзі дыхалі перарывіста.
        Які спеў шчасця гучэў у гэты вечар над зямлёй!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.