РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
 
Евангелле ад Іуды
Слова двух сведкаў
Раздзел І. Падзенне агнявога змія
Слова двух сведкаў
Раздзел II. Голад, і пошасць, і мор
Раздзел ІІІ. Суд
Раздзел ІV. «Ліцадзеі, скамарошкі, блазны несамавітыя...»
Раздзел VI
Раздзел VII
Раздзел VIII
Раздзел IX
Раздзел X
Раздзел XI
Раздзел XII
Раздзел XIII
Раздзел XIV
Раздзел XV
Раздзел XVI
Раздзел XVII
Раздзел XVIII
Раздзел XIX
Раздзел XX
Раздзел XXI
Раздзел XXII
Раздзел XXIII
Раздзел XXIV
Раздзел XXV
Раздзел XXVI
Раздзел XXVII
Раздзел XXVIII
Раздзел XXIX
Раздзел XXX
Раздзел XXXI
Раздзел XXXII
Раздзел XXXIII
Раздзел XXXIV
Раздзел XXXV
Раздзел XXXVI
Раздзел XXXVII
Раздзел XXXVIII
Раздзел XXXIX
Раздзел XL
Раздзел XLI
Раздзел XLII
Раздзел XLIII
Раздзел XLIV
Раздзел XLV
Раздзел XLVI
Раздзел XLVII
Раздзел XLVIII
Раздзел XLIX
Раздзел L
Раздзел LI
Раздзел LII
Раздзел LIII
Раздзел LIV
Раздзел LV
Раздзел LVI
Раздзел LVII
Раздзел LVIII
Раздзел LIX
Раздзел LX
Раздзел LXI
Раздзел LXII і апошні
РАЗДЗЕЛ LXII І АПОШНІ
        
Раздзел ХLІІ і апошні

        
ПАСЕЎ

        
        
        
        Людская жорсткасць, злосныя жаданні
        Не здолеюць нападам безупынным
        Мне вочы чорнай засланіць завесай,
        Схаваўшы сонца залатое ззянне.
        Дж. Бруна

        
        
        Ужо некалькі дзён усе яны жылі на хутары Фаўстыны. Жылі і радаваліся сонцу, бязмежным нівам, перасечаным сям-там грыўкамі лясоў, цяністаму саду і старому цёпламу дому пад шматгадовай тоўстай страхой.
        Цягнулася па дне лагчыны малая рачулка, звінела ўначы. Над рачулкай, на ўзгорку былі старыя, амаль закінутыя, вясковыя могілкі і напаўразбураная капліца ў зарасцях шыпшыны.
        На трэці дзень прыйшлі на хутар Фама і Ціхон Вус. Ніхто не казаў ім, дзе шукаць Хрыста, проста Вус успомніў, хто з “братоў у Хрысце” застаўся жывы пасля разні, у каго ёсць на вёсцы сваякі; урэшце скеміў, што да крэўных сваякоў яны наўрад ці пойдуць, і амаль з поўнай упэўненасцю павёў Фаму на хутар Кляонікавай нявесты.
        Усе думалі, што іх даўно няма ў жывых. Вястун сам бачыў Фамову “смерць” пад звонам, і таму радасці не было канца, тым больш што пры нападзе на эшафот загінула вельмі мала людзей, а астатнія рассеяліся і былі ў бяспецы.
        Фама і Вус прынеслі дзіўную вестку.
        ...Наступнага дня пасля няўдалай галгофы тысячнік Карніла запрасіў Лотра і Камара да сябе “на пачостку”. Атрымаў згоду. Калі ж тыя ўвайшлі ў трапезную дома Карнілы, то ўбачылі там Ратму і зразумелі, што гэта ўсё. Людзі Ратмы між тым абяззброілі ў двары варту пастыраў і сталі ў дзвярах трапезнай.
        На пытанне, што гэта ўсё азначае, Карніла адказаў, што ўсё жыццё ён верыў і выконваў загады і нават лічыў за святую праўду, што вось Паўла знішчаў хрысціян і менавіта таму яго ўзвялі ў апосталы і святыя. Цяпер жа ён вырашыў, што астачу жыцця трэба, хай сабе і кепска, а думаць. І першае, што ён надумаў, гэта паглядзець, якое права мелі яны аддаваць яму загады, ці іншая, ці лепшая ў іх кроў.
        Прапанаваў вырашыць справу Божым судом: адзін супраць дваіх. Прычым, тыя будуць біцца за сябе, а ён бярэ на сябе абарону Братчыкавай праўды. Пакляўся і прымусіў паклясціся Ратму, што калі ён загіне – пастыры выйдуць з двара цэлымі і вольна вернуцца дамоў:
        – Паколькі... гэта... толькі Ян Непамук мог гуляць з уласнай галавою пад пахай.
        Пастыры біліся не горш за кожнага ваяку. Амаль гадзіну стаяў у трапезнай бразгат мячоў, луналі выгукі, чулася дыханне трох глотак, падаў посуд, ламаліся лавы і сталы.
        ...А яшчэ праз гадзіну Ратма са сваімі людзьмі вырушыў з Гродні ў Наваградак. На насілках неслі зраненага Карнілу, які перайшоў на службу новаму магутнаму ўладару разам з найбольш адданымі са сваіх людзей, а адзін з воінаў вёз у туга завязанай скураной торбе дзве адсечаныя галавы. Галовы не былі запэцканыя ў кроў, бо іх адсеклі ўжо ў мёртвых.
        Ваявода спяшаўся. Ён спадзяваўся яшчэ ў дарозе нагнаць сяго-таго і аддаць яму доказ, што клятва выканана, што чалавек той можа быць спакойны.
        Хрыстос, дачуўшыся аб нечаканым абаронцы ягонай праўды і выканаўцы Божага суда, бязмерна здзівіўся, але і задумаўся. Дзіўныя рабіліся справы. Ён, такі спачатку бездапаможны і слабы, застаўся жыць, а з тых, магутных, што калісьці навязалі яму страшную тую гульню, не засталося ніводнага.
        Трэба было, аднак, кідаць хутар і падавацца далей. Хрыбтовічу ніхто нічога не здолее зрабіць. Ён магутны магнат, і, пры ягонай дабрыні, не толькі войска, але і простыя людзі не кінуць яго. А моц караля моцна падсечаная.
        Але сюды, на гэтую зямлю, могуць нагнаць, пасля ўсіх падзей, войска, узмацніць пільны нагляд за ўсім. Трэба было ісці.
        
        
        ...Магчыма, калі-небудзь я раскажу вам, што было запісана двума сведкамі, Фамой і Іудам, у іхняе “евангелле”, калі былі яны на схіле дзён. Раскажу, як жыў мужыцкі Хрыстос далей, якія рабіў справы, як знайшоў з Анеяй свой шлях і сваю зорку, як прыдбаў сабе і сябрам разуменне, вечную славу і вечную маладосць, але цяпер досыць аб гэтым. Я канчаю пісаць, і рука стамілася трымаць пяро.
        Скажу толькі, што Фаўстына з Кляонікам, вядома, засталіся на хутары, і з імі застаўся Марка Турай, а астатнія, на чале з Хрыстом, вырашылі ісці на поўдзень, у нечапаныя пушчы на мяжы Палесся і Белавежы, у месца, якое ведаў Хрыстос. Ісці, карчаваць і паліць там ляды, будавацца, жыць вольным жыццём і чакаць, чакаць святла.
        Вырашылі перад адыходам застацца яшчэ на некалькі дзён, каб памагчы маладым і іхняму сябру прывесці да ладу зямлю. Ужо і так зрабілі нямала: хату перасыпалі і занава пакрылі, дабудавалі да яе два асобныя трысцены, дзеля Маркі (ажэніцца ж, пэўна, калісьці), узвялі новую пуню, дагледзелі сад.
        Трэба было цяпер памагчы ім араць, патрэсці іхнія нівы жытам і пшаніцай-зімкай. Хай маладыя хаця першыя месяцы свайго жыцця больш будуць адно з адным, не аддаюць усёй сілы зямлі. Мацнейшае будзе каханне.
        Фама падстрэліў дзеля іх два дзікі, а Вус саліў мяса і вэндзіў шынкі сваімі залатымі рукамі. Хрыстос з кавалём пусцілі дзесяткі два адборных ліп, завезлі іх да хутара і вольным кастром, каб сонца не даставала, а вецер прадзімаў, склалі іх пад паветкай. Гады праз два будзе ў разьбяра запас вытрыманага, сухога, непатрэсканага дрэва на ўсё жыццё. А Іуда пайшоў некуды, пагаварыў з кімсьці і прывёз два вазы ўжо гатовага, даспелага дрэва, той жа ліпы і грушы. Працуй узімку, колькі рукі вытрымаюць.
        Пачынала трохі асянець. Маладыя і Марка малілі або заставацца да вясны, або ісці зараз, бо не ў мярле ж з мядзведзямі жыць, трэба ж мець страху над галавой, запас мяса, і ўсё такое.
        Хрыстос, аднак, толькі адмахваўся. Па-першае, ёсць трайная доля грошай, закапаная імі асобна ад іншых (нібы ведалі). Тых грошай, што здабылі, абдзёршы скарбонкі ў Наваградку (усё адно, не аддаваць жа расафорным!). Па-другое, ён абяцае ўсім хату. Вялізную прасторную хату ў пушчы, у тым месцы, дзе яны будуць жыць і чакаць. Абяцае хату і ўсё, што патрэбна дзеля жыцця, пакуль не прыйдзе першае жніво на новых лядах. Усе ведалі: ён не лжэ.
        ...У той дзень, падрыхтаваўшы ўсё да пасеву, сядзелі яны ўсе разам каля могілак. Дах капліцы трохі прасеў, пахілены драўляны купалок нібы кланяўся рачулцы пад гарой, спакойным безыменным магілам, празрыстаму асенняму паветру і далёкім дрэвам, што палалі на ўзгорках.
        Гэта было добрае, сапраўднае жыццё! І таму, што хутка яны павінны былі пакінуць тут трох людзей і, магчыма, ніколі больш не ўбачыць іх, у сэрцах гарэла сумная любоў да іх, да ўсіх сяброў, што сядзелі тут, да ўсіх на свеце добрых людзей.
        Хрыстос ціскаў у далоні камяк зямлі:
        – Яны праўдзіва рабілі, калі адыходзілі. Сеяць сапраўды даўно трэба.
        Кучаравілася вакол капліцы сонечная шыпшына, расшытая лакіраванымі аранжавымі і чырвонымі ягадамі. Сонца прайшло зеніт і пачынала добра хіліцца да захаду.
        – Гэх, – уздыхнуў Фама, – вось папрацуем добра, сядзем уначы вячэраць. Пад яблынькай, пад зорамі... Тут бы самы смак выпіць... І карчма недалёка... Выпіць ды яблычкам, проста з галіны, закусіць.
        – Бач, ласунчык, – сказаў Хрыстос. – Бач, малімончык. Цукар губа чуе. А вось я вас спытаю, пакуль грошы не выкапаем, на якія такія даходы вы, высакародны лыцар, выпіваць будзеце? Як адзін сябар казаў: “У гарэлку ўткнуўшы лыч, задрамаў Фама-шляхціч”.
        – Сам ведаю, – сумна сказаў Фама. – А добра было б – задрамаць не задрамаць, а хаця б лыч уткнуць.
        – Ну, – сказаў Іуда, – то ў чым, я пытаюся, цяжкасць?
        – Грошы, – сказаў Хрыстос. – Не разумееш?
        – Вуй, дурныя галовы, – сказаў Іуда. – І не ведаюць нічога! А трыццаць срэбнікаў, што я ў Мацея адабраў?
        – Няўжо адабраў? – ахнуў Вястун.
        – А нягож, – сказаў Іуда. – Тады, як вы мяне з чаўна вынімалі. Памятаеце, адстаў я?
        Вус і Кляонік з Маркам зарагаталі ўтрапёна. Смяяліся, стоячы ўбаку і абняўшыся, Фаўстына з Анеяй.
        – І, па-мойму, няма чаго нам думаць. І, па-мойму, Хрыстос, нам з табою зараз самая справа іх разам прапіць.
        – А я? – спытаў Фама.
        – Ну і табе трохі дамо, – сказаў Іуда. – Усім трохі дамо. Хіба я кажу, што мы не дамо?
        Хрыстос, рагочучы, узяў дзве амаль паўвядзёрныя біклагі і аплеценую лазой суляю. Падаў іх Іуду:
        – Тады лупі. – Ён зірнуў на сонца. – Яшчэ паспееш. Гэта сапраўды самы нечаканы канец гісторыі: прапіць разам трыццаць срэбнікаў.
        Падхапіўшы біклагі і бутлю, цыбаты Іуда, як жораў, лупянуў па ворыве.
        ...Вус надзеў на шыю Юрасю сявеньку.
        – Ідзі першы, – сказаў ён.
        Хрыстос, смеючыся, праводзіў Іуду вачыма. Пасля пераступіў цераз паваленае страхлелае распяцце і стаў на мяжы ворыва.
        Прыладзіўся, пайшоў, працуючы адной рукой. Раўнамерна, са свістам, у такт крокам правай нагі, разляталася насенне. І Вус падумаў, што на тым месцы, дзе так працуюць, абавязкова ўзыдзе раўнюткая, сіне-зялёная, а з самага пачатку чырванаватая, рунь.
        Хрыстос азірнуўся. За ім ішлі, паловай жураўлінага ключа, астатнія. Фама сеяў дзвюма рукамі і высалапіў Хрысту язык: “Ведай шляхту!”
        І тады Хрыстос прымерыўся і таксама пачаў працаваць дзвюма. Шырока, роўна клалася ў раллю зерне.
        Іуда ўжо знік. Неапалімыя купіны дрэў стаялі на ўзгорках. Сумавала вакол капліцы шыпшына. А сейбіты падымаліся на вяршыню круглага пагорка, як на вяршыню зямнога шара. І першым ішоў насустрач нізкаму сонцу Хрыстос, мерна размахваючы рукамі. І, гатовае да новага жыцця, падала зерне ў цёплую, мяккую зямлю.
        Выйшаў сейбіт сеяць на нівы свая.
        
        
        7 красавіка 1965 г. – 29 красавіка 1966 г.
        Чалябінск (Шагол) – Рагачоў


Крыніца: http://knihi.com/Uladzimir_Karatkievic/Chrystos_pryziamliusia_u_Harodni.html
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.