|
II Поезд прыйшоў у Маскву са спазненнем, і прапаршчык Абдзіраловіч быў здаволены, што прыехаў уранні, а не ўноччы. Навет шкадаваў спакідаць зацішнае купэ. Ноч мінулася так добра. Ехалі яны толькі ўдвох, у купэ першае клясы, куды і яму дазволілі сесці, як хвораму; унізе – грэбліва маўклівы, панскае пароды гвардзейскі афіцэр, а на спальнай паліцы – ён, «прапаршчык армейскі». Шпарка імчаўся поезд сярод ціхой ліпнёвай начы. У расчыненае вакно блішчэлі далёкія, далёкія, рэдкія зорачкі з чорнага густога і цёплага бяздоння. Унізе за вакном хапаліся ўцячы назад курганкі і лагчыны з паснулымі кустамі, прыніклым нанач да зямлі жытам і араматнаю травою; сунуліся, аставаўшыся, цёмныя стаўбы з дратамі, што плывуць патроху ўгару, то раптам скідаюцца ўніз і ўзноў то паволі, то барджэй усплываюць з мёртвым блісканнем ад святла ў вакне. Некампанейскі папутнік Абдзіраловіча паважна зняў з сеткі падарожную лазобачку, звонка адамкнуў яе, дастаў пакуначкі з ядою, расклаў на століку, выцягнуў бутэльку і чарачку, не ўважаў на троху нясціплы пагляд суседа з паліцы, і пачаў апетытна са смакам есці вялікі кавалак пражонага парасяці – хрупаў зарумяненай скурачкай, – потым – нейкую дзічыну, тварожнічкі, піражкі. Доўга абчышчаў жоўтую, прыгожую, надта вялікую ігрушу і чмокаў, ад'ядаў буйныя, сакавыя кускі. Абдзіраловіч пашуршэў газетаю, которая тхнула свежаю друкарскаю фарбаю, зморана паляжаў нейкі час у нерухомых моўчках з выцягнутымі ўздоўж цела рукамі і неадназначнаю думкаю. Гвардзеец выцер чырвоны, мяккі і губасты рот (на верхняй голенай губе, збоку, чорная барадавачка) салфеткаю з вялізнымі на ёй ініцыяламі пад каронаю; потым ручніком – пульхлыя, холеныя рукі і пачаў усё класці назад у лазобачку. Абдзіраловіч меў ваўчыны апетыт за ўвесь час лепшання пасля хваробы і цяпер надарма з ім змагаўся, глытаў слюню, чуў нейкую знялюбеласць да гвардзейца, што сам не можа гэтак пад'есці. Закурыў папіроску і высунуўея ў вакно пад прыемны халадок лёгкага дзьмухання ночы. Пасля месяца цяжкой хваробы ў дывізійным лазарэце, пасля мучэнняў і турбот на пазіцыі, дзе быццам у захвіцэнню быў даўнейшы, маладых лецяў, дух яго, пасля прыкра-надакучлівай маруднасці на пунктах і вакзалах, доктарскіх камісіях ён з радасцю і бясклопатным чуццём лёгкасці і спакою ў ачунялым целе ўглядаўся ў соннае поле і дыхаў араматам сена і красак. Яму здавалася, што ізноў адраджаецца да жыцця... Заварочаліся ўспаміны аб далёкіх гадох маленства, калі аднойчы ўцёк з двара ў поле, глядзеў, як косяць сена, абедаў з касцамі і качаўся на свежым пахучым сене, бегаў басанож па колкай сенажаці. Ах, як гэтыя думкі і гэтая прынадная ноч сярод палёў, у грымячым поезду, на мяккіх, зыбкіх падушках, ах, як ізноў захвалявалі яны сэрца, што ўзята ад зямлі і вечна туды, да яе, цягнецца, ёю вабіцца і да яе гукае сярод чужога і непрыемнага. Гвардзеец выйняў коўдрачку, падушачку, пазваніў правадніку і з яго памаганнем асцярожна здзеў бліскучыя, кволыя боцікі; потым, адпусціўшы яго, раздзеўся, склаў сцеражліва фрэнч, скінуў з яго пухавінку, лёг, увінуўся і заснуў з маленькім свістаннем у носе. З грыменнем налятаў поезд на масты, паціху сіпеў пад гару, лёгка імчаўся па роўнядзі сярод чорных кучак хат і садоў, дзе там а там блішчэлі жоўценькім і ціхім вясковым святлом вакенцы, а далёка, у розных канцох, чуваць было, гаўкалі сабакі ў невядомым рускім сяле. Летуцелася аб працы ў вольнай старонцы, аб дзеельнасці... Усё здавалася цяпер харошым, ясным і духоўна, нез'ясніма на словах, зразумелым. Навет абраз грознага, няправеднага бацькі, каторы адрокся ад нарадалюбца і апрашчоніка і быў рад, што яго выкінулі з універсітэта, навет ён не быў цяпер балючым яму зданнём. І, гледзячы на гэтага сытага, крывістага гвардзейца, ён з сумнымі думкамі нагадаў баявы ўчастак свае роты ў Палессю, у лесе і балоце... Рота таяла. Цынга і крываўка адменелі яе склад так скора! І ах, – тыя часы, калі пад вясну запаланілі роту быўшыя жандары і кадравыя запасных батальёнаў... І ах, – тыя часы, калі велікаросы пабілі капітана N. – украінскага самасційніка... І ах, – тыя часы, калі мусіў з фальшам на душы ўмаўляць людзей, каб цярпліва знасілі гэтае абрыдлае жыццё... Ён пачуў прыкрасць і што чырванее, адылі зараз уздыхнуў лёгка і спакойна. – Лепшаю, – казаў ён сам сабе, адхіляючыся ад вакна і кладучы замест падушкі шэрую, шорсткую, але якуюсь люба-блізкую шынэль, – лепшаю! Уранні, пад Масквою, прачнуўся ціхамірны і здаволены ўсім наўкола і сваёй доляю. А па небе хадзілі хмары, ужо курыўся ля закапцелых фабрычных комінаў дробны дожджык і часам гусцеў і буйнеў. – У дождж прыехаў: шчасце, – думаў сабе. Калі злазіў па сходнях на перон, заўважыў і пачуў, што дужэй ступаюць ногі, што не дрыжаць так, як там, палохаючы, дзе падсаджвалі яго ў вагон санітары Чырвонага Крыжа. Абдаўся вакзальным клумам і сумятлівасцю. Беглі нашэльнікі, важка пхнулі вялізазны воз скрынак, вузлоў і кошыкаў. Дробненька стукалі ножкамі даўно не бачаныя гарадзянкі. Ціхамірны і здаволены сабою, пазіраў на іх, уцяшаўся, што не чуе таго даўнейшага, што пачынаецца так салодка і прыгожа, а мае па сабе нуду і пусткі. У буфеце праштурхаўся, сярод падарожнікаў і груду рэчаў, да стала і прасіў чорнай, крэпкай кавы. Белы тварык з бліскучымі чорнымі вачмі і пасмачкамі заўважыў наўпроці сябе і спакойна і лёгка адхіліў вочы, збялелы, лёгкі і шчыры пасля хваробы. І пачуваў яшчэ на сабе той радасна-вясёлы, ціхі смех бліскучых дзявоцкіх вачэй. А не глядзеў і ўцяшаўся, што зрабіўся новым, другім. На галоснай, макраватай, клумнай і сумятлівай вуліцы доўга, доўга дарма чакаў сярод сярдуючых і раздражнёных людзей, прапусціў некалькі паўнюхтанькіх вагонаў трамвая, быў, аднак, цярпліва-спакойны і з цікавасцю прыглядаўся, ці няма чаго новага цяпер, у часе волі, на гарадской вуліцы. І нічога, заміляўся з усім, хаця ж вознік быў не па кішані, хаця ж грошы было надта мала, і яго, зведаўшага ўсю салодкасць пралетарскага быцця (калі пагневаўся з бацькам), цяпер, у шынэлі афіцэра, хаця і не лічаць, можа быць, за ворага, але не прыймаюць і за свайго брата.
|
|