|
XIII Яна ведала, што смертнуха стаіць блізка – у галавах у яе. – Васілёк, галубец, любінькі, – шаптала яна, трудна вымаўляючы словы, – што, не заб'юць яны паніча? Ай, Карпавіч, Карпавіч, дастаў, бедны, больку... – За што ж ба яны забівалі афіцэра? – А ён? За каго ж ён руку дзяржыць? – Ды так ён неяк, што не магу яго ўцяміць: як быццам за нас, як быццам – не. Бадай што ні за нас, ні за паноў. – Не можа быць, каб Ігналік проці народа пайшоў, не такоўскі Ігналік, не павінен... А змусціцеля нашага, кажаш, падстралілі... Авохці, Карпавіч, даскакаўся стары, авохці... Хворая ледзь шавяліла перасохлымі вуснамі, пазірала з глыбокіх вачавых ямін тужлівым і трудлівым зрокам і перабірала збялелымі, як белы воск, пальцамі па краюшку коўдры. Лямпачка тускла мігцела, і ў падвале было нудна. Вася грукаў і барабаніў самаварам ля печы ў парозе. Зрэдку далятаў сюды глухі гул артылерыі і ціхае трашчанне кулямёта – як словам вартаўнік круціў кляшчотку. У вакне адбіваўся чырвоны бліск пажарышча. – А божа мой, божа мой! – затужыла йзноў хворая. – Памру во і не пабачу яго. І ты, галубок, ці жыў застанешся, хто ведае. Калі тая завіруха скончыцца? Карпавіч скакаў, скакаў і дастаў сябе больку... – Заўтра ўранні скончыцца, – спакойна адказаў Васіль. – Заўтра ўранні штурм. – Што ж гэта за штурм? – Кінемся ўсе раптам на белых і саб'ём іх. – А божа мой, божа мой! Колька людзей паб'юць яшчэ. Дай вады. Авохці, сканаець твая матка, Васілёк, скора сканаець. Карпавіч наш, можа, там ужо: пабачымся. Васіль маўчаў і быў невясёлы. Стук! Стук! – пачулася, як нехта стукнуў пад дзвярамі. Работнік схапіўся за стрэльбу і падбег. – Хто? – крыкнуў ён. – Я... Ігнат Восіпавіч... Адчыні мне, Васілька! Хворая, забыўшыся на боль, узнялася на локцях і ўстроміла вочы ў дзверы. – Ён, ён, ён, – шаптала яна. Абдзіраловіч увайшоў. – Жыў, цэл, мой любінькі, мой залаценькі! – працягнула да яго рукі хворая ў незвычайнай радасці і, калі ён схіліўся да яе, цалавала яго, дрыжачая, абнімаючы за галаву. А калі ён апавядаў, як выбавіўся і прыйшоў да іх, і калі ўспамянулі беднага Карпавіча, яе апанавалі прыкметна неспакой і нецярплівасць. – Васілька! – з пакорнасцю і ласкаю звярнулася яна. – Схадзіў бы даведаўся, ці пайшлі шукаць Карпавіча? Сканаець гаротнік сярод чужых, ай, матачка наша найвышняя... Васіль пайшоў. Хворая ўся раптам затрапяталася і падгукнула прапаршчыка. Той нядаўменна і з чуццём жалю схіліўся над ёю. Зірнуўшы на дзверы, яна, уся дрыжачая, абхапіла яго шыю рукамі і, прыжмаўшы яго вуха да мокрага ад слёз зморшчанага твару, як у трасцы, зашаптала: – Мой ты!.. Мой родны сынок... А Васілёк – панскі. Перамяніла я вас маленькіх, пераклала. Меркувала: шчаслівейшы так будзеш... Мой ты, Ігналік... Не, ты – Васілька, а ён – Ігналік... Мой... І ўсё дужэй і сударажней прыціскала яго канаючая маці да худых грудзей сваіх.
|
|