РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзікае паляванне караля Стаха
Раздзел першы
Раздзел другi
Раздзел трэцi
Раздзел чацверты
Раздзел пяты
Раздзел шосты
Раздзел семы
Раздзел восьмы
Раздзел дзевяты
Раздзел дзесяты
Раздзел адзiнаццаты
Раздзел дванаццаты
Раздзел трынаццаты
Раздзел чатырнаццаты
Раздзел пятнаццаты
Раздзел шаснаццаты
Раздзел семнаццаты
Раздзел васемнаццаты
Раздзел дзевятнаццаты
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦI
        
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦI

        Першае, што я зрабіў наступнага дня, гэта ададраў дошкі ад дзвярэй таго адзінага закалочанага пакоя, у якім толькі і мог знікнуць Малы Чалавек, калі ён быў істотай з плоці і крыві. Цвікі заржавелі, філёнгі на дзвярах былі цэлымі, у пакоі ляжаў пласт пылу на тры пальцы. Там ніхто не мог схавацца, і я зноў закалаціў дзверы. Пасля я абследаваў усе пакоі ў другім крыле і пераканаўся, што схавацца там няма дзе. Над калідорам, дзе я чуў крокі, была гара, на якой таксама не было слядоў. Справа былі дзверы ў мой пакой і пакой гаспадыні, глухі мур і за ім парк.
        Ад усяго гэтага ў мяне пачало круціцца ў галаве. Няўжо сапраўды існуе на свеце нешта зверхразумовае? З гэтым я, загартаваны "афеіст", ніяк не мог згадзіцца.
        Мне прыйшла ў галаву думка, што трэба пайсці ў бібліятэку і даведацца нарэшце, што гэта за дзікае паляванне, пра якое мне было нязручна распытваць гаспадыню. Дарэчы, я спадзяваўся адшукаць там які-небудзь стары план дома, каб пасля распачаць метадычныя пошукі. Я ведаў, што ў нашых старых палацах бывалі часам так званыя "слухаўкі", гэта значыць таемныя прабоі ў мурах. У іх звычайна былі замураваны "галаснікі", - асобай формы гарлачы, што ўзмацнялі гукі, - і гаспадар мог, знаходзячыся ў другім канцы палаца, добра чуць, што гавораць госці або слугі ў гэтым канцы.
        Магчыма, і тут было нешта падобнае. Якая-небудзь ахмістрыня хадзіла ўначы на першым паверсе, а крокі яе былі чутны тут. Гэта была слабая надзея, але чаго не здараецца...
        І я накіраваўся ў бібліятэку, якая размяшчалася ў бельэтажы, між першым і другім паверхамі, у асобным крыле.
        Рэдка мне здаралася бачыць такія запушчаныя пакоі. Паркет выбіты, вялізныя вокны ў пыле, люстры на столі ў пыльных чахлах. Відаць, гэта была самая старажытная частка дома, "замчышча", вакол якога пасля ўзнік сам палац. Гэта прыйшло ў маю галаву, калі я пабачыў перад самай бібліятэкаю дзіўны пакой. І тут быў камін, але такі вялізны, што зубра можна было засмажыць, і нават гнёзды ад пожагаў яшчэ засталіся на яго сценах. Вокны маленькія, з каляровых шкельцаў, сцены груба атынкаваныя; на столі перакрыжоўваюцца цяжкія квадратныя бэлькі, укрытыя закуранай разьбою. А на сценах старая грубая зброя.
        Словам, гэта быў пакой тых "добрых старых часоў", калі паны разам з хлопамі збіраліся ў адну залу і сядзелі зімовымі вечарамі пры вогнішчы. Пані і чалядніцы пралі, пан гуляў з хлопцамі ў "дваццаць пальцаў" або ў косці. Ах, ідылічныя старыя часы! І куды, нашто вы толькі зніклі? Праўда, пасля між адным і другім магло здарыцца такое, што - толькі паслухаеш - кроў ледзянее і жыць не хочацца, але ж гэта глупства, на гэта зважаюць толькі сентыментальныя хлюпікі.
        Прабачце мне, шаноўныя чытачы, што я не магу прайсці міма ніводнага пакоя, каб не распавясціць пра яго. Што паробіш, на старасці год чалавек робіцца балбатлівы. І, да таго ж, вы такога ніколі не бачылі і не пабачыце. Магчыма, камусьці будзе цікава.
        Бібліятэка была пад стыль перадпакоя. Высокія скляпенні, вокны на калонках, крэслы, абабітыя рудой ад старасці скурай, вялізныя шафы моранага дубу і кнігі, кнігі, кнігі.
        Ну, як прайсці паўз іх і не сказаць вам хаця пару слоў! У мяне сліна цячэ ад адных успамінаў. Даўнія пергаментныя кнігі, кнігі на першай порыстай паперы, кнігі на жоўтай ад старасці, гладкай ільснянай паперы. Кнігі ХVІІ стагоддзя, якія адразу адгадаеш па гатунку скуры на вокладках. Рудая скура вокладак ХVІІІ стагоддзя; драўляныя дошкі, абцягнутыя тонкай чорнай скурай, на вокладках кніг ХVІ стагоддзя.
        І назвы, Божа, якія назвы! "Катэхізіс роускі", "Сапраўдная хроніка Яна Збароўскага", "Варлам-індзеянін", "Прытча пра славія", старыя шастадневы, "Пчала працавітая", рукапісныя зборнікі старых легенд, "Gesta Romanorum" з двухсот апавяданннў, "Трышчан і Ізота", "Бава" ў беларускім варыянце, "Анафегмы", "Прамова Мялешкі" - гэта быў скарб. А больш новыя манерныя кнігі з доўгімі назвамі накшталт: "Плаценне амурнае, або тысяча спосабаў, якімі адарыраваны кавалер свой прадмет да згоды з амурнай пажадлівасцю сваёй прывесці можа". Але хопіць, іначай я рызыкую ніколі не скончыць свайго апісання.
        Я так захапіўся кнігамі, што не адразу заўважыў у пакоі другога чалавека. А ён між тым узняўся з крэсла і чакальна глядзеў на мяне, трохі нахіліўшы галаву. На вуснах ягоных была прыемная ўсмешка, вялікія вочы ласкава ўсміхаліся. Адной рукою ён сарамліва прытрымліваў на жываце халат. Мы адрэкамендаваліся.
        - Андрэй Беларэцкі.
        - Ігнась Берман-Гацэвіч, упраўляючы, - сказаў ён ціхім ветлівым голасам.
        Мы селі. Я глядзеў на гэтага чалавека, зацікаўлены. Што магло трымаць яго ў жахлівых Балотных Ялінах? Грошы? Іх не было. А ён, як быццам імкнучыся адказаць на мае думкі, сказаў:
        - Бачыце, якія кнігі. Дзеля іх і трымаюся тут. Кнігалюб.
        Кнігалюб быў невысокі, дрэнна збіты чалавек. Твар яго, мяккі і пяшчотны, занадта мяккі для мужчыны трыццаці пяці год, быў румяны нежывым румянцам, як на фарфоравай ляльцы. І наогул ён быў занадта "лялечны". Вялікія шэрыя вочы, доўгія вейкі, роўны прамы носік, тонкія, прыемна складзеныя вусны. Пастушок з табакеркі. І барада ў яго расла слабая, як у многіх беларусаў з нездаровых балотных мясцін.
        - Вы, напэўна, з паўночнай Меншчыны? - спытаў я.
        - О, пан не памыляецца, не, - сказаў ён. - Да гэтага жыў у губернскім горадзе. А зараз тут.
        Калі б у мяне спыталі, якая рыса гэтага чалавека перш за ўсё кідаецца ў вочы, я б сказаў: "Старамодная галантнасць". Ён быў цудоўна выхаваны, гэты лялёныш, выхаваны ў духу правінцыяльнай шляхецкай гжэчнасці, якая смяшыць нас. Калі глядзіш на такіх людзей - так і здаецца, што ў іх сям'і дзеці, гуляючы ў схованкі, хаваліся пад шырачэзную, у шэсць полак, шарсцяную сукню бабулі, якая - бабуля, а не сукня - вязала панчохі або цыравала новыя шкарпэткі, каб не так хутка прадзёрліся.
        І, аднак, гэта ўражанне хутка рассейвалася. Нешта пурытанскі-чапурыстае, жарсткавае было ў гэтых вачах, у падціснутых вуснах.
        Але таго, што дадзена, не адбярэш. Гэта быў сапраўды абазнаны ў кнігах чалавек. Праз дваццаць хвілін размовы я зразумеў гэта, мала таго, пераканаўся, што гэты самавук ведае старажытную літаратуру не горш, як я, чалавек з універсітэцкай адукацыяй.
        Таму я навёў размову на дзікае паляванне. У Бермана вусны склаліся, як курыная дупка.
        - Чаму пан цікавіцца гэтым?
        - Я этнограф.
        - О, тады вядома, вядома. Але мая сціплая асоба не можа расказаць гэтага так, як трэба для высокага госця. Мы лепей дамо слова пажоўклым старонкам кніг. Пан разбіраецца ў літаратурнай мове ХVІІ стагоддзя?
        Ён адчыніў адну з шафаў артыстычным рухам (пальцы ў яго былі тонкія і ў два разы даўжэй за нармальныя), узняўшы воблачка пылу.
        І вось на маіх каленях ляжаў вялізны том, спісаны каліграфічна дробнымі, рудымі ад старасці літарамі.
        "Року цісеча шэсць сот першага не было спакою на гэтай зямлі. Толькі што копны суддзя Балвановіч справу разгледзеў пра забіццё і атрутны морд праз хлопаў пана літасцівага іхняга Янука Бабаеда. І ў іншых мясцінах такаждзе спакою не было. Дубіна да места Віцебскага падыходзіў, пад Крычавам і Мсціславам і ў нас хлопы морд, і забойства, і шкоду чынілі. Чатырнаццаць паноў забілі. Іж без бытнасці нашае, казалі, яшчэ траіх білі так, што ад таго біцця не ведалі, яко жывы будуць".
        Але вам, напэўна, цяжка чытаць такое. Таму я проста пераскажу вам змест гэтай старой легенды.
        Справа была ў тым, што ў тыя часы бунтавалі не толькі хлопы. Бунтавала і старажытная беларуская шляхта, пакрыўджаная новымі парадкамі. У ваколіцах Балотных Ялін было асабліва неспакойна. Тут, у Хаданоўскай пушчы, сядзеў кульгавы бацька Яраш Штамет, які падтрымліваў вельмі радавітага беларускага пана Стаха Горскага, што быў у сваяцтве праз продкаў колішняму князю віленскаму Аляксандру. Гэты малады і славалюбівы чалавек паставіў перад сабою мэту: дабіцца самастойцасці. Для гэтага былі ўсе прадумовы: каралеўская кроў, якая цякла ў яго жылах (тады на гэта вельмі зважалі), падтрымка навакольнага панства, вялізныя вайсковыя сілы, падтрымка праваслаўных і "лясных братоў", талент воіна, а галоўнае - жахлівая галеча, цалкам безнадзейнае існаванне сялян. Маладога кіраўніка па ўсім наваколлі называлі ўжо, не саромячыся, каралём.
        Але ён пакуль што збіраў сілы і дыпламатычна туманіў вочы прадстаўнікам дзяржаўнай улады. Сілы яго, як казаў рукапіс, дасягалі ўжо васьмі тысяч коннікаў, якія часткова хаваліся ў пушчы, часткова знаходзіліся пры яго палацы.
        Нарэшце глыбокай восенню 1602 года ўсё было гатова. Па навакольных цэрквах сяляне ўзялі прысягу каралю Стаху, і ён нечаканым ударам авалодаў моцным замкам у сучасным павятовым гарадку. Чакалі толькі Яраша Штамета з хлопцамі, а паколькі войска было моцным, а кароль рашучым - цалкам магло здарыцца, што ў гісторыю Беларусі была б запісана новая яскравая старонка.
        Не выказваў асаблівага захаплення каралём Стахам толькі Раман Яноўскі, моцны магнат, уладар Балотных Ялін. Кароль падазраваў, што Раман уступіў у заганныя зносіны з гетманам літоўскім і нават рымскай царквою. Ён папярэдзіў Яноўскага, што гэта небяспечна для яго скончыцца. Яноўскі запэўніў яго ў сваёй павазе і адданасці, і кароль Стах паверыў, нават аблабызаўся з Раманам, нават змяшаў у кубку сваю і яго кроў, якую пасля выпілі абодва дагаворныя бакі. Стах нават даслаў Раману срэбную пасуду.
        Невядома, што прымусіла Рамана рашыцца на наступнае. Ці славалюбства, ці вераломства, ці, можа, яшчэ што. Ён жа быў сябрам законнаму каралю. Ён запрасіў караля Стаха на паляванне, і той выехаў да яго са сваім невялікім паляўнічым атрадам чалавек у дваццаць. Штамет павінен быў з'явіцца ў замак назаўтра, часу было досыць. Кароль вырашыў пабавіцца, тым больш што прадмет палявання быў вельмі спакуслівы: балотная рысь, істота, якая нагадвала памерамі і афарбоўкай тыгра і ўжо тады была рэдкай у нашых пушчах, а пасля, год праз сотню, зусім знікла, і пра яе нават забылі.
        І чорную здраду задумаў ён, пан Раман. Хоць і быў кароль Стах мужыцкім каралём, хоць і ўзняўся супраць божых улад, але хіба не благаславіў бы Бог і яго ўладу, каб ён захапіў трон дзедзіч сваіх?
        І прыехаў кароль Стах у Балотныя Яліны, і тут яму палац агнямі ўпрыгожылі і пір зрабілі. І ён піў і пацяшаўся з панам Раманам і іншымі панамі, а паноў тых была, можа, сотня і яшчэ тры дзесяткі. А ўначы паехалі яны на паляванне, бо ночы стаялі светлыя, а ў такія ночы балотная рысь пакідае сітнягі, і ходзіць на нашай раўніне ад Балотных Ялін аж да ўрочышчаў Курганы і Пнюхі, і ловіць не толькі худобу, але і самотных людзей, - таму ж і ненавідзяць яе ўсе, таму і знішчаюць, што яна - людажэр: воўк праміне, і лясная рысь часцей за ўсё праміне, а балотная не праміне.
        І госці ўсе паехалі, а Раман, з паляваннем караля Стаха, і старым сваім верным даездчыкам Аляхно Варонай, і дробным шляхціцам Дубатоўкам паехалі на балотную рысь. А ноч такая была, што ледзь месяц свяціў, і смутна ўсё было, і скакалі па балотах, нягледзячы на восень, балотныя сінія агні.
        А агні чалавечыя згаслі ў хатах, і, можа, нават Бог, па нявызначанай мудрасці сваёй, пагасіў агні і ў некаторых душах чалавечых. І адбіліся ад загоншчыкаў сваіх пан Раман і кароль Стах.
        Не паспелі і агледзецца яны, як скокнуў з купіны лемпарт балотны, збіў ударам сваіх грудзей у грудзі каня Рамана і выдраў у каня таго кавалак жывата з кішкамі разам, бо такі ўжо звычай балотнай рысі. І ўпаў пан Раман, і адчуў жах смяротны, бо звер палаючымі вачыма глядзеў у твар яго, і быў ён, гэты звер, шырэй яго і доле.
        Але тут кароль Стах скочыў з свайго каня драпятага проста на спіну зверу, схапіў яго за вуха, аддзёр пысу з ляжачага і кордам, кароткім мячом, паласнуў яго па глотцы. Лемпарт адкінуў яго ўдарам лапы, і Стах адляцеў, а звер насеў на яго, паміраючы, але тут і пан Раман ускочыў і разбіў чэрап страшыдла сваім баявым чаканам. Так і ляжалі яны ўтрох; і пан Раман дапамог каралю ўстаць, пацалаваў у вусны і сказаў:
        - Квіты мы з табою, браце. Ты мне жыццё выратаваў, а я тваю душу выратаваў шчыра.
        А пасля напаткалі іх паляўнічыя, і вырашылі яны ноч правесці разам у лесе і яшчэ піць і гуляць, бо яшчэ не досыць было для іхняй душы, і сэрца іх пасля бойкі з лемпартам прасіла віна. І расклалі яны вогнішча ў лесе запаветным, і пачалі піць. А цемра стала такая, калі знік месяц, што, адыдзі далей ад вогнішча,і не пабачыш пальца на руцэ. Узялі яны бочкі віна, што прывёз Раман, і пілі, забаўляліся. І ніхто не ведаў, што віно тое было атручанае, толькі Раман, Варона і Дубатоўк загадзя сябе да тае атруты прывучылі.
        І ўсе пілі, толькі кароль Стах піў мала.
        Пачакай, Раман. Што ты робіш, Раман? За зямлю сваю хацеў косткі свае скласці гэты чалавек. Што ж ты божае наканаванне сабою замяніць хочаш? Панства свайго табе шкада, а ці падумаў ты, што топчуць волю народа твайго, мову і веру яго, душу яго? Не думаеш ты пра гэта, зайздрасць і славалюбства ў сэрцы тваім.
        І так яны пілі, пакуль не сталі ў людзей з палявання караля Стаха закрывацца вочы. Але кароль усё казаў, якімі шчаслівымі ён зробіць усіх, калі сядзе на трон дзедзіч сваіх.
        І тады пан Раман узяў свой корд, узяў яго за рукаяць аберуч і, падышоўшы да караля Стаха са спіны, узнёс корд над яго галавою і пасля апусціў гэты корд вастрыём на патыліцу караля Стаха. Той клюнуў носам, пасля ўзняў галаву, паглядзеў у вочы Раману, і твар яго, заліты крывёю, быў як вопль жахлівая да Бога аб помсце.
        - Што ж ты зрабіў! Ты ж пабрацім мой, браце.
        А пасля, намагаючыся ўстаць, крыкнуў:
        - Многіх людзей пазбавіў ты зараз шчасця. Нашто прадаў ты свой народ, адступнік?
        Раман другі раз ударыў яго мячом, і той упаў, але дар слова не кінуў яшчэ ягоных вуснаў:
        - Зараз трымайся, здраднік. Праклён мой на цябе і на твой чорны род! Хай стане камянём хлеб ля вуснаў тваіх, хай бясплоднымі будуць жонкі вашы, а мужы захлынуцца ўласнай крывёй!
        І пасля сказаў ён жаласным ад слабасці голасам, але жорстка:
        - Прадаў ты свой край, былы пабрацім. Але мы не памром. Мы яшчэ з'явімся да цябе, і да дзяцей тваіх, і да нашчадкаў тваіх, я і маё паляванне. Да дваццатага калена будзем мы помсціць бязлітасна, і не схаваецеся вы ад нас. Чуеш, да дваццатага калена! І кожнае з кален тваіх будзе дрыжаць больш балюча і жахліва, ніж я зараз, ля ног тваіх.
        І ўраніў галаву. А яго аслупянелае паляванне нарэшце схамянулася і схапілася за нажы. І яны біліся дваццаць супраць траіх, і бойка была жахлівай. Але трое адолелі дваццацёх і забілі ўсіх.
        А пасля яны прытарочылі трупы і параненых, якія жаласна стагналі, да ўласных коней і насцябалі іх, і коні памчаліся якраз да Волатавай прорвы, не разбіраючы дарогі.
        І ніхто не заўважыў, што ў целе караля Стаха яшчэ была іскра жыцця. Коні ляцелі ў ноч, і слабы месяц асвятляў іх доўгія грывы, і недзе наперадзе бегалі па купінах сінія агні.
        І з гэтага жахлівага статка даносіўся голас караля Стаха:
        - Д'яблу аддаю душу сваю, бо не дапамагае Бог. Трымайся, Раман, мы прыскачам да цябе конныя! Дрыжы, Раман, калаціся, адвечны вораг! Мы прыйдзем! Мы адпомсцім!
        І ніхто не ведаў, што праўда была ў гэтых словах, што зброяй д'ябла, праўды, помсты і кары з'явіўся кароль Стах. Не за тое помсціў ён, што забіў яго Раман. Забойства ніколі не атрымае такой кары, калі гэта не забойства пабраціма.
        Нядоўга яны зажыліся на свеце. Даездчык Варона першы пабачыў цені Стаха і яго прыспешнікаў праз два тыдні. Не разбіраючы дарогі, імчалася дзікае паляванне па самай жахлівай дрыгве, па лесе, па вадзе межыток. Не бразгалі цуглі, не звінелі мячы. На конях сядзелі маўклівыя коннікі, і балотныя агні каціліся наперадзе дзікага палявання караля Стаха якраз праз дрыгву.
        Аляхно з'ехаў з розуму. Загінуў пасля таго і Дубатоўк. Гетман літоўскі рассеяў мужычыя палкі, якія засталіся без кіраўніка, у бойцы загінуў Яраш Штамет. А Раман Яноўскі быў жывы і смяяўся.
        І аднойчы ён быў на паляванні і вяртаўся адзін праз верасавыя пусткі дадому. Месяц слаба свяціў на верас. І раптам забегалі недзе ззаду сінія балотныя агні, і даляцеў з таго боку спеў рагоў і ледзь чутны стук капытоў. А пасля з'явіліся цьмяныя цені коннікаў. Грывы коней веялі па ветры, беглі перад дзікім паляваннем гепарды, спушчаныя са шворак. І бязгучна па верасе і дрыгве ляцелі яны. І маўчалі коннікі, а гукі палявання даляталі аднекуль з другога боку. І перад усімі скакаў, асветлены месяцам, туманны і вялізны кароль Стах. І гарэлі вочы коней, і людзей, і гепардаў.
        І Раман пабег, а яны бязгучна і хутка скакалі за ім, і коні часам перабіралі нагамі ў паветры, і спяваў дзікі верас, і месяц раўнадушна глядзеў на пагоню.
        І Раман тройчы крыкнуў: "Дзікае паляванне!.." такім голасам, што пачулі нават людзі ў навакольных хатах.
        А пасля дзікае паляванне нагнала яго, і сэрца яго не вытрымала. Так загінуў Раман.
        Многія з таго часу бачылі на тарфяных раўнінах дзікае паляванне Стаха. І хоць карала яно не ўсіх, але мала ў каго не разрывалася сэрца, калі бачыў ён на балотах змрочныя цені коннікаў.
        Так загінулі сын Рамана і сын яго сына, пасля смерці якога я і пішу пра гэта на навучэнне і жах яго нашчадкаў, якія, можа, і змогуць добрымі справамі пазбавіць сілы сівы даўні праклён.
        Сцеражыцеся дрыгвы, людзі, сцеражыцеся балот уначы, калі сінія агні збіраюцца і пачынаюць скокі на самых гіблых мясцінах. Там часта ўначы пабачыце вы дваццаць коннікаў на вараных дрыкгантах.
        І галоўны коннік імчыць наперадзе ўсіх. Капялюх з заломленым полем насунуты на яго вочы, ногі прывязаны да сядла. Не бразгочуць мячы, не ржуць маўклівыя коні. Толькі часам аднекуль здалёк даносіцца спеў рога. Развяваюцца грывы, балотныя агні ззяюць пад нагамі коней.
        Па верасе, па гіблай дрыгве скача дзікае паляванне і будзе скакаць да тых часоў, пакуль існуе свет. Яно - наша зямля, нелюбімая намі і страшная. Злітуйся з нас, Божа!"
        Я адарваўся ад паперы і скалануў галавою, жадаючы пазбыцца дзікіх вобразаў. Берман чакальна глядзеў на мяне.
        - Ну, што, пан, прашу прабачэння, думае пра гэта?
        - Якая жахлівая, прыгожая і фантастычная легенда, - шчыра ўсклікнуў я. - Так і просіцца пад пэндзаль вялікага мастака. І што толькі можна прыдумаць!
        - О, як бы гэта, прабачце, была толькі легенда... Вы ведаеце, я вальнадумны чалавек, я атэіст, як кожны чалавек, які жыве душою ў нашым высокаадукаваным веку. Але ў дзікае паляванне караля Стаха я веру. Ды і дзіўна было б не верыць. Ад яго загінулі нашчадкі Рамана і амаль вымер род Яноўскіх.
        - Паслухайце, - сказаў я. - Я ўжо гаварыў гэта аднаму чалавеку, але скажу і вам. Я магу захапляцца старымі легендамі, але што мяне прымусіць верыць ім? Нашчадкі Рамана загінулі "ад палявання" дзвесце год таму. У тыя часы магілеўскі летапіс сур'ёзна сцвярджаў, што перад вайною на магілеўскіх мурах, куды і чалавек не можа ўзлезці, з'яўляліся крывавыя адбіткі далоняў.
        - Так, я памятаю гэта, - адказаў кнігалюб. - Можна было б прывесці і далейшыя прыкметы, але яны... м-м-м... трошкі фрывольныя. Нашы продкі былі такія грубыя людзі.
        - Ну, вось бачыце. - сказаў я з дакорам. - А вы верыце ў паляванне...
        Лялечны чалавек, як мне здалося, вагаўся.
        - Ну, а што б вы сказалі, шаноўны, калі б я заявіў, што бачыў яго?
        - Байкі, - жорстка адсек я. - І не сорамна вам пужаць такімі словамі, такімі паведамленнямі жанчын?
        - Гэта не байкі, - паружавеў Берман. - Гэта сур'ёзна. Не ўсім быць героямі, і я, шчыра кажу, баюся. Я нават не ем зараз з гаспадыняю за адным сталом, бо на такіх таксама ўпадзе гнеў караля Стаха. Ды памятаеце, у рукапісах...
        - І як вы бачылі дзікае паляванне?
        - Так, як і тут, у кнізе. Я быў у Дубатоўка, суседа Яноўскіх, - між іншым, нашчадка таго Дубатоўка. - І вяртаўся ад яго. Я ішоў верасавай пусткаю, якраз ля вялізнай купы каменняў. І ноч была светлаватая. Я не пачуў, як яны з'явіліся. Яны імчалі паўз мяне якраз па дрыгве. О, гэта было жудасна!
        Нешта каламутнае плесканулася ў яго вачах, і мне падумалася, што ў гэтым доме, ды, напэўна, і па ўсёй раўніне, дрэннае робіцца з мазгамі людзей.
        "Ці ёсць тут хоць адзін нармальны? Ці, можа, усе вар'яты?" - падумаў я.
        - Галоўнае, яны імчалі амаль бязгучна. Коні, ведаеце, такой старажытнай пароды, якую зараз з агнём не знойдзеш: сапраўдныя палескія дрыкганты з падрэзанымі жыламі ля хвастоў. Грывы веюць па ветры, плашчы-велеісы...
        - Велеісы апраналіся толькі на панцыр, - непачціва перабіў я. - А які панцыр можа быць на паляванні?
        - Я ведаю, - проста і вельмі шчыра адказаў лялечны чалавек, паставіўшы на мяне вялікія, рахманыя, як у аленя, вочы. - Паверце, каб я хлусіў, я б мог прыдумаць нешта больш спрытнае.
        - Тады прабачце, - зніякавеў я.
        - Велеісы развяваюцца за спінамі людзей. Дзіды тырчаць у паветры. І мчаць, мчаць яны, як навала.
        - Яшчэ раз прабачце, шаноўны пане. А скажыце, можа, на вячэры ў суседа частавалі медам?
        - Я не п'ю, - з годнасцю падціснуў губы Берман-Гацэвіч. - Я кажу вам, яны не пакідалі нават слядоў за сабою, і туман хаваў ногі коней. І твар караля. Ён быў зусім спакойны, безжыццёва-змрочны, сухі і зусім-зусім шэры, як туман.
        Самае галоўнае, яны прыязджалі да палаца Яноўскіх у тую ноч. Мне расказалі, калі прыйшоў, што апоўнач загрымела кальцо на дзвярах і голас крыкнуў: "Раман у дваццатым калене, выходзь!"
        - Чаму Раман?
        - Таму што Надзея - апошні нашчадак Рамана, якраз дваццатае яго калена.
        - Не веру, - зноў сказаў я, змагаючыся да канца, бо твар у Бермана быў сапраўды белы. - Давайце радасловец Яноўскіх.
        Берман з гатоўнасцю выцягнуў нейкую кнігу і разгарнуў пергаментную ўкладку з "дрэвам годнасці". І сапраўды, дзевятнаццаць пакаленняў ішло з Рамана Старога. Ніжэй дзевятнаццатага калена, зноў Рамана, быў надпіс, зроблены дробным почыркам: "26 кастрычніка 1870 года нарадзілася дачка мая, Надзея. Апошняе, дваццатае, наша калена, адзінае маё дзіця. Жорсткі лёс, здымі з нас свой праклён, няхай загінуць толькі дзевятнаццаць пакаленняў. Злітуйся з гэтага маленькага камячка. Вазьмі мяне, калі гэта патрэбна, але няхай выжыве яна. Яна ж апошняя з роду Яноўскіх. Упаваю на цябе".
        - Гэта бацька яе пісаў? - спытаў я, расчулены, і падумаў, што мне было ў год нараджэння гэтай дзяўчынкі восем год.
        - Так, ён. Бачыце, ён прадчуваў. Яго лёс - доказ праўдзівасці легенды пра караля Стаха. Ён ведаў яе, яны ўсе ведалі, бо праклён вісеў над нашчадкамі гэтых нешчасліўцаў, як сякера. Той звар'яцее, таго заб'юць за грошы браты, той загіне ў час палявання. Ён ведаў і рыхтаваўся: забяспечыў дзяўчыне хоць мізэрны, але даход, знайшоў загадзя апекуноў, склаў запавет (дарэчы, я баюся гэтай восені, многія з Яноўскіх не дажывалі да паўналецця, а праз два дні будзе яе дзень нараджэння, і ўжо двойчы з'яўлялася дзікае паляванне пад мурамі палаца). Раман ніколі не выходзіў уначы з палаца. Але два гады таму Надзею Раманаўну ўзяла ў госці яе далёкая сваячка па маці, жонка шляхціца Кульшы. Дзяўчынка затрымалася ў яе дапазна. Раман быў такі чалавек, што вельмі нерваваўся, калі яе не было дома. А дом Кульшаў быў ля самай Волатавай прорвы. Ён сеў на каня і паехаў. Дзяўчынка вярнулася дадому з Рыгорам, вартаўніком Кульшы. А пана няма. Паехалі шукаць. А была восень, час, калі паляванне караля Стаха з'яўляецца асабліва часта. Мы ехалі па слядах панскага каня, я і Рыгор. Я баяўся, а Рыгор - ані кроплі. Сляды вялі спачатку па дарозе, пасля збочылі і пачалі віляць па лузе. І збоку Рыгор адшукаў другія сляды.
        Ён быў добры паляўнічы, гэты Рыгор. Які жах, пане! Сляды былі ад двух дзесяткаў коней. І падковы старыя, з трызубцам, падобным на габлі. Такіх даўно не куюць у нас. І часам гэтыя сляды знікалі і з'яўляліся праз дваццаць, праз трыццаць крокаў, быццам коні ляцелі ў паветры. Пасля мы адшукалі клак ад панскай стрэльбы, я пазнаў бы яго з сотні. Рыгор прыпомніў, што, калі ён вёз дзяўчо дахаты, нехта страляў ля прорвы. Мы пагналі коней хутчэй, бо мінула гадзін пяць, ноч ужо цямнела перад світаннем. Хутка мы пачулі - недзе гігатаў конь. Мы выехалі на вялікую галявіну, якая зарасла верасам. Тут Рыгор адзначыў, што коні дзікага палявання развярнуліся ў лаву і пайшлі намётам. А конь гаспадара некалькі разоў спатыкнуўся, відаць, стомлены. - Голас Бермана раптам адзічэў і перасекся: - І ў канцы галявіны, якраз там, дзе пачыналася прорва, мы пабачылі яшчэ жывога каня, які ляжаў са зламанай нагою і крычаў так жахліва, як чалавек. Рыгор сказаў, што пан павінен быць недзе тут. Мы знайшлі яго сляды, якія ішлі ад дрыгвы. Я рушыў па іх, але яны дайшлі да каня, амаль да каня, і зніклі. Тут на вільготнай глебе былі ўмяціны, быццам чалавек упаў. І далей нічога. Галоўнае тое, што слядоў побач не было. Паляванне збочыла сажнях у дзесяці ад таго месца. Альбо Раман узнёсся на неба, альбо коні караля Стаха дамчалі да яго ў паветры і захапілі з сабою. Мы пачакалі з паўгадзіны, і, калі пачаўся сапраўдны змрок, Рыгор хлопнуў сябе па галаве і загадаў мнё надраць бяросты. Я, шляхціц, падпарадкаваўся гэтаму хлопу: ён быў тады ўладны, як магнат. Калі мы запалілі бяросту - ён схіліўся над слядамі. "Ну, што скажаш, пане?" - сказаў ён з выглядам перавагі. "Я не ведаю, нашто яму спатрэбілася ісці ад дрыгвы, не ведаю, як ён туды трапіў", - адказаў я ніякава. Тады гэты хам разрагатаўся... "Ён і не думаў ісці ад дрыгвы. Ён, васпане, ішоў у дрыгву. І ногі ў яго зусім не былі выкручаны задам наперад, як ты, магчыма, думаеш. Ён адступаў, адступаў да дрыгвы ад чагосьці жахлівага. Бачыш, вось тут ён пляснуўся аб зямлю. Конь зламаў нагу, і ён пераляцеў цераз галаву. Ён, калі хочаш ведаць, падкруціў нагу: бачыш, крок правай нагі большы і глыбокі, значыць, ён падкруціў левую нагу. Ён адступаў да дрыгвы задам. Хадзем туды, там мы пабачым, напэўна, і канец". І сапраўды, мы пабачылі і канец. Там, дзе быў рэзкі абрыў у дрыгву, Рыгор пасвяціў бяростаю і сказаў: "Бачыш, тут ён асклізнуўся". Я трымаў яго за пас, а ён палез з гэтага абрыўчыка і паклікаў мяне: "Глядзі". І тут я пабачыў галаву Рамана, якая тырчала з рудой маслянай паверхні прорвы, і скручаную руку, якой той паспеў ухапіцца за карнявішча ад нейкага спарахнелага дрэва. Мы выцягнулі яго з вялікімі цяжкасцямі, выцягнулі мёртвага: у гэтых прорвах часта б'юць падводныя крыніцы, і ён проста замёрз. Ды яшчэ, да таго ж, і сэрца не вытрымала, як казаў пасля лекар. Божа, на твары ягоным быў такі жах, які нельга перажыць і застацца жывым! Пасля дзяўчына ледзь не звар'яцела, калі пабачыла. На руцэ нейкі ўкус, каўнер падраны. А тады мы прытарочылі труп да сядла і паехалі. І вось не паспелі мы ад'ехаць і трыццаці крокаў, як пабачылі: праз прасеку плылі смутныя конныя цені. Дзіўна было тое, што зусім не грукацелі капыты. А потым заспяваў рог недзе зусім у другім баку і так прыглушана, быццам праз вату. Мы ехалі з трупам прыгнечаныя, коні нерваваліся, яны чуюць мёртвае цела. І ноч была, ох, якая ноч! І недзе спяваў рог дзікага палявання. А зараз зноў... Надыходзіць час помсты.
        Ён змоўк, уткнуўшы твар у далоні, пальцы на якіх, белыя, артыстычныя, былі даўжэй за пальцы звычайнага чалавека ў два разы. Я маўчаў, і раптам мяне прарвала:
        - Як вам усё ж не сорамна. Мужчыны, дарослыя, вялікія мужчыны! І не можаце абараніць. Ды няхай бы гэта быў нават сам д'ябал - біцеся, чорт вас падзяры! І чаму гэта паляванне з'яўляецца тут толькі часам? Чаму пры мне яшчэ не было?
        - Нават калі яны з'яўляюцца часта, яны не прыходзяць у ночы на святыя дні, а таксама ў сераду і пятніцу.
        - Гм, дзіўныя здані... А ў нядзелю? - У мяне ўсё больш варушылася на дне душы жаданне даць па гэтай фарфоравай, вялай, бязвольнай храпе, бо такія не здатныя ні на добры ўчынак, ні на крымінал - не людзі, а макрыца-трава на градзе. - А ў піліпаўку, на пятроўкі яны з'яўляюцца, калі яны такія ўжо святыя прывіды?
        - На нядзелю Бог даў ім дазвол, бо, як памятаеце, Стах быў забіты таксама ў нядзелю, - цалкам сур'ёзна адказаў ён.
        - Дык што ж ён тады такое, ваш Бог? - грымнуў я. - Ён што, стакнуўся з д'яблам? Ён што, мярзотнік, за кроў аднаго бярэ душу ў нявінных дзяўчат, у якіх крыві таго Рамана, можа, адна кропля!
        Ён маўчаў.
        - Пяцьсот дваццаць чатыры тысячы дзвесце восемдзесят восьмая частка крыві Рамана ў яе жылах, - падумаўшы, імгненна падлічыў я. - На што ён тады здатны, гэты ваш Бог?
        - Не кашчуннічайце, - спуджана войкнуў ён. - За каго вы заступаецеся?
        - Занадта многа чартаўшчыны нават для такога дома, - не супакойваўся я. - Малы Чалавек, Блакітная Жанчына, а тут яшчэ гэта дзікае паляванне караля Стаха. Аблога і знутры і звонку, каб ён згарэў, гэты дом!..
        - Мгм, шчыра кажу вам, шаноўны пане, што я не веру ў Чалавека і Жанчыну.
        - Іх бачылі ўсе. І вы таксама.
        - Я не бачыў, я чуў. А прырода гукаў невядома нам. Ды і да таго я знерваваны чалавек.
        - Бачыла гаспадыня.
        Вочы Бермана сціпла апусціліся. Ён павагаўся і сказаў:
        - Я не здатны ёй ва ўсім верыць. Яна... ну, словам, мне здаецца, яе бедная галоўка не вытрымала гэтых жахаў. Яна... м-м... своеасаблівы ў псіхічных адносінах чалавек, каб не сказаць больш.
        Я таксама думаў пра гэта, таму змаўчаў.
        - Але я таксама чуў гэта.
        - Дзікунства. Гэта проста акустычны падман. Галюцынацыя, шаноўны пане.
        Мы пасядзелі моўчкі, я адчуваў, што сам пачынаю вар'яцець ад мілых прыгод, якія тут адбываліся.
        У тую ноч мне прыснілася: бязгучна скача дзікае паляванне караля Стаха. Бязгучна ржуць коні, бязгучна апускаюцца капыты, хістаюцца выразныя павады. Халодны верас пад іх нагамі; імчаць шэрыя, нахіленыя наперад цені, і балотныя агні гараць на лбах коней. А над імі, у небе, гарыць самотная, вострая, як іголка, зорка.
        Калі я прачынаўся - я чуў у калідоры крокі Малога Чалавека і часам яго ціхі жаласны стогн. А пасля зноў чорная бездань цяжкага сну, і зноў скача па верасе і дрыгве імклівае, як страла, паляванне.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.