РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Круглянскі мост
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
18
        
18

        
        А цяпер вось сядзі. Відаць, і сапраўды расстраляюдь.
        Сонца з-за яліны лагодна высвечвае адзін бок ямы — робіцца цяплей. Лес наўкола поўніцца гукамі: чуваць, гамонячы, строіцца кудысь група партызан — мабыць, на чарговае заданне; хтосьці з пасыльных, аклікаючы па дарозе знаёмых, шукае начальніка гаспадаркі Кляпца; з другога боку адпрагаюць каня — бразгаюць кінутыя на дол аглоблі, і рыпіць хамут. Чуваць рэплікі і смех людзей. Новы вартавы не-не ды і падыдзе да ямы — мусіць, зазірне ў яе: на земляныя камякі ўскрайку тады кладзецца яго рэзкі зламаны цень і тут жа знікае. Хоць ён і суцяшаў Сцёпку, але, мабыць, размаўляць яму з арыштантам не хочацца, і хлопец адчувае гэта. Нейкая страхавітая адчужанасць ужо аддзяліла яго ад астатніх, колішніх яго суседзяў і таварышаў па атрадзе, і паставіла ў асаблівае становішча — крыўднае і пагрозлівае. Што ж, мусіць, ён вінаваты.
        Наверсе, мяркуючы па гуках, нічога асаблівага не адбываецца, там з поўпай абыякавасцю да яго ідзе заўсёднае атраднае жыццё. I таму зусім нечаканы знаёмы голас прымушае яго здрыгануцца.
        — Во дзе яны! Шукаў, шукаў...
        — Чаго шукаць! Вунь кухня.
        Сцёпка непрыемна сціскаецца ў камяк — гэта ўжо па яго, пэўна. Але чаму Даніла?
        — Ну, дзе ён? Сядзіць?
        У зямлі добра аддаюцца крокі, абодва з вартавым яны ідуць да ямы, і неўзабаве Сцяпан бачыць над сабой знаёмыя Данілавы касмылі. Ну, што яму яшчэ трэба?
        — Во пасадзілі! Як ваўка. Га! На, есці прынёс.
        У яму звешваецца на драцяной дужцы зроблены з нейкае бляшанкі кацялок, на краі яго свежы, трохі падсохлы пацёк куляшу. Пах ежы адразу забівае ўсе іншыя, затхлыя пахі ямы. Адчуўшы на хвіліну радасць, Сцёпка бярэ кацялок і заціскае яго між калень.
        — Лыжка ёсць?
        Лыжка ў яго ёсць, ён дастае яе з кішэні — сваю даўнюю алюміневую карміцельку з коратка абрэзаным тронкам, выцірае пальцамі ад крошак і пачынае есці. Даніла сядае над ямай. Побач стаіць вартавы.
        — Знаю я гэтага Брытвіна,— кажа ён.— Занудлівы, не дай бог. Вунь зімой Маланчука ў Падасінавіках застрэліў. Нібыта за парушэнне дысцыпліны. Нягоднік ён.
        — Нягоднік,— лёгка згаджаецца Даніла, і Сцёпка ажно папярхаецца ад здзіўлення:
        глядзі, як хутка перамяніў думку! Ён коратка пазірае знізу ўгору: Даніла нетаропка ладзіць цыгарку — на яго касмылявым твары не разабраць што.
        — Дык, кажуць, пабіліся? — пытаецца вартавы.
        — Было,— няпэўна адказвае Даніла. Мяркуючы па яго настроі, расказваць, як і што адбылося ўчора, у яго няма ахвоты.
        — На гэтай чортавай вайне ўсё бывае. Мабыць, ты, Барада, на закурку багаты?
        — Дзе там! Ацяробкі сабраў.
        — Дык бычка пакінеш. А то ўжо два дні не курыў — вушы апухлі... З такімі, як гэты Брытвін, лепей не заядацца. Ну іх. Што нам — болей за ўсіх трэба?
        — Пэўне. Нашто проціў ветру рукамі махаць? —пагаджаецца Даніла, напусціўшы ў яму дыму.
        Размова не клеіцца, вартавы чакае «бычка», і Даніла з прагнай асалодай дацягвае цыгарку.
        — На, куры.
        Кончыкамі пальцаў вартавы асцярожна бярэ з Данілавых кіпцяў акурак і адыходзіць — ягоны цень слізгае па Данілавых ботах. Сцёпка выскрэбвае кацялок. Кулеш смачны, але малавата, з'еў бы і болей.
        — Ну, пад'еў?
        Сцёпка маўчыць: што яму размаўляць з чалавекам, ад якога немаведама чаго чакаць.
        — Брытвіну аперацыю рабіць будуць. Хацеў, каб цябе прывялі.
        Яшчэ чаго не хапала! Навошта яму ісці да Брытвіна — сварыцца хіба? Але сварка ўжо скончана. Цяпер слова — начальству, яно ўсё і вырашыць. У ягоных руках лёс Сцёпкі Таўкача.
        — Доктар казаў, мала не пацэліў,— прадаўжае тым часам Даніла.— Яшчэ б трохі — і капец!
        Чорт з ім! Гэтая навіна Сцёпку і не радуе, і не засмучае. Зусім ён не цэліў. Каб цэліў, дык доктар, мусіць, не спатрэбіўся б.
        — I гэта самае...— Даніла чагось азіраецца, хоць побач нікога няма, і трошкі цішэйшым голасам гудзіць над ямай: — Казаў, на цябе не злуецца. Ну, выпілі, ведама... Калі па-добраму, дык можна дамовіцца.
        Сцёпка паднімае голаў. Ён шчыра здзіўлены.
        — Гэта як?
        — А так, значыць. Сказаць, што незнарок. Выпадкам аўтамат стрэліў. А пра Міцю таго маўчок. Узарвалі, і ўсе.
        — Не ўжо! Пайшоў ён у адно месца.
        — Гэта самае... Нядобра ты! — настойліва бурчыць Даніла.— Пра сябе падумай. А то прыедзе камісар...
        — Хай едзе!
        Даніла зверху ўважліва, нібы нават не разумеючы, глядзіць у яму. Сцёпка ўстае і ставіць парожні кацялок ля яго ботаў.
        — Хай едзе. Я не баюся!
        Даніла круціць галавой, уздыхае. Увесь яго заклапочаны выгляд сведчыць, што ён не ўхваляе хлопца.
        Неўзабаве ён пачынае ўставаць, абсыпаючы ў яму зямлю, потым падбірае кацялок, папраўляе на плячы зброю. I Сцёпка толькі цяпер бачыць у яго свой ППШ. Значыць, ужо і ўзброіўся. Сцёпка сядае на ранейшае месца. Нешта цвёрдае і на дзіва ўпэўненае ўжо авалодала ім і не саступае.
        — Нядобра ты ўдумаў. Шкадаваць будзеш.
        — За мяне не бойся.
        — Ды мне што... Ось толькі абяцалі адпачынак, трое сутак. А цяпер...
        Ён не дагаворвае, заклапочана пазірае ўбок, мусіць, на вартавога паблізу, і Сцёпка здагадваецца, што ён мае на ўвазе. Цяпер, калі яны не дамовіліся, мусіць, адпачынак у Данілы лясне.
        I правільна, што лясне.
        «Адпачынак за што? Хто сапраўды заслужыў яго, тых ужо няма. А гэтаму за якія заслугі? — думае Сцёпка. Не, нічога ў іх з Брытвіным не выйдзе. Хопіць хітрыць і выязджаць на чужым гарбе. Сцёпка вінаваты, яго, вядома, пакараюць, але раней ён раскажа, як усё гэта адбылося, і назаве Міцю.
        Камісар справядлівы, ён зразумее.
        Не можа таго быць, каб не зразумеў. Хай едзе камісар!»

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.