Сярод беларускага народа захоўваюцца яшчэ і цяпер некаторыя паданні даўніх часоў, якія, пераходзячы ад чалавека да чалавека, зрабіліся такія ж цьмяныя, як і міфалогія старажытных народаў. Жыхары гэтага краю, а менавіта Полацкага, Невельскага і Себежскага паветаў, спрадвеку пакутуючы, зусім змяніліся характарам; на іх тварах заўсёды адбіты нейкі смутак і змрочная задумлівасць. У іх фантазіях увесь час блукаюць нядобрыя духі, якія, аднак, служаць злым панам, чараўнікам і ўсім непрыяцелям простага люду. Я нарадзіўся там і вырас, іх скаргі і журботныя апавяданні, як гоман дзікіх лясоў, навявалі на мяне заўсёды змрочныя думкі і з дзяцінства былі маёй адзінаю марай. Некаторыя з гэтых родных успамінаў я прыгадаў у баладах; гэта быў мой самотны напеў. Балады былі пачаткам таго, пра што я меў намер сказаць падрабязней. Гэта ў чалавечай натуры – ад песні пераходзіць да апавядання пра тое, што нас найбольш займае. Павінны выйсці адзін за адным шэсць1 томікаў гэтых аповесцей, якія малююць пераважна мясціны паўночнай Беларусі, бо гэты куток зямлі заўсёды выклікае ў мяне наймілейшы ўспамін. Я не пераймаю формаў, якія любілі пісьменнікі англійскія, нямецкія або французскія; лічу, што чужаземнае не будзе пасаваць негаваркому жыхару Беларусі. Узяў я форму з самой прыроды. Сірата штодзённа наракае на сваю нядолю, апавядае пра розныя пакуты, якія ён мусіў трываць на гэтым свеце, і яго скаргі на працягу ўсяго жыцця зліваюцца ў адну аповесць, хоць ён і не думаў сёння пра тое, што будзе апавядаць заўтра. Ян Баршчэўскі Пецярбург, 8 верасня 1844 –––––––––––– 1 Выйшлі чатыры томікі.
|