РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца на далоні
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
7
        
7

        
        Гукану далажыў пра выпадак з Шыковічам-малодшым начальнік міліцыі. Старшыня выканкома выслухаў спакойна, як быццам нават без цікавасці. Цяжка ўздыхнуў пад канец: што толькі ні валіцца на яго палыселую галаву, усім трэба займацца. Спытаў філасофскі разважліва:
        – Скажы мне, Сізоненка, хто вінаваты, што растуць вось такія?..
        Падпалкоўнік чвэрць стагоддзя праслужыў у міліцыі і навучыўся з незвычайнай праніклівасцю адгадваць, які адказ патрэбны начальству ў той ці іншы момант. Толькі з Гуканам у яго гэта не выходзіла. Гукана немагчыма было раскусіць. Пры суровасці на твары ён нечакана выяўляўся добрым і ласкавым, калі пачынаў нешта вырашаць. І наадварот, пры знешняй весялосці і ветлівасці аказваўся дужа круты.
        Сізоненка ўспомніў, што сустрэў яго старшыня жартам. Але ад міліцэйскіх спраў твар яго ўсё больш і больш выцягваўся, некуды ў падброўе схаваліся зеленаватыя вочы. Спытаў ён, не ўзнімаючы галавы ад папер. Таму Сізоненка пачаў манеўраваць:
        – Усе патроху.
        – Хто?
        – Школа. Камсамол. Мы.
        – Хто «мы»?
        – Міліцыя, я маю на ўвазе. Не праводзім прафілактычных мер... Ліберальнічаем.
        – А бацькі? – Гукан узняў галаву.
        Сізоненка ўпотай назваў сябе дурнем: заняўся самакрытыкай, чурбан! А патрэбны зусім просты адказ.
        – Бацькі – гэта само сабой... У першую чаргу, безумоўна, бацькі.
        – Правільна. У першую чаргу, – згадзіўся Гукан.
        І больш ні слова пра гэта. Былі другія справы.
        Але калі начальнік міліцыі пайшоў, Сямён Парфёнавіч падняўся з-за стала, на сярэдзіне кабінета смачна пацягнуўся і бадзёра прысеў разы два, узмахваючы рукамі. Ён нярэдка рабіў такую размінку, але тэмп яе заўсёды залежаў ад настрою: чым вышэй настрой – тым хутчэй рухі. Потым падышоў да акна, палюбаваўся на свае каштаны. Цудоўныя каштаны! Толькі гэты аднарукі «прынцыпал» на злосць яму, Гукану, шморгае лісце. Цэлую галіну абарваў. Двойчы ўжо яны пасварыліся з-за каштана. Але гэтаму ўпартаму д’яблу лепш нічога не казаць. Вось жа даў бог намесніка. І за яго гарой Тарасаў.
        «Разумны ты чалавек, Сяргей Сяргеевіч, але не на тых людзей арыентуешся».
        Гукан падышоў да тэлефона і набраў нумар сакратара гаркома.
        – Адзін? – Яны ўжо бачыліся сёння.
        – Калі я бываю адзін. Асвета вось сядзіць. Думаем разам. Сядзім і думаем. А работа стаіць, – як заўсёды, з гумарам адказаў Тарасаў.
        – Ты чуў, што натварыў сын Шыковіча? Чорт ведае што! Міжнародны скандал.
        Тарасаву за дзве гадзіны працы ўжо трэці чалавек расказваў пра гэты выпадак. Скажы, калі ласка, якая падзея дня! І вось тут, у званку Гукана, ён адчуў некаторае нездаровае смакаванне факта. Зразумеў, каб гэта быў любы малады шалапут, наўрад ці надавалі б гэтаму столькі ўвагі. Але сын Шыковіча... Таму сакратар адказаў зноў-такі з гумарам:
        – Міжнародны, кажаш? Няўжо можа быць разрыў дыпламатычных адносін?
        Гукан асекся. Непрыязна падумаў: «На жартачкі збівае. Выгарадзіць хоча».
        – Ты не жартуй. Факт непрыемны.
        – А я што кажу, радасны?
        – Пагражаць атамнай бомбай гасцям! Што яны падумаюць пра нас?
        – Калі ворагі, дык яны даўно ўжо думаюць... А калі сябры, то адзін дурань...
        – Не. Па закону аб забароне прапаганды вайны трэба сукінага сына судзіць...
        – Вось як! – Тарасаў як бы здзівіўся. – Думаю, нікога яшчэ не судзілі па гэтаму закону. Не будзем і мы шукаць у сябе падпальшчыкаў вайны. Згодзен?
        Гукан сам зразумеў, што сказаў глупства. Але гэтая манера сакратара, гэты яго няўлоўны гумар – «Згодзен?» – не першы раз ужо выводзілі Сямёна Парфёнавіча з сябе. На дзесяць год малодшы, а размаўляе з ім, старым чалавекам, вопытным работнікам, як з малым.
        – Хопіць гэтаму «падпальшчыку» дзесяць сутак. Няхай падмяце дарожкі ў парку. А то яны засмечаны ў цябе. Брыдка хадзіць.
        «У мяне. Усё ў мяне. А ў цябе што?» – зноў раздражнёна падумаў Гукан і выказаў сваю думку больш катэгарычна:
        – Няма адказнасці ў бацькоў...
        – Вось гэта правільна! – адгукнуўся ў слухаўку Тарасаў. – Бацькі ў нас выхаваннем займаюцца мала.
        – Шыковіч прэтэндуе на ролю выхавацеля мас, а ўласнага сына распусціў. Мнагавата мае грошай. Машына. Дача...
        А вось гэта Тарасаву не падабалася. Безумоўна, бацька адказвае. Але калі з асобных фактаў пачыналі выводзіць тэорыю, што, маўляў, усе пачварныя з’явы толькі ў асяроддзі дзяцей забяспечаных бацькоў, што ва ўсім вінаваты дабрабыт, – гэта абурала Сяргея Сяргеевіча. Выходзіць, толькі ў беднасці і жабрацтве можна правільна выхоўваць. Глупства!
        – Шыковіч палучае ў рэдакцыі столькі ж, колькі ўсе. Па штатнаму распісанню, – холадна адказаў сакратар.
        Гукан змаўчаў. Успомніў, як аднойчы ў прыватнай гутарцы Тарасаў сказаў усё з той жа сваёй хітрынкай:
        «Ты ж не адмаўляешся ад ганарару за сваю кнігу, хоць пісаў яе не ты?»
        Цяпер Сямён Парфёнавіч падумаў:
        «Ясна. Стаіць за Шыковіча. Як я не ведаў дагэтуль, што яны так спаяны».
        Паспрабаваў змякчыць, каб Тарасаў не падумаў, што ён хоча ўтапіць свайго сааўтара:
        – Хоць, безумоўна, за такімі шалапутамі хіба ўсочыш. Добра, што мае ў вайну выраслі. У эвакуацыі. Уведалі і цану хлебу і цану капейкі.
        Тарасаў весела крыкнуў у слухаўку:
        – Нешта ты, Сямён Парфёнавіч, хістаешся сёння. То валіш усё на бацькоў, то зусім здымаеш з іх віну. Не, бацькоў мы паслухаем. Я ўжо сказаў: сабраць па гораду ўсе падобныя факты паводзін дзяцей камуністаў. І ўсіх бацькоў на адно з чарговых бюро гаркома. У мяне – людзі.
        Вось і зразумей яго, гэтага Тарасава!
        А бацькі яшчэ нічога не ведалі. Валянціна Андрэеўна засталася на дачы, а Кірыла з самай раніцы забраўся ў партархіў. Пасля Ярашавага расказу жаданне заняцца падполлем, разабрацца ва ўсім аб’ектыўна і напісаць дакументальную кнігу пабольшала. Быў ён часам ленаватым, часам рабіў з халадком, асабліва ў журналістыцы. Але ўжо калі загараўся тэмай, то працаваў як апантаны, па шаснаццаць гадзін у дзень. «Працую, як Бальзак», – жартаўліва хваліўся ён у такія моманты блізкім. Так ён працаваў апошні тыдзень. З раніцы – у архіве, у другой палавіне дня – у рэдакцыі, увечары – дома, прыводзіў у парадак тое, што ўдалося здабыць у архіве. А матэрыялаў там было – непачаты край. Найцікавейшых дакументаў. За шаснаццаць год яны не ўсе нават сістэматызаваны. Штат архіва невялікі, а дакументаў – вагон. Начальнік – стары камуніст Сыраквашка Міна Азаравіч, у мінулым дырэктар музея – больш цікавіўся архівамі грамадзянскай вайны, калі ён сам быў малады і партызаніў на Палессі. Пісаў нейкія ўспаміны. Айчынная вайна ад яго была далей. Па рашэнню абкома ён разам з экспанатамі музея эвакуіраваўся ў самым пачатку яе. Лёс занёс яго ажно ў Новасібірск, дзе яму даручылі ахову эвакуіраваных з Ленінграда партыйных дакументаў.
        З’яўленне ў архіве пісьменніка разварушыла маленькага сівага дзядулю. Міна Азаравіч быццам скінуў са сваіх сямідзесяці год пару дзесяткаў. Шмат што з таго, што расказваў пра падполле іх горада Шыковіч, яму, безумоўна, было вядома. Але той добры дзесятак вялікіх пытальнікаў, якія паставіў новы даследчык, запалілі старога архіварыуса. Сапраўды, гэта цікава – адказаць хоць на частку такіх пытанняў. Чаго варта, напрыклад, канчаткова вырашыць, хто ж такі Савіч, якога, між іншым, Сыраквашка добра ведаў – доктар некалі перадаў музею карціну Айвазоўскага.
        І начальнік архіва шчыра памагаў Шыковічу ў пошуках.
        За першы тыдзень Кірыла перачытаў гару папер, але высветліў нямнога з таго, чаго не ведаў раней. Расшыфраваў толькі адно – склад першага падпольнага гаркома. Спіса нідзе не было, але пры дэталёвым аналізе дакументаў таго часу і ўспамінаў удзельнікаў, напісаных неўзабаве пасля вайны, гэта ўдалося ўстанавіць. Гукан у сваёй кнізе яўна наблытаў: назваў імёны людзей, якіх у той час нават не было ў горадзе. Тут яму даказаць няцяжка. Хоць увогуле чалавек ён упарты. Але нічога, разбярэцца гарком ці абком.
        Напярэдадні, разбіраючы матэрыялы партызанскай брыгады «Смерць фашызму», з якой падпольшчыкі трымалі найбольш цесную сувязь, Шыковіч натрапіў на цікавы дакумент. Дзіўны дакумент. Лісток з вучнёўскага сшытка ў касую лінейку. На ім размашыстым почыркам напісана:
        «Учора пахавалі таварышаў, якія загінулі ў баі за станцыю.
        Няўдача за няўдачай. Настрой у атрадзе цяжкі. Звесткі з Вялікай зямлі таксама не суцяшальныя. Чым падняць настрой людзей?
        Сёння з’явіўся таварыш з групы НКВД. Правал у горадзе. Накрылі рацыю, двух арыштавалі. Л. выратаваўся выпадкова. Баюся за Доктара, яны трымалі з ім сувязь.
        Папрасі Марусю, каб схадзіла ў горад».
        І ўсё. Ні даты, ні подпісу. Што гэта? Пісьмо некаму ці ўрывак з дзённіка? Калі слова «папрасі» напісана правільна, – пісьмо. Але ўвогуле больш падобна на дзённікавы запіс. Магчыма, чалавек у спешцы не дапісаў «ць» – «папрасіць». Але гэта не галоўнае. Не гэта надзвычай зацікавіла і ўсхвалявала Шыковіча. Пісьмаў падобных і дзённікаў партызанскіх ён перачытаў мноства. Адзін сказ прымусіў яго выдзеліць гэты дакумент з усіх іншых: «Баюся за Доктара, яны трымалі з ім сувязь». Доктар – з вялікай літары. Хто ён, гэты Доктар? Сапраўдны доктар ці гэта падпольная клічка? Каб устанавіць ісціну, трэба ведаць, хто і калі пісаў пісьмо ці дзённік.
        Шыковіч працаваў у сховішчы, якое змяшчалася ў склепах былога аддзялення банка. Прасторныя сухія склепы. У першы пасляваенны год камсамольцы разабралі банкаўскія руіны і са старой цэглы на месцы трохпавярховага будынка змуравалі невялікі аднапавярховы асабняк. Рэканструкцыя горада не кранула яго, бо стаяў ён у глыбіні двара, пасярод квартала. Наперадзе вырас чатырохпавярховы дом. А гэты белы домік стаяў у абкружэнні таполяў. Пасаджаныя ў сорак пятым годзе, яны разрасліся ў густы цяністы сквер і ўсё навокал засыпалі пухам квецені.
        Шыковіч пайшоў да Сыраквашкі. Праз акно ўбачыў: стары ў белай кашулі сядзеў за сталом і, паглыблены ў працэс творчасці, пісаў, па-дзіцячы высалапіўшы кончык языка. Зрэдку нешта шаптаў. Кірыла любіў назіраць людзей, калі яны заставаліся самі з сабой. Чалавек у такім стане часта ператвараецца ў дзіця, нават тады, калі заняты сур’ёзнай працай. Шкада было турбаваць гэтага добрага дзядулю. Тым больш што Шыковіч за тыдзень ужо вывучыў: раней чым дазволіць зайсці, Сыраквашка схавае ў шуфляду свой рукапіс, быццам ёсць нешта злачыннае ў тым, што ён піша. Сустрэне нахмураны, незадаволены.
        Так і здарылася.
        – Што ў вас там яшчэ? – буркнуў загадчык архіва, зачыняючы шуфляду на ключ.
        – Міна Азаравіч, скажыце, калі ласка, якая ў вас сістэма падбору дакументаў? Вось на гэтым некалькі нумароў. А ці не сказана дзе-небудзь у вопісу, хто пісаў гэты дакумент? Чаму ён трапіў у гэтую папку, а не ў якую-небудзь другую?
        Сыраквашка ўзяў папку, прачытаў напісанае і лёгка свіснуў, ён адразу зразумеў, чаму Шыковіча зацікавіла гэтая маленькая паперка.
        – Тут яна, брат, ляжала першапачаткова, тут мы яе і пакінулі. А хто яе пісаў – гэта трэба ўстанавіць.
        – Як?
        – Самы просты спосаб – па почырку. Шукай гэты ж почырк.
        Шыковіч спусціўся ў сховішча і перагартаў усе дакументы брыгады – перапісаныя ад рукі зводкі Саўінфармбюро, загады, рапарты, радыёграмы, данясенні сувязных, «баявыя лісткі», пісьмы, нават інтымныя. Такога почырку больш не сустрэлася. Ён пакінуў архіў расчараваны.
        А калі прыйшоў сёння раніцай, Сыраквашка сустрэў яго ў скверыку. У старога быў таямніча-задаволены выгляд. Але сказаў ён толькі ў сваім кабінеце:
        – А ў мяне для вас ёсць падаруначак, Кірыла Васільевіч. Я, здаецца, устанавіў, хто пісаў той дакуменцік. Пракоп Варава, першы камісар атрада імя Чапаева.
        Шыковіч зразумеў, што заразіў загадчыка архіва сваімі пошукамі, што Сыраквашка стаў яго лепшым памочнікам. Нялёгка было ў сотні папак адшукаць другую паперку, напісаную тым жа почыркам. Мабыць, да позняй ночы сядзеў чалавек у сховішчы, слепячы пры электрасвятле стомленыя слабыя вочы. Але калі Шыковіч горача падзякаваў яму, Міна Азаравіч збянтэжыўся, як дзяўчына.
        – Што вы, Кірыла Васільевіч! Мой абавязак. Агульная справа. Вам трэба дзякаваць, што ўзяліся за такую працу.
        «Дзіўнае пакаленне! – падумаў Шыковіч, любуючыся на старога камуніста. – Якая адданасць справе! Я ўчора ўвечары купаўся, лавіў рыбу, а ён вось сядзеў, шукаў...» – і яму нават зрабілася ніякавата.
        Вараву Шыковіч помніў па кнізе Гукана. Там яму адводзілася некалькі старонак як аднаму з арганізатараў партызанскага атрада імя Чапаева, які потым вырас у праслаўленую брыгаду. Гэта быў цікавы чалавек. Дырэктар кандытарскай фабрыкі, ён яшчэ да акупацыі мясцовасці пайшоў у лес, стварыў атрад. Камандаванне атрадам Варава пасля перадаў маёру-акружэнцу, а сам застаўся камісарам. Дык вунь з кім звязаны гэты таямнічы Доктар! Чапаеўцы базіраваліся няблізка, кіламетраў за семдзесят ад горада, у Клімаўскім лесе. У розныя бакі і па розных лініях ішлі сувязі падпольшчыкаў з партызанамі.
        Шыковіч з нецярплівасцю чалавека, які вось-вось дасягне мэты, пачаў праглядаць дакументы гэтай брыгады. Чытаў, захапляўся: якая крыніца сюжэтаў! Якія характары вырысоўваюцца з гэтых скупых звестак аб людзях! Але дзіўна – пра сувязі з людзьмі горада часта ўспаміналася, аднак ніводнага канкрэтнага дакумента няма, не называецца ніводнае сапраўднае імя. Пра Доктара даследчык знайшоў яшчэ адзін толькі ўспамін. Цікавы і арыгінальны. У расшыфраванай запісцы ўсё той жа сувязной Марусі. Яе рукой было напісана:
        «Добры дзень, цётка Параска!
        Паведамляю, што яйкі твае 43 штукі, 4 кг парэчкі, 1 кг масла, 2 літры смятаны я прадала. Узяла 180 марак, на нашы грошы гэта 1800 рублёў. Купіла 7 кавалкаў мыла і 3 катушкі нітак. Бульбу 12 кг аддала дзядзьку Карнею, ён паабяцаў пашыць табе сак. Кланяецца ён усім нашым нізка, а таксама цётка Наста. Яна хворая, у яе грыжа. Будуць рабіць аперацыю. Дзядзька прыедзе на тым тыдні, у сераду. Мяне з работы не адпускаюць да 24.
        Цалую. Твая пляменніца Маруся».
        Унізе гэтай пажаўцелай пакамечанай паперкі рукой Варавы напісаны спачатку лічбы:
        «34, 14, 82, 08, 37, 21, 42-17, 9, 81, 93.
        Доктар перадаў: шаснаццаць чалавек вывезены за горад у сераду. Сустракайце ў лесе каля Карнееўкі, суправаджае Насця. Разведчыкаў расстралялі. Вечная слава вам, дарагія мае хлопчыкі!»
        Шыковіч убачыў па літарах, як задрыжала рука мужнага, энергічнага, вынаходлівага чалавека – Варавы, калі ён пісаў гэтыя апошнія словы, што выніклі не з кода, а вырваліся з сэрца: «Вечная слава вам, дарагія мае хлопчыкі!»
        Такой была барацьба, пра якую мы пачынаем забываць!
        Асцярожнасць, хітрыя коды, ключы да якіх наўрад хто знойдзе цяпер... І ўсё адно правалы, смерці. Вораг быў таксама хітры і каварны. Але нішто не магло зламаць такіх, як Варава, як Маруся. Загінулі разведчыкі – на іх месца пайшлі Маруся і Насця!
        «Абавязкова напішу пра іх», – вырашыў Шыковіч, седзячы ў задуме над гэтым дакументам.
        Але хто яны, гэтыя дзяўчаты? Жывыя ці загінулі? І хто такі Доктар? Адно чапляецца за другое. Але няма ні пачатку, ні канца. Трэба шукаць! Аднак дакументы далі ў гэтым сэнсе нямнога. Яшчэ адна запіска Варавы:
        «Сяргей! Скажы Камарэнку, гэтаму чортаваму эскулапу, што, калі ён не аддасць Люцікаву частку тых нямецкіх лякарстваў, якія прыслаў «Хірург», я яго расстраляю за невыкананне загаду. Жыла ён, індывідуаліст, сукін сын!»
        Лякарствы, якія прыслаў «Хірург»... Не Доктар, а «Хірург». Але словы «доктар» Варава двойчы напісаў без двукосся, а «хірург» узяў у двукоссе. А калі меркаваць па ўсім іншым, камісар атрада быў акуратны і даволі пісьменны чалавек. Дык як гэта зразумець, чаму ён па-рознаму пісаў падпольныя клічкі? Вельмі можа быць, што маецца на ўвазе адзін і той жа чалавек. Але Доктар – гэта для яго, Варавы, для Марусі, для вузкага кола тых, хто ведаў асабіста і трымаў сувязь з падпольшчыкам. «Хірург» – для ўсіх другіх, напрыклад для лекара атрада Камарэнкі. Лякарствы мог прыслаць, безумоўна, толькі лекар ці аптэкар.
        Ад доўгага чытання і напружаных думак у Шыковіча забалела галава. Не, даволі дакументаў! Гэта не яго стыхія. Трэба шукаць жывых чапаеўцаў, яны скажуць больш. Ён выпісаў з дакументаў дзесяткі прозвішчаў. Дзе гэтыя людзі? Варава загінуў у верасні сорак другога... Красянкоў, камандзір атрада, быў адкліканы ў Маскву. У папцы ёсць радыёграма Цэнтральнага партызанскага штаба. Дзе ён цяпер? Другіх чапаеўцаў ён, Шыковіч, не ведае. Як не ведае! А Гукан? Праўда, Сямён Парфёнавіч прыйшоў туды значна пазней, у пачатку сорак трэцяга, калі ўжо была сфармавана брыгада. Але камісар мусіць ведаць пра тыя сувязі, якія наладжваліся атрадамі, што склалі брыгаду! Чаму ж Гукан нічога не расказаў яму, калі яны працавалі разам, ні пра Доктара, ні пра «Хірурга», ні пра Марусю? І нічога не напісаў у сваёй кнізе. Малазначныя факты? Можа, толькі яму, Шыковічу, чалавеку з фантазіяй, яны здаюцца цяпер незвычайнымі. А можа, тады, дзесяць год назад, не пра ўсё можна было пісаць? Ва ўсякім разе, як бы там ні было, а трэба пачынаць з Гукана. Пагутарыць шчыра, па-сяброўску. Выказаць свае сумненні і здагадкі. Папрасіць парады. Урэшце, ён разумны чалавек і сам, напэўна, добра разумее, што ў кнізе яго многа недакладнасцей, прабелаў і што любая добрасумленная праца цяпер, пасля XX з’езда партыі, больш аб’ектыўна асвятліць той ці іншы бок усенароднай барацьбы з фашызмам.
        Будучы чалавекам нецярплівым, Шыковіч адразу ж з архіва накіраваўся ў гарсавет. У прыёмнай Гукана, як заўсёды, было многа людзей. Гарадскія работнікі. Усе па неадкладных справах. Большасць Шыковіча ведалі, прывіталіся ветліва, але кожны ў душы стаіў незадавальненне яго прыходам: пісьменнік, які дапамог Гукану напісаць кніжку, работнік рэдакцыі, ён меў маральнае права пайсці без чаргі. Яны не пярэчылі супраць гэтага яго права, але нікому не хацелася сядзець у прыёмнай. Шыковіч і меўся з ходу праскочыць у кабінет, але новая сакратарка затрымала яго:
        – У Сямёна Парфёнавіча нарада гандлёвых работнікаў.
        – Ух, гэтыя гандляры! Толькі бясконца засядаюць. А гандляваць не ўмеюць.
        Супраць гандляроў, якія занадта доўга радзіліся, настроены былі ўсе. Нехта прыгадаў фельетон Шыковіча аб адным старшыні райспажыўсаюза. Дырэктар піўзавода пачаў падкідваць фельетаністу факты. Але Кірылу гэта не цікавіла, ён жыў вобразамі падпольшчыкаў, людзьмі, якія паўсталі з дакументаў.
        Дзяўчо, што сядзела на варце дзвярэй, было зусім маладзенькае. Новенькая. Шыковіч падумаў пра яе з непрыяззю: «Прымасцілася, каб адпрацаваць свае два гады. На завод не пайшла, чортава лялька».
        І сярдзіта спытаў:
        – Колькі іх там?
        – Каго? Таварышаў з упраўлення гандлю? Трое.
        – Дык якая гэта нарада! Ідзі ты, галубка, спытай у мэра, доўга нам чакаць? Скажы, Шыковіч пытае.
        Пачуўшы знаёмае прозвішча, дзяўчынка з цікавасцю паглядзела на Кірылу і паслухмяна нырнула ў будку: кабінет, каб не пранікаў гук, адгароджаны ад прыёмнай адмысловым збудаваннем, якое нагадвае кабіну на міжгародняй тэлефоннай станцыі.
        Неўзабаве адзін за адным, усе з тоўстымі папкамі, з будкі гэтай вываліліся кіраўнікі гарадскога гандлю. Следам за імі з’явіўся сам Гукан. Стаў у дзвярах, высокі, у ботах, галіфэ, але ў добра скроеным пінжаку, пры гальштуку. Наведвальнікі падняліся: ці не думае старшыня ісці куды?
        – Кірыла Васільевіч, у цябе доўгая справа? А то бачыш, колькі народу чакае.
        – Ды я хацеў параіцца па адным пытанні.
        Гукан быў упэўнены, што Шыковіч прыйшоў з-за сына, хоць не разумеў, чым ён мог памагчы. Вызваліць з-пад арышту – не яго кампетэнцыя. Ага, параіцца хоча. Было б несумленна ў такі час адмовіць яму ў сяброўскай парадзе ці прымусіць чакаць, пакуль ён, Гукан, будзе займацца справамі горада.
        – Ну што ж, давай заходзь. Прабачце, таварышы, – звярнуўся старшыня да іншых.
        – Калі ласка, Сямён Парфёнавіч, – адказаў за ўсіх адзін.
        Каб надаць гутарцы сяброўска-інтымны характар, Гукан сеў не за свой рабочы стол, а з краю доўгага стала для пасяджэнняў, насупраць адчыненага акна, за якім ласкава шапталіся каштаны. Яго адразу насцярожыў выгляд Шыковіча. Не падобны чалавек на засмучанага, расстроенага бацьку. Неяк зусім інакш узрушаны, ажно вочы блішчаць.
        Кірыла выцягнуў з бакавой кішэні паперкі – копіі, якія спісаў з архіўных дакументаў, разгладзіў іх на стале і, яшчэ нават не прысеўшы, спытаў:
        – Сямён Парфёнавіч, вы добра ведалі Вараву?
        Гукан адчуў нешта накшталт таго, што адчувае пасажыр, калі самалёт правальваецца ў паветраную яму.
        «Што гэта ён? Заходзіць здалёк?»
        – Якога? Таго?
        – А хіба ёсць яшчэ які Варава?
        – Не. Але прозвішча не такое ўжо рэдкае. Пракопа я ведаў. Да вайны яшчэ.
        – Цікавы чалавек быў. Праўда?
        Цяпер усю ўвагу Гукана прыцягвалі паперкі, якія Шыковіч усё яшчэ асцярожна разгладжваў. Не, гэта не старыя дакументы. Чысцюткая, дабротная папера, стандартныя аркушы, на якіх пішуць у рэдакцыю.
        – Цікавы. Ты што, забыў? Я ж расказваў табе, калі...
        Ён хацеў сказаць: «Калі мы пісалі кнігу» – і чамусьці не сказаў, асекся.
        – У вайну вы сустракаліся з ім?
        – Аднойчы. На пасяджэнні абкома.
        – Але пасля вы былі камісарам брыгады, якая вырасла з атрада Чапаева...
        – У брыгаду ўвайшло чатыры атрады і спецгрупа.
        – Але штаб брыгады павінен быў ведаць пра тыя сувязі, якія наладжвалі атрады. Сямён Парфёнавіч, што вы можаце сказаць пра гэтыя вось дакументы? Я знайшоў іх у партархіве. Арыгіналы напісаны Варавам.
        Гукан узяў паперы, і яны затрымцелі ў яго руцэ.
        «Хвалюецца стары», – адзначыў Шыковіч з павагай да чалавека, якога ўсхваляваў напамінак пра загінуўшага таварыша. Гукан падняўся і пайшоў да рабочага стала. Узяў там акуляры. Вярнуўся, сеў і доўга чытаў тры кароткія запіскі.
        – Хто такія Доктар, «Хірург», Маруся, Насця? Вось што мяне цікавіць. – Шыковіч ішоў, збіраючыся перадаць расказ Яраша, асабліва тую частку, што тычылася Савіча. Сказаць, што жывая дачка доктара.
        Гукан адарваўся ад папер, пранікліва паглядзеў на пісьменніка праз акуляры, потым паверх іх. Пакачаў галавой, уздыхнуў.
        – Не помню, брат. Марусь сувязных у нас быў добры дзесятак. Каторая з іх? Бачыш, што я табе скажу, Кірыла Васільевіч. Варава быў цікавы чалавек. Але ў яго было многа дзівацтваў. Не ў дакор нябожчыку. Была ў яго схільнасць да розных прыгод, часам проста-такі авантурнага характару. Помню, яго на абкоме яшчэ прабіралі за нейкую рызыкоўную аперацыю. Ён стварыў такую заблытаную агентуру, навыдумляў столькі самадзейных кодаў і шыфровак, што пасля мы не маглі разабрацца, што да чаго. І разам з тым, я табе скажу, быў даверлівы, як дзіця. Яго агенты потым правальвалі нашых людзей. Ды і сам ён загінуў праз гэтую сваю залішнюю даверлівасць. Хацеў прыручыць ваўка. Пайшоў на сустрэчу з начальнікам паліцыі. А той гад замест трох чалавек аховы, як дамовіліся, узяў трыццаць. Зрабіў засаду. Яны ўжо сышліся, пачалі гутарыць, як іх абкружылі. І Пракоп, каб не трапіць у іх лапы, узарваў гранату. У кішэні. Самога насмерць. Начальніку паліцыі адарвала нагу...
        Пра гэта Шыковіч ведаў. І пісаў. Нічога новага і нічога такога... зняважлівага для кагосьці Гукан не сказаў. Аб’ектыўная спакойная ацэнка людзей і фактаў, якія сталі ўжо гісторыяй. Але, відаць, менавіта праз тое, што Гукан гаварыў пра Вараву, пра невядомых падпольшчыкаў і сувязных, як пра нейкіх далёкіх гістарычных асоб, а ён, Кірыла, апошні тыдзень жыў з імі, як з блізкімі і дарагімі людзьмі, Шыковічу расхацелася расказваць пра Савіча і Зосю. Забіраючы ад Сямёна Парфёнавіча паперы, ён таксама ўздыхнуў:
        – Нялёгка, відаць, дакапацца цяпер да ісціны.
        Гукан зняў акуляры, праціраў пальцамі вочы, быццам вельмі стаміў іх, прачытаўшы тры запіскі. Спытаў:
        – Дык, значыцца, сядзіш у архіве?
        – Сяджу.
        – Такіх дробных загадак там многа. І ўвогуле, Кірыла Васільевіч, – Гукан ускінуў галаву, усміхнуўся, – няўжо цябе не хвалююць праблемы сённяшняга дня, што ты залез у склеп да Сыраквашкі? Такія падзеі! Да з’езда ідзём. Ды да якога з’езда! Чытаеш – дух займае.
        – А гэтыя праблемы, – Кірыла ляпнуў па згорнутых копіях, – па-вашаму, трэба пахаваць назаўсёды? – У голасе яго прагучала раздражнёнасць.
        Старшыня чамусьці адразу ўспомніў пра ўчынак сына гэтага дапытлівага даследчыка партызанскіх архіваў. «Навошта чалавек прытвараецца, што яго больш за ўсё цікавіць сёння Варава, доктар і справы падпольшчыкаў?»
        – Чаму пахаваць? Няхай капаюцца гісторыкі, іх хлеб. А ў нас з табой даволі надзённых задач. Заняўся б ты сынам лепш. Во праблема!..
        – А што з маім сынам?
        – Як што? Ты не ведаеш? Ай-вой-вой! Вось табе і на! Бачыш, да чаго давёў архіў. Дарожкі ў парку падмятае твой сын.
        Шыковіч хацеў падняцца і не здолеў: невядомая сіла прыціснула яго назад да крэсла. Ён адразу зразумеў, што значыцца «падмятае дарожкі». У той час калі ён з чыстымі думкамі і імкненнямі робіць святую справу – уваскрашае справу герояў, што загінулі за гэты вось ясны мірны дзень, сын, яго любімы сын, учыніў нешта бруднае, недастойнае. У першы міг з’явілася адчуванне, быццам на галаву вылілі памыі, не, пляснулі нечым смярдзючым, слізкім, гідкім.
        Гукан зразумеў, што ўдарыў у самае балючае месца. Ён не злараднічаў, у яго таксама ёсць сыны, праўда, ужо самастойныя людзі. Паспрабаваў нават змякчыць:
        – Але, падносяць нам дзеці сюрпрызы. Дзіўнае пакаленне расце...
        Ён падняўся і адышоў да акна, глядзеў на каштаны. Яшчэ нешта гаварыў. Шыковіч не чуў. Следам за тым агідным адчуваннем пачала расці злосць. На Славіка. На Гукана. На Валю: яна больш за ўсё патурала капрызам дзяцей. На сябе: бязвольны чалавек, уласнага сына не мог выхаваць! Гукан папрасіў прабачэння і сеў за рабочы стол. Націснуў кнопку званка. Сказаў дзяўчыне, якая з’явілася ў адзін міг:
        – Хто там па чарзе? Прасі.
        Шыковіч падняўся і, не развітваючыся, пайшоў да дзвярэй.
        – Заходзь, Кірыла Васільевіч. Я, можа, успомню прозвішчы сувязных. Маруся, кажаш? Пазваню Ткачуку, начштаба нашаму...
        На вуліцы, пад каштанамі, Кірыла адчуў, што ўдарыла ў пот. Пацяклі раўчакі за каўнер, залівала вочы. Ніколі не было ў яго такой патлівасці. І дзень нядушны. На сонца раз-пораз наплываюць хмаркі. Вецярок.
        Кірыла дастаў насоўку і пачаў старанна выцірацца. Нейкі прахожы з усмешкай спытаў:
        – Парылі, таварыш?
        Не адразу дайшоў да сэнсу гэтых слоў. А калі дайшоў, Шыковіч кінуўся прэч ад дзвярэй гарсавета. Але на скрыжаванні вуліц спыніўся. Куды ісці? Нейкае своеасаблівае, бадай што незнаёмае пачуццё пацягнула ў парк.
        «Пагляджу, ці ўмееш ты хоць падмятаць, сабачы сын. Рос як у Бога за пазухай. А вылупіўся на свет божы і не можаш кроку зрабіць па-чалавечаму... Як ты глянеш мне ў вочы? Я не скажу табе ні слова. Стану і буду глядзець... Падмятай!.. Падмятай!..»
        Каля цэнтральнага ўвахода сляпіў вочы касцёр вялікай клумбы. За ёй – кветкавы дыван, перарэзаны чырвонай дарожкай з цаглянай крошкі. На гэтай дарожцы бабулі чамусьці любяць катаць каляскі з дзецьмі. Магчыма, пад гэтае шарханне шын па дробнай цэгле дзеці хораша спяць. Ці, можа, і малых і старых ап’яняе пах кветак? Маладыя маці, наадварот, забіраюцца глыбей, у цень, ці сядзяць каля фантана. Да глыбінь гэтага вялікага старога парку гарадскія ўлады ніяк не дабяруцца. Іх за гэта крытыкавалі. А Шыковіч заўсёды лічыў, што так лепш. Пачнуць добраўпарадкаваць – сапсуюць усю дзікую непаўторную прыгажосць. Ён асабліва любіў глухія куткі за сажалкай. Але наўрад ці будуць падмятаць там. Таму ён спачатку абышоў усе дарожкі паблізу, у культурнай частцы парку. Гулялі дзеці, драмалі на лавачках з газетамі на каленях пенсіянеры. Маладыя мамы чыталі тоўстыя раманы. Бабулі вязалі шарсцяныя чулкі. Дзіўна. Хвіліны ўтрапення, разгубленасці мінулі, і ён усё востра прыкмячаў, усё фіксаваў у памяці. Нават злосць знікла. З’явілася нешта зусім іншае. Хацелася сустрэць сына, і расла боязь гэтай сустрэчы. На вузкім мосце цераз роў ён спыніўся. Падумаў, што было б, каб з такой вышыні скочыць у зялёную ваду сажалкі, дзе цьмяна адлюстроўваюцца неба і старыя дрэвы, парэнчы моста і горда выгнутыя шыі лебедзяў.
        Шыковіч любіў глядзець з вышыні на гэтых дзіўных птушак. Якая пастава! Плывуць – не варухнуць ніводнай пер’інай, як мармуровыя. Гэтая іх паважнасць часта супакойвала. Але сёння – не. Усхваляванасць расла. І боязь. Ён амаль прымусіў сябе пайсці далей па густа зацененай дарожцы. Толькі абышоўшы і гэтую палавіну парку і не сустрэўшы нікога, акрамя дзвюх пар закаханых студэнтаў, Шыковіч з палёгкай уздыхнуў. Зразумеў, недарэчна шукаць сына тут; і добра, што ён не ўбачыў Славіка з мятлой у руках, пад вартай міліцыянера. Цяжка ўявіць, якое ўражанне гэта магло б зрабіць на яго ды на таго шалапута таксама. Невядома, ці ўдалося б яму стрымацца і нічога не сказаць. Нельга, нарэшце, рабіць з арышту Славіка трагедыю. Зарабіў – няхай панясе кару. Што ён, аднак, натварыў? У рэдакцыі, напэўна, ведаюць.
        У новым будынку трымаўся халадок і панавала цішыня. Нават не чуваць было звыклага стуку машынкі. Бухгалтары, машыністкі і кур’еры абедалі, як ніхто, дакладна ў пэўны час. Але ў гэты летні дзень нават сакратары рэдакцыі не заседжваліся ў кабінетах. Калі толькі рабілася газета?
        Шыковіч падняўся на другі паверх, заглянуў у прыёмную рэдактара, у кабінет намесніка. Пуста. Зайшоў у свой пакой; загадчык аддзела таксама, відаць, абедаў. На яго стале ляжаў рукапіс, рэцэнзія на прэм’еру абласнога тэатра, якая адбылася месяцы два назад: «Новы спектакль». Кірыла злосна закрэсліў гэты недарэчны загаловак. І пачаў правіць тэкст, хоць гэта была зусім не яго работа. Не пакідаў жывога месца. Работа захапіла. Замест правільнай, але прэснай жвачкі выходзіла жывое, дасціпнае, едкае слова пра няўдалы спектакль. Ён быў добры чалавек, да таго ж ведаў, як нялёгка даецца ў мастацтве ўдача. Ніхто не ставіць сабе мэту зрабіць дрэнна. Ён не любіў пісаць адмоўныя рэцэнзіі. І ненавідзеў людзей, якія радаваліся няўдачы ў другіх, смакавалі правалы спектакляў і кніг. А тут раптам, забыўшыся на ўласныя перакананні, пісаў надзвычай бязлітасны водгук і, можа, упершыню рабіў гэта з задавальненнем.
        У дзверы заглянуў Адам Рагойша, загадчык прамысловага аддзела, нізенькі чалавек з мясістым носам, шырокім ілбом і дзіўнай лысінай: звужанай наперадзе і шырокай на макаўцы, зверху гэтая лысіна нагадвала па форме і па ружовасці чырву.
        – Ты тут? – спытаў Рагойша, уваходзячы.
        – Не, мяне няма.
        Шыковіч не любіў гэтага чалавека. Не любіў за яго зайздроснасць. Рагойша зайздросціў усім. Яму, Шыковічу, за тое, што ён мае права не сядзець у рэдакцыі, а пісаць нарысы і фельетоны дома, ды яшчэ на дачы.
        «Дай мне такія ўмовы, і я напішу не горш. Кожны напіша».
        Зайздросціў загадчыку сельгасаддзела Лапіцкаму, што ў таго пяцёра дзяцей, а ён, Рагойша, бяздзетны. Прыдзірліва, як следчы, аглядаў кожную новую сукенку і кофтачку карэктаркі Маі Гутар. Падазрона шаптаў: «Адкуль гэта яна бярэ? За свой заробак?» Яго чамусьці многія баяліся, нават рэдактар. Рагойша нямала пастараўся, каб нагнаць страху і на Шыковіча. Кірыла неяк у кампаніі пагразіўся, што зробіць Рагойшу персанажам сатырычнай аповесці, нават прозвішча не зменіць. Рагойшу гэта перадалі, і з таго часу ён пачаў шукаць дружбы.
        Непрыязны адказ на недарэчнае пытанне сваё Рагойша прыняў як жарт. Засмяяўся. Сеўшы насупраць, глянуў у рукапіс, які правіў Шыковіч, здзіўлена свіснуў:
        – Вось аўтара гэтага сапраўды няма. Ні рожак, ні ножак не засталося. Хто пісаў?
        – Я.
        – Сам сябе так правіш? – шчыра здзівіўся Рагойша. – Ну-у? Здорава! – І пажартаваў: – Талстой. Толькі не Леў.
        Але, відаць, усумніўшыся, пацягнуўся да перагорнутых выпраўленых старонак, каб глянуць на тытульную. Кірыла прыціснуў старонкі локцем. Аўтарам рэцэнзіі была супрацоўніца рэдакцыі, да якой Рагойша ставіўся не надта прыязна. І Шыковіч не хацеў даваць яму лішні козыр супраць гэтай жанчыны. Рука Рагойшы застыла на стале, пальцы ляглі на рукапіс. Пасінела ружовая піка лысіны – абразіўся чалавек, што Шыковіч, не жадаючы паказаць рукапіс, як бы выказвае яму недавер. Але Рагойша знайшоў выйсце з няёмкага становішча. У левай руцэ ён трымаў кніжку. І тут жа паклаў яе на стол. Гэта была аповесць Шыковіча, што нядаўна выйшла з друку. Кірылу здзівіла такая неспадзяванка. Ён адарваўся ад рукапісу і пільна паглядзеў у лупатыя, як у хворага на зоб, вочы Рагойшы. Вочы былі халодныя, а твар разрыхліўся ад усмешкі.
        – Вось купіў. Надпішы на памяць. Сам не здагадаешся падараваць.
        Кірыла ведаў, што ў дадатак да ўсіх іншых сваіх якасцей загадчык прамысловага аддзела яшчэ і скупы, кнігі купляе рэдка. А таму той факт, што ён купіў яго аповесць, прыемна ўразіў і нават закрануў аўтарскае самалюбства. Кірыла адразу падабрэў. Узяў кніжку, задумаўся, што напісаць, каб не шаблоннае.
        – Колькі ганарару адхапіў?
        – Тры.
        – На новыя? Ого! Куды ты дзяваць іх будзеш?
        – Палавіну табе аддам.
        І дзіўна, гэты, здавалася б, зусім нявінны жарт пакрыўдзіў Рагойшу. Ён усхапіўся з крэсла, тоўсты нос яго і вушы пабурэлі. Злосна кінуў:
        – Сынку свайму аддай. Яму на рэстараны трэба.
        Не, не абразіла і не пакрыўдзіла гэта Шыковіча, а неяк балюча ўкалола. Ён раптам зразумеў, што зайздросны і крывадушны чалавек гэты зайшоў зусім не за тым, каб атрымаць аўтограф, што ў душы ён радуецца непрыемнасці са Славікам. Абурэнне яго было дзіўнае – ціхае. Няхай бы ён лепш закрычаў, вылаяўся. Пры сваёй флегматычнасці ён зрэдку-такі ўзрываўся і мог моцна крычаць, гэта ў рэдакцыі ведалі. Дык не ж, ён зрабіў нешта зусім нечаканае і для самога сябе, і для Рагойшы, для ўсіх. Спакойна ўстаў з-за стала, падышоў да загадчыка аддзела, узяў за каўнер паласатага пінжака, падвёў яго, страшэнна ашаломленага, да дзвярэй, ударам нагі шырока адчыніў іх і выкінуў Рагойшу ў калідор, як непатрэбную рэч. Зачыніў дзверы і зноў-такі даволі спакойна вярнуўся да стала. Ціхае кіпенне ўсярэдзіне пачало хутка ўтаймоўвацца. Прыгадаўшы, які ў Рагойшы зрабіўся твар, калі ён узяў яго за каўнер, Кірыла нават засмяяўся.
        Хутка яго паклікалі да рэдактара. У доўгім і вузкім кабінеце акрамя рэдактара сядзеў дырэктар тэлестудыі Аляксей Тукала, стары прыяцель Шыковіча, некалі разам пачыналі пісаць, разам працавалі многа год. Кірыла ўзрадаваўся, што размова будзе не адзін на адзін і што нарэшце ён зможа высветліць віну сына. Тукала, напэўна ж, усё ведае.
        Шыковіч, як звычайна, весела прывітаўся. Але тое, што Аляксей, працягваючы руку, афіцыйна-ветліва прыўзняўся, насцярожыла яго.
        Няўжо Алёша Тукала падкрэслівае дыстанцыю паміж сабой і ім, Шыковічам? Смешна.
        Не таму, што сумеўся, а знарок, каб паглядзець, што ж будзе далей, Кірыла напусціў на сябе выгляд вінаватага – не павітаўся з рэдактарам за руку, ціха сеў насупраць Тукалы, панурыў галаву: вось я, карайце! Але бачыў, што і дырэктар студыі і рэдактар разглядаюць яго з павышанай цікавасцю.
        «Алёшу ўразіла мая новая якасць – уменне выкідваць з кабінета дурняў», – падумаў весела.
        Жывіцкі – прынцыповы кіраўнік і ўвогуле добрай душы чалавек. Ён цаніў людзей, якія ўмеюць пісаць, абараняў кожнага здольнага журналіста. Шыковічам жа проста ганарыўся – не кожная газета мае такога нарысіста і фельетаніста. Ніколі ў адносінах да яго не выяўляў сваю рэдактарскую ўладу. Таму і размову гэтую яму пачаць было нялёгка.
        – Кірыла Васільевіч, скажы, калі ласка, што ў вас адбылося. Рагойша тут дакрычаўся да сардэчнага прыступу. Лекара выклікалі. Заявіў, што пойдзе ў гарком...
        – Няхай ідзе...
        Мяккасць і асцярожнасць, з якой Жывіцкі пачаў сваю прамову, адразу зрабілі Кірылу сур’ёзным і злосным. Злосным на Рагойшу. Дзіўна, да слоў рэдактара ён не адчуваў гэтай злосці.
        – Не, ты чакай... З крыку Рагойшы я нічога не зразумеў. Растлумач ты хоць, што ў вас адбылося.
        – Нічога не адбылося. Ён папракнуў мяне за сына. Я не ведаю яшчэ, што там натварыў мой сын. Але калоць мне вочы сынам я нікому не дазволю! – цвёрда папярэдзіў ён, чамусьці звяртаючыся да Тукалы.
        Той як бы ўздрыгнуў, узняў галаву ад паперы, на якой рысаваў тоўстым сінім алоўкам кароткіх смешных чалавечкаў, пільна паглядзеў на Шыковіча праз вялікія люстраныя акуляры, у якіх адбіваліся вокны і дрэвы на вуліцы, сказаў:
        – Але, накуралесіў твой Уладзіслаў.
        – Што ён зрабіў?
        – Напіўся. Прыставаў да ангельскіх турыстаў. Чаго ты лезеш да чужаземцаў? Што табе трэба ад іх? Раскрычаўся, што скіне на Ангельшчыну бомбу. Скажы, калі ласка, камандуючы ракетнымі войскамі! – абурана перасмыкнуў Тукала плячамі.
        – Усяго? – мімаволі вырвалася ў Кірылы, бо сапраўды ён адчуў палёгку, даведаўшыся дакладна, што ўчыніў сын.
        – «Уся-го»?! – Тукала падхапіўся, загрымеўшы крэслам, абурана кінуў аловак, і шасціграннік пакаціўся па доўгім стале з дробным стукам, але не ўпаў на падлогу, спыніўся на самым краі. – «Усяго»! Ты чуў, Станіслаў Іванавіч? З яго гэтага мала! Табе хацелася, каб ён перавярнуў рэстаран дагары нагамі ці забіў каго?..
        Шыковіча напачатку мала закрануў крык Тукалы. Ён прасачыў, як каціўся аловак, і сур’ёзна зацікавіўся, якая перашкода спыніла яго на самым краі стала. Сказаў лагодна:
        – Не крычы, Аляксей.
        Але той ужо ўзрушана хадзіў па кабінеце, зняўшы акуляры (мабыць, баяўся, што яны зваляцца) і размахваючы імі.
        – «Усяго»! Вось так мы выхоўваем моладзь! Пішам адно... Шумім пра высокія матэрыі... А ўласныя дзеці...
        У гэты міг, мабыць ад Тукалавых крокаў, аловак зваліўся.
        Шыковіч перавёў позірк на свайго ўгневанага сябра, на яго маладжавы, заўсёды як бы загарэлы хударлявы твар з радзімай плямкай на левай шчацэ, на прыгожую кучаравую шавялюру. Потым глянуў на рэдактара, які слухаў з сумным і збянтэжаным выразам на змораным твары, убачыў яго парадзелыя светлыя валасы, вялікія залысіны. І чамусьці ўспомніў, што ўсе яны равеснікі, рэдактар нават на год маладзейшы. Але лепш за ўсіх выглядае Тукала, здаецца, якім быў гадоў дваццаць назад, такім і застаўся, нават ніводнай сівай павуцінкі ў валасах. Падумаў непрыязна: «Умее сябе берагчы, чорт».
        А Тукала ўсё больш разыходзіўся:
        – ...Канешне, калі бацька будзе выкідваць з кабінета людзей, то сыну ёсць з каго ўзяць прыклад... Калі бацька сабе дазваляе...
        Рэдактар зморшчыўся, быццам яму наступілі на мазоль, і папрасіў:
        – Аляксей Рыгоравіч!.. Пагаворым спакойна.
        Тукала на момант асекся. Шыковіч глядзеў на яго цяпер так, быццам не пазнаваў старога сябра, з якім з’еў не адзін пуд солі. Сказаў з глыбока затоенай іроніяй:
        – Значыцца, ты, Алёша, рашыў навучыць мяне, як выхоўваць дзяцей? Давай, давай...
        Гэта быў тонкі намёк на тое, што Тукала некалі пакінуў першую жонку з дзіцем. Ён зразумеў гэты намёк і закіпеў яшчэ горш. Але голас панізіўся:
        – Я не думаю цябе вучыць. Але калі ты лічыш, што з цябе мала таго, што зрабіў твой сын, то з мяне гэтага – вось так. – Ён правёў далоняй па шыі. – Я не буду трымаць у сябе хуліганаў.
        Ах, вось яно што! Нарэшце Шыковічу ўсё стала ясна: Тукалу цяжка было паведаміць аб рашэнні звольніць Славіка, а таму ён гэтак і нерваваўся.
        «Баязлівец! Атрымаў цёплую пасаду і забываеш, што ёсць звычайныя чалавечыя адносіны».
        Раптам стала шкада сына: нельга караць двойчы за адну і тую ж віну. Знявага да Тукалы расла, як снежны камяк. Кірыла адчуў нават страх: не сарвацца б зноў. Падняўся, засунуў рукі ў кішэні, ступіў бліжэй да рэдактара – пад яго спакой.
        – Страхуешся? – спытаў знешне спакойна, але з’едліва.
        – Мне няма чаго страхавацца! – ужо без нервовасці, паважна адказаў Тукала, надзеючы акуляры.
        – Лягчэй за ўсё выкінуць чалавека з калектыву, – уздыхнуў Жывіцкі. – Ніколі не спяшайся...
        – А што яму да чалавека!..
        – Няхай пра такога чалавека падумае ў першую чаргу бацька!.. А калі бацька апраўдвае... Калі бацька паказвае прыклад... А потым ходзіць прасіць за сына... шукае яму цёплага месца...
        Гэта быў подлы ўдар. Шыковіча перасмыкнула ўсяго. Ён не верыў сваім вушам. Няўжо гэта кажа Алёша Тукала, якога яшчэ тыдзень назад ён запрашаў да сябе ў госці? Слізняк!
        Халодная разважлівая злосць апанавала Кірылу. Цяпер ён рабіў усё свядома, з разлікам.
        Сумна паківаў галавой.
        – Столькі год я з табой сябраваў і не ведаў, што ты такая дрэнь.
        Эх, як Тукала зноў падскочыў.
        – Чуеце?.. Станіслаў Іванавіч!
        – Хлопцы, як вам не сорамна, – паспрабаваў прымірыць рэдактар.
        – Цяпер разумею, што не зусім таго, каго трэба, я выкінуў за дзверы. Вось каго трэба! І не за дзверы. За акно. Дазволь, Станіслаў Іванавіч? – І Кірыла пайшоў, каб абысці доўгі стол.
        Тукала хутка адступіў за рэдактарскі стол. Спалатнелы, стаў побач з Жывіцкім, які таксама насцярожана падняўся.
        Шыковічу стала смешна. Ён дайшоў да краю стала, хмыкнуў і накіраваўся да выхаду. Калі дзверы за ім зачыніліся, Тукала выхапіў хусцінку і пачаў выціраць успацелыя рукі і лоб.
        – Ты бачыў? Зазнаўся! Напісаў дзве бяздарныя кніжачкі і гэтак зазнаўся! Як псуе слава! Жах!
        Жывіцкі засмяяўся.
        Не разумеючы прычыны яго смеху, Тукала пачаў развіваць цэлую тэорыю наконт славы і зазнайства.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.