РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Іван Шамякін
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сэрца на далоні
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
15
        
15

        
        Шматтонная станіна павольна плыла ў цесным праходзе паміж станкамі, паўсабранымі і гатовымі, шэрымі і ярка пафарбаванымі для экспарту. Высока над дахам цэха сунулася шкляная будка крана. Дзяўчына ў сінім чысценькім камбінезоне, стракатай, як вясновы луг, касынцы пільна сачыла за рухам станіны, за людзьмі ўнізе, занятымі працай. Зараз нехта са зборшчыкаў возьме гэтую «дэтальку», павядзе па праходу і пакажа месца, дзе яе паставіць. Павіснуць аслабленыя тросы, лёгка адчэпяцца крукі. Яна падцягне іх на небяспечную для людзей вышыню, і тады кран з грукатам і звонам ад’едзе назад. Часам ёй доўга прыходзіцца сядзець без працы, чакаць, пакуль механікі і зваршчыкі дадуць новую цяжкую дэталь. Яна азірае цэх з вышыні і зайздросціць слесарам – яны працуюць увесь час ад гудка да гудка. Сярод вялізных машын маленькія людзі – як мурашкі. Але машыны гэтыя, прыгожыя і разумныя, збіраюцца іх рукамі. Праўда, без яе працы, без крана, яны нічога не сабралі б, бо не здолелі б падняць нават невялікі «вузялок». Гэтая думка заўсёды суцяшае Ніну: не апошні «вінцік» і яна ў цэху.
        Ніна пазваніла: «Прымайце сваю дэтальку».
        З-за станка вынырнула знаёмая постаць. Хлопец у берэце спыніўся ў праходзе, спіной да яе, глядзіць некуды ў канец цэха, дзе працуюць упакоўшчыкі, і быццам не чуе і не бачыць, што на яго паўзе двухсотпудовая аграмадзіна. Ніна рэзка затармазіла кран. Станіна небяспечна гайданулася. Кранаўшчыца пазваніла гучна, злосна. Хлопец – ні з месца.
        Ніна высунулася з будкі і закрычала:
        – Гэй, ты! Доўга варон будзеш лавіць? Разява!
        Тады Славік павярнуўся, ухмыльнуўся на ўвесь замурзаны твар, бліснуў прыгожымі зубамі, сарваў берэт і прыветліва махнуў ім.
        – Ах, гэта вы, лэдзі?! Рады вас вітаць! І пачуць анёльскі галасок і арыстакратычны стыль...
        Але ў гэты момант нехта са слесараў заляпаў малатком так, што зазвінеў увесь метал у цэху. Ніна не разабрала ніводнага слова. А Славік пачуў, як яна кінула з вышыні, як камень:
        – Піжон!
        «Запішам і гэта на твой рахунак, дарагі «дзятлік», – падумаў Славік і, нахіліўшыся, спрытна нырнуў пад станіну, што па тэхніцы бяспекі таксама забаранялася. З’явіўшыся на другім баку, надзеў парусінавую рукавіцу і... «павёў» станіну на месца. Рабіў ён гэта спачатку лёгка і няўважліва, як вопытны майстар. Але паставіць «дэтальку» на месца – на другую станіну – аснову станка – не так проста, як Славіку здавалася спачатку. Пры ўсім уменні і спрытнасці кранаўшчыцы станіна гойдалася і адыходзіла то ў адзін, то ў другі бок. Пасля дзвюх-трох спроб Славік зразумеў, што яму не вытрымаць гэтага, па сутнасці, першага экзамену, і вырашыў, што ва ўсім вінавата чортава «дзятліха». Там, у будцы, яна знарок робіць так, каб паказаць яго няздатнасць. Здзекуецца. Чакай жа!
        Ён задраў галаву і крыкнуў:
        – Гэй,ты! Варона!
        Але Ніна была такая засяроджаная, што востры тварык з доўгім носікам, за што Славік адразу ахрысціў яе «дзятлікам», яшчэ больш завастрыўся і выцягнуўся. Славік азірнуўся, каб паклікаць Тараса. Гонар дазваляў яму ў цяжкіх абставінах звяртацца за дапамогай да Тараса і да Косці – больш ні да каго. Але ў той міг з’явіўся Іван Ходас. Славіка ажно перасмыкнула: зноў Ходас. Гэты востры на слова, зласлівы і непрымірымы Іван заўсёды аказваецца побач, калі ён, Славік, трапляе ў няёмкае ці цяжкае становішча. Быццам назірае за ім.
        Ходас ледзь прыкметнымі, дырыжорскімі рухамі левай рукі паказаў Ніне, у які бок скрануць станіну. Павёў яе на сябе, глянуў па зрэзу бакавой пліты, нібы прыцэліўся, і, даўшы каманду кранаўшчыцы ад’язджаць, лёгка і проста паставіў станіну на месца – паз у паз, шчыліна ў шчыліну.
        Калі кран з грукатам ад’ехаў, Ходас, аглядаючы аснову будучага магутнага станка, спытаў быццам між іншым:
        – Ты працаваць сюды прыйшоў ці забаўляцца?
        – А што? – адразу натапырыўся Славік.
        – А тое, што ў цэху працуюць. А крыўляцца можаш у парку.
        – Калі я не здолеў паставіць гэтую штуковіну, значыцца, я крыўляюся? Добранькая дапамога!
        Іван узняў галаву, і вочы яго, звычайна блакітныя, як два лясныя азяркі ў ясны дзень, пацямнелі, быццам на іх упаў цень ад навальнічнай хмары. Славік ужо і раней прыкмеціў незвычайную зласлівасць колеру яго вачэй і забаўляўся гэтым.
        – Крыўляўся пад кранам. Вытанцоўваў перад станінай, як дурань перад труной.
        – Дзякую, маэстра. Вось гэта зусім па-кам... – Славік пракаўтнуў слова, бо Іван неспадзявана схапіў яго за нагруднік камбінезона і гнеўна прашаптаў:
        – Ты-ы! Не кідайся гэтым словам дзе папала! Для мяне яно святое. Зразумеў? Піжон! – і, расшчапіўшы пальцы, сказаў звычайна: – Замацуеш асноўныя балты. Прывінціш кранштэйны. – І вочы яго сталі блакітнымі.
        Знешне грубаваты і цынічны, Славік быў уражлівы і па-дзявочы сентыментальны. Застаўшыся каля станка адзін з цяжкім ключом у руках, ён раптам адчуў сябе прыніжаным і абражаным. Рукі дрыжалі – ключ зрываўся з гайкі, і яму хацелася плакаць. І работа здалася ненавіснай, прыніжаючай яго чалавечую годнасць. Які здзек лёсу! Столькі найвышэйшых мар, і раптам – завінчваць гайкі. З’явілася жаданне кінуць усё да д’ябла, пайсці з завода і ніколі больш не вяртацца. Але за апошні тыдзень, як ён працуе ў брыгадзе, у яго з’явілася новая рыса – нейкі своеасаблівы гонар: дакажу, што і я не горшы за вас – за Тараса і яго брыгаднікаў, за бацьку, за Яраша. Разам з тым ён працягваў сваю ранейшую лінію: пераконваў самога сябе, што ўсе другія не лепшыя за яго, што яны проста па-ханжаску прытвараюцца, іграюць, як акцёры, высакароднасць і высокую свядомасць. Сябра брыгады, ён радаваўся, калі ў брыгадзе нешта не ладзілася ці нехта дрэнна гаварыў пра яе. У першы дзень да яго падышоў стары рабочы. Славік адразу адзначыў, што чалавек худы, і падумаў: «Не дужа сыта, відаць, харчуецца».
        Рабочы спытаў з хітраватай усмешкай, кіўнуўшы ў той бок, дзе хлопцы збіралі станок:
        – У брыгадзе будзеш?
        – Ага.
        – Вучнем?
        – Хацеў за інжынера – не бяруць.
        – Як пралез? Па блату?
        – Куды?
        – У брыгаду.
        «Ага, значыцца, і ў гэтую брыгаду могуць пралазіць па блату», – амаль узрадаваўся Славік і адказаў:
        – Па блату. Я – сваяк Ганчарова.
        – Ясна. Сваяк сваяка...
        – Ага.
        Славіку хацелася, каб рабочы пачаў ганіць брыгаду і нават Тараса, хоць у душы быў удзячны Тарасу за сяброўскую падтрымку. Але рабочы сказаў іншае:
        – Ганчароў – чалавек правільны, але дзівак. Лепшы зборшчык. Пяты разрад. Працуй – заганяй манету. Дык не – хочацца яму вучыць такіх смактункоў, як ты. Няхай у фазаў ідуць. А ён – у брыгаду. Не было на зборцы брыгад. Яны перайначылі. Даюць сто пяцьдзесят працэнтаў. Але што ён мае ад гэтага, Ганчароў? Вось чаго я не магу зразумець. У яго пяты разрад, у Косці – другі, а прагрэсіўку дзеляць пароўну. Дзівак!
        – У Тараса бацька багаты, – вырашыў падыграць Славік.
        – Яраш? Ён жа не родны.
        – Але ўсё адно грошай дае – колькі хочаш.
        – Маніш, – усміхнуўся рабочы. – Навошта ж яму тады жыліцца так на зборцы?
        – Свядомасць.
        – Але, ёсць такія людзі, – уздыхнуў чамусьці стары, можа, пашкадаваў, што ён пражыў сваё жыццё не зусім так. Сказаў: – Ну, Ярашу не шкада. Залатыя рукі мае чалавек. Люблю людзей умелых. Такім і тысячу можна плаціць.
        – А колькі вы выганяеце?
        – Ды як калі. Паўтары-дзве.
        Славік свіснуў.
        – Што ж гэта па вас не відно? – І, уцягнуўшы шчокі, сціснуў іх пальцамі, разявіў рот, маўляў, чаму ж такі худы?
        Рабочы ў адказ мазануў Славіка па твары намасленай веташшу.
        – Вытры нос.
        Стары, відаць, пакрыўдзіўся. І Славік абразіўся таксама. Каб хто ў іншым месцы гэтак зняважліва пэцнуў па твары – не паглядзеў бы ні на ўзрост, ні на пасаду, ні на што. А тут прыйшлося змаўчаць.
        Увогуле, у першы дзень яму не пашанцавала. Як пэцнулі па твары – гэтага хоць ніхто не бачыў. А вось другое яго ўніжэнне бачылі многія. Ён стаяў і з цікавасцю разглядаў вялізныя станкі. Раптам – званок угары. Ён задраў галаву і жахнуўся: на яго паўзла агромністая станіна. Ён не ведаў яшчэ тады, якая паслухмяная машына кран і як спрытна і лёгка можа пранасіць па цесным праходзе шматтонныя дэталі беленькая хударлявая дзяўчынка-кранаўшчыца. Здалося, што ніхто не здолее спыніць інерцыю гэтай махіны і яна вось-вось раздавіць яго. І ён адскочыў, як спалоханы заяц. Моцна выцяўся аб станок нагой і ледзь не распластаўся на чорнай прамасленай зямлі. Калі ж убачыў, што станіна нерухома павісла, а з вышыні, з будкі, выглядае дзюбаты тварык і весела смяецца, Славіку захацелася праваліцца скрозь зямлю.
        У той момант ён узненавідзеў кранаўшчыцу. І вось цяпер бравіруе смеласцю да парушэння правілаў тэхнікі бяспекі. За гэта яго не раз ужо лаялі: майстар, Тарас, хлопцы. Усялякія маральныя павучанні Славіка раздражнялі. Лаянка майстра Галыгі яму спадабалася: той па-кручаста мацюкнуўся і пагразіў, што выганіць з завода – без лішніх слоў і настаўленняў. Славік, сам балбатлівы, паважаў людзей немнагаслоўных і рашучых: сказаў – зрабіў. Пагроза майстра крыху падзейнічала, дні два ён не выкідваў ніякіх «конікаў».
        Увогуле ўзаемаадносіны паміж людзьмі на заводзе яму падабаліся. Няма той інтэлігенцкай ветлівасці, як на студыі, але няма і прытворства. На студыі Славік бачыў, як асобныя рэдактары, акцёры часам нават падхалімнічалі перад дырэктарам, перад галоўным рэжысёрам.
        На заводзе людзі ўвесь час заняты працай. Не збіраюцца, каб расказаць новыя анекдоты ці пагуляць у шашкі, як на студыі. Не пляткараць. Калі часам лаюцца, дык вось так, як Галыга: на ўсю моц, адкрыта і шчыра.
        А галоўнае – падабалася прадукцыя. Гэта табе не асвятляльны штатыў. А спецыяльны, па асобаму заказу Балгарыі, гарызантальна-працяжны аўтамат з цягай у шэсцьдзесят тон! Ці вунь другая «штучка» – вертыкальны станочак вышынёй з добры дом! Відаць, павінна з’яўляцца нейкае асаблівае пачуццё, калі ўласнымі рукамі збярэш такі станок, электрыкі ўставяць яму «душу», прыйдуць інжынеры і пачнуць выпрабаванне. Хлопцы здалі ўжо адзін такі станок, і Славік прысутнічаў на выпрабаванні. Ён прыдзірліва назіраў за брыгадай і ўпершыню тады сур’ёзна падумаў, што недарэмна пішуць у кнігах пра асобую рабочую гордасць. Гэтыя мурзатыя чэрці могуць ганарыцца! Не станок – цэлая паточная лінія. Аўтаматычная загрузка і разгрузка дэталей, аўтаматычная ачыстка стружкі і – 300 трактарных утулак за гадзіну... Няхай радуюцца браты-балгары! Добра было б, каб пісалі дзе-небудзь у пашпарце, хто збіраў станок. Глядзі, неўзабаве магло б з’явіцца: Уладзіслаў Шыковіч.
        Славік падумаў пра гэта зусім сур’ёзна, без звычайнай іроніі над уласным жаданнем. Гэтак жа сур’ёзна прапанаваў у канцы змены:
        – За такі станок не пашкодзіла б... – і пацёр падбародак.
        Брыгада, як адна сям’я, ішла па заводскім двары, любуючыся мяцеліцай тапалінага пуху. Славіка быццам не пачулі. Гэта кранула яго самалюбства.
        «На мяне, значыцца, можна не звяртаць увагі? Чакайце ж!»
        Але праз хвіліну адгукнуўся Лапацін:
        – А можа, праўда, хлопцы?
        – Ты забыўся на ўмову? – спытаў Тарас.
        – Як лёгка ты ідзеш на спакусу, – зласліва кінуў Лапаціну Ходас.
        – Не спакушай мяне, галубка! – жартаўліва праспяваў Косця.
        – Мяне чакае Зоя, – па-прафесарску паправіў акуляры Генрых.
        – Глядзі, як бы ён не перавярнуў цябе ў сваю веру.
        – Хто «ён»? У якую веру? Хто – «ён»? Я? Дык я – тут, жывы, здаровы. Імя – Уладзіслаў Шыковіч. – Хлопца заела, што Ходас сказаў «ён», нібы яго, Славіка, няма тут ці ён не роўны ім. Але раскрычаўся ён знарок, каб другія рабочыя каля прахадной пачулі, што не такі ўжо лад і дружба ў гэтай камуністычнай брыгадзе.
        Тарас балюча сціснуў яго локаць:
        – Славік, сціхні!
        – А чаму ён увесь час глядзіць на мяне з завоблачных вышынь? Я што – ніжэйшая істота?
        – Што ты мелеш? Як я на цябе гляджу?
        – Калі чалавек залішне высока ставіць сябе, яму ўвесь час здаецца, што другія хочуць прынізіць яго. Гэта – манія, – сказаў Генрых, прыветліва махаючы камусьці рукой.
        Варэнік быў заўсёды падкрэслена ветлівы, і нечаканы філасофскі вывад яго збянтэжыў Славіка, ён не адразу знайшоў, што адказаць. А тут яшчэ напорыста даводзіў Тарас:
        – Не будзь ты такім пеўнем. Не прыдзірайся да слоў. Свае ж хлопцы, усе. І, як ты кажаш, жывыя, здаровыя. Не гаварыць жа нам з рэверансамі.
        – Хлопцы! Кампраміснае рашэнне: у сталоўцы чыгуначнікаў п’ём піва, – прапанаваў Вася Лапацін.
        – А як ты абыдзеш свой дом? Вера даўно пільнуе, – засмяяўся Косця.
        Размова пайшла ў другім кірунку, і Славік хутка забыў сваю крыўду.
        А вось сёння пасля новай сутычкі з Ходасам успомніў усё да драбніц, пачынаючы з першай сваркі за сталом на дачы.
        «Чаму ён чапляецца? Што яму трэба? Кіну да д’ябла! Ну іх!.. Не, так лёгка я не кіну. Я вам наладжу салодкае жыццё. А пайду – дык з музыкай», – пагражаў ён усёй брыгадзе.
        Але падышоў Тарас. Паглядзеў, як ён працуе. Сказаў па-сяброўску шчыра:
        – Слава, ты няправільна трымаеш ключ, таму ён у цябе зрываецца. Вось так трэба, – і паказаў, як трэба.
        Маленькая ласка – і знікла злосць на ўсіх, засталася на аднаго хіба Ходаса.
        Панядзелак, кажуць, «цяжкі дзень». Але той панядзелак быў незвычайны, пачынаўся ён амаль святочным настроем, асабліва ў Тарасавай брыгадзе. Сам Тарас, Генрых і Косця прыйшлі на завод з газетамі і віталіся словамі:
        – Чытаў?
        – Ага.
        – А ты, Косця?
        – Усяго не паспеў.
        – А я, браткі, да цешчы ездзіў. Галава баліць, – шчыра прызнаўся Лапацін, вінавата зморшчыўшыся.
        – Няхай жывуць цешча і шчырасць! – весела выгукнуў Славік. – Нават я пра галаву не прызнаўся б. – І гарэзліва аглянуўся: – Ша! Каб ніхто не пачуў.
        – Не блазнуй, калі гавораць пра такія рэчы, – асек яго Іван.
        Ужо тады Славіку хацелася счапіцца з ім. Але размова сапраўды ішла занадта сур’ёзная. Славіка яна таксама цікавіла, праўда, больш з іншага боку-усё з таго: шчыра хлопцы так зацікаўлены і так блізка бяруць да сэрца ўсё, што запісана ў надрукаваным учора праекце Праграмы, ці па звычцы выказваюць «газетныя пачуцці»? Гэтае пытанне ўзнікла ў яго яшчэ ўчора ў адносінах да бацькі і Яраша. «Класік» (так Славік называў бацьку ў яго адсутнасць) прыліп да дачы; калі не трэба на работу, яго немагчыма сілком выпіхнуць у горад: гатовы сядзець на адной цыбулі і грыбах, абы не ехаць лішні раз. А тут раптам у добрую спякотную нядзелю паляцеў пасярод дня – знарок па газеты. А Яраш адмовіўся нават пайсці на раку – так нецярпліва чакаў гэтых газет. Яны абодва зачыніліся ў пакоях і чыталі да самага вечара. А потым да позняй ночы спрачаліся каля кастра.
        Славік спачатку паставіўся да павышанай цікавасці бацькі і Яраша даволі скептычна. Ён чуў размовы, што ў Праграме будзе запісана наконт прыватнай уласнасці – дач, машын. Ці не гэта пагнала старога па газеты?
        Адвячоркам бацька загадаў яму катэгарычна і не дужа прыязна:
        – Прачытай! Можа, паразумнееш.
        Ён разгарнуў «Правду» і ўпотай свіснуў: гэтулькі чытаць, дзесяць газетных палос! Але асобныя раздзелы прачытаў. І адразу ж, з першых радкоў, зразумеў, якое ў яго было вузкае і прымітыўнае ўяўленне аб будучай Праграме, пра якую многа гаварылі. Партыйны дакумент захапіў юнака незвычайнай шырынёй філасофска-палітычных і эканамічных палажэнняў, грандыёзнасцю практычных планаў. Быў яшчэ адзін нечаканы вынік азнаямлення з Праграмай: бадай, упершыню Славік зразумеў, як мала ў яго, «тэарэтыка новай маралі», ведаў. Да ўсяго ён ставіцца скептычна, нігілістычна. А сам што ведае? Што адкрыў? Што зрабіў? Па-свяціў на тэлестудыі? Завінціў сотню гаек? Гэтыя думкі спалохалі і засмуцілі. «Э-э, пачынаю здаваць пазіцыі. Уступаю пад напорам прапаганды», – падумаў ён і акуратненька, без паказной, а з сапраўднай пашанай згарнуў газету. Маці, якая не спускала з яго вачэй, сказаў:
        – Не для майго маленькага розуму такія высокія матэрыі.
        Самакрытычнасць сына, які раней быў даволі высокай думкі пра свой розум, спадабалася Валянціне Андрэеўне. Яна лагодна сказала:
        – Але, усяго адразу не ахопіш. Гэта трэба вывучаць паступова, удумліва.
        ...Калі хлопцы спыталі, ці чытаў Праграму Славік, ён прыгадаў словы маці і тут жа перакруціў іх, як кажуць, дагары нагамі – усё тое ж недарэчнае жаданне вызначыцца, не быць падобным на другіх.
        – А навошта? Прымусяць вывучаць – тады прачытаю.
        – А без прымусу ты не можаш? – зноў не стрымаўся Ходас. Была другая прычына пасварыцца з ім. Але Тарас умеў спрытна адвесці размову ад Славікавых часам залішне гарэзлівых, часам празмерна сур’ёзна-песімістычных і амаль заўсёды недарэчных заўваг і адказаў.
        Хлопцы гаварылі аб Праграме так, што ў Славіка зноў з’явілася захапленне яе велічнасцю, і ён слухаў моўчкі і сур’ёзна. Ды раптам выявіў, што Іван Ходас не чытаў Праграмы, нават газету не бачыў (Славік зразумеў гэта па тым, як ён разглядаў Тарасаву газету). А робіць выгляд, што чытаў. Паўтарае ўсё, што гаворыць разумны Генрых Варэнік.
        «Ах, вось ты які мараліст, ханжа! – узрадаваўся Славік «падзенню» свайго ворага. – Чакай жа, я зараз цябе злаўлю», – і ўжо пачаў успамінаць тыя раздзелы, якія прачытаў учора, каб на іх выкрыць Ходаса. Але перашкодзіў гудок.
        Праз якую паўгадзіну яны сутыкнуліся ля станіны. Страсці накаляліся. Славік гарэў помстай.
        У часе абеду ён знарок сеў за той жа стол, што і Ходас. Але ад іх не адступаў Тарас. Брыгадзір хітра нейтралізаваў усе прычэпкі і наскокі вучня. Ды і ад Івана ўсе Славікавы словы – што гарох ад сцяны. Пакуль Косця (яго чарга) выбіваў чэкі і падносіў талеркі з супам, Іван густа намазваў хлеб гарчыцай і еў. Гарчыца, відаць, была пякучая, хлопец крывіўся, чмыхаў, з вачэй сыпаліся слёзы, але еў са смакам. Славіка давяла да шаленства такая Іванава абыякавасць да яго прычэпкі:
        – Ты за ўсю брыгаду жарэш хлеба.
        – А ён бясплатны.
        – Не бясплатны. А ўваходзіць у кошт страў. Пабудуеш з такімі камунізм!
        – Слава! Як не сорамна! – абурыўся Тарас. – Табе хлеба шкада? Няхай есць на здароўе. Хлеб застаецца на сталах.
        – Гэта крык душы індывідуаліста, які не можа дараваць, што нехта з’еў больш за яго, – спакойна, быццам аб нечым пабочным, сказаў Варэнік з суседняга століка.
        А для Славіка яго словы – што аплявуха. Ён зразумеў, наколькі недарэчны папрок, які ён кінуў Івану. Ганебны. Як не сорамна яму, сыну інтэлігента, які рос у выгодзе, папракнуць за кавалак хлеба рабочага чалавека? Пры ўсёй сваёй развязнасці Славік збянтэжыўся і змоўк. Раптам адчуў, што цяпер самому страшна працягнуць руку за хлебам. А хлопцы ўжо гаварылі пра другое. Кінулі дзве рэплікі – і далей, ніколі не перажоўваюць адно і тое ж. У размовах, як у працы, у жыцці, не спыняцца, імкліва рухацца ўперад – такі дэвіз іх.
        Славік сербануў гарачага супу і адставіў талерку.
        – Ты што? – заклапочана спытаў Тарас.
        Хлопец зморшчыўся.
        – Нясмачна? Ды не, сёння якраз што трэба, малайцы кухары. Еш.
        Суп Славіку падабаўся, есці хацелася, і яму зноў стала ледзь не да слёз шкада сябе. Следам за гэтым прылівам жаласці да сябе – злосць на ўсіх, нібы яны вінаваты, што з-за сваёй упартасці ён застанецца галодны. А Ходас, накідаўшы ў суп гарчыцы, сёрбаў з такім смакам, што ажно варушыліся паружавелыя вушы і раздзьмуліся ноздры.
        «Чаўкае, як свіння», – падумаў Славік, каб хоць як-небудзь прынізіць свайго непрыяцеля. Да іх падышоў сакратар парткома завода Гарачкін. З тонкімі рысамі твару, белымі валасамі, сакратар здаваўся маладзей сваіх год. Але на заводзе ведалі, што ён дваццаць пяць год праслужыў у арміі палітработнікам. Чалавек ён памяркоўны, далікатны, але напачатку спрабаваў заводскую дэмакратыю ператварыць у вайсковую.
        – Я вам прынясу супу, Пятро Савелевіч, – прапанаваў Косця, калі сакратар падсеў да іх стала.
        – Дзякую. Няма калі. Тысяча спраў. Я пазней паабедаю.
        «Калі ў сталоўцы не будзе рабочых?» – хацеў уедліва спытаць Славік, але стрымаўся.
        – Хлопцы, пасля змены правядзём мітынг. Скажам наша рабочае слова аб Праграме. Трэба, каб хто выступіў ад вашай брыгады.
        – Тарас.
        – Ды ну, хлопцы, няёмка! Усё я ды я.
        – Правільна. Лепш, каб хто з сябраў брыгады.
        – Тады Іван. Ён народжаны прамоўца.
        – Значыцца, дамовіліся: Ходас, – звярнуўся сакратар да рабочага.
        Іван кіўнуў галавой.
        – Падумайце, што вы можаце яшчэ зрабіць да з’езда, – сказаў сакратар да Тараса. – Паглядзіце свае абавязацельствы.
        Тады Славік гучна, здзекліва і зларадна хмыкнуў:
        – Хэ! А што ён скажа, Ходас? Ён жа газеты ў вочы не бачыў.
        Іван падскочыў, твар яго ўміг наліўся крывёю.
        – А ты бачыў?
        – Я не толькі бачыў. Я чытаў! А ты ўпершыню ў Тараса пабачыў. А збіраешся выступаць. Балбатун ты!
        – Сам ты балбатун! Большага за цябе...
        – Ах, я балбатун? Тады скажы шчыра і сумленна – чытаў ты? Ага, маўчыш! Ты ж з Валькай на пляжы пракачаўся.
        – Ну, ты! – Іван сціснуў кулак.
        – Слава!
        – Што «Слава»? А я выкрываю няшчырасць і ханжаства.
        Славік знарок амаль крычаў, каб пачулі другія рабочыя, каб прыцягнуць іх увагу. Ён бачыў, як Тарас і ўсе хлопцы стараюцца «спусціць на тармазах» гэтую непрыемную размову. Тарас пацягнуў за палу пінжака Івана, прымусіў яго сесці, сціснуў локаць і сказаў да сакратара:
        – Мы абмяркуем, Пятро Савелевіч... Выступленне ад брыгады будзе.
        Гарачкін стаяў і моўчкі слухаў, пільна разглядаючы Славіка. Праніклівы позірк сакратара і бянтэжыў і яшчэ больш раздражняў няўрымслівага юнака.
        – Славік, дай папяросу, – працягнуў руку Лапацін.
        – «Люблю грозу в начале мая», – дэкламаваў у талерку Генрых.
        – Што вы загаворваеце зубы? – не сціхаў Славік, яшчэ больш павышаючы голас. – Вам хочацца быць добранькімі? Чаму ты змоўк, прамоўца? Няма чаго сказаць? Дэмагогі!
        Гарачкін раптам ляпнуў далоняй па стале.
        – Даволі мітынгаваць, Шыковіч! Абед канчаецца, – сказаў сярдзіта і пайшоў у другі канец залы.
        Славік, як бы дэманстратыўна выконваючы загад сакратара, пачаў на поўны рот есці катлеты. За сталом усталявалася цяжкая цішыня. Нават жавалі бясшумна. Не ўзнімалі вачэй. Толькі Генрых, разглядаючы шклянку з рэдкім ружовым кісялём, ціха дэкламаваў:
        
         Дорогая, сядем рядом,
         Поглядим в глаза друг другу.
        
        ...Сакратар парткома выклікаў Тараса.
        – Але і экземплярчык ты прыцягнуў. Мне казалі – я не верыў. Разваліць ён табе брыгаду.
        – Калі ён можа разваліць брыгаду, то грош нам цана. Чаго мы варты?
        – Ты самакрытычны. Але май на ўвазе, Славік твой не такі наіўны, як табе здаецца. У яго даволі цвёрдыя перакананні. Не Ходасу ён крычаў, а ўсім, хто абедаў. Хацеў памітынгаваць раней... Ходас – зачэпка...
        Тараса здзівіў такі нечаканы паварот у разважаннях сакратара. Баяцца Славіка? Смешна.
        – Ты чуў, што ён крычаў? «Дэмагогі!» Хто – дэмагогі? Хто не прачытаў. Шмат хто не паспеў прачытаць.
        – Але не меў Ходас маральнага права згаджацца выступаць! – запярэчыў Тарас. – Тут Шыковіч праўду сказаў. Іншая рэч, як ён гэта сказаў. Непрыязь у іх адзін да аднаго – вось што дрэнна.
        – Што ж, глядзі. На тваю адказнасць. Калі што – будзеш адказваць перад парткомам.
        Мітынг уразіў Славіка перш за ўсё сваёй масавасцю. Звычайна пасля змены рабочыя спяшаюцца хутчэй дадому. Асабліва жанчыны. Іх цяжка затрымаць на пяць – дзесяць хвілін.
        Славік знарок праціснуўся да прахадной, каб пабачыць, як рабочыя будуць уцякаць, сварыцца з вартаўніком. Але нічога гэтага не было. Тыя ж самыя жанчыны, наадварот, ціснуліся бліжэй да трыбуны, выкарыстоўваючы сваё жаночае права быць наперадзе. Людзі засяроджаныя, сур’ёзныя, уважлівыя – і старыя і моладзь. І, што дзіўна, не было нудных прамоўцаў. Гэта таксама ўразіла Славіка. Усе гаварылі з такой палымянасцю, што ў хлопца зноў з’явілася тое пачуццё захаплення, якое ён адчуў учора, калі чытаў праект. Толькі выступленне Тараса яго насцярожыла. Брыгадзір гаварыў пра маральны кодэкс будаўніка камунізму. Славіку здалося, што гэта знарок для яго. А ён страшэнна не любіў, калі хто-небудзь пачынаў чытаць яму мараль з мэтай перавыхаваць. Тады ў яго з’яўлялася жаданне зрабіць усё наадварот. Разам з насцярожанасцю ён адчуваў задавальненне, што не даў Ходасу пакрасавацца перад народам. Хацелася глянуць пераможанаму ворагу ў твар. Славік пачаў прабірацца наперад. На яго зашыкалі, каб не перашкаджаў слухаць. І ён не адважыўся хваляваць ціхае людское мора – застыў на месцы. Ён адчуў, усвядоміў веліч гэтага мора, яго магутную сілу. Разумную сілу, якая не разбурае, а стварае. І, можа, упершыню адчуў сябе часцінкай гэтай сілы. Аднак разуменне таго, што ён – часцінка вельмі маленькая яшчэ, на гэты раз не здалося яму зневажаючым яго чалавечую годнасць.
        Ён выходзіў з завода цераз шырока адчыненыя вароты ў натоўпе рабочых з нейкім асаблівым гонарам. Чамусьці яму хацелася, каб у гэты міг яго ўбачыў бацька.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.