РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ян Баршчэўскі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Шляхціц Завальня
 
або Беларусь у фантастычных апавяданнях
Колькі слоў ад аўтара
Нарыс паўночнае Беларусі
Шляхціц Завальня
Апавяданне першае. Пра чарнакніжніка і пра цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем
Апавяданне другое. Зухаватыя ўчынкі
Апавяданне трэцяе. Вужыная Карона
Апавяданне чацьвёртае. Ваўкалак
Успаміны пра наведанне роднага краю
Полацак
Рыбак Родзька
Кавалёва Аўгіня
Апавяданне пятае. Радзімы знак на вуснах
Сляпы Францішак
Апавяданне шостае. Плачка
Сын Буры
Бура
Арганісты з Расонаў
Апавяданне сёмае. Вогненныя духі
Куцця
Думкі самотніка
Госці ў зале Завальні
Твардоўскі і вучань
Апавяданне восьмае. Белая сарока
Апавяданне дзевятае. Пакутны дух
Вечар перад Новым годам
Апавяданне дзесятае. Валасы, якія крычаць на галаве
Цыган Базыль
Апавяданне адзінаццатае. Жабер-трава
Яснасць у небе
Таварыш у падарожжы
Рада
Падарожныя
Апавяданне дванаццатае. Стогадовы стары і чорны госць
Апавяданне транаццате. Чараўнік ад прыроды і кот Варгін
Апавяданне чатырнаццатае. Дзіўны Кій
Гаспадарчыя клопаты
Арганісты Андрэй
Ад'езд
АПАВЯДАННЕ ДРУГОЕ
ЗУХАВАТЫЯ ЎЧЫНКІ
        – Ведаў і я ў сваім жыцці такога чалавека, што быў падобны да Карпы, і за тое ж мусіў ён пакутаваць. Цяпер свет сапсаваны, шмат людзей выкрутлівых ды лайдакоў, гатовых на ўсё злое, а хто ім што добрае кажа – і слухаць не хочуць.
        – I я памятаю, – сказаў пан Завальня, – лепшыя часы. Колькі паноў было добрых у гэтых краях! Люба было глянуць, якая сціпласць і ціхамірнасць панавала ў святыні Божай, кожны венчык і ксёнжачку меў у руцэ, пашана была старэйшым і любоў братэрская. А цяпер у касцёле чуеш адны шэпты ды смех; здаецца, для таго толькі і прыйшлі, каб паказаць свае модныя ўборы. Мода і фармазонія іх загубіла, а праз іх і іншыя пакутуюць.
        – Мне здаецца, дзядзечка, што людзі заўсёды аднолькавыя; і даўней, як і цяпер, былі злыя і добрыя, былі шчаслівыя і нешчаслівыя.
        – О не, Янка! Ты не ведаеш, што старэйшыя ба-
        чылі. Не вернуцца даўнія часы, а будзе яшчэ, можа, і горш. Ну, кажы ж нам сваё апавяданне, – сказаў ён да падарожнага.
        – Калі быў я яшчэ зусім малады, памятаю, жыў у нашай вёсцы селянін Антон. Меў ён добрую гаснадарку, беднасці не ведаў, а што быў бяздзетны, дык узяў дзіця невядома ад якіх бацькоў. Яго ахрысцілі і далі імя Васіль. Гадаваў яго, як сваё роднае. Калі хлопец вырас, дык пачаў ганяць гавяду на пашу, але быў вялікі гультай і свавольнік. Заўсёды скардзіліся на яго: то каровы пусціць на засеянае поле, то аблае каго брыдкімі словамі, то ў каго каменем папусціць. Ідуць скардзіцца да Антона, але Антон любіў яго, і калі казалі яму што, ён быццам і не чуў, патураў яму ва ўсім, а той рос і рабіўся ўсё горшы і задзірлівейшы.
        Сабраліся аднаго разу на паншчыну. Было тое пасля св. Пятра1, і Васіля таксама паслалі на працу. Ён, як звычайна, з кожным задзіраўся, ні пра аднаго чалавека добрага слова не сказаў. Быў тады дзень надта спякотны. Войт загадаў пакласці косы і падхарчыцца чым хто мае, бо надышоў ужо час папалуднаваць і адпачыць. Усеўшыся на лужку ў кола, гаварылі пра тое пра сёе. Раптам бачым, як адзін селянін, што быў аддаліўся нечага ад нас, стоячы ля гаю, махае рукою і кліча да сябе:
        – Хутчэй, хутчэй, хадзіце сюды, пакажу вам дзіва!
        Бяжым усе туды. Селянін паказвае рукою на недалёкія пушчы:
        – Паглядзіце, што дзеецца.
        Бачым перад сабою дзівосы нечуваныя. Лясун ідзе па пушчы, галавою вышэй за хвоі, а перад ім выбягаюць на поле велізарныя чароды вавёрак, зайцоў ды іншых звяроў; у небе засцяць сонца, адлятаючы прэч, цецерукі, курапаткі ды іншае птаства. Лясун выходзіць з лесу, ператваоаецца ў карузліка, і адразу ж з поля і лугоў падняліся матылі і іншая жамяра, і як бы цёмная хмара закрыла нашу ваколіцу.
        Зухаваты Васіль падхапіў камень на полі, падбягае туды, дзе Лясун, бачыць яго сярод травы, кідае ў яго каменем і крычыць:
        – Згінь, пракляты!
        Лясун закрычаў страшным голасам, што аж лістота пасыпалася з дрэў, падняўся з травы, нібы велізарны чорны птах, і, падымаючы крыламі шум, схаваўся за лесам. Нас ахапіў неспакой. Глядзім усе на Васіля, дзівячыся яго адвазе. А ён, ад гордасці за свой учынак, смяяўся да слёз. Быў між намі адзін дасведчаны чалавек, які сказаў:
        – Чуў я ад старых людзей, што такая зухаватасць наводзіць няшчасце. Выгараць тут лясы і пушчы, будзе паморак на жывёлу, але і табе, Васіль, не пройдзе гэта беспакарана.
        – Што мне да таго, – адказаў Васіль. – Я рады, што ў шатана добра каменем пацэліў, няхай не выганяе з нашых лясоў птушак і звяроў.
        Чуткі пра гэта разышліся па ўсёй ваколіцы; такія хлапцы, як Васіль, хвалілі ягоную адвагу, і ён усюды ганарыўся сваёй перамогаю. Але дасведчаныя людзі, якія лепш усё гэта разумелі, з пагардаю слухалі тыя выхвалянні. I Антон, ціхі чалавек, засмуціўся, калі пачуў пра ўсё.
        Другі выпадак быў яшчэ страшнейшы; калі ўспомню – аж валасы на галаве падымаюцца. Аднаго разу (таксама на паншчыне) складалі мы сена. Дзень быў ясны і спакойны; на ўсходзе паказалася воблака, і далёка, быццам бы пад зямлёю, абазваўся гром. Тут бачым, ідзе накшталт слупа, віхор, падымаючы ўгору пясок і ўсё, што яму трапляецца па дарозе. Круцячыся вірам, праходзіць па полі недалёка ад нашай сенажаці. Са здзіўленнем пазіраем мы на гэта. Але вось Васіль кідае граблі, бяжыць на поле, спатыкае слуп віхору і, працягваючы яму руку, крычыць:
        – Як жывеш, браце!
        А з клубоў пылу падае яму нехта чорную, як вугаль, руку. Слуп, круцячыся, пайшоў далей па полі. Страх нас усіх агарнуў. Вярнуўся Васіль, але ніхто яму слова не пасмеў сказаць. Зразумелі ўсе, што ён запанібрата з духам праклятым.
        З таго часу ніхто з ім размаўляць не хацеў; усе яго баяліся, і тыя нават пачалі ўцякаць ад яго, з кім раней сябраваў.
        Уся воласць пра гэта ўведала, дайшла чутка і да вушэй пана ды аканома. Яны не хацелі гэтаму даваць веры, і калі неяк пан у маёнтку запытаўся самога Васіля, ці праўда тое, што кажуць, ён, лаючы ўсіх, адказаў:
        – Тым дурным людзям заўсёды нешта трызніцца, абы разносіць хлусню і плёткі.
        I пан яго не чапаў.
        Антон, добры чалавек, заўсёды Васілю ўнушаў страх перад Богам, імкнуўся выправіць, змушаў хадзіць у касцёл і маліцца. Ён жа смяяўся з усяго, усім пагарджаў ды ішоў заместа імшы ў карчму.
        Нарэшце вырашыў ажаніцца. Антон меркаваў, што добрая жонка і перамена ў жыцці выправяць яго. Пасылаў сватоў не толькі ў сваю, але і ў чужую воласць. Ды ўсюды адмаўлялі, бо слава пра Васілёвы прыгоды і пра злосць ягоную разышлася далёка.
        Васіль пагарджаў усімі і насміхаўся з усяго, кажучы, што ён даўно ўжо сам сабе нагледзеў нявесту, якая яму найбольш даспадобы. Не хацеў спачатку пра гэта нікому казаць, але цяпер аб’яўляе ўсім, што закаханы ў Арыніну дачку Алюту*, што прызнаўся ёй ужо і атрымаў ад яе прызнанне.
        Пачуўшы гэта, Антон вельмі засмуціўся і раіў яму перамяніць гэты намер, бо пра Арыну ходзяць чуткі, што яна кабета злая і чараўніца, а яблык ад яблыні недалёка коціцца, дык, можа, і дачка будзе такою. Аднак усе парады былі дарэмныя, і Васіль яшчэ часцей пачаў наведвацца ў Арыніну хату.
        Гледзячы на гэтую яго прыхільнасць да Алюты, адны суседзі са смехам казалі:
        – Пазнаў роўны роўнага, будзе пара поўная.
        Іншыя хвалілі: Алюта будзе добраю жонкаю і не пойдзе па матчыных слядах. Былі і такія, што казалі, быццам ягонае каханне не сапраўднае, быццам яму паднеслі нешта ў пітве і хоць ён і запанібрата з д’яблам, – трапіў на лепшую і сам быў зачараваны.
        Шчыра стараўся Антон змусіць яго адмовіцца ад свайго намеру. Нарэшце пагразіў, што вырачацца яго, такую нявестку не прыме ў хату і маладым на гаспадарку нічога не дасць.
        – Я і не прашу ні ў кога нічога, – адказаў Васіль. – Знайду ўсё сам, здабуду і грошы. I апякун такі, як ты, можа, сам прыйдзе калі да мяне ў пазыкі.
        Антон пайшоў да кума Марціна. Быў гэта чалавек пачцівы і гаваркі, рады кожнаму параіць і дапамагчы, таму і любіла яго ўся воласць. Марцін ахвотна паабяцаў прыгледзецца да гэтае справы і адлучыць маладзёна ад тае прывязанасці Алюты. Даў нават слова, што будзе сябраваць з ім і кожны раз адгаворваць ад таго хаўрусу.
        Калі Васіль пачуў ад апекуна, што не будзе мець ніякай дапамогі, вырашыў шукаць скарбы, нават калі б і былі яны заклятыя ці моц шатанскую мелі. За дзве вярсты ад іхняе вёскі быў ля дарогі пагорак, акружаны з двух бакоў яловым лесам. А на пагорку ляжаў велізарны камень, які людзі называлі «Каменем Зміёвым». Старыя людзі так пра яго апавядалі.
        Аднаго разу ўлетку ў ціхую, пагодлівую ноч з поўначы на поўдзень ляцеў, палаючы агнём, цмок, нёс нібыта з сабою шмат золата і срэбра грэшніку, які прадаў д’яблу душу. Бачылі гэта падарожныя і людзі, што вярталіся з паншчыны. Знячэўку раскалолася блакітная цвярдыня неба, разлілося вялікае святло, людзі, молячыся, кленчаць, а цмок, выцяты промнем нябеснага святла, дранцвее ўвесь, валіцца на пагорку і ператвараецца ў камень. Скарбы ж, золата і срэбра, якія ён нёс з сабою, на тым самым месцы самі закапаліся ў зямлю, і з таго часу з’яўляліся ўначы ў розных канцах пагорка ў розных постацях. Адны бачылі на камені Плачку, якая выцірала сабе слёзы агнёваю насоўкаю; другія, ідучы позняй парою па дарозе, сустракалі карузлікаў, чорных і тоўстых, як бочка, што скакалі на пагорку; іншым мроіліся чорныя казлы, што скакалі з зямлі на камень, а з каменя на дол, і шмат іншых дзівосаў.
        Казалі яшчэ, што калі хто асмеліцца ля гэтага каменя начаваць, таму тыя скарбы і здабыць наканавана. Васіль быў смелы, не баяўся нічога, бо ўжо раз з шатанам, што ехаў на віхоры, вітаўся, як з братам.
        Пасля захаду сонца, калі вечаровы змрок ахутаў палеткі, ідзе ён на пагорак і сядае на камень. Хмары закрылі неба, цямнее ў полі, усюды глуха, у лесе, што чарнеўся перад ім, абзываецца сава; Васіль бачыць, як снуюцца перад ім здані, паўзуць з-пад каменя, сыкаючы, вужы, скачуць у скрутах вакол страшыдлы з сабачымі галовамі і казлінымі нагамі. Васіль смела паглядаў на гэта, мяркуючы, што зараз яму пакажуцца скарбы. Раптам бачыць, як хтось зварочвае з дарогі і набліжаецца да яго. Гэта быў Марцін.
        – Што ты тут робіш? – запытаўся ён з усмешкаю. – Пэўна, скарбы шукаеш?
        – Шукаю, але чаго ты прыйшоў? Ты затрымаў
        
        
        
        мяне на парозе багацця, вырваў з рук маіх шчасце, заробіў, каб я табе галаву каменем раскрышыў.
        – Не гневайся. Я раскажу пра лепшыя скарбы. – I, сеўшы ля яго на камені, кажа: – Слухай, Васіль, лепей ідзі дадому. Здароўе, пачцівая праца – гэта найдаражэйшы скарб для добрага чалавека. Дрэнна, калі хто шукае дапамогі ад нячысціка. Ты яшчэ малады, працуй, Бог дапаможа. Антон, апякун твой, бяздзетны; калі будзеш паслухмяны, дык усё, што мае, табе перакажа.
        Угневаны Васіль плюнуў і, мармычучы штосьці, адышоў.
        З таго часу ён не прыходзіў дадому. Антон, бачачы ўсё большую яго зацятасць, супакоіўся і чакаў, што з гэтага выйдзе. Знаёмыя прыносілі розныя весткі пра Васіля. Адны казалі, што знайшоў ён нейкую гультайскую хеўру, крадзе з сябрукамі, а набытыя грошы прапівае ў карчме. Іншыя – што жыве ў Арыны, вучыцца чарам, і нават бачылі, як з Алютай і Арынаю хадзіў па лесе і балоце каля азёр, збіраючы зёлкі, на якіх ніколі раса не высыхае**. Трэція сцвярджалі, што з-за куста нават чулі, як Арына, вырваўшы з зямлі нейкую расліну, апавядала пра страшную яе моц.
        Марцін, настойлівы ў сваіх задумах, імкнуўся дзе-небудзь сустрэцца з ім, але не выпадала. Не асмельваўся ісці да Арынінай хаты, баяўся гасціннасці чараўніцы.
        Аднаго разу ў нядзелю пад вечар хто са знаёмым, хто з кумам ідуць да карчмы, каб там пры гарэлцы пагаманіць, параіцца пра тое пра сёе і весела час пабавіць. З надзеяю, што, можа, спаткаецца з Васілём, ідзе туды і Марцін.
        Сядаюць за стол. Жыд Ёсель рады гасцям, налівае гарэлку, ставіць на стол і крэйдаю запісвае на сцяне, умаўляючыся, што калі ўвосень будзе новы хлеб, дык прыйдзе да іх, пачастуе гаспадара і гаспадыню гарэлкаю, а тыя сустрэнуць яго ветліва і аддзячаць жытам, ячменем і розным іншым збожжам.
        Заходзіць Марцін. Сёй-той рады, што яго ўбачыў, просяць госця за стол, частуюць гарэлкаю. Пачалася гаворка пра Васіля і яго каханую; адны хвалілі Алюту, што добрая дзяўчына і была б добраю жонкаю, калі б выйшла замуж за добрага чалавека, а не за Васіля, які пабратаўся з д’яблам; было колькі п’яных, што і Васіля хвалілі; іншыя ж Васіля, Алюту і Арыну называлі найнягоднейшымі людзьмі.
        Калі гэтая спрэчка і шум зацягнуліся, Ёсель, што стаяў у канцы стала, кажа:
        – Паслухайце, вы несправядліва гаворыце пра Васіля. Васіль – чалавек добры і акуратны; калі прыйдзе з таварышамі да мяне, дык заўсёды плаціць гатоўкаю, заўсёды мае грошы. А Алюта, Алюта добрая дзяўчына, апранаецца добра, як паненка, ды і ў Арыны я нічога дрэннага не бачу. Ну і што, калі яна чаруе? Яна чаруе, каб мець грошы, а грошы вельмі патрэбныя кожнаму; яна і дапамагае: лечыць зёлкамі людзей.
        Калі ішла гэтая размова, імкліва і са стукам адчыняюцца дзверы, заходзіць Васіль з паднятай галавою, шапка ссунута набакір, і з ім некалькі сябрукоў; агледзеўся, убачыў Марціна і насупіў бровы.
        – Як маешся, Васіль? – кажа Ёсель. – Даўно цябе не бачыў, ужо дні тры. Я і мая Сора думалі, што з ім такое, а цяпер вось толькі што гаманіў з людзьмі пра цябе.
        – Я ведаю, што людзі пра мяне кажуць: сабакі брэшуць, а вецер носіць. Мне ўсё адно. – Ён сеў на лаве, узлокціўся на стол, закрычаў: – Дай нам гарэлкі, але добрай.
        – А можа, Васіль просіць гарэлкі салодкай? Я прывёз з места, хоць яна і каштуе дорага.
        – Дай дарагое. – I кідае колькі грыўняў на стол.
        Жыд у міг вока падае кілішкі і бутэльку гарэлкі.
        Людзі за другім сталом глядзелі на гэта здзіўлена, некаторыя пазіралі спадылба, шэпчучыся між сабою і здзекліва ўсміхаючыся. Максім, які раней за іншых прыйшоў у карчму і быў ужо добра падвясёлены, гучна засмяяўся і закрычаў:
        – Ого! Як бачу, ты, брат Васіль, мусіш быць багаты не па-нашаму, ужо п’еш панскую гарэлку. Пэўна, начаваў ля Змяёвага Каменя і знайшоў грошы або, можа, Арына, што мае быць тваёй цешчаю, нейкімі чарамі насыпала табе срэбра поўныя кішэні. Ну й зух!
        Васіль паглядзеў са злосцю.
        – З табою, – кажа, – ніхто з нашае сябрыны не гаворыць і ніхто да размовы не просіць, дык не ўмешвайся, а то так завяжу табе вусны, што другі раз ніколі не адважышся лухту вярзці.
        – Завяжаш мне вусны? Ой, ой! Глядзіце, вывучыўся ўжо чараваць ад Арыны, умее вусны завязваць! Ой, ой! Глядзі, каб не быў кульгавы, як твая будучая цешча. А ці ведаеш, чаму яна на левую нагу трохі кульгавая?
        – Маўчы, калі з табою ніхто не хоча гаварыць.
        – Ніхто не хоча гаварыць, дык будуць слухаць. А я раскажу ўсім – паслухайце! – раскажу вам, чаму Арына кульгавая. Гэта ў яе Грышкаў падарунак. Сам апавядаў мне пад сакрэтам.
        Аднаго разу ўвечары, як сонца села, вяртаўся ён з касою з поля дамоў і пачуў голас чараўніцы, якая выклікала каровы, называючы кожную паводле масці. У вечаровай цішы чуваць было,як па вёсках адзываліся рыкам каровы; зарыкалі таксама і ў яго аборы. Ён перапалохаўся, што застанецца без малака, бяжыць туды, адкуль чуўся голас, каб даведацца, хто тая чараўніца, падкрадваецца кружным шляхам і што ж бачыць? Арына, седзячы на плоце з ускудлачанымі валасамі, дзікім спевам спраўляла чары.
        «Будзе дрэнна, – падумаў сабе. – Трэба ёй як-небудзь перашкодзіць». Дык бяжыць дадому і кладзе на вароты ў аборы свянцоныя зёлкі і васковую свечку. Ледзь адышоў колькі крокаў, бачыць, прылятае сарока, разграбае зёлкі і дзяўбе свечку. Грышка бяжыць у хату, хапае стрэльбу, набітую дробным шротам. Стрэліў – пасыпаліся пёркі, аднак сарока паляцела прэч.
        На другі дзень пачуў, што Арына параненая ў левую нагу і хворая ляжыць у ложку. Зразумеў усё і думае сабе: «Мае памятку». Аднак баяўся помсты, бо хутка завязала на яго залом у жыце. Але залом ён спаліў на асінавых дрывах, і чараўніца сама толькі што не загінула.
        Васіль у гневе схапіў бутэльку, кінуў яе ў Максіма – трапіў у самыя грудзі. Падскочылі адзін да аднаго, і ўсчалася бойка.
        На шчасце, з блізкага маёнтка ехаў конна аканом і, чуючы пранізлівы крык арандара, павярнуў да карчмы. Ёсель бяжыць насустрач аканому.
        – Ай, дабрадзею, забойства ў карчме, гвалт, што тыя п’яніцы шкоды мне нарабілі!
        Саскочыў аканом з каня, умешваецца ў бойку, пагражае, што заўтра за п’янства ўсіх сурова пакараюць і кожны з іх заплоціць за ўчыненую шкоду. Умомант угамаваліся яны.
        Аканом выганяе іх з карчмы і загадвае ўсім ісці па сваіх хатах. Гэтак і разышліся ў розныя бакі, пагражаючы адзін аднаму помстаю.
        Ёсель расказаў аканому, як усё было, і пра ўсе прычыны звады, сказаў, не вінавацячы, аднак, Васіля.
        – Трэба пра гэта пагаварыць з панамі. Плятуць дурні немаведама што; дарэмна крыўдзяць бедную ўдаву і дзяўчыну, якая ні ў чым не вінаватая. Балбочуць пра нейкія Арыніны чары, я раней гэта не высвятляў, ды толькі ведаю, што яна зёлкамі многім людзям дапамагае. Вось нядаўна сам бачыў, як у маёнтку пані Тарэзе вылечыла лішай на твары. Праўда, кладучы ў халодную ваду нейкія каменьчыкі, яна пашаптала, і халодная вада кіпець пачала, як бы на агні; казала мыць гэтай вадою твар, і пані Тарэза хутка ачуняла. Такія чары не толькі нікому не шкодзяць, але, наадварот, карысныя людзям.
        – Як пан аканом шчырую праўду кажа, няхай пан так і паведаміць ягамосцю і еймосці, бо аж балюча слухаць, калі так людзей крыўдзяць. Ай, была ў мяне добрая салодкая гарэлка, ды бутэльку разбілі жлукты і гарэлку вылілі. Сора, падай – там яшчэ ёсць крыху салодкай гарэлкі, – падай яе пану аканому і прынясі марынату на закуску. Маю выдатнага марынаванага шчупака.
        Аканом выпіў гарэлкі, закусіў, супакоіў арандара, што яму за ўсё заплоцяць, сеў і паехаў.
        Назаўтра ў маёнтак прыходзіць заплаканая Арына і апавядае панам, што незычлівыя людзі паўсюль гавораць пра яе, быццам яна напускае чары, каб шкодзіць іншым, завязвае заломы і адбірае малако ў кароў. Клялася, што ніколі нічога падобнага не чыніла. Вядома, старалася людзям дапамагчы ў хваробах і ў розных прыпадках, лекуючы іх зёлкамі, моц якіх толькі ёй вядомая. I гэтая незычлівасць да яе пануе ва ўсёй ваколіцы. Пра Васіля, якога выгадаваў Антон, таксама кажуць, быццам і ён пабратаўся з д’яблам. Але ж і гэта злая прыдумка. Сапраўды, Васіль – чалавек малады, зухаваты, бо яшчэ не паспытаў у жыцці няшчасця, але з часам пераменіцца і будзе лепшы і болыы увішны. Ён заляцаецца да мае дачкі, але і гэтую сірату людзі крыўдзяць, злое пра яе кажуць.
        – Чуў я пра Васіля, што ён, бывае, і не слухае свайго апекуна, і быццам бы страчаўся з віхорам і вітаўся з ім, нібы са сваім братам. Гэта ўсё не варта рабіць, лепей трэба жыць з Богам. Скажы Васілю, няхай не займаецца глупствам, ходзіць у касцёл і працуе. Ну, ідзі ж дадому і будзь спакойнаю, я для твае дачкі спраўлю вяселле ў маёнтку, бо казала мне пра яе аканомка і ад іншых чуў, што дзяўчына яна добрая і працавітая.
        Таго ж дня пан загадаў паклікаць Антона і каб Васіль перапрасіў свайго апекуна. Антону ж наказаў, каб не забараняў Васілю жаніцца з Алютаю, але дапамагаў ім, бо яны абое сіроты. I сам абяцаў выдзеліць яму найлепшае зямлі і жывёлы на развод.
        – Але ж, пэўна, і пан чуў пра тое, што людзі кажуць. Быццам Арына чараўніца, і скардзяцца некаторыя, што кароў выдойвае і іншыя робіць кепствы, часам перакідаецца ў сароку і лятае паўсюль, і гэта нават бачылі.
        – Не слухай плётак. Арына добрая кабета, і Алюта, дачка яе, будзе добраю жонкаю і добраю гаспадыняю. Няхай табе гэта не рупіць, я табе абяцаю, што будзеш задаволены.
        – Панская воля, – кажа Антон. Ён згорбіўся і, чухаючы патыліцу, пайшоў дахаты.
        Праз колькі дзён пробашч абвясціў пра заручыны. А хутка і вяселле. Сабралася ў маёнтку цэлая воласць. Відаць, не таму, што былі зычлівыя маладым, а ведалі людзі, што будзе добрая пачостка і гарэлкі ўволю. Не было там вясковых вясельных абрадаў, як звычайна робіідца ў вёсках, але перад шлюбам, просячы блаславення, маладыя ўпалі ў ногі спярша сваім панам, потым Антону. I пасля шлюбу гэтае самае ўчынілі. Алюта пекна была ўбраная. Пані падаравала ёй нейкія завушніцы, якія перад агнём як бы іскры кідалі; чырвоная шнуроўка з залатымі гафткамі, чырвоныя стужкі, і калі села за стол і расплялі ёй чорную касу – з чорных воч па белым твары паплылі-пакаціліся слёзы. Усе расчулена глядзелі на яе. А пасля заспявалі кабеты вясельную песню, якую спяваюць звычайна сіротам, што ідуць замуж. Усе плакалі, нават тыя, што раней пра яе злое казалі. Гэтую песню так я ўпадабаў, што і цяпер яе памятаю.
        
        ВЯСЕЛЬНАЯ ПЕСНЯ СІРАЦШЕ
        
        Ах, знаць, па вяселіку,
        Што ня бацюшка аддаець,
        Двор вялікі, а збор не вялікі:
        Нет у мяне радзінушкі,
        Ой, зашлю, пашлю серу зязюльку
        Па радзінушку.
        Зязюлька ляціць,
        Радзіна едзець,
        Ах, паслала б я саловеньку,
        Ды салавушка адказваець;
        Ах , паслала б я зязюльку
        Па свайго татульку;
        Ды за родненькім бацькам
        Серая зязюлька не прылятаець,
        А татулька адмаўляець:
        «Рад бы я ўстаці
        К свайму дзіцяці
        Ды парадушку даці;
        Грабавыя дошкі
        Сціснулі ножкі,
        Да не магу я ўстаці».
        Сырая зямля
        Дзверцы залегла
        I акошэчка засланіла;
        Майго бацюшку
        На вяселіка не пусціла.
        
        Прызнаюся, што і я не мог стрымаць слёзы, бачачы перад сабою Алюту і слухаючы гэтую песню. Яна была сапраўднаю сіратою, бо, акрамя старое маткі, не мела іншых сваякоў. Гэтую сям’ю пан прывёз з-за свету. Раней жылі яны дзесьці далёка за Дзвіною, і бацька Алюцін памёр адразу ж, як прыехалі ў наш край.
        Госці гулялі, пілі адзін з адным, добра падвесяліліся, дуда зайграла песні, і танцы не спыняліся ўсю ноч. Але ўсё было прыстойна, бо паны і аканом часта наведвалі вясёлае ігрышча.
        Пасля вяселля пан і Антон добра дапамаглі маладым. З самага пачатку гаспадарання Васіль ужо меў колькі коней, кароў і іншай жывёлы; новыя забудовы ды колькі дзесяцін урадлівае зямлі.
        – Але цікава, – сказаў пан Завальня, – ці перавыхавала яго Алюта, бо ёсць прыказка: хто ажэніцца, той пераменіцца.
        – Не, паночку, кажуць людзі, што калі родзіцца жарабя з лысінкай, дый з той самай лысінкай і ваўкі з’ядуць.
        – Дзіўныя рэчы на свеце! Кажы ж далей.
        – На сваёй гаспадарцы Васіль быў надта ж нешчаслівы, хоць нейкі час, здавалася, і перамяніўся на лепшае. Дзіўна, што страчала яго адна бяда за другою. Выганяць пастухі чараду за вёску ў поле, выбяжыць з лесу воўк, схопіць барана; калі разгледзяцца, дык бачаць, што той баран бьгў Васілёў. Здаралася гэта колькі разоў, і заўсёды воўк нібы выбіраў толькі Васілёва. Ходзяць гусі па полі, ускочыць ліса і падушыць іх – гусі былі Васілёвы. Карова ягоная раз заблудзілася каля возера, убілася ў балота, пакуль прыбеглі на дапамогу, ужо ўтапілася. I гэтыя несканчоныя страты давялі яго амаль да галечы.
        Неяк загарэўся гай, збеглася ўся воласць; нэ далі рады, полымя, як хваля на возеры, разышлося па ўсім гаі. Шугаючы ўгары, яно ахоплівала густыя лапы ялін і хвояў, а дым, як страшны туман, закрыў усё неба і зямлю так, што ледзь дыхаць можна было. Бегаючы па лесе і збіваючы веццем полымя, папалілі мы на сабе вопратку. Але ўжо не было ратунку. Блізка быў Васілёў дом, іскрынка заляцела ў гумно, і загарэлася збожжа.
        У тыя дні вяскоўцы паўсюль казалі, што гэта адпомсціў Васілю Лясун, якога ён некалі выцяў каменем, калі той звяроў і птушак пераганяў з аднаго лесу ў другі; а стары чалавек прадказваў яму новыя пажары і паморак на жывёлу.
        Васіль ад гора яшчэ часцей пачаў завітваць у карчму. Яго жонка і цешча працавалі дзень і ноч і стараліся адвярнуць яго ад благога.
        Ён зноў вярнуўся да зухаватых і бязбожных сваіх учынкаў. Аднаго разу Антон, Марцін ды іншыя, хто яму шчыра спрыяў, прыйшлі да яго ўвечары і нагадалі, каб цярпліва прымаў свае бядоты: мо калі-небудзь Бог усё пераменіць на лепшае? У гэты час насунулася хмара і навальніца пачалася. Ён, задумлівы, сядзеў ля вакна; вецер завываў за сцяною, а ён, як непрытомны, паведаміў:
        – Мой брат выючы праімчаў паўз маю хату і паляцеў гуляць па шырокіх палях і густых лясах. Хутка і я за ім туды падамся.
        Чуючы гэтыя словы, перапалохаліся ўсе, і жонка плакаць пачала. А калі Антон сказаў Васілю, што ён зноў вяртаецца да бязбожных учынкаў, – той грукнуў са злосцю дзвярыма і выйшаў з хаты.
        Аднаго дня ўвечары ідзе ён у карчму і там сустракае сваіх сябрукоў, з якімі колісь баляваў, і зноў пачынаюць яны банкетаваць. Васіль, калі ўжо добра падпіў, кажа ім:
        – Згалеў я зусім, але хутка буду багаты. Прыйшла мне ў галаву добрая думка: пайду начаваць да Змяінага Каменя, пакланюся нячысцікам, мо не пашкадуюць яны мне грошай?
        Калі ж пачалі з яго смяяцца, што ён ніколі не адважыцца там пераначаваць (а быў ужо, дарэчы, позні час), ён схапіў шапку:
        – Вось дакажу, што не баюся прывідаў! – Кінуў у карчме таварышаў і пайшоў на пагорак да Змяінага Каменя. I адтуль ужо не вярнуўся дадому.
        Мінаюцца дні, тыдні, месяцы... Васіля няма. Шкадуюць яго знаёмыя, плачуць жонка з цешчаю. Няма вестак, ці жыве ён, ці памёр.
        Розныя былі думкі і чуткі між людзьмі; адны казалі, што недалёка ад Вялікіх Лукаў і Пскова хаваўся ён у пушчах з хеўраю ліхадзеяў; другія сцвярджалі, што Лясун завабіў яго ў свае нетры; сёй-той у грыбах чуў Васілёў голас і смех Лесуноў. Розныя былі здагадкі. Васіль жа загінуў назаўсёды.
        Старая Арына, дзень пры дні гледзячы на слёзы сваёй Алюты, страціла здароўе і заручылася з зямлёю. Алюта і цяпер яшчэ жыве ў панскім маёнтку – ні ўдава, ні замужніца.
        – Вось да чаго даводзіць п’янства і зухаватасць бязбожная, – сказаў пан Завальня. – Меў добрага апекуна і паноў добрых, што яму дапамагалі, – жыў бы спакойна сабе. Трэба было заводзіць звады з Лесуном, шукаць–заклятых скарбаў, вітацца на полі з віхорам, называць яго братам. Бачыш, Янка, які асцярожнымусіць быць маладзён. Заўсёды, перш чым што рабіць, трэба падумаць.
        – Не ведаю, дзядзечка, у чым ён тут правініўся, калі віхор назваў братам? I цяпер у завейную ноч вецер вые, сячэ снегам па вокнах, калі б я сказаў яму: «Ляці, браце, на поўнач, можа, і я за табою падамся», – які ў гэтым грэх?
        – Называй братам толькі такога, як сам. А пра віхор просты люд кажа, што гэта д’ябал ездзіць па полі і часам шкоду робіць.
        Калі так гаварыў пан Завальня, падарожны глядзеў на Янку і ківаў галавою: не верыш, бо сам не паспытаў такога.
        – Ну, цяпер нам трэці раскажа, што бывала калісьці на свеце. Слухайма.
        
        
        
        ––––––––––––
        * Галена.
        ** Трава росічка. Расце на купінах і дапамагае супраць чараў.
        


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.