РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Алена Масла
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Таямніца закінутай хаты
Украдзеная казка
Музыка крыштальнага саду
Дрэва, якое расказвала казкі
Ганарлівыя ружы
Воблачка
Пых і Пух
Зорачка
Будзільнік
Як гара чалавека ратавала
Цудадзейныя лекі
Нядбайная гаспадыня
Лагодны воўк
Сапраўдны Правіцель
Таямніца закінутай хаты
Пакінутае дзіця
ДРЭВА, ЯКОЕ РАСКАЗВАЛА КАЗКІ
        
ДРЭВА, ЯКОЕ РАСКАЗВАЛА КАЗКІ

        
        У адным садзе, дзе раслі толькі карысныя дрэвы, пасадзілі дрэўца, якое не пладаносіла. Ні яблыкаў, ні вішань, ні сліў, ні груш на ім не расло. Нечага было збіраць у вялікія кашы восенню, калі ў астатніх садовых дрэў галіны гнуліся ад багатага ўраджаю.
        Затое дрэўца ведала багата казак і цудоўна іх апавядала. Ні ў кожным садзе такое знойдзецца! На гэта і спакусіўся гаспадар прыгожага саду, калі многа гадоў назад купіў яго саджанец у старэнькага сівога дзядулі на кірмашы.
        Гэты дзядуля быў добрым чараўніком. Збалелася ў яго душа, гледзячы, як нядбайна гаспадараць на зямлі людзі, як перарабляюць яе згодна сваім жаданням. То рэкі выпрамляюць, то балоты асушаюць. А пройдзе час – агледзяцца, што нешта не тое зрабілі, пачынаюць рэкі ў старыя рэчышчы вяртаць, балоты аднаўляць... Але пакуль тое, гаруе ўсё жывое на зямлі. Многія расліны, птушкі ды жывёлы знікаюць – тады людзі запісваюць іх у спецыяльныя кнігі і дадаюць да іх малюнкі ці фотаздымкі – вось так выглядала тое, чаго цяпер на зямлі не адшукаеш.
        Вельмі не падабалася гэта добраму чараўніку. «Разумнікі! – дакараў ён людзей. – Кніжкі ладна складаюць. А ці думаюць, што дзецям іх ды ўнукам трэба не па кніжках ведаць зямлю і жыццё на ёй. Напэўна ж, ім таксама захочацца і пад шатамі дрэў пагуляць, і прыгожымі кветкамі палюбавацца...»
        І вось у сваіх гадавальніках вырасціў чараўнік казачнае дрэўца і навучыў яго чалавечай гаворцы. І наказаў: «Расказвай людзям тое, што пачуе пад зямлёй тваё карэнне. Можа, так мы навучым разумець іх голас зямлі».
        З гэтым наказам і перайшло дрэўца людзям.
        Яно добра прыжылося ў садзе і хутка пачало квітнець. Як толькі лопалася пупышка і раскрывалася новая кветка, так і новая гісторыя на свет нараджалася. Дрэўца ціхутка шапацела лістотай, апавядаючы наваколлю пра думкі-мары зямлі, пра сокі, якімі поўняцца яе нетры, даючы жыццё ўсяму жывому, пра нялёгкую працу карэньчыкаў, якія здабывалі гэтыя сокі...
        Слухаючы дрэўца, сад квітнеў, як ніколі раней. Гаспадар жа са здзіўленнем заўважыў яшчэ адну асаблівасць дрэўца, пра якую яму нічога не было сказана. Дрэўца расло і квітнела само па сабе, насамрэч сваімі казкамі. Іншым дрэвам патрэбен быў дагляд – угноіць глебу ля карэння, пабяліць ствол, падрэзаць сукі... Гэта ж дрэўца жыло сваім натхненнем.
        Прайшло нямнога часу з той пары, як дрэўца пасадз ілі ў садзе, і пра яго стала вядома ўсяму наваколлю. Асабліва ўзрадаваліся дзеці – усяму свету вядомыя аматары казак. Яны сталі прасіць у гаспадара дазволу паслухаць дрэўца.
        – Што ж, прыходзьце. Кожную суботу і нядзелю можаце наведвацца ў мой сад, – згадзіўся гаспадар.
        Ах, як радавалася дрэўца сустрэчы з дзецьмі! Многія яго слухачы былі такія маленькія, што іх прынеслі на руках да дрэўца мамы. Большыя прыйшлі самастойна, і з імі дрэўца пачало гаворку.
        – Як вы думаеце, што такое зямля? – запыталася яно.
        – Гэта тое, на чым мы стаім, па чым ходзім...
        – На ёй пабудаваны дамы, у якіх мы жывём...
        – На ёй растуць дрэвы і кветкі...
        – Яна трымае ваду, без якой мы не можам жыць, – разважалі дзеці.
        – Яна – самая галоўная мама ўсім людзям, – падагуліў хлопчык, які да гэтай пары ціхенька стаяў збоку.
        – Ты сказаў самае галоўнае, – ухваліла дрэўца. – А як зямля – усім нам маці, то людз і павінны любіць яе і паважаць, як кожны паважае і любіць сваю матулю. Як вы думаеце, што можа стаць з чалавекам, які зневажае зямлю, брыдкасловіць на ёй, плюе ёй у твар, кідае ёй у вочы смецце, агаркі ад цыгарэт?
        – Ён стане цмокам? – ад жаху ў дзяўчынкі з ружовымі каснічкамі ў косках акругліліся вочы.
        – Ён стане цмокам, а гэта страшная кара для таго, хто народжаны чалавекам, – пагаджалася дрэва. – А як вы думаеце, ці зможа цмок стаць чалавекам зноў?..
        Так гаманіла-пыталася дрэва. Разважаючы разам з ім, дзеці нібы самі складалі казкі. І трывала засвойвалі іх мудрасць, бо дрэва не проста пераказвала тое, што ведала само, а вучыла дзяцей думаць.
        Ці трэба казаць, што на кожную наступную сустрэчу з дрэвам прыходзіла ўсё больш і больш дзетак? На памяць пра знаёмства дрэўца кожнаму з іх укладала ў далоньку маленькае крылатае насенне.
        Як ніколі раней, у гаспадара сада добра ішлі справы. Пакупнікоў садавіны стала намнога больш, бо сад праславіўсясваім дрэўцам, людзі ішлі паглядзець на яго і паслухаць. А заадно куплялі ўсё тое, чым быў багаты сад.
        – Пашанцавала табе з дрэвам, дружа, – казалі гаспадару знаёмыя. Але ён не вельмі любіў, калі хвалілі не яго дбайнасць, а незвычайнасць дрэва.
        – У мяне і раней справы ладзіліся, – адмахваўся ён. – Пры чым тут дрэва?
        Праз пэўны час дзіцячы гоман і бегатня па садзе сталі дакучаць гаспадару. Ведама ж, дзеці – толькі пільнуй і не дапільнуешся, каб у шкоду не ўлезлі. Траву прымнуць, бегаючы, ці страсяне які свавольнік дрэва, самавольна пачастуецца яго пладамі... Дрэўца за гэта ўшчувае, вучыць дзяцей, як сябе паводзіць – выхоўвае. «Але ж пакуль яны засвояць навуку, сад можа панесці вялікія страты», – стрэмкай засела думка ў гаспадара.
        А тут яшчэ сярод дрэў у садзе незадаволеныя знайшліся.
        – Гэтыя дзеці зневажаюць сад, – капрызіліся яны. – Возьмуцца есці яблык ці, скажам, грушу – аніякага імпэту на твары. З’ядуць – і забудуцца. А дрэўца гэта казкі свае баіць – слухаюць не схамянуцца. Чаму навучацца? Толькі разважаць, а якая ад гэтага карысць?..
        І, урэшце, незадаволеная большасць дрэў паставіла гаспадару ўмову: калі хоча ён і найдалей збіраць багатыя ўраджаі, павінен пазбавіць сад ад непатрэбных апавяданняў дрэва і ад яго надакучлівых наведвальнікаў.
        Гаспадару цяжка было пярэчыць дрэвам, што прыносілі дабрабыт яго сям’і. Да таго ж і яго самалюбства закранала казачнае дрэва. Толькі яго і хвалілі, толькі пра яго і гаварылі ў наваколлі. Быццам няма заслугі гаспадара, што гэты сад квітнее.
        І вось ён абвясціў аб продажы дрэўца. Ахвотнікаў купіць яго знайшлося шмат, купцоў панаехала з усяго свету. А дасталося дрэўца садоўніку з далёкай цёплай краіны – гэта быў той пераапрануты чараўнік, у якога гаспадар калісьці і набыў казачнае дрэўца. Узамен пакупнік даў гаспадару саду многа саджанцаў, з якіх меліся вырасці багатыя на ўраджай дрэвы.
        Праводзіць дрэўца прыйшло ўсё наваколле. Дзеці, якія палюбілі яго, плакалі, не жадаючы расстання. А дрэўца гладзіла іх па галоўках сваімі лісточкамі і казала:
        – Не сумуйце! Памятайце пра насенне, што я дарыла вам!
        Новы ўладальнік не прыспешваў дрэўца. Ён дазволіў яму развітвацца са сваімі сябрамі столькі, колькі яно пажадала. А пасля беражліва прыстроіў дрэўца на свой вазок і павёз у далёкую цёплую краіну.
        «Рып-рып» – рыпелі колы. Яны і радаваліся таму, што незвычайнае дрэўца едзе з імі, і дзівіліся глупству гаспадара, які не спасціг яго цаны.
        На новым месцы дрэўца, пра якое пагудка па ўсёй зямлі ішла, чакалі з нецярпеннем. Дзеці і тут знайшлі яго, было з кім гаварыць і каму перадаваць таямніцы і мудрасць зямлі.
        Дрэўца адразу пасябравала з новымі знаёмымі. Праўда, прыжыцца на новым месцы яму спачатку перашкаджала туга па былым садзе. Але вось ветрык прынёс добрую навіну. Яго маленькія сябры пасадзілі падоранае дрэўцам насенне, яно добра прынялося, хутка расце і кожны саджанец умее расказваць казкі!
        Ах, як усцешыла гэта навіна дрэва! Яно старалася не дарма, цяпер у кожнага яе колішняга госця ёсць сваё незвычайнае дрэва. І яно дасць насенне. І хутка той край, адкуль са-слалі яго сюды, на ласкавы, але далёкі поўдзень, заквітнее казкамі. Слухаючы іх, будуць падрастаць дзеці. А калі стануць вялікімі, то ніколі не змогуць зрабіць зямлі дрэнна...
        І гэтыя мары дрэўца пупышкамі лопаліся і ператвараліся ў новыя казкі для новых слухачоў. А яны, у сваю чаргу, бралі насенне ад незвычайнага дрэўца...
        А гаспадар таго саду, адкуль прагналі дрэўца? Што з ім, хацелася б вам ведаць?
        Вырошчвае садавіну, есць яе поўніцай. Прадае, але вельмі ж яму трэба пашчыраваць, кааб сабраць пакупнікоў у свой сад. З упартасці не прызнаецца, што незвычайнае дрэўца ўсё ж нямала спрыяла ў яго справах.
        Але людзі ведаюць гэта і так. І шукаюць тыя сады, дзе можна пачуць ад дрэў незвычайныя казкі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.