РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Кар’ер
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацверты
Раздзел пяты
Раздзел шосты
Раздзел сёмы
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
        
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

        
        
        У той дзень паліў дождж - сабраўся нарэшце ў пару спякотнага лета, калі настаў час уборкі. Пад вечар з-за могілак успаўзла ў неба сіне-чорная хмара, наляцеў вецер, дрэвы цягуча зашумелі, трапяткая лістота вывернулася пад вецер срабрыстай падкладкай. Агееў падумаў спярша: пярэйдзе, перагоніць хмару і зноў будзе сонца. Ён не хацеў вылазіць з кар'ера, на сёння засталося зусім мала - скапаць ля самага глыбокага месца пад заходнім абрывам. Але першыя буйныя, па гарошыне, кроплі, якія хлёстка сцебанулі яго па плячах, далі зразумець, што не пярэйдзе - памочыць як трэба, і ён, прыхапіўшы рыдлёўку, вылез з кар'ера. Пакуль бег да палаткі, дождж абрынуўся з апантанай, амаль ашалелай сілай, вецер ірваў з усіх бакоў, ён ледзьве дабег да палаткі і, пакуль развязваў матузы на ўваходзе, прамок да апошняй ніткі. Трэба было пераапранацца, выліваць ваду з кедаў.
        Пасля пад густое лапатанне дажджу па парусіне да самага вечара сядзеў у палатцы, чакаючы, калі сціхне. Часам лівень быццам бы пачынаў слабець, вадзяныя патокі, якія ён назіраў праз выраз у палатцы, нібы радзелі, туманна праглядвала з могілак цёмная сцяна старых дрэў, каменная сцяна ўнізе, але неўзабаве лівень усчынаўся з новаю сілай, і могілкі зусім знікалі ў мільготкай мітусні дажджу. Перад палаткай па ледзь бачнай у траве сцяжынцы імкліва бег уніз мутны ручай, які нёс на сабе клочча сухой травы, насякомых, рознае смецце, і Агееў падумаў, што добра зрабіў, калі два дні таму абкапаў палатку - не так для патрэбы, як для парадку, прачытаўшы аб тым у маладзёжнай газеце. Зрэшты, мелкая канаўка нядоўга яго ратавала, недзе ўсё ж прарвала, і на доле ў палатцы паволі расплылася шырокая цёмная пляма. Накінуўшы на плечы куртку, Агееў вылез пад дождж.
        Зноў добра намокшы і ўжо не зважаючы на дождж, ён пачаў капаць новую канаву, каб адвесці ў яе самы небяспечны паток вады, калі сярод мігацення дажджавых струменяў ля могілак згледзеў згорбленую, даўганогую постаць па накінутым на галаву празрыстым поліэтыленавым абрыўкам. Сігаючы цераз лужыны і патокі вады, што несліся з пагорка, чалавек кіраваў да ягонай палаткі, і Агееў хутка пазнаў у ім свайго тутэйшага знаёмца Сямёна.
        - Го-го, прывет! Не змыла цябе тут?.. Во, надумаў праведаць хутаранца.
        - Не змыла, але падмывае. Залазь, не мокні.
        Сямён спрытна расхінуў адною рукой настылы на плячах поліэтылен, сагнуўшыся, на каленях залез у палатку. Следам улез і Агееў.
        - Ну, паліло!.. Паліло што трэба. Во каб з вясны! Летам каб. А то цяпер, на ўборку. Совесці ў яго яўна няма, у бога таго.
        - Бог ні пры чым.
        - Ну, не бог, дык людзі. Раскалупалі космас. Парадку няма. То сушыць, то лье.
        Госць, крэкчучы і сморкаючыся, уладкаваўся ў мокрай цеснаце палаткі, няўклюдна падабраў пад сябе доўгія ногі ў брудных гумовых ботах; на ім была жоўтая макраватая тэніска, з левага рукава якой дзіўна, бы не ў лад, варушылася ссохлая кульця са зморшчанай на канцы скурай. Спрытна, аднак, упраўляючыся другой, здаецца, занадта доўгай, учэпістай рукой, Сямён выцяг з кішэні бліскучую паўлітроўку са збоўтанай малінавай вадкасцю.
        - Во, гэта самае... З нагоды пагоды.
        Нязручна прымасціўшыся ля ўвахода, Агееў унутрана паморшчыўся: пасля другога інфаркту, што здарыўся год назад, ён стараўся не піць ні віна, ні гарэлкі, але цяпер, адчуваючы лёгкія дрыжыкі ў мокрым целе, падумаў: «А, вып'ю! Будзь што будзе». Да таго ж гэтая прапанова малазнаёмага чалавека не здалася яму ні абразлівай, ні празмернай, хутчэй наадварот - настройвала на таварыскасць і ветлівасць.
        - Тару якую, - азірнуўся Сямён.
        Агееў знайшоў у куце палаткі невялікую пластмасавую шкляначку - для сябе, для госця ж зняў з тэрмаса кварту. Сямён спрытна падчапіў зубамі металічны каўпачок з бутэлькі.
        - Зубы зламаеш, - сказаў Агееў.
        - Нічога! Жалеза на жалеза. Вытрымае, - адказаў Сямён і засмяяўся - прастадушна, зусім па-дзіцячы, бліснуўшы металічнымі зубамі. Агееў глядзеў на яго немалады, у зморшчынах, з няголеным падбароддзем твар і думаў, што, мабыць, яны блізкія па ўзросту, мо нават аднагодкі.
        - А ты родам адкуль? - запытаў ён, хаця ўжо ведаў, што Сямён прыезджы і жыве ў пасёлку некалькі апошніх гадоў.
        - Я? А смаленскі, з-пад Ярцава. Чуў?
        - Чуў. Блізка...
        - Блізка, - ахвотна пагадзіўся Сямён. - Я так лічу: што Смаленшчына, што Беларусь - адзін чорт. Бульбянікі. Ну, давай вып'ем. Ілья ж сёння.
        - Во як!
        - Ілья нарабіў гнілля. І я табе скажу: правільна заўважана.
        Яны выпілі. Агееў не да канца, пакінуўшы ў сваёй шклянцы на другі раз. Сямён жа за тры глыткі ўвабраў усё да дна і страсянуў пад дождж апошнія кроплі з кварты. Агееў падумаў, што трэба было б пашукаць што на закусь, але госць адразу схапіўся сваёй учэпістаю рукой за туга напханую кішэню і выцяг адтуль скамечаны пачак «Прымы».
        - Курыш? Не? Ну, дык я задымлю.
        Неўзабаве цесная нізенькая палатка напоўнілася цыгарэтным дымам, Агееў няўзнак шырэй расхінуў брызент на ўваходзе. Ён быў трохі насцярожаны і пабойваўся, што Сямён пачне пытацца ў яго, навошта ён капае тут, у гэтай яміне. Але Сямён ні пра што не пытаўся ні пры іх нядаўнім знаёмстве, калі неяк ранічкай забег у кар'ер закурыць, ні пасля. Здаецца, гэты чалавек меў не часты ў ягоным узросце лёгкі, гаваркі нораў і ці то ад прыроднай ветлівасці, ці з-за адсутнасці цікавасці да чужых спраў не набіваўся з роспытамі. Агееву гэта ўвогуле было даспадобы.
        - Руку дзе згубіў? - кіўнуў ён на яго кульцю.
        - На вайне, дзе ж! Руку што - руку згубіў, жыць застаўся. Мог жызню згубіць.
        - Гэта канечне, - пагадзіўся Агееў.
        - Точна! Рука - яна перабіта была, а дзяржалася. Гэта ў шпіталі адцяпалі. А во тут горай!
        Сунуўшы цыгарэту ў зубы, ён усё той жа рукой тузануў за ніз безрукаўкі, агаліўшы шырокія кашчаватыя грудзі са страшным сінім рубцом у правым баку.
        - Во саданула. Мёртвым суткі ляжаў. Крывёй сплыў. Бушлат да зямлі прымёрз, ададраць не маглі. Ану яе!.. Давай яшчэ патрошку.
        Ён падставіў шырокую кварту, Агееў наліў яму і сабе і, перш чым выпіць, падумаў, што, мабыць, болей не трэба. Гэтую яшчэ вып'е, і ўсё. Сямён жа з ранейшай ненасытнай прагнасцю выпіў да дна, глыбока зацягнуўся «Прымай».
        - Гляджу, малавата бярэш. Ці мо апасаешся? - хітравата прыжмурыўшы праз дым адно вока, уставіўся ён у Агеева.
        - Апасаюся, - сказаў Агееў. - Ужо, знаеш, званочак быў.
        А, ерунда гэтыя званочкі! У мяне ўжо колькі было іх. І лічыць перастаў. А вып'ю калі - палягчэе. Дык во думаю: каб не піў, даўно б ужо зямлю парыў.
        - Ну, гэта як сказаць.
        - Точна! Вунь Шумакоў Даніла Васільевіч: і званкоў не было, і ўжо як сцярогся. Выйшаў на пенсію, не піў, не курыў. Раніцой усё рукамі махаў, гімнасціку рабіў. Памёр! Вясной пахавалі. На сем гадоў маладзейшы.
        - Каму як.
        - Во, іменна. Каму так, а каму гэтак. Я табе скажу: каму чаго хочацца, таму бог таго і не дае. А каму пляваць на што-небудзь, таго ў таго навалам. У жыцці не трэба быць сквапным! - з націскам скончыў Сямён.
        - Яно так...
        Сямён прыкметна п'янеў, і Агееў адчуў невялікую прыкрасць, падумаўшы, што цяпер разгаворыцца і трэба будзе доўга слухаць яго балбатню, а ён даўно не любіў захмялелых балбатуноў. Аднак Сямён прымоўк, штосьці ў ягоным бесклапотным настроі пачало мяняцца, і ён, дакурыўшы цыгарэту, ціха запытаўся:
        - Франтавік?
        - Ды як сказаць, - трохі збянтэжыўся Агееў. - У сорак першым - на фронце, параніла. Пасля ваяваў у партызанах. Пасля зноў...
        - У парцізанах тожа не мёд. Скажу табе, пад канец вайны ваяваць навучыліся, але што паявілася - хітрасць. Каб выжыць! Стала магчымым выжыць. Во некаторыя і ўхапіліся за гэтую магчымасць. Хітрыя каторыя... Давай разлівай рэшту, чаго там...
        Агееў наліў - зноў сабе трошкі, астатняе выліў у кварту, якую з гатоўнасцю падставіў Сямён. За палаткай роўна і спорна ліў летні дождж, дым ад цыгарэты ляніва цягнуўся да выхада. Ад выпітага Агееву стала цяплей, з адвыкласці ад спіртнога паявілася лёгкае кружэнне ў галаве і нейкая міжвольная добразычлівасць да гэтага гаваркога госця.
        - Я, знаеш, пад канец вайны ўжо быў нестраявы, - стрымана паведаміў Агееў, крануты ягоным пытаннем. - Так што, як там было на перадавой у канцы, не ведаю. Не бачыў.
        - А я паглядзеў. На некаторых палюбаваўся. Адзін такі ледзьве на той свет не справадзіў. Енакаеў фамілія, век не забуду.
        Ён сядзеў у палатцы, трошкі прыгорбіўшыся, па-ўсходняму склаўшы перад сабой мокрыя, у ботах, ногі, са звыкла спушчанай на рассунутыя калені рукой. Гэтая рука, аднак, была ўся ў руху, памагала яму жэстамі, то складваючы пальцы рубам, то матляючы імі ў паветры.
        - Енакаеў... Старшына разведроты. Нічога, старшына быў дзелавіты, умеў парадак трымаць. Кадравы служака, не які там з запасу. Далёкаўсходнік. Я ж таксама далёкаўсходнік, дзяйствіцельную ў Градэкове служыў, на Хасане быў, ага. Калі ў сорак чацвёртым з папаўненнем прыйшоў у дывізію, у гэтага Енакаева чатыры ордэны на гімнасцёрцы. Строгі такі, але не прыдзірлівы, не разявала па-дробнаму. І з хлопцамі мог ладзіць - ну, там па сто грамаў ці кімарнуць лішнюю гадзіну. Ведама, старшына, у ягоных руках усё. Афіцэры, яны болей пра дзела пякліся: разведка там, языкі... Ах гэтыя языкі, каб ім прапасці! Папоўзаў я там па нейтралках, пацёр бруха. Іншым часам, як станем, бывала, у абарону, - кожную ноч. Поўзаеш, поўзаеш, на каленях скура аблезе, ну, прыцягнеш якога фрыца, думаеш: цяпер ужо хоць дадуць выспацца. Дзе там! Не той фрыц, мала знае. Сцямнее - зноў давай! А калі ў яго наладжаная абарона? Дрот, міннае поле, ракеты, кулямёты. На Вісле пяць начэй запар поўзалі - нізашто! Блізка падпусціць, асвеціць ракетамі - і з кулямётаў. Уціснешся ў зямлю, ляжыш, чакаеш: авось перастане. А ён і не думае пераставаць, што яму - патронаў шкада? Патронаў, ракет у яго навалам, не тое, што ў нас. Ну, і лупіць. А ў нас сховішча ніякага, ляжыш на роўнядзі, бы на стале. Адно што каскі на галовах. Во ляжыш і чуеш, як то справа, то злева хрась-хрась! Як шкарлупа на арэхах. І куля - наўздоўж цела да заду. Не знаю, як хто, а я на вайне болей за ўсё баяўся такой во кулі - наўздоўж цела. Упоперак чамусьці не дужа палохала: праб'е грудзі ці там руку, нагу, неяк звыклае дзела. А вот калі наўздоўж - ад макаўкі да заду - страшна падумаць. Праўда, яшчэ і за жывот баяўся...
        - За жывот усе баяліся, - сказаў Агееў. - Уязвімае месца.
        - Уязвімае, нічога не скажаш. Бачыў параненых, не дай бог. Галоўнае - нутраное даўленне называецца. Там, у кішках. Нават ад маленькай кулявой ранкі як пырхнуць з жывата. Клубком. Сінія, з крывёй і парок ідзе, калі на холадзе. Паранены каторы ад страху іх назад у бруха піхае. Ды дзе там! Ужо кранты. Калі вылезлі, тваё дзела кончана, ужо і дактары не памогуць. Помню, адзін такі - малады, рослы хлапец - прыбег прама ў санбат. З поля бою вёрст пяць шыбаваў, каб хутчэй, значыць. Зрабілі аперацыю, зашылі. Пажыў тры дні і адкінуў капыты. Заражэнне, ніякі доктар не паратуе.
        - Тады ж не было ні пеніцыліну, ні антыбіётыкаў.
        - То-та і яно! Чым ратаваць? Доктар - ён жа таксама не бог. А пасля што ж, з ім адным валэндацца? Тут іх сотні ў чарзе, калі баі, усім трэба памагчы, асколкі павыцягваць...
        Першае ажыўленне ад віна, мабыць, міналася, Сямён некурыўся і быццам бы стаў спакайнець, рука на каленях трохі запаволіла жэсты. На рудым ад загару, у рэзкіх зморшчынах твары паявіўся прыкметны цень заклапочанасці, даўняга суму ад перажытага.
        - Ага, Енакаеў па тым часе ўжо меў шэсць раненняў. Гэта не жарты. І з усіх выкараскаўся. Жылаваты мужык быў, нічога не скажаш...
        Той раз мы ішлі па языка - трэцюю ноч запар. Толькі напярэдадні прыцягнулі двух фрыцаў, ну, думаем, цяпер хоць выспімся, падсохнем, накурымся. Чорта з два! Аказваецца, трэба ўжо новыя даныя, ужо ў баку ад абороны, на поплаве, каля рэчкі, балоцістай такой, чорт бы яе ўзяў! Ледзь яна мяне не ўгробіла, рэчка тая. Пастроілі групу - сем чалавек. Чацвёра ў групе захвату, трое ў прыкрыцці. Камандзір - старшына Енакаеў. А, нада сказаць, хлопцы ў нас усе маладыя, праўда, усе ўжо абстраляныя, некаторыя і з медалямі, але маладыя, што зробіш. Толькі я ды Енакаеў трохі старэйшыя - мне ішоў дваццаць шосты год, Енакаеву, мабыць, столькі ж. Ну, у маладых яшчэ дурноты поўна, форсу, такога, што во нам напляваць на фрыцаў - трэба, дык возьмем. А заб'юць каторага, тожа напляваць - не мы першыя.
        Пайшлі апоўначы, цемра - як у ж..., вецер настырны, голае балота пад нагамі, трошкі прымарозіла, але ўсё правальваешся, пад нагамі чвякае, думаеш: хоць бы немцы не ўчулі. Там, канечне, міннае поле, наша і нямецкае, дык сапёры звечара пастараліся - зрабілі праход. (Які там чорта праход: знялі некалькі мін - і паўзі.) Добра, яшчэ прычакалі, паказалі вешку - пруцік такі паставілі. «Ой, думаю, добра адсюль - пруцік, а як назад? Дзе яго, гэты пруцік, знойдзеш у цемры?» Але маўчу, ведаю: пра такія думкі ды ў такі момант лепш памаўчаць. Папаўзлі адзін за адным. Наперадзе Енакаеў, група захвату, я быў старшы ў прыкрыцці. Паўзлі рыўкамі. Ён жа ракеты шпурляе адну за адной. Во ў кароткія прамежкі, па-цёмнаму, і паўзём. Як толькі пырхне ракета - галаву ў зямлю, адзін зад тырчыць, як купіна. Маскіруе. Куп'я там шмат было, гэта і выручала.
        Словам, дабраліся да першай траншэі, чуем, там гергетня - не спяць, значыць, і многа - некалькі галасоў. Трэба б пачакаць. Усё ж такі ноч, пэўна ж, прыціхнуць, паснуць, вось бы аднаго і ўзялі. Але ж не параіш у такі момант, усе маўчаць, а Енакаеў гэты забірае ўбок, далей ад гэтых гергетуноў, туды, дзе цішэй. Яно, ведама, так здалося зручней. Але... Нешта мне стукае ў галаву: кепска робім, не трэба ўбок, пачакаць лепш.
        Папаўзлі. А тут яшчэ, чорт бы яе ўзяў, траншэя паварочвае кудысьці ў іх тыл, загагулінай у глыб іхняй абароны; бруствер хаця і замаскіраваны, але ўсё ж трошкі прыкметны на фоне неба. Значыць, уздоўж траншэі паўзём. Горш не прыдумаеш! Але пакуль што быццам усё спакойна, усё ж мы наводдаль метраў за сто ці за дзвесце ад іх. Пасля счакалі, прытаіўшыся, і чацвёра з захвату павярнулі да той траншэі. Мы прыкрываць засталіся. Чакаем. Карацей кажучы, праз гадзіну ці паўтары цягнуць на палатцы фрыца - аглушылі, заткнулі анучай рот і цягнуць. Цяпер трэба змывацца.
        А часу, скажу табе, усё мінула процьма, час за такой справай наогул кепска заўважаецца, бяжыць ён або стаіць - чорт яго ведае. Як калі. Гадзінніка ў нас не было, мабыць, мы правалэндаліся занадта, прамарудзілі. Гляджу назад, святлее наўродзе краёчак неба, як бы світаць не пачало. Ну, хлопцаў з языком прапусцілі, цяпер мы ззаду, значыць, бліжэй да немцаў. Адкрыюць агонь - на сябе яго прыняць павінны. А немцы пад ранак таксама, відаць, прымарыліся, ракеты радзей узляталі, кулямёты, праўда, пастрэльвалі сюды-туды, але не па нас. Нас яшчэ не заўважылі. Увогуле ўсё чыста было зроблена. Калі б не адно але. А гэтае але там і аказалася, дзе я баяўся: Енакаеў-то праход цераз міннае поле згубіў. Яно нічога ў тым дзіўнага ў такім цемрыве ды на балоцістым поплаве - ніякіх табе арыенціраў. Вешка! Шукай цяпер гэтую вешку. Пасля такой крутні па нейтралцы.
        Не ведаю, хто там у яго поўз наперадзе, тожа, напэўна, такі ж самы лапух, як гэты Енакаеў, толькі раптам як шандарахне, аж зямля закалыхалася. Бліснула, асляпіла, і што тут пачалося! Як сталі лупіць па ўсім поплаве - уздоўж, упоперак, крыж-накрыж, трасы, ракеты, дзесятак зараз. Ляжым ні жывыя ні мёртвыя, стаіліся, маўчым. Добра яшчэ: мы на балоце і немцы на балоце, ім таксама на роўнядзі няшмат, відаць, ірванула, а дзе - толкам не ведаюць. Празявалі ўначы. Як трошку ўнялося, бачу - пярэднія пайшлі, завілялі задамі, папаўзлі, значыць. Думаю, а раптам вырвемся. Яшчэ, можа, метраў шэсцьсот засталося. І тут злева як шандарахне сцюдзёным ашмоццем па мордзе, вочы заляпіла, і зноў - агонь па ўсім поплаве. Тут ужо і нашы ўдарылі, мінамёты, па іх перадку - гудзіць і трашчыць, уся акруга хадуном ходзіць. Але што рабіць нам? Сядзім на мінным полі, гэта і дураку ясна. А дзе той праход? Не ўстанеш, не азірнешся. А тут, на бяду, край неба святлее ўсё болей - стала віднець. Во ўлезлі, дык улезлі! Улопаліся!
        Паляжалі так, трошкі аклямаліся, паварочваецца Яшчарыцын, што перада мной поўз, баец з захвату, ківае: Енакаеў заве! Што яшчэ такое, пад агнём, думаю, перастрайвацца, выбраў час. Але што рабіць - папоўз. Енакаеў ляжыць ў балоце, сам у гразі ўвесь, побач на палатцы і язык. Енакаеў хрыпата так шэпча: «Сямёнаў, упярод! Даставай фінку і - упярод!» Кажу: «А прыкрыцце?» - «Упярод!» - сіпіць і фінкай трасе перад мордай, маўляў, пасмей адмовіцца! Ну што ж, думаю, усё панятна. Хаця па ўставу я цяпер далжон быць ззаду, але калі на міны налезці, то, канечне, Сямёнаў - упярод! Сямёнаў падрывайся, а Енакаеў языка даставіць. У цэласці і сахраннасці.
        Аднак што зробіш - мусіў паўзці. Ад крыўды фінкай у купіны тыкаю да самай ручкі: быццам пакуль нічога - мяккая балацявіна. Прапоўз так, можа, метраў сто пяцьдзесят, як раптам пад нажом штосьці цвёрдае. Уваткнуў лязо і баюся выняць - чорт яе ведае, а раптам ірване. І што рабіць? Азірнуўся. «Міна», - шапчу. Енакаеў махае, прыгнуўшыся, - маўляў, адпаўзай убок. Раз уткнуў фінку, другі, а трэці ўжо не паспеў. Як у прорву агняную... З усяго маху. Толькі звон пакаціўся кудысьці, усё далей, далей, і ўсё сціхла.
        - Рванула, значыць?
        - Рванула. І што дзіўна: болю ніякага не адчуў. Быццам прыдушыла чымсь. І расплюшчыла. Такое адчуванне. Слухай! - раптам сказаў Сямён, зганяючы з твару выраз невясёлага клопату. - Давай злётаю яшчэ па адну. А то што на сухую баіць?..
        - А не хопіць? - усумніўся Агееў. - І дождж.
        - Дождж перастае. Ну, глядзі, радзей стаў, - сказаў Сямён, адхінаючы парусіну на выхадзе.
        Дождж яшчэ сыпаў, хаця, можа, і не такі, як раней, ручай на зямлі ля палаткі прыкметна вузеў, пакідаючы на траве намытыя космы смецця, травы, пяску. Агееў разумеў, што цяпер адгаворваць - марная справа. Сямёна ўжо не спыніш. Ён вылез з палаткі і даў вылезці госцю.
        - Я счас. Айн мамент, як гаварылі! - кінуў Сямён на хаду, адной рукой накідваючы на плечы каляны, непаслухмяны на ветры лахман поліэтылену.
        Чакаючы Сямёна, Агееў сядзеў у палатцы, праз нізкі трохкутны выраз глядзеў, як мітусяцца, снуюць па траве ледзь парадзелыя струмені дажджу, і думаў: добра гэта ці не, такая вось уласцівасць чалавека - проста і адкрыта расказваць пра сябе першаму сустрэчнаму - падрабязна, пра ўсё, па шчырасці. Нават калі-небудзь і сам выглядаеш не надта прыгожа, калі дзе і памыляўся. Канечне, праз столькі гадоў можна дазволіць не надта далікатнічаць са сваім мінулым, але ўсё ж... Ён так не мог. Яму каштавала немалых намаганняў над сабой, прыехаўшы ў гэты пасёлак, расказаць пры неабходнасці, чаму яго зацікавіў нейкі закінуты кар'ер, ды і наогул растлумачыць сваё дачыненне да гэтага пасёлка тых даўніх, ваенных гадоў. Заўжды ў падобнага роду тлумачэннях ёсць штось ад няпраўды або прэтэнзіі на штось амаль незаконнае. Чужому і малазнаёмаму проста так не раскажаш. Але гэта ён, Агееў. А во Сямён, аказваецца, мог спавядацца з ахвотай і лёгкасцю, і, дзіўная справа, ягоная адкрытасць не шакіравала нават такога пераборлівага ў тым чалавека, якім лічыў сябе Агееў.
        Ён думаў, што Сямён забавіцца, усё ж цэнтр пасёлка з магазінчыкам «Вино - водка» быў не надта блізка адсюль, але Сямён даволі-такі хутка паявіўся на рагу могілак пад коса накінутай на адно плячо плёнкай. І па тым, як ён без належнай жвавасці ступаў па мокрай траве даўгімі нагамі, Агееў здагадаўся: не дастаў.
        - Пуста! - нібы прачытаўшы ў ягоных думках, сказаў, падышоўшы, Сямён і адкінуў плёнку. - Спазніўся, самі сажралі.
        - Што ж, так пасядзім, - парадаваўся ў душы Агееў. - Пакуль дождж сыпле.
        Сямён зноў улез у палатку. На гэты раз Агееў уступіў яму месца каля ўвахода, сам адсунуўся ўглыб, і госць адразу палез па цыгарэту ў скамечаным пачку.
        - Ці не замнога курыш? - сказаў Агееў.
        - А чорт з імі! Колькі будзе, буду курыць. Што ж, дактароў слухаць...
        Ён зноў закурыў, і, хоць зацягнуўся з ранейшаю прагнасцю, цыгарэта не памагла яму ўтаіць лёгкую прыкрасць на змрачнаватым твары, мабыць, ад яго няўдалае вылазкі.
        - Шкада, але і ў мяне нічога няма, - з вінаватасцю сказаў Агееў. Сямён буркнуў штосьці няпэўнае, і размова іх часова спынілася. Каб неяк узнавіць яе, Агееў запытаў, нібы між іншым:
        - Ну, а пасля як? На тым поплаве? Ці, можа, разведчыкі выцягнулі?
        - Чакай, як жа! - адразу азваўся Сямён. - Выцягнуць! Енакаеў языка цягнуў. Яшчэ аднаго свайго падарваў. А ля самай траншэі і яго стрэльнулі. Свае. Бо не на тым участку выходзіў. Во як!
        - Гэта панятна. Зблытаў кірунак! Гэта на вайне заўжды кепска.
        - Не толькі на вайне, - стрымана буркнуў Сямён.
        - Ну, а ты? Сам выпаўз?
        - Я? А я ляжаў без памяці, колькі - не знаю. Помню толькі, неяк расплюшчыў вочы і не сцяміў нічога: твар як бы ватай абкладзены. А гэта пайшоў мокры снег. Сняжынкі на вусны падалі, і я іх лізаў языком, бо нутро ўсё гарэла. І такая пакута, як у ціфу. А пасля прымарозіла. Хацеў варухнуць рукой - чорта з два! Не кратаецца. І зад не кратаецца. Бушлат прымёрз, усё ад крыві там змерзлася. Во і ляжу. Хачу крыкнуць і не магу. Прапаў голас. Няма крыку. І не магу прыпомніць, што здарылася і дзе я. Памяць адняло дашчэнту. Свядомасць то вернецца на хвіліну, то зноў прападзе, відна, надоўга. Пасля здалося, быццам тузае нехта; прыслухаўся, сцяўшы зубы, праз боль, які ўжо ваўсю дацінаў. Не, гэта ж бой ідзе, снарады навокал ірвуцца, ну, мяне і кідае з боку на бок. Пасля ўсё знікла - ні болю, ні снегу. Мабыць, доўга ляжаў, а як ачнуўся, гляджу - цёмна і чую голас. Ціхі такі, быццам здалёку, гэта мне так здалося, а гэта ён нада мной. Вочы трошкі расплюшчыў - чалавек нахіляецца, усё ніжай, ніжай, зазірае наўродзе ў твар, а за ім з неба месяц свеціць, ды ярка так - поўня была. Я ўжо хацеў крыкнуць ад радасці, што знайшлі, не пакінулі, але во - паветра няма, у лёгкіх - пуста, нічога ў мяне з крыкам не выйшла. А ён, гэты, што нахіляецца, раптам ціха камусьці: «Іст айн рус!» Ось табе і парадаваўся! Добра, што не крыкнуў, замёр, ляжу. Другі побач таксама штосьці па-нямецку прагергетаў, і гэты лезе рукамі ка мне пад бушлат, у кішэні. А там пуста, махоркі паўпачка было, нават запалак не ўзяў - усё перад выхадам у роце пакінуў. Шарыць ён гэта, лежачы побач, а я думаю: пачуе, што жывы, і прыкончыць. А во не пачуў, яшчэ нешта прамовіў ціхенька другому, забралі мой аўтамат, яго воддаль адкінула выбухам, папаўзлі кудысь. Можа, да нашых, мо да сваіх. А я пасля страху і болю зноў нырнуў у непрытомнасць. Можа, нават і памёр, не ўспомню.
        - Кепская сітуацыя, - сказаў Агееў, калі Сямён змоўк. А той выглянуў з палаткі, быццам прыслухаўся да чагось знадворку, мабыць, больш да таго, што ішло ў яго знутры, з яго растрывожанай памяці, і зрабіў незразумелы жэст усё той жа сваёй адзінай рукой.
        - Самае горшае яшчэ наперадзе. Ты слухай... Чорт яе ведае, во дагэтуль не сцямлю, колькі я там праляжаў. Некалькі дзён, напэўна. Пасля прыпамінаў, падлічваў і заблытаўся, не магу паверыць. Палучаецца ўродзе шэсць дзён і начэй. І як толькі не акалеў? Крывёй не сплыў? Не падох? Але во зноў ачнуўся, чую, галасы. Ды ўжо, пэўна, свае; гавораць смялей і рускі мацюжок чуваць. І відна, ранак зачынаецца. Хачу павярнуцца, каб згледзець, дзе яны, мае паратоўцы, штосьці перада мной іх не відаць. І не магу павярнуцца - усё да зямлі прымерзла. І сняжок ляжыць на грудзях, на вуснах і не тае. Я крыкнуць хачу, і зноў нічарта, уздыхнуць не магу нават. Во дзяла! Ні тпру ні ну. А яны, чую, гамоняць: «Берднікаў, таго ў бушлаце сцягні!» - «Ну да, - кажа гэты Берднікаў. - На мінах ляжыць». - «Міна ўзарвалася. Вунь ямка за ім». - «Адна ўзарвалася, дык што, яна адна тут! Кошку давай!»
        Бог ты мой, думаю, гэта ж яны мяне за мерцвяка лічаць і цяпер кошкай будуць цягнуць. Што ж гэта такое... Але боль такі і слабасць, і свет белы нямілы, і прытомнасць то паявіцца, то прападзе. І паветра ў грудзях няма - пуста. Што тут зробіш? Хай цягнуць, узрываюць, хутчэй бы. Каб доўга не мучыцца...
        І што ты думаеш? Падпоўз гэты Берднікаў ці яшчэ хто, зачапіў кошкай - крук такі ў іх (гэта ж сапёры былі) на вяроўцы, і як ірвануць. Я як завыю - адкуль і голас узяўся. Хаця мне так здалося, што завыў, яны пасля казалі, што неслі на палатцы, што застагнаў, і яны пачулі. А мне здалося - завыў.
        Ну, і адваяваўся на тым. Шэсць месяцаў у шпіталях, апошнія тры месяцы пад Масквой ляжаў. Пасля па чыстай дамоў. А дому няма. І рукі няма. Інвалід у дваццаць шэсць год. Але жыць трэба, што зробіш... І во, глядзі ты, да шасцідзесяці чатырох дажыў. А Енакаева там за пагорачкам закапалі. Пасля лейтэнант расказаў з нашага палка. У шпіталі сустрэліся.
        - Да-а... На вайне цяжка ўгадаць, дзе напорашся, а дзе пранясе, - сказаў Агееў.
        - Таму і не ўгадывай. Не выгадывай. Не хітры. Усё роўна вайна хітрэй за цябе. Яе не перахітрыш.
        Дождж усё не пераставаў, хаця ранейшы напор яго прыкметна слабеў, на дашчэнту прамоклую зямлю з неба густа сыпаліся дробныя кроплі, вецер быццам прыціх, і было ўвогуле не сцюдзёна. Слухаючы невясёлы Сямёнаў успамін, Агееў некалькі разоў з непакоем падумаў пра кар'ер: хаця б не заліло. Залье, што тады рабіць? Чакаць, пакуль высахне? Ці калі сыдзе куды вада? Сямён, чуўна ўлавіўшы прыхаваную трывогу Агеева, дакрануўся да яго пляча.
        - Слыш? Хачу пацікавіцца? Чаго там капаеш? Ну, у кар'еры?
        - Ды так. Што-колечы трэба паглядзець.
        - Згубіў што?
        - Бадай што. Жыццё ледзь не згубіў, - сказаў Агееў і пашкадаваў, што сказаў нешта многа.
        - А-а, - нешта зразумеў Сямён. - Ну, ладна, больш не пытаюся. У кожнага чалавека павінны быць свае сакрэты.
        Агееў вінавата зірнуў на яго хмурны твар, і яму зрабілася трохі ніякавата за сваю няшчырасць.
        - Можа, і так. Ну, а ў цябе як - тожа сакрэты ёсць?
        - Я сакрэтаў пры сабе не трымаю. Я іх усе растрапаў. Усе пра мяне ўсё ведаюць. Можа, і кепска гэта. Можа, я таму і непуцёвы такі. Ну, ды годзе. Годзе балтаць.
        Сямён стукнуў кулаком па калене і, зачапіўшы плячом стойку, ледзь не паваліўшы тым усю палатку, вылез на двор. Агееў здагадаўся, чаго яму не сядзелася тут, але пярэчыць не стаў. Няхай ідзе чалавек, можа, лаўка яшчэ не зачынілася, знойдзе чым спатоліць сваю мужчынскую прагу.
        - Як-небудзь падыду. Раскажу яшчэ што-нішто, - пачулася здалёку, і па мокрай зямлі, аддаляючыся, зашлёпалі размашыста яго даўгія ногі.
        Агееў нядоўга пасядзеў у палатцы, пасля пераклаў мокрае адзенне ў правы, болей сухі бок - усё парусінавае дно было мокрае. Ад вопраткі, спальніка дужа патыхала сырасцю, парная волкасць вісела і ў паветры знадворку, калі ён вылез з палаткі, занепакоены думкай аб кар'еры.
        Дожджык ціхенька сыпаўся на мокрую траву, сцежку, палатку, туман мяккай кісяёй заслаў наваколле, бліжні лясок, дальнія хаты пасёлка. Але могілкі і кар'ер паблізу бачны былі ва ўсіх драбніцах, і калі ён зірнуў з абрыву, дык ледзь не вылаяўся ад злосці: у самым глыбокім месцы на дне кар'ера цьмяна блішчэлі дзве аграмадныя лужыны. Якраз там, дзе ён капаў гэтыя дні і дзе, як здавалася яму, была найбольшая магчымасць нешта знайсці. Але самае горшае адкрылася яму пасля, калі ён ступіў на край абрыву, - з круцізны яго да самага нізу абрынуўся вялізны пласт гліны, дашчэнту пахаваўшы пад сабой сённяшняе месца яго раскопак.
        Хвіліну Агееў разгублена пазіраў уніз, не ведаючы, што цяпер рабіць, што думаць. Ясна, што капаць тут ужо будзе нельга, ваду адвесці няма куды, вычарпаць яе немагчыма. Заставалася не самае лепшае - чакаць, пакуль высахне. Ну, а калі задажджыцца на некалькі дзён? Ілья сапраўды можа нарабіць гнілля да восені. Што тады рабіць? Чаго ён даб'ецца тут?
        Каторы ўжо раз Агееў ставіў перад сабой гэтае пытанне і не знаходзіў на яго адказу. Сапраўды, што ён мог зрабіць? Звярнуцца да кіраўніцтва? Але што ён ім скажа? Якія ў яго доказы, што яна там? Што яе расстралялі разам з усімі? Ён і сам нічога пэўна не ведаў. Ён і самому сабе найперш хацеў даказаць, што яе там няма. Што яна там не засталася. Што той раз, можа, яна ўцалела. Бо калі ў сорак чацвёртым адкапалі целы расстраляных, яе сярод іх не знайшлі. Ну, але ж яе і не шукалі. Яна ж не была ў іх тройцы і апынулася з імі выпадкам. Гэта ён і расстраляныя ведалі, за што яе ўзялі, а болей нікому пра тое не было вядома. Дык што ж бы ён мог растлумачыць на гэты конт, калі б звярнуўся па дапамогу? Дапамажыце, маўляў, пераканацца, што там нічога няма? У тым, што там нікога не засталося, і без яго ўсе былі ўпэўнены.
        Не быў упэўнены толькі ён адзін.
        Нямала апанураны, Агееў вярнуўся да свае палаткі, перасмыкнуў плячыма ад дажджлівай прахалоды. Дождж усё сыпаў, і ён, залезшы ў палатку, запаліў на парозе маленькі бляшаны вогнік на сухім спірце. Хацелася сагрэцца, абсохнуць, але, мабыць, абсохнуць да заўтра ўжо не ўдасца, прыйдзецца бавіць ноч сярод зябкай сырасці. Зрэшты, гэты невялікі дыскамфорт, прынесены нечаканым дажджом, не надта назаляў Агееву, у якім пад старасць усё настойлівей заяўляла аб сабе неўтаймаваная цяга да прымітыўнасці быту, мабыць, не задаволеная ў маладыя гады, усё болей вабіла да сябе прырода. Тое, ад чаго за доўгія гады вучобы, службы, работы адвыкла яго душа, пачало з усё большай уладай авалодваць ягонай свядомасцю. Гарадская кватэра, упарадкаванне якой некалі каштавала яму немалых намаганняў і шмат год прыносіла задавальненне не без прэтэнзій наладжаным утулкам, чамусьці цяпер пераставала вабіць яго, у вольны час пачала цягнуць да сябе несамавітая прырода загарадных мясцін, які-небудзь бярозавы гаёк над ціхай рачулкай, палявая дарожка, яшчэ не разбітая коламі магутнай тэхнікі. Аўтамабіль Агееў сабе не купіў - у маладосці гэта не было прынята, ды і не было на тое магчымасці, а пасля стала позна. Сын часам падвозіў яго на прыроду, у выхадныя - на рыбу, якой захапляўся з дзяцінства і адным часам захапіў бацьку. Але ад рыбы Агееў хутка адвык, а сынава машына, хоць ён і ўклаў у яе пакупку немалую суму, усё ж належала не бацьку-пасажыру, а шафёру-сыну. Зноў жа, ён не хацеў аказацца назойлівым, у маладых былі свае, маладыя інтарэсы, у кола якіх уваходзілі пясчаныя берагі рэк, пляжы, купанне, грыбныя і ягадныя мясціны. Дзе-небудзь на баравым узлеску пад соснамі ім было сумна і не было чым заняцца. Да таго ж яны захапляліся далёкімі паездкамі па райцэнтрах у пагоні за шырспажывам, якога не хапала ў горадзе. Для яго ж усякі набытак неяк неўпрыкмет з гадамі сышоў да мінімуму, і ў гэтым сэнсе ён задавальняў сябе тым, што было неабходна для жыцця на кожны дзень.
        Глытаючы гарачы чай з алюмініевай кварты, Агееў падумаў пра Сямёна - той, канечне, недзе ўжо зноў адзначае святога Ілью, мабыць, апавядаючы пра свае прыгоды. Хаця гэтых прыгод не дай бог нікому, і ўспамінаць іх гэтак спакойна можна толькі перажыўшы дарэшты ў душы, захаваўшы былое хіба што ў памяці. Агееў ведаў нямала людзей, якія аб сваім ваенным мінулым, часта цяжкім і нават трагічным, мелі звычай расказваць з гумарам, пасмейваючыся з таго, ад чаго ў свой час станавіліся дыбам валасы на галаве, знаходзілі ў жахлівым вясёлае. Калі ў адносінах да самога сябе гэта яшчэ можна было зразумець, дык у адносінах да другіх, асабліва забітых, замучаных, расстраляных, усё гэта межавала з дурнотай, калі не са злачынствам.
        Як гэта ні дзіўна, пра сваё ваеннае мінулае ён амаль не расказваў нікому - хіба што так, збольшага, у агульных рысах. Зрэшты, хваліцца яму асабліва не было чым. Пра страшны сорак першы год і ўсё, што звязана з гэтым мястэчкам, ён доўгія гады стараўся не прыпамінаць нават - міжвольныя ўспаміны не прыносілі радасці, толькі вярэдзілі душу цяжарам смерцяў, крыві і памылак. Жонка яго была родам з Волгі; вайны амаль што не бачыла і, пакуль была жывая, наогул адмахвалася ад яе жахаў. Пра яго ж яна ведала хіба, што ў пачатку вайны ён быў цяжка паранены, ваяваў у партызанах, пасля вучыўся і працаваў у народнай гаспадарцы, пакуль не перайшоў на выкладчыцкую работу ў ВНУ. Сын неяк пацікавіўся яго ўзнагародамі і, калі бацька паказаў яму ордэн Чырвонай Зоркі, зняважліва хмыкнуў: у бацькі ягонага сябра, які праслужыў вайну ў высокім штабе, было пяць ордэнаў, куча медалёў за ўзяцце гарадоў і юбілейных. Агееў зразумеў, што ягоны вайсковы аўтарытэт назаўжды ўпаў у вачах сына, і ніколі не пачынаў з ім гаворкі аб вайне.
        
        Ён прачнуўся ноччу ад беспрычыннага пачуцця трывогі, невыразнага адчування небяспекі, ці што. Паляжаўшы крыху, уцяміў, што ягоны неспакой ішоў болей знутры, з глыбіні свядомасці - навокал была ноч і стаяла глухая цішыня, якая была калісьці і ад якой ён адвык з пачатку вайны. Дрыжыкі яго, здаецца, мінулі, ён ляжаў мокры ад поту, але холадна яму не было - было нават душна, кажушок упаў з тапчана долу, і цяпер ён ляжаў не накрыты, у змакрэлай кашулі. Рана, калі ён незнарок варухнуў нагой, азвалася болем, але той боль быў ужо не такі востранясцерпны, як учора. У застаронку панавала цемра, ледзьве свяціліся дзве-тры шчыліны пад самым дахам, і ў адной з іх тонкім праменьчыкам мільгала дробная зорачка ў небе.
        Агееў прыслухаўся, імкнучыся злавіць хоць які-небудзь рух жыцця за сценамі яго дашчанага сховішча, але, мабыць, ні адзін гук не патрывожыў застаялай цішыні ночы. Ён не адразу сцяміў, якія гукі шукаў у цішы яго ўстрывожаны слых, але тых гукаў, мабыць, даўно ўжо не было чуваць - з таго самага часу, як яны адбіліся ад групы і павярнулі на поўдзень. І тады ён падумаў: што ж гэта такое здарылася ў свеце, як адбылося, што вайна дакацілася ў такую глыбіню краіны? І чаму ён апынуўся ў гэтым застаронку, бездапаможны, бяззбройны, пераапрануты ў нейкую цывільную кашулю? Дзе яго армія? Дзе фронт? Колькі будзе доўжыцца гэтае адступленне і хто ў ім вінаваты? Чырвонаармейцы? Камандзіры? Наша баявая тэхніка? Ці, можа, усё вырашае перавага немцаў, нечаканасць іх магутнага ўдару, іхняе майстэрства і дасканаласць іх тактыкі на полі бою?
        За некалькі дзён баёў, у якіх прыняў удзел Агееў, ён паспеў пераканацца, што ў войска хапала рашучасці супраціўляцца ворагу, што байцы і асабліва камандзіры без літасці да сябе, нярэдка звыш усялякай магчымасці, змагаліся з ворагам, часам здорава білі яго на малых участках, хаця і не маглі тым змяніць агульную абстаноўку на фронце, якая з таго самага брутальнага ранку заставалася разгромнай. Не зважаючы на свае страты, на стойкасць і супраціўленне нашых часцей, немцы ламалі абарону, абыходзілі, акружалі на шырокім фронце і няспынна ішлі на ўсход. Дзе яны зараз і дзе фронт, што чакае армію і краіну ў недалёкай будучыні? - во тыя пытанні, ад якіх ва ўчэпістым страху білася сэрца, і, калі над імі задумацца, здаецца, можна было звар'яцець. На ягоных вачах гінулі людзі, рушыліся шматгадовыя асновы дзяржаўнасці і ставілася пад пытанне будучыня ўсёй зямлі - як можна было заставацца спакойным, мірна спаць у гэтым ціхім кутку, куды яго загнала вайна?
        Усе апошнія дні пасля разгрому, прабіраючыся да гэтага мястэчка, Агееў пакутаваў ад невядомасці, ад абсалютнай адсутнасці інфармацыі; людзі, што сустракаліся на іх шляху, таксама няшмат ведалі, болей абыходзіліся здагадкамі і чуткамі, якія былі занадта ўжо фантастычныя, - чуткам Агееў стараўся не верыць. Але якім бы ні быў ягоны недавер, адно заставалася несумненным - немцы перайшлі Дняпро. І ён думаў, што калі нават на Дняпры іх не змаглі спыніць, здалі Магілёў, Віцебск, Гомель, дык чаго чакаць далей? Там жа рукой падаць да Масквы.
        Яшчэ тыдзень назад, прарываючыся з групай на ўсход, спакутаваны ад хранічнага недасыпу, трываючы боль раны, галодны і насцярожаны ад няспынных сутычак з немцамі, ён неяк не задумваўся аб такіх нечаканых паваротах вайны, імкнуўся толькі прабіцца да фронту, да сваіх, а там, здавалася, усё стане на месцы. Але во да сваіх так і не выйшаў, засеў немаведама дзе, у жахлівай далечы ад фронту, у баку ад вялікіх дарог, выспаўся, пазбавіўся ад асколка ў ране, і трывожныя думкі аб лёсе вайны і клопат за ўласны лёс сталёвымі абцугамі сціснулі сэрца - было неспакойна, трывожна і пакутна. Але што мог ён зрабіць?..
        Калі б не гэтае раненне...
        Шмат што было загадкава ў яго вымушаным становішчы, але тое, што з такой ранай ён не баец, - гэта ён разумеў пэўна. Самае кепскае было ў тым, што ён зусім не мог бегчы, не мог пры патрэбе спадзявацца на ногі, кульгавага, яго мог лёгка дагнаць кожны паліцай. Значыць, выйсце для яго было ў адным - як мага хутчэй залячыць рану і што б там не стала прарвацца на ўсход, да фронту і сваіх.
        Калі праз дашчаныя сцены застаронка пранік нясмелы світанак, ён падняўся і, адольваючы слабасць і кружэнне ў галаве, пачаў злазіць з тапчана. Ён падумаў, што лепш гэта зрабіць цяпер, пакуль вакол спяць і яго ніхто не ўбачыць. Накінуўшы на плечы сваю ватоўку, марудна апусціў ногі на зацярушаны сенам земляны дол. Усё ж рана балела, нагу проста курчыла ад болю пры кожным неасцярожным руху, і ён, сцяўшы зубы, ашчадна наступаў на левую пяту. Трымаючыся за шула, ціхенька адчыніў нізкія дзверы, выйшаў у хлеў. Аднекуль з-пад яго ног кінуўся прэч шэры вялізны кот, выскачыў з варот, засцярожліва паўзіраўся ў Агеева разумным позіркам касых вачэй на шчакастай мордзе і схаваўся ў дзядоўніку. У хляве дужа пахла сенам, перасохлым гноем, але за паламанай агародкай, здаецца, было пуста, каровы ў Бараноўскай не было. Не чутна было і якой іншай жывёлы, хлеў пуставаў. Праз трохі прычыненыя ад ветру вароты, усё хапаючыся за сцены, ён выбраўся ў двор. Рослы дзядоўнік і крапіва ля сцежкі стаялі ў халоднай расе, прыслоненыя да сцяны хаты, тырчалі нейкія жэрдкі ці, можа, дровы Бараноўскай, вузенькі дворык быў вымашчаны дробнымі каменьчыкамі, але хадзілі па ім, мабыць, няшмат: месцамі сярод камянёў ужо дружна лезла маладая траўка. Насупраць ад увахода ў хату стаяла пустая паветка, адным сваім бокам прымыкаючы да штакетніка-тыну, што адгароджваў двор ад вуліцы. Гэтая паветка, якая неўзабаве адыграе пэўную ролю ў ягоным жыцці, цяпер не звярнула на сябе яго асаблівай увагі - ён болей прыглядаўся да таго, што мясцілася далей ад вуліцы, у глыбіні гэтага даўгога, са шматлікімі хлявамі і хлеўчукамі двара. Пад агульнай страхой з хлявом відаць былі і яшчэ нейкія старыя будыніны, паветкі, куткі з ламаччам, і ўсё заканчвалася дрывотняй з невялікаю клеццю дроў пад страхой, над якой угары, у змрочным світальным небе, цямнелася магутнае суччо некалькіх старых дрэў. Ад дрывотні ўздоўж саду бегла ўніз сцежка, што знікала ў канцы гародаў ля рова, дзе яны пераходзілі ручай. Толькі пачынаўся ранак, было сонна і спакойна, мястэчка спала, здавалася, не ведаючы ні вайны, ні бяды, ні смерцяў, якія абрынула на зямлю вайна. І каторы раз Агееў адчуў, што такая цішыня яго проста здзіўляе пасля ўсяго перажытога ім за некалькі тыдняў; ён адчуваў у ёй затоеную злую трывогу, невыразнае чаканне бяды.
        Як-колечы даскакаўшы на адной назе да свае кануры, Агееў адразу паваліўся на тапчан; гэтая невялікая вылазка зусім знясіліла яго, і ён успомніў, што сёння абяцала прыйсці Яўсееўна, паглядзець рану. Павязка зноў стала мокрая, напэўна, яе трэба было пямяняць, але ў яго па-ранейшаму не было ні бінтоў, ні лякарства, трэба было чакаць доктарку.
        Праз нейкі час ён зноў ненадоўга заснуў і прачнуўся ад ціхага стуку ў хляве, дзверы ў застаронках ціхенька прыадчыніліся, і Агееў адразу ўбачыў Малаковіча з казыркастай кепкай на галаве.
        - Ну, добры дзень. Як вы тут?
        Малаковіч быў не адзін, за ім у застаронак ступіў нізенькі хударлявы хлопец у акулярах, які сціпла спыніўся ля парога і са скаванай насцярожанасцю ўставіўся ў Агеева.
        - Ляжу, - няпэўна сказаў Агееў, трохі здзіўлены гэтым паяўленнем незнаёмага хлопца. Малаковіч між тым нешта вымаў з тугіх кішанёў пінжака і клаў на скрынку ў нагах. Хударлявы хлопец бокам прыткнуўся да сена каля парога; дзверы за гасцямі з таго боку клапатліва прычыніла Бараноўская.
        - Доктарка была?
        - Была, - сказаў Агееў. - Распаласавала нагу да клуба.
        - Гэта яна ўмее.
        - Яна што - хірург?
        - Майстар на ўсе рукі, - сказаў Малаковіч. - А наогул яна акушэрка.
        - Да-а...
        - Ну, а як ваша адчуванне? - падышоў да яго Малаковіч. Ён звяртаўся да Агеева на «вы», у той час як той нядаўна стаў называць яго на «ты». Гэта, можа, было і не зусім па правілах, але ўвогуле не ўплывала на іх узаемаадносіны - усё ж Агееў па званні і па ўзросту быў крыху старэйшы.
        - Ды што адчуванне! Ляжу во... Як там? Што чуваць? Дзе фронт?
        - Фронт, мяркуючы па ўсім, за Смаленскам, - уздыхнуўшы, сказаў Малаковіч.
        - Чорт пабяры!
        Агееў паспрабаваў устаць, але ад неасцярожнага руху нагой боль працяў яго тупым магутным ударам, і ён у знямозе адкінуўся на падушку. Малаковіч прысеў на канец тапчана ў нагах.
        - Прывёў сябрука пазнаёміцца, - кіўнуў ён на госця. - Харошы хлопец. Кіслякоў прозвішча. Разам у школе вучыліся. Ён эфір слухае.
        - Прыёмнік? - трываючы боль, запытаў Агееў.
        - Прыёмнік. Старэнькі, праўда, - ціха азваўся Кіслякоў.
        - Гэта добра. Дык што там?
        Сціпла месцячыся на краёчку сена, Кіслякоў сморкнуў кароценькім вострым носам і складна, як завучаны ўрок, паведаміў:
        - Зводка за дваццаць сёмае. Нашы войскі пасля цяжкіх і ўпартых баёў пакінулі горад Талін. Адзін наш бамбардзіроўшчык тараніў нямецкі юнкерс Ю-88. Цяжкія баі на Смаленскім напрамку...
        Агееў выслухаў яго моўчкі. Ён ужо ведаў, што калі ў зводцы Інфармбюро гаварылася пра баі на Смаленскім напрамку, дык Смаленск, напэўна, ужо застаўся ў немцаў, зводкі заўжды спазняліся. Мяркуючы па ўсім, наступленне немцаў працягвалася.
        - Як усё абярнулася, усё пакацілася, хто б сказаў, хто б яшчэ нядаўна падумаў! - злосна забедаваў Малаковіч.
        - Да, абярнулася, чорт бы яго пабраў! Ну, а што ў мястэчку?
        - Ды што ў мястэчку? У мястэчку разбой. Немцаў, можна сказаць, яшчэ і не было, дык паліцыя свірэпствуе. Аднекуль з'явіўся ўжо і начальнік. Драздзенка нейкі. Бачыў яго ўчора, як вешаць гэтых вялі...
        - Каго вешаць?
        - Двое акружэнцаў павесілі каля базара. Аказалі супраціўленне пры затрыманні.
        - Паліцаі, канечне, брэшуць, - ціха ўставіў Кіслякоў. - Узялі іх, сонных, у будачніка на пераездзе. Ноччу зайшлі, ну, і заснулі. А ранкам паліцай Стасевіч заскочыў на пераезд і пабраў іх сонных, як курапатак.
        Агееў уважліва слухаў, узіраючыся ў невясёлыя твары маладых хлопцаў, жыхароў гэтага мястэчка. Напамінак пра павешаных акружэнцаў датычыў яго непасрэдна, бо і ён жа цяпер, па сутнасці, быў акружэнцам і яму пагражала тое ж. Праўда, ім быў і Малаковіч, хіба што з той розніцай, што жыў цяпер у сваёй хаце і тым не парушаў нямецкіх парадкаў, а беспрытульнага Агеева чакаў палявы лагер ваеннапалонных. Гэта ў лепшым выпадку, калі без супраціўлення, з высока паднятымі рукамі.
        Малаковіч між тым расказваў:
        - Стасевіч гэты - сусед мой. Цераз агарод хата. У калектывізацыю з вёскі перабраўся да родзічаў жонкі. У прамкамбінаце майстрам рабіў, у бандарным цэху. Наўродзе і някепскі сусед быў, з ягоным Міколам у школу хадзілі, той годам пазней пайшоў, цяпер на Далёкім Усходзе служыць. А гэты ўчора прыпёрся, маўляў, праведаць франтавічка. Бутэльку прынёс. «Ваша песня скончылася, таварышы чырвоныя камандзіры, цяпер пад Гітлерам будзем». - «Ну, гэта яшчэ як паглядзець», - кажу. А ён: «Няма чаго глядзець, ідзі ў паліцыю, пакуль возьмуць, а то позна будзе. Во наш начальнік у Чырвонай Арміі капітанам быў, а цяпер на немцаў працуе, жыдам чоху дае!» Ну, вы разумееце? Як мне, лейтэнанту, слухаць такую агітацыю?
        - Ну, і што ж ты яму адказаў? - стрымана спытаў Агееў.
        - Я? Анічога. Я прамаўчаў. Але дужа мне хацелася ў яго мой ТТ разрадзіць.
        - Во маладзец! - здзекліва сказаў Агееў. - Так бы яны і цябе разам з тымі двума. Трэцім.
        Малаковіч, здавалася, без увагі да яго здзеклівасці трохі цішэй паведаміў як аб чымсь канчаткова вырашаным:
        - Я яго ўсё роўна стрэльну. Ён жа маю настаўніцу арыштаваў. Адправілі ў горад. Во гэта і будзе мой асабісты ўклад у барацьбу з акупантамі. Шлёпну і змыюся. Нельга нам тут доўга заставацца.
        Агееў змоўчаў, ён быў гэткай жа думкі, толькі не хацеў гаварыць пра тое пры гэтым староннім хлопцу. Хто ведае, кім стаў гэты Малаковічаў сябра за час вайны.
        - Як тваё плячо? - спрабаваў Агееў перавесці размову на іншае.
        - Плячо загоіцца. Яшчэ дзень-другі, і зніму павязку.
        - Ну, дык вось. Пакуль не знімеш павязку, не рыпайся. А то сам па дурасці ўліпнеш і маці падставіш.
        - Ну, матка як-небудзь абыдзецца. А брацельнік сам лезе супраць іх што-небудзь выкінуць. Вунь у Кіслякова болей - чацвёра з маткай, і то не дрэйфіць, радыё слухае.
        Мусіць, ніякавата паёрзаўшы на сваім мяккім сядзенні, Кіслякоў вытлумачыў:
        - Баяцца - не тое слова. Страшна, канечне. Але ж трэба. Калі паддацца страху...
        - А ваш бацька дзе? - запытаўся Агееў.
        - Бацьку мабілізавалі. У першы ж дзень.
        - Самога не прызывалі?
        - Не. Я ж нягодны па зроку.
        - Ён жа студэнт, - ціха сказаў Малаковіч. - У Мінску ў дзяржуніверсітэце вучыўся. Скончыў два курсы...
        - Ды што там, - махнуў рукой Кіслякоў, і яго вастраносы тварык зрабіўся надта самотным. У ранішнім паўзмроку ён здаваўся цяпер заўчасна састарэлым хлопчыкам, гэткім сарамлівым, разумненькім гномікам.
        - Да-а. Ну, а што людзі кажуць? Як настрой у народа?
        Ад гэтага пытання Агеева Кіслякоў заклапочана нахмурыў лобік і пачаў ахвотна тлумачыць:
        - У асноўнай масе людзі настроены патрыятычна. Але ўсе чакаюць. Гэтыя поспехі немцаў, безумоўна, не маглі не выклікаць некаторай разгубленасці. Але гэта часова. Хутка пачнецца ўсеагульнае выступленне. Асабліва калі будуць працягвацца рэпрэсіі. А яны, несумненна, будуць працягвацца, таму што пашырыцца супраціўленне. Гэтыя рэчы ўзаемазвязаны і ўзаемаабумоўлены.
        - А што ж кіраўніцтва раёна? Інтэлігенцыя?
        - Тут, бачыце, якая сітуацыя: з парткіраўніцтва амаль нікога няма. Інтэлігенцыі таксама. Каго мабілізавалі ў першыя дні, хто ў іншыя месцы падаўся. Настаўнікі, напрыклад. Але, я так думаю, ёсць недзе арганізаванае падполле. Таксама як і партызанскія атрады.
        - Гэта павінна быць. Гэта абавязкова! - з жарам падхапіў Малаковіч. - У нас тут у грамадзянскую славуты партызанскі атрад дзейнічаў. Атрад Макоўчыка. Недзе яны і цяпер ёсць. У Сырамятаўскім лесе, мабыць.
        - Яны знаюць - дзе, - ціха сказаў Кіслякоў.
        - Было б нядрэнна звязацца, - зазначыў Агееў. Але Малаковіч не пагадзіўся.
        - Гэта нашто нам? Нам партызаны не трэба. Што, я ў партызанах ваяваць буду? Маё месца ў арміі. Я ж сярэдні камандзір усё-такі
        - На ўсякі выпадак, - сказаў Агееў.
        - Не, гэта не для нас. Гэта для вясковых дзядзькоў. Няхай яны ў лес ідуць, шалашы будуюць. Маё дзела на фронце. У полк нам трэба, я так думаю, - гарачыўся Малаковіч.
        - Ты добра думаеш, - з уздыхам сказаў Агееў. - Але во заселі мы тут, і яшчэ пасядзець прыйдзецца. Фронт вунь дзе, а я пакуль не хадок, сам разумееш. Яшчэ з тыдзень, напэўна, праваляюся...
        - А то і болей, - сказаў Малаковіч і з прыкрасцю ляпнуў сябе па калене. - Ну што ж, можа, за гэты час вайна не скончыцца...
        Ён ускочыў з тапчана, захінуў на грудзях куртаты свой пінжачок, надзеты на аблезлую, у палоску, кашулю, - зусім не падобны на сябе нядаўняга, лейтэнанта - высокі, худы і тонкі, вясковага выгляду хлопец з рашучым выразам загарэлага твару.
        - Да, забыўся сказаць: заўтра тут сабантуй намячаецца. Усім яўрэям загадана сабрацца каля царквы, кудысь перасяляць будуць.
        - Куды перасяляць? - не зразумеў Агееў.
        - А чорт іх ведае - куды.
        - Загадана ўзяць ежы на трое сутак, каштоўныя рэчы, - дадаў Кіслякоў.
        - Значыць, кудысь пагоняць. Можа, у канцлагер ці яшчэ куды. Іх хіба зразумееш, фашыстаў. Ну, дык папраўляйцеся, таварыш начбой. Я буду забягаць, калі што...
        Калі іхнія крокі сціхлі на падворку, Агееў адкінуўся плячыма на падушку і доўга ляжаў так, стомлены невясёлай размовай, сваімі думкамі, цьмяным прадчуваннем горшага. Усё было трывожна і незразумела. Праўда, трывог хапала з самага пачатку вайны, ён пачаў ужо прывыкаць да іх, шмат у чым спадзяючыся на сябе, на сваю сілу і кемлівасць. Але да нядаўняга часу ён быў бадай што салдат, не надзелены правам прымаць вялікія рашэнні - рашэнні прымалі другія, яму ж належала іх выконваць. Тут жа ён апынуўся ў становішчы, калі сам стаў начальнікам і падначаленым у адной асобе, сам мусіў прымаць рашэнні і сам выконваць іх, што аказалася трудна і нязвыкла. Асабліва ў такіх вось абставінах, калі нічарта як след невядома і кожны промах можа абярнуцца пагібеллю. Добра яшчэ, калі б пагібеллю цябе аднаго. А то вось кола залежных ад яго людзей рабілася ўсё шырэйшым, быў адзін Малаковіч, цяпер за некалькі дзён да яго далучыліся Бараноўская, доктарка, Кіслякоў. У выпадку, калі ён дзе памыліцца, ім не паздаровіцца таксама.
        Лежачы і думаючы так, Агееў усё паглядваў на пакінутыя Малаковічам гасцінцы - загорнуты ў старую газету добры кус сала, некалькі яек, лусту чорнага, мабыць, хатняй выпечкі хлеба. На душы ў яго было вельмі пагана, начны неспакой стаў яшчэ большы. Але ён дацягнуўся рукой да скрынкі і, адламаўшы ад лусты кавалак хлеба, пачаў яго есці. Здаецца, апетыт да яго вяртаўся, і ён падумаў, што, можа, пойдзе цяпер на папраўку. Яшчэ пару дзён, і ён збярэ ў сабе сілы, каб вылезці з гэтага хлява, а там знойдуцца сілы і на большае. Штосьці ўсё ж трэба было рабіць. Ён выразна адчуваў, што бяздзейнічаць у такі час азначала амаль што злачынства. Калі вайна ўвачавідкі рабілася ўсенароднай бядой, ён не меў права сядзець склаўшы рукі. Хоць бы і паранены. У яго для таго не хапала вытрымкі, і ніякія меркаванні маральнага парадку не маглі апраўдаць таго, што ён выбыў з барацьбы. Ён выдатна разумеў нецярпенне Малаковіча, хаця і баяўся, каб той, пагарачыўшыся, не нарабіў глупства і не загубіў яго і сябе. Пагібель магла быць апраўдана толькі ў барацьбе, а да барацьбы ён быў яшчэ не гатовы. Яму трэба было справіцца з ранай.
        Увесь гэты дзень мінуў для Агеева ў самотным, трывожным роздуме пра лёс вайны, народа, пра ягоны ўласны няўдалы лёс. Дужа прыгнятала думка, што ён не там, дзе ўсе, дзе фронт і армія, што ён гэтак недарэчна выбыў з барацьбы, якая люта грымела цяпер на прасторах Расіі. Народу было цяжка, цяжка было гарадам і вёскам, але, мабыць, трудней за ўсіх было арміі якая была абавязана і не магла спыніць ворага. З першых жа сутычак з немцамі Агееў зразумеў, што галоўная іх сіла ў агні. Як ні адпрацоўвала наша армія сваю агнявую вывучку, у немцаў яна была лепшая - іх мінамёты засыпалі поле бою асколкамі, кулямёты і аўтаматы палівалі яго свінцом, іх авіяцыя гаспадарыла ў небе з ранку да вечара, бурачы ўсё, што можна было разбурыць. Цяжка было стрымаць гэта агнянае страшыдла, яшчэ трудней адступаць у якім-небудзь парадку. Ягоныя танкі прарывалі, расстрэльвалі, абыходзілі і абганялі - ад іх не было паратунку ні на дарогах, ні ў полі, ні ў горадзе. Як і дзе пашэнціць спыніць іх, калі яны ўжо за Смаленскам?..
        Агееў нерухома ляжаў на спіне, калі расчыніліся дзверы і цётка Бараноўская прынесла яму абед - чыгунок маладой бульбачкі, вялікую кварту малака. Паставіла ўсё на скрынку, уздыхнула.
        - Во паесці. Каб хутчэй паправіліся.
        - Дзякуй, хазяюшка, - крануты яе клопатам, сказаў Агееў і, зірнуўшы на малако, запытаў: - А ў вас хіба ёсць карова?
        - Няма каровы. Гэта суседка, дзякуй ёй, прынесла. Я ў мяне нічога няма. Апроч курачкі. Для разводу. Ды вунь яшчэ кот Гультай.
        - Там мне прынеслі сала і гэта... Дык вазьміце, падзелімся.
        - Не, што вы! - страпянулася гаспадыня. - Гэта вам. Вы хворыя, вам трэба папраўляцца.
        - Скажыце, а яшчэ хто-небудзь ведае, што я ў вас? - запытаўся Агееў і насцярожыўся, чакаючы адказу. Бараноўская з-пад цёмнай, нізка завязанай хусцінкі здзіўлена зірнула на яго.
        - Ну што вы! Як можна! Я нікому - нічога. У такі час, што вы...
        - Ну, дзякуй, - з палёгкай сказаў Агееў. - Вы ўжо прабачце за мяне такога. Можа, хутка папраўлюся. Я вас пастараюся не падвесці, цётка.
        - Ды я нічога, ляжыце. Я ж разумею. У мяне ж таксама сын быў, зрэшты, вельмі на вас падобны. Такі вось чубаценькі. Дваццаць шосты гадок...
        - Быў?
        Бараноўская журботна патупілася, ражкамі хусткі дакранулася да вачэй. Агееў сцяўся ў прадчуванні кепскага і пашкадаваў, што задаў гэтае пытанне.
        - Быў. Загінуў Алежка.
        Яна ўсхліпнула адзін толькі раз, тут жа, аднак, перасіліла сябе, уздыхнула і загаварыла спакайней, усё стоячы ля парога:
        - У Заходняй працаваў. Ён жа чыгуначны інжынер быў, інстытут скончыў. Толькі гадок папрацаваў у Вайкавыску, усё мяне клікаў, збіралася, праўда, хоць паглядзець, як ён там. У мяне ж, апроч яго, нікога не засталося. І во не паспела, усё гарод парадкавала. А як усчалася вайна - ні слуху ні духу. Тыя, каго не мабілізавалі ў армію, дадому вярталіся, а Алега ўсё няма і няма. Чакала, чакала яго, ужо прадчувала нядобрае. Аж і праўда, тыдзень назад жанчына адна прыйшла са станцыі, да маці вярнулася, тожа ў Заходняй рабіла, дык кажа: няма вашага Бараноўскага, на дарозе самалёт бомбамі накрыў, раніла яго ў грудзі і памёр у яе на руках. Партфель яго перадала, я адразу пазнала, той самы, з якім некалі дамоў прыязджаў, колькі разоў харчы туды пакавала. Адкрываю, а там яго сарочкі, - трохі збянтэжана Бараноўская зірнула на Агеева, і той ураз сцяміў, чыя гэта кашуля на ім. - Дзве сарочкі, ну, і бялізна там, кніжкі, дакументы. Аказваецца, разам яны ішлі, ад немцаў ратаваліся, і вось папаў пад бамбёжку.
        - Да, шмат людзей пагінула, - памаўчаўшы сказаў Агееў, каб неяк парушыць тужлівую паўзу. - І ваенных, і цывільных.
        - Пагінула. І яшчэ гінуць. Во ў нас у мястэчку... Ненасытная яна, гэтая вайна, мусіць, такой яшчэ не было.
        Агееў маўчаў. Што ён мог сказаць ёй, чым памагчы яе гору? Страціць дарослага сына - што можа быць горай для маці? Нават уласную пагібель нельга параўнаць з такой стратай - ён ужо бачыў што-колечы на вайне, ды і да вайны ведаў, як гэта жахліва наогул. Цяпер ён зразумеў, чаму ў яе такі жалобны выгляд і такі спакутаваны голас. Сапраўды, нібы ў манашкі.
        - Вось тут хачу вам паказаць, - сказала Бараноўская, трохі спакайнеючы, і палезла кудысь за сена. - Во, калі што, тут адна дошачка паднімаецца. Во, ад самага нізу. А там за сцяной маліннік, гарод і бульбоўнік да самага рова. Раптам калі што... Час такі, самі разумееце. Вы ўжо прабачце...
        - Усё зразумела. Дзякуй вам, цётачка, - амаль расчулена сказаў Агееў.
        Яны ціхенька выйшла - выслізнула з ягонай нары, і ён з горкай усмешкай падумаў: сапраўды настала часіна! Замест таго каб ён, камандзір Чырвонай Арміі, бараніў ад ворага гэтую цётку, аберагаў яе спакой і жыццё, дык яна сама мусіць аберагаць ягонае жыццё і клапаціцца пра яго бяспеку. Цяпер ён цалкам пад яе ўладай і залежыць ад яе ласкі і клопату. Вядома, ён вельмі ўдзячны ёй, і ўсё ж... Не проста было яму прыняць як належнае яе клопат і адолець пачуццё ўласнай ніякаватасці, невыразнага сораму нават.
        
        Ён адразу пазнаў гэтае добра знаёмае яму водгулле нямецкіх дызельных рухавікоў, якое аднекуль выплыла ў ранішняй цішыні над мястэчкам, прагырчэла здалёку і змоўкла, мабыць, у цэнтры, на плошчы. Зараз жа прагнаўшы рэшту дрымоты, Агееў напружыў слых - усё ж хата Бараноўскай была бліжэй да ўскраіны, і водгукі таго, што рабілася ў цэнтры мястэчка, не адразу дасягалі яе. А там сапраўды рабілася штось незвычайнае, данёсся якійсьці прыглушаны вокрык, можа, каманда, невыразная гамана людскіх галасоў, якую часам заглушаў рыклівы роў аўтамабіляў. І раптам рэзка і выразна ў цішыні прагучаў лямант жанчыны паблізу, можа, нават у канцы гэтай вуліцы. Ён яшчэ не заціх, гэты голас роспачны, як там жа раздаўся тоненькі дзіцячы крык: «Мама! Мама!! Мамачка!!!» Агееў павярнуўся на бок, сеў на тапчане, асцярожна, каб не прычыніць сабе болю, выцяг параненую нагу. Праз шчыліны сцен ледзьве прабіваўся сіняваты водбліск світанку, на дварэ стала ўжо віднець. І тады аднекуль справа, з дальняга канца мястэчка, пачаў наплываць шматгалосы трывожны гул - Агееў не адразу сцяміў, што гэта - плач, гоман ці, можа, суладная малітва сотняў людзей. Але тое, што гэты гул утварала мноства галасоў, не выклікала сумнення: глухое рознагалоссе, аб'яднанае рытмам і тонам, здалося, злівалася ў адзін прыглушаны адлегласцю стогн, які то заціхаў трохі, то мацнеў, паволі сунучыся ў прасторы справа налева. Агееў, аднак, здагадаўся, што там адбывалася, гэта было падобна на жах — масавы здзек ці забойства, калі сотні людзей, паднятых бязлітаснай злой воляй з наседжаных спрадвеку гнёздаў, некуды ішлі - куды іх гналі пад страхам, без веры і надзеі. Са скамянелым тварам ён слухаў, стараючыся не прамінуць ніводнага гуку, які далятаў да ягонага сховішча, каб зразумець і запомніць усё. У думках яго з глыбінь пачуцця з'явілася і пульсавала адно толькі слова: «Гады, ах гады!..» І ў гэтым слове-праклёне сканцэнтравалася яго нянавісць і яго разгубленасць перад злом, якое абрынулася на мястэчка.
        Мінула, мабыць, не надта шмат часу, але ўжо добра развіднела, і мястэчка, чутна было, стала нібы растрывожаны пчэльнік. Ужо цяжка было вылучыць асобныя гукі ў гэтым жалобным працяжным хоры, які складаўся з ляманту і стогну, што быццам мацнеў, то часам цішэў, то рассыпаўся на асобныя гнёзды гора і роспачы. І тут зусім побач, мабыць, на гэтай вуліцы, прагучала чутна і выразна:
        - Шнэль, шнэль...
        - Не штурхай, гніда, сам пайду!..
        - Ідзі быстра, шнэль, чаво стала?..
        - Пан паліцэйскі, нельга ж так хутка, я стары чалавек...
        - Шнэль, юда паршывая!..
        - О божа, о святы заступнік...
        Зноў паблізу ўсё сціхла, напэўна, людзі павалакліся на сваю апошнюю галгофу, змоўк і канваір. І раптам, як маланка ўначы, узляцеў да самага неба крык малення і роспачы:
        - Мама! Мама!! Мамачка!!!
        І - ціхла. Ні слова ў адказ, ні крыку. Агееў увесь сцяўся на тапчане ў абсалютным зняменні - што там? Што там здарылася - гукі не вытлумачылі яму нічога. Але трагедыя навокал прадаўжалася, і ён быў яе нябачным сведкам, бяссільным яе ўдзельнікам. Або няўдзельнікам, што, зрэшты, азначала адно і тое ж, таму што было нясцерпна пакутна ўсё гэта чуць і не магчы нічога.
        Тым часам тое, што чулася зводдаль, што даносілася да яго гулам і пошумам, памалу падкаціла бліжэй і рассыпалася на асобныя галасы, крыкі, плач. Успыхвалі і знікалі рэзкія словы каманд, сэнс якіх, аднак, цяжка было зразумець адсюль. Дзесьці, можа, на суседняй вуліцы, трывожна бляяла каза - па казлянятах, ці што. Некалькі разоў глуха прамычэла карова. Там жа пачуліся злосны вокрык і лаянка, падобна, гэта выганялі кудысь жывёлу. Агееў падумаў, што быццам яшчэ не забіваюць нікога, як тут жа за вуглом гулка ляснуў вінтовачны стрэл, і некалькі курэй з кудахтаннем кінуліся па вуліцы. Раздаўся здзеклівы мужчынскі рогат, і ён зразумеў: гэта завіхалася паліцыя. Ён і яшчэ чакаў стрэлаў, але іх не было болей, здаецца, пачаў ціхнуць шум здалёку, і ў гэтай паўзе цішыні раптам выразна пачулася характэрная, быццам картавая нямецкая гаворка. Прыемна сцішаны, амаль спакойны мужчынскі голас нешта сказаў па-нямецку, але Агееў зразумеў толькі некалькі слоў: «Дзі арганізаціон, абенд...» Несумненна, гэта былі немцы, яны прайшлі за дваццаць крокаў адгэтуль па вуліцы, ён бы мог зняць іх з пісталета, калі б мог згледзець. Трымаючыся за тапчан, ён зірнуў у адну шчыліну ў сцяне, у другую - за сцяной была гушчэча малінніку, бульбяныя барозны і далей вытыркаўся вугал суседскае хаты. Болей там нічога не было відаць.
        Тым часам шум людскіх галасоў пакаціўся хвалямі з нейкага аднаго месца, наўкось цераз вуліцу, мабыць, з плошчы ў цэнтры мястэчка. Цяпер ён заставаўся ў аднолькавай сіле, не мацнеючы і не слабнучы болей. Агорнуты трывогай, Агееў чакаў і слухаў. Слухаць гэта так доўга было пакутна нават для яго, запёртага ў гэтай клетцы, а як жа там, на плошчы, падумаў Агееў. І тут зусім не ў лад са сваім настроем ён адчуў у сабе злосць: як жа можна было дапусціць такое? Трэба ж было нешта зрабіць, можа, уцякаць ці хавацца, але напэўна не падпарадкавацца, зрабіць ўсё, каб сарваць немеры фашыстаў. «Вось толькі што можна зрабіць?» - падумаў ён. Заўжды зручна меркаваць збоку, здаля - там жа, пад рулямі аўтаматаў, мабыць, усё было болей трудна і страшна. Асабліва калі падумаць, колькі там малых і старых, дзяцей і жанчын. Той, хто мяркуе здалёку ці праз нейкі час, заўжды мяркуе болей разумна, але ці болей сумленна - во ў чым пытанне.
        Калі людскі шум у мястэчку пачаў сціхаць, зніклі паасобныя крыкі і плач, паблізу пачуліся іншыя, звычайныя галасы, і ён зразумеў: гэта забіралі жывёлу. Насупраць цераз вуліцу нешта грузілі ці, быць можа, выносілі з хат барахло, сцягвалі ў адно месца, і ён чуў: «Стой, куды прэш?.. Пашла, пашла... Трымай... Паварочвай ты жывей... Што ў цябе, вочы павылазілі?.. Хведар, а Хведар, забярэш рэшту». Ішла гаспадарчая работа, збор і адпраўка маёмасці, і займаліся ёю, відаць па ўсім, паліцаі ці хто пад іхнім наглядам. Гэтая мітусня па дварах і хатах працягвалася ўсю раніцу, здаецца, не абяцаючы калі-небудзь скончыцца, водгукі яе даносіліся то з аднаго, то з другога боку, то чуліся паблізу, то здалёку.
        Толькі, можа, у абед усё стала сціхаць; і нарэшце жахлівая, мёртвая цішыня агарнула мястэчка. Агееў нерухома сядзеў на тапчане і думаў: на колькі яшчэ дзён і гадзін хопіць ягонай вытрымкі, колькі прадоўжыцца яго пакутнае выпрабаванне? Ён адчуваў сябе на лязе нажа, на парахавой бочцы ў час пажару - у гнятлівым прадчуванні бяды не сёння, дык заўтра. А можа, і трэба разлічваць на менавіта такі канец, думаў ён. Але навошта тады сядзець тут, бавіць час і цешыць сябе дурнымі надзеямі? А калі не сядзець, дык што зрабіць у ягоным становішчы? Дачакацца, калі прыйдуць, і пусціць у ход пісталет? Ці самому выйсці з пісталетам на вуліцу і загінуць з музыкай?
        Пакуль, аднак, мінаў час, а па яго ніхто не прыходзіў. Не ішла нават цётка Бараноўская, і ён пачаў непакоіцца: ці не здарылася бяда і з ёю? Можа, і яе пагналі разам з яўрэямі?
        Бараноўская прыйшла надвячоркам. Абвостраным слыхам Агееў яшчэ здалёку ўчуў яе таропкія крокі ў двары, дзверы застаронка нешырока прыадчыніліся, і яе маленькая цёмная постаць з'явілася на парозе.
        - Фу! А я ўжо думала... Так непакоілася!..
        Махнуўшы з палёгкай рукамі, яна апусцілася на высокі парог і заплакала, ледзь чутна хліпаючы і выціраючы вочы ражкамі цёмнай, у кропачкі хусцінкі. Агееў маўчаў, ён ужо здагадваўся аб прычыне яе плачу.
        - Ой, што яны з людзьмі робяць! Яны ж усіх іх сабралі... Усіх, усіх... Нікога не пакінулі, усё іхняе пагрузілі... Гэта ж і мяне заставілі збожжа іх выграбаць... У каго якое засталося, усё выграблі.
        - А куды іх пагналі? - панылым голасам запытаў Агееў.
        - А хто ж іх ведае?! Кажуць, на станцыю. Кудысь адпраўляць будуць. А некаторыя кажуць: пастраляюць у Гарэлым балоце.
        - І што - ніхто не ўцякаў?
        - Як жа ўцячэш? Яны ж з вінтоўкамі на ўсіх вуліцах і гародах. Дваіх маладых застрэлілі за тое, што не падчыніліся, казалі. І Яўсееўну з імі...
        - Яўсееўну? - амаль спалохана перапытаў Агееў.
        - Яўсееўну таксама. У яе ж маці старэнькая. Так з маці і пагналі.
        Агееў пра сябе ціха вылаяўся. З учарашняга дня ён чакаў акушэрку - трэба было зрабіць перавязку, з-пад бінта пачало падцякаць на штаніну, і, горш за ўсё, яму ўвесь час здавалася, што ў ране варушацца, ядуць яго цела белыя чарвякі, адна думка аб якіх вымушала яго скаланацца. Але ён нічога не мог зрабіць, каб памагчы сабе, у яго не было ні ваты, ні бінта, ні лякарства. Будзе клопату, калі зноў не заладзіцца з ранай, падумаў ён. Бараноўскай, аднак, ён не сказаў нічога, той за сённяшні дзень і без яго хапіла трывогі, і ціха сядзеў на тапчане, выцягшы на сеннічку сваю бедалагу-нагу. Трохі супакоіўшыся, гаспадыня выцерла вочы і ўздыхнула.
        - Пайду. Бульбачкі ж трэба зварыць на вячэру.
        - Ці да вячэры тут, - сказаў ён грубавата.
        - Ну як жа! Трэба ж вам скарэй на ногі ўстаць.
        - Яно б не шкодзіла.
        Бараноўская выйшла з застаронка, а ён пачаў думаць, як выбрацца з гэтае пасткі, у якой яго цяпер пэўна ўжо не чакала нішто добрае. Перш была хоць якая-небедзь надзея на доктара, яго дапамогу і лякарства, а цяпер вось і гэтая спадзяванка прапала. Нешта трэба было рабіць, штосьці прыдумаць. Але што? Ён увесь час напружана думаў, ламаў галаву ў пошуках выйсця, але выйсця не было, параненая нага скавала яго магчымасці і працягвала трымаць у тупіку безвыходнасці. Яму нават пачало здавацца, што ён адгэтуль не выберацца, бо недзе прамінуў адзіны свой шанец, прамарудзіў ці зрабіў не так, як трэба было зрабіць у яго няпростым становішчы, і цяпер заставалася адно - чакаць расплаты.
        Праўда, у яго быў Малаковіч.
        Не дачакаўшыся доктаркі, Агееў пачаў чакаць Малаковіча, усё ж той меў большыя, чым ён, магчымасці ў гэтым мястэчку, лепш ведаў абставіны і мог яму памагчы. Мінулы раз яны не дамовіліся аб сустрэчы, і цяпер Агееў пачаў спадзявацца, што той хутка прыйдзе, яны параяцца аб іх становічшы і нешта прыдумаюць. Калі ў хляве за сцяной пачуліся асцярожныя крокі, ён так і падумаў, што гэта ідзе Малаковіч, таму што з кім жа яшчэ магла там ціхенька гаманіць яго Бараноўская? У гэтую пару на дварэ яшчэ, можа, толькі змяркалася, а ў застаронку стала амаль ужо цёмна. Агееў ледзьве бачыў квадрат нізкіх дзьвярэй, якія ціхенька адчыніліся, аднак шырэй, чым калі іх адчыняла гаспадыня, і ў застаронак нехта ўвайшоў, яўна не Малаковіч, хтосьці грувасткі і незнаёмы. Агееў насцярожана ўскінуўся, але з-за шырокіх плячэй чалавека пачуўся спакойны голас яго гаспадыні:
        - Дык вы ўжо ўдвух тут. Я на двары пабуду.
        - Да, паглядзіце там...
        Сказаўшы гэта, чалавек тым жа густым, нізкім голасам стрымана павітаўся і, зрабіўшы некалькі няпэўных крокаў між тапчаном і сенам, усеўся на высокім парозе. Курыца, што ўвесь дзень спакойна сядзела ў кутку на покладзе, трывожна пракудахтала і сціхла. Агееў патроху спакайнеў, зразумеўшы, што чалавек гэты - не вораг, ворага Бараноўская не прывяла б сюды. Але хто гэта быў, аб тым ён не меў уяўлення. Яны нядоўга памаўчалі, Агееў чакаў, госць, падобна было, услухоўваўся ў гнятлівую цішыню, якая ўладкоўвалася пад ноч у мястэчку.
        - Даўно вы тут... адпачываеце? - запытаў нарэшце чалавек.
        Агееў умеў з першых слоў па тэмбры і гуках голасу вызначаць характар чалавека. У арміі звычайна імкнуліся паказаць у голасе цвёрдасць і энергічнасць, незалежна ад таго, ці былі яны на самой справе, ці таму, хто гаварыў, хацелася, каб былі. Так ці інакш, але ў голасе шмат значылася, трэба было толькі ўмець слухаць яго. Голас жа гэтага госця, несумненна, выдаваў у ім чалавека цывільнага, не надта маладога, які, можа, перажыў нават нешта труднае, і Агееў скупа азваўся:
        - Тры дні... адпачываю.
        - Да, адпачынак, канечне... Не дай бог!
        - Вот іменна.
        Яны зноў памаўчалі. Агееў чакаў, а госць, мабыць, усё не наважваўся пачаць размову, дзеля якой ён, несумненна, і прыйшоў сюды.
        - Я тожа на гэтым тапчане тыдзень праваляўся. Да вас.
        - Во як!
        Агеева гэта здзівіла: тут ужо яўна праглядвала нейкая агульнасць іх лёсаў, якая, аднак, патрабавала некаторага ўдакладнення.
        - Што, па раненні?
        - Прадстаўце сабе. Хаця і не ваенны, але вось нарваўся на кулю.
        - Ах, во што! - трохі расчаравана сказаў Агееў.
        - На станцыі, ведаеце, пры эвакуацыі. І мусіў застацца. Але вось у чым праблема - у райкоме рабіў. Усе тут мяне ведаюць. І паліцыя тожа. Дзякуй вось Бараноўскай: прыюціла, выхадзіла.
        - Мяне тожа выхаджвае.
        - Яна такая. А вы - у баі?
        - Пры прарыве з акружэння. У нагу.
        - Да-а. Акружэнцаў цяпер ідзе ой колькі. Усе - на ўсход.
        - На ўсход, куды ж яшчэ. За фронтам. Я тожа, калі б во не нага...
        - З раненай нагой, канечне, далёка не пойдзеш.
        - Зноў жа, быў і асколак. Дзякуй - выцягнулі.
        - Яўсееўна? - жыва здагадаўся госць.
        Агееў памаўчаў, не ведаючы, ці можна назваць імя яго доктаркі. Але госць, пэўна, зразумеў усё і так.
        - Яўсееўна, яна тут шмат каго на ногі паставіла, - сказаў ён у цемры. - Але на тым кропка. Забралі сёння разам з яўрэямі.
        - Іх што - панішчаць?
        - Падобна на тое.
        - Жах!..
        - Жах - мала сказаць. Злачынства! Палова мястэчка як вымерла. А яны ж тут жылі стагоддзямі. Тут на могілках дзесяткі іх пакаленняў...
        - І нічога нельга было зрабіць?
        - А што ж зробіш? Не гатовы мы былі да таго. Ды і сілы пакуль не тыя. Барацьба ж толькі разгортваецца.
        - Партызаны? - жыва здагадаўся Агееў.
        - І партызаны, і яшчэ нехта. Асвойваем розныя метады, - трохі няпэўна адказаў госць і запытаўся: - Вы - бальшавік?
        Агееў неяк сумеўся, аднак ужо разумеючы, што трэба адказваць праўдзіва і адкрыта. Здаецца, настаў менавіта такі момант, калі ўхіляцца ад прамога адказу ці тым болей хлусіць было недарэчы.
        - Кандыдат, - сказаў ён проста і змоўк.
        - Што ж, гэта добра, гэта амаль што член. Тады будзем знаёмы. Я Волкаў, сакратар райкома.
        Госць падаў руку, Агееў трошкі паціснуў яе - моўчкі замацаваў поўны невядомага, але, мабыць, значнага сэнсу іх тайны саюз. Агееў яшчэ не мог уявіць сабе, але ўжо цьмяна адчуў, што менавіта з гэтага знаёмства пачынаецца новая паласа ягонага жыцця, наўрад ці спакойная, але ўжо з зародкам менавіта таго, чаго яму дасюль не хапала. Ва ўсякім выпадку, было зразумела, што ён пазбываўся адзіноты і няпэўнасці, далучаўся да арганізаванай сілы, адсутнасць якой ён так хваравіта адчуваў усе апошнія дні іх блукання па нямецкіх тылах ды і ў гэтым мястэчку таксама.
        - А вы што ж, жывяце тут? - запытаў ён трохі здзіўлены тым, што сакратар райкома знаходзіцца ў мястэчку.
        - Не, жыву я не тут. Вось прыйшоў спецыяльна каго-нікаго праведаць. Ды ў нас ёсць да вас прапанова. Ці просьба. Разумейце, як хочаце. Як вам спадручней.
        Агееў насцярожыўся. Увогуле было няцяжка ўявіць характар гэтай прапановы-просьбы, хоць і без падрабязнасцей. Праўда, ён хацеў спачатку давесці, што ягоныя магчымасці абмежаваны, таму што ён пакуль не хадок і можа быць карысны хіба праз тыдзень-другі, у залежнасці ад таго, як павядзе сябе рана. Але Волкаў, нібы зразумеўшы ягоныя думкі, сказаў:
        - Яно зразумела, у вас рана, і мы вас пакуль з месца не рушым. Лячыцеся... Але перш за ўсё трэба легалізавацца.
        - Як - легалізавацца? - не зразумеў Агееў.
        - Гэта проста. Бараноўская дасць вам дакументы свайго сына. Ён загінуў, і яго тут мала хто ведае. Але гэта болей фармальна, для паліцыі. Вы вярнуліся дадому, не зусім здаровы, працуеце ў гаспадарцы.
        - Да, але... Як - у гаспадарцы?
        - Ну, у двары, у гародзе. Дровы там... Разумееце, нам трэба мець свайго чалавека ў мястэчку. Нашых, разумееце, усе тут ведаюць, нашых адразу раскрыюць. Вы ж па дакументах інжынер, беспартыйны спецыяліст. Зноў жа - сын папа.
        - Якога яшчэ папа?
        - Папа. Бараноўскага. Цётка ж Бараноўская - былая пападдзя. Яна на поўным даверы ў паліцыі.
        - Во як!
        - А чаму гэта вас здзіўляе? Пападдзя, ага. Але яна сумленная жанчына, яна нас не выдасць. А вы ж камандзір, зброю ведаеце...
        - Як не ведаць - начальнік боепітання.
        - Тым больш. Нам менавіта такі і патрэбны. Зноў жа тут, разумееце... Подступы да хаты Бараноўскай надта зручныя. З рова і ў двор.
        - Подступы сапраўды...
        Далей Агееў кепска слухаў гэтага вячэрняга госця. Хаця ён і быў гатовы выканаць усё, што яму даручалася, але не чакаў для сябе такога даручэння і цяпер таропка абдумваў яго, не цямячы яшчэ, як спалучыць гэта з яго армейскім становішчам. Усё ж ён быў кадравы камандзір з арміі, ніхто яго не звальняў, і ён не мог не адчуваць на сабе няпросты цяжар вайсковага абавязку, перапыненага хіба што няўдачамі на фронце і яго раненнем.
        - Мы вельмі разлічваем на вас, - націснуў тым часам сакратар райкома.
        - Ну што ж! Хіба што да прыходу нашых. Я ж павінен пайсці ў армію. На фронт.
        - Ох, фронт, фронт! - гаротна прамовіў Волкаў. - З фронтам бяда, таварыш. Здаецца, нашы Смаленск здалі.
        Сапраўды, чорт ведае, што рабілася на фронце, што вытваралася ў акупацыі! Канечне, у такі час было б злачынствам спакойна ляжаць на гэтым тапчане і чакаць, калі цябе вызваляць ад нямецкай улады. Барацьба з гэтымі вылюдкамі не спынялася, тут, можа, толькі яшчэ наладжвалася, значыць, ён быў абавязаны і не меў права ўхіляцца ад удзелу ў ёй. Але гэта калі абстрактна, амаль тэарэтычна. Тэарэтычна ўсё было проста і ясна і, несумненна, лягчэй, чым на справе. На справе ж яму трэба было перастаць быць старшым лейтэнантам Агеевым, а зрабіцца сынам пападдзі Бараноўскай, жыць па чужых дакументах ды яшчэ легалізавацца перад паліцыяй. Чорт ведае, што такое!..
        - Пакуль што фронт коціцца на ўсход, - змораным голасам заклапочанага чалавека гаварыў Волкаў. - Да Масквы коціцца. Але, я так думаю, нядоўга яшчэ будзе каціцца. Недзе павінен адбыцца пералом. Недзе ім дадуць у зубы.
        - Трэба б!
        - А тут ідзе фармальны разбой. Павылазілі розныя гады. Ды і нашы некаторыя. Начальнік паліцыі - армейскі камандзір. Сам прыйшоў, добраахвотна.
        - Такіх свалачэй страляць трэба, - сказаў Агееў.
        - А вам прыйдзецца мець з ім справу.
        - Гэта горш.
        - Горш, але трэба. Неяк трэба паладзіць, на гэта мы і разлічваем. Будзеце трымаць сувязь толькі са мной. Волкаў, канечне, мой псеўданім. Прыйдзе хто, мужчына ці жанчына, скажа: ад Волкава. Значыць, ад мяне. Ваш сябар Малаковіч будзе працаваць на станцыі.
        - Гэтак? - узрадаваўся Агееў. - Вы з ім гаварылі?
        - Ну, ведама. Рабацёнка ў яго не надта прыемная - у качагарцы. Але нам так і трэба. Ён як чалавек? Надзейны?
        - Харошы хлопец.
        - Мы таксама думаем. Будзеце працаваць парай. Бараноўская паможа. Яна ў курсе.
        - Ну, дзякуй, - трохі заклапочана сказаў Агееў. Ён ужо думаў пра тое, што яму рыхтуе гэты паварот у ягоным жыцці.
        Усё ў ім разварушылася ад гэтай размовы, нечаканыя клопаты і апасенні абрушыліся на яго патокам, выклікаючы лавіну неспакойных думак, усё крута мяняючы ў ягоным становішчы. Ранейшаю заставалася хіба што яго рана, якая ўладарна напамінала пра сябе пры кожным неасцярожным руху.
        Яны падрабязна абмеркавалі сваё супрацоўніцтва, дамовіліся пра галоўнае і, калі Бараноўская прынесла вячэру, сядзелі моўчкі, поўныя сваіх невясёлых думак. Агееў без ранейшага смаку паеў бульбы з гуркамі - цяпер усе яго клопаты былі скіраваныя ў будучае, у сферу новых для яго і нязвыклых адносін з Волкавым і, што асабліва непакоіла яго, - з ворагам, у дачыненні з якім ён павінен адмовіцца ад сябе ранейшага і прыняць новае імя і новае аблічча. Як гэта ў яго атрымаецца? І чым можа скончыцца? Зрэшты, чым можа скончыцца пры няўдачы, ён разумеў выдатна, але ходу назад ужо не было, трэба было рыхтавацца да ўсякай нечаканасці. Усе гэтыя тыдні пасля разгрому палка ён не мог пазбыцца ліпкага адчування вінаватасці, што так недарэчна выпаў з вайны, выбыў з часці, якая, магчыма, перастала існаваць наогул. Але ж існавала армія, а з ёй заставаўся ў сіле ягоны абавязак, вызначаны калісь дадзенай ім прысягай. Праўда, ён быў паранены, і гэтая акалічнасць апраўдвала ў яго лёсе многае, хоць далёка не ўсё. Нават будучы параненым ён не меў права на спакойнае жыццё пад немцам, бяздзейнасць і чаканне перамены да лепшага на бязлітасным фронце барацьбы. Ён адчуваў, што, калі яму суджана будзе прабіцца да фронту, там прыйдзецца нешта тлумачыць і ў чымсьці апраўдвацца - усё ж у яго заставалася зброя, якую ён павінен скарыстаць супраць фашызму. Зразумела, тое, што яму прапаноўваў цяпер Волкаў, толькі прыблізна было падобна да ўзброенай вайны з захопнікамі, але што рабіць: мабыць, іншая вайна апынулася за межамі яго рэальных магчымасцей.
        Пасля таго як вячэрні госць развітаўся і пайшоў, Агееў ляжаў з расплюшчанымі вачмі і думаў. Як заўжды, яго насцярожаны слых быў надта чуйны, пранікаючы ў зманлівую цішыню ночы, у якой таілася рознае. Малаковіч так і не прыйшоў сёння, і Агееў думаў: ці не здарылася ўжо з ім што кепскае? У такім ягоным становішчы страціць Малаковіча было б болей чым кепска. Хаця ў гэты момант ён ужо і не адчуваў сябе надта адзінокім, як раней, усё ж Малаковіч заставаўся яго галоўнай апорай - юны лейтэнант звязваў яго з іх нядаўнім вайсковым мінулым, няшчасным палком, цяжкімі баямі і стратамі, мінулым, якое хаця і не стала прадметам іх гонару, але і не давала прычыны саромецца. Свой баявы абавязак яны выканалі як толькі маглі, і не іх віна, што ўсё абярнулася такім драматычным чынам.
        Пад ноч зноў разбалелася рана, у глыбіні якой стала калюча тузаць; боль аддаваўся ў клубе, і ён, каб зручней уладкаваць на сенніку нагу, круціўся на тапчане і так, і гэтак. Напэўна, Бараноўская пачула з падворка яго валтузню і прыйшла ў застаронак.
        - Як вы тут? Можа, прынесці чаго?
        - Не, дзякуй. Нічога не трэба.
        - І я во спаць не магу. Пасля ўсяго, на што наглядзелася, чаго начулася...
        - Жахліва! Што і сказаць.
        Мабыць, яна не спяшалася нікуды, у цемры ён амаль не бачыў яе, толькі адчуваў яе далікатную прысутнасць і сказаў без асаблівай настойлівасці:
        - А вы пабудзьце са мной.
        - Пабуду, ага. Знаеце, адной цяпер немагчыма. Проста не хапае вытрымкі.
        - Сапраўды, у такі час трэба процьма вытрымкі. Скажыце, гэты Волкаў... Ён гаварыў з вамі?
        - Антон Сцяпанавіч? А як жа, гаварыў. Вы не бойцеся, я ж вам расказвала, што сын мой быў дужа падобны на вас. І ўзростам такі ж.
        - Як яго звалі? Алег?
        - Алег. Алег Кірылавіч Бараноўскі. Так што вы цяпер Бараноўскім будзеце. Замест сына.
        - Ну, дзякуй. А што, муж ваш быў папом? - раптам без усякага пераходу запытаў Агееў і адчуў у цемры, як гаспадыня трохі напружылася, уздыхнула і адказала не адразу:
        - Муж быў свяшчэннікам святадухаўскай царквы. Той, местачковай, што ля базарнай плошчы. Хаця вы ж не ведаеце...
        - Не ведаю, не бачыў.
        - А я ў народным вучылішчы служыла. Даўно гэта было, - гаротна сказала яна і змоўкла.
        - Ну, як даўно? Да рэвалюцыі?
        - І пасля рэвалюцыі. Айцец Кірыл быў настаяцелем да самага закрыцця царквы ў трыццаць другім годзе. Я перастала служыць гадоў за дзесяць да таго. Ужо нельга было. Самі разумееце - пападдзя, якая ж настаўніца.
        - Вы і родам адсюль?
        - Не, я родам з Дзвінска, нейкі час жыла ў Вільні, там скончыла Марыінскае вучылішча. Бацька быў банкаўскі служачы, служыў у Вільні, у Полацку, у Дзвінску. А сюды я прыехала з айцом Кірылам, тут жа ў яго радня. А, гэта даўняя гісторыя, як і даўгое жыццё. Расказваць усё падрабязна - не хопіць каляднай ночы, не тое што жнівеньскай.
        - Труднае было жыццё?
        - У наш час лёгкага наогул не было. І не магло быць. Але нам дасталося асабліва катаржнае. І цяпер вось... Быў адзін сын, усё маё спадзяванне, здавалася, жыву для яго толькі, ды во і яго не засталося. Адна! Вось думаю: навошта жыла? Які сэнс жыць далей? Ды яшчэ ў такую вайну. Усё страшна, трудна, скалечана. Думаю часам: можа, дзе няўдала зрабіла выбар, памылілася ў чым? Не, быццам нідзе. Заўжды імкнулася жыць у згодзе з сумленнем, з дабром, нават з перадавымі ідэямі веку. Але, як назло, менавіта мяне век і не прыняў. Можа быць, запозна ці рана ў яго з'явілася, у гэты шалёны наш век. Сяброўка ў мяне была, Любачка Чарнова, слаўная дзяўчынка, разам музыкай займаліся, талент у яе не бог ведае які, але кансерваторыю скончыла, у Маскве някепска прыжылася, выйшла замуж за саўработніка. А мне музыкі было мала - я рвалася ў народ, каб несці яму разумнае, добрае, вечнае, аблегчыць ягоны лёс, прасвяціць, адкрыць светлы шлях ведаў. Бацька мой не адабраў усё гэта, ён шмат што з таго, што тады лунала ў паветры веку, не адабраў, меў старыя погляды, быў падазроны да новага чыноўнік. Але мая мама, мілая наіўная мамачка, яна горача падтрымала мой выбар прафесіі народнай настаўніцы, яна сама ўсё жыццё прагнула вучыць, прасвяшчаць: да прыслугі ставілася заўжды як да мілых родзічаў, заўжды песціла і задарвала яе на кожнае свята. Толку ад таго было няшмат, яны толькі грубелі, гэтыя Фрузы, Архіпкі, Ганкі, ляніліся, апускаліся, а пры выпадку маглі і ўкрасці, што дрэнна ляжала. Але ў мацеры гэта не лічылася хібам, яна ўсё тлумачыла іх цемнатой, неадукаванасцю, і яна іх прасвяшчала, чытала ўвечары на кухні Талстога, Някрасава, вучыла грамаце. Скончыўшы вучылішча, і я пайшла вучыць грамаце вясковых хлопчыкаў у глухім павеце Віцебскай губерні. Не скажу, што тыя гады былі самыя горшыя ў маім жыцці, можа, наадварот: хлопчыкі мяне любілі, ды і я прывязалася да іх - нічога не шкадавала, ні сілы, ні працы, далучала да культуры і элементарных ведаў, сама перабівалася з хлеба на квас, наймала куткі ў местачковых яўрэяў. Але ў тым я бачыла свой абавязак перад народам і выконвала яго з захапленнем. Самі разумееце, у маладыя гады гэтага захаплення бывае праз меру.
        - І вы тут, у мястэчку, работалі? - запытаўся Агееў.
        - Не, не тут, у розных месцах. Але больш за ўсё ў Дрысенскім павеце. Адзін год пад Дзвінскам, за дзесяць кіламетраў ад горада. Там і сустрэлася з айцом Кірылам.
        - А ён што - ужо і тады быў свяшчэннікам?
        - Толькі што канчаў духоўную семінарыю, збіраўся атрымаць прыход, можа, не самы горшы ў епархіі. Але, ведама, народ, як і ўсюды, быў бедны, жыў у цемры і невуцтве, і айцец Кірыл з не меншым імпэтам, чым я, узяўся за яго духоўнае выхаванне. Гэта цяпер так кажуць, што рэлігія - опіум для народа, а тады так не думалі, большасць лічыла наадварот, што вера ўзвышае, далучае да ісціны і святла. Праўда, і тады былі атэісты, такія, што лічылі яе далёка не самым важным у жыцці грамадства, на першае месца ставілі асвету, патрэбу ў ведах. Я таксама належала да гэтых апошніх.
        - Як жа вы тады замуж выйшлі? За папа? - усміхнуўшыся ў цемры, запытаўся Агееў.
        Неяк наперакор настрою ён слухаў Бараноўскую з усё большай для сябе цікавасцю, спакваля адкрываючы ў гаспадыні зусім іншага чалавека, чым той, які яму здаўся ўпачатку. Гэта было нечакана і нават здзіўляла. А ён яе прыняў за звычайную вясковую кабету, гэтую выпускніцу віленскага Марыінскага вучылішча, жонку прыходскага свяшчэнніка.
        - У тым і справа, і я збіралася расказаць вам, як гэта сталася ў маім жыцці - усё насуперак перакананням, схільнасцям. Розныя мы мелі перакананні, а вось палюбіліся, не ведаю нават - чаму. Хаця закахацца ў айца Кірыла было няцяжка, ён быў такі відны, высокі, з русявай бародкай, вочы сінія-сінія, пагляд быцца наіўны, змройлівы, а голас... З голасу ўсё і пачалося. Першы раз пачула яго ў царкве, зайшла другі раз, а пасля сустрэліся з ім у іспраўніка на каляды, а на масленую ён ужо прасіў маёй рукі. Бацькі былі побач, у Полацку, але я ўсё рашыла сама, і павянчаліся ў той жа ягонай царкве. Бацька мой, даведаўшыся, нічога не сказаў, а мамаша закаціла істэрыку - такога яна не чакала. Але гнеў яе хутка мінуў: варта было ёй пабачыць майго сінявокага свяшчэнніка, як гнеў змяніўся на міласць - Кірыл чараваў кожнага перш за ўсё сваім пакорлівым выглядам, пасля асанкай, ну, і розумам, канечне. Апроч святых канонаў ён някепска ведаў літаратуру, разбіраўся ў мастацтве - сучасным, заходнім і візантыйскім, ды і да праваслаўнай царквы адносіўся ўмерана крытычна, бачыў у ёй не толькі плюсы, але і рад мінусаў. Аднак ён не хацеў асабліва ганьбіць руку, «хлеб дающую», і абавязкі свае выконваў старанна.
        У пятнаццатым годзе ў нас нарадзіўся Алежка. Я жыла тады ў бацькоў у Полацку, Кірыл быў на фронце, ён служыў палкавым свяшчэннікам у Галіцыі, часта пісаў пра пакуты рускага салдата-акопніка ў той вайне. Праз год улетку прыехаў на пабыўку, падарыў на кароценькае шчасце і паехаў. І тут я, ведаеце, неяк бы падрасла ці пасталела, можа, пад ягоным уплывам ці таму, што стала маці, але менавіта з таго лета ў мяне мала што засталося ад дэмакратызму маёй маладосці і ўпершыню прыадкрылася вялікая таямніца бога. А можа, таму, што час перамяніўся - насталі доўгія гады разрухі ў тыле, няўдач на фронце, людскіх трагедый. Якраз улетку таго года загінуў у баі пад Рыгай мой стрыечны брат Юра, каторага я так любіла. Слаўны быў, чысты хлопчык, пайшоў з патрыятычных перакананняў вольнаапрадзяляюшчымся ў артылерыю, але паступова расчараваўся ў вайне, незадоўга да пагібелі пісаў поўныя ўпадку пісьмы і загінуў, ратуючы батарэю ад непрыяцеля. Помню, мяне тады ўразіла гэта - зненавідзеў вайну, франтавыя парадкі, начальства, а калі настаў час - праявіў геройства і загінуў, да канца выканаўшы свой абавязак. І я думала: што гэта - вышэйшая доблесць ці хлапечае глупства? Я ўсё прымервалася да характару брата і не магла зразумець, ці здольна я на такое...
        - Ну, а вам нашто было прымервацца? Вы ж жанчына. Ды яшчэ маладая мамаша, - сказаў Агееў.
        - Напэўна, у тым і ўся справа, што стала маці. Гэта, ці ведаеце, заўжды мяняе псіхалогію жанчыны, асабліва ў трудны час, прывязвае да дзіцяці, ведаеце, да мужа таксама. Я гэта зразумела, калі дачакалася нарэшце Кірыла - прыйшоў неяк пад восень у семнаццатым, змораны, абвашыўлены, душэўна надламаны. Кастрычніцкі пераварот ён сустрэў спакойна, без асаблівай радасці, але і без гора - сам ён паходзіў з сялян, ведаў жыццё бяднейшых класаў, блізка прымаў іх інтарэсы і клопаты. Многае ў старым рушылася, бурылася, перайначвалася, але, здавалася, усё гэта рабілася дзеля выгады працоўных мас, для карысці народа. А калі для народа, дык якія маглі быць сумненні - народ мы паважалі з дзён нашай маладосці, для народа мы гатовы былі на ўсё. І калі ў нас разбурылі маёнтак Бротберга, спалілі бібліятэку, паламалі дарагую мэблю, скульптуру, Кірыл абурыўся - усё гэта дужа б спатрэбілася для новай народнай улады. Але маёнтак няхай, маёнтак, урэшце, дзела нажыўное, а вось тое, што расстралялі дырэктара народнага вучылішча, які ўсім сэрцам і справамі служыў менавіта народу, гэта ўжо было чорт ведае што! А расстралялі толькі таму, што той спрабаваў не даць рабаваць маёнтак, маючы на ўвазе перанесці туды вучылішча, дык яго расстралялі як абаронцу буржуазіі, а маёнтак спалілі. І хто? Тыя самыя цёмныя, паднявольныя мужыкі, дзеці якіх вучыліся ў народным вучылішчы ў гэтага самага дырэктара Івана Іванавіча Посных. Можа быць, гэты выпадак упершыню, а пасля і многія да яго падобныя вымусілі мяне зразумець, што людзі дзеляцца не па саслоўнай ці класавай прыналежнасці, не па прафесія і пасадах, а на добрых і злосных і што на аднаго добрага ў жыцці трапляе дзесяць злосных. І што дабрата немагчымая без бога, а са злом у чалавеку абавязкова пасяляецца д'ябал, якому ўжо ніхто не дасць рады.
        Пасля грамадзянскай вайны Кірыл атрымаў прыход у родным мястэчку. Да нас тут доўгія гады раскашаваў айцец Піліп Заяц, гэта, я вам скажу, быў далёка не лепшы са служак боскіх, ды і з сыноў чалавечых таксама. Тыповы поп-абірала, абібок і п'яніца, якіх тады нямала развялося ў правінцыі. Гэты ўмеў прыладзіць рэлігію да свае асобы, ды так спрытна, нібы яна была для яго і створана богам. Пападдзя таксама папалася ў пару да бацюшкі, такая ж прагная і карыслівая, зрэшты, яна і кіравала папом і прыходам - цёмная, злосная баба. Да рэвалюцыі прыхаджане штогод падавалі скаргі, ездзілі ў сінод нават, але Заяц, дзе трэба, умеў прыкінуцца ягнём, а тым, хто паскардзіўся, пасля люта помсціў. Апошні раз скаргу на яго склала маладая фельчарка, дык ён давёў яе да самагубства - атруцілася морфіем. І мёртвай яшчэ помсціў - не даў пахаваць на могілках, закапалі за плотам каля дарогі. Але ўсё ж не скаргай, дык смерцю сваёй яна дамаглася, што Зайца знялі з прыхода, замест прызначылі айца Кірыла. Пераехалі мы ў гэтую во хату. Некалі тут мінула дзяцінства мужа, пасля прайшло дзяцінства нашага Алежкі. Я ў школе ўжо не рабіла, была простай хатняй гаспадыняй, пападдзёй, жылі мы пераважна з гарода ды з таго нямногага, што ахвяравалі прыхаджане. Трудна жылося. Але тады ўсім трудна жылося. Я палюбіла гэты дворык, і дом, і суседзяў на вуліцы - усе яны былі працавітыя, бясхітрасныя людзі. Я старалася з усімі жыць у міры і згодзе, чым магла памагала мнагадзетным, вулічным рабятам, у нас паявіліся сябры з простанароддзя. Інтэлігенцыя - настаўнікі, саўработнікі неяк з намі не надта вадзіліся, але бог і імі, я іх разумела. Пасля стала горш, айцец Кірыл захварэў, стаў кепска спаць, часта нерваваўся, хаця спраўна адбываў службу, ездзіў на трэбы, сумленна рабіў усё, што належала рабіць прыходскаму свяшчэнніку. Але разгортвалася барацьба з рэлігіяй, і, як гэта нярэдка бывае, гэтая барацьба стала персаніфікавацца, набываць канкрэтны характар. Панятна, што айцец Кірыл стаў першым аб'ектам гэтай барацьбы. Часта сталі парушаць парадкі абедні - то выкрыкі, то п'яная свара. Пасля сталі яго выклікаць - пераважна ноччу - у ГПУ, у сельсавет, а то на дыспуты з народам. Ён не працівіўся, паслухмяна хадзіў, удзельнічаў у дыспутах, дзе, канечне ж, верх браў не ён. Верх заўжды быў за Коськам Брытым - не ведаю дагэтуль, дзе тут ад мянушкі, а дзе ад прозвішча. Але аднойчы, калі айцец Кірыл расказваў аб паходжанні святога Евангелля, гэты Коська Брыты сразіў яго воклічам: «А ты сам бога бачыў?» Айцец Кірыл узяўся тлумачыць, што бога немагчыма ўбачыць, што гэта хутчэй нраўственнае паняцце, чым персона, але гэты Брыты дабіў яго рэплікай аб тым, што «нраўственнасць ці наравітасць - гэта ад кабылы, якая не хоча ісці ў аглоблі, а мы, маўляў, людзі свабодныя, цяпер нам воля, і пляваць мы хацелі на бога».
        Усё гэта было даволі прымітыўна, груба і абурала, але Кірыл умеў сцішваць свой гнеў і яшчэ спрабаваў растлумачыць нешта, можа быць, больш папулярна, пакуль двое сябрукоў гэтага Брытага не ўзлезлі на сцэну і не насунулі на вочы свяшчэнніку шапку, тым закрываючы дыспут. Пасля было шмат рознага, болей кепскага: зламалі веснічкі ў царкоўнай агароджы, гадзілі на паперці, мазалі гноем вароты нашай сядзібы. А пра выкрыкі, крыўдныя рэплікі на вуліцы, у крамах за спіной айца Кірыла і за мной я ўжо не кажу, я да іх прывыкла і старалася не заўважаць. Горш стала, калі малы Алежка пачаў прыходзіць з вуліцы са скаргамі на таварышаў - то абазвалі, то пакрыўдзілі, а то і пабілі. Памучыліся мы, пагаварылі, ды і адвезла я сына да бабкі ў Полацк. Там ён быў проста Алег Бараноўскі, пайшоў у школу, вучыўся, як усе, і толькі ўлетку прыязджаў на некалькі тыдняў да маці з бацькам. Што тады рабілася ў маёй душы, гэтага не зразумець нікому. Нават муж не ведаў пра ўсе мае пакуты, тым болей што яму хапала сваіх...
        Бараноўская гаварыла з набалеласцю ў голасе, часта спынялася, быццам прыслухоўваючыся між думак да невыразнага водгулля пражытых гадоў, і Агееў зразумеў, што гэта - не проста расказ, гэта споведзь спакутаванага чалавека, рэквіем па жыцці. І ён уважліва слухаў, стараючыся зразумець у многім загадкавы сэнс чужога лёсу. Ніякіх асабістых адносін да гэтага лёсу ў яго спярша не было, як не было ні спачування, ні асуджэння, была толькі ціхая чалавечая цікаўнасць. Сам ён належаў да іншага часу і ішоў зусім іншай сцяжынай жыцця. Часам слухаючы яе голас, ён пераставаў бачыць яе цяперашнюю і ўяўляў у цьмяным абліччы мінулага - то дарэвалюцыйнага, то настаўніцкага, пасля местачковага, папоўскага быту. Хацелася ведаць, як усё было далей і што сталася з яе сінявокім свяшчэннікам.
        - Айцу Кірылу зусім кепска стала, калі ў начальства над мястэчкам выбіўся гэты Коська Брыты. Ужо як толькі ён не здзекаваўся з нас! Ніводнага сходу, пасяджэння або спектакля ў нардоме не праходзіла, каб ён не аблаяў бога, царкву і свяшчэнніка айца Кірыла. І мяне нямала здзіўляла цярпенне айца Кірыла, ён не азлобіўся, ні разу не закрычаў нават, трываў усё, часам уступаў у дыспут, а часцей маўчаў, бо размаўляць з Брытым сур'ёзна было немагчыма, ён толькі пагражаў і лаяўся. І вось справа скончылася тым, што неяк вясной царкву закрылі - якраз перад вялікаднем. Канечне, гэта выклікала крыўду сялян, некаторыя пісалі скаргі нават Калініну. Але ўсе скаргі вярталіся для разбору ўсё таму ж Коську Брытаму, які пасля гэтага лютаваў яшчэ болей. Аднойчы, калі ўжо арганізавалася МТС, ён падагнаў да царквы два трактары, наш верхалаз у прамым і пераносным сэнсе Лёкса Семашонак узлез на купалы, зачапіў за крыжы канаты. Напэўна, сабралася паўмястэчка паглядзець, як трактары, тузаючыся, выламалі з купалоў крыжы і сцягнулі іх з даху. У непагадзь царкву пачало заліваць дажджом, убранства стала псавацца, так прадаўжалася з год, пакуль аднойчы камісія сельсавета не рэквізавала царкоўную маёмасць. Кнігі пацягалі хлапчукі і доўга яшчэ з рукапісных пергаментаў рабілі змеяў, пускалі з пагорка на вецер. А з папоўскіх рыз прамарцель шыла цюбецейкі, і ўвесь раён шмат гадоў хадзіў улетку ў гэтых шытых золатам і срэбрам мусульманскіх уборах.
        Айцец Кірыл ледзьве перажаў закрыццё царквы, аднойчы зусім заняпаў душой. Ніякай іншай работы ён не меў, ды ніякай яму і не давалі, і тады ён надумаў: папрасіў родзіча з Ленінграда прыслаць яму шавецкі інструмент, ну, там розныя калодкі, абцугі, малаткі, і пачаў рамантаваць абутак. Неяк трэба было жыць, сродкаў жа ў нас не было ніякіх. Канечне, шавец з яго атрымаўся няўмелы, зарабляў калі пяць яек у дзень, калі вядро бульбы ці капеек пяцьдзесят грашыма. З таго і жылі. Але і тое працягвалася нядоўга, рамеснікаў-адзіночак абкладвалі вялікімі падаткамі, нельга было займацца прыватным прадпрымальніцтвам. А ў шавецкую арцель яго не прымалі - шкодзіла сацпаходжанне. Што мы маглі зрабіць.
        Бараноўская сціхла, перажываючы штось недасказанае ці недадуманае, можа, і Агееў запытаўся, імкнучыся, каб цішэй і далікатней:
        - Ну, а як жа вы жылі?
        - Дрэнна жылі, што і казаць. Парой здавалася, лёс замкнуў на нас сваю пастку, з якой не было выйсця. Рознае думалася, болей кепскае. Але людскі гонар і вера ўтрымлівалі нас ад апошняга кроку, а галоўнае - трымаў у жыцці Алег. Калі аднойчы ноччу не стала бацькі, а хутка зламаў сабе галаву і наш мучыцель Коська Брыты, у мястэчка прыехаў Антон Сцяпанавіч.
        - Гэты самы Волкаў?
        - Гэты самы. Несумненна, ён паходзіў з добрых людзей, як бы ні называўся і чым бы ні займаўся на свеце. Алег скончыў школу, але, самі ведаеце, куды было яму падацца з такімі яго бацькамі? І вось я аднойчы пайшла ў райком, расказала Антону Сцяпанавічу пра ўсё, па шчырасці, як во цяпер вам. Ён выслухаў, не варухнуўшыся за сваім сталом, не перапытаўшы ні разу, і сказаў: «Я вам памагу». І, ведаеце, ён даў такую паперу, што Бараноўскі Алег, будучы паходжаннем з сям'і свяшчэнніка, парваў з бацькамі, адмовіўся ад рэпрэсіраванага бацькі і сумленна жадае будаваць бяскласавае сацыялістычнае грамадства. Прызнацца, прачытаўшы такую паперу з пячаткай, я заплакала, а ён кажа: «Не плачце, так трэба. Для вас гэта самае прыдатнае выйсце». І праўда, аказалася прыдатным тое выйсце - Кірыл прапаў, а Алег паступіў у інстытут, скончыў яго і стаў спецыялістам. З'явілася ўжо надзея, што для яго пачынаецца новае жыццё, не тое, што пражылі мы, - але во ўсё рухнула.
        Здаецца, яна ўрэшце паспавядалася і змоўкла, можа, трохі заплакала, і Агееў неспакойна заварушыўся на тапчане.
        - Да-а... Аднак... - не мог ён зразумець чагосьці. Драматычны сэнс гэтага лёсу не адразу, паступова, нібы штуршкамі, з перашкодамі даходзіў да ягонай свядомасці. - Рэлігія, яна, канечне, таго... Несумясціма...
        - Справа не ў рэлігіі, - перапыніла яго Бараноўская. - Справа ў сумленні, якое далёка не з усім у нашым жыцці сумясціць можна было.
        - Ведаеце, калі ішла класавая барацьба...
        - Вось вы кажаце: барацьба! Але барацьба, калі двое адзін з адным боруцца. А мы хіба бароліся? Мы ж прынялі яе, новую ўладу. А вось яна нас не прыняла. Змагаліся з намі. І гэта хіба не крыўдна?
        Чорт ведае, як было адказаць гэтай былой пападдзі: усё, што адбывалася тады ў краіне, было яму добра знаёма і тэарэтычна някепска абгрунтавана ў друку - канечне, калі глядзець збоку. Але варта было вось хоць краем вока зазірнуць у душы гэтых дваіх служыцеляў культу, як рабілася незразумела і крыўдна, гэта ён адчуў пэўна.
        Бараноўская тым часам сказала:
        - Ведаеце, мы былі абдзелены ў нашым жыцці дабрынёй, можа быць, таму так даражылі яе малаю рэштай, якая нам дасталася. І якой мы стараліся надзяліць іншых. Што ж яшчэ магло быць даражэй? Золата? Багацце? Іх у нас не было ніколі, а дабрыня была, да яе мяне далучыў муж, вечная яму памяць за гэта. Для сябе ўжо не трэба, мне што... Для іншых. Тым больш для харошых людзей. Каторым яна патрэбна.
        Каторым яна патрэбна...
        Калі яна выйшла, было, мабыць, ужо за поўнач, і ён усё думаў, што сталася б з ім, калі б не людская дабрыня, не хрысціянская, чалавечая ці якая яшчэ там міласэрнасць гэтай цёткі-пападдзі? Колькі ўжо тыдняў ён жыў пад ворагам, карыстаючыся менавіта гэтай дабрынёй людзей - з харчаваннем, сховішчам, а цяпер яшчэ і з даглядам яго, параненага, не плоцячы за гэта нічым, усё беручы па праву... Па праву абаронцы, ці што? Але які ж з яго абаронца, калі немцы адхапілі ўсю Беларусь і дайшлі да Смаленска? Кепскі з яго атрымаўся абаронца. А во і не сорамна, нават у чымсьці адчуваецца перавага перад гэтай былой пападдзёй, якая корміць яго, даглядае, пільнуе.
        Чым ён ёй адплоціць?
        Ён верыў Бараноўскай і не сумняваўся ў шчырасці яе споведзі, і ўсё ж недзе ў глыбіні душы часам торгала паганае адчуванне: як бы яна не падвяла яго, гэтая пападдзя. Усё ж яна належала да чужога класа, а рознасць класавах інтарэсаў - ёсць вечная перадумова для барацьбы, гэта ён засвоіў яшчэ ў школе ды і з кароткага курсу таксама. Столькі нацярпеўшыся ў жыцці, страціўшы мужа і сына, як можна адказваць за сваё гора нейкай там дабрынёй? Але, мабыць, можна, нездарма ж ёй даверыўся сакратар райкома, цяпер даверылі яго, Агеева. Значыць, ёсць у яе нешта вышэй за яе класавыя крыўды, а можа быць, і вышэй за прыроджанае імкненне да справядлівасці. «Штосьці дабрэйшае за дабрыню», - паўтарыў ён у думках, не знаходзячы адказу і адчуваючы, што засынае...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.