РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Кар’ер
Раздзел першы
Раздзел другі
Раздзел трэці
Раздзел чацверты
Раздзел пяты
Раздзел шосты
Раздзел сёмы
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
        
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ

        
        Прачнуўшыся, як заўжды, на світанні, Агееў бавіў час ў спальніку, думаў. Дажджу, мабыць, ужо не было, ветру таксама. Верх палаткі спакваля сох, набрынялыя вільгаццю плямы вузелі і знікалі. Ён разгублена глядзеў на крывыя абрысы гэтых плямаў, якія ранкам усё болей выяўляліся на парусіне, і ўспамінаў недарэчны сённяшні сон, імкнуўся разгадаць яго сэнс. Ён даўно ўжо навучыўся адгадваць блытанае прароцтва сваіх сноў, якія звычайна адносіліся да новага дня. Наогул гэта магло здацца смешным для кандыдата навук, і ён нікому не гаварыў пра тое, баючыся насмешак і кпінаў, але ў яго даўно ўжо склалася свая сістэма разгадак, глыбока асабістая, хутчэй эмпірычная, чым колькі-небудзь навуковая. Але, кіруючыся ёю, ён мог нават сказаць, што з яго сноў збудзецца ў першай палове дня, а што ў другой. Усё ў яго снах мела дакладныя суадносіны з часам будучых сутак. Канечне, было ў іх і нямала невыразных, загадкавых сімвалаў, не да канца зразумелых значэнняў, але адно заставалася нязменным - кепскія сны заўжды азначалі кепскую яву і, наадварот, радасныя сны прадказвалі радасныя падзеі ў нейкі час наступнага дня.
        На гэты раз усё было проста і коратка, але даволі брыдотна: ён убачыў сябе неапранутым, нават без бялізны, у мітуслівым натоўпе людзей, які бывае ля стадыёнаў перад пачаткам матча, на прывакзальнай плошчы пасля прыбыцця цягніка, на базары. Усе ішлі насустрач, а ён нічым не мог прыкрыцца і вельмі саромеўся, хоць і не разумеў, чаму так сталася. Сон доўжыўся, можа, некалькі хвілін ночы, але сапсаваў настрой надоўга, і ён думаў: якую яшчэ гідоту рыхтуе яму гэты дзень? Ён зусім не сумняваўся, што гэтая гідота здзейсніцца, цяжка было толькі вызначыць яе сэнс і значэнне. Зрэшты, пра тое ён думаў не доўга, з учарашняга дня яго чакала звыклая праца, ён і так страціў процьму часу, які хуткаплынна мінаў, нічога не праясняючы з таго, што ён прагнуў для сябе зразумець. Скаланаючыся ад вільготнай стыласці ранку, ён надзеў сваю сінюю куртку і, узяўшы рыдлёўку, пайшоў да абрыву.
        Нярадасны выгляд кар'ера, які пасля ліўню адкрыўся яму ўчора, амаль не змяніўся за ноч: вялізныя лужыны на дне кар'ера па-ранейшаму былі поўныя жоўтай вады; гара глею і пяску, што рухнула з краю абрыву, развалілася сярод адной з іх шырокай гаццю, па-ранейшаму палохаючы яго сваім аб'ёмам. Гэта колькі спатрэбіцца дзён, каб перакідаць яе ўбок. Ці, можа, зноў папрасіць бульдозер, падумаў Агееў. Але цяпер бульдозер сюды, мабыць, не сунецца, бульдазерыст не стане рызыкаваць машынай. Ды і што карысці з бульдозера, які можа перагарнуць сотні кубоў, але нічога не зрабіць там, дзе ўсё трэба перабраць рукамі.
        Агееў з пагорка сышоў на дарогу і пратаптанай ім у быльнягу сцежкай, месцамі слізгаючы нагамі па мокрай зямлі, спусціўся ў самую глыб кар'ера. Зляжалы пясчана-гравійны грунт тут не надта паддаўся дажджу і там, дзе не было лужын, добра трымаў чалавека. Вада ў лужынах стаяла густая і жоўтая, бы апельсінавы сок, і ў глыбокіх мясцінах, мабыць, дасягала яму да пояса. Крыўднае было ў тым, што лівень амаль цалкам затапіў самае патрэбнае яму месца пад навіслым абрывам, на якое ў дадатак да ўсяго яшчэ і рухнула глыба грунту. Агееў нерашуча ступіў на край гэтай глыбы і на яе беражку ля вады зледзеў нешта такое, што змусіла яго ўпусціць з рук рыдлёўку.
        Гэта быў абмыты дажджом, зморшчаны і пагнуты жаночы туфель няпэўнага колеру на высокім абцасе, з адкрытым наском і вузенькім раменьчыкам на гузічку - зусім такі, якія перад вайной звалі лодачкамі. Ён амаль сатлеў, доўга праляжаўшы ў зямлі, раскіс ад вільгаці, ледзьве захаваўшы сваю перашапчатковую форму, але ўсім сваім выглядам прымусіў Агеева адчуць нечаканае хваляванне, амаль разгубленасць. Праўда, па меры таго, як ён узрушана круціў знаходку ў руках, мацаюча слізкую скуру, напаўадарваны абцас з рэштаю ржавых цвікоў, хваляванне яго стала марнець пад напорам цвярозых думак: ці мала тут магло знайсціся кінутага абутку, яму ўжо трапляліся і кірзавыя халявы ад ботаў, і дзіравыя дзіцячыя галошыкі, цяпер гэты туфель... Але ж туфель! Ён не запомніў тады, які ў яе быў памер, але іх знаёмства ў тым далёкім годзе пачалося менавіта з туфляў, здаецца, светла-бежавага колеру, якія яна прынесла яму, самазванаму местачковаму шаўцу. Ён яшчэ не ўмеў як трэба падбіць абцасы да мужчынскіх ботаў, а яна папрасіла залапіць насок, і ён нямала папрацаваў тады - у вузкі насок пралазілі толькі два яго пальцы, паспрабуй далезці туды з іголкай! Можа, каму іншаму ён бы адмовіў у гэтым нязручным рамонце, але ёй адмовіць не мог: гэтая дзяўчына прыглянулася яму з першага погляду.
        Мабыць, туфель - чыстая тут выпадковасць, трапіў у кар'ер, можа, некалькі гадоў таму, наўрад ці ён мог захавацца тут з сорак першага года, з мешаным пацуццём расчаравання і палёгкі падумаў Агееў і, адклаўшы знаходку, узяўся капаць. Ён капаў і адкідаў прэч вільготны шчэбень, пільна акідваючы позіркам кожны камяк зямлі. Але нічога болей там не было - усё той жа шчэбень, пясок без прыкмет чаго-небудзь іншага, нават звычайнага смецця цяпер там не было. Накапаўшы немалую кучу, прытаміўшыся і спатнеўшы, ён убіў у зямлю рыдлёўку і, адышоўшыся на сухое, прысеў адпачыць.
        Неяк вяла і нерашуча пачынаўся дзень, з ночы не было дажджу, але ранак наступіў хмарны, у небе над кар'ерам вісела мяккая малочная смуга, праз якую нідзе не прабівалася сонца. Цяжка было згадаць, якім выдасца дзень - ці прасвятлее да абеду, ці зноў пойдзе дождж і зусім затопіць кар'ер. Тады будзе зусім кепска. Можа, упершыню за праведзены тут час у яго прамільгнула здрадлівая думка: колькі ж можна? Ну, зразумела, яму стала неабходна гэта, спярша цікаўнасць, а пасля і неадольная патрэба паднялі яго з дому і пагналі за сотні кіламетраў у гэты закінуты кар'ер, але ж колькі можна выкладвацца? Ён патраціў тут большую частку лета, змарнаваў столькі сваіх немаладых сіл, напаткаў столькі расчараванняў і столькі перахваляваўся дарма, а чаго ён дамогся? Ранейшая загадка, якая гадамі трывожыла яго свядомасць, ні на сантыметр не наблізілася да сваёй разгадкі, нарадзіла новыя сумненні і новыя праблемы. Ён перавярнуў тут гару зямлі, усё чакаючы ўбачыць хоць штосьці, што магло зберагчыся ў зямлі за чатыры дзесяцігоддзі і што з пэўнаю доляй дакладнасці можна было б аднесці да яе: гузік, грабеньчык, спражку ад паяска, косць, нарэшце. Але нічога такога яму не траплялася, апроч во гэтага туфля, які мог належаць ёй з такой жа падставай, як і тысячам іншых жанчын. У глыбіні душы гэта нават радавала, бо прадоўжыла няпэўнасць і тым самым давала надзею. З самага пачатку надзея была для яго жаданым працягам, яна давала магчымасць жыць, працаваць, пакідаючы хоць маленькую шчылінку для выйсця ў будучыню. Але павінна ж яна ўрэшце набыць хоць маленькае, але пераканаўчае абгрунтаванне, гэтая надзея. Менавіта для надзеі трэба было выключыць з сумнення гэты кар'ер, на якім замкнулася для яго самае важнае, не пераадолеўшы якое немагчыма было разлічваць ні на якую пэўнасць.
        Не, не зважаючы ні на што, ён мусіў капаць.
        Галоўнае ён ужо зрабіў: ён перакапаў вялізны завал, перацёр у пальцах кубаметры зямлі, засталося меней. Мабыць, ён бы скончыў усё праз тыдзень або дзён праз дзесяць, калі б не гэты нечаканы лівень. Лівень яму сапсаваў усё. Што цяпер рабіць?
        Аднак стала падобна на тое, што сёння ён прытаміўся заўчасна, пачало калаціцца сэрца: можа, прычынай таго была не праца, а яго хваляванне ад гэтай знаходкі? Падобна, аднак, ён стаў расклейвацца, магчыма, ад доўгага напружання пачалі здаваць нервы, што ўжо нікуды не варта. Можа, не трэба было так выматваць сябе працай, адпачыць сёння, расслабіцца, думаў ён, седзячы на яшчэ сыраватым адвале зямлі. Усё седзячы так, ён неўзабаве пачуў галасы і, падняўшы галаву, паглядзеў на дарогу. Да сярэдзіны заслоненыя зараснікам дзядоўніку на ўваходзе ў кар'ер, нягучна размаўляючы між сабой, стаялі тры чалавекі, позіркамі шукаючы штось у глыбіні кар'ера. Агееў паволі падняўся, імкнучыся зразумець, што ім тут магло спатрэбіцца. Гэта былі двое мужчын і жанчына. Пярэдні ўрэшце згледзеў яго ў кар'еры, кіўнуў астатнім, і яны адно за адным, асцярожна, баючыся паслізнуцца на мокрай зямлі, павалакліся ў глыбіню кар'ера.
        Пакуль яны прабіраліся да яго, Агееў паспеў разгледзець кожнага, але так і не зразумеў, што гэта былі за людзі. Пярэдні, хударлявы мужчына ў кепцы і шэрым пакамечаным пінжачку са зморшчаным каўняром, дробнымі крокамі тупаў па сцежцы, здаля пазіраючы на яго маленькімі, з вясёлым прыжмурам вачмі. Трохі адстаўшы ад яго, цяжка пыхкаў немалады таўстун у чорным расхінутым плашчы і ў летнім капронавым капелюшы. Левай рукой ён часам узмахваў у паветры на слізкай мясціне, а правай прыціскаў пад пахай тонкую кардонную папку з матузамі-завязкамі. Апошняй ішла таксама немаладая цётка ў стракатай сукенцы, якая туга абцягвала яе аб'ёмістыя грудзі і круглыя плечы. Яна амаль нерухома несла на іх сіваватую галаву з сабранымі на патыліцы рэдкімі валасамі і ні на каго не пазірала.
        - Во, як тут наліло! - сказаў пярэдні, згледзеўшы пад абрывам лужыны. - Хоць карасёў запускай.
        - Для карасёў не падыдзе, - каб не маўчаць, сказаў Агееў. - Высахне, напэўна.
        Ён ужо зразумеў, што гэта - да яго, магчыма, ад якой арганізацыі ці пассавета, і стрымана адказаў на прывітанне таго, што быў у капелюшы.
        - Не, хутка не высахне, - сказаў худзейшы. - Цяпер да восені. А ўвосень тут будзе возера. Летась, як замерзла, мае тут на каньках каталіся, - паведаміў ён, звяртаючыся, аднак, да свайго спадарожніка, які моўчкі, усё пыхкаючы і хакаючы ад знямогі, разглядваў кар'ер. Стоячы на невялікім узлобку, ён паварочваўся ўсім целам то ў адзін, то ў другі бок, усё вывучаючы грунтоўна і тоячы загадкава-надзьмуты выраз на азызлым твары.
        - Вы раскапалі? - нарэшце ва ўпор запытаў ён у Агеева. Полы яго калянага плашча шырока расхінуліся, і Агееў убачыў на левым лацкане пінжака рад каляровых планак узнагарод. Здаецца, для яго нешта стала праяснівацца.
        - Я, - сказаў Агееў нягучна.
        - Дазвольце запытаць: з якой цэллю вы робіце тут раскопкі?
        Цяпер ужо ўсе ўтраіх уставіліся на Агеева: гэты з камандзірскай строгасцю ў сцюдзёных вачах, худы - з некаторай нават цікаўнасцю. Жанчына, бокам павярнуўшыся да яго, пазірала ваўкавата і падазрона, і Агееў сказаў жартоўна:
        - Ды во паглядзець, якая зямля. Парадак залягання пластоў і так далей.
        Уважліва выслухаўшы яго, госці крыху памаўчалі.
        - Гэта з навучнай цэллю ці як? - пацікавіўся хударлявы.
        - Чакай, Шабуня, - начальніцкім тонам перапыніў яго тоўсты. - Няхай гражданін аб'ясніць членараздзельна. Калі з навучнай, то павінен прад'явіць дакумент. Ад якой арганізацыі?
        - Хаця б ад НДІ Белгаспрома, - падпусціў туману Агееў. - Навукова-даследчы інстытут, - растлумачыў ён. Гэтае тлумачэнне, аднак, зусім не спадабалася тоўстаму, які амаль увачавідкі пакрыўдзіўся.
        - Панімаем, што такое НДІ, граматныя. У мяне ў самога ўнук у НДІ пад Масквой працуе. У Дубне. Так што не сумнявайцеся. Прад'явіце дакумент!
        - Які дакумент?
        - Дакумент на права раскопак, - удакладніў ён, і ўсё ўтраіх зноў уставіліся на Агеева.
        Агееў у думках вылаяўся - прыгнала ж іх гэтым раннем на яго галаву - як цяпер ад іх адчапіцца?
        - А вы хто будзеце? Каб патрабаваць дакументы, спярша трэба прад'явіць свае, - сказаў ён, пераймаючы строгую важнасць іхняга тону.
        - Мы ўпаўнаважаныя. Падпалкоўнік у адстаўцы Еўсцігнееў, таварыш Шабуня з гаркамгаса і во таварыш Казлова, прадстаўнік абшчэственнасці, - важна адрэкамендаваў калег падпалкоўнік у адстаўцы.
        - Вельмі прыемна. Дацэнт Агееў, - сказаў Агееў і рашуча працягнуў руку, якую падпалкоўнік з яўнай неахвотай трохі паціснуў потнымі пальцамі. Пасля ён падаў руку Шабуню і крыўдліва насупленай Казловай. - Бачу, ад вас проста не адчэпішся, - сказаў ён, усё яшчэ не ведаючы, як быць. Усе трое з насцярожаным чаканнем у позірках глядзелі на яго, і Агееў, уздыхнуўшы, кіўнуў угору, у бок могілак. - Пайшлі да палаткі.
        Лезучы па адхоне да свайго стойбішча, ён ўсё не мог даўмецца, што сказаць ім, як растлумачыць свае раскопкі ў гэтым кар'еры. Вясной, прыехаўшы ў пасёлак, ён ненадоўга зайшоў у выканком пассавета і не так, як хацелася, таропка хвіліну пагутарыў са старшынёй, які кудысьці спяшаўся: ля ганка яго чакала «Волга» з прадстаўнікамі ад вобласці. Але, мабыць, старшыня ўсё ж зразумеў сутнасць ягонай справы і не запярэчыў. Зрэшты, ён яму і не казаў пра раскопкі, ён сказаў толькі, што трэба нешта паглядзець у кар'еры. І вось цяпер гэтыя ўпаўнаважаныя. Відаць, нехта ўжо наскардзіўся ў пассавет або вышэй. Цяпер вось апраўдвайся.
        Падышоўшы да палаткі, ён развязаў уваход і, пакуль падпалкоўнік з астатнімі выбіраўся з кар'ера, выцягнуў з-пад адзення рукзак і разгарнуў празрысты пакет з дакументамі. З паўтузіна кніжачак і корак ён выбраў зялёнае пасведчанне ветэрана вайны і дыплом кандыдата тэхнічных навук, падумаў, што гэтыя дакументы, мабыць, павінны зрабіць нейкае ўражанне на прыдзірлівага адстаўніка. Ён сунуў іх у рукі падпалкоўніку, які затым нетаропка адшукаў у шматлікіх кішэнях акуляры ў тонкай аправе, зачапіў дужкі за вушы. Пасля ён абмахнуў спатнелы азызлы твар капелюшом і толькі тады пачаў вывучаць дакументы. Гэтае вывучэнне доўжылася некалькі хвілін, Шабуня таксама спрабаваў нешта там разгледзець, аднак хутка адвярнуўся, буркнуўшы: «Халера, без акуляраў не бачу», і хітравата падмігнуў Агееву. Казлова, стоячы наводдаль, засяроджана пазірала кудысьці яму пад ногі, усім сваім ваўкаватым выглядам выказваючы маўклівае асуджэнне.
        - Дакументы ў парадку! - нарэшце рашуча аб'явіў падпалкоўнік. - Удзельнік ВАВ, кандыдат навук. Але што вы шукаеце ў гэтым кар'еры, дазвольце ўзнаць? І чаму без разрашэння ўлады?
        - З уладай дамоўлена, - трохі ўзбадзёрана сказаў Агееў. - Была размова з таварышам Безбародзькам.
        Падпалкоўнік з Шабунем неяк загадкава пераглянуліся.
        - Безбародзька месяц як не работае ў выканкоме. Зняты за нарушэнія, - аб'явіў падпалкоўнік.
        - Можа быць, - пагадзіўся Агееў. - Але гэта нічога не мяняе.
        - Абсалютна нічога. Так што трэбуецца пісьмовае разрашэнне.
        - Пісьмовае разрашэнне на што?
        - На вядзенне земляных раскопак.
        - Якіх жа раскопак? - трохі фальшыва здзівіўся Агееў. - Хіба гэта раскопкі?
        - А што ж, дазвольце ўзнаць? - тэатральна махнуўшы тонкаю папкай, падпалкоўнік развязаў матузы. - Вось, калі ласка. Пачаў з восьмага іюня. Дзевятнаццатага іюня з прымяненнем бульдозера. З васьмі трыццаці ўтра да дванаццаці дваццаці. Ітаго тры часа пяцьдзесят мінут механізаваных раскопак.
        «Аднак усё правільна. Менавіта столькі працаваў бульдозер, - здзіўлена адзначыў сабе Агееў. - Правільна падлічылі. З хранометрам...» Вельмі яму не хацелася тлумачыць з сапраўдных прычын ягонай цікавасці да кар'ера, але ён ужо зразумеў, што жартамі адгаварыцца, мабыць, не ўдасца. Гэта адстаўнік хапаў трэніраванай хваткай бульдога, ухіліцца ад якой было не проста.
        - Ну, вось што! - сказаў ён трохі мякчэй. - Справа ў тым... Справа ў тым, што ў гэтым кар'еры восенню сорак першага расстралялі групу падпольшчыкаў...
        - Гэта нам ізвесна. У цэнтры пасёлка ім памятнік.
        - Ну. Хавалі. Памятаю, як асвабадзілі... такая духата стаяла, - успомніў Шабуня і чамусьці махнуў рукой.
        - Дык вось, ведаеце, колькі там пахавана? - холадна запытаў Агееў.
        - Ну, трое.
        - А тут, - ён паказаў на кар'ер, - тут расстраляна пяцёра.
        - Ну да? - усумніўся Шабуня. - Было трое, я сам бачыў. Не пахаванні тады, як я з лесу прыйшоў. Тры грабы стаялі.
        Яго ўвогуле дабрадушны, у дробных зморшчынах твар зрабіўся недаверліва пакрыўджаным, здавалася, Шабуня гатовы быў абурыцца ад пачутай яўнай бязглуздзіцы.
        - Згодны. Сапраўды, там пахавана трое. Але... Вось перад вамі чацвёрты...
        - Ха! - няпэна выдыхнуў падпалкоўнік.
        - Ну да? - здзівіўся Шабуня, а Казлова зводдаль прамармытала нешта ад здзіўлення ці недаверу - было не зразумець. Агееў жа не стаў болей нічога тлумачыць, ён і так сказаў надта многа.
        - Во дзіва! - збянтэжыўся Шабуня і ссунуў на патыліцу кепку, агаліўшы белы, зусім не загарэлы лоб. - А дзе ж пяты?
        - А во пятага я і шукаю, - сказаў Агееў.
        Ён зноў пачаў хвалявацца, як там, у кар'еы, і, пакуль хаваў у мяшэчак дакументы, яго агрубелыя, у свежых мазалях пальцы па-здрадніцку прыкметна трэсліся. Падпалкоўнік тым часам штось напружана думаў з яўнай пакутай на азызлым, спатнелым твары. Але вось ён нарэшце ажывеў і выцяў яго нечаканым пытаннем:
        - Чым вы дакажаце?
        - Што - дакажу? - не зразумеў Агееў.
        - Што былі чацвёртым? І што быў пяты?
        - А я і не збіраюся даказваць. Я ж ні на што не прэтэндую. Нічога не прашу.
        - А раскопкі?
        - Даліся вам гэтыя раскопкі! - пачаў нервавацца Агееў. - Вам што, шкада гэтага смецця? Ці гэтай гразі ў кар'еры?
        - Нам не шкада, таварыш Агееў. Але калі кажды пачне капаць дзе захоча, што будзе? Форменны неперадак будзе. А задача абшчэственнасці падтрымліваць парадак. На кожнае дзействіе далжно быць разрашэнне. А ў вас яго няма. Таму мы абавязаны саставіць акт. На факт нарушэння.
        - Ваша справа! Можаце складаць, - сказаў Агееў і, адышоўшыся ўбок, сеў на перакуленае пластмасавае вядзерца. Гасцям тут сесці не было на што, але ён не стаў іх рассаджваць - хай уладкоўваюцца самі. У яго зноў закалацілася сэрца, краявід непрыемна паплыў у вачах, і ён на хвіліну прыжмурыўся, каб саўладаць з сабой, стрываць пры гасцях без таблеткі. Прыступ быў, аднак, не доўгі, і калі ён зноў зірнуў на гасцей, тыя, адышоўшыся да могілак і расклаўшы на камянях агароджы кардонную папку, узяліся складаць акт. Прадстаўніца грамадскасці Казлова стаяла зводдаль, насуплена пазіраючы на яго.
        - Імя, вотчаства ваша? - гучна запытаў здаля падпалкоўнік, па-над акулярамі зірнуўшы на Агеева.
        - Павел Пятровіч.
        - Дзе пражываеце?
        - У Мінску.
        - Адрас. Вуліца? Дом?
        Ну во, толькі гэтага і не хапала! Як на злачынцу. Яму вельмі хацелася зрэзаць гэтага барацьбіта за парадак якой-небудзь калючай рэплікай, але ён ужо ведаў з практыкі, што ў такіх выпадках лепш не пачынаць сваркі, змаўчаць. Сабе ж дзешавей абыдзецца, як казаў калісь Валерка Сініцын, ягоны саслужывец па інстытуце.
        Складанне акта цягнулася даволі доўга, падпалкоўніка некалькі разоў перапыняў працу. Ён яўна пакутаваў ад задышкі і патлівасці і раз за разам скідаў капялюш, абмахваўся ім, ціха бубніў сам сабе:
        - Ведзёт... ведзёт раскопкі... Нет! Праізводзіт раскопкі, так лепш, а, таварыш Шабуня?
        - Ага, так лепей, - не надта ўпэўнена пагаджаўся Шабуня.
        - ...Саставілі гэты акт... Нет! Настаяшчы акт... - папраўляў сябе падпалкоўнік, і Шабуня згаджаўся:
        - Настаяшчы, ага.
        - Ну вот. Цяпер падпісаць. Прадлагаем вам падпісаць, - угнуўшы галаву, са спушчанымі на носе акулярамі звярнуўся ён да Агеева.
        - Няма вам чаго рабіць, - з прыкрасцю сказаў Агееў, усё яшчэ не могучы зладзіць з сэрцам. Але сапраўды рабіць яму не было чаго, ён падняўся і, з натугай перастаўляючы ногі, падышоў да агароджы. - Каму пашкодзілі мае раскопкі?
        Пры гэтых ягоных словах раптам неспакойна заварушылася апатычная да таго Казлова і ўпершыню загаманіла грубым мужчынскім голасам, які здаўся Агееву надта знаёмы. І ён тут жа здагадаўся, што гэта - гаспадыня жоўтага дома за дарогай насупраць. Як ён не пазнаў яе адразу?
        - А вот і пашкодзілі! - працяжна загаманіла яна. - Заняў тут выган, распалажыўся... А гусі ў патраву ходзюць. Тут не ходзюць, пугаюцца... У патраву ходзюць.
        - Ах, гусі!..
        Цяпер усё стала зразумела. Неяк ранічкай, неўзабаве пасля таго, як ён паставіў тут палатку, з боку ад дарогі паявілася чарада гусей, і магутны прыгажун-гусак, які вёў чараду, здзіўлена спыніўся перад яго палаткай. Агееў лагодна паклікаў гусака, але той абурана засіпеў, выгнуў шыю і павярнуў назад. За ім у абход кар'ера павярнула ўся чарада, дзе, мабыць, і зрабіла нейкую патраву. Цяпер давядзецца яму адказваць і за гэта.
        Агееў узяў папку з густа і няроўна спісаным аркушам паперы. Мабыць, трэба было прачытаць, што там сачыніў гэта адстаўнік-падпалкоўнік, але без акуляраў ён таксама няшмат што бачыў, а вяртацца па іх у палатку не захацеў і абы-як распісаўся ўнізу пад птушкай, клапатліва пастаўленай складальнікам акта.
        - Калі ласка, - сказаў ён, з націскам прыстукнуўшы шарыкавай ручкай.
        Падпалкоўнік схаваў акт у папку, зняў з носа акуляры, сунуў іх у нагрудную кішэньку пінжака і раптам запытаўся ў Агеева ціха, амаль па-сяброўску:
        - У шахматы гуляеце?
        - Што? - не зразумеў Агееў.
        - У шахматы, кажу, гуляеце?
        Агееў пакруціў галавой - якія там шахматы! Ужо ці не прапануе гэты законнік пасля ўсяго, што здарылася, згуляць з ім партыю? Але падпалкоўнік не прапанаваў, ён толькі клапотна ўздыхнуў і сказаў:
        - Вы гэта... Не крыўдуйце, таварыш Агееў. Парадак ёсць парадак, і ўсё трэба рабіць як паложана.
        - Гэта канечне, - паспяшаўся згадзіцца Агееў, бо спрачацца з ім не было ніякай ахвоты.
        Упаўнаважаныя грамадскасці чамусьці падышлі да абрыву, зазірнулі ў кар'ер. Рухавы Шабуня абабег яго зверху да палавіны, усё нешта тлумачачы і паказваючы. Але Агееў не слухаў і не стаў іх праводзіць да дарогі, ён зноў апусціўся на сваё вядро, на якім часам сядзеў надвячоркам ля касцярка, і, трываючы сардэчныя перабоі, думаў. Думкі яго былі адпаведныя яго настрою. Як мала трэба, думаў ён, каб збэсціць гэты настрой, і як цяжка наладзіць яго нанова. Во і тут, нічога ж асаблівага не адбылося, што яму недарэчныя прэтэнзіі гэтых настырных прадстаўнікоў грамадскасці, ён іх не баяўся, бо не бачыў у сваіх дзеяннях нічога колькі-небудзь ганебнага ці недазволенага. А вось на душы стала кепска. Ён зусім не апасаўся, што іх дурному акту можа быць дадзены нейкі ход, ды і заставалася яму тут яшчэ некалькі дзён пакалупацца ў гэтым кар'еры, і ён паедзе, хутчэй за ўсё так нічога і не праясніўшы для сябе, не знайшоўшы нічога. (Марная справа, мусіць, знайсці што-небудзь праз сорак гадоў.) Але во ён расказаў ім пра тое, пра што не меў звычаю нікому расказваць - чаму ж не ўтрымаўся? Тое, што з ім тут здарылася, датычыла толькі яго аднаго, ну, і яе, канечне, таксама. Вось перад ёй ён абавязаны быў даць адказ, але ні перад кім болей. Ды яе даўно не было, не было нават яе белых костачак, якія, магчыма, даўным-даўно сталі попелам дзе-небудзь у крэматорыях Дахаў або Асвенціма, а ён шукае іх тут. Але, каб дапусціць штосьці іншае, перш трэба было ўпэўніцца, што яна ў тую восень не засталася ў кар'еры. Пасля можна меркаваць усё, што хочаш, але толькі выключыўшы з меркавання кар'ер. Калі ж яму гэта не ўдасца і выявіцца, што яна ўсё ж апынулася тут, тады ўсё. Тады поўны глухі тупік. Тады для яго поўная фініта ля камедыя і нічога больш, як любіў паўтараць усё той жа Валера Сініцын.
        Калі трохі адпусціла сэрца, ён усё ж сышоў у кар'ер, узяў рыдлёўку. Але капаць сёння ён, мабыць, не мог, дрогкая слабасць у грудзях упарта не хацела выпускаць яго са сваіх ватных абдымкаў. Пастаяўшы трохі, ён падняў знойдзены раніцай туфель, абчысціў яго ад гразі, спаласнуў у вадзе. Усё ж гэта не яе туфель, рашыў ён. Там, дзе скура захавалася лепей, было прыкметна, што ён афарбаваны ў чорны колер - яе ж лодачкі былі светлыя, гэта ён запомніў выдатна. Туфель ён, аднак жа, не кінуў, падняўшыся да палаткі, зачапіў абцасам за вяроўку расцяжкі - хай сушыцца.
        Тым часам ранак непрыкметна перайшоў у дзень, і, хоць сонца так і не паказалася ў небе, стала цёпла, ад волкай зямлі ўзнімалася душная пара. Дыхалася трудна, атмасферны ціск, мабыць, упаў, Агееў адчуваў гэта па вялай рабоце сэрца, якое ледзьве варушылася ў грудзях, часта губляючы рытм. Ён чакаў, што слабасць мінецца, раней для таго варта было пасядзець у спакоі, можа, залезці ў палатку, адлежацца. Але ён усё сядзеў ля яе, думаў. Успомніў свой сон і журботна ўсміхнуўся: усё так і ёсць, як наваражыла ноч, дзень пацвердзіў, брыдота адбылася. Трэба было схадзіць па ваду ў другі ад канца вуліцы двор, дзе быў калодзеж, але не хацелася ўставаць, напружвацца, здавалася, ён страціў сёння здольнасць нават да невялікага намагання, і расслаблена бавіў час ла палаткі. У поўдзень з-за кар'ера, з поля павеяла лёгкім ветрам, які разагнаў парнасць і патрывожыў лісцвяны спакой велічных дрэў на могілках. Агееў з натугай падняўся і ўзяў пластмасавы бітончык, каб схадзіць па ваду. Але толькі адышоўся ад палаткі, як убачыў на рагу каменнай агароджы ля могілак знаёмую постаць Сямёна - здаровая рука таго размашыста адлятала ўбок у такт шырокаму кроку, за ёй дзіўнаватым палавінным рухам варушылася яго кульця. Сямён быў усё ў той жа жоўтай трыкатажнай тэнісцы, якая непаслухмяна вылазіла з-пад дзягі, што слаба сядзела на яго таліі.
        - Прывет! Што не капаеш? Ці перакур? - бадзёра загаманіў Сямён.
        - Перакур.
        - Во і добра! У мяне тожа. Зранку пайку зграбаў, а тут баба пагнала па хлеб. Ды чорта з два: пацалаваў замок. Кажуць, прывязуць пасля абеду. Во прагуляюся, думаю.
        - Ну і добра, - стрымана сказаў Агееў і нагой пасунуў госцю вядзерца. - Сядай, адпачні.
        - Ты сядай. А я - там, дзе стаю.
        Ён няспрытна ўзмахнуў кульцёй і, не выбіраючы месца, апусціўся на дробную, ужо сухую пасля дажджу траўку, звыкла склаўшы пад сабой доўгія, у растаптаных сандалетах ногі. Здаровай рукой адразу палез у кішэню па курыва.
        - Камісія прыходзіла, - ціха сказаў Агееў.
        - Якая камісія?
        - Падпалкоўнік у адстаўцы, пасля адзін з райкамгаса і вунь суседка Казлова.
        - Якога ражна ім трэба? - прыкурваючы ад запальніцы, здзівіўся Сямён.
        - Склалі акт на раскопкі без дазволу.
        - А, дык гэта Еўсцігнееў! Ён заўжды акты складае. З папкай такі, ага?
        - З папкай.
        - Гэты заўсёды - акты. Ля забягалаўкі хто паскандаліць - акт. Хто вуліцу перад хатай не падмяце - акт. У яго такіх актаў дома шэсць папак.
        - Навошта яму яны?
        - А каб па начальству хадзіць. Во складзе і - у райком. Пасля ў выканком. У міліцыю. У таварыскі суд. За парадак ваюе. Заўжды пры дзеле. На віду. Без дзела не можа. У шахматы гуляць клікаў?
        - Клікаў! - прыпомніўшы, здзівіўся Агееў.
        - Во, трэба было згуляць. І прайграць. Дужа любіць выігрываць. Бяда, аднак, яму рэдка праігрываюць. Хіба што Скараход. Але той з разлікам - дужа хітры. Ёсць тут адзін такі... ваяка, - злавіўшы недаўменны позірк Агеева, растлумачыў Сямён.
        - І яшчэ Казлова з імі.
        - Казлова? А гэтай што трэба? - у сваю чаргу здзівіўся Сямён.
        - Ды во гусям яе перашкодзіў.
        - Во-во! Такім усё на свеце шкодзіць. Таму што шмат хочуць. Цераз край. Скажу табе, з глузду з'ехалі людзі. Як перад канцом свету. Усё чагось дамагаюцца, пра нешта хлапочуць, дастаюць. Ужо чаго не хапае толькі! Як тое золата. Год таму такія чэргі былі, натоўпы! І ў пасёлку, і ў горадзе. Быў, бачыў. У кожнай бабы і тут, і тут паначэплена. Нашто? І во - мінуў год - як адрэзала. Вунь у магазіне ляжыць, бяры хоць кіло. Дык нікому не трэба. Што гэта? Не сквапнасць? - абурана гаварыў Сямён, быццам выгаворваючы за тое Агееву. - Скажу табе, шмат бяды з тае прычыны, што баб распусцілі. Шмат ім дазволена.
        - Ты тожа сваёй дазваляеш?
        - Дазволіш, куды дзенешся.
        - Строгая?
        - Язва! - коратка кінуў Сямён і зацягнуўся «Прымай».
        - Бачыш, напэўна, дазваляем таму, што самі не без граху. У сям'і ці на службе. Во яны і карыстаюцца гэтым, крытыкуюць нас, - паспрабаваў усміхнуцца Агееў.
        - Ох крытыкуюць! - сур'ёзна падхапіў Сямён. - Калі крытыка ў адзін бок, чаму не крытыкаваць? Здачы ж не дасі. Ого, паспрабуй! Яна адразу ў мясцком, у партком, у міліцыю. К суседзям, к сяброўкам, да родзічаў. І ёй вераць. А ты куды пабяжыш? Табе бегчы няма куды. Калі ледзь што - крычыць: выпівае! А калі выпівае, дык і ніякай размовы. А я хоць і выпіваю, але, можа, болей сумлення маю, чым яны ўсе разам. Куркулі гэтыя хітрапопістыя.
        - Гэта магчыма, - уздыхнуў Агееў.
        Ён таропка прысеў на вядро, зноў адчуўшы подступ слабасці ў грудзях, баючыся ўпасці на зямлю, напалохаць госця. Але слабасць не міналася, і ён выняў з задняй кішэні трыко металічны пенальчык з таблеткамі.
        - Што - сціснула? - насцярожыўся Сямён.
        - Трошкі...
        - Можа, доктара паклікаць? Калі што - гавары. Я - мігам. У бальніцы мяне ведаюць.
        Агееў запіхаў пад язык невыносна смярдзючую таблетку валідолу, хвіліну падумаў.
        - Абыдзецца, можа. Лепш вадзіцы прынясі, калі ласка. Вунь у тым доме.
        - Ды ведаю...
        Сямён падхапіў пластмасавы бітончык і без лішніх слоў прыпусціў уніз, на дарогу. Агееў, ледзьве адольваючы слабасць, глядзеў перад сабой і амаль спалохана думаў, што, здаецца, не пашэнціла яму грунтоўна. З вопыту ведаў, што такое мінае не хутка, прыйдзецца залегчы або ісці ў бальніцу. Але і тое, і другое было яму зусім недарэчы, і ён не ведаў, як быць, што рабіць...
        
        Неяк ранкам, на пяты ці шосты дзень свайго жыцця ў Бараноўскай, Агееў не стрываў, зняў павязку. Зрэшты, яна сама знялася - ноччу спаўзла да калена, адкрыўшы рану, якая хоць і не крывяніла, але ваўсю смуродна гнаілася. Разматаўшы мокры, у гнойных плямінах бінт, Агееў сядзеў на тапчане, не ведаючы, што рабіць, калі ў застаронак увайшла Бараноўская. Ён памкнуўся прыкрыць нагу кажушком, але гаспадыня адразу пра ўсё здагадалася і, адкінуўшы палу кажушка, зірнула на рану.
        - Гнаіцца? Гэта дрэнна. І баліць?
        - Не вельмі. Унутры толькі тузае.
        - Трэба перавязаць. Я пашукаю што-небудзь. А вось лякарства няма ніякага. І Яўсееўны няма. У тарфяніках усіх пастралялі.
        - У тарфяніках?
        - У старых распрацоўках. Усіх да аднаго.
        - Гэтага і трэба было чакаць! - паныла сказаў Агееў. - На што было спадзявацца?
        - Чалавек заўжды спадзяецца. Нават наперакор розуму. Што ж яшчэ застаецца асуджанаму? - сказала гаспадыня і выйшла.
        Хутка яна вярнулася з белаю анучкай у руках, стрэсшы якую пачала рваць на палосы.
        - Знаеце, я во думаю... У вас сала засталося?
        - Засталося, - сказаў ён, зірнуўшы на стол-скрынку, дзе, прынесены Малаковічам, ляжаў загорнуты ў газетку кавалак сала.
        - Яно салёнае?
        - Салёнае быццам.
        - Некалі, памятаю, пасля той вайны, салёнае сала прыкладвалі да скулля. Памагала. Сама пераканалася.
        Што ж, сала дык сала, ён быў гатовы на ўсё, толькі б хутчэй саўладаць з гэтай праклятай ранай, якая так недарэчы падкасіла яго. Бараноўская нарэзала на паперцы тоненькія пласцікі сала і пачала абкладваць імі набрынялую ад гною рану са счырванелымі краямі, у куточках якой бялелі малюсенькія чарвякі, што змусілі Агеева гідліва паморшчыцца.
        - Што, баліць?
        - Чэрві.
        - Чэрві - гэта не страшна, казала Яўсееўна.
        Агееў недаверліва хмыкнуў: мабыць, гэтая Яўсееўна была тут вышэйшым медыцынскім аўтарытэтам, і ён падумаў, што аспрэчваць яе будзе недарэчы. Ён даўся гаспадыні абкласці ўсю рану салам, пасля яна туга абвязала нагу мяккімі кужэльнымі паскамі. Было балюча, але кратаць нагой стала зручней, востры боль мінуўся, і ён сабраўся выйсці на двор. Тым больш што яго там чакала праца, нелегальнае яго жыхарства ў гэтым застаронку скончылася. Учора Бараноўская хадзіла ў паліцыю прасіць за сына Алега, які быццам вярнуўся дадому і хадайнічае перад паліцыяй аб адкрыцці майстэрні па рамонту абутку. Каб легалізавацца, Агееву трэба было ўладкавацца на нейкую працу, інакш яму пагражала прымусовае ўладкаванне праз паліцыю. Зноў жа, ён павінен быў нешта есці, бо харчовыя магчымасці яго гаспадыні былі надта мізэрныя: апроч гуркоў і бульбы з гарода, яна нічога болей не мела. Агееў заўважаў, як кожны раз, каб накарміць яго, яна аддавала апошняе, часам бегла цераз вуліцу пазычыць акраец хлеба, і гэта пазычаны ёю кавалак кепска лез яму ў горла. Яму было дужа няёмка за сябе, няпрошанага яе нахлебніка, і ён усё думаў, як памагчы ёй і сабе пракарміцца. Так паступова выспеў у яго галаве гэты, можа, і дурнаваты, план пра майстэрню. Бараноўская, падумаўшы, з ім пагадзілася, заставалася атрымаць дазвол у паліцыі. І вось начальнік Драздзенка, са скептычнай ухмылкай выслухаўшы жыхарку мястэчка, прыкінуў штось і дазволіў. Толькі ў канцы размовы дадаў, што прыйдзе сам пазнаёміцца з новым шаўцом. Канечне, ён мог бы выклікаць яго ў паліцыю, але Бараноўская сказала, што сын хворы і не можа хадзіць, пашкодзіў нагу па дарозе з Ваўкавыска. Начальнік паліцыі крыва ўсміхнуўся, але не сказаў нічога, і яна з лёгкім сэрцам пабегла дадому.
        Хуткую перамену ў сваім лёсе Агееў успрыняў, аднак, без асаблівае радасці, калі не сказаць болей - у думках ён ужо праклінаў той час, калі пагадзіўся завярнуць у гэтае мястэчка. Але ўся бяда ў тым, што нічога больш прыдатнага яму не выпадала, вельмі проста ён мог апынуцца ў палоне ці загінуць дзе-небудзь у сутычцы з немцамі. Так што з самага пачатку выбар у яго быў невялікі, і ён мусіў пагадзіцца на тое, што прапанаваў начны госць Волкаў і нарыхтаваў яму яго недарэчны ваенны лёс.
        Зрэшты, гэты варыянт, можа, быў не самы найгоршы. Агееў меў даволі ўмелыя рукі, з ранніх гадоў прывучаныя да дрэва і няхітрых сялянскіх інструментаў, да армейскай службы яму даводзілася мець справу і з абуткам, праўда, далей дробнага рамонту ягонае майстэрства не ўзнялося, і пра тое, як пашыць боты, ён меў цьмянае ўяўленне. Але тут шыць боты, мусіць, не давядзецца, трэба будзе рабіць якую-небудзь драбноту - падбіць абцасы ці прышыць лапік, на большае ён і не замахваўся. Ля самага выхада з падворка касабока мясцілася старая, крытая гонтам альтанка, некалі прыстасаваная для сушкі агародніны; тры яе бакі былі абшыты аполкамі, а чацвёрты, што выходзіў у двор, заставаўся адкрыты. Менавіта гэтую альтанку-паветку Агееў і абраў для майстэрні; учора яны з Бараноўскай зацягнулі туды невялічкі кухонны столік, адну табурэтку. Інструменты айца Кірыла захаваліся ўсе цэлыя, і былая пападдзя ледзь звалакла з гарышча цяжкую скрынку з чыгуннай лапай, абцугамі, малаткамі, калодкамі - усё гэта Агееў расклаў і развесіў у альтанцы. Заставалася, аднак, галоўнае - змайстраваць шыльду, бо якая ж майстэрня без шыльды? І ўвесь гэты дзень да вечара Агееў вырэзваў нажом з фанеры вялікія літары. Вядома, літары лепш было б напісаць, але ў Бараноўскай не знайшлося ні фарбы, ні патрэбнай для таго тканіны. Тады ён успомніў падобныя шыльды, што бачыў да вайны ў Беластоку, і падумаў, што можна зрабіць не горш. Праўда, літары атрымаліся надта крывыя, тупы нож дрэнна рэзаў старую фанеру, якая месцамі расслаілася і ламалася. За час, пакуль ён завіхаўся ў альтанцы, па вуліцы прайшло, можа, чалавек пяць, кожны з якіх уважліва прыглядаўся да яго, мабыць, не разумеючы, хто гэта калупаецца ў двары былой папоўскай сядзібы. І ён з неспакоем думаў: ці прызнаюць яго тут за папоўскага сына, ці ён хутка засыплецца тут з недарэчнай сваёй легалізацыяй. Але так ці інакш, адступаць не было куды, даводзілася іграць ролю, на якую змусіла яго вайна.
        Сонца пайшло на захад, калі ён прымацаваў гэтую дошку-шыльду да вулічнага боку альтанкі. Атрымалася, канечне, даволі прымітыўна, літары цяжка было размясціць у адну лінію, і яны трохі сваволілі, стаўшы на дошцы як каторай захочацца. Але ўвогуле з вуліцы можна было прачытаць, што тут «Рамонт абутку», у альтанцы ляжалі раскладзены на століку інструмент, клубок тоўстых нітак і ўсохлая бярозавая калодка для драўляных цвікоў - падбіваць падэшвы. Скончыўшы з уладкаваннем, Агееў усеўся на табурэтцы з кінутай на яе ватоўкай, хваравіта выцягнуў пад сталом сваю бедалагу-нагу.
        Аднак вуліца была пустая, за якую-небудзь гадзіну ніводны чалавек не прайшоў каля хаты, толькі за плотам у суседнім двары паказалася і знікла жаночая галава ў белай хусцінцы. Бараноўская, якая ўвесь дзень завіхалася ў двары, некуды знікла - мабыць, пайшла на гарод накапаць бульбы, і ён, прытаміўшыся, сіратліва сядзеў на табурэтцы, адчуваючы, што ў такі пазнаваты час яго сядзенне будзе без карысці. І калі ён наважыўся ўжо вылезці з-за стала, што з хворай нагой аказалася не дужа лёгка, у канцы гэтай кароценькай вуліцы пачулася размова і паказаліся дзве дзяўчыны. Адна была худзенькая, сярэдняга росту, у светлым, аблезлым сарафане з голымі да плячэй рукамі і кароткай стрыжкай светлых валасоў. Яна ціхенька засмяялася, звяртаючыся да сяброўкі - таго ж узросту, але трохі ніжэйшай і таўсцейшай дзяўчыны, на галаве якой свежа бялелася касынка, завязаная па-гарадскому - вузельчыкам на патыліцы. Абедзве яны роздумна памахвалі на хаду невялічкімі кошыкамі ў руках і пра штосьці гутарылі, пакуль не згледзелі яго ў альтанцы. Відаць, ягонае з'яўленне тут здзівіла іх, дзяўчаты прымоўклі і памалу ішлі, азіраючы пераробленую за дзень альтанку. Трохі не дайшоўшы да яе, меншая ціхенька, але так, што ўсё ж данеслася да яго, сказала сяброўцы:
        - Ой, Марыя, не глядзі на яго так пільна.
        Вышэйшая неўпрыцям піхнула локцем сяброўку, вымушаючы яе змоўкнуць, а сама, не адрываючы позірку, ўсё ўглядалася ў яго, і ў гэтым яе позірку яму здалося штось хоць і няпэўнае яшчэ, але ўжо значнае, змястоўна-прарочыстае, ці што. Быццам яна, радуючыся, паволі пазнавала яго. Ён, аднак, не пазнаваў іх - гэтых дзяўчат ён бачыў упершыню і толькі праводзіў іх паглядам - паўз альтанку да суседняй хаты на вуліцы. Аднак ля суседняга падворка дзяўчыты нерашуча спыніліся, нядоўга параіліся аб чымсьці, і адна рашучым крокам вярнулася да альтанкі.
        - Вы і сапраўды рамантуеце абутак? - запыталася яна ў Агеева, сарамліва ўсміхнуўшыся.
        - І сапраўды рамантую, - з прытоенай усмешкай сказаў Агееў.
        - І нядорага бераце?
        - Нядорага, Марыя.
        - Ой, адкуль вы ведаеце маё імя? - здзівілася дзяўчына.
        - Я ўсё ведаю, - сказаў ён, ужо адкрыта і шырока заўсміхаўшыся.
        - Не, праўда! Я тут раней вас не бачыла.
        - А я тут нядаўна.
        Яна памаўчала трохі, штосьці абдумваючы і ўспамінаючы.
        - Дык можна прынесці туфлі? У мяне, ведаеце, ад падэшвы неяк адарвалася...
        - Прыносьце, пабачым.
        - А плаціць рублямі ці як?
        - Як хочаце. Можна рублямі, а можна прадуктамі.
        - Во добра! - узрадавалася Марыя і, павярнуўшыся, паклікала сяброўку: - Вера, ідзі сюды!
        Сяброўка неахвотна, быццам з недаверам нават, прайшла ля штакетніка і спынілася ля ўвахода ў двор.
        - За прадукты рамантуе. Я ўжо дамовілася, можа, прынясём нашы туфлі?
        - Мне не трэба, - махнула рукой Вера і з яўнай насцярогай паглядзела на Агеева.
        - Дык я свае прынясу. Заўтра? Ці можна сёння?
        - А калі хочаце. Можна і сёння.
        - Не, лепш заўтра, - рашыла Марыя. - А пакуль што - вось вам...
        Сунуўшы руку ў прыкрыты анучкай кошык, яна дастала адтуль жменю чарніц.
        - Во вам задатак. Частуйцеся.
        У падстаўленыя прыгаршчы Агееў прыняў маленькую жменьку ягад, ніякавата падзякаваў; яна міла ўсміхнулася на развітанне і хуценька выйшла праз незагароджаны, без веснічак, выхад на вуліцу. Трохі пасядзеўшы ў роздуме, ён пачаў есці па адной чорныя, з шызым налётам ягады. Аб гэтай сваёй першай заказчыцы ён стараўся не думаць. Падумаеш, пачаставала чарніцамі і адарыла ласкавым позіркам у дадатак - ці да ласкавых яму позіркаў? Знайшоў пра што думаць...
        Стараўся не думаць, але ўсё ж наперакор жаданню думаў, бо яна ўсё стаяла перад вачыма такой, якой толькі што з'явілася - імклівы гнуткі стан з загарэлымі нагамі, абутымі ў старэнькія разношаныя басаножкі. Страсянуўшы капешкай густых валасоў, яна падхапіла тады пад руку сяброўку, і яны, памахваючы кошыкамі, схаваліся за вуглом суседскае хаты.
        Агееў праседзеў яшчэ паўгадзіны ў пустой сяк-так абсталяванай майстэрні і нікога не дачакаўся. Ніхто да яго не ішоў з абуткам, прахожых на вуліцы паяўлялася няшмат, і тыя, напэўна, былі суседзі з гэтай або бліжніх вуліц. Пачатак яго новай, шавецкай кар'еры яўна атрымаўся комам, без адзінага намёку на ўдачу. Калі чакаць далей не было сэнсу, ён вылез з-за стала і, абапіраючыся на выразаны ўчора ляшчынавы кіёк, пашкандыбаў у двор.
        Двор быў прыгожы, амаль маляўнічы ў сваёй даўняй і мілай занядбанасці ва ўсім. Закрыты з аднаго боку цесным радам будынкаў, зверху ён амаль увесь захаваўся пад разложыстым голлем старога клёна, таўшчэзны камель якога трохі крывабока мясціўся каля альтанкі. За клёнам на гародзе за кустоўем парэчак расло некалькі старых сукаватых аблынь і стаяў радок маладых вішань па-над сцяжынай, дзе неўзабаве і паявілася яго гаспадыня з вядром свежай бульбы. Не дайшоўшы да дзвярэй у хлеў, яна паставіла вядро на сцежку і азірнулася.
        - Тут нікога? Там гэта... Каля раўка вас чакаюць.
        - Хто чакае? - вырвалася ў Агеева.
        Але гаспадыня не адказала, толькі заклапочана паглядзела на вуліцу, і ён здагадаўся: не трэба пытацца. Ён звыкла тузануў пад вузкім раменьчыкам падол сацінавай кашулі і з дрыготкім сэрцам патупаў па сцежцы паўз хлявы на зады гародаў.
        Тупаючы, ён углядаўся ў кустоўе ўзлеску не краі ўзроўка, што гублялася ў паўзмроку пад вольнай і высокай сцяной старых вязаў, але там нікога не было бачна. Не было нікога і на скошанай палосцы пожні за плотам, у адным канцы якой скасабочана цямнелася невялікая капешка сена. Менавіта з-за гэтай капешкі хтосьці махнуў рукой, даючы яму знак падысці, і Агееў збочыў са сцежкі. Ён ужо спадзяваўся ўбачыць тут Малаковіча або Волкава, але пад капешкай ціха сядзеў хударлявы хлопчык у сіняй трыкатажнай кашулі з акулярамі на кароценькім носе. Гэта быў яго нядаўні знаёмец, студэнт Кіслякоў, і Агееў стрымана павітаўся.
        - Ну, як вы? Як нага? - пацікавіўся Кіслякоў.
        Агееў не спяшаўся адказаць, добра разумеючы, што не нага ў першую чаргу цікавіла гэтага хлопца.
        - Я ад Волкава. Волкаў гаварыў з вамі?
        - Гаварыў, - не адразу сказаў Агееў.
        Дык ён перадаў, каб вы былі ў двары, днямі прывязуць груз.
        - Які груз? - насцярожыўся Агееў.
        - Не ведаю - які. Трэба схаваць. А пасля мы забярэм.
        - Вы?
        - Я і тыя, хто будзе са мной. Больш каб нікому, - сказаў Кіслякоў, узіраючыся кудысь на сцяжынку, якая бегла ў роў. На Агеева, здаецца, ён і не зірнуў ні разу.
        - Панятна, што ж, - сказаў Агееў.
        Ён, канечне, зробіць усё як трэба, толькі яму было крыху няёмка падпарадкоўвацца гэтаму хлопчыку, яго самалюбства было ўсё ж прыніжана такім падначаленнем. Але, мабыць, так трэба. Або інакш нельга, падумаў ён і запытаўся:
        - А як Малаковіч?
        - Малаковіч на станцыі. Але тут справа такая: вы не павінны з ім бачыцца. Калі што трэба, я перадам.
        - Во як! А калі што... Дзе мне цябе шукаць?
        - Савецкая, трынаццаць. Толькі гэта на крайні выпадак. А наогул мы незнаёмыя.
        - Што ж, будзем незнаёмыя.
        - І гэты, што прыйдзе, скажа: ад Волкава. І дадасць: Ігната.
        - Панятна.
        - Вот такія справы, - сказаў Кіслякоў і ўпершыню адкрыта, быццам па-сяброўску, зірнуў на Агеева.
        - Што там на фронце? - запытаў Агееў.
        - Перамога пад Ельняй, гэта за Смаленскам, - сказаў Кіслякоў. - Нашы разграмілі восем нямецкіх дывізій.
        - Ого! Во добра. Можа, цяпер пачнецца, - узрадаваўся Агееў.
        Сапраўды гэта было вялікаю і нечаканай радасцю для яго, які ўсё лета сохнуў нутром з-за няўдач на фронце, і цяпер гэты хударлявы, вастраносы студэнцік з яго навіной здаўся яму найлепшым, самым жаданым сябрам.
        - Ты ўсё слухаеш? - запытаў ён з нечаканай цеплынёй у голасе, і Кіслякоў знізу ўгору сарамліва ўсміхнуўся.
        - Слухаю. Кожную ноч.
        - Ну, і што там яшчэ?
        - Яшчэ кепска. Цяжкія баі пад Кіевам.
        - А Кіеў не здалі?
        - А хто яго... Незразумела неяк.
        Агееў не супраць быў і яшчэ пагутарыць з Кісляковым, але той, мабыць, сказаў усё і ўскочыў з-пад капешкі на ногі.
        - Дык мы незнаёмыя. Не забудзьце, - напомніў ён перад развітаннем.
        - Ну як жа! Запомню.
        - Дык я пайшоў.
        Прама ад капешкі ён павярнуў у равок і хутка знік у алешнікавым хмызняку пад вязамі. Агееў, дужа кульгаючы і штораз азіраючыся, пайшоў па сцежцы ў двор.
        Растрывожаная за дзень нага востра балела пры кожным руху, але цяпер ён мала прыслухоўваўся да болю, можа, упершыню за некалькі дзён аддаўшыся радасці - усё ж восем разбітых дывізій - гэта была хоць і невялікая перамога на фронце, але, можа, яе прадвесце. Па крайняй меры, вельмі хацелася, каб было менавіта так, і недзе ў глыбіні душы адчувалася, што так яно і будзе. Фронт пакоціцца на захад, нашы нарэшце збяруць сілы, і ваенны лёс пераменіцца па справядлівасці. І тут перад ім зноў паўстала Марыя - яе ўсмешыста-ўважлівы позірк, які ласкай і дабром пранікаў у душу, спакутаваную ад няўдач і адзіноты, у няспраўджаных надзеях, сумненнях, бязлітасных выпрабаваннях вайны. І зусім незразумелай для яго была сувязь гэтай франтавой весткі з маленькай сустрэчай на зыходзе дня. Хіба шчаслівым абяцаннем таго, што ўсё неўзабаве пераменіцца да вялікай, сапраўднай радасці.
        Вячэралі таго дня на цесненькай кухні Бараноўскай. У якасці сына гаспадыні Агееў мог не хавацца, хаця і лішні раз вылазіць на людзі таксама было недарэчы. Маленькая, абклееная шэрымі шпалерамі кухня рабіла прыемнае ўражанне чысцінёй, нейкай ненатуральнай у такі час акуратнасцю: падлога, два гнутыя крэслы і падаконнік былі чыста выскрабены нажом, цёмны буфет засланы вязанай белай сурвэткай, акно да палавіны завешана марляй. На дварэ змяркалася, і яны ў цьмяным вечаровым святле, з адзінага акенца ў двор, сядзелі за вялікім круглым сталом з толькі што зваранай і перасыпанай у гліняную міску бульбай. Побач ляжалі свежыя агуркі на талерцы, хлеба быў адзін чэрствы акрайчык, ад якога Бараноўская ашчадна адкроіла тры тонкія лустачкі. Нізкія дзверы на двор гаспадыня зашчапіла на кручок, двое другіх дзвярэй, адны з якіх вялі ў святліцу, а другія, абклееныя шпалерамі, - у цесненькую кладоўку-баковачку, былі таксама зачынены. На сцяне ў жоўтай бегетавай раме вісеў нейкі зімовы пейзаж, ад гарачай пліты ішло прыемнае хатняе цяпло. Уся гэтая спакойная вечаровая абстаноўка спрыяла роздуму або ціхай размове, і Агееў сказаў:
        - Варвара Мікалаеўна, скажыце па шчырасці... Вось вы мяне тут корміце, аберагаеце... Гэта як - па сваёй волі ці таму, што гэты... Волкаў загадаў? - запытаўся Агееў, разразаючы напалам агурок. Ён даўно збіраўся запытаць аб гэтым у гаспадыні, каб даведацца аб сутнасці яе да яго адносін.
        - А чаму вы думаеце, што мне загадаў Волкаў? З якой нагоды ён мне будзе загадваць? - здзівіліся Бараноўская.
        - Ну, аднак жа вось вы мяне прытулілі. І нават болей - далі дакументы сына. А хіба вы мяне ведаеце?
        - Чаму ж не ведаю? Ведаю. Вы - камандзір Чырвонай Арміі. Паранены ў баі з немцамі. Вы ж загінеце, калі вам не памагчы. Хіба не так?
        - Можа, і так...
        - Дык як жа я магу адмовіць вам у дапамозе? Гэта ж было б не па-людску, не па-боску. А я ж хрысціянка.
        - Скажыце, вы дужа ў бога верыце?
        - А ў што ж мне яшчэ верыць?
        - І моліцеся? Ну, там і другія абрады выконваеце?
        - Абрады тут ні пры чым. Верыць у бога - зусім не значыць старанна маліцца ці рэгулярна выконваць абрады. Гэта хутчэй - мець бога ў душы. І паступаць адпаведна. Адпаведна сумленню, гэта знычыць па-боску.
        Яна змоўкла, седзячы за сталом насупраць, і ён падумаў, што ўсё ж, мабыць, не надта разбіраецца ў гэтай рэлігіі, аб якой пачаў гутарку. Сапраўды, што ён пра яе ведаў? Хіба тое, што яна - опіум для народа.
        - Вы святое Евангелле чыталі? - запытала Бараноўская, уставіўшыся ў яго ўважлівым паглядам нябачных у прыцемку вачэй.
        - Не, не чытаў. Таму што...
        - Ну зразумела. А, напрыклад, хоць бы Дастаеўскага чыталі?
        - Дастаеўскага? Чуў. Але ў школе не праходзілі.
        - Не праходзілі, канечне. А гэта ж вялікі рускі пісьменнік. Нароўні з Талстым.
        - Ну, пра Талстога я ведаю, у Талстога было шмат памылак, - сказаў ён, узрадаваўшыся, што ўжо тут трохі ведае. - Напрыклад, непраціўленне злу.
        - Далося вам гэтае непраціўленне. Толькі гэта і запомнілі ў Талстога. Хаця і непраціўленне ў многім справядлівае, але спрэчнае, дапусцім. А вось калі б вы прачыталі Дастаеўскага, дык бы ведалі, што калі ў душу не пусціць бога, дык у ёй абавязкова паселіцца д'ябал.
        - Д'ябла мы не баімся, - усміхнуўся Агееў.
        - Д'ябла мы не баімся, гэта канечне. Але вось немцаў мусім баяцца. А яны для нас і ёсць увасабленнем д'ябла. Гэта значыць злой, разбуральнай сілы.
        - З сілай нельга не лічыцца.
        - Во! А як процістаяць гэтай сіле?
        - Супраць сілы - толькі сілай, зразумела.
        - Ну, дык гэта армія - супраць арміі. Там, канечне, дзве сілы. І хто - каго. Гэта вайна. А вось нам, мірнаму насельніцтву, як? Мы што можам? Дзе наша сіла?
        Яна задавала яму нялёгкія пытанні, блытана адказваючы на якія ён адчуваў недастатковасць сваіх ведаў і напружваў думку, каб знайсці і найлепш выказаць сваю праўду, у якой быў упэўнены. Хаця гэта было няпроста.
        - Трэба не падчыніцца акупантам.
        - Не падчыніцца, канечне! Але як? Вунь усіх яўрэяў знішчылі. Як яны маглі не падчыніцца? Для непадчынення патрэбна хаця зброя, а дзе яе ўзяць?
        - Ну, і што ж рабіць, па-вашаму? - запытаўся ён, сам не знайшоўшы адказу на яе пытанне.
        - Калі нічога немагчыма зрабіць, трэба сабраць сілы, каб застацца сабой. Не мітусіцца душой, як некаторыя - з разліку ці ад страху. Вось я хачу застацца сабой, няхай сабе ў адпаведнасці з хрысціянскай мараллю, каб памагчы бліжняму. Вам ці Волкаву, бо вы маеце патрэбу ў дапамозе і ваша, вам богам дадзенае жыццё знаходзіцца пад пагрозай. Зноў жа, я не магу не памятаць, да якога народа належу сама, якія пакуты стрываў на фронце мой муж у тую, мікалаеўскую, вайну. Ад чыёй рукі загінуў мой брат. І я бачу, што робіцца цяпер. Як жа я магу сядзець склаўшы рукі.
        - Але ж вы разумееце, што пагражае за гэта?
        - Слава богу - не маленькая. І тут я ўжо нічога не магу зрабіць. Што будзе, тое і будзе. Ад лёсу не ўцячэш. Не надта разумна, але суцяшальна ўсё ж. А чалавек заўжды мае патрэбу ў суцяшэнні.
        - Гэта вядома, - пагадзіўся ён. - А я, прызнацца, апасаўся...
        - Гэта чаго? Мабыць, таго, што я пападдзя?
        Ён прамаўчаў, але яна ўсё зразумела і з уздыхам ціха сказала:
        - Гэта, вядома, мне непрыемна. Тым больш што даўно ўжо не пападдзя. Але бог вам суддзя. Я разумею вас.
        - Вы ўжо даруйце, што я загаварыў пра тое, - сказаў Агееў, сапраўды пашкадаваўшы, што ўсчаў гэтую размову. Але, можа, і добра, што ўсчаў, яны высветлілі штосьці важнае паміж імі, і хоць Агееў не ва ўсім разабраўся, але, здаецца, вызваліўся ад сваіх сумненняў наконт гаспадыні - мабыць, ёй можна верыць. Чалавек з такой цвёрдасцю поглядаў заўжды што-небудзь значыць і міжволі выклікае давер. Можа, яму яшчэ і пашэнціла на гаспадыню, падумаў ён, хаця і без асаблівай упэўненасці. Але - час пакажа.
        Ён даеў бульбу, і яна першай узнялася з-за стала, пачала прыбіраць посуд. Памаўчаўшы, сказала:
        - Мне трэба будзе адлучыцца дні на тры. З'ездзіць у адно месца. Думаю, вы тут без мяне ўправіцеся.
        Сказала яна гэта ціха, амаль спакойна, але за гэтым яе спакоем Агееў адчуў ледзьве прытоенае напружанне і насцярожыўся.
        - Думаю, управіцеся. Цяпер, калі вы ўжо шавец, з голаду не памраце. Айцец Кірыл паўтара года з ботаў карміўся.
        - Ды я што... Я калі ласка. Калі трэба, дык трэба, - паспешліва сказаў ён, аднак чакаючы, што яна растлумачыць прычыну яе нечаканай адлучкі. Яна ж, нічога больш не тлумачачы, сказала толькі:
        - Спаць можаце ў хаце. Калі там холадна стане.
        - Дзякуй.
        - Бульбы капайце, колькі вам трэба. Хлеб я ў Казловічавых купляла. Гэта во цераз дарогу насупраць. Яны могуць і пазычыць. Я ім сказала.
        - Добра. Дзякуй.
        Агееў асцярожна вылез з-за стала, пашукаў у прыцемках ля парога свой ляшчынавы кіёк. Усё ж нага балела, і ён падумаў, што заўтра перавяжа рану. У застаронку яшчэ заставаўся чысты ласкут - можа, хопіць на адну перавязку.
        - Дык мы яшчэ ўбачымся? - спыніўся ён ля парога. Бараноўская з ручніком у руках выцірала талеркі і жвава павярнулася да яго ў прыцемках кухні.
        - А як жа! Абавязкова. Бог дасць - пабачымся.
        Ён пастаяў трохі, зразумеўшы, што яна надала іншы сэнс ягонаму пытанню, і хацеў перапытаць, ці ўбачацца яны да яе адлучкі на тры дні, але стрымаўся. Усё ж нязручна было набівацца з пытаннямі, калі чалавек не хоча нешта сказаць адразу. Пасля ён неаднойчы пашкадуе аб тым, але што ўпушчана, таго ўжо не вернеш. Пажадаўшы ёй добрай ночы, Агееў выйшаў на двор, пастаяў трохі ў звечарэлым цемрыве і пашкандыбаў у свой застаронак. З наступнага дня для яго пачыналася новае жыццё - яго шавецтва дзеля кавалка хлеба ці для маскіроўкі - для чаго больш, ён сам толкам не ведаў. Адно ён адчуваў, што вайна заганяе яго ўсё далей у кут, з якога ці знойдзецца хоць калі выйсце - хто скажа?
        
        Назаўтра, прачнуўшыся ранкам, ён трохі паляжаў з расплюшчанымі вачмі, прыслухоўваючыся да рэдкіх гукаў знадворку, але не злавіў нічога трывожнага ці колькі-небудзь вартага ўвагі. Дзесь побач у дзядоўніку за сцяной варушыліся суседскія куры, ціхенька закудахталі, мабыць, патрывожаныя Гультаём; пачуліся прыглушаныя галасы людзей - з суседскіх двароў, а ўвогуле было ціха. Пасля нядаўна перажытага мястэчка бы вымерла, затаілася ў страху перад невядомасцю, якая не абяцала нічога добрага, удзень і ўначы гразілася нямецкімі строгасцю і карай за кожнае парушэнне, рэпрэсіямі за непаслухмянства. Агееў чакаў, як заўжды, адзнак таго, што Бараноўская паднялася ўжо, яна звычайна зранку пачынала калупацца ў гародзе, бразгала ланцугом у калодзежы, ціха пастуквала палкамі на дрывотні. Пасля яе паднімаўся ён, бо не хацеў раней часу непакоіць гаспадыню дома. У гэты ранак, апроч усяго, ён меў намер папрасіць яе паглядзець нагу, каб удваіх перавязаць рану, бо ён проста не ведаў, як быць з гэтым яе лякарствам - салам: ці прыкладваць яго зноў, ці можна абысціся без сала? Але замест звыклых і сцішаных знакаў ранішняга гаспадарання на падворку ён пачуў нецярплівы голас, ад якога ў яго сцялася сэрца:
        - Ёсць тут хто - у канцы-та канцоў?!
        Двойчы прагучаўшы, гэты нецярплівы мужчынскі вокліч даў Агееву зразумець, хто сюды з'явіўся. З такой патрабавальнасцю маглі паявіцца толькі прадстаўнікі моцнай, упэўненай, несумненна нямецкай улады.
        Дужа патрывожыўшы рану, Агееў падхапіўся з тапчана, не адразу трапляючы здаровай нагой у штаніну, надзеў штаны. Недаравальна прамарудзіўшы некалькі хвілін і на хаду зашпільваючыся, без кійка вышкандыбаў з варот хлява. На дварэ ўжо развіднела, і каля альтанкі, шырока расставіўшы ногі ў бліскучых хромавых ботах і такіх жа, як і ў яго, камандзірскіх дыяганалевых брыджах з чырвонымі кантамі, стаяў нейкі высокі мужчына з дубчыкам у руцэ. На яго шырокіх плячах шчыльна сядзеў цёмна-сіні танкісцкі фрэнч са слядамі ад споратых пятліц на кароткіх бартах. За ім на выхадзе з двара застыў, мабыць, чакаючы, невялічкі худаваты чалавек у шызым расшпіленым плашчы, з паголенымі, прыкметна старэчымі шчокамі і тонкай зморшчанай шыяй, што вытыркалася з надта шырокага для яе каўняра мундзіра; на галаве яго ганарліва сядзела высокая афіцэрская фуражка. Агееў толькі зірнуў на яго, звыклым позіркам вайскоўца перш азіраючы пагоны, і нібы апёкся аб іх вітое срэбра, што цьмяна і страхавіта бялела на абодвух плячах. Гэты стары немец быў, аднак, высокага чыну, і сэрца ў Агеева трапятнулася ў кепскім прадчуванні. Ззаду на вуліцы стаялі, не заходзячы ў двор, чалавек пяць немцаў і трое паліцэйскіх з белымі павязкамі на рукавах пінжакоў. Бліжні паліцэйскі, нецярпліва паляскваючы дубчыкам па халяве бота, сказаў:
        - Ты, сапожнік, ану, пасабі оберсту! Там у боце нешта...
        Адчуўшы, як спакваля сплыве з яго вачэй гарачы туман, Агееў дашкандыбаў да альтанкі і сеў на табурэтку. Оберст прысеў побач на лаўку пад клёнам, і мардаты немец у кароценькім, з разрэзам мундзіры, валюхаючы тоўстым задам, лёгка і ашчадна здзеў бот з яго тонкай нагі, перадаў Агееву. Бот быў шыкоўны, амаль новы, з цвёрдай бліскучай халявай і высокім заднікам; з жоўтага нутра яго яшчэ пахла свежавырабленай скурай. Цвік быў у самым наску, ледзь выступаў з падэшвы, і Агееў падумаў з палёгкай, што забіць яго - раз плюнуць. Пакуль ён даставаў лапу, на якую надзяваў бот, стары оберст, паліцай у танкісцкім фрэнчы ды і ўсе, колькі іх было, немцы пільна назіралі за яго таропкімі рухамі. Не ў лад са сваімі пачуццямі ён раптам зласліва падумаў: во цяпер бы гранату на ўсіх вас! Але толькі падумаў так, не паднімаючы ад бота позірку і баючыся, каб тыя не адгадалі ягоныя думкі.
        Некалькіх удараў малатка сапраўды хапіла, каб забіць цвік, і ён падаў оберсту яго бот, які, аднак, тут жа падхапіў тоўсты немец, мабыць, дзяншчык, з мноствам пярсцёнкаў на пальцах. Недаверліва памацаўшы рукой у боце, ён буркнуў «гут» і кінуўся абуваць оберста. Той напружана адхінуўся на лаўцы, выцяг перад сабой нагу, на якую дзяншчык ашчадна нацягнуў бот. Пасля оберст слаба прытупнуў ім па зямлі і картава штосьці сказаў па-нямецку.
        - Устань! Ты! Слыш! - падхапіўся паліцэйскі ў фрэнчы, і Агееў марудна ўстаў з табурэткі. - Сюды, сюды! Перад панам оберстам...
        Стараючыся не кульгаць, Агееў няспрытна ступіў тры крокі з альтанкі і выпрастаўся, падумаўшы, што оберст, мабыць, хоча яму падзякаваць. Той і на самай справе картава сказаў нешта, старэчы твар яго з пачырванелымі, бы ад бяссоння, вачмі паспрабаваў усміхнуцца, але раптам сцюдзёна знерухомеў, і немец строгім голасам загаманіў да паліцая. Той, скалануўшыся, выцягся і нешта скупа адказаў таксама па-нямецку, што нават здзівіла Агеева: глядзі ты - умее! Але ён ужо адчуў, што размова зайшла пра яго, і зноў насцярожыўся.
        - Пан оберст пытаецца: ты - ваеннаслужачы Чырвонай Арміі?
        - Я? Не. Я чыгуначнік, - панылым і агідным для самога сябе голасам сказаў Агееў, падумаўшы: здаецца, уліп!
        - Ён пытаецца: чаму кульгаеш? Паранены?
        - Няшчасны выпадак. На чыгунцы, - адолеўшы першую збянтэжанасць, знарок бадзёра сказаў Агееў і міжволі напяўся, нібы па стойцы «смірна» перад начальнікам. Але тут жа заўважыў гэта і расслабіўся, адну руку сунуў за дзяжку на вышытай кашулі - так, нібы ніколі ў жыцці не меў справы з арміяй і яе парадкамі. Вось толькі яго дыяганалевыя брыджы з кантамі выдавалі ў ім вайскоўца, і Агееў унутрана сцяўся, стараўся ўгадаць: зразумее што оберст ці не?
        Оберст, аднак, ужо не глядзеў на яго - усё больш злуючыся, ён строга гергетаў нешта паліцаю ў фрэнчы, і той, ляскаючы абцасамі, таропіў у яго пагляд вузка пасаджаных вачэй, раз за разам паўтараючы адно толькі слова «яволь!». Агееў не разумеў, што раззлавала гэтага дзеда-оберста, але адчуваў, што гаворка ішла пра яго, і ў напружанай увазе чакаў развязкі. Нарэшце немец, здаецца, выгаварыўся, ягоны гнеўны напор пачаў слабнуць, ён выцяг з кішаня блішчасты, з мудрагелістым упрыгожаннем партсігар і тонкімі худымі пальцамі выбраў з яго цыгарэтку. Як толькі ён ступіў да выхада з двара, усе, што стаялі побач, расступіліся, даючы начальству дарогу і дружна кіруючы следам. Каля суседняга дома на вуліцы іх чакала легкавая машына з шэрым парусінавым верхам. Застаўшыся каля альтанкі, Агееў глядзеў, як яны там рассаджваліся, падумаўшы - няўжо абышлося? Але поўнай упэўненасці ў тым яшчэ не было, оберст яшчэ пагрозліва памахаў пальцам перад паліцаем у танкісцкім фрэнчы, штосьці вымаўляючы яму, і той, мабыць, дзеля свайго апраўдання зрэдзьчасу ўстаўляў кароткія словы па-нямецку. Здавалася, гэта доўжылася бясконца. Пакуль немцы не паехалі, Агееў не мог адчуваць сябе ў бяспецы, цьмяная трывога не міналася, і ён, можа, упершыню зразумеў, на які цяжкі шлях ступіў з гэтым сваім шавецтвам. Ён уздыхнуў толькі, як згледзеў, што ззаду за машынай падняўся пыл і яна порстка пакацілася па вуліцы, але тут жа і вылаяўся ад прыкрасці: тры паліцаі засталіся і, счакаўшы, пакуль машына схавалася за паваротам вуліцы, усе павярнулі назад. Яны зноў кіравалі на яго падворак.
        Першы ўвайшоў усё той жа паліцай у фрэнчы, стомлена сагнаў з твару выраз нядаўняй заклапочанасці.
        - Ну, паняў? - рэзка, ва ўпор запытаў ён Агеева. Той адмоўна пакруціў галавой. - Не паняў? Які непанятлівы! У лагер цябе загадаў справадзіць! Як ваеннапалоннага.
        Вымашчаны дол у двары хіснуўся перад вачамі Агеева, ён зірнуў у бок вуліцы, выхад на якую, аднак, перагарадзілі ўжо два паліцаі з вінтоўкамі.
        - Скажы мне - дзякуй! Паручыўся за цябе, ясна? - кінуў паліцэйскі і, быццам у роздуме, моўчкі пакрочыў у глыб падворка.
        - Што ж, дзякуй, - выціснуў з сябе Агееў, не ведаючы, што яшчэ сказаць. І нават што падумаць з гэтага поваду.
        - Во так! Што ж, думаеш, гэта проста? Думаеш, ён адразу і паверыў? - павярнуўшыся, сказаў паліцэйскі.
        Мабыць, усё яшчэ перажываючы непрыемную размову з немцам, той хвіліну пахадзіў сюды-туды па двары. Агееў стаяў на адным месцы, адчуваючы, што сённяшнія выпрабаванні, мабыць, яшчэ не скончыліся. Яшчэ нешта яму рыхтуеца. Нарэшце паліцэйскі кінуў свой дубчык і рашуча сеў на лаўку пад клёнам.
        - Ладна, чорт з ім! Ты гэта... Паглядзі заадно мае боты.
        Рэзка тузануўшы, ён садраў з нагі, мабыць, цеснаваты хромавы бот, сунуў яго Агееву, і той падаўся на сваё месца ў альтанцы. Паклаўшы нагу на нагу, паліцэйскі ўважліва паглядзеў на яго.
        - Ты - даўно?
        - Што? - павярнуўся Агееў.
        - Што, што... Ранены, кажу, даўно? - гыркнуў паліцай. - Не панімаеш?..
        «Чорт бы цябе ўзяў з тваёй панятлівасцю!» - злосна падумаў Агееў, не ведаючы, як лепш адказаць аб сваім раненні. Але, відаць, адказаць прыйдзецца папраўдзе, гэтага не ашукаеш. Сам, мабыць, адтуль жа...
        - Ды нядаўна. Як адступалі... Чырвоныя.
        Паліцэйскі коратка рагатнуў.
        - Чырвоныя! А сам ты хто - белы хіба!
        - Я? Ды так...
        Адразу сагнаўшы з цвёрдага, валявога твару ўсмешку, паліцэйскі зірнуў на сваіх памочнікаў, якія цярпліва чакалі каля гародчыка, чуйна прыслухоўваючыся да іх размовы.
        - Ладна цямніць! Не відаць па табе хіба! Думаеш, галіцца перастаў, дык ніхто не пазнае? Камандзір? - раптам рэзка запытаў ён, пранізваючы Агеева вострым прыдзірлівым паглядам. - Камандзір, канечне. Во па чубу відаць. Радавога б абстрыглі.
        Выкладваючы са скрынкі інструмент, Агееў маўчаў, усё яшчэ прыкідваючы, як паводзіць сябе, за кого выдаваць. Па дакументах Бараноўскага ён - інжынер-чыгуначнік, такую і засвоіў версію, але ж гэты не пытаецца яго дакументы. Спрактыкаваным вокам ён, мабыць, адразу ўгадаў у ім вайскоўца, адмаўляцца ад чаго ў становішчы Агеева было рызыкоўна. Толькі болей заблытаешся ці выклічаш падазрэнне ў чым-небудзь яшчэ больш падазроным.
        - Ладна, - памаўчаўшы, сказаў паліцэйскі. - Паглядзім, які ты шавец. Падбі касячкі. Як у немцаў. Каб ішоў і здалёку было чуваць: ідзе начальнік паліцыі, а не хрэн сабачы. Паняў?
        - Ясна, - страмана сказаў Агееў, ужо разумеючы, што, мяркуючы па ўсім, перад ім сам Драздзенка, пра якога ён чуў ад Бараноўскай. І гэта яго першыя кліенты - фашыст і ягоны прыслужнік з іх ерундовым рамонтам. Калі толькі справа сапраўды ў гэтым рамонце...
        - Во бяда - новых касячкоў няма, - сказаў ён, пакапаўшыся ў бляшанцы з цвікамі. Сярод іржавых цвікоў выбраў тры таксама іржавыя, відаць, адарваныя ад старых абцасаў, касячкі. - Во такія падыдуць?
        - Ладна, пайдуць, - сказаў Драздзенка і зноў зблізку пільна зірнуў Агееву ў твар. Той, робячы выгляд, што не заўважае гэтага позірку, прымерваў касячок на трохі збіты абцас начальніка паліцыі.
        - Дык хто па званні? - раптам сцішана запытаў той, абапёршыся локцем на калена разутай нагі. Абодва паліцаі з-за агароджы - адзін белабрысы, пажылы, у картузе і другі малады, плячысты, у нямецкай пілотцы - прыкметна навастрылі вушы, і начальнік паліцыі кінуў у іх бок строгі позірк.
        - Эй, вы там! Расстарайцеся мне малачка папіць...
        Застукаўшы ботамі, паліцаі кінуліся ў двор, але Драздзенка адразу спыніў іх зычным вокрыкам:
        - Не сюды, абармоты! Тут няма нічарта. У суседзяў!..
        Калі паліцаі выбеглі і ў суседзяў трывожна забразгалі веснічкі, ён нахіліўся да Агеева:
        - Дык званне якое? Лейтэнант? Старшы?
        - Старшы, - сказаў Агееў.
        - Не палітрук часам?
        - Не, не палітрук. Начальнік боепітання.
        - Ага, спецыяліст па вааружэнню? А я вось з танкавых войск. Быў начштаба батальёна.
        - Што ж, вялікае начальства, - прамармытаў Агееў, праклінаючы ў душы гэтага не ў меру праніклівага паліцая. Ён забіваў жалезныя цвікі ў абцас, бот скаланаўся разам з чыгуннай лапай, на якую быў надзеты, і кожны ўдар балюча аддаваўся ў яго распухлай назе. Начальнік паліцыі закурыў «Беламор», пускаючы дым у альтанку, і Агееў прагна ўдыхнуў знаёмы пах папярос, хоць сам не курыў ніколі.
        - Было! - з уздыхам сказаў Драздзенка. - Было начальства і сплыло. Як дым, як утранні туман. Цяпер другое начальства, нямецкае. Хто б калі падумаў, га? Сказалі б год назад, што я стану начальнікам паліцыі, я б таму ў морду плюнуў. А стаў жа. Чаму? Ды таму, што за другіх гінуць не схацеў. Слухай, ты адкуль родам?
        - Я? Ды тут, недалёка, - страмана сказаў Агееў. - А вы?
        - А я тутэйшы. З мястэчка. Ну, і якія планы?
        - Ды якія планы. Нага вось... - варухнуў збалелым каленам Агееў.
        - Што, здорава саданула?
        - Здорава, - сказаў Агееў, аддаючы бот. - Вось паглядзіце. Так добра?
        Драздзенка ўзяў бот, агледзеў абцас і раптам сказаў са сцішанай злосцю:
        - Гаўно ты, а не шавец. Хто ж так падбівае? Трэба ж было падкласці кавалачак скуры. А то ж крыва!
        - Была б яна ў мяне, скура, - развёў рукамі Агееў. Ён і сапраўды не знайшоў у папоўскай скрынцы ні кавалачка падэшвеннай скуры - чым было падбіваць абцасы?
        - Да-а... Ну, ладна, падбівай другі. Не хадзіць жа так.
        За агароджай на вуліцы паказаліся абодва паліцаі, адзін застаўся з вінтоўкай на выхадзе, а другі ў выстаўленых руках нёс гарлач малака, які асцярожна падаў начальніку.
        - Во, толькі падаілі. Сырадой, - белабрысы твар паліцая ўгодліва расплыўся ва ўсмешцы. Драздзенка аберуч аблапіў гарлач.
        - Што ж, пап'ём сырадою. Кажуць, палезна для здароўя.
        - Ага, дужа палезна, - яшчэ больш заўсміхаўся паліцай, закідваючы за плячо рамень вінтоўкі, і Драздзенка раптам скіраваў на яго пагрозлівы позірк.
        - Паспытаў ужо? Хоць бы пысу выцер, скаціна!
        Са спазнелай паспешнасцю паліцай пачаў выціраць тоўстыя вусны, а ягоны начальнік гідліва апусціў гарлач.
        - Во з кім працую, - паскардзіўся ён Агееву. - З такімі во курашчупамі. Ён жа ў войску і дня не служыў. Не служыў, га?
        - Дык забракавалі па здароўі, - сказаў паліцай і пачухаў пад пахай.
        - Бо крэцін. А ў паліцыю ўзялі. Бо - няма каму службу несці. Адказнасці гара, а магчымасцей крошкі. Ладна! Марш на вуліцу. І глядзець в оба, як інструкціраваў!
        Патрымаўшы гарлач у руках, ён усё ж трохі адпіў малака і паставіў яго на зямлю каля лаўкі. Тым часам Агееў неяк прыбіў да абцаса і другі касяк, і начальнік паліцыі з натугай уздзеў бот на нагу.
        - Во, іншая справа. Цвярдзейшы крок будзе.
        Ён спружыніста пратупаў сюды-туды па падворку, звонка цокаючы абцасамі па камянях бруку. Агееў пазіраў на ягоныя боты - першую сваю работу ў новай прафесіі, і складаныя пачуцці авалодалі ім. Ён амаль ненавідзеў сябе за гэтую ўгодлівую паслугу нямецкаму халую, ад якога, аднак, залежаў сам цалкам, тым больш што той раскрыў яго з першага погляду, можна сказаць, распрануў дагала. Менавіта гэтая яго распранутасць рабіла Агеева амаль безабаронным перад паліцыяй і перш за ўсё перад яе начальнікам у асобе гэтага былога танкіста. Як было з ім паладзіць, каб не наклікаць ягонае злосці і не загубіць сябе? Без жаднай патрэбы Агееў перакладваў інструмент на сваім хісткім століку, коса пазіраючы, як Драздзенка шпацыруе па яго падворку. І раптам той рэзка спыніўся насупраць:
        - Як завуць?
        Агееў увесь напяўся, думаючы, як лепш адказаць паліцаю - па сваёй чыгуначнай версіі ці як ёсць на справе.
        - Ну, па дакументах я Бараноўскі...
        - Хрэн з табой, хай Бараноўскі. Нам усё роўна. Пойдзеш працаваць у паліцыю.
        З няўтоенай трывогай у вачах Агееў зірнуў у заклапочана-рашучы твар начальніка паліцыі, які, сказаўшы гэта цвёрда тонам загаду, аднак жа чакаў яго адказу - згоды або адмовы. І Агееў варухнуў каленам хворай нагі.
        - Якая паліцыя! Нага во. Ледзьве шкандыбаю па двары каля дома...
        - Загоіцца!
        - Калі гэта будзе? - сказаў ён амаль раздражнёна.
        Драздзенка ссунуў набок сваю казыркастую шапку, азірнуўся ў глыб падворка.
        - Ладна. Ану, зойдзем у дом.
        Агееў не ведаў, дзе Бараноўская (зранку яна не з'яўлялася на двары), і, марудна ўстаўшы з-за стала, скіраваў да дзвярэй. Дзверы на кухню былі не зашчэплены, пад чыстым ручніком на прыбраным стале стаялі міска, гарлач, побач ляжаў учарашні акраец хлеба - пэўна, яго сняданак. Гаспадыні нідзе не было чуваць.
        - Тут што - нікога няма? - сказаў Драздзенка і расчыніў дзверы ў святліцу. - Нікога. Вось якая справа, - ён ушчыльную ступіў да Агеева. - Жыць хочаш?
        Агееў ніякавата змоўчаў, не ведаючы, як адказаць на гэтае ідыёцкае пытанне, і не разумеючы, чаго ад яго хоча гэты няпрошаны заступнік.
        - Ну як жа... Панятна...
        - Я табе памагу! - жвава падхапіў начальнік паліцыі. - Памог раз, памагу і другі. Усё ж мы абодва вайскоўцы і павінны памагаць друг другу. Інакш... Сам панімаеш! Немцы ў бірулькі не гуляюць. Так што - лады?
        - Ну, дзякуй, - няпэўна прамармытаў Агееў, адчуўшы, аднак, што гэта - толькі частка размовы. Галоўнае, мабыць, яшчэ наперадзе.
        - Але і ты павінен нам пасабіць.
        - Што ж, канечне, - панылым голасам сказаў Агееў.
        - Во і добра! - ажывіўся Драздзенка. - Тады гэта самае... Небальшая фармальнасць. Сядай!
        Схапіўшы за гнуткую спінку адно крэсла, ён шырокім гаспадарскім жэстам падставіў яго Агееву, які, усё яшчэ няшмат што разумеючы, няўпэўнена сеў за стол. Драздзенка выцяг з кішаня фрэнча пацёрты, мабыць, яшчэ даваенны блакнот з малюнкам паруснай яхты на вокладцы.
        - Так, небальшая фармальнасць. Немцы, яны, ведаеш, бюракраты болей за нашых. Ім каб было ўсё аформлена. Во чыстая старонка, во табе аловак... Пішы!
        Не адразу, яўна збянтэжана Агееў узяў з яго рук тупаваты аловак, пакруціў у пальцах. Ён ужо разумеў, што гэтае яго пісанне не прынясе яму радасці, але і не ведаў, як было адмовіцца. Усё тое адбылося так нечакана, што ніякай прыдатнай прычыны для адмовы не знайшлося ў яго галаве.
        - Пішы: я, Бараноўскі... як там цябе? Алег? Хай будзе Алег... Значыць, Алег Бацькавіч, настаяшчым абавязуюся сакрэтна супрацоўнічаць па ўсіх патрэбных пытаннях. Напісаў? Што - не згодны? - настырчыўся ён, угледзеўшы, што Агееў знерухомеў з алоўкам у пальцах. - Ты кінь дурыць! Інакшага выйсця ў цябе няма. Фронт пад Масквой, а немцы на суседняй вуліцы... Калі што - загрыміш у шталаг.
        Амаль не слухаючы яго, Агееў ліхаманкава думаў, што рабіць. Вядома, ён не мог не разумець усёй згубы ад гэтай падпіскі, якая проста магла скалечыць ягонае жыццё. Але і адмовіўшыся цяпер падпісацца, ён рызыкаваў не менш проста развітацца з гэтам сваім жыццём. Драздзенка, аберуч упёршыся ў стол і навісшы над ім, дыктаваў з напорам, не даючы перадыху, каб падумаць ці перадумаць.
        - Пішы, пішы: сакрэтна супрацоўнічаць з паліцыяй, а таксама службай бяспекі і эсдэ. Во і ўсё! Напісаў? Цяпер подпіс і дату!
        Ужо яўна ненавідзячы гэтага нямецкага халуя, надзеленага, аднак, уладай, яго запэцканы, са слядамі пальцаў блакнот, а таксама і сябе самога, Агееў паставіў у канцы нейкі кручок замест прозвішча і вывеў дату.
        - Во і добра! - усміхнуўся Драздзенка. - Ты нам, а мы вам. У даўгу не застанемся. Толькі... Э-э, так не пойдзе. Фамілію пішы разборчыва. Ба-ра-ноў-скі! Во так. Цяпер другое дзела. Ну, а клічка? Якую клічку возьмеш?
        - Якую яшчэ клічку?
        - Ах ты, святая прастата! Не разумееш? Для канспірацыі, каб староннія не адгадалі. Ну, дык як назавемся?
        Агееў паціснуў плячыма. Ён ужо кепска стаў цяміць - мабыць, за гэты ранак пачаў ператварацца ў ідыёта.
        - Не панімаеш? Дурны? Скора паразумнееш. А пакуль што так і назавем: Непанятлівы.
        - Так, але... У чым я магу вам памагчы? - імкнучыся захаваць рэшткі спакою і заўважыўшы дрыжыкі ў руках, сказаў Агееў. - Я тут нікога не ведаю, нідзе не бываю...
        - Не мае значэння! - парыраваў Драздзенка, таропка запіхваючы блакнот у кішэнь сіняга фрэнча. - Ты шавец! У цябе будуць людзі. І яны будуць шукаць з табой сувязь.
        - Хто - яны? - амаль шчыра здзівіўся Агееў.
        - Бальшавікі, хто ж! Тыя, што з лесу. Цяпер яны ў лес перабазіраваліся. Во ты вечарком нам і стукнеш. Я буду наведвацца. Паняў?
        - Але, разумееце...
        Усё ў ягоным нутры пратэставала супраць гэтага здрадніцкага зняволення, вынікі якога было лёгка прадбачыць у будучым, але ён не знаходзіў слоў, каб адвесці бяду. Ды, мабыць, было ўжо і позна што-небудзь адводзіць. Блізка да пераносся пасаджаныя вочы Драздзенкі бязлітасна пранізвалі яго, бы імкнучыся пранікнуць у самую глыбіню яго растрывожаных думак.
        - Што, дрэйфіш? Бальшавікоў баішся? Не дрэйф! У цябе абарона. Паліцыя ўсёй акругі. Эсдэ. Нямецкая армія. А бальшавікам усё роўна крышка. У самым хуткім часе.
        - Але...
        - Не але, а точна! Немцы акружаюць Маскву. Да зімы вайна скончыцца.
        - Да-а-а, - уздыхнуў Агееў, каб толькі парушыць гнятлівую паўзу ў гэтай не менш гнятлівай размове, і падумаў, што калі гэты чалавек не пакіне яго праз пяць хвілін, дык, мабыць, усё для абодвух і скончыцца на гэтай кухні. Ён ужо зірнуў у парог, дзе былі цяжкія рэчы - вілачнікі, качарга, ды згледзеў за рамай кухоннага акна белабрысую морду ўгодлівага паліцая, які бесцырымонна заглядваў на кухню.
        Драздзенка, аднак, хутка вымеўся, паабяцаўшы неўзабаве наведацца, і нават зусім па-сяброўску патрос ягоную руку. Застаўшыся адзін, Агееў сеў на ўкапаную пад клёнам лаўку і падумаў, што, здаецца, улез у гразь, з якой невядома як будзе вылезці. Праклятая рана, як яна звязала яго! Быў бы здаровы, ён бы цяпер апынуўся далёка ад гэтага злашчаснага мястэчка з яго паліцыяй, ад гэтага падонка з танкавых войск. Можа б, назаўжды лёг у сырую зямлю, затое ў яго было б чыстае сумленне і сумленнае імя, якое цяпер невядома як будзе адмыць ад фашысцкай гразі. Каторы раз ён з непрыязню ўспомніў Малаковіча, які прапанаваў яму такі паратунак. Уратаваўся, называецца! Ад чаго толькі? Як бы гэта паратунак не стаў для яго горш за пагібель...
        Мабыць, ён доўга прасядзеў пад клёнам, паныла перажываючы агідныя падзеі гэтага злашчаснага ранку. Ранак, між тым, непрыкметна ператварыўся ў дзень, з-за дахаў суседніх дамоў выглянула і стала прыграваць сонца, хаця двор яшчэ ўвесь ляжаў у густым цяні ад дрэў. Бараноўская нідзе не паяўлялася, і ён падумаў, што, мабыць, яна паехала. Куды толькі? Але гэта яе справа, ён не меў ні магчымасці, ні вялікага жадання ўлазіць у яе, відаць, таксама няпростыя клопаты - яму хапала ўласных. І калі на выхадзе з двара ціха паявілася дзяўчына ў вязаным зялёным жакеце, ахоплены роздумнай самотай Агееў недаўменна зірнуў на яе, не разумеючы, што ад яго трэба.
        - Во туфлі прынесла...
        Толькі ўбачыўшы ў яе руках пару светла-бежавых туфляў, ён пазнаў сваю ўчарашнюю знаёмую і ўспомніў, кім ён нядаўна назваўся ў гэтым мястэчку. Ён - шавец, і гэта накладвала на яго пэўныя абавязкі, якія, мяркуючы па ўсім, трэба было выконваць.
        Яшчэ ўвесь растрывожаны апошняй падзеяй, ён дашкандыбаў да альтанкі, моўчкі залез за стол. Ён нават не зірнуў на дзяўчыну, якая таксама моўчкі стаяла насупраць, і, усеўшыся на табурэтцы, працягнуў руку.
        - Дайце, што там?
        - Ды во, бачыце, трошкі прадралася...
        Заклапочаны сваімі непрыемнасцямі, Агееў бегла азірнуў туфель: у наску каля падэшвы была невялічкая дзірка, на якую трэба было накласці лапік. Ён пакорпаўся ў скрынцы айца Кірыла, знайшоў мяккі шматок скуры, з якога касым шавецкім нажом адкроіў невялікі, з бярозавы лісцік, кавалак. Увесь гэты час дзяўчына стаяла насупраць, і ён сказаў:
        - Ды вы сядайце. Зараз паспрабуем залапіць.
        - З дапамогай шыла і нятоўстай дратвы ён прышываў лапік, а Марыя моўчкі сядзела побач, пільна назіраючы за яго працай. Праца, аднак, не дужа ладзілася, у вузкі насок туфлі пралазілі толькі два яго пальцы, якімі было нязручна ўхапіць іголку. Хутка ён балюча ўкалоўся, і Марыя сказала:
        - Напарстак трэба.
        - Які напарстак?
        - Напарстак. З каторым жанчыны шыюць тоўстую тканіну.
        Агееў з цікаўнасцю паглядзеў на яе лагодны, амаль не загарэлы твар з дробненькімі завушнічкамі ў вушах і раптам зразумеў, што яна нетутэйшая, зусім можа быць, як і ён, закінутая сюды жахлівымі шляхамі вайны.
        - Даўно тут? - запытаў ён ціха.
        - Я? З чэрвеня. Ужо трэці месяц. А чаму вы пытаецеся?
        - Ды так. Бачу, нетутэйшая быццам.
        - Ды і вы ж нетутэйшы. Адкуль пра мяне ведаеце?
        - А адкуль вы ведаеце, што я нетутэйшы? - запытаў ён, не паднімаючы галавы ад туфля.
        - А мне Вера сказала. Тая, што ўчора са мной прыходзіла.
        - Вера тутэйшая?
        - Амаль тутэйшая, - уздыхнула Марыя, абцягваючы на каленях падол сарафаніка. - Настаўніца, у школе рабіла. А я з Мінска. Прыехала на сваю галаву, а цяпер як выбрацца?
        - Да родных прыехала?
        - Да сястры. Вера ж мая стрыечная сястра. Тут жыве ў бляхара Лукаша, вунь на суседняй вуліцы. Мужа на вайну ўзялі, цяпер яна з дваіма дзецьмі...
        - Да, гэта нялёгка. У такі час ды з дзецьмі, - ціха сказаў Агееў, засяроджана калупаючыся ў туфлі. Ён хацеў зрабіць усё акуратна, але акуратна ў яго не атрымлівалася - сцяжкі выходзілі няроўныя, скура лапіка моршчылася, а галоўнае - прадзець у насок іголку было вельмі нязручна, і ён пакалоў усе пальцы. Марыя, мабыць, заўважыўшы тое, вінавата сказала:
        - Кепска атрымліваецца? Нарабіла я вам клопату...
        - Нічога, як-небудзь.
        - Канечне, вы яшчэ толькі вучыцеся. Калі-небудзь і атрымаецца.
        Ён з міжвольным здзіўленнем паглядзеў на дзяўчыну.
        - Гэта чаму вы так думаеце?
        - А што ж, хіба не відно? Які з вас шавец? Камандзір, напэўна...
        Во табе і раз, падумаў Агееў з раптоўнай непрыемнасцю ад тых яе слоў. Другі кліент запар сумняваецца ў яго шавецкім умельстве, з першага позірку бачыць у ім камандзіра - куды гэта варта? Трэба было штосьці прыдумаць, адпусціць даўжэйшую бараду, ці што? Ці ўдасканаліць гэтае праклятае рамяство, якое яму чамусьці нечакана трудна давалася.
        - А ты ў Мінску чым займалася? - грубавата запытаўся ён, трохі раззлаваўшы ад яе праніклівасці. Марыя, аднак, не пакрыўдзілася.
        - Я ў педагагічным вучылася. Думала матэматыку выкладаць. Ды во, мабыць, не прыйдзецца, - сказала яна і нахмурыла светлыя броўкі.
        - Нічога, як-небудзь. Галоўнае - спыніць яго, - сказаў ён даверліва, і яна горача падхапіла:
        - Да? Вы так лічыце? Кажуць, за Смаленскам ужо спынілі. Нейкі горад вызвалілі. А тут што робіцца!..
        - Яўрэяў пабілі?
        - Расстралялі ўсіх да аднаго. Спярша сказалі, у горад пагоняць, загадалі золата ўзяць, пярсцёнкі, грошы і на трое сутак прадуктаў. А саміх у той жа дзень у тарфяніках пастралялі. Нашто было браць прадукты?
        - А каб не здагадаліся, куды гоняць, - сказаў ён, адразу зразумеўшы гэтую нямецкую хітрасць. Марыя здзівілася:
        - Ой, як вы разгадалі! А я вось не магла. Усё думала: ну, яны ж не дурныя, рацыяналісты, усё ў іх прадумана да дробязей - нашто прадукты? Бо ўсё ж з забітымі пакідалі ў ямы.
        - Дурное дзела няхітрае, - сказаў ён і, можа, упершыню за ранак уважліва паглядзеў на дзяўчыну. На яе далікатным твары паявіўся і прапаў выраз шчырага захаплення, у глыбіні шэрых, шырока раскрытых вачэй цямнелася нейкае перажыванне, мабыць, ужо дасталося і ёй у гэтам мястэчку.
        - Бацькі ёсць?
        - Мама была. Семнаццатага чэрвеня паехала ў Стаўрапаль. Не ведаю цяпер, ці паспела вярнуцца.
        - Наўрад ці паспела.
        - Не паспела. Хто думаў, што фронт так хутка адкоціцца.
        - Да, на фронце цяпер крывавая каша.
        - А вас - на фронце? - кіўнула яна ў яго бок з раптоўнай цікаўнасцю ў позірку.
        - Што - на фронце?
        - Ну, параніла - на фронце?
        - А адкуль ты ведаеш, што паранены?
        - А з палкай. Учора бачыла. З вуліцы падглядзела.
        - Во як! Ты ўжо і падглядваеш?
        - Ды незнарок. Проста ішла па вуліцы, а вы - з палачкай. Так кульгалі, так кульгалі, што мне шкада вас зрабілася.
        Агееў азадачана прамаўчаў. Сёння пасля ўсяго, што адбылося ў яго з гэтым начальнікам паліцыі, яму самому было шкада сябе, і нечаканае спачуванне Марыі амаль кранула яго.
        - Нічога, нічога. Як-небудзь, - грубавата суцешыў ён дзяўчыну, але болей - самога сябе. Лапік ён ужо дашываў, на паношаныя абцасікі трэба было б набіць і набойкі, але ў яго не было чым набіць, і ён анучай старанна нацёр гладкія наскі туфляў.
        - Ужо гатова? - узрадавалася Марыя і ўскочыла з лаўкі. - Ой, як добра!
        - Не надта добра, - прызнаўся ён, сапраўды мала задаволены сваёй працай, і ўсміхнуўся - упершыню за сённяшні дзень. - Можа, як-небудзь навучуся. Не пройдзе і месяца...
        Стоячы насупраць і прыціскаючы да грудзей адрамантаваныя туфлі, Марыя ціха сказала з прыкметным жалем у голасе:
        - Напэўна, пакуль загоіцца рана?
        - Іменна, - сказаў ён з націскам. - Пакуль загоіцца.
        - А пасля?
        - А пасля будзе відаць.
        З нечаканым сумам у вачах яна перавяла позірк на вуліцу.
        - Зайздрошчу вам. Калі б я ведала, куды... Ні дня б тут не засталася. Я б на фронт пайшла, я б іх забівала...
        Гэта было ўжо сур'ёзна, і ён прамаўчаў. Штось зразумеўшы, яна змоўкла таксама, аднак не ідучы з падворка і ўсё прыціскаючы адрамантаваныя туфлі да маленькіх, ледзьве прыкметных пад тоўстым жакетам грудзей.
        - На фронце ёсць каму біць. А для вас і тут знойдзецца справа...
        - Якая? - хуценька запытала яна.
        - А гэта трэба падумаць. Адпаведна абставінам.
        Яна яшчэ нядоўга пастаяла моўчкі, пра нешта думаючы ці, можа, чакаючы пачуць што ад яго. Але Агееў падумаў, што і так выдаў занадта, што яму трэба цяпер сцерагчыся, хто ведае, ці не значыцца і яе подпіс у блакноце начальніка паліцыі Драздзенкі?
        Напэўна, яна зразумела яго маўчанне па-свойму.
        - Як вам заплаціць?
        - А як хочаце. Можна хлебам ці бульбай. Ці яблыкамі.
        - Ну, яблык у вас сваіх - вунь колькі!
        - Тады пацалункам.
        - Ну, скажаце!..
        Трохі падумаўшы, яна без развітання павярнулася і выбегла на вуліцу. Ён яшчэ пасядзеў, яўна чакаючы яе. Вельмі хацелася яе бачыць, чуць яе то радасны, то сумны голас: чымсьці яна зачапіла яго панылую душу, нейкая душэўная еднасць стала паволі ды яўна збліжаць іх, гэтых дваіх розных людзей, воляю выпадку зведзеных разам. Калі праз чвэрць гадзіны Марыя вярнулася з туга накладзенай сеткай, твар яе ўжо без ценю нядаўняй заклапочанасці свяціўся лёгкай прыязнасцю, яна таропка стала класці на стол нейкія кавалкі і скруткі, загорнутыя ў клочча старых газет.
        - Во, гэта вам за працу. Гэта - каб зажывалі раны... Гэта варэнне, грыбы сушаныя...
        - Нашто столькі! - запратэставаў ён. - Вы што на самай справе! За адзін лапік?..
        - Во гэта масла. У цёткі ж каровы няма, дык спатрэбіцца...
        - За адзін лапік! - ледзь не стагнаў Агееў.
        - Не за лапік. За тое, што вы... Што вы ёсць такі...
        Яна выклала ўсё на стол, на яго інструменты, і кінулася прэч, радасна азадачыўшы яго сваёй мілай удзячнасцю за дробязную, па сутнасці, паслугу. Але, мабыць, у гэтай паслузе яна бачыла штосьці большае, чым залаплены туфель, і гэтая яе абачлівасць міжволі адгукнулася ў ім зачаткам ціхай удзячнасці.
        Нядоўга пасядзеўшы ў альтанцы, ён пашкандыбаў у застаронак і заняўся ранай, якая тупым болем увесь час непакоіла яго з ночы. Асабліва калі ён пачынаў хадзіць. Агееў разматаў абмяклую, са слядамі гнойных плям павязку, канец якой, аднак, надта прысох да раны, і ён аж спатнеў, пакуль з болем аддзіраў яго. На здзіўленне, аднак, пухліна пад каленам паменшала, балючыя тканкі абапал раны страцілі пухлаватую набрыняласць. Агееў выкінуў азызлыя лусты сала, падумаў, што цяпер, можа, абыдзецца і так, туга абкруціў нагу старой павязкай, падклаўшы пад яе кавалак чыстай анучы. Далей трэба было перакусіць, ён даўно ўжо адчуваў згаладнеласць і выйшаў з хлява.
        Каля ягонай альтанкі на лаўцы сядзела бабка ў цёмнай таўстой хусціне, з такім жа, як і ў яго, кійком у руках. Яна яўна чакала некага, і Агееў дашкандыбаў да яе ззаду.
        - Вам каго, бабка?
        Бабка нетаропка павярнулася, паўзіралася ў яго пільным позіркам старэчых, глыбока запалых вачэй.
        - Мне во чаравічкі ўнучцы... Каб пачыніць... Адна ўнучка засталася, ні бацькі, ні маткі. Дык сказалі, тут чыняць, у папоўскай хаце.
        - Чыняць, ага. А што, чаравічкі дужа разбітыя?
        - Ды разбітыя... Во! Новых жа няма, дзе я вазьму. Цяпер жа не купіш.
        - Цяпер не купіш.
        Ён узяў з яе рук звязаныя вузлаватымі шнуркамі дзіцячыя чаравічкі, надта разбітыя, з дзіравымі падэшвамі і скрыўленымі заднікамі, з дзіркамі ў насках, і яму зрабілася сумна: як адрамантаваць іх? Але бабка, нібы прысуду, поўная ўвагі, чакала ягонага слова, і ён, уздыхнуўшы, не знайшоў сілы адмовіць.
        - Ладна, як-небудзь зробім. Сёння пад вечар.
        - Дзякуй жа табе, сынок, дзякуй. Я ж ў даўгу не застануся, аддзячу. Хай цябе бог ратуе...
        Ён правёў бабку і вярнуўся ў альтанку. Трэба было брацца за працу, але хацелася есці і было агідна і боязна ў душы - усё ад таго ранішняга прыходу паліцыі. Што яна рыхтуе яму, тая подлая яго падпіска? Канечне ж, працаваць на іх ён не меў намеру, але балюча адчуваў, у якое ярмо трапіў і як трудна будзе выкручвацца ў ім, у гэтам фашысцкім ярме. Абавязкова трэба будзе папярэдзіць пра тое Волкава ці хоць бы Кіслякова, расказаць, у якую справу ўцягвае яго паліцыя, і сумесна рашыць, як яму быць. Таму што... Таму што гэты фальшывы сэнс ягонага становішча можа хутка вылезці бокам для гэтых людзей ды і ці мала яшчэ для каго, але перш - для яго самога. Ён выразна ўсведамляў усю складанасць свайго становішча, але што ён мог зрабіць? Хіба праклінаць вайну ці гэтага нягодніка Драздзенку. Але і праклінаючы яго, вайну і сваю злашчасную долю, мабыць, прыйдзецца жыць і нешта рабіць у адпаведнасці з сваім сумленнем, абавязкамі камандзіра арміі, каторая цяпер сплывае крывёю на вялізным фронце ад поўначы да поўдня. Напэўна, тым, што цяпер пад Масквой ці Смаленскам, куды цяжэй, тысячамі кладуцца яны ў брацкія магілы - ці гожа яму наракаць на свой лёс? Трэба трываць і, пакуль ёсць магчымасць, рабіць нейкую справу. Але толькі б не пашкодзіць сваім.
        Таропка перакусіўшы на кухні, ён успомніў Бараноўскую і пашкадаваў, што ў такі час яе не было дома. Ён пачаў ужо прывыкаць да гэтай своеасаблівай жанчыны - сваёй гаспадыні, напэўна, у такой справе яна б яму штосьці параіла ці хоць бы паведаміла штось. Яна ж, як мясцовая жыхарка, ведала тут усіх і, здаецца, умела разбірацца ў людзях. А людзі яму, мабыць, хутка спатрэбяцца. Без людзей у ягонай справе - пагібель.
        Рэшту таго дня ён патраціў на бабчыны чаравічкі і трохі прывёў іх да ладу. Для больш грунтоўнага рамонту патрэбны былі матэрыялы - скура, падэшвы, якіх ён не меў, і думаў, што з такім мізэрным запасам ягоная рамонтная справа хутка ўвапрэцца ў тупік. Чым тады ён будзе карміцца? Сядзець на ўтрыманні гаспадыні? Дажыўся бравы начбой Агееў, ці інжынер Бараноўскі Алег Кірылавіч. Ён зусім ужо стаў блытацца ў сваіх імёнах і не ведаў, якое з іх будзе для яго шчаслівейшым.
        Бабка прыйшла надвячоркам, калі ён, паставіўшы на краі стала чаравічкі, сукаў на запас дратву - для новага рамонту. Але больш заказаў у яго не было, ніхто да яго не ішоў, і ён, назапасіўшы дратвы, збіраўся вылазіць з-за стала. Мацаючы кіёчкам дарогу, бабка, нібы сляпая, збочыла з вуліцы і спынілася перад альтанкай.
        - Во, бабка, гатовы.
        - Гатовы? Дзякуй табе, галубок, дзякуй божаньку. Во за труды твае з беднай бабы.
        Яна беражна паклала на ражок стала складзены амаль да памеру паштовае маркі рубель і ўзяла чаравічкі.
        - Хай носіць на здароўе, - сказаў Агееў.
        - Ой дзякуй жа табе! Хай бог дасць здароўечка...
        Усё мармычучы словы падзякі яму і богу, яна выйшла на вуліцу, і Агееў узяў са стала рубель, разгарнуў яго. Во і яго першы грашовы заробак, падумаў ён іранічна. Калі так справа пойдзе і далей, прыйдзецца трымаць зубы на паліцы. Яму наўрад ці яны спатрэбяцца.
        Той дзень ён нічога не рабіў болей, нават не паеў у полудзень, хаця перад ім на стале ляжалі прынесеныя Марыяй гасцінцы, да якіх ён зрэдзьчасу вяртаўся ў думках. Ён прасядзеў на кухні да вечара, усё пазіраючы ў акно - ці не завітае хто ў двор. Сам ён не хацеў лішні раз без патрэбы вытыркацца на людзі: заказчыкі яго не надта цікавілі - будуць дык будуць, а не, дык, можа, і лепей. У яго быў клопат больш пільны - ён чакаў каго-небудзь з лесу, ад Волкава ці Кіслякова, яму трэба было паведаміць пра новы паварот у ягоным лёсе. Але, як назло, да вечара ў двары ніхто не з'явіўся, не з'явіўся і ўвечары.
        Калі ўжо цалкам сцямнелася і над мястэчкам усталявалася ноч, ён паблукаў па двары ў цемры, паслухаў і маркотна патупаў у свой застаронак.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.