РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Моладзь ідзе
...
        Успамінаюцца страшэнна цяжкія варункі прыцы на беларускай вызваленчай ніве ў час панаваньня ў нашай краіне расейска-царскага самаўласця.
        Не гаворачы ўжо аб гэтым панаваньні да 1905г., але нават і пасля рэвалючыі гэтага года здзек вісеў над усім чыста, што светлае, вольнае, беларускае, і душылася кожнае праяўленьне беларускай нацыянальнай самабытнасьці.
        Помніцца, калі ў рэдакцыю у тым часе адзінай беларускай часопісі “Наша ніва” ўрываліся жандармы і “ахраньнікі”, здзекваліся над людзьмі, працуючымі тады, забіралі рукапісы і ўрэшце цягнулі ў вастрог у нічым не віноўных людзей.
        І гэтыя людзі мучыліся, працавалі, аддавалі ўсё сваё найлепшае здароў’е, жыцьцё за беларускае вольнае слова, за беларускую светлую справу.
        Жылі- як і дзе папала ў падвалах, халодныя і галодныя, нажывалі сабе сухоты і іншыя галодныя-халодныя хваробы і да самае сьмерці не складалі аружжа барацьбы за беларускую незалежнасьць.
        Жылі і ўміралі на стражы беларушчыны. Памёр М. Багдановіч, Цётка, Іван Луцкевіч і шмат інш. Памёрлі яны, палаючы да апошніх скону хвілін вялікай сьвятой ідэяй.
        І вось праца гэтых людзей, праца у страшэнна пякельных варунках, калі кожнае жывое беларускае слова расейскі ўрад лічыў праступствам, так што нават начальнікі “вучэбных” вокругаў рассылалі цыркуляры, каб барані Божа народныя настаўнікі не чыталі беларускай газеты “Наша ніва”,-гэта праца лепшых беларускіх людзей над падняцьцем сваёй роднай культуры не была дарэмна.
        Калі параўнаць часы беларускага нацыянальнага руху ў перыядзе 1905-1917 гадоў і часы пасял расійскай рэвалюцыі 1917 года, дык гэта адно да другога не падобна, як зямля да неба.
        Але гэта адначасне паказвае, як кінутае здаровае зерне дарма не прападзе.
        Тое, што рабілася ў нас адкрыта ў гады да рэвалюцыі 1917 года, вылілася шырокай хваляй пасля гэтай рэвалюцыі.
        Сягодня кожны, каму не атуманіла расейская і польская рэвалюцыя мазгоў, адчуе і зразумее, які шырокі размах прыняла наша справа над адбудаваньнем сваёй незалежнай Бацькаўшчыны!
        Цяпер браты, ідуць сыны беларускіх мужыкоў, ідзе наша беларуская моладзь!
        Сягодня ў нас творыцца армія, творыцца рукамі гэтай самай гарачай беларускай моладзі, свараюцца па гарадох, мястэчках і ыёсках беларускія нацыянальныя камітэты, усё рукамі той жа самай беларускай моладзі; нацыянальнае беларускае жыцьцё пачынае кіпець, палаць праўдзівым, вечным і жыватворным полымем.
        Мы жывем і будзем жыць, бо з намі і беларуская вёска.
        Тут навет, скажу для прыкладу, недалёка ад Менску, у вёсцы Блонь,каторая калісь належала да двара вядомага расійскага эсэра п. Бонч-Асмалоўскага, сяляне-беларусы не забылі ўсяго свайго роднага. У іх цяпер наладжаны беларускі прасветны гурток, які працуе над усведамленьнем сваіх аднасельцаў, наладжвае беларускія прадстаўленьні і г. п. Ды і сотні такіх прыкладаў паказуе, як гэта наша моладзь пачынае сама па сабе, не раз абмацкам, нацянькі будаваць сваё роднае, светлае, народнае жыцьцё.
        Але што цікавейшае: перада мной ляжыць беларуская часопісь “Наша каляіна”. Выдана яна ў слуцку! Слуцак-павятовы гарадок-куды яму, задавалася бы, лезьці ў людзі, ды яшчэ з сваёй газетай! Аднак палез. Беларуская душа, як мы бачым,-жывучая, творчая, як яе ні заганяй у казіны рог, а яна збудзіцца і затрапечацца. Мала таго: гэта часопісь з’яўляецца органам беларускай нацыянальнай злучанасьці “Кветка папараць”, каторая сваю чыннасьць пашырыла на ўвесь Слуцкі павет і навет далей, за яго межы.
        Гэта, папраўдзе, як і ў песьні спяваецца:
        А ў Слуцку на рыначку сталася праява…
        Так, сябры, гэта вялікая праява!
        Адбудаваньне незалежнасьці Беларускай дзяржавы бярэ ў свае рукі наша моладзь.
        Чэсьць і слава табе, беларуская моладзь. Паўстаючая з-пад беларускай саломеннай страхі!
        Ты сама сваімі рукамі адбудуеш сабе і сваім патомкам лепшую і сьвятлейшую будучыню.
        Набок з дарогі, панове і гаспадар з Захаду і Усходу!
        Беларуская моладзь ідзе!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.