РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Яўгенія Янішчыц
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Зорная паэма
I
II
I
Мой родны кут, як ты мне мілы...
Якуб Колас
 
Сьветла. Птушынай радні адгалоскі.
Травы ў празорай расе.
Як скарачаецца шлях мой у вёску! —
Нібыта вецер на крылах нясе.
Што там сягоньня ў сусьвеце і ў сьвеце:
Войны? Радзіны? Салют?
Сэрцу збалеламу ёсьць на прыкмеце
Белабярозавы кут.
Шчодра ў барозны засыпаны зёрны.
Вечнасьць пульсуе быстрой.
Я разьвінаю дасьвецьце.
                                                 А зоры —
Кожная! — ветлай сятрой.
Вокнаў ліштва і варотцаў узоры,—
Край на умельцаў багат.
Сьвецяць на хатах фанэрныя зоры —
Душы айчынных салдат.
Ў гэтай зямной і зялёнай купелі,
Дзе і казюрка да сонейка мкне,
Татачка,
                      нагаварыцца не ўсьпелі!
З помніка ты усьміхаешся мне.
Полем сівых перапёлак і бою
Ходзіць балюча — ахоўны твой цень,
Толькі душа скаланецца ад болю:
Жыта на мінах дагэтуль расьце!
Дзятлік-урач і вавёрачка рыжая,
Вецер гаркавы, як пах буякоў.
Можа,
            хоць тут ані згадкі пра хіжасьць
I дэмагогію спрытных дзялкоў...
Зоры лясныя і зоры азёрныя!
Цягнецца ў неба любові вярста.
Сына вязу, каб спрадвечнае, чорнае
Працы, як дзед яго, мужна спытаў.
Сьцежка ў маленстве віруе, вяртаецца
Між курганоў і шчымлівых бяроз.
Ўсё, што забылася — успамінаецца
I адгукаецца ў сэрцы да сьлёз.
 
Цёплымі промнямі дзень запарушаны.
Чуйнай зязюляй аклікнецца бор.
...Сад мой дзіцячы — калючая груша,
Бабка Луцэя ды сіні прастор.
Пахне аерам на Сёмуху ў хаце,
Ранак стрыжэ растрывожаны стрыж.
Будзіць на зорцы, шкадуючы, маці:
«Ягады, дзетка, няўзгадкі прасьпіш».
Першым сярпочкам парэзаны пальцы
(Доўга той боль заглушыць не магу!),
Жартачкі горкія: шустрыя мальцы
У інваліда сьцягнулі «нагу».
Думаю: як жа ён будзе, збалелы?
Стане як потым ступаць на зямлю?
Толькі сьмяецца баец асівелы:
«Лепшую заўтра, паганцы, зраблю!»
Нібы снапкі на падлозе паснулі
Дзеці,
             хоць стол іхні — гол як сакол.
Пяцера сірат у цёткі Настулі,
Цётка Настуля — жняярка і вол.
Ды не сумуюць панікла вяскоўцы:
Ў кожнага, нібы жар-птушка ў душы,
Чуеце? — сыплецца рэхам па вёсцы
Грайка-гармонік, хоць іскры тушы:
          Хлопцы ўсе гуляць ідуць,
          А мне нечага абуць:
          Лапці новыя згарэлі,
          І страхоўкі недаюць.
 
...Што ж там сягоньня ў сусьвеце
                                                                        і ў сьвеце?
Кожная болька — радня.
Новыя зрухі пайшлі ў «сельсавеце»,
Хоць і Загразкіна ў ім старшыня.
Час расхінае мярэжы і межы,
Мае празорцаў сваіх, дактароў.
Вырасьлі новыя ў вёсцы катэджы
Заміж былых агароджаў-двароў.
Шыферам новая вёска накрыта,
Мудрым нашчадкам сьпяваць ды расьці!..
 
З гускамі век дажывае Харыта,
Ў дом састарэлых не хоча ісьці.
Скажа паштарка мне ў ціхім дакоры,
Нібы прад’явіць віну:
«Дзеці рассыпаны, нібыта зоры,
Згоркне — на неба зірну».
Дзеці цярплівае маці-прыроды —
Лёгкія мроі, нязбытныя сны,—
Хто нам пасьведчаньні жывёлаводаў
Выдаў за клас выпускны?
Ах, як разьбегліся ўсе адмыслова
Як найхутчэй з-пад бацькоўскіх апек!
Любім на словах. Бунтуем на словах.
I славасловім праграмны наш век.
Цывілізацыі зорная з’ява
Зь векам раскошным ідзе неўпапад.
Грукнула ў сэрцы глухая аб’ява
На замяшчэньне вакантных «пасад»:
 
1. Старшыні (убытачнага калгаса)
2. Вартаўніка жывёлагадоўчай фермы —
(хоць бы на час ацёлу кароў)
3. Клубнага работніка (які б разьбіраўся
не толькі ў замежным рэпертуары)
4. Прадаўца сельмага (які б падманваў
пакупнікоў не больш хаця б чым на 1—2 кап.)
5. Конюха (які шануе жывёлу не менш,
чым уласны аўтамабіль)
6. Механізатараў (6 чал.)
7. Даярак (8 чал.)
8. Даглядчыкаў цялят (4 чал.)
9. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
 
Прагне зямелька пляча абароннага,
Просіць за бульбу, за лён і траву.
Грэшна вініць мне кагосьці староньняга,
Бо і сама без выгод не жыву!
Сэрца ў бянтэжным адчаі зайшлося
(Мушу радкі прыгадаць!),
Толькі Анэткам маім і Антосям
Часу нямашка чытаць.
Маміна доля з вайны калядуе,
Але ні разу не ўчула я ўсхліп.
Думная, чыстасардэчна бядуе:
«Высах калодзеж, хоць жыта насып».
Губы апёкшы на малацэ,
Мовіць сівы засмучоны дарайца:
«Бусел — ці чулі? — палюе на зайца!
Скончыўся жабін канцэрт.
А то дажджы як зь вядра. Недарод.
Засуха б’е па прагнозах зачаста,
Мала цяпер хадакоў у народ,
Болей цяпер хадуноў у начальства».
Сьвеце мой гостры, адчужаны, блізкі —
Бура з зацішкам і з полымем лёд.
А у канторы —
                           прыпіскі,
                                                        адпіскі, —
Трэці бухгалтар зьмяніўся за год.
Вучаць сардэчнасьці кнігі, экраны,
Ды не зьнікаюць паклёп і падман.
Горка: канаюць вайны ветэраны
Часта зусім не ад вогненных ран.
Льецца ялей, як вадзіца праз рэшата,
Век папяровы: «прадаць — купіць».
А ці пазбыта сумленьне дарэшты,
А ці дзяржава скрозь пальцы глядзіць?
Іншыя, звышвыкшталцоныя цацы
Ўежна ядуць, але долю клянуць:
(Не пасьпяваюць за модай угнацца!)
Не пасьпяваюць даяркі заснуць.
Сіла зямлі — мнагадзетныя маці
Не пасьпяваюць прыбраць-згатаваць;
Не пасьпявае спартыўная брацьця
На чамаданах наклейкі мяняць.
Брата адзежына мокне ў салярцы,
Слушна дапёк мяне, негаваркі:
«Дайце належную ўвагу даярцы! —
Хай пачакае там пэцкаль які!»
Блізенька сядзем, сялянкі і дамы,—
Зблізіцца, ох, як пара,
Можа, таму, што гадамі-радамі
Людзі счакаліся Гаспадара!
Рукі да рук — як нястомныя кросны.
Здолеем выткаць наш лёс.
Час высакосны і боль высакосны
Ў сьвеце ваенных пагроз.
Маці-краіна! Краю мой мілы:
Брату паможаш, сам не з’ясі.
...Бачыш, сыночак, дзьве сьвежых магілы?
Дык папасі ты і за Гаўрылу,
За Міканора кароў папасі!
Жэўжык мой лёгкі, як вецер у жыце,
Сьветлай прыроды забава — хлапчук,
Дроў насячы сьсірацелай Харыце,
Каб гартаваўся надзейны плячук.
Мо па-жаночы прашу цябе сьлёзна,
Але хачу, каб запомніў урок:
Заўтра любіць — памагаць будзе позна,
Людзі, як зоркі, згасаюць, сынок.
Зь веку іконнага аж да нэйтроннага
Нашага смутку не гасьне імша.
Сыне,
             ў халёнага, хамэлеоннага,
Прыстасаванага і не ўлюбёнага
Ў нашу зямлю — не уздрыгне душа.
 
Круціцца, нібыта жорны, планэта.
Сьмерці зьмяючай зацята пятля.
Плуг аратая і ліру паэта
Ты уздымі над сабою, зямля!
Крышыцца, нібыта жорны, планэта,
Людства гудзе, нібы пчолы з вульля.
Покуль не чорныя воблакі — сьветла!
Сьветла, пакуль зелянее зямля.
Сьветла ад лотаці ў завадзі збросьнелай.
Коні шукаюць ракі.
Крылы ў адных разьвінулі нябёсах
Ястрабы і жаўрукі.
Край нездарма сінявокім завецца —
Сіне і сьветла душы.
Выпаўзьлі з нораў на сонцы пагрэцца
Яшчары і мурашы.
Сонечна. Сьветлараскрылена. Весьне.
Ранак. I раньне жыцьця.
Чую! Ня змоўкла радзімая песьня —
Сьпеўна жанчына люляе дзіця.
Бусьлікаў сьветлых крыляе дружына.
Вецер гульлівы сядлае каня.
Да вадапою знаёмай сьцяжынай
Ціха ласіха вядзе ласяня.
Мілы мой сын, залатая малеча, —
Почыркам ясным пішы!
 
Сілай адной зьнітаваны навечна
Прашчуры і мурашы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.