 | 0 ПРЫГАЖОСЬЦЬ – ГЭТА... |  | У тую пятніцу да звычайнага шэрагу рэчаў, што зьзялі ў ультрафіялеце танцполу – белай вопраткі, штучных караляў і ўсьмешак мурынаў – дадаліся ейныя сьлёзы. Спэцыялісты, прысутныя ў той момант у найлепшым начным клюбе аднаго з буйных адміністрацыйных цэнтраў Усходняй Польшчы, нават паспрачаліся аб прыродзе гэтага рэчыва: – Гэта кумыс, – сказаў асьпірант Эўразійскага гуманітарнага ўнівэрсытэту імя Л. М. Гумілёва (Астана, Казахстан); – Гэта спэрма, – сказаў вядомы польскі порнафатограф Кшыштаф Паняводзкі; – Гэта колгейт, – сказаў фотагенічны стаматоляг з Гомеля; – Гэта жомчуг, – сказаў Тубі, нырэц з абтоку Шры-Ланка. Гэтыя чацьвёра былі ўдзельнікамі ІІІ міжнароднай канфэрэнцыі эстэтаў і прайдзісьветаў. У гэтым годзе канфэрэнцыя мела назву “Чым ёсьць прыгажосьць?” і была прысьвечаная 80-годзьдзю з дня нараджэньня Мэрылін Манро. Паводле задумы арганізатараў, першы дзень канфэрэнцыі праходзіў у Чорнай сынагозе, помніку гатычнай архітэктуры XIII стагодзьдзя; другі дзень канфэрэнцыі праходзіў у Цэнтральнай гарадзкой бібліятэцы імя Адама Міцкевіча; трэці дзень канфэрэнцыі праходзіў у падворку драўлянага дамка бацькоў аднаго з арганізатараў. Паводле задумы арганізатараў, усе гэтыя будынкі былі вельмі прыгожыя. – Прыгажосьць – гэта калі мама прыходзіць з працы, і блякнуць зоркі сусьвету, і ня ведаюць, ці застацца, – сказаў падчас свайго выступу Тубі, сірата. – Прыгажосьць – гэта незалежнасьць, – сказаў, адказваючы на пытаньне, порнафатограф Кшыштаф Паняводзкі, дысыдэнт. – Прыгажосьць – гэта гета, гэта вочы габрэйскіх дзяўчат з агату, гэта многа апалягетаў Цыёну і Б-га багата, – сказаў падчас кофі-брэйку стаматоляг з Гомеля, грамадзянін Ізраілю. – Прыгажосьць – гэта, – сказаў асьпірант Эўразійскага ўнівэрсытэту, дасьледнік Льва Гумілёва, падчас вечарынкі ў клюбе, паказваючы на ейныя сьлёзы. У тую пятніцу да звычайнага шэрагу рэчаў, што зьзялі ў ультрафіялеце танцполу, дадаліся ейныя сьлёзы. Спэцыялісты нават паспрачаліся аб прыродзе гэтага рэчыва. І толькі дамавікі, у 24 гадзіны выселеныя спэцназам з д’юці-фры, ліквідаваных на ўсіх аўтамабільных і чыгуначных прапускных пунктах на ўсходняй мяжы Эўразьвязу, дамавікі, што раней папраўлялі пустышкі ў сьне афіцэрскім дзецям на пагранзаставах, дамавікі, што, чакаючы далейшых загадаў начальства зьнізу, пакуль падпрацоўвалі тут, прыбіраючы пасьля вечарынак, дамавікі, што асьцярожна лізалі ейныя шчокі, калі ніхто ня бачыў, – ведалі: гэта быў бэйліс, чысты ірляндзкі бэйліс. Нават Ісус устрымаўся казаць Пілату, у чым ёсьць ісьціна. Заграб, Скоп’е, Белград, Падгорыца. Любляна, Сараева, Прышціна.
|