РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гусьляр
 
*** Я нясу вам дар...
 
Гусьляр
 
Сяброўцам па долі
 
Прывітаньне
 
Гусьлі-самаграі
 
Жальцеся, грайкія струны...
 
Вецер, і сокал, і я...
 
Песьня і сіла
 
Адгукніся, душа!..
 
Шчасьлівасьць
 
К зорам
 
*** Дарогай змучаны далёкай...
 
Наша мінуўшчына
 
А як мы з хаткі выходзім...
 
Зь песень жыцьця
 
Безьзямельныя
 
Сядзь тут, пад крыжам...
 
А як нам зоркі загаснуць...
 
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
 
Зьнямога
 
За годам год
 
*** Як вазьму жалейку ў рукі...
 
Думка
 
Мае думкі
 
Да сваіх думак
 
З думак маркотных
 
Як тут весела сьпяваці?
 
Смутна мне, Божа!
 
А хто маю долю пойме?
 
Выйду, выйду...
 
На могілках
 
Сірочая доля
 
Над калыскай
 
На дудцы
 
Зь песень аб мужыцкай долі
 
Крыжы
 
Памаліся...
 
Бяседа
 
З гора ды зь бяды
 
Песьня-казка
 
Голуб і дзяцюк
 
Песьня
 
Не жалейка йграе...
 
Было гэта...
 
Дзяўчынцы
 
Падыйдзі...
 
Пакахай мяне, дзяўчынка...
 
Песьня
 
З кірмашу
 
Хатка
 
Поле
 
Вясна
 
Вясеньняя раніца
 
Лета
 
Пятровы час
 
Завітаў Пятрок...
 
Ночка
 
Стужа збліжаецца
 
Зазімак
 
Зімой у лесе
 
Кат
 
Курганы
 
Памяці С. Палуяна
 
Прафэсару Б. Эпімах-Шыпілу з Новым 1910 годам
 
О. М. Пяшчынскаму
 
Памяці Т. Шаўчэнкі. 25 лютага 1909 г.
 
Замкавая гара. Зь віленскіх абразоў
 
Кругаварот
 
Мая хата з краю
 
Сьвятая праўда
 
Чары
 
Бот і лапаць
 
Два браты
 
За чужую елку
 
Шчасьце
*  *  *
Я нясу вам дар
Братніх скіб і сяліб,
Смутных сосен і ліп,
Думак дар, сэрца жар, –
Вольных, звонкіх песень чар.
      Гэй! нясу вам дар!
      Гэй! гэй! гэй!
 
Хай жа песьня ўсюды льецца,
У сэрцах вашых адгукнецца,
Зьзіханецца, ўскалыхнецца,
      Як звон той,
      Як свой!
 
А хто брат мне тут і друг,
Ладзь-наладзь душу і слух
I за песьняй думкай скоч
Там, дзе Нёман, Дзьвіна, Буг
Точаць наша поле, луг,
Дзе шумяць у сьвет далёкі
Белавежа, Налібокі
      Дзень і ноч,
      Думкай скоч!
 
Прымі дар, сэрца жар,
Вольных, родных песень чар!
      Гаю, гаю, гэй!
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Гусьляр
Гэй, гусьляр, гусьляр!
Ты удар, удар
      Па струнах-званах,
Дай нам зь песень дар,
Дум вялікіх чар,
      К сонцу зорны шлях,
Дай, гусьляр, гусьляр!
 
Дзе залёг абшар
Курганоў – ахвяр,
      Сей, засей прасьвет.
Ты слуга і цар,
Ты – дудар-званар, –
      Чуе, знае сьвет...
Эй, гусьляр, гусьляр!
 
Перавалы хмар,
Цемру, зводы мар
      Выжый звонам струн;
Як вялік і стар
Сьвет, зямлі папар,
      Ты ад гумн да гумн
Запануй, гусьляр!
 
Дай паходням жар,
Лінь жыцьцё ў бор-яр,
      Не мінай акон;
Строй ваякаў шар,
Кроў сагрэй, як вар,
      Сказам новых дзён...
Грай, будзі, гусьляр!
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Сяброўцам па долі
Покі маю ад сэрца патолі,
      К нам нянавісьць грудзей не крываве,
      Думы рвуцца і к шчасьцю, і к славе, –
Я слуга ваш, сяброўцы па долі.
 
Свойскай песьняй у слоў родных цьвеце
      Я хачу, што ў душу мне нагоне,
      З вашых хат, з вашых спочаных гоняў,
Вашу долю, нядолю апеці;
 
Несьці пад саламяныя стрэхі
      Ва ўсё веру, што шчасьцем быць можа,
      Што надзеі цьвісьці дальш паможа;
Эй, хачу быці рэхам пацехі!
 
I во ў гэтакай службе, паходзе,
      П’ючы сьлёзна жоўць крыўдаў, прытыкаў,
      Платы з вас не жадаю вялікай,
От, іскрынку прывету – і годзе!
 
А сканаю, злучуся зь зямлёю,
      Вы курган мне насыпце высокі,
      Бо, як будзе мой дол неглыбокі,
Не знайду і па сьмерці спакою.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Прывітаньне
Зноў я з вамі, са сваімі,
      Мілыя сяляне!
Будзем разам спатыкаці
      Ночку і сьвітаньне.
 
Станем разам у парадак
      З плугам на папары
Спольна скібіну варочаць,
      Нажываць загары.
 
Над работай непрыдумнай
      Вясковай пакоры
Будуць здаля баяць байкі
      Хвойкі, ясакоры.
 
Скіба ў скібу, гоні ў гоні
      Высьцелем надзіва;
Ляжа зерне, ўзойдзе колас, –
      Узрастай шчасьліва!
 
За плугамі за сваімі
      На прасторы Божым
Чыстым сэрцам, вольнай думкай
      Песьню-казку зложым.
 
Пойдзе плавам песьня-казка
      Ў сьвет аб нашай славе,
Дзіву дасца сьвет вялікі
      Гэтакай праяве.
 
Хай сьвет знае, што патрапе
      Без чужых прымусаў
Беларуса праца, сіла,
      Сэрца беларуса.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Гусьлі-самаграі
Як зайгралі, загудзелі
      Гусьлі-самаграі,
Панясьліся, паляцелі
      Песьні па ўсім краі.
 
Ад паляны да паляны,
      Ад бора да бора
Плыве голас неўніманы,
      Як бы хвалі мора.
 
Аб вялікай аб старонцы,
      Беларусі-маці
Жальба страшная бясконца
      Ўсё чуваць-чуваці,
 
Як душы таёй пакутнай,
      З-пад магільнай пліты
Гоман веча ў гусьлях чутны,
      Чутны звон разьбіты;
 
Хоць разьбіты, хоць забыты, –
      Для ўсіх зразумелы,
I ад сьвету аж да сьвету
      Слухае сьвет цэлы.
 
Плачуць, жаляцца спрасоньня
      Гусьлі-самаграі,
Аж, здаецца, пушча стогне,
      Курган уздыхае.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Жальцеся, грайкія струны...
Ліра зьмірае ў спакою,
Губіцца струнавы звон;
Лірнік, чапніся рукою –
Творыцца песень мільён.
 
Жальцеся, грайкія струны,
Рэхам расходзьцеся ўдаль!
Гэткі сьвет ярмен і сумны,
Гэткі паношыцца жаль!
 
Сэрцу нясіце зьлягчэньне,
З пут вызваляйце душу,
Новыя ліце праменьні
Ў сонную быту глушу!
 
Ліце прызыўныя чары,
Жыўчую думкам ваду,
Высельце буднасьці мары,
Духаў благіх чараду!
 
Ціхаму кроўнаму полю,
Сьлёзьмі абмытай зямлі,
Вызваньце лепшую долю,
Лепшыя, скарбныя дні!
 
Сьцежку хутчэй ідэалам!..
Квецься, палай, хараство!
Куйся, зарнічная хвала,
Вечная радасьць, дабро!
 
Ліра пяе ў непрывеце;
Жаліцца лірнік адзін...
Гэй жа, далей зь беспрасьвецьця!
К сонцу з пакутных нізін!
 
1909
 
 
 
 
Вецер, і сокал, і я...
I вецер, і сокал, і я –
Сыны адной долі-жыцьця,
Наводзім маркотныя мы
I думы, і песьні адны.
 
*

Разьняў вецер крыльлі свае,
Ляціць, і шуміць, і пяе;
Пяе а свабодзе сваей,
Пяе а няволі людзей.
 
*

Як вецер, і я б так ляцеў,
Як вецер, аб тым самым пеў,
Як вецер, свабодны мой дух,
Хоць рукі закуты ў ланцуг,
 
*

Пад зорамі сокал завіс,
Глядзіць па-арлінаму ўніз.
Там сокалу сьвету ня жаль;
Мілей яму небная даль.
 
*

Як сокал, і я б мкнуў да зор:
Там сонца, раздольле, прастор;
Бяз жалю б пакінуў зямлю,
I хатку, і долю сваю.
 
*

I вецер, і сокал, і я –
Сыны адной долі-жыцьця;
Наводзім маркотныя мы
I думы, і песьні адны.
 
[1906–1907?]
 
 
 
 
Песьня і сіла
Дайце разгону, прастору
Дрэмлючым песьням і сілам, –
Дрогне запор наймацьнейшы,
Мы ўскалыхнём і магілай.
 
Продка адвечную думу
Праўнук санлівы пачуе;
Што ўзяць курган нам маніўся,
На кургане адбудуем.
 
Шлях залаты працярэбім,
Зорна ўзьнясёмся ў высоты
Вышай няпраўды, няславы,
Вышай пакутных балотаў.
 
Моц сваю сьвету пакажам...
Зьдзіўляцца старцы і дзеці:
Што знача песьня і сіла!
Што знача вельмі хацеці!
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Адгукніся, душа!..
Адгукніся, душа, песьняй звонкай грымні!
      Няхай песьня зь віхрамі памчыцца.
Ў братніх сэрцах няхай разгарацца агні.
      Думы новай пальюцца крыніцай.
 
Ад зары да зары па радзімай зямлі
      Зацяганыя людзі снуюцца,
I гаруюць яны, рэдка шчасны калі,
      З чорнай доляй змагаюцца, б’юцца.
 
Зь іх жыцьця без жыцьця, зь іх бяднот і цямнот
      Карыстае бяспуцьце, як можа;
I ніхто ж не жалее, як вечных сірот,
      Ні свой брат і ні ты нават, Божа!
 
Жальбаў слухае іх толькі шум баравы,
      На іх мукі глядзяць толькі зоры.
Адгукніся ж, душа, на іх стогн векавы!
      Задрыжыце, даліны і горы!
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Шчасьлівасьць

Прысьвячаецца п. В. Самойла

 
Мець бы мне крыльлі саколія,                 
      Мець бы мне волю зарніцаў,
К нізям ня рваўся б ніколі я.
      З высі б глядзеў на зямліцу.
 
Птахам свабодным пад зорамі
      Лётаў бы шпарка над сьветам,
Па-над далінамі, горамі;
      Шчасьце сьвяціла бы мне там.
 
Вокам начніцы прагледзіста
      Ў тайнаў сягнуў бы заставы,
Быў бы сам даляй нязьведзістай,
      Даляй свабоды і славы.
 
Песьняй душы ўзрывы чыстыя
      Лінуў бы ў сьвет на прывольле;
Слухалі б зоры агністыя,
      Вецер бы ўторыў на доле.
 
Зможаны ж гібелі сілаю,
      Век рвучысь далей і далей,
Хмарка была б мне магілаю,
      Зоры памінкі б спраўлялі.
 
Вось і па сьмерці зь зямліцаю
      Знацца ня трэба ўжо будзе...
Быці, ой, гэтак! – крыніцаю
      Радасьць плыла бы мне ў грудзі.
 
Дуньце ж, о віхры прывольныя!
      Путаў ня дайцеся сіле,
Вырвіце думкі нядольныя,
      Дайце мне волю і крыльле!
 
[1906–1910]
 
 
 
 
К зорам
К зорам агністым, к прывольлю нябеснаму,
      Вырваўшы зь ціны жыцьцёвай душу,
Мчыся, ня дайся цярпеньню балеснаму,
      Горда пакінь земляную глушу!
 
К зорам, што так над табой разгараюцца
      Льсьніста ў мільённай па небе сяўбе,
Рвіся, хай думы прабіць цьму стараюцца:
      Там херувімы спаткаюць цябе!
 
Песьні там, духамі зораў ствараныя,
      Будуць душу весяліці тваю;
Думна ўзьнясесься над нізяй туманнаю.
      Рдзеці дасі там прывольля агню.
 
З зораў, з-пад неба ўсё быцьце зямельнае
      Проймеш паглядам цікавым наскрозь;
Бачыці будзеш – з жыцьцём неразьдзельныя –
      Крыўду, бяспуцьце, нянавісьць і злосьць.
 
Горна расстаўшыся з буднімі справамі,
      Тысячы ўздохаў пачуеш з грудзей;
Вызнаеш брата з рукамі крывавымі,
      З сэрцамі гадзінаў поймеш людзей.
 
Крыкі, пракляцьці пачуеш нязнаныя,
      Мукі старыя, стагнаньні цямніц,
Трупамі ўбачыш паляны засланыя,
      Сьлёзы сірот, удавіц, маладзіц.
 
Будзеш глядзеці на гэта ўсё дзікае,
      К зорам жа мчаціся будзе твой дух;
Будзе на сэрцы спакойнасьць вялікая
      Ўскросшым зь нізін, дзе Зьніч праўды затух.
 
К зорам агністым, к прывольлю нябеснаму,
      Вырваўшы зь ціны жыцьцёвай душу,
Мчыся, ня дайся цярпеньню балеснаму,
      Горда пакінь земляную глушу!
 
[1906–1910]
 
 
 
 
*  *  *
Дарогай змучаны далёкай
(А быў дзяніны таей склон),
Я лёг пад крыжам, і так лёгка
Заснуў, і гэткі бачу сон:
 
Я лесам шоў; якаясь змора
Вяла па ім мой сьпячы дух,
А лес быў цёмны, як дно мора,
Як мора дно, быў нем і глух.
 
Я заблудзіў, і страшна стала
Мне ў гэтай пушчы аднаму;
Ды бурай неба рагатала...
I ўздумаў я: памру вазьму!
 
Надзея зь вераю нямелі...
Тады, як зь неба ці зь зямлі,
Якаясь цень падходзе ў белі,
Такая, быццам знаў калі,
 
I кажа мне: «Чаго, сын міра,
Упаў так сэрцам і душой?
Я – песьня, а во мая ліра!
Бяры нас! Хочам быць з табой.
 
I страх жыцьця цябе аставе,
I бор пачне шумець жыцьцём;
Мы сьлед праложым табе к славе
Чаго жадаў, мы ўсё дадзём».
 
I дзіва! Блуд і страх мой зломан:
Лес прасьвятлеў, загаманіў,
Мне стаў паняцен пушчы гоман...
Тут я збудзіўся, недасьніў.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Наша мінуўшчына
Мы не жылі, як жывуць людзі,
Гасьцінцам шчасьця не хадзілі,
Ня зналі ўцехі нашы грудзі,
Вянкоў мы славы не насілі.
 
Мы ў паніжэньні, у вечным трудзе,
З днём кожным слабшыя на сіле,
Бясцэльна па калючай грудзе
Блудзілі, горасна блудзілі.
 
Быдлём асуджан быў валяцца
Сын свайго краю, родных межаў;
Калі ж хто ўздумаў прачыхацца,
Курган прыбавіў толькі сьвежы.
 
Хацеў хто песьняй адазвацца,
Глушыў хаўтурны воклік зь вежы;
Зь нягодай мусілі змагацца,
Як тыя вербы на ўзьбярэжжы.
 
[1905–1907?]
 
 
 
 
А як мы з хаткі выходзім...
...А як мы з хаткі выходзім,
Крыжам сябе абазначым,
Блудна вачыма паводзім,
Ці калі вернемся, ўбачым?
 
А як мы пойдзем па полі,
З намі, за намі нягода,
Па нашай ніве гугольле,
Па нашым поце урода.
 
А як пальецца ў пацёмках
Песьня за лесам, за борам,
Слухаюць елкі, сасонкі,
Лес толькі з намі гавора.
 
А як мы пойдзем гасьцінцам
З намі, за намі ўздыханьні,
Ў дзённай і ночнай часінцы
Блудзім і блудзім, як зданьні.
 
А як мы вернемся к брату,
Лепшай спытаем дарогі,
Маем пацехі багата:
Тыя карчомкі, астрогі.
 
А як на неба мы глянем,
Дзе дрэмлюць сонца пажары, –
Ані тых зор, ні сьвітаньня,
Хмары, і хмары, і хмары...
 
А як да могілак прыйдзем:
Крыж, каля крыжа бадылі,
I тут мы толькі увідзім,
Як жа здарма век блудзілі!
 
1909
 
 
 
 
Зь песень жыцьця
Нарадзіўся на долю-нядолю
Чалавек на багатым на сьвеце,
Ад пялёнак на волю-няволю,
Ад пялёнак бяз часу змарнеці.
 
Рос. Хадзіці наўчыла матуля,
У лазовыя лапці абула,
Апранула на скокі, на гулі,
Аж старая паціху ўсхліпнула.
 
I дала, ой, дала на дарогу
Крыжык, матчынай зьліты сьлязінай,
Бацька бацькаўску даў прасьцярогу;
Выпраўлялі так з хаты дзяціну.
 
І пайшоў ён, пайшоў шляхам знаным,
І пайшлі за ім сьпёкі, марозы,
І зажыў ён, зажыў князем-панам,
Не то жыў, не то п’ян, не цьвярозы.
 
Думкі родныя сьледам хадзілі,
Коні, волікі ўчылі пакоры,
Петухі на работу будзілі,
Сон наводзілі ціхія зоры.
 
Як устане, як пойдзе, бывала,
Пот-расіца і вымые чыста,
Сьлёз нап’ецца сваіх да адвалу,
Кроў свая ахарошыць квяцісьта.
 
Цягам так, пад апекай, пад шчырай,
Ні дзе даць, ні ступіць яму шагу,
З кута ў кут, з году ў год, як на вырай,
Пятлёй волен прагнаць голад-смагу.
 
Ой, жывецца на сьвеце, жывецца
Чалавеку так слаўна, так лоўка,
Аж і сьпіна штось гнецца, здаецца.
Затраслася, сьсівела галоўка.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Годзе! годзе! Ня ўсё, знаць, асіліў;
Зачыні ўжо сухія павекі!..
І злажылі няздару, злажылі
Ў дамавіне, ў магіле навекі.
 
I насыпалі насып жвіровы,
Крыж паставілі новы, яловы.
Гэй, ляжы з сваёй доляй-нядоляй!
Гэй, ляжы з сваёй воляй-няволяй!
 
[1906–1909]
 
 
 
 
Безьзямельныя
Жывём, забытыя людзьмі,
Пацех ня знаючы ні ў чом,
Крывавім сьцежкі мы сьлязьмі,
Ўвесь сьвет для нас магільным сном.
 
Ня нам вясна цьвіце, пяе,
Ні лета коласам шуміць,
Снапоў нам восень не дае,
Зіма нам толькі век гудзіць.
 
Глядзім на неба, на зямлю,
Ня раз з пракляцьцем на жыцьцё,
Аром мы ніву не сваю,
Дабро зьбіраем не сваё.
 
Хацінкі кут ня наш – чужы,
Ня наша ў поле стада йдзе,
О сэрца, колькі ні тужы,
Няма нам радасьці нідзе!
 
Раве мяцеліцай зіма,
Вясна залье паводкай сьвет,
Вады і сьцюжы нам няма,
Зжыліся зь імі змалку лет.
 
Наклаўшы зрыўкаў і ламоў –
Убор саміх і хат гнілых, –
З адных павыгнаны вуглоў,
Шукаць мы цягнемся другіх.
 
Худыя жонкі на вазах,
Пры жонках дзеці чарадой,
Мы самі ў зношаных лапцях
Ідзём за коньмі пехатой.
 
Ідзём – у вочы вецер дзьме,
З-за хмараў сонца не відаць,
Бяда, нуда прыгнула, жме,
Удушшам грудзі ўсё скрыпяць.
 
Эй, доля! Колькі мы разоў
Прасілі, клікалі цябе;
Ня йдзеш! Знаць, хтосьці зь сьвету зьвёў,
Ці хлеба мала ў нас табе?
 
Ці, можа, дзікай непагодай
Цягацца з намі надаела?
Начлег застрашыў невыгодай,
I ты там, доля, акалела?
 
Жывём, рассыпаўшысь па сьвеце,
I сьмерць сабраці нас ня можа,
Хаця і ўсякага прымеце,
Хаця і ўсякага абложа.
 
Хаця усякага з нас грудзі
Магіла жудкая прыдаве,
Над якой крыж паставяць людзі
На памяць нашай беднай славе,
 
Над якой вырасьце сасонка
I безьзямельных стогн пачуе,
I шумам, песьняю нязвонкай
Над намі хіба забядуе!..
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Сядзь тут, пад крыжам...
Сядзь тут, пад крыжам, сядзь, аддыхні!
            Змучаны, браце, дарогай!
Ты без аддухі многія дні
Шоў сіратою паміж людзьмі,
            Ждучы спачынку з трывогай;
 
І не знайшоў ты друга нідзе,
            Што запрасіў бы ў хаціну,
Дзе б ты забыўся аб горкай бядзе,
Што за табою з горам ідзе,
            Дзе б аддыхнуў ты часіну.
 
Дзе б табе далі цёплы куток,
            Каб не калеў на марозе;
Каб ня млеў, хлеба далі б кусок,
Веры і сілы дзе б ты, дружок,
            К дальшай набраў бы дарозе.
 
I не знайшоў ты хаткі такой;
            Дальш ісьці мала ўжо сілы;
Сядзь тут, пад крыжам, браце ты мой!
Тут як спачнеш ты з бурлівай душой,
            Дойдзеш лягчэй да магілы.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
А як нам зоркі загаснуць...

Прысьвячаецца п. В. Ластоўскаму

 
А як нам зоркі загаснуць,
Месяц ня зьменіцца болей, –
Прыйдзем да вечнага шчасьця,
Цемры к нам прыйдуць з патоляй.     
 
З глыб неразгаднага быту
Новае прыйдзе збаўленьне,
Ўсё нам памера, паліча,
Думкі разьбіты і церні.
 
А покі яснасьць старая
Будзе свае снаваць ніці,
З хаты да хаты ня кіне
Дух векавечны блудзіці.
 
Стукнецца ў шыбіны, ў сенцы,
Ўкіне свой кліч-заклінаньне...
Мы, падыходзячы к ночам,
Ждаць будзем новых сьвітаньняў.
 
А як на нашай на ніве
Крыўда гнязьдзіцца ўсё будзе,
Новыя выплывуць сілы,
Новыя к слаўнасьці грудзі;
 
Сэрцы ахвярна паложаць,
Насып насыплюць высокі,
I не пяройдзе той насып
Злыбеды цень бледнавокі!
 
А покі думка аб праўдзе
Ня ўзьдзене плесьні-сівізны,
Будзем нясьці свае ношы
К ціхім мальбішчам Айчызны.
 
Сьвежыя ўзьдзенуць нам кіры;
Мы ўжо таго не забудзем,
Што нам пры вечным скананьні
Ўсё, ўсё палічана будзе.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
З плачам думка-песьня льецца
Па замучанай старонцы,
З плачам рэха адаб’ецца...
      Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
 
Маці-ўдоўка, сірацінка
Паглядаюць у аконца, –
Дагарэла ўжо лучынка...
      Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
 
Пхнецца сьцежкай падарожны, -
Няма хлеба ўжо ў катомцы, –
Цэль далёка, зблудзіць можна..
      Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
 
Мужык з горам ляжа, ўстане,
Пляце байкі дзеткам, жонцы,
Толькі чутны уздыханьні...
      Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
 
Шнур бядак пахаў да поту, –
Марны ж колас на саломцы, –
Ні красы той, ні ўмалоту...
      Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
 
Безьзямельны згубіў долю,
Хоць шукай зь бяды ў палонцы;
Ні той хаты, ані поля...
      Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
 
Путы, катаргі, астрогі,
Сібір поўная бясконца;
Ні той праўды, ні дарогі...
      Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
 
З плачам думка-песьня льецца
Па замучанай старонцы,
З плачам рэха адаб’ецца...
      Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
      – Ці ты ўзойдзеш?
 
[1906–1909]
 
 
 
 
Зьнямога
Плача сонца маладое
Над планэтай над старою,
      Іскры сыплюцца цурком,
Што ня тымі пуцінамі
Ходзяць леты за лятамі
      Ў вечным зладзе з курганом.
 
Безнадзейна, бестрывожна,
Ціха, зважна, асьцярожна
      Хаос гнёзды ўе свае, –
Вара зельле-калатуху,
Пое, зводзе князя-духа,
      Перадыху не дае.
 
Сьвіты, захады крыляцца,
На адной таўкуцца кладцы,
      Цемра вабе згубным дном;
Плача сонца маладое
Над планэтай над старою,
      Іскры сыплюцца цурком.
 
[1909]
 
 
 
 
За годам год
За годам год, за родам род,
Што хвалі хмар, што плесьні вод,
Па зьменах зьмен, на ўсход, на сход,
За родам род, за годам год.
 
На ўсход, на сход ідзе-брыдзе
У чарах-снах, у злыбядзе...
Канца ні ў чым, канца нідзе,
На ўсход, на сход брыдзе-ідзе.
 
За бытам быт, за стогнам стогн,
За сьмехам сьмех, за сконам скон,
За векам век, за звонам звон,
За мглою мгла з усіх старон.
 
Ідзе-брыдзе за сьледам сьлед,
I ноч, і дзень, і цьма, і сьвет,
I песьні кліч, і сьмерці цьвет,
Ідзе-брыдзе за сьледам сьлед.
 
За годам год, за родам род,
Што хвалі хмар, што плесьні вод,
Па зьменах зьмен, на ўсход, на сход,
Ідзе-брыдзе на быт, на звод...
 
[1906–1909]
 
 
 
 
*  *  *
Як вазьму жалейку ў рукі,
            Як вазьму сваю,
За нішто тады ўсе мукі, –
            Граю ды пяю.
 
Што мне сьлёзы, што мне гора,
            Як пушчуся я?
Знае неба, сонца, зоры,
            Знае ўся зямля.
 
Вецер здоймецца, балесьне
            Шасьне па страсе, –
Гэта цешыцца ён песьняй,
            Песьню ў сьвет нясе.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Думка
Нудна ў думках Тамаша,
            Нудна, адзінока,
Рвецца сэрца і душа
            Недзе, эх! далёка!
 
Птушкай бы ляцеў, ляцеў
            Весела, разгонна,
Па-над хатку, па-над хлеў,
            Па-над бор зялёны.
 
Эх! ляцеў бы глянуць, чуць
            Неба сіне мора,
Як гуляюць, як жывуць
            Сонца, месяц, зоры.
 
Стуль, спусьціўшысь на сяло,
            Так туліў, туліў бы
Ўсё, ўсё чыста пад крыло:
            Брата, вёску, скібу.
 
I сказаў бы ўсё усім
            Аб нябеснай долі,
Аб вялікім шчасьці ў ім,
            Аб вялікай волі.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Нудна ў думках Тамаша,
            Нудна, адзінока,
Рвецца сэрца і душа
            Недзе, эх! далёка!..
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Мае думкі
Мае думкі, быццам кумкі,
Назаляцца любяць мне.
То стыдліва, то пужліва,
Тая ў яве, тая ў сьне.
 
Тая плача, тая скача,
Тая песенькі пяе;
Як зязюлькі-аздабулькі,
Думкі родныя мае.
 
Ходам-зводам за народам,
За братамі за маймі
Цераз гоні, цераз тоні;
I вазьмі ж ты іх, вазьмі!..
 
Дні, вячоры – полем, борам,
То ім жалю, то пацех...
Стужай стогнуць, бурай дрогнуць,
Сонца гляне – яны ў сьмех!
 
Як пры студні ў дзень нябудні
Кумкі гутарку вядуць, –
Думкі глянуць, не адстануць,
На язык усё бяруць.
 
Сяк і гэтак шмат, ох, летак
Акелзаць я іх хачу:
Прытыкаю, навучаю...
Думкі змоўклі, – я маўчу.
 
Ціха... ціха... Што за ліха?
Маю думкі – не пасьлед;
За манаткі – ды зноў з хаткі,
Зь ветрам, зь песьняй сып у сьвет!
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Да сваіх думак
Скажыце мне, думкі,
Гора-весялушкі,
Чаго вы прыціхлі,
Як увосень птушкі?
 
Чаго вы прыціхлі,
Чаго прынямелі?
Ці вы са мной, смутным,
Шчасьцейка ня мелі?
 
Ці вас, бедных, людзі
Міла не віталі
I вашую радасьць
Злосьцяй аплявалі?
 
Ці вас маё сэрца
Адчуці ня ўмела?
Ці вас мая доля
Скрыўдзіці пасьмела?
 
Эх вы, мае думкі,
Ўстаньце, ачуняйце!
Хоць вам мо і цяжка,
Як калісь, зайграйце!
 
Ня слухайце злыдняў
Казкі сьвету ўражай, –
Слухайце, што сэрца,
Што душа вам скажа!
 
Як звон гусьляў звонкіх,
Як арол на скале,
Голас ваш свабодны,
Голас ваш, як з сталі.
 
Дык іграйце ж, думкі,
Зь вераю шчасьліва,
Зьменным людзям, сьвету
На ўзгардасьць, надзіва!
 
[1906–1910]
 
 
 
 
З думак маркотных
Трудненька, ой, жыці
Ў беднасьці, ў глушы:
Замест сьмеху – сьлёзы,
Жаль нейкі ў душы!
 
Шчасьце не прыходзе,
Хоць дней клічу шмат;
Гора не ўцякае,
Хоць і выгнаць рад.
 
Песьню б вырваць з сэрца
I пусьціць на сьвет!..
Хай ляціць, хай знойдзе
Ласку і прывет.
 
Мо шчасьнейшай будзе,
Як я, сын бяды,
Можа, хто пачуе,
Запяе з нуды.
 
Можа, хоць бор цёмны
Рэхам адгукне,
Можа, вецер вольны
Заўтуруе мне.
 
Можа, ў небе зорка
Песенькі маей
Зразумее голас
I міргне ясьней.
 
Ночка ў тайных шэптах
Азьвецца хвальбой,
А можа, і людзі
Не пагардзяць ёй.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Як тут весела сьпяваці?
Як тут весела сьпяваці,
        Думкай весяліцца,
Калі ў беднай маёй хаце
        Сонца жыць баіцца?
 
Калі дзе ня йду, гаротны,
        Ня маю прывету,
Калі мой пагляд маркотны
        Ня бача прасьвету.
 
Чорнай долі суд няправы
        Не дае спакою;
Зоры шчасьця, зоры славы
        Ня льсьняць нада мною.
 
Не заходзе ка мне ў госьці
        Мілая пацеха,
Не нямее людскай злосьці
        Расшальное рэха.
 
Ў паніжэньні, ў паняверцы
        Жыцьця хвілі трачу,
Толькі плача маё сэрца,
        Песьня мая плача.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Смутна мне, Божа!
Смутна мне, Божа! Куды я ні гляну,
Куды ні мчуся з маркотнай душою,
Бачу, што шчасьця зары не дастану,
Бачу, што вечна ня знаць мне спакою.
 
Гляну на быт свой, што век не ўзьвяселіцца,
На змарнаваную моладасьць з гора,
Бачу, што трудна на долю надзеяцца:
Будзе так заўтра мне, як было ўчора.
 
Цяжка ў час буры сасонцы хістаціся,
Коласу зімку праводзіці ў полі,
Цяжка са шчасьцейкам быць і расстаціся –
Цяжэй жа шчасьця ня знаці ніколі.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
А хто маю долю пойме?
А хто маю долю пойме?
        А хто зразумее?
Хто мне гора сьлёз адойме,
        Хто нуду разьвее?
 
Ці журчаньнем ручаінка,
        Ці шумам чарэсьня,
Ці прыгожая дзяўчынка
        Удалою песьняй?
 
Ой, каб шчасьцейка мне даці,
        Няма такой сілы!
Дзён вясёлых мне ня знаці
        Да самой магілы...
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Выйду, выйду...
Выйду, выйду я з хацінкі
        Ў зялёны садок,
Пайду к грушцы пад галінкі,
        Пасяджу кусок.
 
Шуміць грушка нада мною,
        Трасуцца лісткі,
Душа поўна неспакою,
        Ў сэрцы жаль такі.
 
Навяртаюцца на вочы
        Сьлёзы, як раса,
Сьветлых думак гнаць ня хоча
        Моладасьць-краса.
 
Лятуць толькі думкі здаля,
        Хмурныя, як я.
Гасяць, давяць смуткам, жалем
        Прасьветласьць жыцьця.
 
Пяюць песьні, як з напасьці,
        Як восень, зіма,
Што ня жыць мне ў волі, ў шчасьці,
        Што долі няма...
 
Ой, ня рвіце сэрца мне так,
        Думкі! Трудна жыць!
Вазьму крыкну грозна гэтак, –
        Доля прыбяжыць.
 
Гэй, бяжы ты, гэй, ляці ты,
        Доля, да мяне.
Табой клічу пазабыты
        На яве і ў сьне.
 
Праўда думак: голас мрэ мой,
        Долі не чуваць,
Шуміць толькі грушка нема,
        Лісточкі дрыжаць.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
На могілках
Стаю на могілках і думу
        Ў сьлязьлівым сэрцы калышу,
Ганю ад жыцьцевага шуму
        Ў загробны край сваю душу.
 
Бягуць прыгасшыя зраніцы
        Па наспах, плітах і крыжох;
На ўсіх знаць смутак без граніцы,
        На ўсіх лет многіх парос мох.
 
Ляжаць зарытыя тут косьці
        Ваяк гаротных за жыцьцё,
Сышлі ў зямлю на вечны госьці,
        Сышлі пад дзёрнаў пакрыцьцё.
 
Эх! б’ецца, б’ецца хтось нямала
        Гаротна ў шчасьці, то ў бядзе;
Скасіла сьмерць – і ўсё прапала...
        Дзе гора, доля, думы дзе?
 
Усё ў халоднай сьпіць магіле
        Сном вечным, непрабудным сном.
О сьмерць! Хто дзе цябе асіліў?
        Ня йшоў, ня зьлёг пад курганом?
 
Ідуць усе, і я за ўсімі
        Сыду з нудой, бядой сваей.
Так цяжка жыць паміж жывымі!
        Ў магіле будзе мо лягчэй.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Сірочая доля
Цяжка сірацінцы
        Адзінокай жыць;
Доля-весялуха
        Зьнікуль не бяжыць.
 
За хатай і ў хаце
        Цярпіць сірата:
То мароз марозе,
        То золіць слата.
 
Бачаць маці, бацька
        Роднае дзіцё;
Ўбогую сіротку
        Хто ж убача, хто?
 
Ад брамы да брамы
        Йдзе, зьбірае хлеб,
Ручачку працягне, –
        Кожны глух і сьлеп.
 
Кожны насьмяецца
        Над беднаю ей,
Са зрэбнай кашулі,
        З лазовых лапцей.
 
Ой, цярпіш, сіротка,
        Ўсё жыцьцё цярпіш;
Пойдзеш у магілку, –
        Хто ж паставе крыж?
 
Хто, як ляжаш спаці
        Навекі ў зямлю,
Пацеры згавора
        За душу тваю?
 
Хіба гэты вецер,
        Што ў платах пяе,
Хіба з дажджом хмарка
        Сьлязу праліе.
 
Хіба ночкай зоркі,
        Што ў небе гараць,
Па сіротцы ўбогай
        Будуць бедаваць.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Над калыскай
Люлі, сьпі, мой сынку!
Годзе плакаць, драцца!
Зашануй сьлязінку:
Некалі прыдасца.
 
Глянуць зь неба зоры
На жыцьцё, на беды;
Пойдзеш ты з пакорай
Свайго бацькі сьледам.
 
Вырасьцеш, дзіцятка,
Сасьніне па вуха,
Будзеш дуж, мой братка,
Як мядзьведзь-маруха.
 
Толькі будзеш ніжай
Беднаты пакорнай,
Не пазбудзеш крыжа
Сваёй долі чорнай.
 
Сьцяжыну блудліву
Нойдзеш ты за хатай,
Зьмерыш сьвет шчасьліва,
Не спаткаўшы брата.
 
Сам скуеш ты путы
Гора векавыя,
Сам саўеш пятлю ты
На сваю ты шыю.
 
Сыдзе год за годам,
Сыдзе чарадою,
Буры, непагоды
Сьвіснуць над табою.
 
Ты з мучэньнем зжыўся,
Давядзе да рэшты:
Бедным нарадзіўся –
Бедным і памрэш ты.
 
Дык жа сьпі, мой сынку!
Годзе плакаць, драцца!
Зашануй сьлязінку:
Некалі прыдасца.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
На дудцы
Як жа можна ў маёй хаце
            Жыць долі,
Калі хлеба ёй ня хваце
            I солі?
 
З маёй хаткі пацех мала,
            Як з лому;
З страхі бура пазьдзірала
            Салому.
 
На падпорах сьцены, шульле
            Гнілыя;
Вецер чуць не перакуле,
            Як вые.
 
А празь нізкія аконцы,
            Як ночай,
Хоць бы глянуць ясна сонца
            Ня хоча.
 
Вясна з голадам прыходзе
            Заўсёды,
I благія шле разводзьдзе
            Прыгоды.
 
Летам – праца, пот сплывае
            Ракою.
Што засею – град зьбівае
            Бяз бою.
 
Прыйдзе восень, золка стане –
            Час цяжкі;
Па пустым таку б’е зраньня
            Цэп важкі.
 
А зімой завеі ў полі
            Гуляюць,
Хаўтуры па маёй долі
            Спраўляюць.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Зь песень аб мужыцкай долі
Чый шнур вузак, убог,
Недарос, недасох,
Лагі – мох, асака?
      – Мужыка!
 
Чыя ў працы за ўсіх
Не спачыне на міг
З мазалямі рука?
      – Мужыка!
 
Чыю хату віхор
Пахіліў, страху зьдзёр,
Зьбіў упору з тачка?
      – Мужыка!
 
Дзе чыйго ў край чужы
З роднай нівы-мяжы
Адарвалі сынка?
      – Мужыка!
 
Каго пан, чын, закон
Са ўсіх скубе старон,
Як на ўвязі ваўка?
      – Мужыка!
 
Чыя слава ўсягды
Не мінае бяды,
Турмы, торбы, шынка?
      – Мужыка!
 
Чыю песьню чуваць,
Як бы мае хаваць
На той сьвет бедака?
      – Мужыка!
 
Гроб-магіла чыя
Сьпіць на дне забыцьця,
Як бы змыла рака?
      – Мужыка!
 
[1906–1909]
 
 
 
 
Крыжы
Чуць мы Божы сьвет убачым
I да самай да магілы
Ўсё, як ёсьць, крыжамі значым,
Ці то міла, ці ня міла.
 
Як у хаце нарадзіўся,
«Бабка» крыжам прывітала;
Як у цэркве ахрысьціўся,
Крыж «кума» падаравала.
 
Як пайшлі дні маладыя,
Зноў бяз крыжа ані трошкі:
Дзе ні ступіш, крыжавыя
I гасьцінцы, і дарожкі.
 
Крыж баліць табе, бяднязе,
Ад той цяжкай ад той працы,
Накрыж латы у сярмязе,
Накрыж дзюркі ў тваёй хатцы.
 
Пальцы накрыж ты складаеш
Ад напраснай ад напасьці;
Крыжам злыдняў адганяеш,
Каб ад крыўдаў не прапасьці.
 
Доляй мучаны паганай,
Сьлед сьлязой пачнеш крывавіць;
Крыжам ляжаш распластаны,
На сваім абы паставіць.
 
Крыжам ляжаш за парогам
У той цэркве, дзе хрысьціўся,
Крыжам ляжаш перад Богам,
Каб цябе Ён не забыўся.
 
Так жыцьця крыж мусіш несьці,
Як дзяды твае насілі,
А як данясеш да сьмерці, –
Крыж паставяць на магіле.
 
1908
 
 
 
 
Памаліся...
Памаліся, старча,
За дабро, за збожжа,
Што сяўцоў сабою
Пракарміць ня можа.
 
Памаліся, старча,
За жывёлку-статак,
Што ідзе, рыкае
Каля дымных хатак.
 
Памаліся, старча,
За людзей, за нелюдзь,
Што ляглі, заснулі,
Што жывуць і дрэмлюць.
 
Памаліся, старча,
I за край свой родны,
Што гадкі кароце
Ў сіверах нязводных.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Памаліся, старча!
 
1909
 
 
 
 
Бяседа
Годзе маркоціцца, хлопцы, дзяўчаты!
            Дружна падходзьце к сталу, во сюды!
Будзем гуляці; шынкар наш багаты
            Дасьць чым пацешыцца, дасьць, як вады.
 
                        Гэй, грамадой
                        Засядзьма ў рад!
                        Свой ці ня свой –
                        Нам кожны брат –
            Будзьма адною сям’ёй!
 
За сваю родную мачыху-долю
            Вып’ем па чарцы, вып’ем усе!
Жыйма сягоньняшнім шчыра уволю,
            Плюйма на тое, што «заўтра» нясе.
 
                        Гэй, чаркі ў ход!
                        За долю п’ём.
                        Да дна ж... І вот
                        Тут за сталом
            Сонца спаткайма усход!
 
Нашы дарожкі, знаць, ліхай часінай
            Выбіты, церні бо скрылі і сьлед,
Пійма, палійма гарэлкай сьцяжыны –
            Ссохне мо’ зельле, узойдзе мо’ цьвет.
 
                        Гэй, ў добры час,
                        Пійма дружней!
                        Гульнём хоць раз! –
                        Хто можа, пей!
            Хай госьце радасьць і ў нас.
 
Віхры праціўныя веюць нам вечна,
            Сілы змагаюць, капаюць грабы,
Тут жа гуляем, пакуль што бясьпечна,
            Нуце ж! да чарак, да дальшай гульбы!
 
                        Гэй, не драмі!
                        Пі, хто ня п’ян,
                        Другім налі,
                        Ня будзь паган,
            Знай – і мы такжа людзьмі!
 
Сэрцы дрыжаць нашы, кроўю абліты,
            Грудзі пылаюць змучэньня агнём,
Рукі змазолены, дух наш прыбіты;
            Гэй жа! Ўсё гэта атрутай зальём...
 
                        Гэй, на прывет
                        Гэткіх прыкрас.
                        Наш тут абед,
                        Выступ-паказ!
            Хай дрогне зьдзіўлены сьвет!
 
[1906–1910]
 
 
 
 
З гора ды зь бяды
Гэй, хадзі ў карчомку,
Дружа малады!
Гарэлачкі вып’ем
З гора ды зь бяды!
 
Ўтопім долю ў чарцы
Хоць на час сваю,
Там табе я песьню
Гулка прапяю.
 
Чарачка-галубка
Шчасьця дадае
І сэрца, і думкі
Весяліць твае.
 
Пры чарачцы поўнай
Радасна ў вачах, –
I добрымі людзі,
І жыцьця ня страх.
 
I сябе пры чарцы
Ў крыўду б не даваў,
I за сваю б праўду
З кожным ваяваў.
 
I кроў маладая
Ў жылах закіпіць,
I дзяўчынку-сонца
Хацеў бы туліць.
 
Дык чаго марудзіш,
Дружа малады?
Хоць раз хадзі ўп’ёмся
З гора ды зь бяды!
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Песьня-казка
Гэй! далёка за морам за сінім
      Ёсьць адна старана, ёсьць адна,
А ў ёй князева дочка – княгіня,
      Сьвітазарай завецца яна.
 
Гэй! далёка за лесам, за борам
      Ёсьць адна старана, ёсьць адна,
А ў ёй князь у злацістым уборы,
      Срыбра б’е ад каня, ад сядла.
 
Гэй! далёка за хатай, за вёскай
      Ёсьць адна старана, ёсьць адна,
А ў ёй молад дзяцюк, бяды цёзка, –
      Ні ганораў, ні скарбаў няма.
 
Гэй і выйшла, ой! выйшла праява:
      I той князь, і дзяцюк той бядак
Спадабалі княгіню на славу,
      Спадабалі – і як яшчэ, як!
 
Не на рэчцы лялее вадзіца,
      I ня явар калыша лістком, –
Гэта кроў маладая бурліцца,
      Гэта сэрца пайшло хадуном.
 
I паехалі ўдвух яны ў сваты
      (Абодвум далей нельга так жыць),
I той князь, і дзяцюк небагаты,
      Сьвітазару за жонку прасіць.
 
Едуць дзень, едуць ноч, едуць доўга,
      Дзяцюк з той, а князь з той стараны;
Таму пнём, таму шляхам дарога;
      Яны едуць, і едуць яны...
 
Не арлы, сакалы на даліну
      Па дабычу-пажыву лятуць –
Два ўдальцы да аздобнай дзяўчыны
      Ў яе хорам цудоўны бягуць.
 
«Вот, княгіня, вот, наша ты пані!» –
      Яны кажуць абодва так ей:
«Няхай ласка твая на нас гляне,
      Няхай выбера, хто ёй мілей!»
 
«Я багат, я брыльянтаў даволі
      Сыпну, княжна, пад ножкі твае;
Маё поле – тваё будзе поле,
      Табе слугі пакорны мае».
 
«Я хоць бедзен, ды шчыра затое
      Сваё сэрца, душу табе дам;
Ня дам слуг, а сам буду слугою,
      Скарбам стану цаньнейшым я сам».
 
Княжна чуе ўсе гэтыя словы, –
      Бедака бярэ мужам сабе.
Князь запеніўся, мсьціцца гатовы,
      Дзецюку ўгрозы сыпе ў кляцьбе.
 
Не груган над ахвярай шыбуе,
      Не схаваную высачыў косьць,
К праўдзе ўвагі ня знае, ня чуе,
      Як зьмяя, чалавечая злосьць.
 
З чараўніцаю зельле князь вара,
      Зь цёмнай сілаю дружбу вядзе;
Маладую ўсыпляе ён пару,
      Маладому аковы кладзе.
 
Прабудзіўся ўдалец, – і што бача?
      Сам бяз княжны, апошні зь людзей;
Сьвітазара у хораме плача,
      Князь з дружынай гуляе сваей.
 
Ходзяць хмары шумліва, паважна,
      Падцінае хаўтурны ім звон;
Людзі плачуць над хлопцам, над княжнай,
      Князю б’юць за паклонам паклон.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Голуб і дзяцюк
Любе голуб галубку,
На гняздо ладзе лубку;
        Дзяцюк любе дзяўчыну
        I будуе хаціну.
 
Забіў ястраб галубку,
З гняздом вецер зьмёў лубку;
          Адбіў недруг дзяўчыну,
          Агонь зьнішчыў хаціну.
 
Найшоў голуб другую
Ўжо галубку за тую;
          Дзяцюк плача па згубе,
          Другой так не палюбе.
 
Голуб зноў гняздо ладзе,
Свайму гору ён радзе;
          Хлопца вабе магіла,
          Хаткі ставіць ня сіла.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Песьня
Па зімовай па дарожцы
          Мужычок брыдзе;
Дух займаецца ад ветру,
          Сьнег бадзе, бадзе.
 
Эй, ня гоне шчасных доля
          З-пад хатняй страхі
На такую непагоду,
          На холад такі!
 
Дол капаці на магілкі
          Бедачок сьпяшыць:
Дома страшную меў госьцю, –
          Нябожчык ляжыць.
 
Каля белай дамавіны
          Апошнюю дань
Дзеткі дараць і галосяць:
          «Мама, мама, ўстань!»
 
Пяць іх, бедных малалетак,
          Сірацінак пяць;
Хто ж замене ім матулю?
          Хто будзе хаваць?
 
Хто ад мачыхі іх будзе
          Бараніць благой?
Хто сіротак пажалее?
          Скажы, Божа мой.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Не жалейка йграе...
Не жалейка йграе
Пад ляском за вёскай,
Не вятрок хістае
Беленькай бярозкай, –
 
Дзевачка-нябожа
Уздыхае, плача
Па сваім прыгожым
Па жыцьці бядачым.
 
Жыў, любіў сіротку...
Ночкі караталі;
Песьціўся зь лябёдкай –
Думкі ашукалі.
 
Несьлі людзі ковы:
За сваіх уняўся!..
Курганок жвіровы
Памяткай застаўся.
 
Сьпіць ён, небарача;
Дожджык насып мые,
А дзяўчынка плача,
А дзяўчынка ные.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Было гэта...
Было гэта вясною,
Клаў гняздо верабейка;
      На лугу на зялёным
      Шчасна йграла жалейка.
 
Было гэта улетку,
Шукаў зёрн верабейка;
      Хмары з громам стагналі,
      Нудна пела жалейка.
 
Было гэта увосень,
Гнаў каршун верабейку;
      На слаце-непагодзе
      Галасіла жалейка.
 
Было гэта зімою,
Мёр, замёр верабейка;
      Лягла ў сьнежныя гурбы
      Паламанай жалейка...
 
[1909]
 
 
 
 
Дзяўчынцы
Ты адзінокай, я сіратою –
Возьмем і пойдзем разам з табою
            Колкай жыцьця пуцявінкай;
Долю, нядолю, сэрцы і думы,
Зложым скарб гэты ў скрыню адну мы,
            Будзь ты маёю, дзяўчынка!
 
Новую хатку табе збудую
I гаспадарку спраўлю такую:
            Будзе хлябок і скацінка.
Днём будзем працай час каратаці,
Прыйдзем з работы, будзем у хаце
            Пяяць з табою, дзяўчынка.
 
Цябе, о, вер ты мне, маладому,
Я не пазволю нідзе, нікому
            Крыўдзіці, строіці кпінкаў;
Сьцерагчы буду, як сваёй зрэнкі,
Новыя буду спраўляць сукенкі
            Табе, з табою, дзяўчынка.
 
Шчыра і міла, сэрца маё ты,
Дам табе колькі хочаш пяшчотаў,
            Буду паслушнай галінкай;
Буду, хоць віхры стануць шумеці,
Цёмна і жудка будзе на сьвеце,
            Ўсюдых з табою, дзяўчынка.
 
А як нам доля надта дадзене,
Дасьць болей гора, а шчасьця меней,
            Цяжкая прыйдзе часінка, –
Тады, як разам згодна жылі мы,
Зносячы сьпёкі і холад зімаў,
            Памром з табою, дзяўчынка.
 
Ціха ў пасьцелі ляжам жвіровай;
Крыж нам паставяць белы, яловы,
            Насып абложаць дзярнінкай;
Буры жыцьця мне сьлёз не скупілі;
Гэткі ж спакой у цёмнай магіле,
            Ды і з табою, дзяўчынка!
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Падыйдзі...
Падыйдзі, пасядзі, паглядзі
Ў мае вочы, заліты сьлязьмі,
Сьпяі песьню, нуду разьвядзі,
Пачаруй хараствамі сваймі.
 
Я адзін, мне так смутна! Нуда
Душу муча, сон гоне з павек,
Ты ж – вясёлая, ты – малада,
З табой быў бы шчасьліў чалавек.
 
Ты пяеш – салавейка пяе,
Твар твой – сонца паглёд залаты,
Зоры сьветлыя – вочы твае,
Ты уся – зь неба анёл сьвяты.
 
Ты ня йдзеш – к табе думкай бягу,
Табой брэджу на яве і ў сьне;
Прыйдзеш ты – гаварыць не магу...
Ты, дзяўчынка, замучыш мяне.
 
Кажуць людзі, што ты неўнарок
Ад усіх на сяле найбядней...
На чале на дзявочым вянок –
Ад скрынь золата, скарбаў мілей.
 
Грошы я пражыву, як нажыў,
Або ўкрадзе благі чалавек;
Тваё ж сэрца, цябе каб здабыў,
Хто праз цэлы мне выдзера век?
 
Дык хадзі ж, не стыдайся, к грудзям
Сваім белым мяне прыгарні;
Дай мне шчасьця на зайздрасьць людзям,
Сьпяі песьню, нуду разгані.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Пакахай мяне, дзяўчынка...
Плыве рэчачка далінкай,
      Рыбак шмат у ей;
Пакахай мяне, дзяўчынка,
      Як рыбкі ручэй!
 
Без вадзіцы б аніколі
      Рыбкі не жылі;
Без каханьня шчасьця, долі
      Няма на зямлі.
 
Няма з кім дзяліці гора,
      Смутку і пацех;
Вылі сьлёз хоць цэла мора,
      Чужым будзе сьмех.
 
Хто ж кахае, ўсё згадае,
      Адчуе душой;
Не чурайся ж, дзяўчыначка,
      Сэрца мне ўспакой.
 
Разам будзем жыці ў хатцы,
      Разам песьні пець;
Будзе раем сьвет здавацца,
      Ўсё праўдай ясьнець.
 
Атачу цябе з душою
      Апекай сваей;
Не зазнаеш ты за мною
      Крыўду ад людзей.
 
Жыцьцё будзе слацца кветкай,
      Сонцам заблішчыць;
Гэй, у долі добрай гэткай
      Сьлёз ня будзеш ліць!
 
Пакахай жа мяне толькі
      Усяей душой,
Ня дай з жалю марнавацца,
      Сэрца супакой!
 
[1906–1909]
 
 
 
 
Песьня
Бяжыць шыбка ручаінка
          Па жвіровым дне;
Жыве ў вёсачцы дзяўчынка,
          Ўпадобная мне.
 
Ў ручаінцы днём і ночай
          Вадзіца бурліць;
У дзяўчынкі гараць вочы,
          Кроў кіпіць, кіпіць.
 
Эй! так хочацца вадзіцу
          З той крынічкі браць;
Дзяўчыначку белаліцу
          Туліць, цалаваць.
 
На млын фэбляй ручаінку
          Зьдзержу, перайму;
Ненаглядачку-дзяўчынку
          За жонку вазьму.
 
Млынок будзе малоць збожжа
          Для добрых людзей;
Плакаць жоначка паможа
          Ў хатачцы маей.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
З кірмашу
Я іду з кірмашу,
Ногі барануюць,
Вочы ані бачаць,
Вушы ані чуюць.
 
Ночка намагае,
Да сяла далёка,
Хітра пазірае
Месяц-лежабока.
 
Чорт зайшоў дарогу,
Панічом зрабіўся
I на вуха шэпча
Нешта аб Марысі.
 
Што мне ўсё тут знача?
Панам я сягоньня!
Па калені мора,
Еду на сто коні.
 
Чорту аплявуху –
Зайцам абярнуўся
І ў лес пакаціўся,
Ані азірнуўся.
 
Ну, валяйце далей,
Ногі-мімаходы!
Вёска недалёка,
Зажывём выгодаў.
 
Эх-ці!.. Дома баба
Не прапусьце ціха;
Ну, мы ёй пакажам,
Пачым фунцік ліха!
 
Як палезе шэльма,
Жалам вельмі дойме,
Скажу, што дарогай
Чорт шаптаў аб ёй мне.
 
А во ўжо і хата;
Галава ўсё слаба...
Лягу пад паветкай –
Сьпі адна там, баба!
 
1909
 
 
 
 
Хатка
Пахінулася,
Ў зямлю ўехала
Ты, вясковая
Хата бедная!..
 
На страсе тваёй
Мох паношыцца,
Цьмой-лучынкамі
Вокны жаляцца.
 
А як дзікія
Ветры ўсходзяцца,
Ты дрыжыш уся,
Хатка цёмная.
 
К табе, мілая,
Не зайшоў ніхто
З словам ласкавым
Дый з пацехаю.
 
Толькі йдуць к табе
Па мужыцкую
Сілу крэпкую,
Працавітую.
 
Бедна, хатка, ты,
Але вечная,
I палацы ўсе
Перастоіш ты.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Поле
Поле маё, поле!
Ты мне дарам Божым;
Люблю цябе шчыра
Абсеяна збожжам.
 
Люблю тваіх межаў
Стужак рад зялёны,
Роўныя барозны
Шырокіх загонаў.
 
Люблю цябе, поле,
Вясёлай вясною,
Як ты зарунішся
Ўсякай дабрыною;
 
Як на табе срыбна
Зацьвіце расіца,
Птушка зашчабеча,
Сонца разгарыцца.
 
Люблю цябе летам,
Як красуе ніва,
Як шуміць ад ветру
Блогасна, шчасьліва;
 
Як колас насьпелы
Пад сярпом сагнецца,
І смутная жнеяў
Песьня панясецца.
 
Люблю цябе, поле,
Ў восень нескупую,
Як напоўніш пуню
Ты маю пустую;
 
Як ты мне за працу
Адплацішся гойна,
Да вясны к налецьцю
Пражыву спакойна.
 
Люблю тады нават
Цябе, маё поле,
Як над табой жудка
Зімка заскаголе;
 
Як пачне сьняжніца
Гурбы насыпаці,
Быццам маё шчасьце
Навекі хаваці.
 
Поле маё, поле!
Дай жа ты мне сілы,
Каб цябе любіў так
Да самай магілы!
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Вясна
У вянку з пралесак,
У сьвятлянай шаце
Ходзе борам-лесам,
Полем, сенажацяй.
 
Сонцу-яснагрэю
Расплятае косы,
Раніцамі сее,
Як брыльянты, росы.
 
Сьцелецца травіцай,
Ветрыкам шапоча,
Коціцца крыніцай,
Рыбкаю плюскоча.
 
Весела міргае
Сошцы і баронцы,
Зернятка хавае
Ў сьвежай баразёнцы.
 
У гайкі заходзе,
Шапаціць лісткамі;
Гутарку заводзе
Зь белкамі, дзятламі.
 
Роднае прысельле,
Вырай любіць вуча,
Лад вядзе ў капэле
Грамады пявучай.
 
Сяміцьвет – вясёлкай
Зьзяе над далінкай,
Ходзе за кароўкай,
Гляне і ў хацінку.
 
Дзецюку, дзяўчыне
Блогасна ўсьміхнецца,
Штось на вуха кіне,
Закалоце сэрцам.
 
I усюдых гэтак –
Полем, сенажацяй,
У кароне з кветак,
У сьвятлянай шаце.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Вясеньняя раніца
Вясеньняя ночка,
Як стой, праляцела,
I раніца зь неба
Сплывае нясьмела.
 
Сьвет яснасьці ўзмахам
Пачаў дзянёк новы;
Хаваюцца з страхам
Начніцы і совы.
 
Мільённая зорак
Сямейка заснула,
Праменьнямі сонца
З усходу міргнула.
 
Туман зь сенажацей
Плыве, расьсяецца;
Звон пута чуваці,
Начлежнік пляцецца.
 
Ад птушыных песень
Лясы загудзелі,
I лісьце, і травы
Ад росаў зардзелі.
 
Прачнуліся вёскі,
Дым з комінаў вале;
Асьверы, павозкі
Скрыпяць недзе ў далі.
 
А сонца ўсё вышай!
Жыцьця ўсюды болей...
Плугі і бароны
Зашурхалі ў полі.
 
Рыкае скацінка,
Іграюць жалейкі;
Над цэлай мясьцінай
Стаіць гоман нейкі.
 
Ўсё йграе й ззывае
Да працы – аж міла...
Куй, браце, жалеза,
Пакуль не астыла!
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Лета
Лета ты, лета прыгожа-квяцістае,
Колькі ты ўносіш аздобы з сабой!
Цягнуцца стройна шнуры каласістыя,
Пахне павабна трава над ракой.
 
Гнуцца на лузе касцы немарудныя,
Дзе-нідзе ў постаці серп заскакаў;
Песьня пачулася наская, нудная, –
Рэха панеслася – бор адказаў.
 
Шум пакаціўся ад лесу адзетага;
Сонца купаецца ў полыску рос;
Эх! каб, здаецца, ды шчасьце да гэтага!
Эх, каб, здаецца, менш гора і сьлёз!..
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Пятровы час
Вот часіна! вот агніста
Завярцела, закруціла!
Прэ ў палі, ў лугі ўсё чыста,
Ажно глянуць неяк міла.
 
Сьвішнуць косы у пракосах,
Той грабе, той копы звозе;
Серп гуляе на палосах,
Паўрубень бразджыць на возе.
 
Ўсюды сіла і ахвота:
Ногі, рукі ходзяць сьмела;
Значна сельская работа,
Пот нядарма мые цела.
 
Гэй жа, Янка, распраніся,
Не жалей, брат, духу, сілы,
Помні, дурань, не змыліся,
Каб да Юр’я, знай, хваціла.
 
Знай Пятровую часіну,
Знай, адно ў гаду ё лета,
Хто ў ім здрэме хоць з гадзіну,
Пацярпіць жа ён за гэта.
 
За гультайства дрэнна будзе, –
Галадоўка – час пракляты,
К людзям пойдзеш, што там людзі, –
Той гол сам, той гоне з хаты.
 
Воласьць, земства дасьць мо’ хлеба,
Но іх ласкі хто ня знае,
Эй ты, Янка, помніць трэба, –
Зімка доўгая такая.
 
Помніш, сёлета вясною
Раве статак, плачуць дзеці,
А тут – хоць гавей душою, –
Пуста ў пуні, пуста ў клеці.
 
Ох, ня лепей і сягоньня
Ў сэрцы, ў думках, мой ты мілы,
Што ж рабіць? Хай доля гоне,
Пакуль згоне да магілы.
 
Ты галодны, я галодны,
Ёсьць мякіна зь лебядою,
Вып’ем чарку – а там, родны,
Гайда на вайну... з касою.
 
[1906–1909]
 
 
 
 
Завітаў Пятрок...
Завітаў Пятрок
К табе, мужычок,
Ты ў шапку ня сьпі,
Коску, знай, кляпі
                I вастры, вастры!
 
Кінуўшы кляпаць,
Ідзі сенажаць
Абкладаць касой,
З расой – не з расой,
                З зары да зары.
 
Жонцы ўзяць сярпок
Гукні, мужычок,
Хай ідзе, бяжыць,
Дзе твой скарб ляжыць,
                Дзе з дабром шнуры;
 
Там хай сноп у сноп
Звале многа коп
Серп, рука яе;
Хай жне, хай пяе
                З зары да зары.
 
Лі ты з жонкай пот
За нядолі звод;
Працуй за пяцёх,
Зьбірай, што даў Бог,
                Карыстай з пары.
 
Хто улетку з нас
Ня робе ў запас,
Эх, будзе зімой
Бедаваці той
                З зары да зары!
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Ночка
Лягла туманом
Ночка на дварэ,
Зваяванай сном
Зямлі гоман мрэ.
 
Пусткаю аднэй
Поле, сенажаць, –
Не відаць людзей,
Песень не чуваць...
 
Пад ляском начлег
Распаліў агонь;
Заяц перабег,
Путам бразнуў конь.
 
Чуй! трывожыць сны,
Хвілі забыцьця,
Совы, кажаны
Лезуць з укрыцьця.
 
Недалёкі бор
Абярнуўся ў шум;
Цёмен, глух прастор,
Жудак, повен дум;
 
Повен ценяў, мар...
Штось трасе душой, –
Нейкі страх і чар
Ноч нясе з сабой.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Стужа збліжаецца
Сонца хаваецца ў хмары,
Золкай слатой неба жаліцца,
Каўкі заслалі папары,
Чорна снуюцца, як мары...
      Стужа збліжаецца.
 
Бусел сялібу пакінуў,
К вылету ў вырай зьбіраецца,
Лісьце скідае рабіна,
Так не бушуе скаціна...
      Стужа збліжаецца.
 
Людзі няўтульна схмурнелі,
Песьні ня так разьлягаюцца,
Дрож прабягае па целе,
Ціснуцца к хаце, к пасьцелі...
      Стужа збліжаецца.
 
Нудна... Сяджу адзінокі, –
Думы дакучна чапляюцца,
Сьніцца край лепшы, далёкі,
Жаль падступае глыбокі...
      Стужа збліжаецца.
 
Глуха прайшлі год за годам,
Дні, што ідуць, не ўсьміхаюцца,
Моладасьць з вольным паглёдам
Гасьне пад горасьці лёдам...
      Стужа збліжаецца.
 
Цёмнасьць расставіла сеці,
Сьлёзныя віхры ўзьнімаюцца.
Губяцца сілы ў расьцьвеце...
Божа, як жудка на сьвеце!
      Стужа збліжаецца.
 
[1908]
 
 
 
 
Зазімак
На узгоры, на даліны,
На кусты, на перавалы
Леглі сьнежныя крышталы
Ад пуціны да пуціны.
 
Як жывыя, зоры-сьведкі
У нябеснай у купелі;
Патанулі далі ў белі,
Засьвяціліся палеткі.
 
Занямелі песьні, стоны...
Ціха скрозь, як у магіле!
Толькі, выстраіўшы крыльле,
Глуха кракаюць вароны.
 
Воўк зь імшараў выбрыў сонных
Наваколіцу пустую
I завёў сваю старую
Думу-думаў беспрытонных.
 
Рэха вылецела з больлю
Па нізіне апусьцеўшай
I, да вёскі даляцеўшы,
Задрыжэла ў частаколе.
 
[1908–1910]
 
 
 
 
Зімой у лесе
I лягла ж цішына
У бары за гарой, –
Каб дравінка адна
Хоць кіўнула сабой.
 
Сьнег пушаны залёг
На галінах сасон,
I чарнобель, і мох
Атуліў сабой ён.
 
Сокат птушак замёр,
Як бы поўнач была,
Адно сьвісьне тапор
Ды зазвоне піла.
 
Гэта сілу сваю
Так прабуе мужык;
Рухнуў дуб на зямлю,
Як магуч і вялік...
 
Далей – глуш, цішына
У бары за гарой, –
Каб дравінка адна
Хоць кіўнула сабой.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Кат
I неба цямнейша ад сажы,
I крык далятае савы,
Падводзяць кабеціну стражы:
Ім трэба яе галавы.
 
Ўжо вісельня к дзелу гатова,
Гатова людзям паслужыць:
Слупочкі і роўны, і новы,
Пятля на пярэчцы вісіць.
 
Вяроўкаю вецер махае,
Варушыць асіна зямлю,
Ля століка кат пахаджае,
Намыліў сьлізгуча пятлю.
 
Рыхтуецца сьмелы, ахвочы,
На ўсходцы ахвяру вядзе;
Закрыты кабеціны вочы,
Ланцуг на руцэ і назе.
 
Кат глянуў на бабу, на неба,
Уніз на людзей, на зямлю,
Пятлю залажыў, як і трэба,
Пятлю ён на шыю... сваю.
 
Кабета зьляцела з усходаў,
I столік за ёю зьляцеў,
Пачуліся крыкі з народу,
Што тут жа стаяў і глядзеў.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Хістаецца труп на вяроўцы;
Кабета прыпала да ног,
I вырвалась страшнае слоўца:
«Сыночак, мой родны сынок!..»
 
А неба ўсё чорна, як сажа,
I крык далятае савы,
Падводзяць кабеціну стражы:
Ім трэба яе галавы.
 
[1906–1909]
 
 
 
 
Курганы
Як хмуран пагляд туманны,
      Як заўцы-званы.
На няцьвіўшыя паляны
      Леглі курганы.
 
Як на белі плесьні-плямы,
      Як зрубы-зьвяны,
Сярод выдмаў, сярод ямаў
      Дрэмлюць курганы.
 
Хто калі туды заглянуў,
      Дзе ляжаць яны, –
Як хмуран пагляд туманны,
      Сумны курганы.
 
Хто зачэпіцца іх межаў,
      Хто чапне іх сны,
Як званы на цёмнай вежы,
      Стогнуць курганы.
 
Дзівам дзіўлюцца з праяваў
      Маткі ды сыны:
Скуль такую ўзялі славу
      Наспы-курганы?!
 
1909
 
 
 
 
Памяці С. Палуяна
Куды ідзём?.. куды пракляцьце нас вядзе?
          Якія далі здабываем?
Дзе гарт, надзея, вера ў будучыну – дзе?
          Чым сэрцы, думы акрыляем?
 
Няшчасны край чым быў, чым стаў, чым будзеш ты
          З сваім прыдаўленым народам?
Як нёс – нясеш ярмо упадку, сьлепаты
          I зьмен чакаеш год за годам.
 
Чакаеш ты... а толькі жалабы ўсё чуць;
          Асот уеўся ў твае гоні;
Сыны твае загубе сілы аддаюць,
          Губляюць косьці ў беспрытоньні.
 
Сьцяжыны замкнуты туды, дзе ясны быт
          Душы ня кідае ў бадылі;
Шырок гасьцінец вечна толькі чыст, адкрыт
          К шынку, астрогу і магіле.
 
З канца ў канец залеглі толькі туманы,
          Адвагу выгнала трывога:
З-пад хмар зьлятаюцца на жыр свой груганы,
          Над гэтай грагаюць пажогай.
 
Куды ідзём?.. У паніжэньні, ў цемнаце
          Яшччэ адно загасла сэрца,
Хоць так прыветна біла зорам, яснаце,
          Як толькі душ вялікіх б'ецца.
 
Ня стала сіл змагацца з блудам векавым,
          Змагацца з доляю няшчаснай,
На радасьць недругам, на жаль нямы сваім
          Прыбыў курган, курган напрасны.
 
Так мала жыў, а столькі ўжо рабіў надзей
          Сваім паглядам нештодзенным!
Якіх ня роіў сноў аб старане сваей,
          Як верыў ў свой народ нязьменна!
 
Як верыў, як да родных рваўся ніў і сёл
          З душой і сэрцам беларуса!
Любіў даль сьветлага прывольля, як арол,
          Ня знаўшы думам сваім мусу.
 
Шукаў ўсё праўды між чужымі і сваймі.
          I ўсюдых праўду гэту гналі;
Адзін-адным стаць мусіў сам паміж людзьмі,
          У думках мкнучы вышай, далей.
 
Для беларускіх грамадзян байцом, слугой
          Так шчырым быў, а грамадзяне –
Эх! ніткаю к пятлі плацілі не адной,
          Хоць колькі ўздоху ў час расстаньня...
 
О, стыд і ганьба вам, сьляпні, што сілам маладым
          К жыцьцю гародзіце запоры!
Пагардай вам патомак плюне ў вочы ўсім,
          Пракляцьцем памяць абгавора.
 
За што, чуць-чуць прабуды зьява к нам сышла,
          А ўжо сьляды крыжамі знача?
За што расіць алтар свой кроўю пачала?
          Зірнула мараю звадзячай?
 
Сышоў ваяк за долю, волю і народ,
          Пяском засыпалі жвіровым.
Сьпі, мой таварыш, сьпі! надойдзе новы ўсход,
          I брат заплача добрым словам.
 
Сьпі, дружа мой, сявец у родных слоў сяўбе
          Па нашай дрэмлючай старонцы!
Няхай зямелька будзе лёгкай для цябе,
          Як лёгка рваўся ты да сонца.
 
1910
 
 
 
 
Прафэсару Б. Эпімах-Шыпілу з Новым 1910 годам
Дружным ходам, год за годам
            Зважна ўдаль ідзе, брыдзе:
То заплача, то заскача
            Ў вечным ходзе, ў чарадзе.
 
I «дзевяты» сходзе з хаты,
            Кіне наша поле, луг;
Як на слова, годзік новы
            Новых дзён вядзе ланцуг.
 
Зрокся трону і кароны
            Сумны, трудны той «Стары»,
«Новы» сядзе на пасадзе
            Да сваёй гуляць пары.
 
Што прыносе: ці калосьсе,
            Ці благое зельле нам?
Сіл ня маю, не згадаю,
            Як пяройдзе – скажа сам.
 
З гэтым «Новым» шчырым словам
            Я віншую ў добры час:
Жычу Вам я не скананна
            Год бязь ліку жыць між нас!
 
Між сваімі ці чужымі
            Жыць ды шчасьця нажываць;
Далей знаньне, прасьвітаньне,
            Як дагэтуль, засяваць!
 
Бо далёка, з рукі лёгкай,
            Вольны, ясны мкне прасьвет;
Будзе ўнуку жыць ня штука,
            Лягчэй будзе, як жыў дзед.
 
Глянуць зоры на прасторы,
            Сонца стопіць путаў лёд;
К нам у сваты, з хат у хаты
            Сьмела гляне новы ўсход.
 
Так, хто праўдай, чынам, радай
            Ходзе спольна ў грамадзе
Гоне ўпрочкі цемру ночкі,
            Як ніколі, як нідзе.
 
За ўсю ж працу ні палацаў,
            Ані скарбаў не чакай;
Толькі будзе славы ў людзе,
            Славіць будзе родны край!
 
А хтось гікне, дзіка рыкне
            На бліск сонцавы жывы, –
Гэта стогны гадзін чорных,
            На сьвітаньні крык савы.
 
Дружным ходам, год за годам,
            Чараду затопе дзён,
Зь імі зводы, непагоды,
            Зь імі ўсё міне, як сон.
 
[1909]
 
 
 
 
О. М. Пяшчынскаму
Шчыра дзякую вам за пясьнярскі прывет,
            Якім міла мяне прывіталі;
Так цярніста жыцьцё, столькі мук, столькі бед!
            Вы другое жыцьцё паказалі:
 
Дзе шыбуюць арлы над імглой, пад імглой,
            Дзе дух вольны пануе свабодна;
Песьню дзіўную я чую смутнай душой
            I к старонцы праношуся роднай.
 
Да папарных тых ніў, да пахіленых хат,
            Да людзей тых, акрыўджаных доляй,
I да наспаў-крыжоў, пад якімі сьпіць брат,
            Да нямых курганоў сярод поля...
 
Па ўсім гэтым блуджу думкай сьцішнай сваей,
            Жалем сьцісьнецца сэрца, заб’ецца...
Ўкруг кіпіць барацьба: таго верх, хто дужэй;
            Віно з кроўю мяшаецца, льецца.
 
Вочы бачаць усё, адчуваю я ўсё,
            Сьлепа хочацца верыць парою,
Што міне сіла зла, што другое жыцьцё
            Павядзе нас другой пуціною;
 
Што ў руках песьняроў струны дрэмлючых лір
            Загрымяць новай песьняй народа,
I сыдзе на зямлю, зьніме горасьці кір
            Анёл радасьці, славы і згоды.
 
Жычу ж такжа і вам к гэткай дзіўнай пары,
            З Божай іскрай жывучы сам-насам,
Польскай лірай сваёй зваць у блісках зары
            I старонку маю ўспомніць часам...
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Памяці Т. Шаўчэнкі
25 лютага 1909 г.
Сягоньня на Ўкрайне вялікае сьвята:
      Ў дзень гэты радзіўся тварэц «Кабзара».
На ўсіх і павага, і стройныя шаты,
      I песьні ня моўкнуць свайго песьняра.
 
Праслаўнаму бацьку ўкраінскай свабоды
      Паклон б’е разбуджана ўся старана,
Талкуюць аб гэтым Дняпровыя воды,
      I думае думу стэпоў цішына.
 
Пясьняр кабзарысты нікім не забыты,
      Як жыў дзеля песьні, так зь песьняй ня ўмёр;
Здабыў сабе славу ня з мармурнай пліты,
      А з слоў, што ня крыша ні век, ні тапор.
 
Сын беднай сямейкі, нядужы рукамі,
      Штыхам і гарматам ён пострахам быў;
Кавалі яго, як зьвяра, ланцугамі
      I кідалі ў лёхі, каб згінуў, ня жыў.
 
Сьляпні! Ім і думкі адбеглі з трывогі,
      Што людзі – як ён – і ў магілах ня мруць,
Што можна зьвязаць толькі рукі і ногі,
      А вольныя думы – хто важыўся скуць?!
 
Бываюць упадкі – люд стогне балесьне;
      Пясьняр паявіўся, і ўцехі зьвіняць;
Пясьняр умірае... а песьня?.. а песьня?..
      Эх! каменю толькі ня дана паняць!
 
Жыве гэта песьня, як віхар клакоча,
      Над лесам магілішч, над цьмою бяжыць,
Зрывае запоры і брамы ламоча,
      I крыўда нямее, і змога дрыжыць.
 
Калісь воклік песьні і сьвет нам адмене,
      Адслоне другія пуціны жыцьця,
Шчасьлівасьці яснай узойдуць праменьні,
      Аквеціцца доляю лепшай зямля.
 
Дык дай жа чэсьць песьні на Ўкрайне! За Ўкрайнай
      Той кожны, хто праўды ня здрадзіў жывой;
І ўспомніце «бацьку», што пеў незвычайна,
      Што славе ўкраінскай служыў ўсёй душой.
 
О, слаўны ўкраінча, сын верны народу!
      Ты роднага слова ў сабе не глушыў,
Цярпеў і вучыў, як цярпець у нягодах,
      Аж люд твой паняў, чаго ты яго ўчыў.
 
На поўдзень, на поўнач, на ўсход, захад сонца,
      На кобзах людскіх душ твой грае «Кабзар»,
У хатцы, ў падвале, ў цямніцы, ў карчомцы
      Калоціш ты сэрцы, як звонам званар.
 
I к нам тваё слоўца ня раз далятала;
      Мы слухалі ўцешна, што бае сусед.
Цяпер жа нясём ліст к вянку тваёй хвалы,
      Прымі, брат, і наш беларускі прывет!
 
1909
 
 
 
 
Замкавая гара
Зь віленскіх абразоў
Над Вільлёй-ракой,
Па гары крутой
        Туман сьцелецца;
Ня то лом-ламок,
Ня то дом-дамок
        Там віднеецца.
 
Слаўны Гедымін,
Князь Літвы – ліцьвін,
        Душа чынная,
Многа лет таму
У гэтым жыў даму,
        Жыў з дружынаю.
 
Горда мур глядзеў
На зямлю, як леў,
        Сьцяной крэпкаю;
Не адной бітвы
Тут сыны Літвы
        Былі сьведкаю.
 
Сышоў век, другі,
I князі, багі,
        Усё літоўскія,
Уцяклі зь зямлі,
I дзянькі пайшлі
        Не такоўскія.
 
Як катух ля кур,
Дрэмле пусткай мур,
        Цэгла валіцца;
Нават гнёзды віць
Птушка не ляціць, –
        Знаць, пужаецца.
 
Адно йдуць сюды
З гарадской нуды
        Адказеліцца
Бедната і «знаць» –
Віды аглядаць,
        Што ў ног сьцелюцца.
 
Ды як згасьне дзень,
Ночкі ляжа цень
        Над дамочкамі,
Людскіх шэптаў тут
Повен кожны кут
        Пад кусточкамі.
 
А сівою мглой
Па гары крутой
        Туман сьцелецца;
Ня то лом-ламок,
Ня то дом-дамок
        Там віднеецца.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Кругаварот
Нічога вечнага на сьвеце
Няма для шумнага жыцьця;
Здарэньні, многія сталецьці
Ідуць пад века забыцьця.
 
Ўстае рой новых пакаленьняў;
Старыя сходзяць на той сьвет;
Нягодны ўнуку ўжо тварэньні,
Якія меў на ўслугах дзед.
 
Марнеюць сільныя народы;
Бяруць слабейшыя гару;
Нянавісьць, бітвы, непагоды
Туманяць радасьці зару.
 
Ня раз крывавыя паляны
Ў душу чуткую ліюць жаль,
За бліскам славы разгуканы
Дух чалавека рвецца ўдаль.
 
Ствараюць з золата бажышчы,
Ідуць адны к ім на паклон,
Другіх шамочаць бед ігрышчы,
Нясецца стон з усіх старон.
 
Нязнанай сілай правіць сьветам
Пачатак, бытнасьць і канец;
Народ таўпехаецца ў гэтым,
Як стада зблуканых авец.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Мая хата з краю
Дзе зьвярнуся, сяк і так
Баюць мне ў трывозе:
Як мядзьведзь ты сьпіш, бядак,
У сваёй бярлозе.
 
З гэткіх баек проста сьмех –
Рукою махаю;
Ці ж бы спаці было грэх?..
Мая хата з краю.
 
Безь яды адзін брат ссох,
Другі чахне ў латах,
Трэйці з торбай на плячох
Кляне так жа брата.
 
Я сьмяюся зь іх усіх,
Рукою махаю;
Вот сваяцтва – ану іх!
Мая хата з краю.
 
Родзе шнур, як там ні сей,
Адны недахваткі;
Кут нявучаных дзяцей,
Хлеба ўжо астаткі.
 
Думак вельмі не сушу,
Рукою махаю;
Вып’ю, рэдзькай закушу, –
Мая хата з краю.
 
Маю родну мову, край, –
Кажуць мне так людзі, –
Толькі выпрастайся, знай,
А твой верх тут будзе!
 
Праўда – штось як чужняком,
Кожны мной піхае;
Ці ж адным мной? Эй, Арцём,
Твая хата з краю!
 
Каб было меней магіл,
А вясельляў болей,
Кожны рвецца з усіх сіл
К сьвятлу, славе, долі...
 
Лезьце, лезьце!.. я ж пры чом?
Рукою махаю,
Добра мне і пада дном!
Мая хата з краю.
 
Гэткім спосабам жыцьця
Век свой дажываю,
Вось і песьня мая ўся!
Як і ўсё, ўміраю.
 
На магілкі і крыжы
Рукою махаю,
Далі хату – знай ляжы!
Але і тут з краю.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Сьвятая праўда
«О, колькі гора з водкі ў нас!
Хто зь ёй ня стаў гол, як той кол?» –
Сказаў з павагай Апанас,
Паўкварты ставячы на стол.
 
«Сьвятая праўда, мой кумок!» –
З павагай Юрка патакнуў
I, ляк скідаючы набок,
Другую кварту адаткнуў.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Чары
Покі Юрка ня меў чына,
Быў нішто сабе дзяціна,
Па-суседску ў сваёй хаце
Жыў зь людзьмі і керзаў лапці.
 
Зьбеглі годы чарадою –
Ён сягоньня старшынёю
I братам з сваёй жа вёскі
Падбівае ўжо падноскі.
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Бот і лапаць
Раз прытычкі лапцю бот
        Сыпаць стаў, як жменяй.
«Я – павага! – кажа ён. –
        А ты што? – дрэнь дрэняй!»
 
Яму ж лапаць: «Эй, пакінь
        Так хлусіці ласа!
Я хоць дрэнь, дый толькі з лык,
        А ты злуплен зь мяса».
 
[1906–1910]
 
 
 
 
Два браты

#I
Былі два браты,
Два разбойнікі;
Шмат рабілі зла
Неспакойнікі.
 
Як пойдуць гуляць,
Расхахоляцца,
Задрыжаць усе,
Ўся аколіца.
 
Ні прайсьці нідзе,
Ні праехаці;
Б’юць паклоны ім
Людзі нехаця.
 
Сіла – воля іх
Не ўнімаецца,
Гонар – слава іх
Разрастаецца.

 

#II
Так жывуць сабе
Два разбойнікі
Разгульным жыцьцём,
Неспакойнікі.
 
Дый ня вечна ўсё
Ў нас пад зорамі:
Закруціла штось
Непакорамі.
 
Хоць іх сэрца – сталь
Недаступнае,
Хоць душа – скала
Непадкупная,
 
Вочкі, грудзі – чар
Напаткаліся;
У ваднэй удвух
Закахаліся.

 

#III
Зажылі браты,
Два разбойнікі,
Ўжо другім жыцьцём,
Неспакойнікі.
 
Хараствы касы
Іх занадзілі;
Між сабой, як стой,
Не паладзілі.
 
Не дубы скрыпяць
Сукам, лісьцямі, –
Два байцы-сьмяльцы
Ненавісьцямі.
 
I пайшлі ім так
Дні няшчасныя,
Пачалі з сабой
Бойку страшную.

 

#IV
Б’юцца, б’юцца ўдвух
Два разбойнікі
За красу-касу,
Неспакойнікі.
 
Зоркі – сьведкі ім –
Прыглядаюцца,
Шумам цёмны бор
Падзіўляецца.
 
Дзень ужо мінуў,
Вечарэецца,
Барацьба ўсё іх
Паланеецца.
 
Чуць на ўсход другі
Занімалася,
Два браты з жыцьцём
Разьвіталіся.

 

#V
Доўгі спалі час
Два разбойнікі
У сваёй крыві,
Неспакойнікі.
 
Нават тая іх
Двух забылася,
За якую так
Яны біліся.
 
Пакуль неяк раз
Аднаногія
Шлі мясьцінай той
Два убогія.
 
Рыюць яму-глыб
Непацешныя,
Аддаюць зямлі
Косьці грэшныя.

 

#VI
Дзе сягоньня сьпяць
Два разбойнікі,
Там курган стаіць,
Кругом хвойнікі.
 
Той курган расьце
Відавідаю, –
Хто ідзе тудой,
Ветку кідае.
 
Хто ідзе падчас
Каля поўначы,
Страха ўбача там, –
Моліць помачы.
 
Так ляжаць браты,
Два разбойнікі,
І па сьмерці ўсё
Неспакойнікі.

 
[1906–1910]
 
 
 
 
За чужую елку

#I
Было гэта, было гэта...
      Ну, было – і квіта!
Жыў у вёсцы ў сваёй хаце
      Мужычок Мікіта.
 
Меў ён жонку Міхалінку,
      Меў дзяцей зь сямёра,
Меў кароўку, меў кабылку
      I тачок з падпорай.
 
Сэрца меў ён залатое,
      Быў з пакоры знаны,
Не бяз грэху, каб і ў чарку
      Часам не заглянуў.
 
Вёў вайну ён век зь бядою;
      Мацавала гора;
Лыкне чарку, лёгка стане,
      Па калені мора!
 
Жонка часам пачне лаяць, –
      Сойдзе бабе з вока.
Адным словам, жыў Мікіта
      Лёгка і нялёгка.

 

#II
Проста, накас, скокам-бокам
      Жылося, вялося,
Але, як кажуць, да часу
      Жбан вадзіцу носе.
 
Над зямлёй засела восень,
      Холадна, плаксіва;
Ліпа лісьце паскідала;
      Зьвяла ўроду ніва.
 
Хмары неба абляпілі, –
      Каб зірнула сонца! –
Золь, слата, што ня дай Божа!
      Б’ецца у аконца.
 
I старэйшым, і малейшым
      Стужа дакучае,
А ў Мікіты – каб паленца, –
      Што рабіць? – ня знае.
 
Думаў доўга. Што тут думаць? –
      Лес не за гарою...
За сякеру – ды ў бор панскі
      Сыпе пехатою.

 

#III
Ой, багата лесам-пушчай
      Нашая старонка:
Ў само неба так і лезе
      Сосна за сасонкай.
 
Дубы, вязы, елкі, хвойкі
      Хто зьмера, хто зьліча?
А як шумам загамоняць,
      Так к чамусь і клічуць.
 
К адной елцы і Мікіта
      Падышоў з уцехай
I давай матаць сякерай,
      Толькі стогне рэха.
 
Сячэ сьмела і ня дбае,
      Што прыйшоў к чужому;
Знаў, што ў лесе хто ня злодзей, –
      Не гаспадар дома.
 
З гукам рухнула дравіна,
      Ажно бор затросься.
Стаў Мікіта сабірацца
      Дамоў па калёсы.

 

#IV
Каля лесу на пляцоўцы,
      Між кустоў калматых,
Падкасіўшыся стаяла
      Лесьнікова хата.
 
Жыў лясьнік у гэтай хаце
      Грышка Валівода,
Чалавек не самавіты,
      Хоць і мужык родам.
 
Усім вёскам па суседству
      Добра ў знакі даўся:
Празь яго там і ў астрозе
      Не адзін збадзяўся.
 
Зубы на яго тачыла
      Бедакоў нямала, –
Лесьніковая дасьціпнасьць
      Косткай усім стала.
 
I цяпер вось, як на ліха,
      Падслухаў Мікіту:
За стральбіну і так вале
      Зь мінаю сярдзітай.

 

#V
«Ты што робіш гэта, злодзей,
      Начною парою?» –
Наш Мікіта неўспадзеўкі
      Чуе над сабою.
 
«Што раблю я?.. Сяку дрэва!» –
      Кажа ён пакорна,
Таго як бы і ня кеме,
      Што у пушчы дворнай.
 
«А хто ж, гад, табе пазволіў
      Панскі лес пустошыць?
За такую, шэльма, штуку
      Мала і ўкакошыць.
 
Давай, чорт, сваю сякеру,
      А то кепска будзе!» –
Лясьнік лезе да Мікіты
      I бярэ за грудзі.
 
Штось Мікіта зноў адцяўся,
      Зноў лясьнік ня змоўчыў,
І давай абое драцца,
      Поўны злосьці воўчай.

 

#VI
Хмурна неба; дожджу каплі,
      Як сьлёзы, ліюцца,
А Мікіта з Валіводам
      Ня кідаюць, б’юцца.
 
Раптам выстрал пакаціўся,
      Як сказаці слова,
Далей ціха... адна пушча
      Гамоне нанова.
 
Шуміць пушча, шуміць важна
      На усе староны,
Быццам хоча заглушыці
      Ўсе няшчасных стоны;
 
Быццам хоча сказаць сьвету
      Дзерава лясное,
Як ідзе несправядліва
      Ў нас жыцьцё людское;
 
Як на чорнай на зямліцы
      Грэху не ўбывае...
Ох ты, пушча! Праўду баеш,
      Пушча нежывая.

 

#VII
Ніхто ўжо Мікіту болей
      На сяле ня бачыў,
Дарма сем сіротак кліча,
      Дарма ўдоўка плача.
 
Сьпіць гаротнік сном вячыстым,
      Крыж уеўся ў грудзі.
Сьпі! К людзям ты ўжо ня прыйдзеш –
      К табе пойдуць людзі.
 
З часам праўда наверх выйшла,
      Што рэдка між намі,
I сягоньня Валівода
      Звоніць ланцугамі.
 
Аб тым мейсцы ходзяць байкі,
      Дзе Мікіта згінуў;
Страшна езьдзіць і праходзіць
      Начною часінай.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Так прапала людзей двое
      Праз дабро чужое;
I спытайся ж, Божа мілы,
      За што за якое?

 
1909
 
 
 
 
Шчасьце

#I
Ты гаворыш, суседзе, што на сьвеце ўсё едзе
      Крыва, накас, ня так, як патрэба,
I што ў гэтай круцёле вінна нашая доля
      I то сонца, што сьвеце нам зь неба.
 
Эй, сьмяесься ты хіба, мой гаротны Кандыба,
      Растлумачу я ўсё тут іначай:
Самі мы вінаваты ў нашай долі праклятай,
      Ў тым, што век мы бядуем ды плачам.
 
Глянь, во англік ці немец! – яны ўсё ўмеюць скеміць,
      Ім і шчасьце і радасьць пакорны;
Мы ляжым, як мядзьвёдкі, як гнілыя калодкі,
      I нас топча, хто болей праворны;
 
Сьпім сабе, ані дбаем, палягчэньня чакаем,
      Быццам зь неба нам зваліцца тое;
За нішто сходзяць сілы, прыбываюць магілы,
      Штораз меней прастору, спакою.
 
Дзе ні кінеш ты вокам, прэцца ўсё шыбкім крокам,
      К чамусь рвуцца, штось хочуць народы;
Калі ж з нас хто прачнецца, то яму ўжо здаецца...
      Але слухай адной вось прыгоды.

 

#II
Пад гайком, пры дарожцы, знаў я хлопца у вёсцы,
      На сяло ўсё быў гэты дзяціна;
Дужы, стройны, прыгожы, працу ўсякую зможа,
      Ласку меў не ў ваднэй і дзяўчыны.
 
Кажуць, хто з доляй зжыўся, той у чэпку радзіўся,
      Янка мой, знаць, яшчэ і ў кашулі:
Бацька, маці любілі, з кніжкай знацца наўчылі,
      Часта грош які меў і на гулі.
 
І я адзін у іх дзетак, дык ня дзіва, што гэтак
      Папясьціць яго часам любілі,
Пакуль з гэтых пяшчотаў не спагнаў той ахвоты,
      Пакуль злы яго дух не асіліў.
 
Стаў глядзеці ён крыва на хаціну, на ніву,
      Стаў глядзець ён ні хамам, ні панам:
Стала стыдна сярмяжкі, пры сасе працы цяжкай, –
      Пацягнула яго ў край нязнаны.
 
І адной вось нядзелі, толькі ўстаўшы з пасьцелі,
      Стаў зьбірацца наш Янка ў дарожку;
Дарма маці хліпоча, дарма бацька біць хоча,
      Ён спыніўся з хатомкай за вёскай.

 

#III
І пайшоў ў сьвет шырокі, у сьвет няпэўны, далёкі,
      Ад дамашняй шукаць лепшай долі,
А сьвет, знаеш, мой братка, – то ня родная хатка:
      Усяго ў ім зазнаеш даволі.
 
Мы, вясковае племя, менш пры чарцы задрэмем,
      А як прыйдзе лоб ставіць прашкодзе,
То тады, як у ночы, толькі лыпаюнь вочы,
      Гінем марна, як крыгі ў разводзьдзе.
 
Не скажу, каб мой Янка шэльмай быў безустанку;
      Ў той жа час за сялом зажурыўся,
Бо хто ж ёсьць так нягодны, не заплача па роднай,
      Па старонцы, дзе ўзрос, дзе радзіўся?
 
Калі выйдзеш, дарогаў туды-сюды – ой, многа!
      Толькі наш брат іх выбраць ня ўмее, –
Ходзе, мерыць штосілы – бач і блудзе, аж міла, –
      Меў надзею, згубіў і надзею.
 
Гэткіх сьцежак меў спорна і мой зух непакорны,
      Як та рыба, ня раз аб лёд біўся,
Піў насьмешкі і сьлёзы, быў і п\\\’ян, і цьвярозы,
      Жыў на возе, пад возам круціўся.

 

#IV
Зьбеглі многія леты за час доўгенькі гэты;
      Многа хмар пераехала небам;
Той радзіўся, хрысьціўся, той навек паваліўся,
      Той шоў з хаты за шчасьцем, за хлебам.
 
Лет дзесятак нялегка пражыў Янка далека
      Ад мейсц тых, дзе яшчэ бегаў дзіцем,
Але дзе ён ні ходзе, нуда песьню заводзе,
      Не дае свайго кута забыці.
 
Зь нізкай прызбай хацінка, шнур зь вясёлай збажынкай,
      Ці шуміць лес, ці рэчка плюскоча,
I зямелька, і зоры, – ўсё аб родным гавора,
      Спаць ня раз не даюць і уночы.
 
Жыў і ўсё ж не спаткаўся з доляй той, к якой рваўся,
      Ці ня лепей было сядзець дома?
I сабраўся ў дарогу к свайму Янка парогу,
      Не гаворачы слова нікому.
 
Ідзе, ногі зьмяняе, ў сэрцы радасьць такая,
      Песьняй свойскай душу пацяшае;
Толькі горы, і долы, і паляны, і сёлы
      Ўсё чужыя з падскокам мінае.

 

#V
Эй, вы, родныя нівы! Эй, ты, бор гутарлівы!
      Эй, вы, ўбогія родныя вёскі!
Вас да самай магілы любіць трэба штосілы.
      З вамі гэтак прыгожы сьвет боскі!
 
Нашто скарбы чужыя, калі дома такія
      Ўвакруг з нашым жыцьцём зіхацяцца?
Толькі трэба умеці злое ўсё адалеці,
      Толькі трэба бядзе не давацца.
 
Праца шчырай і знаньнем гору справім скананьне;
      Праўдай лёгка няпраўду змагаці,
І на вузкіх на гонях пры сваіх валах, конях
      Ой, шмат можна чаго даказаці!
 
I ты брат сьлёзнавокі, што ў сьвет рвесься далёкі,
      Вазьмі толькі кругом агляніся!
Ці ж ня праўда, як сонца, што мы ў нашай старонцы
      З усім неяк зрасьліся, зжыліся?
 
Пух сьняжаны зімою, шчэбет птушак вясною,
      Летам поля краса, шум ігрушы;
Ўвосень сьпелая ўрода і шнуркоў, і гародаў,
      Гэта ўсё толькі камня ня ўзруша.

 

#VI
Прэць Янук пехатою, – свой кут не за гарою;
      Сэрца б\\\’ецца, як выскачыць хоча.
Вот і вёска, вот брама, стаіць хатка таксама!
      Вот вайшоў, «пахвалёны» бармоча.
 
К яму зараз у хаце: «Чаго хочаш, мой браце?
      Як відаць, мусіць, ты заблудзіўся».
Янка глянуў, аж млее, пытаць сьмее, ня сьмее:
      «Людцы добрыя, я тут радзіўся!
 
Тут мая... наша хатка, тут мае – бацька, матка,
      Мая моладасьць тут уплывала».
А яму зноў зьнянацку: «На тым сьвеце твой бацька,
      Ўтрымаць хатку сіл матцы ня стала.
 
Яна ходзе, жабруе, пад вугламі начуе,
      Ўспамінае і мужа, і сына.
Ну, чаго так стаў бледны? Бачым – бедны, ты бедны!
      А ўсё ж мейсца няма тут, дзяціна».
 
Як кляшчамі, няміла Янку штосьці здушыла;
      Выйшаў з хаты са слоўцам «бадзяка»
I на прызбу зваліўся, сьлязьмі горка заліўся,
      Аж груган нейдзе ў высі закракаў.

 

#VII
Плача Янка крывава, – думкі, шчасьце і слава
      Нейдзе зьбеглі у чыстае поле; –
Ціха ўстаў, азірнуўся і – ў карчомку папхнуўся
      Заліваць сваю долю-нядолю.
 
Заліваў ды ня надта, знаць, з нудой мог праклятай
      Ваяваць сваім сэрцам збалелым;
Гнуўся, штораз – то ніжай, пад жыцьця цяжкім крыжам,
      Аж змарнеў так душою і целам...
 
Было, помню я гэта, на пачатку штось лета;
      Ўся зямля хараством красавала:
Поле кветка здабіла, неба птушка хваліла,
      Пры жывёле жалейка іграла.
 
Я шнурок свой абходзіў, прыглядаўся уродзе
      (Мой надзел быў ля самай дарогі);
Бачу – гмін люду пхнецца, а зь ім Янка пляцецца –
      Толькі ў путах і рукі, і ногі...
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Цяпер думай, што воля – вінен Янка ці доля?
      Дзе тут шчасьце – за хатай ці ў хаце;
Самі шмат мы ў праклятай славе той вінаваты,
      Што ня ўмеем злой долі змагаці.

 
]1906–1910]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.