РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Страшная музыкава песня
1
        Дзеялася тое за прыгонам.
        Быў у таго пана, акрутнага і злога пана Дастаеўскага, малады музыка.
        Звалі яго Арцём Скамарох.
        За тое – Скамарох, што ўвесь род іх – скамарохі. Бацька, дзед і прадзед умелі іграць на скрыпцы і былі скамарохамі для ўсяе акругі.
        Ніводнае вяселле без іх не абышлося. Спачатку дзед іграў, даючы прыклады сыну. Потым бацька замяніў, водзячы з сабою па ігрышчах і кірмашах, дзе трэба і не трэба, свайго малога Арцёмку.
        Але вось памёр дзед, памёр і бацька з маткаю. Застаўся дзяцюк адзін, сірата. Тады пан Дастаеўскі ўзяў яго да сябе ў двор.
        Іграць жа хлопец умеў так, што бацьку і дзеда перайшоў. Не простыя дастаў ад долі пальцы.
        Ды толькі меў і свае гонары Арцём. Вядома, наш брат-мужык, панскі падданы, а ў ім гонар быў зусім нянаскі. Такі ганарлівы быў хлапец, што нават пан сцярогся рабіць яму якую крыўду. Такі ганарлівы: як не захоча іграць, то ці ўпрашай яго, ці пагражай яму, – не стане іграць, дый годзе!
        I вось аднойчы прывёз пан Дастаеўскі з Варшавы новую палюбоўніцу-палячку.
        Палячка тая вазьмі дый улюбіся ў нашага музыку. Узяла на вока простага дзецюка.
        Каб не быў такі ганарлівы, то рэч у той мінулы час звычайная. Пан бавіцца з палюбоўніцай, а палюбоўніца яшчэ каго ў сэрцы мае.
        Аж тут выйшла цэлая гісторыя. Арцём дзяцюк быў гэткі: як не любіў, то і прыкідацца не хацеў...
        Выедзе пан Дастаеўскі да Варшавы, або ў госці да суседзяў, або на ловы ў пушчу, – палячка толькі таго і чакае. Гукне мальца да сябе і просіць, каб ёй іграў.
        Пакуль Арцём не ведаў, у чым справа, іграў палячцы розныя наскія песні, да якіх мела яна вялікую цікавасць, бо ніколі раней не чула іх. Нават гаманіць па-наску трохі нялася, каб, знацца, лягчэй апанаваць яго.
        Але, як зразумеў музыка, што не простым вокам глядзіць на яго панская палюбоўніца, што нездарма распушчае перад ім свае даўжэнныя, чарнюсенькія, быццам вугалле, косы, штй не так сабе хмурыць свае бровы, што не абы-чаго ў яе на бел-румяным твары якоесь нецярплівае, капрызнае ламанне, – як заўважыў усё гэта, страціў ахвоту іграць ёй песні.
        А дзяўчына бачыць, што хлопец ганарлівы, – і пэўнасць страціла сваю.
        Вядома, як жанчына страціць пэўнасць, то робіцца як бы якая непрытомная. То плача, то смяецца, то злуе-халяруе, нічога ў свеце ёй тады ўжо не смакуе, і кожны лёгка заўважыць яе каханне.
        Палячка была з людзьмі абыходлівая, і шмат хто шкадаваў яе, бо ведама ж: і ў панскай палюбоўніцы ёсць чалавечае сэрца і яна ж на сваім хлебе – чалавек.
        Шкадуюць людзі палячку, наракаюць на Арцёма за ганарлівую натуру.
        А музыку нашаму дадзела тое горш за рэдзьку. I сам ён шкадаваў прыгожую палячку, ды раз на злосць усім сказаў камусьці гэтак: «Не хачу за панам падбіраць... Няхай яна сабе другога пашукае!»
        Злыя людзі вазьмі і дакажы палячцы.
        От жа выйшла гісторыя, зусім, як у той Бібліі аб Язэпе тым Прыгожым і начальнікавай жонцы.
        Прыехаў пан, палячка з роспачы і назводзіла яму на беднага музыку. «Так і так, – кажа, – лез гэты хамуйла да мае красы».
        Але пан сцяміў, што справа, мабыць, трохі іначай выглядае.
        Гукнуў ён да сябе Арцёма, запёрся з ім вока на вока ў кабінеце і ну яго пытаць:
        – Скажы, хаме, чым ты прывабіў да сябе маю палячку?
        Маўчыць Арцём. I што тут скажаш?
        – Хочаш ты, хаме, з ёю ажаніцца? – ізноў пытаецца ў яго пан.
        – Нізашта ў свеце, найласкавейшы пане, – цвёрда адказвае Арцём.
        – Цо ж я бэндэ з вамі робіл? –як бы раіцца з ім пан: – Іграў ты ёй хамскія песні?
        – Іграў, паночку!
        – То выбірай, галгане: або жаніся з ёю і сядай на хлопскую там гаспадарку, або маеш іграць ёй што хоцькі... адну ноч?
        – Жаніцца – ніколі не жанюся, а іграць – на тое мне і пальцы служаць.
        – Добжэ мувіш, хаме, – пасміхнуўся пан, – паментай жэ о тэм!
        А за колькі дзён здзеялася неспадзейнае няшчасце: захварэла палячка і памерла...
        Мабыць, паднёс атруты пан.
        Прыбралі яе на той свет у багатыя панскія ўборы, паклалі ў вялікай зале на чорны стол, запалілі свечкі...
        Наступіла ноч, кліча пан музыку са скрыпкаю.
        – Паментаеш, хаме, цо мне мувіл?
        – Памятаю, найласкавейшы пане.
        – Ну, то ідзі іграй цэлую ночку нябожчыцы, каб яе душа не вельмі сумавала па гэтым марным свеце...
        Спалохаўся наш музыка, думае: жартуе пан... Не!
        – Ідзі, ідзі, – кажа, – галгане, такая ж была ў нас умова.
        Пайшоў Арцём у залу, і зачынілі яго там аднаго з палячкаю.
        Жудасць ахапіла людзей, вялікі жаль мелі да музыкі і баяліся, што ў той зале пры нябожчыцы прыйшла-ткі на яго загуба.
        Спаміналі цяпер розныя страшныя пераказы: як уставалі памершыя з труны, каб загубіць таго, каго ў жыцці дужалюбілі.
        Сталі нават шаптаць, што палячка была чараўніца, старая кракаўская ведзьма, якая ўдалася прыгожай панскай палюбоўніцай, каб загубіць нашага музыку.
        Казалі нават, што і сам пан Дастаеўскі спутаўся з чарцямі, якім даўно карціла звесці са свету слаўнага музыку. Вядома, чарцям няма спакою ад добрага музыкі, бо ён сваім харошым граннем робіць людзей лепшымі, верне іх на добрыя думкі.
        А было ўсё гэта пад канец лета, калі з надыходам восені наступае самая вядзьмацкая пара.
        Што ж тым часам рабіў Арцём?
        Прыйшоў ён да труны, памаліўся за ўмершую душу і ўзяўся настрайваць сваю старую скрыпку.
        Тады адчыніў напята акно і даў першы гук на струнах...
        Як нейкі боль, як нейкі стогн, раздаўся гук у садзе, сярод адцвіўшых красак, сярод агорнутых цішою ночкі дрэў, пачуўся ён у сэрцах панскай чэлядзі і даляцеў да пана, што сядзеў у кабінеце пры чарцы старога віна.
        Усё прыслухала: што будзе іграць музыка нябожчыцы на развітанне?
        Памаўчаў трохі музыка і паволі, сціха, маркотна зайграў «Вечную памяць».
        Дужэлі гукі, раслі, і вось здавалася, што цэлы хор папоў адпявае чалавека.
        Яшчэ дужэйшымі рабіліся гукі, і дзіўна было ведаць, што там усяго толькі адна скрыпка так пяе...
        Не хор папоў пяяў там, а быццам тысячы панурых галасоў зліліся ў адным хаўтурным гімне.
        Слухаючым тую песню жаль было марнай чалавечай долі, мізэрнымі былі раскошы гэтага свету, нікчэмнымі нашыя сваркі і звадкі: «Суета сует и всяческая суета», «Прах еси и прахом отыдеши», – пяялася ў той песні.
        Але скончыў музыка маліцца, памаўчаў трохі і зайграў штось іншае. Трудна было адразу ўхапіць, аб чым гаворыць яго скрыпка, але чулася нешта знаёмае, даўна вядомае, даўна перажытае. Як бы там лес шуміць, як бы завіруха ў полі гудзіць, ізноў жа як бы жнеі пяюць. Зайграў, значыцца, музыка аб штодзённым жыцці чалавека. Кашаль б’е старога дзеда, гоман якісь людскі, як бы сварка бабская, кугаканне дзяцінае... I такое выразнае, дарма што скрыпка, быццам сапраўды хворае ці галоднае дзіцятка заходзіцца. Так плача, так плача, што вытрываць аж трудна, хочацца бегчы да яго, каб суняць тое плаканне. I чуецца, што сунімае матка: «А-а, а-а, малое! а-а, а-а, беднае!» Патрошку сціхае дзіця, калыша яго матка, скрыпаюць пачопкі цераз даўгую ночачку, скрыпаюць і скрыпаюць як бы вось тут во, каля цябе, дарма што гэта адно скрыпка даказвае пад музыкавымі пальцамі. Звычайнью песні іграў музыка, але слухаў бы яго, слухаў без канца-краю.
        
         Не плач, маё дзіцятка, а цыц, маё родна.
         Вунь там войт ідзець,
         На татку, на мамку ён бізун нясець,
         У тым у бізуне скураты увіты,
         На тым на бізуне слёзкі паліты...
        
        I шмат чаго іграў музыка аб сваёй нядолі змалку дзён.
        I так, песня за песняй, сыграў усё жыццё сваё.
        Цёмная ноч стаяла на дварэ, а як іграў, то быццам расплывалася цямнота: то жніво перад вачмі, жнеі пяюць, то ў сенажацях косы звоняць, то ў супрадках вераценцы трынкаюць, то на ігрышчы «Лявоніху» хлопцы з дзеўкамі скачуць.
        I нікому не здавалася дзіўным, што ля труны нябожчыцы іграе ён не толькі хаўтурнае, але і штодзённае, бо ўсё пакаралася пальцам музыкавым; усё было толькі хораша – ці яно святое, ці грэшнае.
        Аж так і да паўночы падышло.
        Дайшоў музыка да тае нешчаслівае часіны, як іграў палячцы наскія песні.
        Трубіць паляўнічы рог, гаўкаюць ганчакі, – гэта, значыцца, выязджае пан на ловы.
        Смяецца палячка, як бы званочак сярэбраны, – гэта яна цешыцца, што Арцём да яе ідзе. Пакацілася ад скрыпкі смутная жніўная песня, гэта ён пачаў іграць ёй наскія песні.
        Песню за песняй іграе скрыпка, і такая жальба, такая жуда чалавечае душы была ў тым гранні, што сэрца ад болю ўсім сціскалася, белы свет не мілы рабіўся, жадалася чагось няведамага, чаму ніколі на свеце не бываць. Разліваецца ў слёзах скрыпка, плача аб марнасці таго свету, дзе адзін любіць, а другі – не. Так іграў.
        Але вось перабіваецца ігранне на новы тон. Выплывае на паверх магутны гук, горды, непераможны, пад якім ледзьве чуваць і тыя песні жніўныя, і тое мучанне паляччына. Зайграў Арцём аб сваёй гордай, адзінокай душы, зайграў аб сваёй музыцы. Грыміць няземны гімн, аж увесь свет ад тых гукаў дрыжыць... Па-над усім вышэй стаіць музыкаў гімн, няма той сілы ў свеце, якая б яго сходала.
        Раптам зарагатала з кабінета панскага нешта нялюдскае, дзікое... Пан рагоча, вые, смяецца! А музыкаў гімн, не зважаючы, плыве шырокай хваляю ў паветры цёмнае начы, як тая магутная бурлівая рака ў павадкі.
        Сціхла рагатанне, і сярод музыкі раптоўна: бух!..
        Сціхла і музыка. Бягуць людцы да пана ў кабінет, глядзяць: аж ён ляжыць з разбітымі мазгамі, пісталет турэцкі пры ім уронены ляжыць.
        Здужала яго нячыстую сілу Арцёмава ігранне, – застрэліўся наш пан!
        Пахавалі яго з палячкаю разам; Арцёма ж болей мы не бачылі: сышоў ад нас у свет, няведама куды.
        Вось які быў калісь музыка, вось якое-што часам дзеялася за прыгонам.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.