РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Юлія Новік
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сонца за тэрыконамі
 
Вершы
 
 
 
За кожным крокам – галасы

 
 
*** З твару не пазнаеш мяне...
 
*** Не адзінокі ты, не адзінокі...
 
*** Ноч – адзінокі кат...
 
*** Тры кветкі шыпшыны...
 
Напішы
 
Навальніца
 
*** За кожным крокам – галасы...
 
*** Няхай абрынецца сьвятло...
 
*** Не ў дарогах заблытацца...
 
Фантасмагорыя
 
Вечныя вандроўнікі
 
*** Як Млечным Шляхам спакусілася Зямля...
 
*** Руйнуюцца гарады...
 
З’адзіночаньне
 
Словы
 
*** Не сьпявай, ня трэба, змоўкні...
 
Слова
 
*** Позна дараваць...
 
*** Лесьвіцы беларускай...
 
*** Нэрвы патонуць аднойчы ў віне...
 
Мой спакой

 
 
Астравы спакою
 
Сонца з дрыготкім сэрцам
 
Мой спакой
 
*** Восеньскае віно...
 
*** Сказаў – празь дзесяць хвілін...
 
Курорт
 
*** Зямля як паліта алеем...
 
У цёмным Гданьску
 
*** Такая ж белая ад сьнегу ноч...
 
Дарожнае
 
Сьнежныя
 
*** Гэты месяц і ўжо наступны...
 
*** Мне віну сваю не аспрэчыць...
 
Тое, што будзе потым

 
 
«Апошні гэрой»
 
Потым
 
Гузікі
 
*** Дазвольце вывучыць даліны...
 
*** Стрэлкі гадзіньніка рушу наперад...
 
Сем ценяў
 
Свабода
 
Сяброўкі
 
*** Дзьве тысячы пяты, заўзяты...
 
Тэрыконы
 
*** Пусьціце мяне ў краму!..
 
Імгненьні

 
 
*** Горад...
 
*** Ноч надзьмулася...
 
*** Тры лыжкі цукру...
 
*** Шпілька самоты...
 
*** Кубікі лёду...
 
*** Кажуць...
 
*** Глуха б’ецца...
 
*** Уздыхам перабітае сьвітаньне...
 
*** Прастора начнога колеру...
 
*** Шыюць мне гальштук, шыюць...
 
*** Тэрыторыя посьпеху...
 
*** Рукамі я хапаюся за дождж...
 
*** Лятуць на поўдзень...
 
*** Зьбіраю каменьчыкі...
 
*** Пішу на вадзе...
 
*** Танклявыя аблокі...
 
*** Перад дажджом...
 
*** Згарэла вялікае сэрца...
 
*** Як сёньня нам далёка да такіх...
 
*** Смуткуе ціха...
 
*** Паэт аднаго верша...
 
*** Поле аралі, але павярнулі назад...
 
*** Цішыня, адсьпяваная пеўнямі...
 
*** Саламяныя птахі зрываюцца ветрам...
 
Мы з тых казак, што сталі шэрымі

 
 
*** Пасьля сьвята здымаюць сьцягі...
 
*** Лета дзынкнула...
 
*** Не люблю халодны вецер...
 
Вятрак
 
*** Цяжка, марудна, гадамі...
 
*** Жыцьцё ў пераходах застыла скалечана...
 
*** Незайздросная, людзі, уцеха...
 
Сябра
 
*** Пару тонкіх сівых валаскоў...
 
*** Цётка чужая...
 
*** З вокнаў крычалі...
 
*** Мой крыж – не пачуць адказу...
 
Між першым словам і апошнім

 
 
*** Ноч выціскае зь сябе па кроплі...
 
*** Зьвіняць капяжы...
 
*** Будзе гарэць словамі...
 
*** Між першым словам і апошнім...
 
*** Вясна прастуджаная...
 
*** Радок вырастае зь цемры...
 
*** Сёньня нараджаюцца пакаёвыя кветкі...
 
Парасоны
 
Абяцаньне
 
Да запатрабаваньня
 
Шахта
 
*** Шчасьлівы...
 
Навальніца – забойца сну

 
 
*** Цёмныя ночы віруюць...
 
*** Я прачнулася – цябе няма побач...
 
*** Тонкімі-тонкімі пальцамі...
 
*** Навальніца – забойца сну...
 
*** Жнівень прыйшоў па мяне...
 
*** Нельга прасіцца, ды папрашу...
 
*** Іду, нібы на паклон, па лён...
 
Басанож па восені

 
 
Водар лета
 
Здагадка
 
Вочы
 
*** Падаюць дні ў каляндар...
 
Вясновы неспакой
 
Пэйзаж
 
Вясна і месяц Люты
 
*** Насустрач – жывыя ружы...
 
У вёсцы
 
Дзяды
 
Максіму Багдановічу
 
*** Прабач...
 
*** Гэта быў час, калі...
 
*** Пакінуты кавалак шкла...
 
*** Праляцець, не зірнуць назад...
 
Вымяраецца ўсё табою

 
 
*** Час спыніўся...
 
*** У розных вымярэньнях мы жывём...
 
*** Горкі шакалад тваіх слоў...
 
*** Непакорная цьмяная ноч...
 
*** Твая душа мне ўсьміхнулася...
 
*** На сэрцы – мяцеліца...
 
Чаканьне
 
*** «Горад адзін на дваіх»...
 
*** Сонца вернецца...
 
Акраверш
 
Сустрэча
 
На Месяцы
 
ВТТ
 
*** Не пашкадую...
 
*** Сярод дня цябе спыню...
 
*** Мае сьлёзы ў цёмнай ночы...
 
*** Захінаецца, забываецца...
 
*** Ты штодзённа спыняеш вечар...
 
*** Ноч у небе маўчыць маланкамі...
 
*** Сонца болю...
ЗА КОЖНЫМ КРОКАМ – ГАЛАСЫ
*  *  *
З твару не пазнаеш мяне,
Ды сонца тваё начлежнае
Сьвяціла мне проста ў вокны
Так, што хацелася змоўкнуць
Аповесьцю абарванай.
 
Годзе заказваць танец –
Музыка яго перайначыў.
Ціха сьмяецца скрыпка,
А людзям здаецца – плача.
 
З прорвы пасьпею крыкнуць:
«Гэта ня ваша справа!»
Толькі ў адказ пачую:
«Брава, актрыса, брава!»
 
 
 
 
*  *  *
Не адзінокі ты, не адзінокі:
Табе прадаў свой меч апошні вой.
Сьнег запарушыць вогненныя крокі,
Схаваны хлеб пакрышыцца ў сувой.
 
Не адзінокі ты, не адзічэлы:
Твой век глытае золата і медзь.
А ў целах нашых зноў крывавяць стрэлы,
Не даючы навекі ачарсьцьвець.
 
 
 
 
*  *  *
Ноч – адзінокі кат
Тым, хто пазбыўся дому.
Нехта пачуў набат –
I не сказаў нікому.
 
Плачу, а можа, плачу?
Поўня схавацца хоча.
Той, хто ня змог пачуць,
Цемрай крыжуе вочы.
 
 
 
 
*  *  *
Тры кветкі шыпшыны
Ля дома старога,
Пад позіркам Бога:
Адна, бы дзяўчо маладое,
Яшчэ расьцьвітае,
Зьвініць ёй вясёлую песьню
Пчала залатая.
Другая дадолу глядзіць,
Не ўтрымаўшы
Сваёй прыгажосьці цяжар,
I пялёсткі губляе.
А трэцяй хіба што
Зь цікавасьці тут заставацца:
Зжаўцела і ссохла,
Ды пахам сваім ап’яняе,
Бы вечна жывая...
Ня вырваць шыпшыну
З грудзей Беларусі,
Бо іншай Паходні
Няма ні заходняй, ні ўсходняй.
 
 
 
 
Напішы
Напішы для сябе адной
Толькі так, каб было відаць,
Як успыхнуў радкамі боль,
Як ад гневу радкі гараць.
 
Напішы для сябе адной –
Атрымаецца як для ўсіх –
Тых, хто сэрцам жывым даўно
Замяняе і зрок, і слых.
 
 
 
 
Навальніца
Маўклівая злая маланка
Засьвечвае плёнку неба.
I дзень на маім фотаздымку
Здаецца народжаным поўняй.
 
Мой сон разальецца паўшэптам –
Дажджом бессаромна халодным.
Сагрэю дыханьнем дажджынкі,
А неба сагрэецца ў сэрцы.
 
 
 
 
*  *  *
За кожным крокам – галасы.
Спыняюся – няма нікога.
А цень ня мой за мной застыў,
І сьлед чужы нясе дарога.
 
Чарнее сьпечаны асфальт,
І стук абцасаў застывае.
Мяне туды не адпускай:
Там цень мой воблакам лятае.
 
 
 
 
*  *  *
Няхай абрынецца сьвятло,
Няхай раскрые змову ночы,
Каб беспрытульным стала зло,
Якое наш падмурак точыць.
 
Гранітнай цемры не відаць –
Яе схавалі ў акуляры,
Каб сьвету душ цяпла ня даць,
Схаваць за шклом халодным твары.
 
Блішчыць раструшчанае шкло.
Я чую звонкія удары.
То, мабыць, білася сьвятло,
Каб нішчыць цемры акуляры.
 
 
 
 
*  *  *
Не ў дарогах заблытацца,
А ў людской лютай хітрасьці:
Прыхавацца за старасьцю,
Пагадзіцца са слабасьцю.
 
Выпінаюцца чэргамі
За сумленьня данінаю,
А нутро пакалечана,
А душа пакамечана.
 
 
 
 
Фантасмагорыя
Плашч, вышыты дажджамі, не схаваеш,
Як сонца трон нябесны не астыне.
Няўжо душы вам не шкада, як раю,
Зь якога вы выносіце сьвятыні?
 
Пяском засыпаць і пяшчоту можна,
Ды толькі замкі акіян стварае.
Зямля, ахопленая сном трывожным,
Мільёны сьветлых думак дасылае.
 
Мільёны цёмных думак стануць склепам.
Мільёны цёмных дзеяў – як запалка.
Далёкіх зорак промні робяць зьлепак
Зьнікаючай планэты-катафалка.
 
 
 
 
Вечныя вандроўнікі
Пакінем выразныя мы сьляды
На сьнезе ля цёмных дрэў,
Каб той, хто адразу пайсьці ня змог,
Пасьля адшукаць пасьпеў.
 
Бяз карты і компаса рушым далей
У твань ці нямы прастор.
I скончыцца бор, і пачнецца бор,
Нібыта адзіны твор.
 
Мы пройдзем Юпітэр, Платон і Марс,
I ўсё па адной зямлі.
I ўрэшце забудзем, навошта нас
Аднойчы ў палон здалі.
 
 
 
 
*  *  *
Як Млечным Шляхам спакусілася Зямля –
Пакуту за пакутай церпіць,
Каб не пабачыць зболена здаля
Прывід уласнай сьмерці.
 
За правады чапляюцца гады,
За лёсу вечныя скрыжалі.
Згубіўся ў часе зорны правадыр
З запасам мудрасьці і жалю.
 
А думкі гінуць у «сусьветнай павуціне»...
 
 
 
 
*  *  *
Руйнуюцца гарады,
Зьлятаюцца крумкачы.
Сівой не пап’еш вады.
Навокал, як лес, мячы.
 
Прабіцца б за небакрай
I боль свой жыцьцю аддаць...
За ўцёкі ў халодны рай
Гарыць сівізной вада.
 
 
 
 
З’адзіночаньне
Сотні разоў паўторыцца
Перш чым створыцца,
З’адзіночаньне вечаровае,
З’адзіночаньне перад Словамі.
Праз дым адзінока сьвеціцца
I празь імжу праглядвае
З’адзіночаньне змрочна-вішнёвае,
Вінаграднае.
З’адзіночаньне каляровае,
Высьпявае ад цяжкай працы,
Пасьпявае ня ўсім сустрэцца.
Крывінка да крывінкі будуць брацца
Толькі ім паяднаныя сэрцы.
 
 
 
 
Словы
Станьце, любімыя, дзіўнымі-дзіўнымі,
Станьце гадзінамі, станьце хвілінамі.
Самыя родныя, самыя моцныя,
Станьце маленькімі крэўнымі сонцамі.
Для разьвітаньня, на сповядзь і ў танцы
Стаўшы апошнімі, першымі станьце.
 
 
 
 
*  *  *
Не сьпявай, ня трэба, змоўкні,
Зьнікні, сьцішся да пары,
Гэты голас не для шчасьця,
А для гора зьберажы.
 
Чорны лес рыхтуе змову.
Чорных коней прывязаць!
Срэбра чорнае гатова
Зброю чорную каваць.
 
Песьню чорную папросяць –
Узбунтуе голас твой,
Запляце паветра ў косы.
Выйдзе сьветлаю ракой –
Зьнікне чорная дуброва,
Застанецца сьветлым слова.
 
 
 
 
Слова
Шукае, каму прымроіцца
Сьвечкай ці навальніцаю,
Каму падарыць бяссоньніцу,
Стрэмкаю ў жыцьці упіцца.
 
А іншыя ў гэты час, бедныя,
Лётаць упоцьмах стараюцца
Над кручаю ці над безданьню,
Сваю прапусьціўшы раніцу.
 
 
 
 
*  *  *
Позна дараваць –
А ты даруй.
Сьлёзна сябраваць –
А ты сябруй.
Будзе трэці тост –
Пі ад душы.
Выгадна маўчаць –
А ты скажы.
 
 
 
 
*  *  *
Лесьвіцы беларускай
Неўтаймаваны прастор
Жыве адной думкай людскай –
Зямлю далучаць да зор.
 
Ня выдасьць ні слоў, ні нотаў,
Людзей набраўшы, маўчыць,
Хоць бі яе цяжкім ботам,
Хоць плач на яе плячы...
 
Падземнымі пераходамі –
На палубу карабля.
Мячыкам скача гордая
Па лесьвіцы часу Зямля.
 
 
 
 
*  *  *
Нэрвы патонуць аднойчы ў віне.
Казкам нарэшце прыйшоў канец,
Як і шчарбатаму «не». Мяне
Нешта хвалюе яшчэ –
Думка ў «чырвоны куток» не ўцячэ.
Будзем лаяцца ў цемру.
Будзем пасьля маліцца.
Цяжка. Ды трэба жыць.
 
 
 
 
МОЙ СПАКОЙ
Астравы спакою
Паміж руціны, пылу, мітусьні
Растуць ушыркі астравы спакою.
На іх зьлятаюцца, зьдзічэўшы, мроі,
На іх шчасьлівыя згараюць дні.
 
I не балюча падаць з вышыні.
I не шкада расплочвацца сьлязою,
Пакуль гараць на астравах спакою
Надзеі чыстай цёплыя вагні.
 
 
 
 
Сонца з дрыготкім сэрцам
Ціха. Прастора. Няма нічога.
Сонца сагрэла табе дарогу.
 
Дарогу зь мільёнам красак,
Успуджаных яркім промнем.
Дарогу зь мільёнам сказаў,
Якія і вецер помніць.
 
Ты пойдзеш дарогай гэтай
За сьветлым вялізным сьветам.
 
А маці тут застанецца –
Як сонца з дрыготкім сэрцам.
 
 
 
 
Мой спакой
Сьнег ляціць,
Як мільён матылькоў,
На вячэрняга Менска вагні.
Сівізной пакрываюцца скроні
Чарговай зімы.
Ты з усімі, і ўсё ж ты адзін,
Як мастак у палоне карцін.
Дні гараць ад марозу.
Знаёмыя твары ўсьміхацца ня хочуць.
Мой спакой нараджаецца з болю.
Мой спакой нараджаецца з ночы.
 
 
 
 
*  *  *
Восеньскае віно –
Келіх смутку і сноў –
Пілі мы з табой даўно,
Свабодныя ад высноў.
 
Цяпер у тваіх лістах
I смак яго ёсьць, і пах,
Цяпер у вершах сівых
П’ю яго я за дваіх.
 
 
 
 
*  *  *
Сказаў – празь дзесяць хвілін.
А зьнік нібыта навек.
Сышоў у прастору дажджу
Пакрыўджаны чалавек.
 
Сказаў – дарую пасьля
Такі дзіцячы падман.
А ўжо жалобны гусьляр
Праводзіць яго ў туман.
 
 
 
 
Курорт
«Любіш шалёны вецер?» –
Жніўня начнога пытаньне.
 
Мора многае сьцерпіць –
Ня стой да яго сьпінай.
Слухай шыпеньне шынаў.
 
Дні аддаюць машынам.
Кошкам належаць ночы.
 
Горы ня могуць сурочыць.
Толькі адняць дыханьне.
 
 
 
 
*  *  *
Зямля як паліта алеем
Дажджу.
Убачыць, як ноч пасьлізьнецца,
Хачу.
Каб цёмныя фарбы разьбіцца
Змаглі,
Каб сьветлыя думкі сплылі
Да зямлі.
 
 
 
 
У цёмным Гданьску
Спыніся госьцем у хаце маёй
I падзяліся сваёю журбой.
Куртатую радасьць пакінь сабе,
Схавай на чорны ці шэры дзень.
 
Агонь з ахвотай трашчыць у каміне:
Твой сёньняшні смутак нарэшце загінуў.
Ня вытрымаў бою зь цяплом і са мною,
З напоем з траваў, сабраных вясною.
 
Госьцем спыніся – сябрам застанься.
Смутку хаўтуры спраўляць ня станем.
Лісьце падорыць асеньні танец.
Дзякуй за вечар у цёмным Гданьску.
 
 
 
 
*  *  *
Такая ж белая ад сьнегу ноч.
Пранізьлівы спакой і цішыня.
Ільдзінкі разьбіваюцца аб камень.
I цішыню прымерзлую ня зьняць
Ад болю зьледзянелымі рукамі.
 
Назаўтра ноч абернецца сьлязой
I вып’е сьнег да дна яе чарноцьце.
I прыйдзецца даведвацца самой,
Чые сьляды мне раніца народзіць.
 
 
 
 
Дарожнае
Жыцьцё паміж двух гарадоў
Заціснута ў межы дарогі
І доўжыцца так безь сьлядоў,
Без памяці і без трывогі.
 
Нябёсаў плывуць караблі
І мараў няўлоўнае рэха.
Зіма ў гэтай жылцы зямлі
Пульсіруе студзеньскім сьнегам.
 
З імпэтам дзіцячага сну
Чаргуюцца дзіва-сусьветы.
Паціху крадзем сівізну
У сьнега чарговым білетам.
 
 
 
 
Сьнежныя
Здаваліся людзям сьмешнымі
На шыбах узоры сьнежныя,
На шыбах усьмешкі дзіўныя,
Што паміралі гадзінамі.
Усьмешкі ўсім і кожнаму,
Наіўна-неасьцярожныя.
 
Надзіва лёгка і весела
Чужыя рукі пакрэсьлілі
На шыбах прароцтвы дзіўныя,
Што паміралі гадзінамі.
 
 
 
 
*  *  *
Гэты месяц і ўжо наступны
У куфэрку ляжаць на дне.
Ды фальшывы прыйшоў заступнік
I пачуцьці прадаў таньней.
 
Котка белая пагуляла –
Поўсьць на чорны сышла дыван.
Пэўна, сьветлага будзе мала –
Мне ня хопіць, а хопіць вам.
 
 
 
 
*  *  *
Мне віну сваю не аспрэчыць,
Ды я ўсё ж ня кінуся прэч.
Пракаўтну астуджаны вечар
I самоту адкіну з плеч.
 
 
 
 
ТОЕ, ШТО БУДЗЕ ПОТЫМ
«Апошні гэрой»
Ёй гукі там-тамаў
Прысьніліся ноччу –
Уздых афрыканскіх вятроў.
Агнём неўтаймоўным,
Дзікім і прарочым
Яе загарэлася кроў.
 
Яна пачынае
Шукаць не апошніх
Гэрояў, а першых.
Ды покуль ляцяць
На агонь не гэроі,
А прывіды вершаў.
 
 
 
 
Потым
Падглядваць чужыя сьлёзы
I зьвязваць пачуцьці дротам,
А тое, што будзе потым, –
Ня важна і не сур’ёзна.
 
Зь дзіравым сумленьнем зжыцца
I крыўды зьбіраць употай,
А тое, што будзе потым, –
Далёка, гадоў праз трыццаць.
 
Хоць крышачку мысьліць – млосна.
Пасуньцеся там, пад плотам!
А тое, што будзе потым, –
Тады, калі будзе позна.
 
 
 
 
Гузікі
Мой гузік, чорны, гладкі, важны,
Ляжыць, напэўна, побач з Вашым,
Зялёна-шэрым, вострым, тонкім,
Бо разам бегалі адтуль мы,
Дзе летам – холадна, няёмка,
Зімою – горача і ўтульна.
 
 
 
 
*  *  *
Дазвольце вывучыць даліны
Далоні Вашай,
Дазвольце вывучыць пагоркі
I рэчкі венаў.
Паверце, буду працаваць я
Для Вас сумленна.
Трымаць руку гадзіну за гадзінай...
Напэўна, буду Вам павінна?
Ды не ўздыхайце, не хавайце
Сваёй рукі Вы –
Знайду я шчасьце
Вам за цярплівасьць.
 
 
 
 
*  *  *
Стрэлкі гадзіньніка рушу наперад.
Што там – брыльянтаў караты ці нерат?
Можа, са стрэльбаю там паляўнічы
Зоркі страляе,
Каб большала зьнічак?
 
Дзе там – гадзіньнік ня выдасьць сакрэтаў,
Думаць прымусіў. I дзякуй на гэтым.
 
 
 
 
Сем ценяў
I
Аднойчы цёплы вецер
Прынёс мне на спатканьне
Ажно сем розных ценяў.
Ня вырашыць адразу,
Які мне даспадобы,
Душа ў якім схавацца
Магла б пры небясьпецы.
II
Мае сем розных ценяў
Заціснуты ў палоне
Стэрыльнага пакоя.
Ад сонечнага соку,
Што лучыцца праз вокны,
Марнеюць, выцьвітаюць,
Ды бачыць не жадаюць
Адчыненыя дзьверы.
 
 
 
 
Свабода
Звычайная праява: у мяне
Жыцьцё – чатырохсьценная свабода.
Замест шпалераў – сонечная медзь,
А ружы зьлёгку пахнуць цёплым мёдам.
 
Ня выскачыць, ня высьлізнуць зь яе,
Бо кожны кут – жаданьняў сьветлых нерат.
Настрой дыктуе колеры свае,
А я зь іх выбіраю сумна-шэры.
 
 
 
 
Сяброўкі
Стаім на вуліцы,
Ў руках – марозіва.
Зіма нэрвуецца.
Зьбіраем позіркі.
Усьмешкі дорым мы.
І самі сьмешныя –
Нявесты сьнежныя,
Сьвятыя й грэшныя.
Зайздросьціць белае.
Сьмяецца чорнае.
Прыйшлі пакорнымі,
А пойдзем сьмелымі.
Сьняжынкі туляцца.
Ў далонях – возера.
Плывуць па вуліцы
Два лета-позіркі.
 
 
 
 
*  *  *
Дзьве тысячы пяты, заўзяты.
Дзьве тысячы шосты, няпросты.
Дзьве тысячы сёмы расьце пакрыёма
I набірае моцы.
Страх на арэлях гушкаецца.
Дзьве тысячы восьмы закрыўся падушкаю
I ведаць нічога ня хоча.
Восень плюнула лісьцем у вочы.
Рэкі ў небе шукаюць выйсьця.
Неба з сэрца жадае выйсьці.
 
 
 
 
Тэрыконы
Людзі схаваліся за тэрыконамі –
Шэрымі, чорнымі,
Калійна-салёнымі.
Жывуць тэрыконы, уздымаюцца,
Ушыркі-ўпоперак пашыраюцца.
 
Людзі схаваліся за тэрыконамі.
А над тэрыконамі – сонца.
А за тэрыконамі – горад.
 
 
 
 
*  *  *
Пусьціце мяне ў краму!
Я сумую, патрэбна новае,
Баваўняна-шаўковае.
Прымерыць бы радасьць спаднічную
Ці палітовую.
Пусьціце мяне да новага.
Пусьціце патраціць грошы.
Вы ж бачыце, мне карціць.
Я ведаю, вы харошы.
А я... мне патрэбна ісьці.
Забудзьце мяне на дзень.
Пусьціце мяне ў краму –
Я буду самая-самая
I Вас зраблю самым-самым.
 
 
 
 
ІМГНЕНЬНІ
*  *  *
Горад,
Якому маё непатрэбна імя,
Стаў на калені,
Каб з гонарам потым узьняць
Ноч
Зь ліхтарамі агніста шчасьлівых вачэй.
 
 
 
 
*  *  *
Ноч надзьмулася:
Сухой наглыталася сьпёкі.
А на небе – нямы хмараход.
 
 
 
 
*  *  *
Тры лыжкі цукру
У мядовае жыцьцё,
Тры мары
Дапэнсійнага ўзросту:
Асьмеліцца, валодаць, затрымаць.
Але з кісьлінкаю прыходзіць асалода.
 
 
 
 
*  *  *
Шпілька самоты
Трымае прычоску.
Ня буду выцягваць –
Хай сны застаюцца
Падданымі
Шпількі самоты.
 
 
 
 
*  *  *
Кубікі лёду,
Прадчуваючы свабоду,
Мне дораць
Свой апошні
Зачаравана-сымэтрычны
Танец.
 
 
 
 
*  *  *
Кажуць,
Усё ўжо створана.
А я замяню словы
Зорамі –
Ніводная зь іх не паўторыцца.
 
 
 
 
*  *  *
Глуха б’ецца
Гадзіньніка стрэлка.
Зрывае сэкунды
З густой павуціны
Няўмольнага часу.
 
 
 
 
*  *  *
Уздыхам перабітае сьвітаньне,
Не адпускай мяне,
Пакуль
Дарослым днём ня станеш.
 
 
 
 
*  *  *
Прастора начнога колеру
Падзелена на квадраты вокнаў.
У кожным квадраце – свая зорка.
Мая – уцякае.
Лаўлю на кватэры чужой.
 
 
 
 
*  *  *
Шыюць мне гальштук, шыюць,
Вешаюць мне на шыю.
Не піянэрскі, не,
Здвоены, бы зьмяіны.
Вешаюць гальштук мне –
Ведаюць, што ня скіну.
 
 
 
 
*  *  *
Тэрыторыя посьпеху
Засаджана дрэвамі
Зь дзяцінства маіх успамінаў.
Ня рушыць наперад
Без камянёў,
Сабраных у полі мінулага.
 
 
 
 
*  *  *
Рукамі я хапаюся за дождж,
Хаваю парасон старанна:
Упэўніцца хачу,
Што не растану.
Ды сьлёзы размываюцца ўсё ж.
 
 
 
 
*  *  *
Лятуць на поўдзень
Ніці сонца залатыя,
А я на ўсходзе іх чакаю –
Напіцца б шчасьця зь небакраю!
 
 
 
 
*  *  *
Зьбіраю каменьчыкі –
Як напамін
Пра аблокі,
Што пенаю сталі марской.
 
 
 
 
*  *  *
Пішу на вадзе –
Хай чытаюць
Нахабныя чайкі
Мой верш.
 
 
 
 
*  *  *
Танклявыя аблокі
Паволі складваюцца ў раніцу.
Першы машынны дым
Зьмяшаўся з апошнім уздыхам ночы.
Горад незадаволены:
Раніца вымушае павольнасьці.
 
 
 
 
*  *  *
Перад дажджом
Усе фарбы роўныя.
 
 
 
 
*  *  *
Згарэла вялікае сэрца.
Ня лямпачка – не заменіш.
А музыка і праменьне
Сіроча плывуць па сьвеце.
 
 
 
 
*  *  *
Як сёньня нам далёка да такіх,
Што ветразі спускаюць на ваду
I абяцаюць: «Праз жыцьцё прыйду
Шчасьлівым на зямлю грахоў маіх».
 
 
 
 
*  *  *
Смуткуе ціха
Шматок паперы:
Хоць ёсьць натхненьне,
Бракуе веры.
 
 
 
 
*  *  *
Паэт аднаго верша
Пісаў макулатурныя раманы,
Ня мог ніяк зьмірыцца зь лёсам
Паэта аднаго верша.
 
 
 
 
*  *  *
Поле аралі, але павярнулі назад –
Мёртвая птушка сваю бараніла зямлю.
Тую палоску ня зможа крануць баразна,
Бо на магіле ня ўзыдзе калосьсе жывым.
 
 
 
 
*  *  *
Цішыня, адсьпяваная пеўнямі,
Прайшлася празь вёску,
Каб спыніцца ля хаты старой
I пакрочыць далей,
Толькі крыжам уперад.
 
 
 
 
*  *  *
Саламяныя птахі зрываюцца ветрам.
Саламяныя птахі вітаюць нябёсы.
А я птахам такім да ўпартага веру,
Хоць іх попел трапляе ў гарачыя сьлёзы.
 
 
 
 
МЫ З ТЫХ КАЗАК, ШТО СТАЛІ ШЭРЫМІ
*  *  *
Пасьля сьвята здымаюць сьцягі.
Мой горад стаіць пад восеньню.
Мой дом – астравок тугі,
Кожны дзень яе выносім мы:
Хто ў вачох, хто ў сэрцы, хто так,
Хто аберуч выводзіць. Цяжкую.
А на даху жыве мастак,
А пад дахам сэрцы тахкаюць.
 
 
 
 
*  *  *
Лета дзынкнула –
I засталося
Матыльком засушаным.
А можа, запусьцім у восень
Шар паветраны?
Баластам – дзяцінства,
Каб паверылі.
Мы з тых казак, што
Сталі шэрымі.
 
 
 
 
*  *  *
Не люблю халодны вецер.
Ён бескампрамісны,
Выстаўляе для агляду
Самыя непрыгожыя рэчы,
Штампуе шэрыя думкі,
Рухацца перашкаджае
Вуліцамі жыцьця,
Зьбівае цёплыя фарбы
У масу са злосным тварам.
Не люблю халодны вецер
Ад людзей з каменнымі сэрцамі.
 
 
 
 
Вятрак
Учора зламаўся вятрак –
Мой голас не даляцеў
На тонкіх кляновых лістах
Чарнілам дажджу асеў.
 
Тады паляцела сама
На бераг круты ракі.
А нехта плыты сагнаў,
Каб будаваць ветракі.
 
 
 
 
*  *  *
Цяжка, марудна, гадамі
Скдадваю картачны домік,
Карты-цагліны зьбіраю,
Дыхаць і думаць баюся.
Домік нарэшце гатовы,
Цудам жаданым здаецца.
Тут жа яго разбураю:
Вельмі ён стаў дасканалым.
 
 
 
 
*  *  *
Жыцьцё ў пераходах застыла скалечана,
На ложках бальнічных жыцьцё распласталася,
Бяздумна чакаючы поклічаў зь вечнасьці,
Рызьзём прыкрываючы меціны старасьці.
 
Жыцьцё, што калісьці свабодай валодала,
Павінна цяпер перад іншымі кланяцца,
I мрояцца вочы тужліва-халодныя
На плітах мармурных і помніках каменных.
 
 
 
 
*  *  *
Незайздросная, людзі, уцеха –
Адгукацца ня словамі – рэхам,
Назіраць зь перапечка ўпотай,
Як жыцьцё раптам робіцца слотай,
Як на сьценах партрэты дрыжаць,
Нібы пыл – невыносны цяжар.
 
 
 
 
Сябра
Праз пару сэкунд
I праз тысячу тысяч гадоў
Я ўспомню цябе.
 
На хвалях самоты глухой
Мы розныя несьлі сьцягі,
Ды мой карабель
I твой незакончаны плыт
Адзін ашчасьлівілі рыф.
 
 
 
 
*  *  *
Пару тонкіх сівых валаскоў
З маладой галавы
Больш раскажуць,
Чым трэба.
Гэта колер да сонца сышоў,
Прамянёў паплавы
Прамяняў на пахмурнае неба.
 
 
 
 
*  *  *
Цётка чужая
З душы пазяхае.
Цётка чужая
З душы вызірае,
Злосна паглядам паблісквае.
Плача дзіця – над калыскаю
Цётка чужая.
Чужога шукае ўраджаю.
Вечна самотная,
Бо для сябе яна
Цётка чужая.
 
 
 
 
*  *  *
З вокнаў крычалі,
I падалі цяжкія словы;
Скрыгаталі трамваі,
Плыў натоўп каляровы.
Мяккая музыка
Ў аўто дарагім праехала,
Нібы астравок цішы
Сярод вэрхалу.
 
 
 
 
*  *  *
Мой крыж – не пачуць адказу
I чакаць, што сэрца заплача,
Але сілы для сьлёз ня мець.
Мой боль – душою зьнямець,
Хістацца бяз пэўнай надзеі
Знайсьці сваю каляіну.
Мой сон – пераблытаны дзеі.
Свой лёс я сабе пакіну,
Хопіць выйсьця шукаць.
Мой боль умацуе сілы,
Каб праз сон пранесьці свой плач.
 
 
 
 
МІЖ ПЕРШЫМ СЛОВАМ І АПОШНІМ
*  *  *
Ноч выціскае зь сябе па кроплі
Дзень у ружовым адзеньні сонца.
Золка.
Дрыжаць у вадзе аблокі.
Сьпяць карасі.
Рыбакі чакаюць.
Мары свае растаўляюць тоні.
Мякка сьціскаюць туману абдымкі.
Колецца пожня –
Ступаць балюча.
Соладка ў роце ад скібкі хлеба.
 
Сталася раптам прыемна, цёпла –
Проста дзіця ўсьміхнулася.
 
 
 
 
*  *  *
Зьвіняць капяжы.
На сьцяжынах
Зьбіраю я шкельцы вясны.
Празь іх не на сонца глядзець –
У далёкія цёплыя сны,
Дзе месяц
Нябёсаў віно смакаваў,
А потым у човен халодны ўпаў;
Туман каля ног
Лёг пушыстым сабачкам;
Самотны трысьнёг
Шуміць, нібы плача.
Я ж мару,
Каб выбрацца з гэтага сну да цябе.
 
 
 
 
*  *  *
Будзе гарэць словамі,
Перагараць думкамі
Натхненьне маё.
Будзе стамляцца,
Адпаўзаць у цень
Сумленьне маё.
Будзе на зьмярканьні
Прасіць аб літасьці
Цярпеньне маё.
I толькі аднойчы
Зьявіцца вандроўнік,
Каб проста сказаць:
«Вер!»
 
 
 
 
*  *  *
Між першым словам і апошнім,
Сярод аскепкаў посуду,
Што білі па неасьцярожнасьці
I для супакою;
Сярод алоўкаў,
Што ламаліся над матэматыкай,
Вучнёўскай
I надзённай;
Сярод грошай,
Старых, для калекцыі,
I для кішэньнікаў,
Згубіўся гадзіньнік –
Маленькая бомба.
Нехта некалі знойдзе,
I стане прыкра:
Столькі часу страчана.
 
 
 
 
*  *  *
Вясна прастуджаная
Ўсхліпвае дажджамі,
Бо рана разбудзілі
Аблокі,
Ці то блакіт казычуць неба.
Вясна,
Ці то сёньня да зімы
Наблізілася раптам,
Прачнецца заўтра
У абдымках ці ня лета?
Уяўнае сваё цяпло
Шукаць у восені прыстала
Ёй, выбітной паненцы.
 
Адно спакой,
Растрачаны вясною,
Вандруе дзесь на межах часу
I цэлы год бунтуе сэрца.
 
 
 
 
*  *  *
Радок вырастае зь цемры,
Нібыта яму наканавана
Нарадзіцца ў пекле,
Але ня ў сэрцы.
 
Цемра паўзе ў радкі.
Можа, таму яны
Сонныя і бязважкія.
 
Распаліце печ.
Няхай вогненная цемра
Паглыне бясконцую ноч.
Можа, з шэрага дыму
Утворацца белыя воблакі?
 
 
 
 
*  *  *
Сёньня нараджаюцца пакаёвыя кветкі,
Каб заўтра чэзнуць ад лаянкі жыльцоў
I аднойчы зьнікнуць
У дыме цыгарэт.
 
Сёньня нараджаюцца вольныя дрэвы,
Каб заўтра паддацца гораду
I аднойчы зьнікнуць
У дыме машын.
 
Сёньня нараджаюцца хуткія рэкі,
Каб заўтра згубіцца ў сьмецьці
I аднойчы зьнікнуць
У дыме заводаў.
 
Сёньня нараджаюцца гордыя людзі,
Каб заўтра забыцца ў штучным інтэлекце
I аднойчы зьнікнуць
У дыме палаючай Зямлі.
 
 
 
 
Парасоны
Людзі схаваліся пад парасонамі –
Чырвонымі, сінімі, зялёнымі,
А найбольш – чорнымі.
Бягуць парасоны, сутыкаюцца –
I зноў у бакі разьбягаюцца,
Хацелася пагаварыць –
Парасон перашкаджае,
Хацелася ўсьміхнуцца –
Таксама нязручна.
 
Людзі схаваліся пад парасонамі...
А на небе – ні хмурынкі.
 
 
 
 
Абяцаньне
Напаўсьмешнае, напаўтрывалае,
Можа, надта пасьпешнае,
Абяцаньне давала я
Марскім узьбярэжжам
Заплываць за буйковыя межы,
Гартавацца ў непагадзь
Стромкімі хвалямі,
Сьляпіцца праз сонца
Таемнымі далямі,
Каб потым на сушы
Не тануць у спакоі
I з усіх хваляваньняў
Выбраць самае важнае –
Быць сабою.
 
 
 
 
Да запатрабаваньня
Аднойчы новыя словы
Зьявяцца безь мяне
I будуць бянтэжыць усіх
Сваёй прысутнасьцю.
Яны напоўняцца сэнсам,
Надзьмуцца ад гордасьці
I паляцяць у невядомым накірунку
Шукаць мае думкі.
Аднойчы новыя словы
Знойдуцца безь мяне.
 
 
 
 
Шахта
Прытулку няма дамам,
Дамам таксама –
У тонкіх спадніцах
І ў завушніцах.
 
Мэтры лятуць уверх.
Сэрцы лятуць уніз.
Мінус дваццаты паверх.
Крохкі падземны карніз.
Уперад – мільёны гадоў.
Ззаду – мільёны хадоў.
 
Нутро шалёна дрыжыць.
Сьмяецца салёны муж.
Просіць зямля – ня руш
Крыжоў маіх і шыпшын.
 
Твары – чырвоны пыл.
Сонца – каскі ліхтар.
Нэтры – нібы сьвятар.
Сябар адзіны – тыл.
 
Рэха адной начы
Доўжыцца цэлы век.
Слабасьць – нібыта зьдзек.
 
Пароду б хутчэй асачыць.
Зрабіць у мінулае крок –
Прарэзаць яго, прабіць,
Каб там, наверсе, пражыць,
Сплаціўшы зямлі аброк.
 
 
 
 
*  *  *
Шчасьлівы:
Смаўжы не паўзуць за каўнер,
Каб засьведчыць душы пераход
У апалы лісток.
Шчасьлівы
Ня ведаць сваіх ненароджаных «я»,
Што маглі б яго гонар узьняць
На славутасьці вострым лязе.
Шчасьлівы
Сябрам давяраць
Сваіх слабасьцяў вечны ланцуг,
Што пятлёю
Для мар яго вырасьці мог.
Шчасьлівы
Сваёй адзінотай ня мучыць другіх,
Жыцьцё сваё роўна дзяліць
Для блізкіх і родных людзей.
Шчасьлівы,
Ды толькі шчасьлівую
Доўга ня можа знайсьці.
 
 
 
 
НАВАЛЬНІЦА – ЗАБОЙЦА СНУ
*  *  *
Цёмныя ночы віруюць,
З вуліцай варагуюць.
Ночы без гаспадара.
Падарыць бы табе іх.
Сабе неспакой дараваць.
 
 
 
 
*  *  *
Я прачнулася – цябе няма побач.
Дзьверы сну замкнёныя. Дзьверы шкляныя.
Ня хочацца іх разьбіваць,
Каб звонам ноч не параніць.
Няхай раніца – апякунша новасьпечаных душаў –
Намалюе на целе
Чарговай сваёй ахвяры
Аўтапартрэт.
 
 
 
 
*  *  *
Тонкімі-тонкімі пальцамі –
Здаецца, зараз зламаюцца –
Нацягнуць бы блакітную коўдру сну
На сьвяцільнік –
Дамашняе сонца.
Няхай воланды
Смуткуюць з «Крывавай Мэры»
У іншым вымярэньні.
 
 
 
 
*  *  *
Навальніца – забойца сну.
Не адну ўжо забіла хвіліну,
Спапяліць жа яшчэ не адну.
Сны – сыны супакою – гінуць,
Дзень губляе апошні лапаць.
Неба дзень пачынае латаць,
Ад азону сьвет захмялелы.
Котка лёгка пружыніць цела.
Пачынаецца ўсё спачатку.
Сонца з хмарак пячэ аладкі.
 
 
 
 
*  *  *
Жнівень прыйшоў па мяне.
Жнівень прыйшоў памяняць
Дождж на сьнег,
Сьнег на сьмех, сьмех на грэх.
Ці варта чакаць,
Лічыць да пяці і ісьці
Лячыць ад чужых дамоў
Сябе і свае сьляды?
 
Горад пад колы аўто
Трапіў і раптам зьнік.
Стомлены праваднік
Пытае цябе: «Ты хто?»
Цягне ў вакзал цягнік.
Зараз глыне вакзал.
А ты, ты ня ўсё сказаў
I ўсё баішся сказаць,
Бо ў жніўні салодка спаць,
Бо сьнег адзінока зьбег,
Бо грэх нібы той арэх...
 
 
 
 
*  *  *
Нельга прасіцца, ды папрашу
Я для душы рошчыну.
Колькі жыву, столькі тужу,
Бы прадаю вотчыну.
Сьпіцамі лес, сьпіцамі сьвет,
Быццам агнём, колецца.
Сьлёзны ручнік вытчэ паэт –
Той, хто за лес моліцца.
 
 
 
 
*  *  *
Іду, нібы на паклон, па лён.
I сноў тваіх, і трывог мурог.
Каня твайго я паіць зьвяду,
З адной вады да другой пайду,
Бо там, дзе няма людзей, чысьцей.
I лён намокне, і конь нап’ецца.
Табою я супакою сэрца.
 
 
 
 
БАСАНОЖ ПА ВОСЕНІ
Водар лета
Запахла палынам горкім...
Настрой невыразны, цьмяны,
Як сьлед папяровай зоркі
Пад сонейкам баваўняным.
 
Бы кветкі, зьбяру хвіліны –
Спалоханых птушанятаў,
Шукаючы водар дзіўны.
(То ўжо не палын, а мята.)
 
Кладзецца ў аблоках вечар,
Самлелы і адзінокі.
I летняй пяшчотай вецер
Цнатліва цалуе шчокі.
 
 
 
 
Здагадка
Заняло дыханьне – ледзь стаіш.
Ці свая на мейсцы галава?
Ап’яняе зноў густая ціш.
Да яе ў памяці – правал.
 
Вінаваты, можа, сонцапад
У асеньнім лісьці залатым?
А прырода выйшла на парад,
Вецер носіць павуцінны дым.
 
Гэта ўсьмешка закранула так,
Што заныла сэрца без пары.
I табе запомніўся юнак,
Што душою зь небам гаварыў.
 
Вінавата сыпнуў дробны дождж,
Не сароміла здагадка ўжо:
Ты таксама колісь басанож
Прабягаў па восені чужой.
 
 
 
 
Вочы
Навальнічныя сінія вочы!
З асалодай жыцьця ў глыбіні.
Нешта ў іх ёсьць ад ліпеньскай ночы
I ад травеньскіх цёплых крыніц.
 
Не згасае агонь на Купальле,
Цемру ён вышывае ў вачах.
Толькі глянеш – адразу расталі
Боль і гнеў, нават горыч і страх.
 
Нешта ў іх – ад паўночнага зьзяньня,
Зоркі-зьнічкі палаючы сьлед.
I маё ёсьць – адбітак каханьня...
Адны  вочы – і цэлы Сусьвет.
 
 
 
 
*  *  *
Падаюць дні ў каляндар.
Кропля за кропляю – часу вада.
Зрынецца хутка яшчэ адзін дзень.
Так павялося:
Вясна не ідзе,
Покуль ня скончыцца восень.
 
 
 
 
Вясновы неспакой
На выбух лістоты на дрэвах,
Блакіт бессаромны, гарачы
Прачнуліся ў сэрцы напевы,
Абудзіліся радасным плачам.
 
Дзень сьвятла, ноч абуджаных ценяў
Спакушаюць палонам свабоды.
Саграецца пяшчотай вясеньняй
Цэлы горад, чужынна-халодны.
 
Промні сьлепяць каменную шэрасьць,
А вясна ў іх пакровах вагністых
Ахінае надзеяй і верай.
Чалавек зноўку думкамі чысты.
 
 
 
 
Пэйзаж
Самотнай акварэльлю
Напісаны пэйзаж –
З дажджом пад шэрым вэлюмам,
З вагнём, надоўга страчаным,
Са спуджанымі качкамі,
Зь ярамі і шыпшынаю,
З размоклымі ажынамі,
З дарогай узаранаю,
З застылымі туманамі.
 
У прысаку абсушаны,
Пэйзаж той пахне ружамі,
На золку плача ліраю
I сьвеціцца ўначы.
 
 
 
 
Вясна і месяц Люты
Я падару Вам кветкі,
Хоць Вы – спадар, я – пані.
Гэтай парой палеткі
Сьвецяцца, нібы здані.
 
Пройдзем сьцяжынай вузкай,
Зьнікнуць сьляды і сьлёзы.
Лес – задуменны, друзлы.
Вас я люблю сур’ёзным.
 
Тут, у пушчанскім сэрцы,
Людзі хлусіць ня ў стане.
Казкай лясной прачнецца
Стомленае каханьне.
 
 
 
 
*  *  *
Насустрач – жывыя ружы.
Як быццам жывое срэбра,
Вагон за вагонам дружна
Вітаюць нямое неба.
 
А там, дзе багач каханай
У гэты звычайны ранак
Дарунак такі заказваў,
Ад руж засталіся вазы.
 
 
 
 
У вёсцы
Расстаньне самотаю выткана.
Люстэркам чароўнага возера
Заснула навечна журба.
Дзе – коўдрай старою, дзе – сьвіткаю
Хачу я з сабою забраць
З маленства знаёмыя вобразы...
 
Адчужанасьць і прысьпешанасьць,
Аднолькавасьць будняў сьляпых
Зьнікаюць пад зоркамі сьвежымі
Бабулі вачэй маладых.
 
 
 
 
Дзяды
Перада мною воскам аплывае
Маўклівай сьвечкі зграбны стан.
Гасьцей нябачных сьветлы стол чакае,
Рэальнасьць аддаляецца ў туман.
 
Сіло сумненьняў, страху краты –
Усё забылася, сышло,
I толькі памяці араты
Іх душы просіць на сьвятло
Адтуль, дзе ў жыцьцяў смак віны.
 
Я чую галасы,
Яны...
 
 
 
 
Максіму Багдановічу
Яго прымаю сэрцам трапяткім,
Яго чытаю – голасу ня чую,
Па казачным сусьвеце разам зь ім
У песьні зачарованай вандрую.
 
Ягоны верш спатоліць прагу слоў,
Адзіным хараством саўе вякі.
Тварыў ён золатам найпрыгажэйшай з моў,
Ён быў Пясьняр,
Красой жывіў радкі,
I зорачка яго – Душа Эпохі.
 
 
 
 
*  *  *
Прабач,
Калі нешта ня так, скрыпач.
Ты ня першы дзівак,
Ня плач.
Дазволь,
Табе ноты знайду.
Твой боль
Я сьвятлом разьвяду.
Прымі
Дапамогу маю.
Сьлязьмі
Скрыпку я напаю.
Іграй,
Я спыніцца ня дам.
Свой май
Ты прыдумаеш сам.
 
I няхай табе Муза прысьніцца.
Я ж, на радасьць, яе вучаніца.
 
 
 
 
*  *  *
Гэта быў час, калі
Лётаць усе маглі.
Часта луналі, ах! –
Зносіла ў птахаў дах.
Гэта быў час, калі
Ведалі, што баліць.
Ведалі і жылі.
Гэта быў час, калі
Верылі і маглі.
Гэта быў час Зямлі
I Людзей на Зямлі.
 
Гэта быў пэўны час.
Што там яму да нас...
 
 
 
 
*  *  *
Пакінуты кавалак шкла,
Самотны, востры і сьляпы,
Ляціць за сонцам наўздагон.
Плыве на сплаўлены натоўп.
 
Нягожы, ён нясе ў сабе
Адбітак часу і дарог.
Ён нібы вечны рухавік.
Прыцісьне думку – і далей.
 
Пакуль ня скончыцца пясок,
Пакуль ня высахне вада,
Пакінуты кавалак шкла
Шукае для сябе вакно.
 
 
 
 
*  *  *
Праляцець, не зірнуць назад,
Праз захмараны далягляд,
Праз атручаны лёсам час,
Праз Галяктыку і Парнас,
Праз брыльянтавы шлейф камэт –
Недзе там, ля адной з планэт,
Чорнай птушкай зламаць крыло
I асыпацца на зямлю
Зорнай хваляй застылых мар.
 
 
 
 
ВЫМЯРАЕЦЦА ЎСЁ ТАБОЮ
*  *  *
Час спыніўся.
Глыбокі сон.
Вымяраецца ўсё Табою.
А пяшчота, нібы праклён,
На жыцьцё насылае мрою.
 
Рух спыніўся.
Няма мяжы.
Не крануся: мяне трымаюць
Сотні ніцяў тваёй душы...
Пра астатняе – забываю.
 
 
 
 
*  *  *
У розных вымярэньнях мы жывём,
Ды зорка нас адна празь сьвет вядзе.
Калі нарэшце прыйдзе Судны Дзень,
Я аб жыцьці ня буду шкадаваць,
Бо вечна будзе толькі пра цябе
Мая душа шчасьлівая сьпяваць.
 
 
 
 
*  *  *
Горкі шакалад тваіх слоў
Без абгорткі сапсаваўся.
 
 
 
 
*  *  *
Непакорная цьмяная ноч
Цяжка ўпала сярод вясны,
Распласталася,
Каменем легла.
 
Толькі сны яшчэ сьветлыя, сны
Да цябе размываюць адлегласьць.
 
 
 
 
*  *  *
Твая душа мне ўсьміхнулася
Ці толькі падалося?
Іду па вуліцы і адчуваю:
Празь мяне глядзяць у восень.
 
 
 
 
*  *  *
На сэрцы – мяцеліца,
Стылы засьнежаны дым.
Мой голас сагрэецца
Будучым вершам тваім.
 
Тлум ветрам абернецца.
Холад прысьпешыць хаду.
Мой голас сагрэецца –
Вершам у лета прыйду.
 
 
 
 
Чаканьне
Рука чакае твайго званка.
Віно чакае твайго званка.
I сьлёзы чакаюць тваіх званкоў,
Каб бегчы далей ад чужых радкоў
I зьнікнуць сярод цішыні начной,
Калі гаварыць мы з табой пачнём.
А я не чакаю ўжо даўно,
Бо твой матылёк мне разьбіў вакно.
 
 
 
 
*  *  *
«Горад адзін на дваіх».
Пачынаем дзяліць. Шум аціх.
Вечар і скверы – табе,
Зь півам шумлівым гібець.
Плошчы і крамы – мне ўдзень,
Сонца ў трывожнай вадзе.
 
Гора адно на дваіх –
Выдых мой,
Твой уздых.
 
 
 
 
*  *  *
Сонца вернецца –
Я буду іншай:
Памяняю калекцыю кінжалаў
На томік Амара Хаяма;
Выкіну праз вакно
Скамечаныя запіскі
Паслухмянага дзяцінства;
Адпомшчу сабе моцнай –
Забуду пару важных тэлефонаў;
Куплю маленькі кактус
I стану вырошчваць цярпеньне.
Сонца вернецца –
Я буду іншай –
Настолькі, каб ты захапіўся
I перасяліў мае справы
У сваё жыцьцё.
 
 
 
 
Акраверш
Краіна мар маіх і сноў,
Адкрый каханьня таямніцы.
Хачу тваёй улады зноў,
Ад шчасьця звонкага стаміцца.
Надзею шчыра дорыш мне,
Народжаную сьветлым раньнем,
Я верую, што сум міне.
 
Салодкіх прагну я прызнаньняў,
Віном усьмешак захмялець,
Як першы раз, чакаць спатканьня,
Табою жыць, увысь ляцець,
Любіць, не шкадаваць каханьня.
О! Каб збываліся жаданьні...
 
 
 
 
Сустрэча
Сустрэць бы цябе на сьвітанку там,
Дзе гушкае лес калыханку вятрам,
Дзе сосны таемна маўчаць чужым,
Дзе сонейка сьпеліць сабе кілім,
Дзе нельга ў прыроды ня скрасьці верш,
Дзе кожным уздыхам у рай плывеш.
Сустрэць – і ў ваду паглядзець на лёс,
На сон салаўіны бяз горкіх сьлёз.
Сустрэць – і ўзьляцець.
А то й проста – сустрэць.
 
 
 
 
На Месяцы
Давай сустрэнемся на Месяцы.
Ты трапіш на яго па лесьвіцы,
Стварыць якую дапамогуць сны,
Дзе буду я ў галоўнай ролі.
Ня вер, што ланцугоў зямных,
Іх прыцягненьня,
Не адолець.
 
На Месяцы ня будуць турбаваць.
Тут час у непрытомнасьці застыў.
Змагла б я толькі зоркам дараваць,
Калі б сюды празь іх спазьніўся ты.
 
 
 
 
ВТТ
Выразу твайго твару
Няма ў маім фотадзёньніку.
Яго нехта выразаў,
Пакуль я здавала фотасэсію.
Выраз твайго твару
Я ня ўспомню
На фотапаляваньні.
Выраз твайго твару – ВТТ скарочана –
Дэфіцытны тавар,
Нешта з надпісам: «Не кантаваць»,
ВТТ будзе прасьледаваць мяне,
Пакуль я ня выпішу ў вершах
Усё, што помню пра цябе.
 
 
 
 
*  *  *
Не пашкадую:
Вусны твае апякую.
Вусны твае апяку я.
 
 
 
 
*  *  *
Сярод дня цябе спыню,
Зазірну табе я ў вочы,
Бо баюся, як вагню,
Думак злых сваіх дзявочых.
 
А ў вачох тваіх знайду
Сто адзін сакрэт, на згубу.
Пашаптаць бы на ваду,
Каб з табой застацца, любы.
 
 
 
 
*  *  *
Мае сьлёзы ў цёмнай ночы –
Тонкі сіненькі званочак –
Ты ня выкупіш увагай,
Ты ня выкупіш грашыма,
Бо каханьне саграшыла.
 
 
 
 
*  *  *
Захінаецца, забываецца
I апошняя сьпелая раніца,
I ў вачох той агеньчык прыручаны,
Трошкі змучаны, трошкі атручаны.
 
Забываецца і караецца.
Дзе галодна-сасьмяглая раніца?
Дагарае яна, дакарае,
Ані мёртвая, ані жывая.
 
 
 
 
*  *  *
Ты штодзённа спыняеш вечар,
Што зьбіраецца ценем легчы
На квітнеючы чысты сад
I жыцьцё адагнаць назад.
 
Ты штодзённа спыняеш ночы,
Адбіраеш жаданьне крочыць
Нацянькі па жывым вугольлі
На зялёную волю поля.
 
 
 
 
*  *  *
Ноч у небе маўчыць маланкамі.
Лепей прачнуцца ад грому.
Абмяняемся калыханкамі?
Я не скажу нікому.
Мо ад тваёй засну.
А ты ад маёй прачнешся
Самага першага сьнежня.
Будзеш прыгожа сонным,
Ды сон наш так і ня ўспомніш.
 
 
 
 
*  *  *
Сонца болю,
Якое ты сьветлае!
Ты адзіна ўладарыш над нетрамі.
I вятрамі, што душы схалоджваюць,
Ты кіруеш – ты іх улагоджваеш.
Сонца болю,
Спалі мае думкі,
Тыя, за якія сорамна.
Ты аплоціш мае рахункі,
I голуб ня стане воранам.
Сонца болю!
Адвечнае,
Ты сьвеціш ад раньня да раньня.
Тым, хто прымае цябе,
Узыходзіш ты, ведаю,
Сонцам Каханьня.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.