РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Цётка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Скрыпка беларуская
 
Прадмова
 
Скрыпка
 
Вам, суседзі
 
Лета
 
Мае думкі
 
Вера беларуса
 
Мужык не зьмяніўся
 
На магіле
 
На чужой старонцы
 
Восень
 
Суседзям у няволі
 
Артыст грайка
 
У дарогу
Прадмова
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Скрыпка
Чаго словам не сказаці,
Што на сэрцы накіпела,
Астаецца скрыпку ўзяці;
Покі ў сілы крэпка вера,
Покі думка рве да неба,
Покі скрыдал не зламалі,
Покі трэба душы хлеба, –
Будуць струны байчэй граці,
Будзе смык вастрэй хадзіці,
Будзе скрыпка паслушнейша.
Ў песьні можна пераліці
Ўсё найлепша, наймілейша;
ў песьні можна даць пяруны,
Песьняй сэрца рваць на часьці;
Крэпкі толькі былі б струны,
Я зайграла бы аб шчасьці!
Я зайграла б сьмехам кветак,
Нівак шэптам залацістых,
Звонам серпа, касы ўлетак,
Мёдам ліп з садоў душыстых.
Я зайграла б песьню матак
Над калыскаю дзіцяці.
Ўсе багацтвы з родных хатак
Я хацела б песьні даці.
Я на струнах раззваніла б,
Дух народа я абняла б,
Ў жары сэрца растапіла б,
Алтар новы улівала б,
Пры алтары тым я грала б,
Так на струнах галасіла б,
То склікала б, то вітала б,
То суседзяў весяліла б;
То малітвай смык завыў бы,
То закляў бы на пяруны,
То аж скаргай ў неба біў бы,
Толькі крэпкі б былі струны!
Смык гатовы, струны тугі,
Кроў у жылах закіпае.
Ну, слухайце, мілы другі,
Скрыпка мая ужо грае!
 
1906
 
 
 
 
Вам, суседзі
Вам, суседзі, вам, кумочкі,
Беларусы-галубочкі,
Пяю з сэрца, падцінайце,
Вы грамадай голас дайце.
Зложым песьню цэлым людам.
Выйдзе пекна, стане цудам.
Як сьвет сьветам яшчэ стаў,
Такой песьні не слухаў:
Восем, дзевяць... і мільён
Грудзей зьльецца ў адзін тон,
Дадуць песьню, а ў ёй труд,
Доля, жыцьце. Ці ж ня цуд?
Ад вякоў мы, братцы, спалі,
А тут разам засьпявалі.
 
1905
 
 
 
 
Лета
Ніва шуміць каласамі
Жыта сьпелага, аўса;
Ўся прыбрана васількамі,
Як дзяўчына да вянца.
Вецярок па ёй гуляе,
Клоніць колас да зямлі,
Сонца зерне налівае,
Бусл клякоча на гумні.
Гаспадар бяжыць з касою
На зялёну сенажаць,
Сьпяшыць выкасіць з расою,
Смаглей, гладчэй траву сьцяць.
Бабы мыюць, хусты рубяць,
Ш’юць сарочкі, фартухі.
Чутна – ў лесе недзе трубяць,
Сочаць гнёзды пастухі.
Дзеці ў пасецы зьбіраюць
Да кузёмак пазямкі,
А ў грыбах дзяўкі гукаюць:
«Сюды, хлопцы, дзецюкі!»
 
Настаў дзёнь, прыціхлі хаты,
Вёска стала, як у сьне,
Хіба толькі кот лахматы
Дзе на прыпечку зяўне
Або дзед сталетні зь печы
Ракам лезе вады сьпіць.
Горб ад працы сеў на плечы,
Вочы слабы. Цяжка жыць!
Калісь дзед быў малайчынай,
Спрытным хлопцам ў вёсцы слыў.
Першы ў танец йшоў зь дзяўчынай,
Мёд, гарэлку бойка піў.
А цяпер – трасуцца рукі,
Галавы не утрымаць.
«На печ, дзеду! – крычаць ўнукі, –
Пара табе уміраць!»
 
А згляні на нашу вёску:
Ўвесь палетак аж гарыць!
Так, як пчолы ў жоўтым воску,
Як алтар, так зіхаціць!
Як бы з стужак, як бы з кветак
Дыван пекны ткач саткаў,
Як бы з руты ды нагнетак
Букет велькі май уклаў.
То ў дэсэні, то у клеткі,
Ў жывых фарбах б'ецца ён.
Ну, ня людзі! Дальбу, кветкі!
Іх лісточкі даюць звон.
Хіба ж гэта не ў палетак
Якім чарам я папаў
А ў гародчык з рожных кветак,
Дзе артыста засяваў.
I мо гэта не дзяўчыны
Гудуць летам над снапом,
А каліны ды маліны
Цягнуць ручкі за хмялём.
Бачу я: ідзе ігрышча,
Там вясельля шчыры сьмех.
Чую скрыпку, дудка сьвішча,
Ў флейту дуюць, як у мех.
Льецца песьня, бягуць тоны,
Аж душу на часьці рве.
Ў барабаны б'юць, у звоны,
Вецер ў губы сабе дзьме.
Дрыжыць нолас, серп аж пеніць,
Сыпле іскры з-пад зубоў.
Перавясла рукі шчэміць,
Сноп ісьці скакаць гатоў.
Вот ігрышча так ігрышча!
Нат і копы пайшлі ў тан.
Ім у тахту пожня сьвішча,
Падцінае барабан.
Неба, гледзячы, зьяснела,
Морам чыстым разьлілось,
Так, як люстра, пасінела,
З слонкам ясным абнялось.
Лес махае галавою,
Дуб, нахмурыўшыся, сьпіць,
Вольха шэпча зь лешчыною,
Беразьняк кусты сьмяшыць.
Мухаморы, як жаўнеры,
Ля дарогі сталі ў рад,
Гараць жарам іх каўнеры,
Шапкі блішчаць так, як гад.
Баравік – грыб над грыбамі –
Аб пень сьпёрся, злы стаіць,
Робіць суд ён над братамі,
Годзіць, просіць згодна жыць.
Суравежкі з казьлякамі
Вядуць сварбу ў добры лад.
З страху рыжык з масьлякамі
Ў мох зашыцца быў бы рад.
Птушак шчогат ўсюды млее,
Па лісточках ўверх бяжыць,
То стужэе, то слабее,
То на гольлях заскрыпіць.
 
Мушу ўзяцца да работы,
Мушу мець мазоль на знак,
Мушу ліць і я так поты,
Каб прызналі, што радак.
Дайце, жнейкі, серп займісты,
Дайце гострую касу,
Зьмяту зь нівы хлеб зярністы,
З травы белую расу.
Дайце хусту мне пікову,
Кіньце беленькі фартух,
Зраблю фарбу я цянёву,
Вас змалюю ў адзін дух.
Толькі шкода – фарб замала,
Трудна будзе рысаваць.
Няма ж такой, каб блішчала,
Няма ж пэндзьля дзе дастаць,
Што маршчынкай на паўціне
Ценем лёгкім сьлед вядзе,
Адным змахам па хусьціне
Твар адбіў бы, як ў вадзе.
Зраблю квачык з мархавеньня,
З розных ягад фарб націсну,
З грудзей вырву сноп пламеньня,
Жывой крові каплю пырсну –
I спрабую, мо змалюю
Нашу Касю, мо счарую,
Вочы – неба, броў – чарненька,
Гараць шчокі, з губ – маліны...
А мая жа ж ты міленька!
Не спаткаў такой дзяўчыны,
З такім жарам, з такім спрытам.
А галоўка, як бы жытам,
Як пшаніца каласамі,
Залаціцца над грудзямі.
Доўгі косы вянком ўюцца,
Зубы белыя сьмяюцца.
Стан танюткі, як былінка,
Ну і Кася, ну дзяцінка!
Як царэўна, як багіня!
Як нарцыса, як вяргіня!
Як лілея на Дунаю,
Як пралеска сярод гаю;
Цьвіце Кася на ўсю вёску
Зоркай яснай. Каб хоць крошку,
Каб якіх яшчэ дзьве фарбы,
А то скупа, мала барвы.
Мархавеньне ў руках мнецца,
Квачык мой на часьці рвецца,
Сіл ня стане гэткім летам
Змаляваці. Пайду сьветам,
Мо больш фарбаў там націсну,
Мо ў артысты пэндзаль сьвісну.
Вось тагды-то я спрабую –
Ўсіх, суседзі, вас змалюю!
 
1902–1903
 
 
 
 
Мае думкі
Хацела б быць зярном пшаніцы,
Упасьць на ніўкі вёскі,
Зазалаціцца, безь мятліцы
Даць хлеб смачнейшы трошкі.
Хацела б быць я рэчкай быстрай,
Абегчы родны край!
Дзе напаіць, а дзе скупаць,
А дзе ўтуліцца ў гай,
То зашумець, то зашаптаць,
То спаць ў салодкім сьне,
То зноў сарвацца, зноў гуляць,
Агнём кіпець у дне.
Ды так разгрэцца i сьпяніцца, 
Каб ў неба хваляй здаць, 
Ўкрасьці сонца, зноў спусьціцца 
Й больш сьвета людзям даць. 
Прыгарнуць усё ў дарозе, 
Каплю шчасьця, долі ўліць, 
Думаць ўсюды аб народзе, 
Родны край усюды сьніць, 
То рассыпацца расою
Па галінках, па лісткох, 
То абняцца так зь зямлёю, 
Каб ніхто разьняць ня мог! 
Альбо ветрам абярнуся 
Ды над сьветам пралячу, 
Цёмным віхрам закручуся 
Ўверх на месяц заскачу. 
З усёй сілы і размаху,
Як крэсівам, ў зьвёзды дам, 
Сыпне іскраў сноп ад страху, 
Задрыжыць аж месяц сам: 
«Хто ты, скуль ты, чаго хочаш,
Чаго выеш i шуміш?
То празь сьлёзы нам рагочаш, 
То гарыш весь i дрыжыш?»
– Я – пасланец, вецер буйны, 
Прыляцеў на суд вас зваць! 
У нас цёмна, край наш хмурны, 
Ад цямноты людзі сьпяць. 
Я там біўся, я там віўся, 
Я ім хаты паламаў, 
A ўсё ж такі не дабіўся, 
Каб народ свой голас даў!..
 
1905–1906
 
 
 
 
Вера беларуса
Веру, братцы: людзьмі станем,
Хутка скончым мы свой сон;
На сьвет Божы шырэй глянем,
Век напіша нам закон.
Не чарнілам на паперу,
Дзесь ў архівы не здае, –
Ён зьбірае поту меру
I на ніву нашу лье,
Землю поіць, яна родзе
Сок ў зярнятах нам на хлеб.
Спажываем, a ў народзе
Штось як шэпча: «Ўставай, сьлеп!»
Веру, братцы, ў нашу сілу,
Веру ў волi нашай гарт:
Чую агонь ў нас – ня брыну,
Бачу, братцы, мы ня з карт,
Мы ня з гіпсу, мы – з каменьня,
Мы – з жалеза, мы – са сталі,
Нас кавалі у пламеньні,
Каб мацьнейшымі мы сталi.
Цяпер, братцы, мы з граніту,
Душа наша з дынаміту,
Рука цьвёрда, грудзь акута,
Пара, братцы, парваць пута!
 
Кастрычнік – лістапад, 1905.
 
 
 
 
Мужык не зьмяніўся
Дзевятнасьце сотняў,
Як Езус радзіўся,
I за гэту пору
Мужык не зьмяніўся.
Пайшлі горы долам,
А далы гарамі,
Перасохлі моры
I сталі палямі.
А на гэтых полях
Камень пакрышыўся.
I за гэту пору
Мужык не зьмяніўся.
Знайшлі нову землю.
Порах раздабылі.
Сталі папер ткаці,
Літар насадзілі.
Нарабілі кніжак,
Людзям паказалі,
Ад «хамулы» вока
Толькі ключ схавалі.
Напісаў Капернік,
Што сьвет закруціўся.
I за гэту пору
Мужык не зьмяніўся.
Ах! Застаўся цёмны,
Як той лес зялёны,
Застаўся «хамула»,
Усімі прыцясьнёны.
Людзі папсавалі
Свае душы, сэрцы,
Толькі «хам» застаўся
У чыстай спанцэрцы.
I Бог зь неба глянуў,
Глянуў, зьдзіваваўся,
Што за гэту пору
Мужык не зьмяняўся.
– Ну, ты, – кажа, – сынку,
Прасі, што патрэба,
Усім адарую,
Усё пашлю зь неба.
Я хачу, каб, сынку,
Ты больш не мучыўся,
Каб ты быў свабодны,
З горам разлучыўся.
– О, дай ты мне, Божа,
Хаця нову хату,
Дай кабылу сіву
I жонку багату.
Дай кароўку зь целем,
Сьвінку, курэй колькі,
Дай жыта, мы зьмелем,
I годзе, і толькі.
А за гэта дзякуй!
Буду сабе панам,
Разлучуся з горам
На век вякоў. Аман.
 
1903
 
 
 
 
На магіле
На магіле ўзыду дубам,
Пачну шаптаць братнім губам
Аб іх долі, аб свабодзе,
Стану песьняй у народзе!
Пастух дудку зь мяне скруціць,
Як зайграе, кроў замуціць,
Як засьвішча, кожны стане:
«Што за граньне, што за граньне?
Што то будзе, што то будзе
З гэтай песьні ў нашым людзе!»
Востры зубы, як бы зь пілы,
Колюць, рэжуць, цягнуць жылы,
Смаляць, паляць, пякуць, студзяць,
Старых, малых са сна будзяць.
Як на вуглях кожны стане:
«Што за граньне, што за граньне?
Што то будзе, што то будзе
З гэтай песьні ў нашым людзе!»
Ліст дубовы пад хлеб сьцелюць,
Жолудзь яго ў жорнах мелюць.
А дзе з дуба хоць пылінка, –
Грудзь трасецца, як асінка,
А дзе толькі дудка сьвішча, –
Людзі бягуць, як на йгрышча,
Як на дзіва кожны стане:
«Што за граньне, што за граньне?
Што то будзе, што то будзе
З гэтай песьні ў нашым людзе!»
 
1905–1906
 
 
 
 
На чужой старонцы
Маркотна мне. Чужы я людзям.
Цесна душы. Цесна грудзям.
Бягу думкай ў край далёкі,
У лес цёмны, ў лес высокі,
Ў сваю вёску, ў сваю ніўку.
Бачу выган, бачу Сіўку,
Вунь кароўкі бягуць з поля...
Ой, да хаткі! Кінь мне, доля,
Хоць расінку з нашай вёскі,
Хоць былінку, хоць дзьве крошкі
Ад палудня майго брата,
Ой, як люба родна хата!
Ой, як мілы родны край!
Паляцеў бы, як у рай!
Раднюсенька мне сярмяжка,
Шнурок, лапці, каптан, дзяжка...
Усё там міла, бо мне родна,
Нат сьмяцінка сэрцу годна.
 
1906
 
 
 
 
Восень
Восень гумны накладае,
Возіць снапы, расчыняе
Хлеб галодным гаспадарам:
«Ешце, людцы, вы ня дарам
Працавалі усё лета,
Закусіце хоць за гэта».
Бульбу зь ніўкі верне ў мех
Ды барзджэнька прэ ў засек.
Тне капусту з качанамі,
Гусей гоніць з бацянамі
У далёкі край за горы,
За азёры ды за моры.
«Птушкі мілы, не кляніце,
А малітвы гаварыце,
Каб вас хвіля не забіла,
Каб акула не ўкусіла,
Каб вярнуцца клекатаці,
Пастушочкаў забаўляці».
Восень – міла гаспадыня:
Дзе ні глянеш, – поўна скрыня
То арэхаў, то пшаніцы
Па куточках у сьвятліцы.
Аб усім яна так дбае,
Нівы зябліць, засявае,
У папары руніць жыта,
Каб на весну было сыта.
А гасьцінец – поўны люду!
Да мястэчка, як да цуду,
Бягуць хлопцы і дзяўчаты,
Гоняць быдла, жарабяты.
Бабы вязуць грыбы, семя,
Стан, ручнік, маток, адзеньне,
Масла, сыры, мак, фасолю, –
Што зрадзіла на іх долю.
Поўны рынак людцаў крыку,
А што сьмеху, а што рыку!
Гочуць гускі, пішчаць сьвіньне,
Над снасьцінкай курта вые,
Сорка цягне яйкі з возу,
Бэрка плаціць за бярозу.
Янук годзіць новы боты,
Юрка сьвішча для ахвоты,
Крыся мерыць каптан ў люстры,
Агатулька рэжа хусты.
Кася глядзіць ў Пайкі кветкі,
Белы кашмір на жакеткі,
Пацеркі ў чатыры шнуры:
Будзе дружкай у Бандуры.
Жыдок мерыць гарцам соль,
Шаптун лечыць нейкі боль,
А як мне ды без тавару
Паказаць нат стыдна твару.
Пайду лепш за места скокам,
Кіну яшчэ разок вокам
На лясочак, на палетак,
Ці такія, як улетак.
Не такія – іншы шаты:
Летніх відны толькі шматы.
Мейсцам кветка безь вяночка,
Мейсцам грыбок з-пад кусточка
Гляне быстра, вушкі стуліць,
Затрасецца. Восень глуміць
Усе кветкі, ўсе галінкі,
Ўсё зьмятае да сьцяблінкі.
Восень чысьціць зіме гладка,
Бо той ў белі было б гадка
Праскакаці ў нас па полях,
Былі б ножкі у мазолях.
Пыл на сукні парасьсеўся б,
Ў белы шчокі сьлінай ўеўся б.
Чыста, чыста па ўсім полі,
Аж на сэрцы грызуць болі.
А дзе ж зелень, а дзе стужкі,
А дзе ж песьні, а дзе ж птушкі?
Ўсюды старасьць, смутак вее,
З хмарак дробны дожджык сее,
Слонка нізка чэша косы.
Дубняк смутны стаіць босы.
Лужок жоўты. Загон шэры.
Рэкі крые лядок белы.
Ў лесе сьвішча вецер, плача.
Па бярозах сойка скача.
Сава гудзе, вабіць зайцаў.
Чуць ня згрыз сабе я пальцаў,
Прыраўняўшы, паглядзеўшы
Наша жыцьце. Ўпаў, замлеўшы,
Прымкнуў вочы; бачу твары
Ўсе знакомы: пры алтары,
На хрысьцінах, на вясельлі,
То на йгрышчы, то ў касьцелі,
То пры працы, то пры песьні;
Тут і сьлёзы, тут балесьці,
Тут магілы, тут і труны,
Тут грамніцы, тут цалуны...
Нейка пекла, нейка каша!
А дзе ж шчасьце, братцы, наша?
 
1902–1903
 
 
 
 
Суседзям у няволі
Ад сваіх хат, ад сваіх ніў,
Ад ўсіх братоў, хто толькі жыў,
Нясу сьлязу, нясу я стогн,
Нясу нагаек царскіх звон.
У нас там ноч, у нас там стук,
Мы ацямнелі з страшных мук,
З нас пот ліецца, сохнуць грудзі.
Нас катуюць! Чуйце, людзі!
Чуйце, чуйце, руку дайце!
Мы вам родны. Праўду знайце:
Ці у долі, ці ў нядолі –
З вамі станем ў адным полі,
Рука ў руку з вашым братам
За свабоду перад катам.
 
1906
 
 
 
 
Артыст грайка
Скрыпка грае, скрыпка скача,
А музыка ў душы плача,
Сьцісне струны, смыкам жахне,
Аж ад болю народ ахне.
Чорны вочы блісь сьлязою,
Струны стогнуць пад рукою,
Сам музыка з скрыпкай зьліўся
I, як вецер, ў неба ўзьвіўся,
Весь у песьні, весь у тоне,
То сьмяецца, то зноў стоне,
То людзей усіх абніме,
То адступіць, камень кіне.
Во, глядзі, па горах скача,
Мігам сеў на скале, плача,
Сьлёзы збрызнуў, гоп у мора;
Як маланка на прасторы,
Сьвеце, гасьне, ціхне, млее,
Ўместа агню іскра тлее.
Рука стала, смык згастрыўся
I, як зьмяя, ў скрыпку ўпіўся.
Што зайграе, што забае,
Сам артыста толькі знае.
 
1906
 
 
 
 
У дарогу
Цераз моры, акіяны
Палячу ў далёкі край,
Бо люблю я ураганы,
Бо я ў буры чую рай,
Бо на дзікіх грывах хвалі
Маім думам лягчэй плыць,
Бо у дзікай, страшнай буры
Я аб песьні магу сьніць,
Бо я толькі на прасторах
Ў звонкай ліры маю слух,
Бо у дзікай, страшнай буры
Крэпне мой свабодны дух.
 
1906
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.