РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Новая цывілізацыя
1
        У адной далёкай ад нас, хоць і ня надта разьвітай краіне ўзьніклі праблемы з бюджэтам. Не хапала грошай. Зрэшты, тое не было вялікай навіной, грошай не хапала і раней, і тады ўрад рабіў проста – падвышаў падаткі. Зрабілі так і гэтым разам: абклалі насельнікаў 40-адсоткавым падаткам. Трохі счакалі, падлічылі, але выявілася, што прыбытак зноў мізэрны. Тады ўрадоўцы ўвялі 60-адсоткавы падатак, але прыбытак замест таго, каб адпаведна павялічыцца, значна зьнізіўся. То было нешта дзіўнае, што супярэчыла нават правілам арыфметыкі. У эканамічна-фінансавых колах пачалося энергічнае абмеркаваньне феномену. Пасыпаліся прапановы – як ад прафесіяналаў, так і ад найболей актыўных з ліку сьвядомых працоўных. Некаторыя заяўлялі, што ўся справа ў слабасьці выканаўчай улады, што трэба ўдвая павялічыць паліцыю, стварыць адмысловыя фармаваньні, як сьлед настрапаліць сакрэтныя і фіскальыыя службы. Так і зрабілі. У дадатак павялічылі колькасьць мытняў – на мяжы і ўнутры краіны, перавялі працу судоў і пракуратуры на кругласутачны рэжым, разагналі калегію адвакатаў, гэтых прафесійных абаронцаў злачыннасьці. I зноў без жаданага выніку. Бюджэт трашчэў, грошай рабілася ўсё меней, а выдаткі на ўсе пералічаныя меры толькі расьлі.
        У час чарговага пасяджэньня ўраду новы старшыня высунуў абсалютна новы бюджэтны прынцып: калі дзе цяжка папоўніць, дык трэба скараціць. Адразу было зразумела, што скарачаць асігнаваньні на войска нельга, бо пад самы дзяржаўны плот лезла крыважэрнае НАТА – глядзі, ня сёньня, дык заўтра пачне бамбаваць нашы ўлюбёныя гарачыя ці халодныя кропкі. Пакідаць бяз грошай КГБ таксама нельга ва ўмовах, калі краіна кішыць шпіёнамі ды апазіцыянерамі. Паліцыю – тым болей, інакш хто тады тых шпіёнаў ды апазіцыянераў будзе цягаць у пастарункі? Калі ж скараціць выдаткі на пракурораў ды суддзяў, дык каму судзіць вышэйпамянёных? Вяртацца да нядаўняй практыкі троек ды несудовых расправаў было быццам бы рана. Кіраўнічы апарат скарачаць наогул бескарысна і нават шкодна – ягоны арганізм ад скарачэньня толькі павялічваецца. Культура, настаўніцтва і медыцына? Культуру тут жа на паседжаньні без усялякай шкоды для яе выкрасьлілі ўсім радком пасьля таго, як міністар сказаў, што культура пракорміць сама сябе – ансамбляў у яе хапае. Медыцыну вырашылі пакуль не чапаць – медыцына можа набыць важныя функцыі ў адказным дзяржаўным праекце. Заставалася вялізная армія пенсіянераў, якая з прычыны злачыннага недагляду ранейшага папулісцкага ўраду распладзілася ў аморфную, непад’ёмную для дзяржавы масу. У друку даўно ўжо паяўляліся тэарэтычныя артыкулы наконт таго, якая гэта шкодная і наскрозь буржуазная завядзёнка – плаціць тым, хто не працуе, што інстытут пенсіянераў – ня што іншае, як узаконеная эксплуатацыя адной класы другою, што, ня вырашыўшы праблемы пенсіяў, дзяржава не пабудуе разьвітага сацыялізму, а будзе век гібець у няразьвітым капіталізьме.
        Урад засядаў тры дні і тры ночы і выпрацаваў комплексны дакумент пенсійнага забесьпячэньня. А менавіта:
        – Выхад на пенсію дазваляўся па дасягненьні 100-гадовага ўзросту. (Для кіраўніча-адміністрацыйнага складу тая планка зьніжалася напалову – тым захоўваўся адрасны прынцып пенсійнага забесьпячэныш).
        – Памер пенсіяў устанаўліваўся ў 1,5 адсоткі ад сярэдняй зарплаты гтенсіянера. (Нельга было дапусьціць, каб грамадзянін-пенсіянер карыстаўся большым наборам даброт, чым той, хто працуе).
        – Захоўваўся ў недатыкальнасьці прынцып роўнасьці мужчынаў і жанчынаў, як таго заўжды і дамагаліся жаночыя і фемінісцкія арганізацыі.
        – Бацькам, якія выхавалі двух і болей дзяцей, пенсіі адпаведна зьмяншаліся – для забесьпячэньня пенсіяў дзецям у будучым. (Тым самым умацоўвалася сувязь пакаленьняў і адказнасьць бацькоў за лёс дзяцей).
        Гэтыя вельмі разумныя і ў пэўным дачыненьні прагрэсіўныя меры, аднак, датычылі больш-менш аддаленай будучыні, а вось што рабіць з «дзеючымі» пенсіянерамі – было незразумела. Тым больш, што, як чулі ўрадоўцы, адпаведна старажытпаму рымскаму праву закон, на жаль, зваротнае сілы ня мае. Пасьля доўгага і дэталёвага абмеркаваньня тае праблемы з удзелам СМІ, прафсаюзаў, кіраўніцтвам палітычных партыяў было вырашана для дзеючых пенсіянераў прымяніць радыкальныя меры заахвочваньня і дазволіць:
        – піць сырую ваду вадаправодную і з калодзежаў у неабмежаванай колькасьці. Матывацыя: сырая вада – самая танная.
        – харчавацца прадуктамі з радыёнуклідамі. Матывацыя: сьвядомаму грамадзяніну атам нястрашны.
        – пры купаньні ў рэках і ў моры заплываць як заўгодна далёка за чырвоны буёк. Матывацыя: шырокае гарантаваньне грамадзянам іхніх правоў і свабодаў.
        – на будоўлях колькі заўгодна доўга стаяць на краі неабгароджаных пляцовак і пад стралой грузавога крану. Матывацыя: выхаваньне ў грамадзянаў сьмеласьці і адвагі.
        – пераходзіць вуліцу дзе заўгодна, у тым ліку і на чырвонае сьвятло сьветлафору. Матывацыя: без матывацыі.
        Міністэрству аховы здароўя ўзмацніць кантроль за пагаршэньнем здароўя пенсіянераў асабліва з групаў рызыкі, якія стварыць на кожным прадпрыемстве. СМІ і незалежніцкім сацыялагічным інстытутам праводзіць рэгулярны маніторынг эфектыўнасьці дадзеных мераў сярод пенсіянераў.
        Ужо праз некалькі дзён пасьля выхаду ў сьвет гэтай пастановы ўрадавыя СМІ паведамілі краіне аб велізарным уздыме, з якім сустрэлі пенсіянеры чарговы клопат ураду пра іхнія дабрабыт і здароўе. Газеты ыадрукавалі паведамленьні аб радасьці, якая ахапіла 80-гадовага грамадзяніна К., што нават памкнуўся заплыць за буёк. Праўда, не даплыў і да паловы адлегласьці, але ня ў тым справа, пісала газета. Справа ў прававой магчымасьці зьдзейсьніць тое, чаго ён раней зьдзейсьніць ня мог. Другі грамадзянін дзяліўся ўздымам, які ахапіў яго, калі ён удала перабег вуліцу па самым носам нахабнага «мэрса» і нават ня быў аштрафаваны даішнікам. Апазіцыйная газета пасьля спрабавала падаць той несумненны факт як фальшыўку, надрукаваўшы рэпліку, быццам той грамадзянін зусім не пенсіянер, а юнак-спартсмен. Але зноў жа тое зусім пе засланіла сутнасьці справы, якая, вядома ж, палягала ў новых магчымасыдях для пенсіянераў. Магчымасьці ж ды персьпектывы складваліся выдатныя. Самы незалежніцкі сацыялагічны інстытут правёў апытаньне нскалькіх тысячаў пенсіянераў і атрымаў гэткія вынікі. На пытаньне, ці падтрымліваеце вы ўсе пункты пастановы, 99,9 адсоткаў сказалі, што безумоўна падтрымліваюць. I толькі 0,01 адсотку ня мелі ўласнае думкі, але гэта тыя, што знаходзіліся ў рэанімацыі або былі прызнаныя нядзеяздольнымі паводле розуму. Прэзідэнт краіны ўзнагародзіў дзьвс найболей актыўныя ў справе прапаганды пастановы газеты, а таксама сацыялагічны інстытут і ітацыянальнае тэлебачаньне. У канцы кварталу мінфін з вялікім аптымізмам узяўся падводзіць вынікі эканоміі пенсійнага фонду і на некалькі дзён зьнямеў. Вынікі апынуліся нечаканыя – замест эканоміі выдаткі на пенсіі значна павялічыліся і перасягнулі адпаведны перыяд мінулага году. Каб неяк захаваць урадавы твар, было вырашана дапусыдіць невялічкую руцінную папраўку – зьмяніць мінус на плюс, як гэта пярэдка рабілася ў мінулым. Але ў чым сапраўдная пры чына краху дзяржаўнага праекту – належала высьветліць. Для высьвятленьня ўрад зьвярнуўся да ўласнага КГБ. I праўда, той неўзабаве даказаў, што не дарма есыдь хлеб, а ягоныя эканамісты ў штацкім разумеюць у эканоміцы болей, чым куча сьвежасьпечаных прафесараў з Акадэміі кіраваныш. У адмысловым і дужа сакрэтным данясеньні яны па пунктах псралічылі прычыны неэфектыўнасьці пастановы. Бо:
        – сырая вада з вадаправоду, дачных калодзежаў, а таксама з прыдарожных канаваў не зрабіла ніякага шкоднага ўплыву на загартаваныя за даўгое жыцьцё арганізмы пенсіянераў, якія прывыклі піць такую ваду і без дазволу ўраду;
        – атрутныя, з радыёнуклідамі прадукты харчаваньня дастаюцца пенсіянерам у гомеапатычных дозах, бо асноўная прадуктовая маса іх раскрадаецца пасярэднікамі і скіроўваецца на вываз у суседнія братнія рэгіёпы;
        – за буйкі сёлета пенсіянеры не заплывалі, бо амаль нідзе не купаліся з прычыны сьцюдзёнага, дажджлівага лета;
        – краны на будоўлях каторы год стаялі закансерваваныя, як і самі будоўлі – з прычыны адсутнасьці фінансаваньня;
        – што ж датычыць вуліц, дык кіроўцы хуткасных іншамарак за ўсе папярэднія гады так вышкалілі айчынных пенсіянераў, што тыя, бы зайцы, з адмысловым спрытам навучыліся перабягаць вуліцы без аніякай шкоды для ўласнага здароўя. Наадварот, здароўе некаторых ад тае практыкі нават палепшала, і яны зьмянілі рутынныя ранішнія прабежкі ў парку на серыю прабежак упоперак прасьпекту, асабліва па той яго частцы, дзе езьдзіць прэзідэнт.
        Урад на некалькі дзён упаў у прастрацыю – шырока разрэклямаваныя і ня меней шырока падтрыманыя народам меры аказаліся на справе мыльнай бурбалкай, якая да таго ж лопнула. З прычыны відавочнай неэфектыўнасьці радыкальных мераў было вырашана зьвярнуцца да мераў традыцыйных, прыпамятаўшы, што ня ўсё старое ёсьць кепскае. Тым болей, што ўсё новае – даўно забытае старое.
        I тут прыпамяталі добрую, старую практыку ўзнагародаў. Варта было яе скарыстаць, хіба што змадэрнізаваўшы ў новых варунках, адкінуўшы яе заганныя метады, калі ўзнагароджвалася кіраўніцтва за адданасьць пэўнай ідэі ці сакратаркі – за прыгожыя сьцёгны і вочы. Вырашылі ўзнагароджваць толькі пенсіянераў і толькі за канкрэтныя справы, якія даюць пэўны грашовы прыбытак дзяржаве. То было адрасыае стымуляваньне і пенсіянераў, і дзяржавы. Былі тэрмінова распрацаваныя дызайн высокіх ордэнаў, муаравых стужак да іх і правілы ўзнагароджваньня. Той з пенсіянераў, хто абавязваўся скараціць тэрмін уласнага пенсіянерства да 3 гадоў, узнагароджваўся самым высокім ордэнам – «Мусульманскай еднасьці», да 10 гадоў – «Юдэйскага кагалу». Усе ордэны, апроч таго, мелі па тры ступені – залатую, срэбную і бронзавую. Такім чынам забясьпечваўся дыферэнцыяваны падыход, што ў поліэтнічным, шматканфесійным грамадстве было вельмі важна. Акадэмія кампутарнай інфарматыкі падлічыла ўжо віртуальны прыбытак, які склаў астранамічную лічбу, і была адной з першых узнагароджаная самым галоўным ордэнам залатой ступені. На прадпрыемствах, калгасах і ва ўстановах былі праведзеныя сходы і мітынгі, на якіх пенсіянеры ва ўрачыста-сяброўскай абстаноўцы бралі на сябе адпаведныя абавязацельствы пад незабыўпым лозунгам «Добровольно, но обязательно» і бяз лішпяй цяганшы, тут жа атрымлівалі высокія ўзнагароды. Некаторыя ўносілі ўласныя прапановы, вядома ж, на ўдасканаленьне пастановы. Так грамадзянін К., былы партызанскі камандзір, прапанаваў павялічыць тэрмін найбольшага скарачэньня з дзесяці да васямнаццаці гадоў, каб адразу атрымаць тры ордэны, як гэта практыкавалася на мінулай партызанскай вайне. Але тая яго прапанова не знайшла разуменьня – можа, таму, што ініцыятару споўнілася 99 гадоў і было падазрэньне ў жаданьні атрымаць узнагароды «на халяву». Але тое не было масавай зьявай – бальшыня пенсіянераў сьціпла брала абавязаньні, атрымлівала ўзнагароды і шпацыравала па вуліцах – па адным ці гаваркімі кампаніямі. Папулярнасьць узнагародаў была такая высокая, што некаторыя прышпільвалі на грудзі ўсё, што можна было прышпіліць, і з тым бадзяліся па вуліцах, не прамінаючы, аднак, крамкі, дзе імкнуліся бсз чаргі пралезьці да прылаўку і атрымаць каўбасы. Часам ля тых прылаўкаў узьнікалі эксцэсы, якія, аднак, пасьпяхова вырашаліся з дапамогай міліцыі, АМАПу, іншых сьпецсілфармаваньняў.
        Яшчэ да выяўленьня фінансавага эфекту пастановы, які гэтым разам сапраўды чакаўся вельмі высокі, выкрылася яшчэ адна прыкрая загана – дэфіцыт каштоўных і каляровых металаў. Дызайнеры, што распрацоўвалі праекты ўзнагародаў, карыстаючыся бескантрольнасьцю кантрольных ворганаў, завысілі вагу ўзнагародаў, і краіна нечакана апынулася без залатога і срэбнага запасу, бяз цынку, сьвінцу, бронзы, медзі, малібдэну. I нават чыгуну стала не хапаць – гэтулькі пайшло на ўзнагароды. Попыт на іх, аднак, усё павялічваўся, усё новыя групы пенсіянераў бралі і бралі на сябе новыя абавязаньні. Адпаведна павялічваліся і выдаткі на пенсіі – і тое было незразумела. Сацыялагічныя інстытуты, якія цяпер сталі спрэс незалежніцкімі і рэгулярна фінансаваліся з дзяржаўнага бюджэту, ня мелі на тое адказу. Не маглі на той раз нічога высьветліць і выпрабаваныя сьпецорганы, магчымасьці якіх з прычыны разарваных сувязяў з заходнімі калегамі значна звузіліся. Затое адказ неўзабаве далі пранырлівыя чаўночнікі, рух якіх за апошнія гады набыў фантастычныя памеры. Яны сьведчылі, што тымі ўзнагародамі забітыя ўсе базары суседніх краінаў, кампрадорскія дзялкі каторых скупляюць іх партыямі для патрэбаў уласнай высокатэхналагічнай вытворчасьці.
        Між тым выплата пенсіяў у краіне з прычыны абсалютнага банкруцтва пенсійнай сістэмы зусім спынілася. Урад, адміністрацыя ўсіх узроўняў, канструктыўная апазіцыя, прафсаюзы – усе маўчалі, ня маючы што прапанаваць народу. Адно – мацавалі сілавыя структуры. Дэпутаты, спалоханыя за свае наседжаныя ў парламенце месцы, патрабавалі ўвесьці надзвычайнае становішча.
        Неяк надвячоркам перад палацам прэзідэнта немаведама адкуль вынікнуў невялічкі, з шасьці чалавекаў, пікет. На грудзях у пікетчыкаў віселі самаробныя, ня дужа зграбна напісаныя плакаты. Высьветлілася, што гэта быў самадзейны несанкцыяыаваны пікет незарэгістраванай партыі «Аматары алкаголю», і ён патрабаваў ад дзяржавы, калі тая ня можа выплаціць пенсіі грашыма, дык хай плоціць натурай. Нарад паліцыі, які аператыўна зьявіўся па выкліку таптуноў у штацкім, тут жа накінуўся на сьвядомых алкашоў і пачаў круціць ім рукі. Звычайна за такой важнай аперацыяй сілаў правапарадку любіў назіраць з вакна сам прэзідэнт краіны, якім на той час быў шаноўны Тумба-Лумба, у мінулым сам адмысловы алкаголік, а цяпер ганаровы старшыня Акадэміі цьвярозасыді. Назіраючы захапляльную сцэну расправы, ён, аднак, сьціпла ўсьміхнуўся і сам сабе ціха мовіў: «А чаму б і не!» Тыя самыя словы, вядома ж, былі адразу запісаныя высокаадчувальнай тэхнікай суседняй дзяржавы, апрацаваныя ў яе адпаведных колах і нечакана адобраныя. Таго стала дастаткова, каб праз тыдзень урад выдаў чарговую пастанову пад нумарам «000999» – аб выплаце абмежаванай колькасьці пенсіянераў іхніх пенсіяў у алкагольным эквіваленце. Навучаны былымі няўдачамі ўрад пакуль што асьцерагаўся плаціць гарэлкай усім, хацеў паглядзець, як яно екладзецца на практыцы. Пакуль складвалася выдатна. У цэнтры сталіцы на плошчы Недатыкальнасьці да Прэзідэнта адбыўся грандыёзны, нікім не санкцыянаваны, але і нікім не разганяны мітынг падтрымкі і захапленьня, у якім удзельнічала каля 2 мільёнаў пенсіянераў (паводле зьвестак дзяржаўных СМІ і 2 тысячаў – паводле падлікаў скупога на арыфметыку агенцтва Ройтэрз). Гэтай адмысловай кансалідацыі народу ніхто ня памятаў нават з самых састарэлых людзей. Усе горача падтрымалі пастанову «Трох дзявятак», як яе называлі ў прастамоўі, або пастанову «Паратунку і разьвіцьця», як назваў яе ў нядзельнай перадачы любімы тэлекаментатар нацыі спадар Лятнеўскі. Усе пласты грамадства без адрозьненьняў класаў, прафесіяў, узростаў, полаў, нацыяў і веравызнаньняў былі захопленыя ўрадавай мудрасьцю. Стары паэта, што ўсе апошнія гады наракаў у вершах на медахват грошай на хлеб, за адну ноч гекзаметрам напісаў паэму. Ён каяўся, што нядаўна яшчэ разам з народам і партыяй (не ўдакладніў, якой) доўгі час лічыў другім хлсбам бульбу, аж выявілася, што другі народна-партыйны хлеб – гарэлка. I гэта выдатна, бо, як паказвае досьвед, грошай на гарэлку ніколі не бракавала.
        То былі вешчыя словы паэта-прарока.
        Мінфін у тэрміновым парадку распрацаваў механізм гарэлкавай выплаты. Улічваючы небывалую папулярнасьць новага метаду, было вырашана для разьліку з прадпрыемствамі і ўстановамі таксама перайсьці на гарэлку, а таксама і на ўсе іншыя аплаты, у тым ліку і ў дзяржаўным гандлі. Канешне, не ўдалося пазьбегнуць некаторых няўвязак, але якая ж слушная справа абыходзіцца без няўвязак. Няўвязкі неўзабаве былі адрэгуляваныя – быў выпрацаваны эквівалент: 1 тысяча рублёў прыроўнівалася да 1 літру гарэлкі, 500 рублёў – да паўлітры, 250 – да чацьвярцінкі, «чакушкі» ў прастамоўі. Усё звыкла і проста, як і ўсё геніяльнае. Праўда, трохі павалэндаліся з распрацоўкай методыкі аплаты плацяжоў дзяржаве, якая, вядома ж, гарэлкі не спажывала, хоць мела яе мора. Тады ўжылі прынцып зваротнага эквіваленту. На прыгожа аддрукаванай у Фінляндыі паперцы, што служыла таксама бутэлькавай этыкеткай, азначалася лічба эквіваленту – адпаведна 1000, 500 і 250 рублёў – у залежнасьці ад аб’ёму бутэлькі. Тое было вельмі зручна – сумясьціць у адно функцыі бутэлькі, гарэлкі ды асігнацыі. Знайшліся, вядома, скептыкі, якія пачалі даводзіць, што бутэлька і этыкетка – далёка ня тое самае, што першую можна спажыць, а другую хіба што выкінуць. Але тады вучоныя патрыёты з ліку гісторыкаў распавялі слушны гістарычны факт, як у сярэднявеччы еўрапейскія падарожнікі прывезьлі з Кітаю всстку пра тамтэйшыя папяровыя грошы, дык у Еўропе ім не паверылі. Ды з часам так прывыклі да паперы, што цяпер нават друкуюць з яе даляры. Тое было прызнана навукова абгрунтаваным і болей пярэчаньняў не выклікала. Гарэлкавыя этыкеткі заканамерна набылі пашыранае значэньне і выдатна ішлі на плацяжы, у той час, як гарэлка – выклгочна на ўжытак. Адносіны дзяржавы і грамадзянаў выдатна гарманізаваліся. Сьцьвердзіўся небывалы эканамічны феномен – чым болей людзі спажывалі гарэлкі, тым больш багацелі. Запачаткавалася новая беспрэцэдэнтная цывілізацыя – з ініцыятывы ня надта вялікай і нават мала разьвітай краіны.
        А галоўнае – сышло ў нябыт неўміручае саслоўе пенсіянераў. Напрыканцы XX стагоддзя ў краіне іх засталося ўсяго 9 (магічная лічба), затое гэта былі самыя фізічна і духоўна загартаваныя людзі.
        На пачатку XXI стагоддзя, як прэзідэнтам краіны быў аднадушна абраны шаноўны Хусаін Асман, краіна была ў каторы раз перайменаваная і атрымала назоў: Рэспубліка Бутэлькавая. Скарочана РБ.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.