РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Наста Кудасава
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лісьце маіх рук
 
Паэзія
1
*  *  *
Вышывала аркушы вершамі,
Пакалола словамі пальцы.
Колькі ж нам, маёвым, намаяцца
Давядзецца па літасьці лепшых...
 
Накарміла рукі атрутаю
Ўласнага лабатага болю.
Колькі ж нам сакральнага колеру
Давядзецца аддаць на пакуты...
 
Вышывала – вышыню вышыла...
Зоркамі ўпляла адзіноту.
Больш ужо ня здолеюць клопаты
Несуцешнае сэрца суцішыць.
 
 
 
 
*  *  *
Я патрабую траўня – спрэс ружовага,
З цукровымі аблокамі і юрам!
Я патрабую траўня пажыцьцёвага
I шчасьця пад пратэкцыяй Амура!
Штодня гукаю, як вар’ят, галёкаю
Ды пакрысе ў чаканьні дагараю.
I не дажыць мне да вясны далёкае,
Як да твайго ўзаемнага «кахаю»...
 
 
 
 
*  *  *
Вясна.
Вуснам
Цесна.
 
 
 
 
*  *  *
Вясна крочыць...
Вясна-прарочыца!
Мне так хочацца
Табе ў вочы
 
Нырнуць птахам,
Агнём бяссоньніцы,
Тваю вольніцу
Адным махам
 
Скарыць юру,
Дажджу сьпеламу...
Мы звар’яцелыя
Каламбуры!
 
Мы прастора
Беспакараная –
Жывы ранак...
Жывая тора...
 
 
 
 
*  *  *
Мне хацелася скласьці верш –
пра цябе і для цябе –
такі мілагучны,
такі моцны,
якога
нікому
ніколі
дагэтуль
не прысьвячала.
Але ў горле – роспач.
I словы
падаюць
на аркуш
грубай
бяздарнай
прозай,
такой жа няскладнай
і бесперспектыўнай,
як нашае
нязьдзейсьненае каханьне...
 
 
 
 
*  *  *
Твае вочы, як неба, сінія –
На зямлі мой прытулак адзіны.
Твае вочы – і скон, і скінія –
I пагібель мая, і сьвятыня.
 
Ты спыніўся ў маёй бяссоньніцы
Скрыжаваньнем усіх вымярэньняў.
У жыцьця аднастайнай хроніцы
Ты падзея мая і падзеньне.
 
 
 
 
*  *  *
Дотык вуснаў і ...зьнікні!
Толькі сплю,
Толькі сплю...
Разам з ранкам стазыкім
Я свой боль наталю.
 
Нахілюся лісьліва
Перад лёсам маім...
Можа, стану шчасьлівай?
Толькі дым...
Толькі дым...
 
За ўсе скарбы і грошы
Я цябе не куплю...
Дотык вуснаў... Навошта
Толькі сплю?..
Толькі сплю...
 
 
 
 
*  *  *
Пахне вежай, пахне жніўнем сьвежым,
Шмурдзяка гарэзmліваю мовай,
Пахне незабыўным Рагачовам –
Безданьню, бяздумнасьцю, бязьмежжам...
 
Тут сышліся зь вечнасьцю бясконцасьць,
Цела зь небам, белае з чырвоным.
Хай жа будзе вечна блаславёны
Горад, найцудоўнейшы пад сонцам!
 
Ці ў вясну сыду, ці ў дамавіну,
Ён заўсёды будзе крочыць поруч.
Рагачоў... I гарачынь, і горыч...
Мой чароўны рай дняпрова-сіні...
 
 
 
 
*  *  *

Габрэйскім могілкам
горада Рагачова


 
Над рукой Дняпра
                узышло крыло
нерухомым пер’ем
                каменных плітаў –
нерухомым пер’ем
                сыноў Давіда,
адляцелых у залаты
                  шалом.
 
Над рукой Дняпра,
                бы нямы папрок,
паляглі калісьці жывыя
                      сэрцы
і апошні сьціплы прэзэнт –
                          бязьсьмерце –
ім прынёс адзіны наведнік -
                          Бог.
 
 
 
 
*  *  *
Вечнасьць?
Спрэчна.
Хутчэй,
пустэча
для таго,
хто нічым
ці нечым
называе
адзіны шлях.
 
 
 
 
*  *  *
У бязьвер’і – як у труне!
He ўздыхнуць, не падняцца,
Не выйсьці ў сьвет.
Шлях адзін – сьвятло.
Сэрцу – слова, руцэ – крыло...
 
Хай пачуцьцяў ліецца вольніца,
Размываючы раздарожжы...
Ад каханьняў і ад бяссоньніцаў
Адрываюся.
Сыхожу.
 
 
 
 
*  *  *
Sum –
Сум.
 
 
 
 
*  *  *
крок за крокам
іду ў шматкроп’е...
 
 
 
 
*  *  *
Партрэтаў рэбры
Ha сухой сьцяне.
Гісторыя.
 
 
 
 
Вечар
Вечар прыходзіць жаданьнямі хворымі.
Вечар, як вечнасьць, – пакута і gloria.
Россыпы роспачы ў сэрцы зьняможаным...
Вечарам вера сьціраецца...
 
Божа мой!
Выратуй вырай мой,
Дом мой прымроены.
Хочацца міру. Мы
Хворыя войнамі.
 
Вечар праходзіць стагодзьдзямі смутнымі.
Вечнасьцю дыхае зброя атрутная.
Сэрца ад жаху балюча сьціскаецца...
Божа самотны! Дажыць бы да раніцы...
 
 
 
 
*  *  *
Раскрытыя крылы крыжоў
Паралельна зямлі.
Я сьведка сусьветнага шоў...
Гандляры, каралі –
Каралі бясконцага «быць»,
Незьлічоны пясок,
Прывычны караць, каб скарыць,
Праглынуўшы аброк.
 
Раскрытыя крылы крыжоў
Паралельна зямлі,
Дзе многія моцныя ўжо
Назаўжды паляглі,
Дзе вечны скрозьземны прастор
(небыцьцё ці нябыт?)
закрэсьліць асадкаю зор
слова жалю «рабы».
 
 
 
 
*  *  *
Прыціснутыя цітламі будняў,
Незаўважна губляем гукі,
Якія робяць нас
Сапраўднымі словамі.
 
 
 
 
*  *  *
Твар за тварам зьнікаюць людзі,
Распушчаюцца ў суме горада.
Мы ідзем па шляху ілюзій,
Дзеля пэўнасьці намі створаным.
 
Сэрцу сьніцца свая свабода,
Сэрца мроіць цяплом і цішаю...
Мы ідзем па шляху пародый –
Гэты сьвет не дазволіў іншага.
 
 
 
 
Ксеніі
Дабяжы
да мяжы
запаветнага
«жыць»...
 
Скрозь чужыя
крыжы,
міражы
дабяжы!
 
Будзе вецер
дасьвецьцем
над намі кружыць...
Нам бы выжыць і жыць!
Нам бы стаць,
а ня стыць
штохвіліну,
штодзень,
штонадзею,
штомару...
I мы таем, бы хмары,
між разумных людзей.
 
Дабяжы
да мяжы,
узьніміся і жы-
ві! Vivat!
Давід
сьпявае...
Спавівае
нас ноч сівая...
Зноў мы пераўзышлі ліміт!
 
 
 
 
Чысьціня
Ксенія
сее
насеньне
вечнага.
Невылечная
чысьціня...
Не спыняюцца
дні няўмольныя...
Хіба здольныя
пець так сольна мы,
так салёна
ад сьлёз
і болю?
Вольная
птушка
Ксюша
зрушвае
шэрыя душы –
Богу верная.
Неймаверная
чысьціня.
 
 
 
 
*  *  *
Ксенія рыфмую з асеньняя
асеньняя заўсёды ўлюбёная
жыву за чужымі сцэнамі
чакаю цябе скронямі
чакаю цябе далонямі
расквечаны ўсьмешкаю вечар
за што мне мая ўлюбёная
так шчодра такой недарэчнай
 
 
 
 
*  *  *
Любіш санэтныя формы і формы бяссонных –
Котка, натхнёная дахамі і Мадыльяні...
Колькі мы жыцьцяў з табой прапілі, прагулялі,
Перш чым сустрэцца
                  ў далёкім шматколерным сёньня?
 
Лапкаю здрапваеш зоркі зь пякучага неба.
Бог нам ня выдаў чамусьці ні гонар, ні сорам...
Хай жа ясьнее душы несьмяротная форма,
Ноч аздабляючы вершам, кагорам і хлебам!
 
 
 
 
*  *  *
Дома вечар.
Мы пішам прозу.
Хутка плечы
пакінуць позы,
хутка месяц
захопіць вокны –
столькі месца
рукам і крокам.
 
Дома голас.
Мы пішам прозу.
Так бяспола
і так сур’ёзна:
толькі розум -
разгром паэзій.
Пішам прозу:
аз, букі, ведзі...
 
Дома водар
жыцьця і піва,
пенны подых
радкоў крыклівых.
Злыя дозы
нам піць дарэшты...
Пішам прозу,
а самі – вершы...
 
 
 
 
*  *  *
Мой анёл, шматмільённыя мы ў гарадах
Шматмільённых, што так не пасуюць анёлам,
Праз дасьціпнасьць багоў нам ня дадзены дах,
Але целы тым болей не цягнуцца долу.
 
Мой далёкі спакой, мой сяньняшні абсурд,
Так сьпяшаюцца ў вырай паэты-пінгвіны.
I пакуль прагных выжыць зьбіраюць у гурт,
Мы ляцім, і ў паветры зьнікаюць правіны.
 
 
 
 
*  *  *
Зачараваная...
Скароная
чужому
гонару.
Чужому
водару
падараваная.
Зачараваная...
 
Адкуль
такая
таямніца?
Мне сьніцца
сьнег
і ўсьмешка...
Ведаеш,
салодкі мёд
абпальвае язык.
Твой фотаздымак
зросься з маім сэрцам.
 
 
 
 
*  *  *
Табой
запоўніцца
бяссоньніца,
маўчаньне загучыць –
табой.
Вачамі прачытай
жаданьне
і будзь са мной
да разьвітаньня –
да скону ночы
будзь са мной!
 
Вазьмі мяне ў свой
вір ці вырай,
да беспрытомнасьці –
бяры!
Няхай згарыць душа жывая
за недазволены парыў...
 
Пакуль не пакарае раньне
за грэх салодкі –
будзь са мной!
Па вуснах прачытай жаданьне
і будзь са мной
да разьвітаньня –
да ночы скону
будзь са мной!
 
 
 
 
*  *  *
Боль.
Большы
за мяне.
Не
падуладны
дозам
алькаголю.
Сьлёзы
болю.
Большыя
за мяне.
Камянеюць
аскепкі сэрца,
большыя за мяне
саму.
Чаму,
навошта
большага
за цябе
няма
й ня хочацца?
Боль
прасочваецца
праз падушку,
праз душу.
Пішу
рознае
ў запозьненых вершах...
Навошта
ты
лепшы?
 
 
 
 
*  *  *
Безьліччу безданяў ляжа пад ногі
Боль разьвітаньня...
Мне застанецца ні мала, ні многа –
Зморанасьць здані.
Мне застанецца пустэча сустрэчаў,
Зьнішчаны шанец...
Безьліччу безданяў скончыцца вечар.
Вечная памяць...
 
 
 
 
*  *  *
Нізкімі нотамі, нізкамі Ротмана
Я зашываю маўчаньне адчаю.
Цацка бяз сэрца, ваўчыца бязродная,
Кінутая ў чалавечую зграю.
 
Ночы чароўныя вырасьлі здрадаю,
Рукі ўлюбёныя вырасьлі зьдзекам...
Госпадзе! Я была б казачна радая
Не нарадзіцца сюды чалавекам...
 
 
 
 
*  *  *
Вецер, вецер!
Столькі сьмецьця,
цёмна ў клетцы
ды бяз сэрца.
 
Брудны горад
грудных пораў
не адкрые,
не акрыліць.
 
З крыльлем мілы
прайшоў міма,
ні пярыны
не пакінуў,
 
ні пяр’юшкі,
толькі юшку
для пракорму
непакорнай,
 
ні пяр’ечка,
толькі вечны
бессардэчны
чорны вечар.
 
Вецер, вецер!
Столькі сьмецьця!
Дай жа лекаў
майму веку...
 
 
 
 
Спроба абыякавасьці
380
Как живется вам с подобием –
Вам, поправшему Синай!
#М. Цв.

 
Ранак разбаўляе раны,
Што згусьціліся ўначы.
З новым шчасьцем, мой каханы,
Аддаю твае ключы.
 
Так ня ўзыдзе Казанова
На Сінайскую гару!
Мой чарговы шараговы,
Цалкам зьедзены, даруй...
 
 
 
 
*  *  *
480
М. Цв.

 
Ведаю крокі твае,
Ведаю рукі твае,
Ведаю гукі твае –
Вечныя рухі волі.
 
Ветрам прайду жыцыдё,
Попелам стане плён,
Толькі імя тваё
Будзе мне Там паролем!
 
Там будуць вочы, плечы, пальцы,
Судакрананьне палавінак...
Пакінь мне ўзвышанасьць дарадцы
I я ніколі не астыну.
 
Пакінь мне гонар узьяднаньня
I я ўваскрэсну тваім болем.
Мы выйдзем за мяжу пытаньняў
I станем назаўжды жывою.
 
Там будуць вочы, рукі, плечы,
Судакрананьне палавінак...
Мая галоўная сустрэча.
Мая спрадвечная Марына.
 
 
 
 
*  *  *
заМАРЫНАваная Вашымі вершамі,
мая першая
 
 
 
 
*  *  *
Саламея... Самлею ад чырвонага хмелю...
Галубінае сэрца тваё, Саламея,
Перасьпелыя вусны, выкшталцоная прага...
Адчаго так чакаю тваёй грэшнае ўвагі?
 
Саламея... Лілея, белакрылая кветка,
Выбуховая здрада аднастайнаму сьвету,
Ап’янелая поўня на нямым небасхіле,
Жыцьцядайная годнасьць, сьмертаносная сіла...
 
Саламея... Салодкая жарсьць пацалунка –
На бясколерным твары крывавы малюнак,
Дзе застыла навечна пячаткай адчаю
Ракавое «кахаю, кахаю, кахаю»...
 
 
 
 
Багіня

#1
Вусны чужыя, далоні далёкія...
Ці давядзецца ўзысьці і наблізіцца,
Не абгарэўшы пад Вашымі крокамі?
Фізіялёгія ці метафізіка?
Проста прышэсьце! Багіня? Прарочыца?
Не разглядзець за нябёснымі промнямі.
Сэрца нямее ад страху... і хочацца
Вуснамі вуснаў, далоняў далонямі.

 

#2
Рот – пацалункаў куфар.
Форма – багіня.
Зьмест – невядомым духам
зможаныя вяршыні.
Плечы – хачу-пастка.
Вусны – спакуса.
Выцалаваць бы з маскі
гэтыя вусны.
Выабдымаць бы рукі –
неба галіны.
Стань маім першым рухам,
першай цаглінай,
першай багіняй стань мне,
першай царыцай.
Хай назаўжды ня зьвяне
гэтае ніцма,
гэтая прага пакоры
яснаму целу!
Стань мне жывой зоркай,
яблыкам сьпелым.
Голад такой Музы
не наталіць хлебам –
выцалаваць бы вусны
з гэтага неба!

 

#3
Ханаанам каханая
сэрцу сырому.
Ты Зямля Абяцаная,
добрае дома.
Каралевай каханая
сыну галечы.
Бы нябёснаю маннаю,
белыя плечы
ахінутыя гонарам -
пастка бязьвінных!
Мне б паўстаць тваім донарам
кожнай крывінкай!
Увайсьці ў беззаганную
першаснасьць Евы...
Мая ясная Панна,
мая Каралева!

 

#4
Лягу побач –
начны лёкай,
не гаворачы
ні кроку,
не гаворачы
ні кропкі,
лягу побач,
каб ты – толькі.
Толькі вобшук
рукі роднай...
Лягу побач
тваім стогнам,
лягу побач –
гарэць догмам!
Нарачоная
мне
Богам!

 

#5
Мармуровы арамат цела белага,
Колькі сьпелага «люблю» табе сьпела я,
Колькі выпіла атрутнага голасу –
Не зап’ецца гэты грэх, не замоліцца...
 
Закіданая гарачымі строфамі
Чараўніца таямнічага профілю,
Зорны скарб, у самым сэрцы пакладзены,
Мармуровая мая Багададзенасьць!..

 

#6
Наталі гэты гмах,
Гэты грэх адрадзі,
Мы на кволых нагах
Перад тварам Судзьдзі,
 
Наш прысуд адкахаць
На драпежнай зямлі,
I таму не сьціхай –
Наталі, наталі...
 
Запалі мае пальцы
Вадою жывых.
Я, на шчасьце ці жаль,
Не сьляпы і ня мніх.
 
Мне салодкі палын
Тваёй моцы, Ліліт,
Не мінай маю плынь –
Наталі, наталі...
 
 
 
 
*  *  *
У вачох тваіх схавалася восень,
У руках тваіх – пяшчота і вера.
Бы чароўны незямны жыцьцяносец,
Ты паўстала над будзённым і шэрым.
Сталі ночы пераходзіць у вершы,
Сталі вуліцы чакаць тваіх крокаў...
Закаханая ў касьмічную ўсьмешку,
Я згараю ў тваім зьзяньні, сяброўка!..
 
 
 
 
*  *  *
Сто гадоў адзіноты
мы разам. I хто ты,
мне ня трэба пытацца,
мая добрая грацыя,
каляровая фея
дамоў, Амалфея
неакрэсьленых вершаў,
танклявы падсьнежнік.
 
Ад абсэнтавых сэсій
да сапфаўскіх песьняў
ні апомняцца рукі,
ні стомяцца... Слухай,
як у зьдзіўлены горад
зьлятае Аўрора
і на шкле небакраю
выводзіць «кахаю»...
 
 
 
 
*  *  *
а на Лесбасе сёньня восень
і на росстанях нашых сьцёгнаў
агаломшана млеюць стогны
і хмялее радок рукі
 
 
 
 
*  *  *
Толькі туляцца і не прытуліцца –
Вынік, як вырак, на карак ускочыў.
Моўчкі мінаць безыменнай ваўчыцай
Атракцыёны для хворых ахвочых...
 
Марнасьць на марнасьць – і вырасьце сталасьць,
Вырастуць рукі – здрабнеюць вачніцы...
Вечны спакой, невылечны, як старасьць, –
Дзе тут прытулак для зрэбнай ваўчыцы?
 
Зрэбная... срэбная – выклік і голад.
Вочы растуць ад вясёлкавых кропляў...
Выклік і вырак – замкнёнае кола.
Позна ўжо перайграваць свае ролі.
 
 
 
 
Спатканьне зь вясной

#1
Восені! Толькі восені!
Госпадзе, досыць,
                досыць мне
Біцца самотным ветразем...
Божа! Пашлі мне Верасень!
 
Сэрца замоўкне – буйнае.
Песьня сарвецца – чуйная,
Зьнікне чаканьне – сьмешнае.
Сьціхне жаданьне – грэшнае.
 
Быццам жыцьцё – халодная,
Быццам любоў – нямодная,
Восень!
Сьвятая, родная,
Самая неабходная...
Самая непазьбежная...
Дзе ж яна, Божа?
Дзе ж яна?..

 

#2
Вясна ружовая
мяне ўкрыжоўвае,
Самотнай птушкаю,
Крывавай стужкаю
Душа трапечацца
ў палоне вечнага.
 
Вясна – бяссоньніца!
Вясна – прыгоньніца!
Вясна – манюка!
Рукі
выкручвае,
сэрца атручвае
вясна балючая...
 
Ідзі, насьмешніца!
Ідзі, я грэшніца...
За мной – нічога:
ні Бога,
ні Логаса.
Сама
магу.
(Магла б, магутная,
калі б ня ты, вясна атрутная!)
Ну, што спыняешся?
Ідзі!
Я каюся...
Кахала? Бясконца...
Чакала? Як сонца...
Час марнавала – марыла.
Замарылася.
Замарылася.
Вясна, зьмілуйся!
 
 
 
 
*  *  *
Восень!
Лёс мой!
На боскіх кроснах
тчэш прыгоствы
душы і сьвету...
Запавет мой!
Імпэт і мэта!
I манэта,
што б’е ўсе цэны...
Восень –
вось
мая
панацэя!
 
 
 
 
Верасень
Веру Верасьню-
гаспадару.
Зь цемры шэрасьцяў
вырву рух –
вырву Верасень
зьцьвердзі дзён!
Там на беразе –
легіён,
там – прыгнечаны
дол жыцьця,
тут – стрыечная
неба – я.
Вырву Верасень
(веры сінь!),
зь цьвердзі шэрасьцяў –
неба плынь...
 
 
 
 
*  *  *
Верасень – вершы.
Кастрычнік – казкі.
Лістапад – лісты
зь вершамі,
казкамі,
лісьцем маіх рук...
 
 
 
 
*  *  *
Глінтвейнам Верленавых вершаў
сьцякаецца вечар.
Нам схема да скону: кунежыць,
калечыць і кленчыць,
нам зьмены адмерана меней,
чым хочам і можам,
камусьці акторам на сцэне,
камусьці – у ложы.
 
Завеі Верленавых зоваў
атульваюць вочы...
Калісьці мы злучымся ў слове,
мой сябар, мой змоўшчык,
мой ключ да навоштага сёньня,
да простага досыць.
Абсэнтам Верленавых сноў
набліжаецца восень...
 
 
 
 
*  *  *
На беларускіх вуліцах Кастрычнік.
На беларускіх вуснах немата.
Бадзяецца штодня ў маім абліччы
Самота ад сьвітаньня да маста.
 
Глядзіцца ў цьвіль, схіляецца над багнай,
Плюецца вершам, каб завершыць дзень,
I скінуўшы надуманую вагу,
Назад да безнадзейнага брыдзе,
 
Туды, дзе пачынаюцца сумненьні,
Дзе робіцца зусім слабым мастак,
Каб залячыць разьбітыя калені
Ці назаўсёды адысьці з маста.
 
 
 
 
*  *  *
Калі сэрца прасякнутае сьвятлом суіцыду,
я думаю пра цябе,
мая зямная мама,
і застаюся тут –
чакаць сьвятлейшага.
 
 
 
 
*  *  *
Золак, малаком заліты...
Абдымаю неба грудзі.
Пью цябе за літрам літар,
Мой звычайны новы будзень!
 
Будзе дзень, як сотні іншых, –
Непаўторны і ўлюбёны.
Зноў здаецца, што Ўсявышні
Мне ўсьміхаецца спрасоньня...
 
Я люблю яго малітвай,
Бо мне болылага ня трэба:
Золак, малаком заліты,
Маладыя грудзі неба.
 
 
 
 
*  *  *
Калі маё жыцьцё свой шлях завершыць,
Пакінуўшы пасьля сябе прабел,
Я ўсе мае пакутлівыя вершы
Аддам табе.
 
Калі мой дух зь зямнога бабілёну
Памкнецца ў Абяцаную Зямлю,
Я буду аднаму табе па скону
Сьпяваць «Люблю».
 
 
 
 
Марку Шагалу. Ад «Адзіноты»
З тваёй адзінотай
да вечнага крочу,
даверліва ў вочы –
твая адзінота.
Скрозьчасавых нотаў
плывуць карагоды...
Абраным народам –
твая адзінота –
усьмешкай дзіцячай,
магутнасьцю мудрых,
жыцьцёвым абсурдам,
адчайным іначай...
I ўпэўнена бачу
ў вільготнай прасторы
няскоранасьць Торы
ў бязвыйгрышным матчы...
I чэзнуць турботы
ў сьвятле тваіх фарбаў...
Я верую ў праўду
такой адзіноты!
 
 
 
 
Лес
Лес мой лёс,
мой голас сьлёзны,
хвояў хор
з адных галосных,
негалосна
лес мой – дом мой,
тут вырошчваюцца
гномы
ўсіх радкоў маіх
шматмоўных,
лес мой муж
і палюбоўнік,
ён гудзіць
адвечным «будзем»,
мой зялёны
цуд у цудзе.
 
 
 
 
Мора
мора буркоча марамі
мора паслухаць трэба
мора хавае Феба
і ад маркоты самымі
лекамі як найлепшымі
можа быць толькі мора
мора хавае гора
і не вяртае
верыш мне?
 
 
 
 
*  *  *
мроіва ночы
сьмерць пад павецьцю
ведаю: воўчым
сон мой завецца
ведаю: ўперад
бегчы да скону
скідваю нерат
з ног маіх сонных
 
што мне так сьпіцца?
што так пяецца?
белай ваўчыцай
бегае сэрца...
мроіва ночы:
сьмерць і пасьмерце
голас мой – воўчы
верце мне верце!
 
 
 
 
На тым баку
Я буду чакаць вас, пакуль трываю,
Я буду чакаць вас – на тым баку.
Таму не жадаю казаць «бывайце»,
Таму, як заўсёды, кажу «пакуль».
 
На тым баку я паўстану новай,
Схаваўшы ў Лету пакутаў бруд.
На тым баку я спаткаю Слова,
Жывое Слова – мой родны кут.
 
На тым баку я ўсплыву шчасьліва
Ў бязьмернасьці безмаральнасьці.
На тым баку я зраднюся зь нівай,
Каб з новым сэрцам наверх расьці.
 
Я буду чакаць вас – наскрозь жывая.
Я буду чакаць вас – на тым баку.
Таму не жадаю казаць «бывайце»,
Таму, як заўсёды, кажу «пакуль».
 
 
 
 
Дадому
Дваццаць шэрых гадоў праплылі
непрытомна.
На агромністай гэтай зямлі
мне бяздомна.
Мне бязладна, бязмэтна, бязь мес-
ца, бязь зьместу.
На бязьмежнай зямлі не жыве
маё места.
Не паддасца такая гара –
аксіёма,
Але блізіцца ўжо час зьбірац-
ца дадому.
Не прыціснуты горкай гарой
(горкім горам),
над агромністай гэтай зямлёй
ёсьць мой горад.
 
 
 
 
*  *  *
мая рэлігія:
горад кніга
 
у першым памерці б
з другой нарадзіцца:
 
дзяцінству прынц
ранам воцат
і сонмы сонцаў
з натоўпаў вачніц
калі пажадаеш
мой моцарт
быць
забытчыкам бліжніх
калі ж не –
санату бяздомных
зграе самота
бязьлюдным пальцам
 
і можа здарыцца
белы горад
усё адно
мне сябе падорыць
 
твая Пандора
 
 
 
 
Вершы
Вершы-вершнікі,
зухаў рух,
вамі цешацца
руны рук.
 
Вершы – вернікі
ўсіх дарог!
Толькі бераг –
далее Бог,
 
толькі мера –
памрэ маяк,
вершы ж вернуць нас
на свая,
 
бо няпрошаных
ваяры,
непарушны апошні
Рым.
 
 
 
 
*  *  *

А. Башлачёву

 
Голас твой я нашу ў горле –
Цяжка дыхаць, калі песьня.
Так хацелася стаць зорным –
Назаўжды цяпер ня зьлезьці.
 
Ці ты скончыўся, мой сейбіт,
Перайшоўшы ў спакой стрэхаў?
Пад глыбокім нямым небам
Голас твой я нашу рэхам...
 
Не сумуй, мне ляцець хутка,
Вокамгненна згарыць крыльле.
Хай на горад паўзуць чуткі
Пра мой першы зямны вылет...
 
 
 
 
*  *  *

Пора гасить фонарь
Наддверный...
#М. Цв.

 
калі й радок не задавольвае
адзінае што здольная
зрабіць па ўласнай волі я
згасіць ліхтар
была Агар
але бяз сына
 
нікога не лічыць павінным
 
 
 
 
Паэт
Стосы лёсаў на Вашых плячох,
Непраходных вякоў лёхі...
Калі Слова было Бог –
Сьвет прысьвечаны Вам, бог мой!
 
Над імёнамі гаспадар,
Спадарожнік ліхіх зыкаў,
Сёньня тронны Давід цар,
Заўтра блазен ці аніка...
 
Не зьнікайце зь зямных дарог,
Нам блукаць тут яшчэ многа...
Калі Слова было Бог –
Вы заўсёды былі з Богам!
 
Так і будзеце – сваякі –
Сумнявацца, ствараць, журыцца...
Праз стагодзьдзі-мацерыкі
Застаюся чакаць Вас, рыцар!
 
 
 
 
*  *  *
Сваімі верасьнямі-снамі
Я вымяраю Ваш спакой.
Нібы дзіцячы арыгамі,
Дрыжыць пад небам горад мой,
I так бязьлітасна тужліва,
Што толькі ўздых «Памілуй мя»
Здалее выкшталцоным дзівам
Закрэсьліць Вашае імя...
 
 
 
 
Авісага
Танкарукая жрыца,
апякунка стагодзьдзяў,
у Гасподняй гасподзе
непрывечаны госьць,
 
ні сястра, ні царыца –
безгалосая птушка –
там, дзе сьцюжна і скрушна,
засяваю мілосьць.
 
Побач дыхаюць эры
і ўзіраюцца лёсы
ва ўладарныя кросны
у чаканьні ахвяр,
 
ды замкнёныя дзьверы
у бязьмернае сэрца
і так цяжка сагрэцца,
мой нязьведаны Цар!
 
 
 
 
*  *  *
Твор твайго твару:
гартаю старонкі
Сьвятога Пісаньня,
дзе з кожнае літары
цэлы сусьвет
паглядае ў душу.
Ты ў накладзе адзіны такі,
мой асобнік,
што імгненна чытаю цябе
ўсё жыцьцё
і зьдзіўляюся таленту Творцы.
Мой Кніга!
Хто б мяне дапісаў
на палях твайго «я»,
хаця сьціплым радком,
камэнтарам...
 
 
 
 
Белая
гарэлі арэлі незразумелага
гайдалася ў полымі белая-белая
ад долу нясьпелая
вартасьць грашыная
хавалася белая
ў шэрасьць мышыную
шукала прычыны
для ўласнага існага
шушукалася з матылькамі іскрыстымі
гарэлі арэлі ад шэрага жэрлага
бялела балела але не памерла я
 
 
 
 
*  *  *
Не перакласьціся
на мову моцных.
Камусьці радасьці,
камусьці воцат,
адзін узвысіцца,
другі скалее,
а мне б насыціцца
вачамі Леі.
 
Па дну па горкаму
(падзеі – слайды)
паўзла, ды ўзгоркавай
чакала праўды,
так сэрца слухала –
гарэлі веі,
пакуль разьдзьмухала
сваю завею
 
...і разгулялася
(ave паветра!):
занабліжаліся
жывыя спэктры,
бялелі, біліся
ў пакутных родах...
I расступіліся
гнілыя воды!
 
 
 
 
Сьніць
Буду сьніць сінім,
бо белым – набалела,
чырвоны ж зачаруе вычварэнствам жарсьці,
а жоўты – пражэрлівы цяжар жыцьця,
зялёны назаліў...
Дык буду сінім сьніць,
сінім, як мора,
як Марыса птушка...
Сінім сьніць буду,
каб чорнае ўчора
і страшнае заўтра
спыніліся ў сінім сёньня.
 
 
 
 
*  *  *
Бездакорны радок.
 
 
 
 
*  *  *
Я ня ўмею
даваць найменьні,
выключэньне –
любоў і боль.
 
Так лілейнае
агаленьне
апраменьвае
Мірабо.
 
Сьцісну словы
ў камяк сталёвы,
досыць мовы –
кіно нямко!
 
Толькі музыка
вольных блюзаў
лезе вуснамі
ў мой спакой...
 
Там за рысай
стыхійных місій
мяккім лісьцем
павіс Парыж,
 
там успыхнеш
птушынай вышшу
і суцішана
дагарыш.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.