РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гісторыя ката
 
Аповесць пра мужнасць
        Кат, кiт, кот, кут... Правiльна. Пра iх i раскажу табе.
        Толькi я гаварыў кiт i думаў зусiм не пра акiянiчную жывародную iстоту, а пра замазку, якой замацоўваюць шкло ў аконных рамах. У сутарэннях дзевяцiпавярховага дома, дзе я жыў, калi вучыўся ў школе i мастацкай вучэльнi, былi зусiм маленькiя, на адну шыбу, акенцы. Кiт перасох i вылушчыўся, шкло трымалася цвiчкамi, i яго лёгка можна было дастаць, каб стрэлiць з рагаткi драцяным прабоем у дзявочую лытку. Ахвяра хапалася за апечаную болем нагу i пазiрала ўгору – на гаўбцы, яна ж не здагадвалася, што прабой пускаўся з сутарэнняў, праз маленечкае акенца, пад якiм, душачыся смехам, хаваўся я.
        Так можна было б пачаць аповесць пра першае каханне, пра першыя спробы падлетка звярнуць на сябе ўвагу супрацьлеглага полу, пра ўсёабдымныя адносiны мужчыны i жанчыны. Але я ўжо распавёў табе пра сваё першае каханне. А цяпер раскажу пра мужнасць, пра забойства. Менавiта ў прапахлых гнiлой бульбаю сутарэннях я забiваў ката. Але думка пра забойства, пра забiранне жыцця адной iстотаю ў другога жывога стварэння прыйшла ў iншым месцы – сонечным i залатым.
        Кастрычнiцкiм ранкам я кiраваўся ў школу, каб у сваiм шостым класе разам з усiмi чакаць на доўгiх уроках кароткiх перапынкаў. Я абмiнуў сятчасты плот дзiцячага садка i ўбачыў на чырвоным маладым клёне, што рос каля белай сцяны трансфарматарнай будкi, ката. Чорны, блiскучы, з доўгiм пухкiм хвастом кот вiсеў на вяроўцы, перакiнутай праз кляновы сук i заматанай на камлi. Выпручанае, здзервянелае цела цiха пагойдвалася пад шалёсткiмi вогненнымi шатамi. З ашчэранага, белазубага рота тырчаў высалаплены пурпуровы язычок.
        Я доўга не мог адвесцi вачэй ад чароўнага вiдовiшча блiзкай смерцi. Думкi зблыталiся, цела ахапiў паралюш, пытаннi грувасцiлiся ў маiм школьнiцкiм розуме. Чаму забiлi ката? Хто набраўся смеласцi, каб накiнуць пятлю на шыю жывой цёплай iстоце i перапынiць дыханне, каб адчуць асалоду кiта, пабачыўшы перадсмяротныя курчы? Нашто адзiн забiвае другога? Няўжо, калi я не навучуся забiваць – заб’юць, задушаць, павесяць мяне? Мае вочы павылазяць з вачнiц, язык вывалiцца з рота, а душа назаўсёды застанецца ў цялесным мяшку, яна не зможа вылецець i ўзняцца ў нябёсы. І трэба вучыцца забiваць, а гэтаму не вучаць у школе, на жаль.
        У кабiнеце бiялогii давялося выслухаць малапрыемныя папрокi за спазненне. Сытая, круглатварая настаўнiца падкацiлася да мяне на сваiх кароткiх крываватых нагах з таўсценнымi лыткамi. Не ведаю, хто, мусiць, муж, разразаў ёй халявы на ботах, каб хоць неяк налезлi на круглыя лыткi.
        – Адам, няўжо нельга выйсцi з дому на дзесяць хвiлiн раней? Няўжо трэба сто разоў паўтараць, што спазняцца на ўрокi – гэта хамства i непавага да ўсiх нас?
        Хiба я змог бы задушыць гэтую сытую цётку са складчатай шыяй?
        – Сядай i ведай, што ў наступны раз... – Не змагу я задушыць... – ...пойдзеш да дырэктара! – ... яе, i нiхто не зможа, гэтую гаспадыню бiялагiчнага кабiнета, дзе ў шклянках скурчылiся заспiртаваныя гадзюкi i вужы, а на палiцах распасцерлi пыльныя крылы шклавокiя пудзiлы качак i соваў, дзе ў кутку шчэрыцца штучны шкiлет, а на сценах выставiлi вантробы бясскурыя людзi. Якi непрыемны гук нараджае пастукванне ўказкi па вялiзным жоўтым муляжы кветкi, што ўзвышаецца на стале маёй нялюбай настаўнiцы паталогii.
        Круп-круп-круп-круп-тр-руп... "Разгаворчы-кi!" Яна дужая, жорсткая, зможа схапiць мяне за горла, прыцiснуць да свайго пукатага жывата i задавiць. Ёй варта толькi захацець. А я нiчога зрабiць не змагу. Трэба купiць нож! I калi яна паспрабуе... Але спачатку... Навучыцца, пераадолець сполах, стаць мужным, стаць мужчынам i ваяром...
        Па шчырасцi, я нiколi не думаў, што табе захочацца слухаць пра чыста мужчынскiя справы, пра забойствы i вайну, пра Шэкспiрава "Быць цi не быць?", якое для мужчыны гучыць iнакш... Забiваць альбо не забiваць? А для жанчыны... Нараджаць цi не нараджаць? Пытанне!
        Асаблiва жорстка мужчынскае пытанне паўстала для мяне ўвосень на трэцiм курсе вучэльнi, калi пачалi цягаць у вайсковы камiсарыят, калi замест адной настаўнiцы паталогii на мяне вызверылася савецкае грамадства са сваiм усеагульным вайсковым абавязкам. Як я ўзненавiдзеў усiх праспiртаваных палкоўнiкаў Івановых, Пятровых, Мухiных з iх аўтаматамi, кулямётамi, ордэнамi i пяцiрогiмi зоркамi, у якiх паблiсквала залатая свастыка, складзеная з сярпа i малатка. Што можа быць больш мярзотным за шматок паперы, на якiм напiсана: ты абавязаны з’явiцца ў вайсковы камiсарыят, а калi не з’явiшся, дык пойдзеш пад суд?! Павер мне, нiчога ў свеце не выклiкае такой гiдлiвасцi, як позва ў войска. І таму мужчыны iх выкiдаюць, рвуць, не прызнаюцца, што бачылi. І таму другiя мужчыны грукаюць па начах у дзверы i бяруць подпiс, што ўручылi гэты гнюсны шматок паперы з рук у рукi. А назаўтра ранiцай даводзiцца плесцiся да прапаршчыкаў, лейтэнантаў i капiтанаў, гадзiнамi стаяць у калiдорных чэргах, тлумачыць, што ёсць iншы закон, якi дазваляе студэнтам i навучэнцам атрымаць дыпломы...
        – Прэч на хрэн, мастак сраны!
        Так здараецца ў лепшым выпадку, а ў горшым – даводзiцца лазiць уночы па чужых i малазнаёмых вулiцах, шукаць адрасы, грукаць у дзверы, палохаць людзей, каб соннаму мужчыну ўсунуць у рукi позву. "У войску няма хворых! Ёсць жывыя i мёртвыя!" Мусiць, таму я нi разу ў жыццi не занёс у камiсарыят даведку з лякарнi. Я iнтуiтыўна прыняў асноўны пастулат войска – жывы альбо мёртвы. І не трэба мець вялiкага розуму, каб зрабiць наступны крок. Супраць войска i грамадства можа супрацьстаць таксама войска, толькi з iншымi ўяўленнямi пра грамадскi лад. Супраць чырванасцяжнага iнтэрнацыянальнага савецкага павiнна паўстаць нацыянальнае згуртаванне.
        Небяспечныя высновы я зрабiў у цёплым сонечным парку "Рыўера" на ўзбярэжжы Чорнага мора. Сядзеў на лаўцы, маляваў пальму з валасянiстым камлём i раптам падумаў: у Раi растуць пальмы, i добра б было вярнуць на зямлю Рай. Я зачапiўся не за слова "рай", а за слова "вярнуць"... Што вярнуць? Расейскую царскую iмперыю? Турму народаў? Не! Вярнуць маленькую Народную Рэспублiку. Так! Аднавiць, ажывiць, рэанiмаваць, адрадзiць БНР – Беларускую Народную Рэспублiку. Тсс-с-с. Цiха. Нiкому нi слова, нi паўслова. Данясуць. Закладуць. Прададуць. А тады арыштуюць, засудзяць, пасадзяць. Тады – турма, катоўнi, смерць. І замест Раю атрымаеш пекла. І замест Каўказа будзе Сiбiр, а замест пальмы – елка, у лепшым варыянце.
        Страх – вызначальнае пачуццё ў паводзiнах беларуса. Страх за сябе, за родных, за блiзкiх i за чужых. Татальная ўсебеларуская баязлiвасць. Як пазбыцца перапуду, страхаў, пярэпалахаў? Не ведаю, як рабiлi iншыя, ведаю, як рабiў сам. Пайшоў у краму i ў аддзеле канцылярскiх тавараў набыў танюткi, у дванаццаць аркушаў, сшытак для арыфметыкi. Схаваўся ў цёмны куток парку "Рыўера" i пачаў пiсаць план уласнага жыцця. Наiўна? Рамантычна? Па-юнацку прымiтыўна? Можа, i так, толькi планы мае рэалiзавалiся, цi, як гавораць неадукаваныя палiтыкi, увасобiлiся ў жыццё. І адбылося тое раней, чым я думаў. А самае крыўднае – не прадугледжаная мной змена парадкавых нумароў асобных пунктаў.
        Да прыкладу, у маiм сшытку абвяшчэнне незалежнасцi iшло самым апошнiм, а перад iм стаяла стварэнне войска i агульнай для беларусаў рэлiгii, цi лепей сказаць, светапогляду, якi сфармуецца мастацтвам, лiтаратураю, фiласофiяй. На ўсе свае планы я даваў пяцьдзесят гадоў жыцця. І ўсё ўсур’ёз, патаемна, цiха. Да маiх накiдаў можна было б паставiць эпiграф: "Усё вартае робiцца цiха, цi хоць бы iмкнецца рабiцца патаемна". Якая абуральная памылка! Цяпер бачу памылку ў сваёй нянавiсцi да святла. Гэта забойства робiцца ў цемрадзi, у страху, пад крыламi таямнiцы i невыказнасцi. Забойства, на якое я свядома пайшоў, калi вучыўся ў пятым класе зусiм сярэдняй мiкрараённай школы.
        Я вяртаўся пасля заняткаў, перапоўнены жаданнем набыць нож. Ён павiнен быць вялiкi, з касцяным брунатным тронкам, з шырокiм люстранiстым лязом, з войстраю дзюбаю i глыбокiм крывасцёкам. Ягоная сталёвая прахалода павiнна захоўвацца ў чорных скураных похвах, прашытых з аднаго боку белай тоўстай нiткаю. Такi паляўнiчы нож я бачыў у сваяка Болеся. Той пакручваў халодную зброю перад маiм тварам i казаў, што з такiм нажом можна i мядзведзю горла перарэзаць. Наконт мядзведзя Болесь хлусiў, бо такiм нажом, калi i перарэзаць мядзведжую шыю, дык толькi ў тым выпадку, калi жывёлiна будзе цiха ляжаць на кастрыцы з прастрэленай скронню.
        Іншая справа – Болесеў штых-нож, зроблены ў Нямеччыне. Вузкi, доўгi, як шчупак, цёмны, востры штых захоўваўся ў пограбе, пад падлогаю, i даставаўся толькi, каб зарэзаць парася. Болесь рэзаў парасят лепш за ўсiх на свеце, а потым пiў з алюмiнiевай конаўкi насоленую цёплую кроў i гучна смяяўся, скалячы акрываўленыя рэдкiя жоўтыя зубы. "Бр-р-р!" – трос галавою Болесь i сплёўваў ружовую цягучую слiну на ранiшнi блакiтны сняжок. Пра нямецкi штых-нож можна адно толькi марыць. Можна ўкрасцi, але такi ўчынак здаваўся мне задробным i гнюсным. Лепш ужо збiраць пустыя пляшкi ў парках i на могiлках, здаваць iх, хаваць грошы, а потым прыдбаць у якога майстра з трактарнага завода нож. Цi яшчэ лепш падысцi да турмы i дамовiцца праз плот з зэкамi, яны за iндыйскую гарбату давалi добрыя нажы з яркiмi, шматколернымi наборнымi тронкамi.
        Мае летуценнi спынiў пiльны позiрк кацiных вачэй. Кат, кiт, кот, кут... Ён чорна-брунатны, кудлаты, з вострымi вушкамi i танклявым пацучыным хвастом сядзеў у кутку каля трубы смеццеправода i фосфарнымi вачыма паглядаў на мяне. Заб’ю. Я ўзняўся на лiфце дадому, шпурнуў ранец з падручнiкамi на падлогу ў перадпакоi, не здымаючы чаравiкаў, пабег праз залю ды бацькоўскую спачывальню на гаўбец, дзе ў белай тумбачцы мацi захоўвала скруткi вяровак, на якiх сушыла бялiзну. Рукi паабдзярэ сваiмi зубамi i кiпцюрамi. Давялося шукаць скураныя бацькавы пальчаткi, чорныя з металёвымi кнопачнымi зашпiлькамi. Уцячэ! Убачыць мяне з вяроўкаю, у пальчатках, усё зразумее, адчуе, шусне памiж ног, i толькi яго бачылi.
        Катлеты ляжалi на панiве, заплаўленыя ў блакiтнаваты мутны тлушч. Я вырваў самую большую катлету i, зацiснуўшы ў пальчатцы, адчуў, якое слiзкае ў яе цела. Каб толькi нiхто не ўбачыў! Каб толькi нiхто не ўгледзеў! Я баяўся, апускаючыся ў лiфце. Кот сядзеў на месцы i пастукваў па бруднай падлозе кончыкам тонкага хваста. "Кыцы-кыцы-кыцы!" Я выцягнуў насустрач кацiнаму чорнаму носу руку з халодным камяком катлеты. "Мяўр-р-р". Жывёлiна ўзнялася i затанчыла на прамых нагах.
        – Якая смачная катлета, мама гатавала, купляла мяса, пракручвала праз мясарэзку разам з белым хлебам, ляпiла, смажыла.
        Кот пракаўтнуў вялiкi кавалак i зазiрнуў мне ў вочы, глыбока, да самай душы, на сподзе якой каламутна ўздымалася чарната. Ён натапырыўся, поўсць на спiне ўзнялася, хвост апусцiўся, лапы сагнулiся. І ў гэтае iмгненне мая рука схапiла ката за каршэнь i ўзняла ў паветра спаралюшаваную жывёлу. Жаласнае тонкае мяўканне зазвiнела на ўвесь пад’езд. Давялося засоўваць ката ў запазуху, пад сiнюю балонневую куртку i трушком, азiраючыся па баках, бегчы ў сутарэннi. Жывёлiна тузалася, драпалася, выдзiралася з балонневай задушлiвай пасткi, яе цела выкручвалася, уздрыгвала, бiлася, але я абедзвюма рукамi прыцiскаў ката да грудзей, як прыцiскаюць найкаштоўнейшую, найдаражэйшую, найлюбiмейшую рэч.
        У сутарэннях смярдзела пракiслымi сiкунамi, капустаю i саладжавай леташняй бульбаю. Я стаiўся каля ўжо зачыненых дзвярэй, услухоўваючыся ў пыльную цямрэчу. А цi няма тут каго? А цi не заспеюць мяне цiкаўныя вочы за злым заняткам? У тоўстых, абматаных шклаватаю трубах глухавата булькатала вада. Кот, адчуўшы маю няўпэўненасць, паспрабаваў выдрацца, ягоная лапа з выпушчанымi кiпцямi высунулася з-пад курткi i апусцiлася на маю шыю. Мне перакрывiла твар сутарга болю, мае рукi выцягнулi драпежную жывёлiну на паветра, бразнулi аб зямлю i прыцiснулi да падлогi. Мярзотнай, кудлатай змяёю круцiўся ў паветры кацiны хвост, ён звiваўся ў самыя неверагодныя петлi, а мая правая рука ўжо выцягвала бялюткую вяроўку.
        Што можа быць сiмвалам чысцiнi? Вядома, насычаная ветрам i холадам бялютка-галубовая прасцiна. І я нiколi не разумеў, чаму самагубцы выбiраюць у крамах менавiта вяроўкi, на якiх жанчыны сушаць кашулi, наўлечкi ды прасцiны. У мастацкай вучэльнi быў вельмi папулярны матыў з бялiзнаю. Асаблiва ўдалая кампазiцыя атрымалася ў Ігара Кашкура: навальнiца ў мiкрараёне, чорнае неба, крылы прасцiнаў, скручаныя жаночыя постацi, што, утаймоўваючы бялiзну, скiдаюць яе ў эмалiраваныя мiсы. Мяне, па шчырасцi, белыя сцягi баязлiўцаў "рукi ўгору" не натхнялi, бо цiкавiлi iншыя штандары: у краязнаўчым музеi я перамаляваў сабе ў нататнiк трохкутны сцяг з пагоняю, пад якiм змагалiся за незалежнасць касiнеры Кастуся Калiноўскага. Юначы экстрэмiзм? Цалкам магчыма. Хто з нас задумваўся, пад якiм сiмвалам выходзiць на бой? Дарэчы, чорны квадрат з белым чэрапам i перакрыжаванымi пад iм косткамi таксама вабiў мяне. Анархiзм, iндывiдуал-анархiзм цi, лепш сказаць, эгаанархiзм прыцягваў сваiмi набыткамi ў галiне мастацтва. Я зачытваўся Альбэрам Камю, мяне натхнялi палотны авангардыстаў 10-х гадоў, усе гэтыя хлопцы "душа наросхрыст" з "Бубновых вальтоў" дый "Сiнiх коннiкаў". А вось нацыянальнае ў мастацтве, як тады казалi, нацыянальнае па форме i сацыялiстычнае па зместу, выклiкала пратэст. Я люта не прымаў саламяных конiкаў, кашулi-вышыванкi i розныя андаракi. Да неафалькларыстаў, што, займеўшы вышэйшую гуманiтарную адукацыю, падраблялiся пад народных майстроў-самавукаў, я ставiўся не лепш, чым да неанацыстаў. Ёсць у iх нешта агульнае, роднаснае, блiзкае, i не толькi прыставачка "неа", а корань "нац". Іх яшчэ яднае разумовая абмежаванасць дый творчая няздатнасць. Драбната! А вось намеры – захапiць увесь свет – не меншыя. За гэтыя глабальныя намеры мяне i ад камунiстаў адвярнула. Сацыялiсты з iх недасяжнай выспаю Утопiя падабалiся больш, але, прачытаўшы ўважлiва Томаса Мора, зразумеў: ягоная мадэль больш нагадвае канцэнтрацыйны лагер, чым свабоднае грамадства дзеля свабодных iндывiдуалаў. З блытанiнаю "iзмаў" у галаве i планам на ўсё астатняе жыццё ў кiшэнi я патрапiў на дзень нараджэння Сiмачкi Кудлача.
        Сiмачка – чалавек iнтэлiгентны немаведама ў якiм калене, любiў свае днi нараджэння, як чорт балота. Было ў iм эгаiстычнае, анарха-iндывiдуальнае. Мы палiлi свечкi, пiлi сухое кiслае вiно, ад якога ўвесь час мяне насiла ў прыбiральню, закусвалi смажанай качкаю i танчылi з дзяўчатамi. Напiлiся моцна. Дзяўчаткi, а iх было трое, чамусьцi абвясцiлi, што яны полькi i адпаведна маюць перавагу над намi, беларусiкамi. Пра велiч Польшчы я i дома мог наслухацца. Не ведаю, чаму, але ў бацькi ёсць сентымент да заходнеславянскага народу. Можа таму, што ён нарадзiўся ў Заходняй Беларусi, можа таму, што недалёка ад ягонае вёскi жыў першы чалавек Польшчы – Адам Мiцкевiч, а хутчэй, з-за таго, што ўсе мы любiм сваё дзяцiнства, там i снег мякчэйшы i хлеб смачны. З бацькам ясна. А тут? I я драўляным языком пачаў брахаць на пшэкаў i Пшэцыю. Згадаў i лагеры для беларусаў, i закрыццё беларускiх школак, i турмы, i Беластоцкi край, якi тэрмiнова трэба адваяваць, вярнуць, забраць, а ўсiх палякаў выгнаць к чортавай матары, як з Беласточчыны, так i з Беларусi наогул. Пра тое, што ў сваяках маю сякiх-такiх палячкоў, вядома, не згадваў. Дзеўкi смяялiся... "Ну што ты можаш зрабiць адзiн?" Вось на гэты момант i высветлiлася: я не самотны. На мой бок стаў iмянiннiк. Сiмачка Кудлач пашырыў кола нацыяналiстычнай амбiтнасцi – прапанаваў вярнуць спрадвечна беларускiя землi i гарады: Вiленскi край i Вiльню, Друскенiкi, Дзвiнск, Краславу, Смаленск, Старадуб, Бранск...
        Ён спынiўся недзе пад Курскам, бо жаданне схадзiць да ветру было мацнейшае за ўяўныя заваёвы. На той момант наша кампанiя, пакiнуўшы кватэру, шпацыравала па начным праспекце ў раёне дзяржаўнага цырка. Мы ўсе забеглi пад белую балюстраду, упрыгожаную вялiзнымi вазамi, i цiшыня скверыка напоўнiлася плюскатаннем перапрацаванага вiна. Я касавурыўся на пшэчачак, што сядзелi на траве, як тры вялiзныя чорныя курыцы, з-за гэтага вiдовiшча працэс вызвалення зацягнуўся. Узбуджанасць. Спадзяюся, ты зразумееш. Дзяўчатак, самазваных шляхцянак, мы развялi па дамах, а самi дамовiлiся сустрэцца праз тры днi, каб на цвярозую галаву абмеркаваць нацыяналiстычныя парывы.
        Сустрэлiся. Сумна згадваць, але без алкаголю размова не ляпiлася, сыпалася, крышылася на драбнюткiя аскепкi...
        – Добра было б разам з’ездзiць у Вiльню.
        – Даўно не быў у Мiрскiм замку, пэўна, яго канчаткова засралi галубы.
        Каб не любоў да кнiжак, перакананы, з нашых намераў выйшаў бы пшык. Сiмачка палез на антрэсолi i выцягнуў з-пад газетаў томiк Янкi Купалы, выдадзены ў 20-я гады. Мяккiя знакi, слова "Мiнск" i трагiчна-смяшлiвыя сцэны "Тутэйшыя" леглi ў падмурак нашага гуртка з двух чалавек. Купалаўскiя чытаннi мы пачалi ладзiць штотыднёва. І праз якi месяц надумалi пашырыць кола чытачоў забароненых твораў на аднаго чалавека. Сякеру бяруць пад лаваю. Я запрасiў да Сiмачкi ў госцi Алеся Ласевiча. Сагiтаваць чалавека зусiм не проста, асаблiва на нешта антыдзяржаўнае. Ён баiцца, ты баiшся. Страх накладаецца i ўзрастае не ў арыфметычнай прагрэсii, дзе два на два чатыры, а павялiчваецца ў разоў дзесяць-дванаццаць. Кнiжку Купалы Ласевiч узяў, i гэта была першая перамога беларускага арганiзаванага нацыяналiзму ў кватэры Кудлачоў. Далей пайшло лягчэй.
        Мы радавалiся: нiхто нiкому нiкога не заклаў. А наш купалаўскi гурток пачало моцна заносiць улева, да тэрарызму. Тэрор – вельмi прывабная рэч, як свежанiна. Рэжце гiтлерцаў паганых, каб не ўскрэслi век яны! Бiце ў сэрцы iх, бiце мячамi, не давайце чужынцамi быць! Але ад тэарэтычнай да рэальнай агрэсii, дзякуй Богу, досыць вялiкая адлегласць. Скажу адразу, каб ты не хвалявалася. Мы так i не дайшлi да падкладання выбуховых прыбораў у дзiцячыя садкi цi школы. Нашыя пошукi ў галiне гвалту спынiлiся значна раней чым у нацыяналiстаў Ірландыi цi баскаў. Асабiста мяне да развагаў пра тэрор вельмi падштурхнуў адзiн малюнак, зроблены на белых дзвярах грамадскай прыбiральнi ў Палацы мастацтва. Нейкi габрэй накрэмзаў чорнай шарыкавай ручкаю шасцiканцовую зорку Давiда i напiсаў: "Мы есть". Не разважаючы, не раздумваючы дый не аналiзуючы сiтуацыi, я дастаў аловак i зрабiў работу над памылкамi. Пад габрэйскай зоркаю ўзнiк iншы надпiс – "Мы ёсць", за якiм чарнеў тлусты клiчнiк. У маiм варыянце надпiс праiснаваў гады са тры, а можа, i болей. Так цi iнакш, а першы крок я зрабiў, хай несвядомы, але ж зрабiў.
        Зрэшты, цi бываюць першыя крокi ў дзiцяцi свядомыя i лягчэйшыя? Хутчэй, не. Клэп-клэп-клэп. І пайшоў, пайшоў, упаў, узняўся. Усмешка бяззубая. І далей, далей. Клэп-клэп. Вось так, прыкладна, пачаў i я. Значна пазней я ўбачыў сапраўднага тэрарыста, лацiнаамерыканца Карлiса, якi расказаў пра Чылi.
        Карлiс быў у свае пятнаццаць гадоў перакананым камунiстам, хаваючыся ў сутарэннях, чытаў Ленiна i Маркса, а калi да ўлады прыйшоў Пiначэт – удзельнiчаў у страйку. Бедная працоўная сям’я, вера ў лепшую будучыню, Чэгевара. Карлiс панёс бомбу ў аўтобусны парк i падклаў яе ў машыну штрэйкбрэхера, як рабiлi кнiжныя i кiношныя рэвалюцыянеры. Загiнула чатыры чалавекi. Карлiс уцёк у Еўропу. З Францыi яго прагналi за ўдзел у нейкiх там чылiйскiх "чырвоных брыгадах". У Мiнску Карлiс скончыў медыцынскi iнстытут i працаваў... кiм бы ты думала? Гiнеколагам! Вось бывае.
        Пры першым знаёмстве Карлiс, з якога Гена Цацкевiч маляваў партрэт, абазваў мяне Пiначэтам. Цi не смешна? Ну, якi я Пiначэт! Усё вайсковае я з дзяцiнства недалюблiваў. Я хацеў быць блазнам, а не генералам. А тут раптам бэнц – i Пiначэт. І за што? Назваў Фiдэля Кастра тэрарыстам. Дык яно ж так i ёсць, для ўсяго свету. Ну ды Бог з iмi. З Карлiсам я памiрыўся, i ён запрасiў на свята ў чылiйскае таварыства. Нiколi не думаў, што ў Мiнску так многа знойдзецца лацiнаамерыканцаў. Іх набегла поўная студэнцкая сталоўка. Жанчыны ў понча, а вось мужчыны, чамусьцi, былi апранутыя па-еўрапейску, iм зусiм не пасавалi гэтыя апранахi. Ім да твару былi б чорныя капелюшы, паходнi i мачада. На вялiзных пано я i маляваў на замову Карлiса лацiнаамерыканскiя твары i кулакi з паходнямi.
        – Нам бы такiх мастакоў паболей. Мы, калi вернемся на Радзiму, усе сцены размалюем рэвалюцыйнымi карцiнамi. Вось пабачыш! – сказаў Карлiс i ўзнагародзiў мяне i Гену Цацкевiча дзвюма пляшкамi чырвонага вiна, потым знiк у натоўпе танцораў.
        Ён знiк назаўсёды. Казалi, Карлiс паехаў у Карэю дабудоўваць камунiзм. Можа, i так, мне ўсё роўна. Я чамусьцi не перажываю за чылiйскага Карлiса. Хто-хто, а тэрарыст-гiнеколаг сябе ў крыўду не дасць. Калi каму варта паспачуваць, дык ягоным ахвярам з аўтобуснага парка, якiх паразрывала на дробныя кавалкi. Карлiс расказваў: тыя кавалкi збiралi ў празрысты пластыкавы мех, якi завязалi белым матузом. Пэўна ж, такiм, якi я выцягнуў з кiшэнi ў сутарэннях, калi намерыўся забiць ката.
        Я паспрабаваў скруцiць пятлю, але нiчога не атрымлiвалася, замiналi вялiкiя бацькавы пальчаткi, дый левая рука была занятая – цiснула жывёлiну да падлогi. Я строс пальчатку з правай рукi i паспрабаваў перахапiць кацiны карак, але ў гэтае iмгненне жывёла выгнулася i ўвагнала iклы ў маю далонь памiж вялiкiм ды ўказальным пальцамi. Я ўскочыў, узняўшы ката над зямлёю, i што было сiлы сцiснуў яму шыю. Ен захакаў, разявiўся, я вызвалiў руку i пачаў залiзваць ранку. Болю не чуў. Мяне ўсяго калацiла ад не вядомай дагэтуль нервовай узбуджанасцi.
        Убачыўшы пустую скрынку, я ўзрадаваўся магчымаму перадыху i засадзiў ката пад яе. Павольна звiў пятлю, другi канец вяроўкi перакiнуў праз трубу, што цягнулася пад бетоннай столлю. Пятля пагойдвалася, нiбыта вялiзная, намаляваная лiнiяй лямпачка. Каб дастаць ката з-пад скрынкi, давялося праламаць верх i зноў уздзець пальчаткi. Потым я ўсунуў кацiную галаву ў пятлю i пацягнуў за канец вяроўкi. Кот павiс. Ён уздрыгваў, круцiўся, спрабуючы кiпцямi садраць з шыi пятлю. І раптам жывёлiна ацiхла, хвост i лапы выцягнулiся, цела зрабiлася худое i нейкае пустое. Такiмi вялымi i пустымi выглядаюць футравыя цацкi, з якiх высыпалася пiлавiнне.
        Вяроўку з павешаным катом я згадаю праз дзесяць гадоў у Маскве, на выставе чэшскага графiка Густава Вары. Буду стаяць i глядзець на маленечкi малюнак тушшу – начное зорнае неба з лiмоннай костачкай месяца, светлая сцяна, голая галiна, вяроўка, павешаны чорны кот. З усёй паездкi ў Маскву, дзе купляў эцюднiк, палiтру, фарбы i пэндзлi, застаўся ў памяцi маленечкi малюнак. Можа, я крыху блытаю мужнасць з жорсткасцю, але, каб намаляваць павешанага ката, безумоўна, патрэбна была мужнасць.
        Гэта знiтавана з перакосамi ў афiцыйна прынятай маралi, што панавала на тэрыторыi сацыялiстычнага лагера. Мастакам дазвалялася маляваць трупы людзей, якiя загiнулi ў барацьбе. І чым больш было тых трупаў, тым большую павагу меў iх стваральнiк. На палотнах i кiнаэкранах ляжалi горы трупаў, i нiкога яны не хвалявалi. Былi свае i чужынцы, было апраўданне крывi, дзеткi насiлi кветкi да абелiскаў. Войны падзялялiся на правiльныя i няправiльныя, захопнiцкiя i вызвольныя. У падручнiках па гiсторыi змяшчалiся фотаздымкi часоў другой сусветнай вайны: шыбенiца, вайсковец уздзявае пятлю на дзявочую шыю, побач вiсiць хлапец са звязанымi за спiнаю рукамi, цi – местачковы пусты пляц, чатыры павешаныя мужчыны. Яны нам такое рабiлi, дык мы iм зробiм яшчэ i не такое! Заставалася растлумачыць, хто – яны i хто – мы. Мы – рускiя, яны – немцы. Але гэтая схема падыходзiла да першакласнiка i зусiм не апраўдвала сябе сярод старэйшых. У дзедавай вёсцы расейскiя казакi закатавалi, паадразалi мужчынам чэлесы шаблямi за нейкую ўяўную сувязь з расейскiмi партызанамi. Таму схему дапрацавалi – увялi здраднiка. Ёсць яны, ёсць мы i яшчэ здраднiкi, юды. Але што рабiць з павешаным, закатаваным чорным катом? Дзе на малюнку вораг, а дзе свой? Кот не ўваходзiў нi ў якiя лагеры, не ўступаў у партыi, ён не мог здрадзiць, атрымлiваецца, што ён свой, наш. А той, хто павесiў, чалавек – вораг. Але чалавек – цэнтр сусвету, так вучылi ў школе на занятках па бiялогii. Чалавек – гучыць горда. Чалавек!
        Вораг не чалавек. Вораг – мастак, iнтэлiгент, драбок праслойкi памiж сапраўднымi людзьмi: пралетарам i селянiнам. Толькi вораг мог намаляваць павешаную жывёлу i тым абразiць як савецкага чалавека, так i Чалавека з вялiкай лiтары. 1975 год, у СССР нiхто не парушае ўсталяванай маралi, акрамя вар’ятаў i паўвар’ятаў, якiм лекары паспешлiва выдаюць даведкi. Не любiш таталiтарны рэжым – вар’ят. Не хочаш служыць у войску, дык толькi скажы, i на сорак дзён трапiш у вар’ятню. А тут раптам маленечкi малюнак: павешаны кот. Прыстойная заля з мяккiм святлом, цiшыня, зашклёныя рамкi, малюнкi. У адной з рамак фотатвар мастака: барадаты сярэдняга веку чалавек i зусiм не вар’ят, здаецца дзiўна, але чэшскi мастак падтрымаў мяне вельмi моцна. Значыцца, можна парушаць таталiтарную мараль, бо ёсць шчылiны, нiшы, закуткi, куды не трапляе святло цэнзурных лiхтароў. Ёсць патаемныя месцы, пра якiя забылiся напiсаць у iнструкцыях i цыркулярах. Іх трэба знайсцi, убачыць.
        I я шукаў, спачатку адзiн, потым шукалi ўтрох – я, Алесь Ласевiч дый Сiмачка Кудлач. Нам пашанцавала, бо вельмi хутка мы праскочылi ўласныя намеры стварыць тэрарыстычную суполку. Нават праз дваццаць гадоў я здзiўляюся жудасцi сваiх прапаноў, калi ў лесе каля вогнiшча гаварыў: тэрор у iдэале сваiм не мае адраса, бо ахвяра павiнна быць выпадковая – на каго Бог пашле. I адзiнае, над чым варта задумвацца тэрарысту, як пры мiнiмальных затратах энергii зрабiць максiмальнае разбурэнне грамадства i дзяржаўных iнстытутаў. Да прыкладу: выбух у маленькiм аўтобусе з дзецьмi зрушыць грамадскую думку пра ўрад у сто разоў больш, чым пажар на бензаскладах. Матэрыяльная шкода мiзэрная ў параўнаннi з маральнай. І хай сабе старажытныя габрэi сцвярджалi, што выбiтае вока цi зуб можна кампенсаваць грашыма, але кампенсаваць смерць дзiцяцi, як i любой iншай жывой iстоты, немагчыма нiчым, нават забойствам злачынцы. Таму дзяржава, у якой з’яўляецца тэрарызм, раней цi пазней будзе вымушана змянiць свой грамадскi лад, цi самой увесцi тэрор, надзялiўшы мiлiцыянтаў правам забiваць.
        Пры ўсёй наiўнасцi i рамантызме, мы ўсё ж разумелi i ўсведамлялi, што ў 70-х у СССР быў толькi адзiн шлях: аднаўленне карнага апарату. Карацей, наш гурток так i не правёў нiводнай акцыi, бо, чытаючы класiку, мы паверылi не Янку Купалу i Максiму Багдановiчу, а Францiшку Багушэвiчу. Знаць Чачота ўсе павiнны, i пра Зана дабрачыннасць, пра Касцюшку i Манюшку, i пра песняроў. Рукi iм падаўшы, знаю, зробiм болей мы для краю, чымсьцi разам у бойках стойка пралiваўшы кроў. Можна было б не пагадзiцца з Францiшкам, якi ўпiсаў у шыхты iнтэлiгенцыi Т.Касцюшку. Але гэтая драбяза нас не засмуцiла, накiрунак – вось аснова. І я не шкадую, што яна прывяла да самазнiшчэння падпольнага таварыства аматараў беларускага слова. Былi ж набыткi: мы навучылiся чытаць беларускiя кнiжкi, навучылiся верыць адзiн аднаму, што было самым цяжкiм, навучылiся не саромеючыся абмяркоўваць патаемныя жаданнi i памкненнi. І хай у ахвяру быў пакладзены эгацэнтрызм i ў нейкай ступенi ягамосць, але ж прыйшло разуменне, што найвышэйшая пабудова iерархii – роўнасць, якая грунтуецца на даверы.
        Юнацтва скончылася. Вядома, рэцыдывы са мною здаралiся, вось адзiн з iх адбыўся ў кавярнi "Рамонак". Яе столькi разоў перараблялi, што давядзецца расказаць, як яна выглядала на той час. На першым паверсе гандлявалi кандытарскiмi вырабамi. Палiцы зiхацелi цукеркамi з фабрык "Камунарка" i "Спартак". У зашклёных вiтрынах iльснiлiся тлустымi бакамi тарты. Каля касавых апаратаў вiлiся чэргi тоўстых кабетак сярэдняга веку, якiя так i не ўсвядомiлi, што ад салодкага набiраецца лiшняя вага. Зграйкi школьнiкаў падлiчвалi капейкi на мармелад i марозiва. Прадаўшчыцы раздражнёна пакрыквалi на шматлiкiх пакупнiкоў, што панаехалi з вёсак i мястэчкаў. На другiм паверсе панавала зусiм iншая атмасфера, бо не было дзябёлых жанчын з заводскiх ускраiн, не было разявак з правiнцыi ды гаманлiва-вiсклiвай дзятвы. Там вакол вялiкай стойкi, што стаяла пасярэдзiне лiтарай "О", фланiравалi дзяўчаткi i хлопчыкi, ахрышчаныя "залатой моладдзю". Яны знаёмiлiся адно з адным, пiлi каву, вiно i кактэйлi з прымiтыўнымi i кiдкiмi назвамi "Фламiнга", "Паўночнае ззянне", "Рамонак". Яны слухалi музыку "АВВА" дый "Boney M". Яны любiлi пагаварыць пра Швецыю, Югаславiю, ЗША, пра Альбэра Камю, Сальвадора Далi, крыта-мiкенскую культуру, ангельскую мову, секс i абмежаванасць усяго савецкага. Яны вучылiся пiць каву без цукру i не напiвацца алкагольнымi напоямi. Не ва ўсiх тое атрымлiвалася, але я пра iншае, пра мужнасць.
        Разумею: мужнасць у паўп’яным асяродку – справа недарэчная, i адзiнае правiльнае азначэнне майго ўчынку будзе – суцэльнае глупства. І ўсё ж. Я абышоў стойку, за якой увiхалася восем барменак. Як я не люблю, калi вiно налiваюць жанчыны! Знаёмых мастакоў i хiпi не было. І я, узяўшы бутэльку белага сухога вiна, уладкаваўся на высокае крэсла. "Рыслiнг" быў кiслы. Я разглядаў дзявочыя клубы, якiя зманлiва пагойдвалiся пад мiнi-спаднiчкамi. І ўжо намерваўся завесцi гаворку з адной бялявай гаспадыняй крэпенькiх сцёгнаў, як побач са мною ўсеўся сiне-блiскучы афрыканец. Без уступаў i падрыхтовак, на благой расейскай мове ён пачаў прапаноўваць мне даляры, каб я знайшоў яму што-небудзь з цыцкамi на доўгiх нагах. Зразумела, былi ў "Рамонку" хлопцы з вусiкамi i залатымi ланцужкамi на шыi, якiя падшуквалi арабам i неграм асобiнаў жаночага полу, за што i атрымлiвалi добры заробак. Чаму афрыканец прыняў мяне за "ката", за сутэнёра? Можа, для яго ўсе белыя выглядалi на адзiн твар? Каб адразу не крыўдзiць юрлiвага чарнаскурага хлюста, я запытаўся, з якой ён краiны. Ён назваў нешта накшталт Камеруна, але з ягоным вымаўленнем можна было пачуць i Конга.
        Пасля напружаных дэбатаў я даведаўся: дзяржаўная мова ў ягонай краiне ангельская, сваю родную ён ведае, але пiсаць i гаварыць на ёй не збiраецца, як не збiраецца вяртацца ў Афрыку наогул, яго вабяць Штаты i Лондан. Вiно ў мяне скончылася, i разам з жаданнем выпiць яшчэ захацелася трупнуць па маленькай кучаравай галоўцы парожняй бутэлькай. Мяне да самых глыбiняў душы пакрыўдзiў касмапалiтызм англамоўнага афрыканца. Я перайшоў на беларускую мову i пачаў лаяцца на збянтэжанага негра бруднымi словамi. Лаяўся я даволi гучна, i да нас падышлi хлопцы з вусiкамi, яны хутка па-ангельску даведалiся пра юрлiвыя намеры негрытоса i звялi яго, а мне, каб заткнуў зяпу, купiлi бутэльку кiславатага "Рыслiнгу". І я заткнуўся. І пакрыўдзiўся на самога сябе. Як можна так апускацца? Як гнюсна выглядае мой патрыятызм сярод прасталытак, студэнтаў i "катоў". Самае лепшае ў гэтым здарэннi тое, што ў мяне знайшоўся яшчэ адзiн вораг, i гэта я сам – п’яны, нястрыманы, нахабны. Трэба сачыць за сабою. Банальна i нудна, але неабходна. Так, як трэба дарасказаць табе гiсторыю пра забойства ката ў сутарэннях.
        Калi жывёлiна перастала ўздрыгваць, я адпусцiў вяроўку, кот упаў на падлогу. Я схiлiўся над скамянелай жывёлiнай i пачаў абмацваць нерухомае цела. Не ведаю, як я адчуў, што кот жывы, нейкi iмпульс прабег па маiх пальцах, нешта накшталт ледзь чутных удараў току. Не памёр! Жыве! Прыкiдваецца! Радасць iмгненна ператварылася ў жорсткасць, у агрэсiю. Утаплю! Занясу на будоўлю, дзе ў катлаванах стаяць глыбокiя лужыны.
        Кот не супрацiўляўся, нiбыта скарыўся свайму лёсу, ён важкiм камяком ляжаў у мяне пад курткаю, пакуль я бег праз мiкрараён да будаўнiчых пляцовак. Сцямнела. Белаваты, падобны да тлушчу, лёд зацягнуў лужыны. Пакiдаючы за сабою чорныя сляды, я зайшоў у ваду па каленi. Акуратна, з пяшчотаю дастаў жывёлу з-пад курткi i апусцiў у сцюдзёную цёмную ваду. Кот уздрыгнуў, паспрабаваў выкруцiцца з рук, як выкручваецца тоўсты мянтуз, але я нагою прыцiснуў яго да дна. Можа, хвiлiну цягнулася барацьба. Заплюшчыўшы вочы, я чакаў, калi кацiнае цела перастане ўздрыгваць пад маiм ступаком. Нарэшце кот супакоiўся, я расплюшчыў вочы i, здаецца, убачыў, як лёгкiм клубочкам пары з густой вады ўзнялася душа. Яна паплыла над малочным iльдом, а потым растала ў шчыльнай сiнечы.
        Я выйшаў на бераг i азiрнуўся, па лёдзе расплывалася пякельная плямiна майго грэху. Я не плакаў, але i не з’явiлася пачуцця ўпэўненасцi, я не стаў мужным, я не стаў ваяром, мной авалодала пустата, таму i не было сiлы здзiвiцца, калi пабачыў, як усплыў кот, як ён выпаўз на лёд, як, хiстаючыся, нiбыта п’яны, пакульгаў на мяне. Ён прайшоў зусiм побач, i я мог яго схапiць, разадраць, знiшчыць. Але не варухнуўся.
        Не стаў я забойцам. Зразумеў: героем не можа быць забойца. Чалавецтва робiць жахлiвую памылку, калi ўзнагароджвае i шануе людзей, якiя забiраюць жыццё ў iншых. Я ўзненавiдзеў войска, я неўзлюбiў вайсковых навукоўцаў. Цi можна называць чалавекам iстоту, якая разразае горла сабаку, устаўляе туды трубку, а потым дае мяса па гадзiнах, а потым не дае мяса i назiрае, як з трубкi крапае слiна i страўнiкавы сок? Хто пракляне лагерных дактароў? Вядома, не людзi, якiя прыдумалi маральны кодэкс вучонага, паводле якога можна забiваць пацукоў, катоў, сабак, толькi не на вачах у iхнiх суродзiчаў. Няўжо сапраўды можна адразаць пацучыную галаву нажнiцамi?!
        Я вярнуўся дахаты i доўга стаяў пад душам, разглядаў ружовыя шнары на жываце. Можа, i лiлiся з маiх вачэй слёзы, але пад душам слёз не заўважыш, нават сваiх.
        Ты сама прасiла расказаць пра мужнасць, вось расказаў. Засталося скончыць.
        Ката я ўбачыў на наступны дзень. Вяртаўся са школы, а паперадзе iшлi дзве мае аднакласнiцы. Яны i заўважылi яго. Кот ляжаў пад вадасцёкавай трубою, абадраны, з ашчэранай пашчаю. Нехта завалок яго на дах i ўкiнуў у вадасцёкавую трубу. Кат, кiт, кут... Кот быў нежывы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.