РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Франьцішак Багушэвіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Смык беларускі
 
Прадмова
 
Смык
 
Удава
 
Гора
 
Песьня
 
Сватаны
 
Сватаная
 
Песьня
 
Песьня
 
Калыханка
 
Песьня
 
Хмаркі
 
Панская ласка
 
Ахвяра
 
Скацінная апека
 
Баляда
 
Жыдок
 
Ня ўсім адна сьмерць
 
Не цурайся
 
Панскае ігрышча. Юркі
 
Адказ Юрцы на «Панскае ігрышча»
 
Свая зямля
 
Сьвіньня і жалуды
Прадмова
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Смык
Ох, дайце ж мне смык,
Каб усюды граў!
Хоць бы сам я зьнік,
Абы голас даў;
Каб той голас чуць
Па усей зямлі,
Гдзе людзі жывуць,
Гдзе даўней жылі!
Выйшаў бы я ў гай, –
Чык-чырык дуба,
Аж ён граў бы, знай,
Як тая труба,
Што пазьве на суд
У астатні час
Увесь Божы люд...
Пазаве і нас.
Хвойку б пацягнуў,
Каб аж бор прылёг,
Увесь лес сагнуў
У барані рог;
I завыў бы ён,
Каб усё пачуў,
І наш енк і стон
У бары б лунуў!
Каб бярозку раз
Пацягнуў смыком,
Яна вечны б час
Раўла б з мужыком!
Каб аж зёлачкі
Заігралі бы,
Як шчыголачкі,
Засьпявалі бы!
Як смычком бы тым
Камень зачапіць,
Дык пайшоў бы дым...
«Камень не сьцярпіць!»
У жарству, пясок,
Каб рассыпаўся,
Каб даў галасок,
Аж захліпаўся!
Каб пачуў усяк
Ды каб літасьць меў:
Каб цьвёрды разьмяк,
Каб мяккі аж млеў!
Ох, каб мне той смык,
Каб на сэрцах граў, –
З радасьцяй бы зьнік,
Абы голас даў!..
 
 
 
 
Удава
Шуміць з горкі ручаёчак,
Брызгі раскідае, –
Плача ўдава серад ночак,
Вочкі выцірае.
 
        Ой, маркотная, ліхая
        Доля сірот-дзетак!
        Але горшая ўдавая,
        Як тых малалетак.
 
Ой, зазнаюць гора, ліха,
Прытыкі і зьдзекаў;
Будуць плакаць гэтак ціха,
Плакаць павек-векаў.
 
        Павек-векаў ручаёчак
        Брызгі раскідае, –
        Павек ўдоўка серад ночак
        Вочкі выцірае!
 
 
 
 
Гора
Каб мне голас добры мець,
Каб мне гора куды дзець,
Каб жа гора Бог ня даў, –
Я б вясёла засьпяваў:
      Ой, гора ж маё!
Склаў я гора у аклунак,
Склаў бяду сваю, фрасунак,
Кінуў ў рэчку аж да дна, –
Прыйшло гора, як штодня.
      Ой, гора ж маё!
Ўзяў я гора ды ў анучу,
Кінуў ў полымя-агонь,
Ніяк гора не замучу:
Гора горам, як штодзён.
      Ой, гора ж маё!
Ўзяў я гора – ды на вожжы,
Завёў ў лес, скруціў да пня,
Заўтра гора, як сьвет Божы,
Ўлезла ў хату, як штодня.
      Ой, гора ж маё!
Склаў я гора ды у дошкі,
Закапаў у велькі роў,
Адышоў ад ямы трошкі,
Аж у хаце гора зноў.
      Ой, гора ж маё!
Завярнуўшы у салому,
Гора ў лапаць палажыў,
Абуў лапаць, сышоў з дому:
Гора горам, – лапаць згніў.
      Ой, гора ж маё!
Склаў я гора у тарбіну,
Аж у Мэрыку адвёз, –
Думаў: тут або я згіну,
Або з гора будзе лёс.
      Ой, гора ж маё!
Дык і тут няма пакою:
З горам лёг і з горам ўстаў;
Мусіць, Бог яго з душою
Разам возьме, разам даў!
      Ой, гора ж маё!
 
 
 
 
Песьня
Аж сьмяялася сарока,
Як з'арала баба гоні;
Заяц спудзіўся ад вока,
Ад гарбы падохлі коні.
 
        Аж лісіцы забрахалі,
        Як мужык грачыху рваў,
        Воўкі полудзень забралі,
        Як ён першы сноп вязаў.
 
Баба люльку кура ў хаце,
А мужык пярэ кашулі,
Конь пасецца на лапаце,
А на вербе растуць дулі.
 
        Ой, на прыпечку ў балоце
        Лавіў рыбку гаспадар,
        А пры выгане на плоце
        Хаваў грошы аліндар.
 
Ой, нявестка цешчу любе,
А сын бацьку шанаваў,
На сабакі заяц трубе,
Вінны доўг сам аддаваў!
 
 
 
 
Сватаны
Ой, калючы ялавец, –
Ягадкі салодкі.
Ой, харошы ж маладзец,
Дык няма малодкі.
 
      Адгукніся ты на лес,
      Ці хто не пакліча;
      У свае парткі ня ўлез,
      Можа, хто пазыча.
 
Будзем сватаць, што такі,
Што няма у сьвеце:
Да работы без рукі,
А рад спаць у леце.
 
      Што ні возьме, зробе так,
      Што сьвет надзівіцца:
      Кіем косе, гарэць так,
      Што ў латах прасьпіцца.
 
Ой то хлопец! у карчме
Першы ён на лаве;
Першы зваду з тым пачне,
Хто яму ня ставе.
 
      У касьцёле на рок раз,
      I то серад ночы:
      Не прывыкшы, як у вас,
      Лезьці Богу ў вочы.
 
А харошы, дык які!..
Толькі што бяз носу:
Адкусілі нос ваўкі,
Дык ня мае лёсу.
 
      А багаты, дык на што:
      Пазычыў карончык,
      Як пазыча яшчэ сто,
      То будзе чырвончык.
 
А разумны ж, дык як той,
Што ляжыць у ломе,
Смокча лапу да сьвятой
На пячы у доме.
 
      Нуце, дзеўкі, да яго,
      Як мухі да мёду:
      Будзе муж хоць для каго
      З добрага заводу.
 
Ласа есьці, смагла піць
Ня будзе адказу,
А па шлюбе жонку біць
Дык зачне адразу.
 
 
 
 
Сватаная
Ото дзеўка, ото хват!
Што на ўсе тут вёскі:
Хоць павесь на добры лад,
Дык шкода бярозкі.
 
      Як вынесе хусты праць, –
      Вада усе змые,
      А як выйдзе ў поле жаць,
      Дык плача, аж вые.
 
Нажне жменю або дзьве –
Зусім абамлее,
Зажон рукі разадзьме,
I вецер падвее.
 
      А як поле! Чыста так,
      Што толькі на дзіва!
      Як угледзе гдзе бурак,
      То кажа – крапіва!
 
Не карову, а  быка
Усё даіць хоча,
А як няма малака,
Дык яна рагоча!
 
      «Няхай жа іх, – кажа, – воўк
      Гэтыя цялушкі!
      Я у вымя тоўк ды тоўк,
      Вымя, як падушкі.
 
Хоць бы каплю хоць далі,
А то – ані капкі;
Мусіць, ведзьмы заклялі!
Пабягу да бабкі...»
 
      Каб ёй есьці не варыць,
      Дык печы ня топе,
      А так будзе носам рыць,
      Есьці, што ухопе.
 
А як ставе гаршкі ў печ –
З носу цякуць саплі;
Як вымае гаршкі прэч,
Дык стравы ні каплі.
 
      А што прасьці, так прадзе –
      Бурчыць калаўротак.
      Бунцік лёну так зьвядзе,
      Што ня выйдзе мотак.
 
Адна талька у хамут
Ледзьве пераскоча,
А абрыўкаў цэлы жмут
За печ завалоча.
 
      Як паставе кросны ткаць,
      Дык аж на Якуба.
      А тут пара ужо жаць, –
      Вот наткала – люба!
 
А танцуе добра так,
Як цялё з гілёса.
Парвець чыста андарак
I лапці да боса.
 
      А пяець так, як сава
      Зайца выклікае:
      Аж трасецца галава –
      Так яна гукае!
 
Ходзе, як чорт у смале,
Хоць ты адвярніся:
У апратцы на пале
Чэрві завяліся.
 
      А багацтва поўны мех,
      Завязаны жычкай;
      Не сьмейцеся, то ня сьмех,
      Там дзіця з калыскай.
 
Нуце, хлопцы, я вам сват:
Яна маладая, –
Толькі цяпер посьля сьвят
Акрайкі скідае.
 
      А хто возьме – будзе рад
      I не параўнуе;
      Будзе дзела рабіць шмат,
      Усё дапільнуе.
 
 
 
 
Песьня
Чаго  бяжыш, мужычок?
      – Паганяе мароз.
Чаму ляжыш, мужычок?
      – Бо урадніка вёз.
Чаго ты п'еш, мужычок?
      – Бо і хлеба ня еў.
За што ты б'еш, мужычок?
      – Бо і сам тое меў.
Нашто ты краў, мужычок?
      – Бо свайго не пазнаў.
Чаму ты лгаў, мужычок?
      – Бо хтось праўду украў.
Чаму чорны, мужычок?
      – Бо у хаце курыць.
Не праворны, мужычок?
      – Бо усякі журыць.
Чаму цёмны, мужычок?
      – Бо пад цёмным сяджу.
Чаму бяздомны, мужычок?
      – Бо чужога гляджу.
Чаму хіцёр, мужычок?
      – Бо дурны, як варона.
Чаго умёр, мужычок?
      – Уцякаў ад «закона»!
 
 
 
 
Песьня
Гарцуй, танцуй, пане, –
Табе хлеба стане.
Скачы, круці жвава
Налева, направа!
Прадай, прадай ніўку –
Будзе на выпіўку;
Прадай, прадай злыдні –
Будзе на два тыдні;
Прадай жонку, дзеці –
Выстарча на трэці;
Прадай лес да дрэўка –
Будзе сьвежа дзеўка.
Прадай усё чыста –
Будзе срэбных трыста.
Прадай сваю славу,
Прадай і Варшаву,
Прадай і чэсьць дочкі
За віна паўбочкі.
Бо  п а н  б у д з е  п а н а м
Навекі – і аман!
Танцуй, гарцуй, пане,
Покі духу стане!
 
 
 
 
Калыханка
Люлі, сынок, люлі, люлі!
Усе курачкі паснулі,
Ой, паснулі і курчаткі
Пад скрыдэлкам сваей маткі;
А ты чаго ня сьпіш, сынку,
Як бы чуў ліху гадзінку?
Можа, будзеш калі панам
Ці вялікім капітанам,
А як матка прыйдзе ў госьці,
Ой, то будзе ёй радосьці...
Сядзе матка ў кут на лаве,
Сын хлеб-соль прад ёй паставе,
Ручкі, ножкі пацалуе,
Памілуе, пажалуе;
Пачастуе мядком сытным,
Блінком мякенькім падсітным,
Піражочкам і з начынкай,
Верашчачкай гарачынкай...
Люлі, сынок, люлі, люлі...
Бо ўжо курачкі паснулі.
Ой, то будзе рада матка,
Хоць і простая салдатка,
А ўсякі шапку здыме,
Як дазнаецца аб сыне.
Люлі, сынок, люлі, люлі...
Бо ўжо курачкі паснулі.
Можа, будзеш калі панам
Ці вялікім капітанам,
Людцоў Божых будзеш біці,
Цяжка будзе ў сьвеце жыці,
Будуць клясьці, як ліхога,
Прасіць сьмертанькі ад Бога.
Люлі, сынок, люлі, лголі...
Бо ўжо курачкі паснулі.
Тагды матка прыйдзе ў госьці,
Сын выкіне стары косьці,
Жабруючы, пойдзе ў вёску,
Будзе прасіць Матку Боску,
Каб забыцца ей аб сыне,
Каб ня ведаць, гдзе ён згіне.
Люлі, сынок, люлі, люлі...
Бо ўжо курачкі паснулі.
Ой, ня будзь ты лепей панам,
Ні вялікім капітанам,
Будзь, чым матанька радзіла,
Каб у госьці не хадзіла,
Каб век з табой векавала,
Гаравала, працавала...
Люлі, сынок, люлі, люлі.
Усе курачкі паснулі,
Ой, паснулі і курчаткі
Пад скрыдэлкам сваей маткі...
 
 
 
 
Песьня
Весяліся, рві з капыта,
Бо шанцуе балазе;
Як ня стане ў сьвірне жыта, –
Мельнік мукі падвязе!
 
      Пан заплаце за работу,
      А накорме ласа жыд:
      Танцуй сабе хоць да поту,
      Пій гарэлку на крадыт...
 
Каса скосе санажатку,
Шнур сама саха згарэ;
Танцуй сабе да упадку,
Танцуй, покі смык дзярэ!
 
      Барана ўсё завалоча,
      А пасее вецер сам;
      Няхай пекліцца хто хоча,
      А ты сьпявай: «тра-та-там...»
 
Ёсьць сякерка – будуць дровы,
Намалоце і сам цэп...
Выпій, выпій, будзь здаровы!..
«А б ы  г у б а  –  б у д з е  х л е б».
 
      Конь адбудзе і падводу,
      Напасецца дасыта,
      Ты ж сьвяткуй сваю свабоду,
      Сьпявай сабе «тра-та-та»!
 
Кінь журыцца, гаспадарыць,
Зямля родзе і бяз нас,
Лепей вальцу давай жарыць:
На работу будзе час!
 
      Пан заплаце за работу,
      А накорме ласа жыд, –
      Танцуй сабе хоць да поту,
      Пій гарэлку на крадыт!
 
 
 
 
Хмаркі
Хмаркі цёмныя, мае братанькі!
Вецер гоне вас без дарожанькі,
I нігдзе ж для вас няма хатанькі...
Адпачынеце аж у Божанькі!
 
        Гдзе радзіліся, гдзе ж вы, хмарачкі,
        Гдзе «т у т э й ш ы м і» называліся!
        Леціцё усё, так як ярачкі...
        Хоць бы трошкі гдзе затрымаліся!
 
Зямлі родненькай, знаць, няма у вас,
Ні вуголчыка, ні прытулачку.
А тут вецер дзьме горшы раз у раз,
Леціце жа вы без ратуначку!..
 
        Летучы, сьлязой зямлю росіце,
        Аж шумяць лісткі, зелянее лес;
        Уміраючы, жыцьцё носіце,
        Усяму жыцьцё, сабе толькі крэс!
 
 
 
 
Панская ласка
Густой пушчай, у марозе,
Ехаў багаты пан,
Аж разбойнік пры дарозе
Затрымаў рыдван;
Ўсё забраў з грашмі ў калеце,
Забраў ўсю прыладу,
Ў панскай сеў сабе карэце,
А пан бяжыць ззаду!
Мароз пале пану ногі,
Цела прабірае,
А тут шмат яшчэ дарогі,
А тут дух займае.
Пан разбойніка благае
Ратаваць ад сьмерці.
Л і т а с ь ц і в ы м  абзывае,
Абы не умерці.
І разбойнік зьлітаваўся:
Кажушок даў пану,
Пасталы, што абуваўся,
Выкінуў з рыдвану.
Са сьлязамі пан бандыце
Цалаваў у бруха,
Што ацаліў яму жыце
Кавалкам кажуха.
Абяцаўся і маліцца
За яго і дзетак,
Славіць добрасьць і дзівіцца,
Што ён зрабіў гэтак!
Ой, ня першы то бандыта
I пан не астатні,
Што дабро усё здабыта
Толькі крыўдай братняй.
А тагды ужо, для славы,
Кіне хоць аб'едкі,
Вот і стане пан ласкавы,
Літасьцівы, рэдкі!
 
 
 
 
Ахвяра
Маліся ж, бабулька, да Бога,
Каб я панам ніколі ня быў:
Не жадаў бы ніколі чужога,
Сваё дзела як трэба рабіў.
Каб празь меншым я носу ня драў,
А прад большым ня корчыў сьпіны,
Каб грэх свой прад сабой я пазнаў,
У другіх каб ня відзеў віны;
Чужых жон каб ня вёў да граху,
А сваю каб як трэба любіў,
Каб мне дзеці былі у слуху,
Каб я бацькам для іх век дажыў.
Каб людзей прызнаваў за братоў,
А багацтва сваё меў за іх,
Каб за край быў умёрці гатоў,
Каб ня прагнуў айчызны чужых.
Каб я Бога сваго не акпіў,
Каб ня здрадзіў за грошы свой люд,
Каб сваго я дабра не прапіў
І нізашто ня меў чужы труд.
Каб па двойчы мне грошы ня браць
За падданы кусочак ральлі.
Каб сваю мне зямельку араць
І умёрці на ёй хоць калі.
Дык прасі ж ты у Бога, малі,
Каб я панам ніколі ня быў!
 
 
 
 
Скацінная апека
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Баляда
У нашай вёсцы нябожчык Ануфры
Калісьці разумны быў і заможны;
Яго два кублы, жончыны куфры
Поўныя былі, – там скарб быў рожны:
Старыя спанцэркі, жупан гранатовы,
Палотны, сукны, шапкі, спадніцы...
Дзьве пары коні, а сьвіран новы
Ламаўся ад жыта, гароху, пшаніцы.
Быў працавіты Ануфры Скірдзель,
Жонка была і дзетак кучка.
Усе прымёрлі у восем нядзель,
Толькі застаўся Ануфры, як пучка.
Сядзіць і плачыць, запёршыся ў хаце,
Ноч на магілках родных праводзе;
У гаспадарцы ж – страта па страце:
Зараза на быдла, пажар і злодзей...
Скаціна пала, гумно згарэла,
Коні пакралі ў час рабочы,
А тут і плата на выкуп прысьпела,
Зборшчык, як дым той, лезе ў вочы.
Прадаў Ануфры усю худобу,
Выплаціў выкуп, падаткі і збор.
Звара, бывала, гаршчэчак бобу
I жывіцца так, абы не умёр.
Лета даждаўшы, даў Бог недарод:
Згнілі на полі збожжа і сены,
Бульба зьвялася, згінуў гарод, –
А на аплату няма перамены!
Зборшчык Скірдзеля зьвець на расплату,
Грозе ў работу наняць на чыгунку,
Прадаць і злыдні, прадаць і хату...
Бедны Ануфры! Няма ратунку!
Пазвалі ў воласьць, а тут старшына
П’яніцай лае, аж дзівяцца людзе.
«Зямлю трымае, – кажа, – скаціна,
А плату несьці, думаў, ня будзе?»
Ануфры з жалю расхлістаў грудзі,
Зьняў крыжык, скінуў шкаплеры.
«Глядзіце, – кажа, – добрыя людзі,
Вот скарб мой – знак маей веры, –
Хіба што д’яблу прадам сваю душу,
Каб грошы ён на падаткі мне даў,
Як тут ужо згінуў і там згінуць мушу,
Бо ужо чорту і душу прадаў!..»
Усе аж струхнулі. Бліснулі вочы,
I сьлёзы старому сыпнуліся цуркам.
Пайшоў на магілкі, дзе ходзе штоночы,
Там начаваў, як штораз, пад прыгоркам.
Назаўтра, узяўшы кошык старэнькі,
Пайшоў на ройста у пушчу
Зьбіраць сыраежкі, лісіцы, апенькі.
Забраўся ў заломы, у гушчу, –
Аж чорт з-пад асіны вылазе
I нясе капялюх з грашыма.
Зараз Ануфры прыпомніў на разе,
Што трэба плаціць, а тут грошы няма!
Чорт пакланіўся, апенькі забраў,
Ануфраму сыпле у кошык дукаты;
Высыпаў, сьвіснуў, полы задраў...
Ануфры з грашыма вярнуўся дахаты,
Зараз у воласьць усе недаімкі,
Усе падаткі якраз адлічыў,
Купіў валы і два перазімкі,
Наеўся смагла, лёг, адпачыў.
Як стаў гаспадарыць, дык родзе,
Што дзівіць усяк, паглядае...
А на магілкі кожны дзень ходзе
I на мшу даець, бядзе спагадае:
Пазыча, даруе, гдзе трэба – паможа,
Хто з стыду ня просе – асоча,
Уночы сам грошы паложа
I надта ня любе, як браць хто ня хоча.
      Чорт аж кіпіць, аж скрыгоча,
Што гэтак Ануфры жывець:
Ня толькі чорту служыць ня хоча –
Сьвянцонай вадой кожны раз абальець.
Чакае чорт сьмерці: у запечку сеў.
Ануфры чытае жывоты сьвятых...
Поснай заціркі на палудзень зьеў,
Перажагнаўся, задыхаў і сьціх!..
I чорт не пасьпеў аглянуцца,
Як дух той празь дзьверы шмыгнуў,
Сеў на касьцёле і грае на дудцы!
А чорт на касьцёл не сягнуў!
З таго часу і да гэтай пары,
Як палягуць людцы адпачыць, –
Усю ноч аж да раньняй зары
Чорт на чатах здалёку стырчыць
І чакае, ці дух той ня скоча.
А ў поўнач, у буру, так дзьмець,
Аж сьвішчыць, аж вые, гагоча,
Аж кавалкамі гонты парвець...
Тагды дух раскалыша званы,
Як толькі каторы дзылікне
(А пазвону баяцца ж  я н ы),
Так і вецер, і чорт разам зьнікне!
 
 
 
 
Жыдок
Сеў жыдок у нас у вёсцы,
Пры гасьцінцы, пры дарожцы.
Меў ярмулку, трэпкі, цыцэль,
Ў балахоне новы гіцэль,
Шэсьць дзяцей ад жонкі Рохлі,
Паўасьміны меў картохлі,
Дзесянцёру, столік, шафку,
Са дзьве чаркі і карафку,
Самаварчык і трыножкі,
Адну шклянку, цукру трошкі,
З двума днамі меў паўкварты...
То маёнтак быў, ці жарты?!
Гадкоў са тры пашынкарыў,
Бог яшчэ дзяцей прыдарыў,
Жыд прыдбаў кароў зь дзесятак,
Панастроіў хляўкоў, хатак,
Купіў коніка, павозку
I стаў панам на ўсю вёску.
У атласах, пры загарку,
Наняў сабе і кухарку.
А яна ў ядвабнай хустцы
Сядзіць толькі на падушцы!
Пярвей жыда звалі Бэрай,
I паршыўцам, і халерай;
Потым звалі ягамосьцем,
Жыд стаў першым ў хаце госьцем.
Пярвей ён даваў паклоны,
Потым кланяўся хрышчоны.
А цяпер, ідучы міма,
Ўсякі шапку яму здыме
I цалуе аж у рукі;
От якія выйшлі штукі!
Ён знаёмы з адвакатам,
Ён заплаціць там дукатам,
Гдзе нам сотня каштавала,
А на нашым жа ня стала.
Ён з суддзёю, ён з маршалкам,
Ён з пасрэднікам... як валкам
Круце імі, усё зробе
Табе добра й сам заробе;
У бядзе ён і пазыча,
А адробіш – ён заліча.
Добры жыд! Хоць грошы любе,
А згубіць зусім – ня згубе.
 
      Каб такі нам пан зыскаўся,
      То б сьвятым ён называўся.
 
 
 
 
Ня ўсім адна сьмерць
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Не цурайся
Не цурайся мяне, панічок,
Што далонь пакрываюць мазолі;
Мазоль – працавітых значок,
Не заразе цябе ён ніколі.
То мадаль за труды і за муку,
Не хвароба якая з заразы.
Не стыдайся падаць ты мне руку,
Бо на гэтай руцэ няма сказы!
Эй! сьмялей адкрывай галаву
На паклон мой табе да зямлі;
Я тваёй галавы не сарву,
І маей вы б, паны, не ўзялі.
Не ўцякай ад маёй ты сярмягі, –
Мне ня стыдна у ёй ані чуць,
Вот твой храк я ня меў бы адвагі,
Чортаў храк на сябе апрануць.
На кашулю глядзіш крывым вокам,
Што у хаце мне бабы пашылі,
Прапацела яна маім сокам,
Цэлы тыдзень яе не памылі...
А твая ж? як той сьнег, як папер,
I пацеў хто, і ткаў, і бяліў,
І хто шыў, і хто праў... а цялер
Ты той пот на сябе узваліў.
I кашулі той мне было б стыдна,
Што ня сам на яе гараваў,
Хоць бялейша яна – не завідна,
Не вазьму, каб ты мне дараваў!
      А кінь вокам на хату маю:
І цячэ, і гніе, і крывая,
Усярэдзіне гной і стаіць на гнаю,
I дзіўлюся я сам, як трывае?
Не дзівіся, панок, як жыву, –
Мне ніхто не памог будаваць.
Хоць лянівым у сьвеце слыву,
А магу сьвет карміць-гадаваць.
Ты ж пазнаў, што у ксёнжках стаіць,
А там розуму шмат ад вякоў,
I ўсё можаш па ксёнжках рабіць;
А гдзе ж ксёнжка для нас, мужыкоў?
Гдзе ж нам розуму толькі набраць? –
Знаем толькі загон ды саху
I жывём, каб касіць ды араць,
Ды жывём мы у Божым страху.
Каб умеў кіраваць я пяром, –
Я бы ксёнжку счыркаў, як папар,
I аб тым, як мы сеем, аром,
І як косім, і жнём Божы дар.
Можа б, ты прачытаў той грызмол
І да працы набраў бы ахвоты,
Шанаваў бы мужыцкі мазол,
Не цураўся б мужыцкай бядоты,
I падаў бы руку мне, сьляпому,
І давёў бы мяне да дарогі:
Не блудзіў бы і я серад лому
I калючак, што раняць мне ногі!
Ой, раняць і ногі, і сэрца,
У сэрцы нянавісьць, злосьць родзяць,
Дзяржаць у тваёй паняверцы,
Да здрады вядуць, ад праўды адводзяць!..
Даруй жа сьляпому, што ходзе ён крыва,
Даруй, што ня відзе, хоць плача.
Вобмацкам ходзяць сьляпыя – ня дзіва,
Відзючы ж у яму як скача?!
 
 
 
 
Панскае ігрышча
Юркі
Каб ты ведаў, брат кумішча,
Што учора відзеў я?
У паноў было ігрышча,
Ды якое, ай, ай, а!
 
        Вот ігрышча, дык ігрышча,
        Не такое, як у нас:
        У цымбалы б'ець жыдзішча,
        Як калом, дык вот якраз.
 
Два жыдкі у скрыпкі валяць,
Трэці парх у дудку дмець.
А у мейсцы як засмаляць, –
Аж цябе тут затрасець!
 
        Была яшчэ і скрыпішча,
        У абхват будзе якраз,
        У ёй бас, дык вот басішча!
        Як аборына у нас.
 
Музыканты як прыўдараць
Усе разам «казака»,
Дык у вочах цёмна станіць,
Аж забудзіш языка!
 
        Б'ецца сэрца, як цапамі,
        Дрыжаць ногі пад табой
        I у танец ідуць самі –
        Проста самі меж сабой.
 
А паноў? дык як на сходзе,
Калі член прыедзе сам.
Ўсе прыбраўшыся па модзе,
Але ж як? і куды ж нам!
 
        Панічы усе прыбраны,
        Усе ў куртках як адзін:
        Рукавічкі маляваны,
        Боты вострыя, як клін.
 
Акуляры ж кожны ж носе,
Вісяць тут пад барадой.
Іншы ушчаміў на носе,
Танцуючы з маладой.
 
        А кашулі – ляксаваны,
        Але ж белыя як сьнег!
        Зарукаўкі пазьвіваны
        І з гузамі, як гарэх!
 
А паненкі ж? твар як трэба,
Але ж вопраткі, хвігуры?..
Ну не ядуць, мусіць, хлеба,
Адны толькі канфітуры!
 
        Ні якога няма складу:
        Жыватоў у іх нямаш,
        Але стырчыць штосьці з заду –
        Толькі езьдзіць на кірмаш.
 
Ні то конская кульбака,
Ні то кашэль, ні жаўлак
Ці пузыр з-пад андарака...
Ну ня ведама ніяк.
 
        Адзін паніч нетутэйшы,
        Мусіць, зь месца ён, ці што,
        А усіх быў найстрайнейшы
        I прыгож сабе нішто.
 
Закрычыць, каб, мусіць, вальца
Ці якое жыд стаў граць,
А жыд стары міргельць мальцу,
А той давай ўсім міргаць.
 
        Глядзі, струны нацягаюць,
        Іншы ў дудку зачне дуць,
        Тагды разам як зайграюць,
        Як заваляць, як дадуць.
 
Калі панічы ускочаць,
Пагавораць меж сабой,
Да паненак штось балбочаць
I пайшлі так, як на бой!
 
        Тыц усталі і паненкі,
        Кожны бярэ, яку хоча,
        I, абняўшы за сукенкі,
        Сярод хаты павалоча...
 
I давай па двох круціцца,
Як «Мяцеліцу» у нас,
Аж у вачах мігаціцца,
Як дрыпочаць іншы раз.
 
        Посьле, пане, як заселі
        За сталом чыста ўсе,
        Дык пілі, пілі, а елі!
        Дык няхай іх пранясе!
 
Вот каб гэтак мы гулялі,
I так пілі, і так елі, –
Як бы цёнгле быў на балі
Ад нядзелі да нядзелі!
 
 
 
 
Адказ Юрцы на «Панскае ігрышча»
I дурны ж ты, як мядзьведзь,
Зьдзіваваўся, і чаго? –
      Жыд у дудку сваю дмець,
      А пан скача ля яго.
То ня дзіва, толькі стыд!
I нам ужо грае жыд.
Табе ж лыткі задрыжалі,
Як пачуў жыдоўскі смык;
Дзякуй, што скакаць ня звалі,
Дзякуй Богу, што мужык.
Шак панам усё ігрышча,
Бо няма чаго рабіць:
Жыд усё у дудку сьвішча,
А пан ножкамі драбіць!
А што вопраткі дзіўныя,
То ж панам і трэба так:
Жыд сабе палы прышые,
Дык для пана выйдзе храк.
Жыд у цёплай шапцы ходзе,
Пану ж даў свой капялюх;
Вот і выйшла што па модзе:
Пан у жыда мае слух.
А шклы тыя – для туману,
Празь іх глядзіш, як у дым,
Жыд умысьне даў іх пану,
Каб зрабіць яго сьляпым.
      А што ценкія паненкі,
А высокі у іх зад,
Ото ж розум у іх ценкі,
Дык і выйшаў такі склад.
      Сам ты відзеў: жыд міргае,
Б'ець цымбалы, цягне смык,
А пан пот свой пралівае,
Як на паншчызьне мужык!
      А што паны ядуць ласа
I што смагла могуць піць:
Ото соляць сваё мяса,
Бо ўжо сталі чыста гніць!
      То, брат, панскія задушкі:
Усё праелі, прапілі,
Цяпер жыдам ідуць ў служкі
I нас цягнуць, каб ішлі.
Ото ж дурню, не дзівуйся,
«Анёл паньскі» гавары,
Кажы: «Божа, Ты зьлітуйся!»
А жыдоў чорт пабяры!
 
 
 
 
Свая зямля
О, памагае зямля шмат
У кожнай хваробе свая!
Я ж не стары запасны салдат,
А гэта ведаю добра і я!
      Нашая вёска Сялявічы зьвецца.
Былі уніяты калісьці дзяды.
Добрая вёска: стаіць пры рэчцы,
I жывуць людцы у нас без бяды.
На дровы ня трудна, і выганы ёсьць,
Але за веру дык цярпелі ня мала:
Асэсар зганяе, зьдзірае і муча нас досьць,
А поп сабе такжа дзярэць з нас, бывала.
I як толькі, бывала, званар той зазвоне,
Дык тут, як зь зямлі, асэсар тыц!
I гвалтам з хат цягне, у цэркву гоне,
Проста у сьвяце ня можна і жыць,
Але ня доўга, народ прыхітрыўся:
Кожны ў нядзелю раненька ўстане,
Апрануўся, абуўся, памыўся
І марш у лясы, як паны на паўстаньне.
      А там у пушчы гдзе-кольвек зьбяруцца,
Чытаюць малітвы і плачуць шчэра;
Скончуць маліцца і разыдуцца,
Вот і ўся была тут іх вера.
Самі сябе хрысьцілі з вады,
Жаніліся так, што бяз шлюбу...
I многа, многа было з тым бяды,
I многа людзям што на згубу!
      Прыйшлася калейка мая у салдаты;
У воласьці ж нашай прымалі.
Ведама, плачуць усе з нашай хаты,
А і чужыя сьлязамі жагналі.
      Матка шкаплерык дала на дарогу,
Бліночкаў з цэду з сланінай,
Я памаліўся нашаму Богу
I еду ў набор той з старшынай.
А чуў, што ў чужой старане
Надта маркотна па роднай зямлі;
А сэрца млее, што возьмуць мяне!
Недарма старшына з салдатам прыйшлі.
Плачу я сьлёзна і думаю так:
Зямлі ж і з сабой мне можна узяць...
Узяў у кішэнь так грудку з кулак,
I палегчала зараз, як слова сказаць!
      Здалі ў салдаты: «Ступай прысягаць
На вернасьць!» – «Ой, не, – кажу, – пане,
Я каталік, гатоў памагаць
I людзям і цару, даю абяцаньне,
Але прад Богам сваім, у касьцеле,
Як Бог прыказаў, у сваей веры;
Бо Бог у мяне ў сэрцы тыкеле,
А вашаму Богу дык трэба паперы!»
Зьдзіваваліся ўсе: «Ці здурэў,
Ці ты, – кажуць, – такі з малога?
Так і царква табе то ня хлеў?..
Усе цара аднаго мы і Бога».
«Так, – кажу, – так, каталіцкая ж вера
Іншы ад рускай мае парадак;
Я прысягну вам і шчэра,
Але па-свойму і без дакладак».
      Тузалі доўга мяне і ганялі,
I поп навуку мне гаварыў,
А я дзяржуся болей ды далей
I сам замучыўсь і іх задурыў.
Такі ж запісалі, што я каталік
I прысягу даў у касьцеле!
Да службы якосьць прэндка прывык,
Гадкоў зь дзесятак служыў тыкеле.
      Але заслалі мяне за кару
За тысячу міль! Вун аж куды!
Ня быць і зь цялятамі там Макару,
Там не заходзяць навет жыды!
Там зімой дык і слонца няма,
А летам дык жыць не даюць камары;
Хоць бы клапаць зямлі – толькі пушча сама,
Ды балоты, ды ройсты, мшары...
А пошасьць як пойдзе на люд,
Дык мруць, як атруты ўзялі!
Умёр бы то, мусіць, я тут,
Каб ня жменька той роднай зямлі.
Як пачне разьбіраць і мяне,
Дык шчыпту яе у вадзе
Глытанеш, дык пот аж ліне
I хваробу рукой разьвядзе!
А другім што даваў, дык і не!
Не памог і ня шкодзіў нікому,
Бо зямля не па іх, а па мне.
Значы, трэба зямлі мець аж з дому.
Яна давяла і да дому мяне,
Бо і ей на чужой старане
Так ня хочацца быць, як і нам,
Дык таскуе, як мы, яна там!
 
 
 
 
Сьвіньня і жалуды
Сьвіньня, наеўшыся пад дубам жалудзей
Заснула смагла, пачасалася
I так, як іншы меж людзей,
Лычом карэньняў дакапалася.
 
        Рве карэньне, капае ямы...
        «Што робіш? – з дуба сокал кажа.
        Гэтак зглуміш і дуб самы,
        Як падкапаеш – ссохне, ляжа!»
 
«Дык што, няхай хоць згіне,
Абы мне жалудоў пад'есьці,
Іх надта любяць сьвіньне», –
Зарухкала сьвіньня урэшце.
 
        Дуб сокалу так гамане:
        «Сьвіньня сьвіньнёй і заўсягды;
        Яна ня відзе, што на мне
        Гадуюцца ей жалуды!»
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.