РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Багдановіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Хто мы такія?
 
Ліст да простых людзей
        – Хто вы такія? Што вы за народ?
        Так пытаюцца ў нас, простых людзей. Але мы і самі не ведаем.
        Вакол усе кажуць: я – паляк, я – літвін, я – жыд. А мы нават імя свайго народа забыліся. Вось і адмаўляем: я – праваслаўны, я – каталік. Але ж гэта названне нашай веры, а не нашага народа.
        Каталікі часам прабуюць звацца палякамі, бо вера ў іх тая ж. Але варт толькі пачуць польскую гаворку, каб пераканацца, што гэта не такі народ, як мы.
        Другія, а надта праваслаўныя, называюць сябе рускімі. Але калі глянуць на рускіх з-пад Масквы або з-пад Кіева, дык шмат у чым пабачым рожніцу між намі ды імі.
        Гэта таму, што рускіх народаў тры. Усе яны аднаго кораню, але шмат часу жылі паасобку, і так сталася з іх тры розных рускіх народы; у кожнага – сваё найменне, свая гаворка, свае звычаі, свае песні, свая вопратка.
        Адзін рускі народ жыве пад Масквою і далі; завецца ён велікарускім. Другі жыве пад Кіевам і завецца ўкраінскім.
        Мы – трэці народ рускага кораню, завёмся беларусамі, і старонка наша завецца Беларусь. Ёсць паміж нас праваслаўныя, ёсць і каталікі, але народ з нас адзін, бо ўва ўсіх адна гаворка, адны звычаі, адны песні, адна вопратка, адзін лад жыцця.
        Беларусы! Мы – вялікі народ, нас дванаццаць мільёнаў, шырока раскінуліся мы і спрадвеку жывём тут. Гэта наш край, наша старонка. Калісьці ў нас было сваё гасударства, скрозь чутно было нашу беларускую гаворку. У ёй пісалі законы, разбіралі справы па судах, вучылі ў школах, друкавалі кнігі, спраўлялі набажэнствы ў царквах ды касцёлах. I ўсе размаўлялі па-нашаму: і чыноўнікі, і папы, і паны над панамі, і вялікія князі, што правілі гасударствам.
        Праз соткі год жылі мы так, не даючыся нікому; але, урэшце, перамаглі нас палякі і запанавалі ў нашай беларускай старонцы. А калі знішчылі Польшчу, дасталіся мы Расіі.
        Жывём мы паміж палякаў і велікарусаў, народаў моцных, і маем шмат крыўды ад іх. Бо ёсць велікарусы, што намагаюцца, каб мы забыліся на ўсё сваё, беларускае, выракліся яго ды звярнуліся ў велікарусаў, гаварылі б і жылі па-іхняму. Ёсць і палякі, каторыя таксама хочуць змяніць нас на свой капыл, каб і мы сталіся палякамі.
        Агляніцеся: усё наша роднае, беларускае, марнуецца, нішчыцца, знікае, бо яго забіваюць, яго прыглушаюць, ім пагарджаюць, а чужое пануе, пышаецца, мае сабе пашану і павагу. I – хто ведае? – быць можа, пройдзе колькі часу, і не пазнаем мы ані нашага краю, ані нашых дзяцей. I будзе скрозь усё чужое, нязвычнае, а свайго роднага – нічога.
        Дык няхай жа не станецца так! Не пакінем свае гаворкі, сваіх песняў, сваіх звычаяў – свайго кроўнага, спрадвечнага, беларускага. Не адракомся, не забудзем, не кінем на глум; будзема шанаваць, бараніць, дзецям сваім аб тое запаведаць.
        Нялёгка нам вытрываць. Мы людзі цёмныя, людзі бедныя. Цяжкае наша жыццё, горкі наш хлеб, вялікую крыўду маем мы. Ёсць шляхі да лепшай долі, ды не бачым мы іх праз сваю цемнату. Але не ўсягды будзе так! Чытайма, браткі, кніжкі і газеты, пісаныя ў нашай беларускай гаворцы. Тады прыйдзе канец нашай цемнаце, праясняцца нашыя вочы, і кожны крок, што мы ступім па зямлі, будзе крокам да блізкага шчасця, да светлага жыцця.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.