РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Юры Несьцярэнка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ад джазу да блюзу
 
Тры гісторыі
        Артыкулы, што прапануюцца вашай увазе, уяўляюць сабой нататкі пра некаторыя выставы мастачкі Марыі Барысенка, якія адбыліся з 2011 да 2015 гг. Тэматычна гэтыя тры матэрыялы аб’ядноўваюцца з інтэрв’ю, якое было зроблена ў 2010 годзе пасля наведвання аўтарам першай персанальнай выставы спадарыні Марыі пад назвай “Jazz”. Храналагічна апошнім мерапрыемствам у гэтым шэрагу стала выстава пад назвай “Blues”. Такім чынам, ад “Джазу” да “Блюзу”адбываецца вандроўка ў часе і прасторы, упрыгожаная хітраспляценнямі нітак, на якіх выяўляюцца самыя розныя музычныя сюжэты.
        
        
Beatles Forever
        

        
        Першая персанальная выстава Марыі Барысенка пад назвай “Джаз” адбылася восенню 2010-га. Патрапіўшы на яе, быў уражаны надзвычайна. І вынікам ад першага знаёмства з творамі мастачкі з’явіўся той факт, што на адкрыццё наступнай персанальнай выставы я прыйшоў ужо сярод першых наведвальнікаў.
        Выстава называлася “Beatles Forever”. Хаця Марыя па сакрэце распавядала крыху раней, што паралельна рыхтуюцца творы і на тэму класікі року, і на тэму блюзу. Гэта значыць, што пры іншым творчым раскладзе выстава магла б мець назву, напрыклад, “Wish You Were Here” ці “My Baby Got The Train”.
        

        
        Уражанні ад выставы “бітлоўскай” былі зусім іншымі ў параўнанні з пачуццём пэўнага адкрыцця на “джазавай” экспазіцыі. Тут і нечаканасць у выкананні, і непрадказальнасць сюжэтаў, і ўскладнёнасць ліній і колеравых спалучэнняў. Да таго ж, працягнуліся эксперыменты са змешваннем розных ткацкіх тэхнік, электрычнай падсветкай. Усё на гэты раз успрымалася па іншаму – адразу было бачна, што аўтар твораў спрабуе выйсці на абсалютна новы мастацкі ўзровень.
        

        
        Назва мерапрыемства, зразумела, заўсёды акрэслівае кантынгент наведвальнікаў. Яна прыцягнула немалую колькасць аматараў музыкі 60-х – тых, каго можна было ўбачыць на мерапрыемствах “Beatles-Cafe”, на бітлоўскіх канцэртах-трыб’ютах, што раней ладзіліся дастаткова часта, таксама заўзятараў фестывалю “Beatles Forever”, які калісьці рэгулярна праходзіў у Лагойску, наведвальнікаў блюзавых мерапрыемстваў.
        Мастакі, мастацтвазнаўцы, супрацоўнікі музеяў і галерэй, выкладчыкі, -- словам -- тыя, хто займаецца выяўленчым мастацтвам прафесійна, як і заўсёды, праяўлялі належную цікаўнасць. Шмат для каго з наведвальнікаў выстава апынулася прыемным і незвычайным сюрпрызам.
        

        
        У межах адкрыцця выставы выдатны канцэрт адыграў гурт “Флэт”. Кавер-версіі песень “Бітлз” і разам з тым таленавіта напісаныя і па-майстэрску аранжаваныя аўтарскія творы гучалі ў іхнай праграме. Сучасны саўнд, бездакорнае выкананне – пра гэта, здаецца, ужо шмат хто гаварыў. Гурт не адзін раз прымаў удзел у айчынных і замежных Бітлз-фестывалях, прадстаўляў Беларусь на штогадовым фестывалі ў Ліверпулі, прысвечаным знакамітай на ўвесь свет чацвёрцы. Хто як не “Флэт” павінны былі з’явіцца на выставе Beatles Forever?
        

        Гурт “Флэт”
        
        Марыя Барысенка пазней спамінала: “Экспазіцыя, што была запланавана на восень 2011, рабілася на здзіўленне лёгка. Як задумвалася, так і складалася. Па ходзе мантажа з’яўляліся новыя ідэі, экспромтам узнікалі прапановы, якія апынуліся вельмі ўдалымі. Усе, хто павінен быў дапамагчы – не падвялі. Запомнілася выступленне Flat – яно вельмі ажывіла мерапрыемства…”
        

        Марыя Барысенка перад інсталяцыяй “Back in USSR”
        
        
Музыка габеленаў
        
        Калісьці я меркаваў, што адкрыўшы для сябе таямніцы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, буду спакойна назіраць за творчым працэсам тых ці іншых мастакоў: атрымліваць асалоду ад хітраспляценняў сюжэтаў, лянотна сачыць за зменай ракурсаў і няспешна разбірацца ў мітусні колераў.
        Але ж лёс распарадзіўся так, што ў хуткім часе -- ужо асабіста – я тэрмінова запакоўваў габелены, грузіў у машыну, браў адказнасць за перавозку каштоўнага груза. Праз некалькі гадзін выгружаў і развешваў эксклюзіўныя творы разам з дасведчанымі мастацтвазнаўцамі, захоўваючы прапорцыі і ствараючы асіметрыю новай экспазіцыі. На пэўны час я зрабіўся арганізатарам выставы. Яна называлася “Музыка габеленаў”.
        

        Адкрыццё выставы: у цэнтры -- мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн, справа Марыя Барысенка.
        
        Музей імя Бялыніцкага-Бірулі гасцінна прапанаваў дзве залі, і ў прызначаны час мястэчка Бялынічы набыло статус культурнага цэнтру Магілёўшчыны. Будзем спадзявацца, што гэта сапраўды было так – меркаваўшы па колькасці гасцей і ўвазе СМІ.
        

        

        

        Працоўны момант – тэлежурналіст Седа Каспарава і калегі.
        
        У праграме адкрыцця выставы былі цікавыя сюрпрызы. Напрыклад, майстар-клас ад Марыі Барысенка. Для ўсіх, хто пажадаў набыць першы досвед у ткацкім майстэрстве, мастачка цікава распавяла пра сакрэты сваёй працы. Асабліва былі ўражаныя маладыя дзяўчаты.
        

        Майстар-клас
        
        Яшчэ адзін прыемны момант мерапрыемства – выступленне гурта “Балцкі субстрат”. Максім Іўкін, лідар гэтага цікавага калектыва, здолеў спланаваць свой адпачынак менавіта на час правядзення выставы. Апошнім часам Максім працуе ў адным з маскоўскіх тэатраў, занятасць з гэтай нагоды вялікая, таму на радзіме музыка бывае не часта. Але гэта толькі стварае дадатковы стымул для працягу працы з уласным беларускім калектывам. У сваю праграму “Балцкі субстрат” уключыў як старыя песні,так і песні, якія яшчэ нідзе не выконваліся.
        Да “Балцкага субстрата” далучыліся музыкі “White Night Blues”, а напрыканцы адбыўся сапраўдны джэм – калі да вышэй азначаных музыкаў далучыліся госці з Мінска і Магілёва.
        

        “Балцкі субстрат”
        
        “Успаміны пра выставу ў Бялынічах вельмі цёплыя. Сама па сабе вандроўка, сустрэча з сябрамі, -- распавядае Марыя Барысенка. – Экспазіцыю рабілі ўласнымі рукамі. Добрыя ўражанні засталіся і ад самога адкрыцця, і ад сумеснай працы з работнікамі музея, і ад музычнай часткі. Ёсць пэўныя планы на працяг супрацоўніцтва...”
        
        
Blues (Вяртанне)
        

        
        І вось нарэшце мы зноў вяртаемся. Хто і куды? І што азначае вяртанне? Усё проста – у Марыі Барысенка наступная выстава – яна зноў праходзіць у галерэі “Універсітэт культуры”. На гэты раз яе назва -- Blues.
        На адкрыцці выставы, на думку спадарыні Марыі, павінна граць блюзавая група. Гэта было б лагічна. Гэтай групай становіцца White Night Blues. Можна зрабіць выгляд, што ўсё адбылося выпадкова. Але габелен “Блюз белай Ночы” ўсё выдае. Таму хавацца няма сэнсу. Маецца на ўвазе -- прыдумляць сабе псеўданім і рабіць выгляд, што ні да выставы, ні да гурта ніякага дачынення не маеш. Да таго ж, і не аўтар уласнага артыкула.
        
        -- Дык што такое вяртанне ўласна для Вас, Марыя?
        
        -- Персанальных выставаў доўгі час не было. Я пачала задумвацца – чаму так адбываецца? Зразумела, што вельмі шмат працавала, да таго ж, брала ўдзел у шматлікіх праектах іншых людзей. Выстава Blues была падрыхтавана ўжо больш як два гады таму, але абставіны складаліся так, што даты адкрыцця ўвесь час перасоўваліся. І вось, нарэшце – усё сышлося, каб вызначыць дату, якая ўжо не перанеслася ні пры якіх умовах. Гэта і апынулася для мяне своеасаблівым вяртаннем.
        
        -- І як пайшло?
        
        -- У адрозненне ад папярэдніх персанальных выставаў, падрыхтоўка ішла не лёгка. Шмат якіх арганізацыйных праблем узнікала па ходзе працы: тэхнічныя моманты, звязаныя з асвятленнем і праекцыяй відэашэрагу на вялікі экран, асаблівасці мантажа…
        
        -- Я хачу заўважыць, што дапамагаць у падрыхтоўцы выставы давялося людзям, якія калісьці ўпершыню пазнаёміліся з Вашымі творамі падчас прэзентацый “Jazz” і “Beatles Forever”.
        
        -- Тут, як у габелене – усё пераплятаецца: абставіны, лёсы, наяўнасць супадзенняў па часе і месцы. Карацей, вяртанне адбываецца на новым вітку спіралепадобнага руху – можна сказаць і так…
        
        
        
        Для гурта White Night Blues гэты кавалак часу можна назваць ад “Джаза” да “Блюзу”. З’язджаў з радзімы за трыдзевяць зямель барабаншчык Яўген Звераў (пражыў пяць гадоў за тысячы кіламетраў, у далёкім Кастанаі, граў у гурце “Эндарфін”). Калісьці развітваліся назаўсёды. Але прайшоў час, і вось, вяртанне -- першы выступ з удзелам Жэні падчас канцэрту на адкрыцці выставы.
        

        Яўген Звераў
        
        Таленавіты вучань Віця Зайцаў калісьці пачынаў з нуля засвойваць гітару, і вось, за гэты час атрымаў дыплом, які засведчыў яго вышэйшую музычную адукацыю. Таксама вяртанне – на новым этапе творчага развіцця -- у якасці басіста ў складзе White Night Blues.
        

        White Night Blues. Справа бас-гітарыст Віктар Зайцаў.
        
        З’яўленне культавага блюзавага музыканта, віртуознага харпера Арцёма Крычэўскага, безумоўна, можна лічыць вяртаннем. Пасля пэўнага часу, які быў праведзены ў Маскве, Арцём зноў пачаў выступаць у Менску.
        

        Арцём Крычэўскі
        

        На адкрыцці выставы выступае Грыгоры Фёдаравіч Шаура, прафесар, загадчык кафедры ДПМ Універсітэта культуры і мастацтваў. Далей , злева направа: Ларыса Давыдаўна Фінкельштэйн, мастацтвазнаўца, сябра Беларускага саюза мастакоў; Марыя Барысенка, выкладчык кафедры ДПМ БДУКМ, сябра Беларускага саюза мастакоў; Ала Іванаўна Непачэловіч, дацэнт, выкладчык кафедры ДПМ, сябра Беларускага саюза мастакоў.
        

        Блюз Белай Ночы
        

        Sittin’ On Top Of The World
        

        Aрт-аб’ект “Саксафон. Матэрыялізацыя музыкі”
        

        Злева ад экрана праца “Легенда Роберта Джонсана” (па матывах фільма “Crossroads”)
        

        “Блюз”
        

        

        Злева - арт-аб’ект “Гітара”, справа – праілюстраваная кампазіцыя Screamin’ Jay Howkins “I Put A Spell On You”
        

        
        “Так здарылася, што адкрыццё выставы выпадала на пятніцу, 13-га. Шмат хто з сяброў і знаёмых раілі мне перанесці мерапрымства на іншы дзень, -- усміхаецца Марыя. -- Але ж я ўбачыла нешта сімвалічнае ў той даце – усё ж такі асноўная тэма – Блюз! А калі ёсць блюзавы лад жыцця, то ўсё складаецца не зусім звычайна, з’яўляюцца іншыя ўмовы, якія якраз і характарызуюць гэты стыль – іранічнае стаўленне да агульнапрынятага, да традыцый, парушэнне правілаў, прага да творчай свабоды. І я пакінула ўсё, як ёсць…”
        
        Матэрыял падрыхтаваў Юры Несцярэнка.
        Глядзіце таксама інтэрв’ю: "Галерэя джаза"

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.