РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Быліна пра касьмічнае падарожжа Мураша-Бадзіні
Прыгнаў аднойчы вецер
Газэту, што згубілі
Ля пералеску дзеці,
Калі ў грыбы хадзілі.
 
Знайшоў яе пад елкай
Неспадзявана вожык.
Адна бяда: газэты
Сам прачытаць ня можа.
 
Паклікаў ён лісіцу
Зь мядзьведзем-дабрадзеем,
Ды і яны ня вельмі
У чытаньні разумеюць.
 
Зьвярнуліся да бусла,
Што гнездаваў на школе,
Які, чуваць, кумекаў
У грамаце найболей.
 
I той праклекатаў ім,
Што з Байканура скора
Ў ракеце касманаўты
Адправяцца да зораў
 
I вось па цёмнай пушчы,
Па пералесках хутка
Пайшла, загаманіла
Пра гэта дзіва чутка.
 
Шмат хто ў яе ня верыў,
Але было нямала
Той раці, што да зораў
Ляцець паспрабавала б.
 
Сярод яе – хто б думаў! –
Быў і Мураш-Бадзіня,
Які любіў залазіць
У неба па хваіне.
 
I з вышыні паднебнай
Глядзець на сонца, зоры
Ды марыць пра вандроўку
Ў захмарныя прасторы.
 
I хоць ніхто ня раіў
З дарадцаў мураўіных
Рызыкаваць дарэмна,
За сьвет ляціць Бадзіні –
 
Ён не паслухаў рады
I празь лясы, разлогі,
Узяўшы кій ды компас,
Падаўся без дарогі,
 
Блукаў – ішоў ён доўга
Па нэтрах невядомых,
Пакуль не апынуўся
Каля аэрадрома.
 
Ды тут ён схамянуўся:
– А як ляцець адгэтуль,
Калі няма ў Бадзіні
Ніякага білета?
 
Аж чуе, каля касы
Гавораць пасажыры:
– Лячу ў Арджанікідзе.
– А я –ў тайгу Сібіры...
 
– А я – да Байканура,
Там – мой сыночак мілы...
I тут ідэя раптам
Бадзіню асяніла:
 
А што, калі забрацца
У кошык да бабулі?
I вось ужо сядзіць ён,
Схаваўшыся пад дуляй,
 
Сярод гасьцінцаў розных,
Што везла маці сыну.
– Хаця б хто не заўважыў, –
Хвалюецца Бадзіня.
 
Але прайшла пасадка,
I адлягло на сэрцы.
I самалёт узьняўся,
Як легкакрылы вецер.
 
Хацеў зірнуць Бадзіня,
Ці карабель харошы,
Ды ўбачыў сьцюардэсу
I зноў схаваўся ў кошык.
 
А там і не заўважыў,
Як ахінула стома.
I ён заснуў нібыта
У роднай пушчы дома.
 
Ці доўга спаў, ці мала –
Таго і сам ня знае.
Прачнуўся толькі, помніць,
За новым небакраем,
 
Калі матораў змоўкла
Грымець грымуча рэха,
Калі да самалёта
Высокі трап пад’ехаў.
 
Гурмою пасажыры
Пайшлі ў вясёлым гуле,
За імі падалася
З гасьцінцамі бабуля
 
I трапіла адразу
Ў абдымкі свайго сына:
– Ну, як здарова, мама?
Ідзём хутчэй ў машыну!
 
– Вось бачыш, сынку, жыва,
Хаця і пастарэла...
– Як добра, што ты ў госьці
Нарэшце прыляцела...
 
Пакуль ішла гамонка,
Наш Муравей-Бадзіня
Пасьпеў прыхарашыцца
Прад тым, як кош пакіне.
 
Ён выйшаў і падаўся
Туды, дзе зьзяла сонца
I нейкі слуп вялізны
Гарэў на гарызонце.
 
Такое ўпершыню ён
Убачыў. Няўжо гэта,
Зьдзівіўшыся, падумаў,
Касьмічная ракета?
 
I ўпершыню страх нейкі
Ў сабе адчуў Бадзіня:
Малюсенькі які ён
Прад гэткаю махінай!
 
Мо’ лепш сядзеў бы дома,
А то аж неяк млосна
Ад думкі, што сабраўся
Ляцець у сьцюжны космас.
 
Але ж і адступаць як,
Калі ўсе ў родным краі
Пра гэта падарожжа
На кожнай сьцежцы знаюць.
 
Ды і карціць самому
Пабачыць дзівы сьвету...
Памалу абышоў ён
Касьмічную ракету,
 
Якую да палёту,
Знаць, людзі рыхтавалі
I правяралі ўважна
Ўсе часткі і дэталі.
 
Таму мо’ не зьвярнулі
I ўвагі на Бадзіню.
А той, па кранах, скрытна,
Дабраўся да кабіны.
 
Нырнуў у глыб ракеты,
Дзе між дратоў, утулак,
Дзівосных апаратаў
Знайшоў сабе прытулак.
 
Прылёг. Але ня сьпіцца
Яму ад хваляваньня.
Прыйшлі два касманаўты
Ў кабіну на сьвітаньні.
 
Праверылі прыборы.
– Гатова ўсё як трэба!..
I гул маланкагромны
Узьняў ракету ў неба.
 
I тут адчуў Бадзіня
Груз перагрузкі цяжкі,
А потым наступіла
Дзівосная бязважкасьць.
 
Каб не ўчапіўся добра
За нейкую там скрыню,
Напэўна, стаў бы плаваць
Ці лётаць па кабіне.
 
Празь нейкі час ён звыкся.
Гучалі тэлехвалі.
Ён чуў, як касманаўты
Зямлі рапартавалі,
 
Што ў іх усё ў парадку,
Да працы прыступілі,
Прывет касьмічна-зорны
Ўсім перадаць прасілі.
 
Калі ж іх сном глыбокім,
Стамлёных, агарнула,
Бадзіня асьцярожна
Пакінуў свой прытулак.
 
Знайшоў запасы ежы,
Падсілкаваўся, потым
Празь люк палюбаваўся
Нябёсаў пазалотай.
 
А ў тэлескоп як глянуў
Ён на зямлі прасторы,
Убачыў акіяны,
Даліны, рэкі, горы,
 
Знаёмыя мясьціны –
Баравіковы ельнік,
Сярод густой ажыны
Свой родны муравейнік.
 
Ад радасьці, зьдзіўленьня
Пра ўсё забыў Бадзіня.
– Глядзіце, як лячу я! –
Гукнуў ён у кабіне,
 
Нібыта яго голас
Мог даляцець да дому,
Да нарачанскіх нэтраў,
Да блізкіх і знаёмых.
 
Ён толькі касманаўтаў
Збудзіў, якія, дужа
Зьдзівіўшыся, спыталі:
– Адкуль ты ўзяўся, дружа?
 
Ды ты ўжо не хавайся.
Цяпер нас будзе трое.
Работу падшукаем
I для цябе, гэроя.
 
Пра тое, што ты з намі,
У рапарце адзначым.
На’т можаш інтэрв’ю даць
Па тэлеперадачы...
 
Цяпер, як паўнапраўны
Ўжо касманаўт, Бадзіня
Дасьледаваў з усімі
Падзорныя глыбіні.
 
Шырот паўночных зьзяньне,
Камэт агністых грывы,
Дзівосных, серабрыстых
Аблокаў пералівы.
 
Нагледзеўся ён столькі
У палёце дзіўным гэтым,
Што на’т сябрам ня змог бы
Ўсё расказаць за лета.
 
Таму, калі палёт іх
Праграмны завяршыўся,
I карабель касьмічны
Дзе трэба прызямліўся,
 
I касманаўтаў гучна
Віталі ўсе, – Бадзіня
Кабіну непрыкметна
Ў той мітусьні пакінуў.
 
Калі ж яго адсутнасьць
Заўважылі, далёка
Ужо ішоў ён стэпам
Квітнеючым, шырокім.
 
Ішоў і ехаў доўга
Ў дажджы і сухавеі...
Ды хто ўсю прыгадае
Бадзіні Адысею!
 
Адно,калі вярнуўся
У свой стажок жывічны,
Ўсе жыхары лясныя
Яго сустрэлі зычна,
 
Сустрэлі як гэроя.
I расказаў усім ён
Пра ўсе свае прыгоды
У падарожжы дзіўным.
 
I сёньня, калі часам
Заглыбіцеся ў нэтры,
Дзе векавыя хвоі
Шумяць пад весьнім ветрам,
 
Дзе Нарач хвалі сініць
I звон стаіць птушыны,
Пачуеце вы гэту
Пра мураша быліну.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.