РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Адпомсьцім
Да зброі, беларускі народ!
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Адпомсьцім
Ваякі-партызаны,
На Гітлера ў паход!
Раскрышым зброд паганы,
Нямецкі чорны зброд!
 
        На бой, на бой,
        На сьмертны бой
        Выходзьце дружна,
        Грамадой!
        Ямчэй удар!
        Цяжэй удар!
        Няхай ня стыне
        Помсты жар!
 
Адпомсьцім ліхадзеям
За сьлёзы, зьдзек, за кроў!
У вілы іх, як зьмея,
I голавы далоў!
 
        На бой, на бой,
        На сьмертны бой
        Выходзьце дружна,
        Грамадой!
        Ямчэй удар!
        Цяжэй удар!
        Няхай ня стыне
        Помсты жар!
 
Наш помсты вір імклівы,
Як гром гудзе ўначы.
Ачысьцім долы, нівы
Ад прагнай саранчы!
 
        На бой, на бой,
        На сьмертны бой
        Выходзьце дружна,
        Грамадой!
        Ямчэй удар!
        Цяжэй удар!
        Няхай ня стыне
        Помсты жар!
 
На чорным папялішчы,
Дзе поўз нямецкі гад,
Мы гада-немца зьнішчым,
I згіне Гітлер-кат!
 
        На бой, на бой,
        На сьмертны бой
        Выходзьце дружна,
        Грамадой!
        Ямчэй удар!
        Цяжэй удар!
        Няхай ня стыне
        Помсты жар!
 
Пад горкаю асінай
Прытуліць ката дол,
I зграі ўсёй зьвярынай
Загонім туга кол!
 
        На бой, на бой,
        На сьмертны бой
        Выходзьце дружна,
        Грамадой!
        Ямчэй удар!
        Цяжэй удар!
        Няхай ня стыне
        Помсты жар!
 
 
 
 
Душою і сэрцам мы з вамі, гэроі
Душою і сэрцам мы з вамі, гэроі,
        Сыны дарагія, наш цьвет!
Вы множыце славу савецкае зброі,
        3 надзеяй на вас глядзіць сьвет.
Драпежныя орды пад вашым ударам,
        Як скрышаны лёд, растаюць.
Рыхтуйце-ж магілы фашысцкім пачварам,
        Зьмятайце нямецкую муць.
Ад фінскіх узгор'яў, з Дуная і Прута
        Паўзе саранчою брыда,
I ўсё пажырае, зьнішчае ўсё люта
        Галодная зграя, арда.
Руіны, пажары іх значацца сьледам
        I ўсюды нявінная кроў,
Ня шкода дзяцей і жанчын людаедам,
        Ня шкода ім сёл, гарадоў.
Бандыт і грабежнік, зьвяруга шалёны,
        Фашысцкая чорная вош,
Дык што яму права, людскія законы, –
        Закон яго – доўбня і нож.
Такіх цемрашалаў ня знаў сьвет ніколі.
        Адпомсьцім-жа гаду за зьдзек.
I чэрап «арыйскі» на стоптаным полі
        Навек пахаваем, навек.
Душою і сэрцам мы з вамі, гэроі,
        Краса наша, гордасьць і цьвет.
Вы множыце славу чырвонае зброі,
        3 надзеяй на вас глядзіць сьвет.
 
 
 
 
Народу-барацьбіту
Няхай землю імгла аблягае,
I зьвісае над ёю туман, –
Іх разгоніць вясна маладая,
Вытча новы зямлі сарафан.
Няхай цёмная сіла сваволіць,
I злы намысел тоіць вар'ят, –
Не было і ня будзе ніколі,
Каб хадзіў ясны месяц назад.
Няхай вораг паганы лютуе
I навалаю чорнай плыве –
Ён магілу сабе сам рыхтуе
Пад асінаю ў дзікай траве.
Няхай доўгія ночы находзяць
I трывожныя веюць вятры –
Іх адолееш ты, мой народзе,
I табе зложаць гімн песьняры;
Дык рыхтуй-жа магутныя сілы –
Вораг люты штурмуе наш дом.
Ты абруш на яго прах магілы,
Разразіся над ім перуном!
 
 
 
 
У цяжкую часіну
Зямля мая, нябёсаў родных сінь,
Лугоў зялёныя пасьцелі!
Вы ўстаеце з-за смужных далячынь
Скрозь горы і пустэлі.
Празрыстасьць рэк, дубоў жывы шалаш,
Дарог нязьлічаных красёнцы!
Я бачу вас, я чую голас ваш,
Прываблівы, як сонца.
Мой мілы край, народ мой дарагі
3 душой адкрытаю і сэрцам!
Зноў дзеляць нас парогі-берагі...
Пракляцьце крывяжэрцам!
Смуга, імгла навісла над табой,
I п'еш ты зноў пакуты чашу:
Фашыст-шакал варожаю нагой
Стаптаў нам нівы, пашу,
Як пошасьць чорная, ўварваўся ён,
Прайшоў разбойніцкай ступою,
I ўсюды кроў, няволю і палон
Пакінуў за сабою.
Спаліў твае сялібы, гарады,
Набытак, дом разграбіў ён дарэшты.
Ня ведаў ты яшчэ такой бяды
3 тых пор, як тут жывеш ты.
Ня плач, зямля, народ мой, не тужы –
Ты полымем палючым запаліся!
За зьдзек, за кроў, за гвалт, за грабяжы
На Гітлера, на рыся!
Находзіць час, і меркнуць яго дні –
Пакоціцца ў бяздоньне гэта скула:
Ня вырвецца з сваёй-жа западні
Фашысцкая акула!
 
 
 
 
Фашысцкім бандытам
Запамятай цьвёрда,
Разбойнік з Бэрліна,
        Сусьветны грабежнік, бандыт:
Ты сам, твае орды
У савецкай краіне
        Жалезны свой зломяць капыт.
Няхай вар'яцее
Цямраная сіла,
        На далечы сьцеле туман, –
Фашысцкаму зьмею
Тут будзе магіла –
        Пад горкай асінай курган.
Зямля, мая маці,
Радзіма мая ты!
        Гарой пастаім за цябе.
Варожыя раці
Вампіраў заклятых
        Зьмяцём у сьвятой барацьбе.
Разгорнем шырока
Магутныя плечы
        I вышай падымем наш сьцяг,
Бо час недалёка
Рашучае сечы,
        I зрынецца вораг у прах.
Дык помні-ж ты цьвёрда,
Разбойнік з Бэрліна,
        Крывавае цьмы пасланец:
Ты сам, твае орды
У нашай айчыне
        Ганебны свой знойдуць канец!
Шчыльней-жа зьяднаем
Рады баявыя,
        На ворага рушым, як вір.
Лунаюць над краем
Сьцягі агнявыя –
        Вядзі нас на бой, правадыр!
 
 
 
 
На абарону
Грымяць гарматы ўдзень і ўночы,
Зямля палошчыцца ў агні.
Крывавы жах на сьвеце крочыць,
Паўстаўшы з чорнай глыбіні.
Драпежны зьвер аскаліў зубы,
А побач зь ім брыдзе шкілет.
Шукае Гітлер свае згубы,
I згіне наглы людаед.
Яму крыві пралітай мала –
Разбойнік прагне больш афяр.
Зьмяіным ядам вострыць джала
Сусьветны злодзей і махляр.
I ноччу зь ім плывуць пажары,
Як саранча, паўзуць пачвары
На пашы гоні, рубяжы,
Але ня доўга дзікім гунам
Чыніць крывавы свой разгул.
Я чую – робяць людзі труны,
Куюць ланцуг для калігул.
Мы не схіснуліся пад бурай,
Навалай дзікае арды.
Бандыт заплоціць сваёй скурай
За нашы сёлы, гарады.
Вышэй, ярчэй узьнімем молат,
Распалім горны гарачэй,
На абарону, мой люд-волат!
Удар па ворагу ямчэй!
 
 
 
 
Байцам-камсамольцам
Арлы маладыя,
Я вас пазнаю
Бясстрашных і мужных
У грозным баю.
        Пад вашым напорам
        Хістаецца даль,
        Пад вашым ударам
        Згінаецца сталь.
I крышуцца танкі ,
Фашысцкія ў соль,
I падае вораг,
Як горкі куколь:
Пілот-комсамолец,
Танкіст і стралок –
Нястрымная лава,
Вясеньні паток,
        Што орды тэўтонаў,
        Нямецкіх сабак
        Разьвее, расьсее,
        Раскрышыць на мак:
На сушу, на мора,
У высі нябёс
Ваш дух непахісны
Сьцяг славы узьнёс.
        Паднят ён высока,
        Як зоры Крэмля,
        I вас услаўляе
        Радзіма-зямля.
Арлы маладыя,
Юначая кроў,
I радасьць вы наша,
I наша любоў.
 
 
 
 
Родны шлях
Шлях старадаўні, вядомы ў народзе
        Лёг між прысады бяроз.
        Пасмы іх спушчаных кос
Зьвісьлі ў лісьцяным жывым хараводзе.
Роўныя тоны іх мірнай размовы
        Ціха над полем плылі,
        I заміралі ў далі
Песьні спрадвечнай знаёмыя словы.
Побач гасьцінца лясы, лугавіны,
        Мора зялёнае ніў,
        Срэбраных рэчак разьліў,
Лёгшых утульна пад зелені тынам.
Вёскі, мястэчкі абапал дарогі,
        Дбалы, гасьцінны народ,
        Сад, паплавец, агарод,
Гай у сінечы, узгоркаў разлогі.
Век плыў за векам, мяняліся часы,
        Шмат адбылося падзей,
        Сьвет расчыніўся шырэй,
Новыя сьцежкі пралеглі, як пасы.
Шлях-жа старэнькі зь бярозамі ў згодзе
        Так-жа, як здаўна, ляжыць,
        Краю гатовы служыць,
Тое-жа носіць і імя ў народзе.
Шлях ты мой родны, гасьцінец шырокі!
        Лучыш ты два рубяжы:
        Усход наш і захад чужы,
Лёг ты спрадвеку праз нашы валокі:
Дай ты мне вестку аб людзях і краю –
        Чым-жа народ наш жыве?
        Голас твой, чую, плыве,
Горы і долы, пустэлі мінае:
«Часы ліхія насталі ў краіне.
        Топча дарогі чужак,
        Нішчыць дабро ваўкалак, –
Чыніць расправы нямецкі зьвярынец.
Толькі-ж ня ведае вораг спакою,
        Грозна бушуюць бары,
        Чуюць пагібель зьвяры –
Сьмерць іх вартуе з-пад кожнае хвоі.
3ь Нёмана, Прыпяці, Сьвіслачы, Сожа
        Носіцца голас наўсьцяж:
        Быў ён і будзе край – наш,
Вораг закляты тут голаву зложыць.
Дружна паўсталі байцы-партызаны.
        Помста – іх думка адна –
        Зьнішчыць заразу да дна:
Ворагу месца пад дзікім бур'янамі
Вер мне, мой дружа! Няпрошаным госьцям
        Заўжды аднакі пачот –
        Выкінем нечысьць за плот,
Месца ёй хопіць на нашым пагосьце.
Чуеш, з усходу як громы грукочуць –
        Выкурым гада з нары!»
        Родны гасьцінец стары,
Хай-жа твой голас ды будзе прарочым!
 
 
 
 
Вясною
Вясеньняе неба, талолі
I сьвежае лісьце на іх.
А сэрца маё, як ніколі,
Імкнецца да гоняй сваіх.
Тут ціха, спакойна, утульна,
I песьціцца ў сонцы платан,
I лашчыцца вецер разгульны,
Шырокі, як Узбэкістан.
А ў роднай маёй Беларусі
Снуюцца нядоля, бяда,
Пакутуе люд наш у скрусе,
I хлеб яго – сок, лебяда.
Я знаю – вядзе там чужынец,
Нямецкая погань свой рэй,
А дзеці глядзяць на гасьцінец,
Чакаюць – прыходзьце хутчэй!
Ох, многа там гора, пакуты,
Ды ведай-жа, край родны мой:
Няхай буду бедны, разуты,
Абы мне быць толькі з табой;
Была-б толькі воля, пазбыць-бы
Драпежнікаў дзікай арды.
Эх, Нёман мой, Сьвіслач і Віцьба, –
Пазнаў-бы я радасьць тады!
Няхай-жа расступіцца поле,
Фашысцкую твань праглыне!.:
Вясеньняе неба, таполі...
Ой, сьнішся, край родны, ты мне.
 
 
 
 
Голас ветра
Зашумеў на лад суровы
Вецер вольны, сонца сын,
3 родных ніў, лясоў, дубровы
Шмат нясе ён мне навін.
А навіны невясёлы:
Паліць вораг нашы сёлы,
Топча нівы, сенажаці,
Няма літасьці дзіцяці,
Ні жанчыне, ні старому,
Забірае скарбы з дому.
Ненаедны, жорсткі, люты,
Чыніць зьдзекі і пакуты.
Нелюдзь, вырадак шалёны,
Кроўю піша цьмы законы
Для няволі, гора, згубы...
Зьвер нямецкі шчэрыць зубы.
Ды прыціх мой родны вецер,
Шэпча мне, зьмяніўшы тон:
«Ня сумуй, браток, – як сьмецьце,
Вольны люд зьмяце палон.
Не сагнуў ён сьпіны, шыі,
Зброю ў рукі ўзяў ізноў.
На д'арогі баявыя
Ён павёў сваіх сыноў.
Росіць вораг кроўю чорнай
Багуны і верасы,
I гамоняць непакорна
Беларускія лясы.
Не зламаць народнай сілы
Дзікім ордам у баю.
А я ім на іх магілах
Марш хаўтурны прапяю».
 
 
 
 
Сьмерць разбойнікам
Рассыплецца ў прах
Тая глыбіна сталі,
Што рушыў нямецкі
Разбойнік на нас.
Народы Расеі,
Як скалы, паўсталі,
Пагібелі Гітлера
Блізіцца час.
Нядоўга сваволіць
Расцугленай сьцерве –
Хрыбет яе гнецца,
I крышыцца зуб.
Паточаць у полі
Магільныя чэрві
Труп гітлераў,
Герынгаў, гебельсаў труп
Савецкае поле –
Вялікае поле,
I межаў няма ў ім,
Няма і граніц.
Над полем лунае
Шырокая воля,
Радзілася-ж воля
Ў агні бліскавіц.
За кожную пядзю
Зямлі нашай мілай,
Што кроўю паліта
Ад даўніх часін,
Паплаціцца вораг
Бясслаўнай магілай,
Дзе вырасьце толькі
Бур'ян і палын.
Я бачу – кастлявыя,
Сьмертныя рукі
Разьняты шырока,
Каб труп іх абняць.
Я чую выразна
Славянскія гукі,
А ў іх пераможныя
Маршы зьвіняць.
Фашысцкая гідра
Крывёю сьцякае,
I курчыцца ў болях
Прыдушаны зьмей.
На абарону! – зямля нам гукае.
Падвоім-жа сілы,
Ударым цяжэй!
 
 
 
 
На восі Рым – Бэрлін
Разьзявіў пасьць Гітлер шырока –
Ён хоча ўвесь сьвет праглынуць.
Хоць бачыць бандыцкае вока,
Ды воўчыя зубы ня ймуць.
        Надзея на «бліц-крыг» патухла –
        На ўсходзе зламаў ён капыт,
        Падбітае рыла апухла,
        I выйсьця шукае бандыт.
Ён кідае вока на дучэ:
– Бэніта, падкінь хоць мільён,
Ідзі на Расею – там куча
Чакае цябе макарон.
        У славе ваяцкага блеску
        Ты вернешся грозны у Рым.
        Ты прыклад бяры з Антанеску
        I прыкладам будзь ты другім.
Ты – шворан праслаўленай восі,
Хоць шворан пагнуты, крывы,
Але ў незадачлівым лёсе,
Бэніта, ня траць галавы!
        I рохнуў Бэніта, як чушка,
        На квінту спускаючы нос:
        – За морам цялушка палушка,
        Ды дораг яе перавоз.
Люблю макароны, кантаты,
I Цэзара лаўры я сьню.
Але італьянцы-салдаты,
Баюся – падложаць сьвіньню.
        Ня хочуць ісьці на Расею,
        Расея-ж... ты ведаеш сам:
        Ня трудна зламаць у ёй шыю
        Пакінуць штаны свае там.
Нахмурыўся «фюрэр» сурова –
Мяняюцца людзі і час,
I верціцца страшнае слова:
«Уграз я ў Расеі, уграз!»
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.