 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Страцім-лебедзь
|
Не анёл у трубу уструбіў – З хмары Бог старому Ною гаварыў: «Поўна з краем чаша гневу майго На людскія грахі ды бясчыннасьці. Вось надойдзе часіна суровая, Лінуць зь неба залівы бязьмерныя I абмыюць ад бруду смуроднага Ўсю зямлю яны, белы-вольны сьвет». Пачынаў тут Ной будаваць каўчэг З таго дзерава ліванскага. Ўшыркі гэтаму каўчэгу – сто лакцёў, А ўдаўжкі – болей тысячы. Ды узяў туды Ной і птах і зьвяроў, Каб ня зьвёўся іх род зь зямлі. Ды ня плыў к яму з мора сіняга Страцім-лебедзь – горды, моцны птах. Яго звычаі – арліныя, Яго ўцехі – сакаліныя; Пер’і-пер’ечкі бялеюцца Ды на золку агнявеюцца. У яго ў крыле – трыста тры пяра: Узмахне крылом – быццам бор шуміць, Узмахне другім – што мяцель гудзіць. Як учнуць дажджы, – пацякла вада, Разьлілася горш ад павадка. Затапіла ўсе лугі-лагі, Ўсе лугі-лагі, ўсе лясы-бары; Уздымаецца вышэй ад гор. Птахі ў небе стаяй лётаюць, Енчаць жаласна, ад нуды крычаць, Выглядаюць стуль прытулачку. А па ўсёй зямлі толькі хвалі б’юць, Толькі хвалі б’юць белай пенаю. Ды па іх дужы, сьмелы плавае Страцім-лебедзь – горды, моцны птах. Узмахне крылом – быццам бор шуміць, Узмахне другім – як мяцель гудзіць. I населі тут на лебедзя Птахі дробныя ўсёй стаяю. Лебедзь зь сілы выбіваецца, Птушкі ажна усьцяшаюцца. Дзень ён плавае, другі-трэці дзень, На чацьвёрты стаў прасіць-маліць: «Вы ўзьляціце хоць на час які, Выбіваюся з астатніх сіл. Дайце вы грудзям, гэй, вальней ўздыхнуць! Дайце вы крылам, гэй, шырэй ўзмахнуць!» Не паслухалі птахі лебедзя. Пацямнела у яго ў вачах, Крыльлі ўрэшце надламаліся, Галава ў ваду апусьцілася. I пайшоў на дно мора сіняга Страцім-лебедзь – моцны, горды птах. Ад усіх цяпер патомкі ёсьць, Ды няма адных – Страцімавых.
|
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2022. Беларусь, Менск.
|
|
|