РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Водгукі
Водгукi на твор «Сын Буры» (аўтар: Ян Баршчэўскі )
Цімур
 
11.01.2018 21:30 па г. Менску  
 
 
Узыходзіла, прабіваючыся праз імглу, сонца. Моцны мароз замаляваў узорамі шыбы. Бярозавыя дровы гарэлі ў печы. Завальня і сляпы Францішак сядзелі ля агню, размаўляючы пра знаёмых суседзяў, пра багатых і бедных, пра жабракоў, што блукаюць па свеце, пра шчаслівае жыццё, аб прадказаннях і дзівах незразумелых.
– Зімою, – сказаў Завальня, – заязджаюць да мяне людзі, і толькі ў гэтую пару маю выпадак, каб мне хто-небудзь расказаў, што дзеецца на свеце, а ўвесну і ўлетку жыву як самотнік. Бачу вакол ваду і цёмныя лясы, рог паляўнічага і стрэлы часам толькі даносяць вестку пра блізкіх гасцей. 3 лясоў выходзяць сюды на адпачынак з гуртамі лоўчых панічы гэтых краёў, але ад іх не пачуеш такога, што магло б заняць думку. Іх размовы толькі пра сабак і коней.
– Я амаль усё сваё жыццё быў вандроўнікам, сустракаў людзей з рознымі думкамі і душамі. Будучы сляпым, не бачу іхніх твараў і постацяў. У маім уяўленні яны паўстаюць у выглядзе нейкіх страшных і дзіўных духаў. Размовы іх, смуючыся ў маёй галаве, нагадваюць, як рознымі дарогамі ў жыццёвым віры ўсемагутнасць Божая вядзе нас да вечнасці, дзе мы чакаем адпачынку, уцехі і ўзнагароды.
– Размовы людзей, якія пакутуюць, кранаюць сэрца і надоўга застаюцца ў памяці. I як сумна слухаць показкі тых паноў, якія, жывучы заўсёды сярод вясёлых забаваў, хочуць паказаць свой розум і іншых пацешыць!
– Я сустракаў некалі ў вандроўках пілігрыма – не ведаю, хто ён быў і адкуль, – які называў сябе Сынам Буры. Ад яго я даведаўся, што ў жыцці паспытаў ён гора на ўсю поўніцу. Не выгнанне хвалявала і не давала спакою ягоным думкам, а іншае разуменне шчасця.
– Ці расказваў ён пра сваё жыццё? Дзіўны нейкі чалавек! Называў сябе Сынам Буры.
– Ён гаварыў са мною некалькі гадзін.
– Мусіць, цікавая была размова?
– Раскажу, як было. У дарозе напаткала мяне бура, лінуў дождж, падзьмуў моцны вецер. Мой павадыр, не бачачы нідзе блізка ані карчмы, ані вёскі, пагнаў каня да густога лесу, каб, прынамсі, схавацца ад залевы пад дрэвамі. Шумелі вакол лес і дождж з градам. Стрэлы перуноў наводзілі трывогу. Я, накрыўшы галаву плашчом, шатамі густое яліны тварыў малітвы.
– Нехта стаіць недалёка ад нас, – сказаў мой спадарожнік. – Вандруе ён пеша, у бурцы, на плячах уздзеты на кій хатулёк, пазірае ў неба. Здаецца, грымоты і маланкі не палохаюць яго, а забаўляюць. Твар апалены сонцам і бледны, нібыта змучаны доўгім падарожжам.
– Можа, які чужаземец вандруе праз Беларусь далей на поўнач.
– З буркі льецца вада. Ён, здаецца, на гэта не зважае. Па дарозе ідзе ціхай ступою да нас.
– Пэўна, гэта ў яго не першая бура, – сказаў я. – Прызвычаіўся да нягодаў.
– Не першая для мяне гэтая бура, – кажа пілігрым, пачуўшы мае словы. – Прызвычаіўся да нягодаў. I яшчэ болей скажу: люблю слухаць шум ветру, люблю глядзець на хвалі чорных хмараў і на пажары перуноў.
Падышоў да мяне і кажа:
– Я бачыў справа ад гэтых лясоў, на гары мураваны палац. Ці не ведаеш, чый ён?
– Я не тутэйшы жыхар, а да таго ж – сляпы. Усё схаванае ад мяне.
– Сляпы! Жывеш на свеце, не бачачы яго. Журботнае такое жыццё!
– Што ж рабіць! Бог паслаў гэтае няшчасце. Трэба трываць.
– А ці ўмееш трываць? О! Тады ты шчаслівы. Я такім быць не магу, хоць вандрую па ўсім свеце адзін, без павадыра.
– I што ж пагнала цябе ў далёкае падарожжа?
– Так мне наканавана. О! Калі б ты меў вочы, сляды пакут на маім твары шмат сказалі б табе пра маё жыццё.
– З якіх ты краёў і як завуць цябе?
– З далёкіх краёў. А імя маё – Сын Буры.
– Дзіўнае імя.
– Няма тут нічога дзіўнага. У багатым палацы, абкружаным мноставам лёкаяў і лісліўцаў, жыве Сын Шчасця. Ён ясны і халодны, як кавалак золата, з пагардаю пазірае на сваіх падданых, якія мусяць, як пчолы, дзеля яго выгоды і ўцехі збіраць па лугах мёд. У хаце, пад саламянай страхою, жыве Сын Цярпення. Гэты ўсім сэрцам прывязаўся да таго кутка зямлі, які корміць яго і апранае. Я – Сын бацькоў, гнаных Бураю і Неспакоем. Мой бацька не разарваў жалезных кайданаў, якія колькі год упіваліся ў яго рукі і ногі. Несканчоныя слёзы і нараканні маці мае, калі быў яшчэ ў яе ўлонні, паўплывалі на ўсю маю натуру. Я нарадзіўся з адзнакаю няшчасця на чале.
– Ты падобны на тую Плачку, – сказаў я, – пра якую чуў, што нядаўна з'яўлялася ў розных мясцінах, заломваючы рукі і заліваючыся слязьмі.
– Чуў ты, але не бачыў яе, бо не маеш вачэй.
– I тыя, хто яе бачылі, не зразумелі і цяпер не ведаюць, хто яна і адкуль.
– Не зразумелі, – сказаў ён, – бо ніхто пра яе не думаў. Ах! Як хутка прамінуў той час, калі я ведаў толькі палі і гаі, якія аружалі ўбогі дамок бацькоў маіх. Любіў самотна блукаць па гарах і лясах, кожнае дрэўца і красачка жывілі мае мары. О цудоўная багіня! Ты спаткала мяне ў той час у сукенцы вясёлкавых барваў і з кветкамі на галаве, з высокіх гор паказала ты мне далёкі свет, над якім пад аблокамі луналі арлы. 3 таго часу гэты цуд заняў усе мае думкі і жаданні. Вырашыў я высока, далёка ляцець і пабачыць, што дзеецца на свеце. Але ты знікла, і я блукаю па волі буры!
– I хто ж была тая багіня, пра якую ты ўзгадаў цяпер?
– Тая самая, якую называеш Плачкаю.
– Дык ты яе ведаеш?
– Я наведаў далёкія краіны, сярод чужога народа яе тужлівы голас заўсёды гучаў у маіх вушах. Пераплываў моры, – шумныя хвалі не маглі заглушыць яе журботнага спеву. Усюды яна была маёй адзінаю марай.
Вось ужо вецер разагнаў аблокі. Бывайце! Да захаду сонца я буду далёка.
Ён пайшоў. Але яго дзіўнае імя і сумнае апавяданне так запалі ў мае думкі, што колькі начэй, уяўляючы дзіўны характар гэтага чалавека, не мог я заснуць.
– I ніколі яго больш не сустракаў?
– I не чуў нават, каб хто-небудзь успамінаў пра яго.
– Нешчаслівае стварэнне! Будзе туляцца па ўсім свеце і ўсюды пакутаваць.
Чаму ж ён не прыйдзе да Бога: заступніцтва Божае ўваскрашае надзеі. Госпад супакоіў бы ягоны смутак.
 
 
 
 
 
 
ПАКІНУЦЬ ВОДГУК
 
Імя:
Тэкст паведамленьня:
2009–2019. Беларусь, Менск.