РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Водгукі
Водгукi на твор «Прыгоды мышкі Пік-Пік» (аўтар: Людміла Рублеўская )
Нап
 
01.04.2018 18:39 па г. Менску  
 
 
Аднойчы, калі ўсе ў кватэры паснулі, пабегла мышка Пік-­Пік на кухню чым­небудзь падсілкавацца. Ну гаспадары, ну галота! Ні цукерачак, ні торцікаў, ні печыва не пакінулі на стале для беднай мышкі! Толькі... два пернічкі, палова шакаладкі, жменька разынак, чатыры арэшкі, адзін яблычак... Хіба гэта можа выратаваць ад галоднай смерці? Ды яшчэ ёсць вялікі гаршчок на пліце... Пахне з­пад накрыўкі, праўда, смачна. Здаецца, грэчневай кашай з малаком. Ну, не з голаду ж паміраць... І мышка ўскараскалася на пліту, адкінула накрыўку і скокнула ўніз. Каша сапраўды аказалася смачная. І мышка выела ўсё да донца. А вылезці – як? Гэта спецыяльна, мусіць, робяць такія вялікія гаршкі – каб сумленных мышак лавіць. Вакол – чыгунныя гладкія сценкі... Цёмна... Страшна зрабілася Пік-­Пік, і яна закрычала:
– Ратуйце!
Мышчын голас гучаў з пустога гаршка так гучна і страшна, што ўсе прачнуліся – Мама, Тата, Веранічка, Пепіта.
– Што гэта? Хто крычыць? – пыталіся яны адно ў аднаго, а мышка ўсё благала:
– Лю-у­дзі! Сю-у­ды!
Людзі і котка згрувасціліся перад дзвярыма на кухню.
– Там іншапланецяне, – упэўнена прашаптаў Тата. – Я даўно заўважыў, што яны нам знакі пакідаюць – на вазонах кветкі ламаюць.
– Не, там Баба Юга! – сказала Веранічка. Нікога страшнейшага яна пакуль не ведала.
– А мне здаецца, гэта рабаўнік. Ён лез да нас праз фортку і зашчаміўся. Па тэлевізары нядаўна пра такое распавядалі, – запярэчыла Мама.
– Глупства! Я здагадваюся, хто гэта, – прамуркатала Пепіта і слізганула на кухню.
Пепіта адразу зразумела, адкуль страшны голас. Яна скочыла на пліту, зірнула ў гаршчок.
– Так я і думала! Прывітанне, шкодніца! Ну добра, зараз дапамагу...
Пепіта паспрабавала дастаць Пік-­Пік, але, на жаль, толькі папхнула гаршчок, і той са страшэнным грукатам упаў на падлогу, пакаціўся...
Па той бок дзвярэй кухні пачуліся крыкі.
– Як ты мог адпусціць туды бедную Пепіту? – дакарала Тату угневаная Мама. – Ты ж мужчына! Ратуй нас!
Тата сціснуў сківіцы, пабег у калідор, узяў малаток і – на кухню... У цемры спатыкнуўся аб гаршчок і з усяе сілы стукнуў па ім малатком. Бедная аглушаная Пік-­Пік выскачыла са сваёй чыгуннай турмы і плітанула ў норку. Стала ціха. Мама асцярожна зайшла на кухню і запаліла святло.
– Што... што тут рабілася?
– Ды так, – сціпла сказаў Тата. – Былі рабаўнікі, толькі нейкія слабыя. Стукнуў аднаго малатком, дык і збеглі.
Мама застагнала, паклала таблетку пад язык і пакіравалася ў ложак. А на кухню насмелілася зайсці Веранічка.
– Тата, прызнайся, што тут было насамрэч?
– Ды так, – сціпла сказаў Тата. – Баба Юга швэндалася. Стукнуў яе малатком па касцяной назе, яна і ўцякла.
Веранічка з захапленнем паглядзела на Тату і пайшла спаць. А Пепіта, якая сядзела ўвесь гэты час на пліце, фыркнула і шматзначна прамовіла:
– Ну, я дык ведаю, што было на самай справе...
– Так, табе я магу сказаць праўду, – прашаптаў Тата. – Гэта былі іншапланецяне. Каб не стукнуў я малатком па іх лётаючай талерцы, невядома, чым бы гэта скончылася...
Пепіта аж мову страціла ад здзіўлення. Тата паклаў малаток на месца і таксама пайшоў спаць.
А Пік-­Пік мармытала абурана ў сваёй норцы:
– Гэта неадменна штукарствы амерыканскага гангстэра Мікі Маўса... Вось помслівы які... Не хоча змірыцца, што я яго разлюбіла.

Мышка Пік-Пік рамантуе тэлевізар <>
 
 
 
 
 
 
Ольга
 
26.09.2018 08:52 па г. Менску  
 
 
Дзякуй за тукую цудоўную кніжку! З вялікім задавальненнем чыталі вечарамі з дзецьмі. Смех, радосць і жаданне пачытаць:"Ну яшчэ , сааамую апошнюю главу"" былі заўсёды))
На жаль, не можам знайсці яе у краме каб набыць у прыватную калекцыю любімых казак.
 
 
 
 
 
 
2009–2019. Беларусь, Менск.