РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Маладая Беларусь
Гэй ты, гэй, Беларусь, маладая старонка,
Што гібела сталецьці ў бяспуцьці, ў пацёмках, –
Гэй, скажы, скуль цяперашня слава твая?
Гэй ты, гэй, Беларусь маладая мая!
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Не зь вясёласьці яснай, ня зь ясных палацаў,
А з канаючай крыўды ў пахіленай хатцы,
Вызываная праўдай, таптанай, жывой,
Я ўзышла, расьцьвіла непагаслай зарой.
 
Дарма хэўры чужынцаў мяне застаўляюць
Пакланяціся ім, прадаюць і купляюць
І апекай сваёй зьневажаюць мяне, -
З сваім людам ня дамся ў сваёй старане.
 
Ні насьмешак, ні постраху ворагаў сільных,
Не пужаюся й песень панурых, магільных, –
Сьвету цэламу лжывыя вочы пратру,
Што ўладарка я тут, не ўмярла і ня ўмру.
 
Гартавана сьлязьмі і крывёю народа,
Разаб’юцца цяпер аба мне ўсе нягоды,
І дзе ўпадак быў мой, стане думна сын мой,
Повен волі і славы нязломнай ступой.
 
Я сьвятла іскры ў думках бяздольных засею,
Аднаўлю сэрцы іхныя гартам, надзеяй,
Пакажу ім жыцьця іх праўдзіву зару,
Па развалінах нову ўсябытнасьць ствару.
 
I ад краю да краю ўсё далей і далей
Моц мая разальецца нязможанай хваляй,
Песьняры аба мне будуць песьні складаць,
Народ будзе іх пець і мяне праслаўляць.
 
Грамадзянская згода, супольнасьць загосьце,
Аж усьцешацца прадзедаў цені і косьці,
Слоў унука ня зглушыць ніякі прымус,
Што ён роднай зямлі верны сын, беларус.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Гэй ты, гэй, Беларусь, маладая старонка!
Уставай жа, ўставай з паніжэньня, з пацёмкаў,
Хай жа будзе нязможана ўлада твая!
Гэй ты, гэй, Беларусь маладая мая!
 
1909
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.