РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міхась Кавыль
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Першая рана
1
 
Слуцак. Станцыя. Цягнік.
На пэроне людзі.
Моўкнасьць гораду і ніў
крык гудка ўспудзіў.
 
Кажушок на галаву
ад ліхтарні вока.
У мора чорнае плыву
ад зямлі далёка.
 
- Гу-гу-гу!.. Бягу‚ бягу!..
Рэхча кабыліца.
Разагнуў цягнік дугу
з крыкам у стаіцы.
 
2
 
Іду па ходніках. Бяжыць
дзяўчына. Пахне цьветам.
- Прабач‚ скажы: агульнажытак
тэхнікуму дзе тут?
 
- Вунь там‚ Эльвод... Налева дом...
І вочы апусьціла.
- А лепш цябе я давяду.
І давяла і міла
 
на ростань ціха па плячу
рукою‚ як хусьцінкай.
Агеньчык бліснуў у ваччу
блакітнай павуцінкай.
 
3
 
На заняткі хадзіў штодня.
Прагуляць - найвялікшы грэх.
Не сабакаў прыехаў ганяць‚
падымаць сябе на сьмех.
 
Выскалякі ўсюды ёсьць.
Асьмяюць‚ не заўважыш як.
Не жаданы ты станеш госьць‚
брату роднаму не сваяк.
 
І насьценнай газэце - гэрой.
І на чорную дошку - красуй.
І студэнты‚ пчаліны рой‚
не схаваюць пагарду‚ сум.
 
4
 
У Нямігу глянуць зоры‚
усьміхнуцца сьцісла‚
і лятуць‚ лятуць праз горад
паглядзецца ў Сьвіслач.
 
Паглядзецца‚ вокам сінім
навакола кінуць
і заўважыць пад вярбінай
хлопца і дзяўчыну.
 
Каб ня бачыць іх правінаў‚
стрымгалоў у воду.
А я йду шчасьлівы зь Нінай
у домік ля Эльводу.
 
5
 
За прыгожай‚ маладою
злыя сочаць вочы.
Шчасьце спарана зь бядою‚
неразлучна крочаць.
 
Сьлёзы смачныя ад сьмеху‚
горкія ад гора.
Раз ішла мая ўцеха
не зы мной за горад.
 
Хай пярун бы мяне ўдарыў‚
галаву расквасіў:
вёў пад руку маю мару
камсамолец Вася...
 
6
 
Перакрэсьліў загалоўкі
новае вязанкі‚
у трамвай‚ на Камароўку‚
у лес каля Сьляпянкі.
 
Там зялёныя ўзьвеі
б'юць паклон Радзіме;
там чакаюць два Сяргеі;
адзін Уладзімер...
 
Там суцішнае ёсьць месца
каля стромкай хвоі.
Слухаць будзе толька месяц‚
як ракой жывою
 
рыфмаў стройныя ўзьвівы
зазьвіняць па лесе.
Павядзе нас па абрывах
маладая песьня.
 
А нязломная шыпшына
воплескамі лісьцяў
супакоіць - не загінем‚
выйдзем‚ знойдзем выйсьце.
 
7
 
У тую ноч не адзін я прыйшоў.
Мо на шчасьце‚ а мо на бяду‚
я прывёў з сабой таварышоў -
недазволеных дум чараду.
 
Не давалі заснуць мне сябры‚
усё пыталі‚ чаму Беларусь
пяцікутнаю зоркай гарыць‚
не запаліць сваю зару.
 
Адказаць я ня мог ім тады
і за мною хадзілі яны.
Няўтомных сяброў сьляды
страціў я на дарогах вайны.
 
8
 
Трыццаць трэйці галодны год.
Трыста грамаў хлеба - паёк.
Падцягнула і мне жывот.
Торбы накрыж і ў рукі кіёк?
 
Дзе дзяваліся ўзьнёсласьць‚ імпэт?
Растапырыўшы ногі‚ як рак‚
ледзь ідзе да харчэўні студэнт‚
ня студэнт - запытальны знак.
 
9
 
Не прасіў дапамогі з дому‚
ведаў - сёстры й маці ў бядзе.
Самі чорствым давяцца комам‚
рады шчаўніку ды лебядзе.
 
Сашчаперылі ў роспачы рукі
і ня ведаюць‚ жыць‚ ці ня жыць;
употай ловяць таемныя гукі
аб ратунку з заходняй мяжы.
 
10
 
Я ня бачыўся доўга зь Нінай.
Да мяне завітала яна...
Працягнула галінку шыпшыны
і лагодна сказала - на!..
 
Каля сэрца насі заўсёды‚
гэта твой і мэдалік‚ і крыж.
Ты радзіўся ў час непагоды‚
непагоды баісься ці-ж?
 
Не давай заскарузець слову.
Слова праўды - ружанец і меч.
Словам можна здымаць галовы‚
але сэрцы ты ім не калеч.
 
Шмат цябе навучаць ня стану.
Прад табою шляхі і шляхі.
Беларусі крывавую рану
не загоіць прыблуда ліхі.
 
І пайшла‚ як прышла‚ ня ў дзьверы‚
не праз комін‚ дзе чад і дым...
Новым вершам на белай паперы‚
пачарнелі Музы сьляды.
 
11
 
З тэй пары сінязорныя вочы
павялі мяне цяжкай дарогай.
З камсамольскаю зграяю крочыць
я ня мог‚ не патрапіў у ногу.
 
Надрываліся выпаўзьні - левай!
Я наўмысьне‚ насуперак - правай.
У шэрым гмаху высочныя гневу
завялі на мяне справу...
 
12
 
Чалавек чалавеку зьвер.
Чалавек чалавеку брат.
Якой хочаш меркай зьмер‚
але гад застанецца гад.
 
Прайдзісьветы ўсюды ёсьць‚ -
беларускі народ не сьвяты‚ -
і Цыган Беларусу госьць...
Ці ня шмат у нас дабраты?
 
13
 
Зь ім я жыў пад аднэю стольлю.
Мы дзяліліся хлебам і сольлю.
 
Нас вязала агульная мэта:
як і я‚ ён цаляў у паэты.
 
Надзяваў ён кашулю маю
і пяяў - «Я ля раю стаю...»
 
Я напяльваў яго піджак‚
падпяваў - «Падарэцце пятак!»
 
Парным летам‚ суровай зімой
быў ён лепшы таварыш мой.
 
Эх‚ таварыш‚ таварыш Васіль‚
ты ў запазусе камень насіў.
 
14
 
Я ні слова пры спатканьні‚
а яна хоць бы паўслова.
Неяк сумна ў вочы глянем‚
ды апусьцяцца галовы.
 
Так і пойдзем‚ як чужыя‚
незнаёмыя ніколі.
Толькі сэрца ціха ные‚
толькі ў сэрца штосьці коле.
 
І ня сьпіцца: думы‚ мары.
Што цяпер ты робіш‚ дзе ты?
Сэрца слухаю ўдары‚
успамінамі сагрэты.
 
15
 
А сябра мой‚ таварыш першы‚ -
такім цяпер не назаву‚ -
закінуў лекцыі і вершы‚
пісаў даносы ў ГПУ.
 
Даруй яму‚ Божа‚ правіны:
кахалі мы адну дзяўчыну.
 
16
 
Мы спаткаліся зь ёй нечакана‚
маладосьць ня ўмее чакаць‚
гэтак толькі моцна закаханых
зводзіць лёгкая лёсу рука.
 
Да паўночы блукаў я ля дому‚ -
домік Ніны‚ забыты даўно! -
Нібы хтосьці яе павядоміў‚
паглядзела Ніна ў вакно.
 
Доўга мы па Нямізе гулялі‚
сагравалі нас ветры‚ мароз.
Як вастрогу праходзілі каля‚
ня стрымала Ніна сьлёз.
 
Не даходзіў я надта прычыны‚
думаў: сьлёзы - прываба жанчыны...
Пры растаньні ізноў залілася
і сказала: «Сьцеражыся‚ Вася...»
 
Эпілёг
 
У прасторнай сьветлай залі
джаз грымеў. Танцавалі вальс.
Слова мы зь ёй не сказалі‚
сэрцы шапталі за нас.
 
Трубы‚ іскрыпкі зьвінелі‚
вандраваў я не на зямлі...
І прыйшлі яны ў шынэлях‚
з ГПУ каты прыйшлі.
 
Лопнулі мары‚ як струны‚
меч каральны шчасьце расьцяў.
Першы ў жыцьці пацалунак‚
першая рана жыцьця...
 
1955 г.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.