РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Адказ «роднапартыйнаму» Пятрусю

Пятрусю Броўку ў вадказ       
на ягоны верш «Адшчапенец»


 
Не табе, сыну «партыі роднай»,
Нас, выгнанцаў імя ганьбаваць -
Беларусі ты камень надгробны
Памагаеш чужым майстраваць.
 
Ты дурманіш народ, ганіш Бога,
Праслаўляеш Прыгон і ману,
Абіваеш тырана парогі,
Панегірыкам знаеш цану.
 
Табе рай, а народу Галгофа,
На крамлёўскі сьпяшыш ты шабаш,
Там нячысьцік - партыйны прайдоха
Рабаўласьнік трымае кірмаш.
 
Мы - выгнаньнікі часу ліхога
Не парвалі з народам вязьмо,
Нам мілей вольнасьць сьвету чужога,
Чым маскоўскае дома ярмо.
 
Ты ня зьвягай, што мы прадаліся
Чужніку, так як ты... сьпіны гнём, -
Не табе зьведаць зорныя высі,
Што радзіўся на сьвет паўзуном.
 
Нашы сэрцы ня знаюць патолі,
У бязьдзейнасьці рук не кладзём,
Пакуль родзічаў глуміць няволя,
Пакуль прыйдзе чарга вольных дзён.
 
Цэлы сьвет мы ў сьветкі паклічам -
Ня мінуць вам страшны Нюрнбэрг! -
Наш народ сваіх вырадкаў зьліча,
Справядлівасьць, сьвятло возьме верх!
 
1964
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.