РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Каб не адставала сатыра
Таварышы і грамадзяне,
Што льга пра гумар вам сказаць?
Наша вялікае заданьне -
На узбраеньне яго ўзяць.
 
Клянуся Маркса барадою,
Што справа гумару ў нас - дрэнь.
Ніяк ня вылезьці з застою,
На жанр той лёг жахлівы цень.
 
Як вам вядома, ані Ленін,
Ні Маркс, ні Сталін, ні Брэжнёў,
У іх мізэрных уяўленьнях
Ня зналі гумару асноў.
 
Нам тэмы партыя дыктуе -
Які тут гумар, чорт вазьмі! -
Дык пісаніна так швынкуе,
Хоць залівайся ты слязьмі.
 
Людзей мы клічам у брахалкі,
Піхаем моладзь на той БАМ,
Ідэалогій перапалкі
Варушым спарахнелы хлам.
 
І «роднай партыі» капрызы
Мы славім на усе лады,
Гадуем стукачоў, падлізаў,
Каб спажываць жыцьця плады.
 
Мы ў шчапятлівым палажэньні,
Бо першы гумару аб'ект,
Што нараджаецца ў натхненьні, -
Сыты партыйны дармаед.
 
Каб напляваць у яго рыла,
Прызнацца, аж пяро сьвярбіць,
Ды ведаеш - табе магіла,
Адно спрабуй яго ўквяліць.
 
Буржуй партыйны сеў на плечы,
І цісьне душыць, хоць стагні.
Народ пакутуе ў галечы,
І злосьці ты не спагані.
 
Сябры мае, дальбог, я веру,
Што сам наш Торба-пілязоп
Згнаіў-бы цэлы воз паперы,
Нічога напісаць ня змог.
 
Ніякіх «подзьвігаў» ня бачу
На сатырычным палатне:
Цівун цэнзурны нас дубасіць,
А дырэктыва джалам тне.
 
Нам воля трэ', каб ад сатыры
Зьмікіціўся ўсялякі бес,
І каб партыйны той прыдзіра
Табе на карак ня узьлез.
 
Тады маскоўскія ўсе рылы
Загналі-б мы ў казіны рог,
Была-б і партыі магіла,
Народ аджыў-бы, далібог!
 
1980
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.