РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Эх, быў-бы я сокал!
Эх быў-бы я сокал з магутным крылом,
Над роднай старонкай кружыў-бы кругом,
Праз хмары й туманы стралой бы мільгаў,
На родныя нівы звысока зіркаў.
 
І крыламі-б мераў бязьмежны прастор
Над лесам, раўнінай, вяршынямі гор,
Агледзіў-бы памяткі роднай зямлі,
Дзе прадзеды нашы адвеку жылі.
 
Дзе творчыя рукі крывіцкіх плямён,
Набраўшы ў змаганьні і моц і разгон,
Выкоўвалі долю й шчасьце сабе
У доўгай, цярплівай, цяжкой барацьбе.
 
Дзе слаўна мінуўшчына роднай зямлі
Узмацоўвала рух, каласіла палі,
Дзе войны й няшчасьці цярпеў наш народ,
Каб зь песьняй дзён новых сустрэць карагод.
 
Дзе рух адраджэнскі як рунь узрастаў,
Вучыў нас змагацца, адвагу даваў,
Аж той, што вякамі нёс краю прымус,
Пазнаў, што на сьвеце жыве беларус.
 
Эх, быў-бы я сокал з магутным крылом,
Над роднай старонкай кружыў бы кругом,
І позірк шырокі вакол-бы кідаў,
І шчасьцем, і воляй дзікой уладаў.
 
19.III.1943.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.