 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Шчасьлівыя спатканьні З табой пад вязам ветлівым, I частыя блуканьні На полі жоўтацьветлівым. I белыя рамонкі, I васількі блакітныя, I нашыя гамонкі – Дагэтуль незабытныя. Убачыць давялося У жыце жмут завязаны Зялёнага калосься, У якім закляцьце сказана. Я засьцярог: – Заломы Ня руш, мая каханая! У вузялку саломы – Бяда зачараваная. Але-ж прайшла навала, I сіла чараў згінула. Ты каласы сарвала, Мне ў твар задорна кінула. «Ня веру казкам гэтым!» – Сказала ты з усьмешкаю, I ў ростані з паэтам Пайшла самотнай сьцежкаю. Было, здаецца, ціха... А ня мінула й месяца – Ідзе з вайною ліха, Ў крыві падзеі месяцца. На горад і на вёску Цяжкое гора падае. I дзень, як сьвечка з воску, Гарыць і нас ня радуе. Спакою мы ня бачым – Спазналіся з пакутаю. А ты жыцьцём сабачым Без ланцуга закутая. Чужынцы з ласкай лезьлі, Твой двор стаяў засьмечаны. Цябе пасьля завезьлі Ў разваліны Нямеччыны. Лажыцца зморай праца На рукі загрубелыя. Табе рамонкі сьняцца – Радзімы краскі белыя. Калісьці пела ў полі, Вясной закалыханая. Ня думала ніколі, Што будзеш ты выгнаная, Бяз долі і бяз хаты I пад прынукай ворага. Ці помніш колас кляты? Ты заплаціла дорага! Хай зло не ад залому, Хай выпадкова сталася. Цяпер, калі ня ў дому – Ўсё роднае згадалася. Згадаліся ў пашане: Наш край, вайной абкрадзены, I шчырае каханьне, I звычай нашых прадзедаў.
1944
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|