РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Памяці Шаўчэнкі
Ад гасьцінца да гасьцінца,
      Ад хаты да хаты
Зьвініць кобза украінцам
      Аб вялікім сьвяту:
 
Уся чыста галасіста
      Ўкрайна маладая
Свайго «бацьку»-кабзарыста
      Важна ўспамінае.
 
Эй, бо песьня кабзарыста
      Ад краю да краю
Плыве вольна-расхадзіста,
      Перашкод ня знае!
 
Сам ён многа меў нядолі,
      Крыўды, паніжэньня,
Ды ня здрадзіў жа ён волі,
      Волі і сумленьня.
 
Дух збудзіў свайму народу
      Сваім гучным словам,
Навучыў любіць свабоду,
      Родны край і мову.
 
Яго «бацькам» ахрысьціла
      Памятна Украйна.
Эх! і нам будзь бацькам мілым,
      Украінча слаўны!
 
Плывучы ўдаль, твая песьня,
      Гасьцінцам ня вузкім,
Знайшла водгалас пачэсьне
      Ў сэрцы беларускім.
 
1909
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.