РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Зь песень аб вясьне
I зелень, і кветкі, і песьні,
I неба вясёлая яснасьць...
Ні цьмы той, ні сьнегавай плесьні, –
Дзе глянеш – адна, братка, шчаснасьць!
 
Сьвет цэлы зіяе каберцам,
Шум нейкі ад пушчаў нясецца,
З грудзей як ня выскача сэрца,
Душа кудысь рвецца... ўсё рвецца...
 
Прачнуліся нівы і хаты:
Ўся ў полі людская сямейка,
За сошкай шнуруе араты,
Ля статка іграе жалейка;
 
Зь сяўнёю сявец пахаджае,
На скібіны валіцца зерне;
Знаць, сіла ў сяўца немалая...
Захоча – і сьвет пераверне!
 
Гэй, гэй, хлебаробе мазольны,
Пан сошкі, і коскі, і поля!
Кінь выгляд сьлязьлівы, нявольны;
Ў тваіх руках слава і доля!
 
1909
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.