I зелень, і кветкі, і песьні, I неба вясёлая яснасьць... Ні цьмы той, ні сьнегавай плесьні, – Дзе глянеш – адна, братка, шчаснасьць! Сьвет цэлы зіяе каберцам, Шум нейкі ад пушчаў нясецца, З грудзей як ня выскача сэрца, Душа кудысь рвецца... ўсё рвецца... Прачнуліся нівы і хаты: Ўся ў полі людская сямейка, За сошкай шнуруе араты, Ля статка іграе жалейка; Зь сяўнёю сявец пахаджае, На скібіны валіцца зерне; Знаць, сіла ў сяўца немалая... Захоча – і сьвет пераверне! Гэй, гэй, хлебаробе мазольны, Пан сошкі, і коскі, і поля! Кінь выгляд сьлязьлівы, нявольны; Ў тваіх руках слава і доля!
1909
|
|