РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заклятая кветка
Чуць толькі Купальскае сьвята
Набліжыцца з ночкай сваей,
Як папараць-кветкай заклятай
Чаруе няшчасных людзей...
 
З надзеяй, і верай, і сілай
Зусюль, куды б дзе ні зірнуць,
Праз высі, даліны, магілы
Па кветку бягуць і бягуць!
 
...Сава пяе песьню разлукі,
Лапоча крыламі кажан, –
Мільённыя цягнуцца рукі,
Дзе дрэмле купальскі курган.
 
Тых радасьцю вочы сьмяюцца,
Тым зрэнкі крывёй заліло;
Піхаюцца, корчацца, б'юцца,
Мяшаецца праўда і зло.
 
Пачнуцца галінкі хіліцца,
Шасьцяць верасы пад нагой.
Туж-туж ужо кветку схапіці!
Сьцікаецца гэты і той –
 
Тыц – стой!.. Глядзяць зорніцы-сьведкі,
Пявун адгукнуўся ў сяле –
Ні ночкі Купальскай, ні кветкі!
Усё затаілася ў мгле...
 
Залыпалі блудныя вочы,
Мільёны уздохаў ляціць.
Сава не заціхне – рагоча,
Крыламі кажан шапаціць...
 
Сьлед костачкі сьцелюць – услалі,
Здаецца, ўжо час аддыхнуць,
Надойдзе ж хай толькі Купальле, –
Мільёны па кветку бягуць!..
 
1909
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.