Зоркі ня ўбачыш, імгла непрыхільная Сьвет спавіла непрагляднаю сеткай; Вецер ня мрэ і, як зданьне магільнае, Носіцца грозна па пушчах, палетках. Лес расхадзіўся, па шумы сусьветныя Б’юць у тахт віхравы кожнай галінай, Стогнуць дубы і бярозы сталетнія, Хрыпла скрыпяць і трасуцца асіны. ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ Злыбедаў стогны і цьмы неспажытыя Жудаснай дзікасьці поўны бязь меры. Як жа салодзіце думкі разьбітыя, Сэрца з разьбітай надзеяй і верай! Годзе, душа маладая, пакутаваць, Шляхам заломным снаваць бескарысна, – Страшна загадкі усябыту расплутываць, Выхад з туманаў знаходзіць разблысны: К сонцу і зорам жыцьцё тваё рвалася, Віхры і ночы на бой выклікала... Згасла ўсё лепшае, загасла, зламалася, – Далей змагацца сілы ня стала. Будзь жа збаўленьнем, пятля канапляная! Вырыхтуй сук свой, асіна-ласуха: Хутка збагацісься ў плоднасьць нязнаную, Слаўнаю станеш – толькі паслухай! Ты не марудзь там, пакутнік аплучаны: Жыва вяроўку – раз, два і гатова! Сьмела сунь шыю!.. Ну, вось і разлучаны З гэтай зямлёю, з пуцінай цярнёвай. ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ Вырылі яму жалезнай лапатаю, Вырылі паміж крыжовых дарогаў, Кінулі цела – эй, цела праклятае – Без пасьвячэньня, бяз модлаў, з трывогай. Зводна пайшлі толькі ўздохі пустынныя; Быў чалавек – і няма чалавека: Згінуў ня то ўжо зусім каб скацінаю – Так сабе ўрэзаў трацініну века. ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ Сотні раз хмарамі неба ўзгамоніцца, Сотні раз ніву спалошча, абсуша, – Памяць аб вісельным век не затопіцца, Будзе пужаці трусьлівыя душы. З году да году у сьвята дзядовае Хрыпла скрыпяць і трасуцца асіны. Песьню вятрыска пяе паграбовую... Вісельнік блудзіць паўночнай часінай...
1909
|
|